Вы́секаць ’высмаркаць нос’ (Янк. II, Бір. дыс., Шатал., брэсц., пін., З нар. сл.), вы́снекаць, вы́снякаць ’тс’ (Бір. дыс., Сцяц.). Укр. ви́сякати ’тс’, сяка́ти ’фыркаць, смаркацца’, рус. исся́кнуть ’вычарпацца’, польск. siąkać, siąknąć, sięknąć ’канчацца, вычэрпвацца; смаркацца’, в.-луж. sakać, saknyć ’высыхаць, вычэрпвацца’, чэш. sáknouti ’сачыцца, мачыць’, славац. siakať, siaknuť ’фыркаць, смаркацца’, серб.-харв. пресѐкати, ‑ка̑м ’вычарпаць’, балг. сѐквам, се́кна ’вычэрпваюся’. Прасл. *sęknǫti роднаснае слав. *sǫčiti, ц.-слав. исѫчити (гл. сучы́ць) (Фасмер, 3, 826). У іншых і.-е. мовах роднаснымі з’яўляюцца літ. senkù, sékti ’апускацца’, seklùs ’мелкі’, лат. sîkt, sīkstu, sîku ’засыхаць’, ст.-інд. ásakrak ’невычэрпны’, ст.-англ. sîhte ’балоцісты’ (з *siηhti), ірл. sesc ’сухі, бясплодны; той, які не дае малака’, кімр. hysp ’сухі’ (Траўтман, 256). Іначай–Махэк₂ (536), які звязвае таксама са слав. sokъ. Беларускія формы з ‑н‑, відавочна, пад уплывам польскіх назалізаваных форм з наступнай метатэзай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вяча́й ’дзірка ў верхнім камені жорнаў, куды засыпаюць збожжа’ (Інстр. III, Шатал., З нар. сл.), вечэя́ (Тарн.), вечай (Сцяшк. МГ). Рус. вечея (СРНГ, пск.; дзве іншых фіксацыі без лакалізацыі). Слова вядома на вузкай тэрыторыі (захад рускай і беларускай моўных зон). Рус. вечея < ячея яшчэ ў Даля. Беларускія формы адпаведна ячай (Сцяшк., МГ, Мат. АС), ячэя (Тарн.). В не прыназоўнік , як дапускаў Бернекер, а пратэза; параўн. дублеты: ветроўка/ятроўка (КСТ), вехо/эхо (КСТ), вікона/ікона (Янк. I), ветаж < этаж (Жд., 2). Незразумела нечея (Сцяшк. МГ), відавочна, выпадковая форма н + j. Прымаючы пад увагу бічай ’круглая дзірка ў верхнім камені ручных жорнаў’ (Касп.), не выключана ўзаемадзеянне з бічайка (гл.). Да гэтага параўн. у Даля обечайка ’ячэя, ячэйка, вочка невада’; параўн. яшчэ ячэя/вечэя/очэя (Тарн.), дзе апошняя форма паказвае на збліжэнне з око ’вока’. Гл. дадаткова літаратуру пад вечай і ячай.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жалапа́ць ’піць’ (Сцяц.), жолопа́ты ’жэрці, жаваць’ (Клім.), жалуба́ць ’есці’ (чэрв., Жд. 2; жлоб., Жыв. сл., 115), ’піць’ (маладз., Янк. Мат., 98; вілейс., Нар. сл., 139). Рус. прыбалт. желуба́ть ’есці (пра жывёл)’ (< бел.?), укр. желіпа́ти ’марудна есці’, жолопа́ти ’жэрці’, польск. żłopać ’піць многа (пра жывёл, пагардліва пра людзей)’, дыял. żłepać, памор. žlepa ’тс’, славен. žlę́bati ’многа піць’; параўн. балг. жлѐвя ’жаваць’. Літ. žliaũbti ’жэрці, уплятаць’, лат. žļebinȃt ’жаваць’. Калі рэканструяваць прасл. *želp‑ або *želb‑, трэба лічыцца з тым, што літ., а магчыма, і лат. словы запазычаны са слав. (польск., памор.). І.‑е. асновай для адзначанай прасл. рэканструкцыі магло б быць *gel‑, g​el‑ ’глытаць’ (Покарны, 1, 365) з лабіяльным пашырэннем: *gelb‑. Параўн. швед. дыял. kulp ’глыток’. Гл. яшчэ глытаць, жалапацца, жлокаць. Меркаванні пра запазычанне жалубаць з літ. (Лаўчутэ, Сл. балт., 109) патрабуюць дадатковай фанетычнай і семантычнай аргументацыі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жмі́нда ’скнара’ (ТСБМ), жмы́нда (Касп.), жмы́ндала (мядз., Нар. сл., 67) ’той, хто плявузгае’, жмі́нда ’скнара’, ’пляткар’ (бялын., Янк. Мат., 23), жмі́нда ’той, хто бурчыць’ (лях., Янк. Мат., 123). Укр. жмі́нда ’скнара’ (Жэлях.), польск. żminda ’нудны, скупы чалавек’. Параўн. яшчэ рус. жми́нда, польск. żminda, чэш. žminda, в.-луж. žminda ’расліна лебяда (Chenopodium L. foliosum, Blitum)’ (па Махэку₂, 730, в.-луж. < чэш. < польск. < ням. Schminkelbeere. Фасмер (2, 59) абвяргае апошняе, бо слова ў ням. позняе, і спасылаецца адносна ўтварэння яго на Вондрак, Vergl. Gr., 1, 601. Міклашыч (408), Гараеў (111) звязвалі з žьm‑ > жаць2). Сувязь назвы нуднага, плявузгаючага, скупога чалавека з раслінай няпэўная. Слова жмінда ўтворана з дзеяслова *жміндаць бязафіксным спосабам, а жмындала — з дапамогай суфікса ‑ла (як калупала, жаніла і г. д., Сцяцко, Афікс. наз., 48–49). Адсутнасць у запісах значэння дзеяслова ’скнарнічаць’ магчыма растлумачыць дэфектнасцю нашых ведаў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Жураві́на, журавіны ’ягада Oxycoccus’ (ТСБМ), жураўлі́ны (Сл. паўн.-зах.; гродз., Нар. лекс., 42, 158), журахлэны (камян., Бел. мова і літ. у ВНУ, 1971, с. 203). Рус. дыял. журави́на, журави́ны, журави́ка, журавли́на, укр. журави́на, журавли́на, польск. żurawina, żurachwina, памор. žuraina, žurainə ’тс’, н.-луж. žorawina, žorawa ’журавіна’. Ст.-рус. журавина ’тс’. Лат. dzērvene ’журавіны’. Параўн. англ. cran berry ’тс’, ням. дыял. Kronsbeere, Kranzbeere (пры англ. crane, ням. Kranich ’журавель’). Янкоўскі (Бел. мова₃, 230–231) тлумачыць журавіны як ягады на імшыстых балотах, дзе вадзіліся журавы, жураўліныя ягады, з чым трэба згадзіцца. Фасмер, 2, 67; Брукнер, 666. Слова мае паўн.-слав. характар. Памор. знач. žuraina ’шчаўе’ ўказвае на разуменне слова ў сувязі са смакам і са словам žur ’жур’ і ’шчаўе’. Параўн. яшчэ чэш. žíravina (< žuravina) ’едкі матэрыял’. Аб невыключанасці такой версіі гл. Супрун, Бюлетин за съпост. изследване…, 1976, 5, 78–79.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кало́дзіца, колодыця ’калодка ў коле’ (малар., Нар. словатв.), колодіца ’тс’ (лун., Шатал.), колодзіца ’тс’ (ТС). З адпаведнай суфіксацыяй адзначаецца яшчэ і ўкр. колодиця ’тс’ (таксама і ўсх.-палос.); рус. гаворкі ведаюць такую структуру, аднак значэнне слова іншае (’пастка для звяроў’). Сувязь утварэння з калода1 відавочная, аднак матывацыя не вельмі ясная, паколькі іншыя тэрміны для гэтай рэаліі маюць розную матывацыю. Тут і бел. трубка, што дазваляе меркаваць аб адпаведнай семантыцы і для колодіца ’выдзеўбаны абрубак’, ’калонка’, параўн. да гэтага калода ’трубка палатна’, ’сцябло’ і інш. Не выключана таксама, што першаснае значэнне ’аснова’, ’галоўная частка’ (як у назве тыпу ўкр. маточина, рус. матица). Яшчэ адзін варыянт тлумачэння — суаднясенне з калода як назвай ёмістасці (выдзеўбанай пасудзіне або проста паводле формы?), параўн. палес. кадушка ’тс’, рус. ступица ’тс’, таксама і ў назвах вулля: рус. дыял. колода, ступка, кадочка. Статус разглядаемага слова: рэгіянальная (заходне-палеская?) інавацыя.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Калі́б умоўны злучнік (паўн., КЭС; Нас., Рад., Сержп. Грам.), кылі́п ’каб’ (чавус., Нар. сл.). Карскі адзначаў і ст.-бел. кыліб. Як злучэнне ёсць адпаведнае ўкр. коли‑б(же). У рус. гаворках зах.-бран. кали б (фактычна беларускае, у Растаргуева), Даль адзначыў коли‑бы, да якога Бадуэн дэ Куртэнэ дадае яшчэ коли‑ба, кыли‑б (апошняе — смал.). СРНГ падае яшчэ з архіўных матэрыялаў Сразнеўскага смал. колиб, падпарадкавальны злучнік. Гэты факт разам з бел. кыліп дазваляе меркаваць аб лакальнай семантычнай інавацыі ў магілёўскіх і смаленскіх гаворках. Прыведзеныя матэрыялы даюць магчымасць рэканструяваць усх.-слав. структуры коли‑б. Што датычыць рус. коли‑бы, коли‑ба, не вельмі ясна, ці сапраўды гэтыя формы дазваляюць рэканструкцыю архетыпа коли‑бы (такую праформу дае ESSJ SG, 2, 360). Архетып koli‑by прапанаваны як больш архаічны (‑by, аснова аорыста, < byti), аднак, зыходзячы з фактычнага матэрыялу, не выключана, што старыя формы з’яўляюцца рэгіяналізмамі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ля́мант ’адчайны, немы крык, кліч на дапамогу’, ’працяглы моцны крык, плач’ (ТСБМ, Гарэц., Др.-Падб., Яруш.), ле́мент ’прарэзлівы крык, галашэнне’ (Некр., ТС; мазыр., Шн. 2), ст.-бел. ляментъ (XVII ст.), запазычанае са ст.-польск. lament ’моцны плач, звычайна са скаргай, шкадаваннем, цярпеннем, нараканнем’ (Булыка, Лекс. запазыч., 136), якое з лац. lāmentum ’галосная скарга, шкадаванне і галашэнне’ (Слаўскі, 4, 38). Сюды ж лямантава́ць, лямантава́цца, лемантава́ць, лементоваць, лымынтува́тэ ’моцна і працягла крычаць, сварыцца’, ’галасіць, плакаць гучна, нудна’, ’прарэзліва галасіць’, ’крычаць ад болю’ (ТСБМ, Жд. 1, Шат., Гарэц., Др.-Падб., Некр., ТС; драг., КЭС; міёр., Нар. лекс.; шчуч., маст., Сл. ПЗБ), лемантава́ць ’абцяжарваць, ускладняць, ламаць’ (Нас.), ст.-бел. ляментовати ’лямантаваць’ (пач. XVII ст.), запазычанае са ст.-польск. lamentować ’тс’ і ст.-бел. ляментацыя ’плач, элегія’ (XVII ст.), якое са ст.-польск. lamentacyja ’тс’ < лац. lāmentātiō ’жаласнае нараканне, енкі’ (Булыка, там жа; Слаўскі, 4, 38).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Малоць, моло́тэ, муло́ты ’раздрабняць, размолваць зерне ці што-небудзь іншае’, ’церці, раздрабняць мак, мяса’, ’балбатаць’, ’ілгаць’ (ТСБМ, Шат., Бяльк., Яруш., Сцяшк., Сл. ПЗБ; Совещ. ОЛА (Гомель, 270)), міёр. ’хутка есці’ (Нар. лекс.). Укр. моло́ти, рус. моло́ть, польск. mleć, н.-луж. mlaś, в.-луж. mlěć, чэш. mlíti, славац. mlieť, славен. mléti, серб.-харв. мле̏ти ’размінаць, давіць’, ’пэцкаць’, ’малоць’, макед. меле, балг. ме́ля, ст.-слав. млѣти. Прасл. melti ’расціраць зерне рукамі на камені’ роднаснае да літ. málti, лат. mal̃t, літ. malū̃nas, ст.-прус. malunis ’млын’, літ. mìltai, лат. milti, ст.-прус. meltan ’мука’; лац. molere, гоц., ст.-в.-ням., ст.-н.-ням. malan, ст.-ірл. meltim ’мялю’, ст.-грэч. μυλών ’млын’, μύλλω, арм. malem ’таўку, расціраю’, хецк. malanzi ’раздрабняюць’, алб. mieli ’мука’ (Міклашыч, 186; Бернекер, 2, 35; Траўтман, 168; Фасмер, 2, 597; Фрэнкель, 403; Махэк₂, 368–369; Скок, 2, 444; Бязлай, 2, 189).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Масці́ць ’рабіць насціл з дошак, бярвенняў (у мосце, падлозе)’, ’старанна ўкладваць, высцілаць’, ’брукаваць’, ’слаць пасцель’, ’рабіць сядзенне ў возе’, ’віць гняздо’ (ТСБМ, Нас., Шат., Касп., Мат. Гом.; КЭС, лаг.), ’рабіць кладку’ (брасл., Сл. ПЗБ), ’рабіць падлогу з грунту (дзёрну, пяску)’ (ТС); масці́цца ’падсядаць’ (Шат., Нас.), ’ладзіцца, рыхтавацца’ (КЭС, лаг.), ’заляцацца’ (ігн., Сл. ПЗБ); масці́шча ’памост’ (красл., Сл. ПЗБ), масці́шчэ ’балотца за дварамі, да якога вялі масты праз ручай’ (Янк. 2), масці́шча, машчы́шча, маставі́шча, мастоўе ’места, дзе быў мост і грэбля’ (слаўг., Яшк.). Укр. мостити(ся), мостище, рус. мостить(ся) ’тс’, ст.-рус. мостити ’насцілаць мост, рабіць гаць, падлогу’, мостище ’месца, дзе быў мост ці гаць’. Да прасл. mostiti. Гл. мост.

*Масці́ць2, драг. умостэ́тэ, намостэ́тэ ў бо́ке ’накласці грымакоў, адлупцаваць, старанна біць’ (КЭС), мостыты ’знеслаўляць’ (З нар. сл.). Народная этымалогія злучае з масціць, аднак параўн. ст.-грэч. μαστίω ’біць хвастом аб свае бакі’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)