КАНЧЭ́ЎСКІ (Арсен Уладзіміравіч) (парт.псеўд.В.Камінскі, Уладак; 5.9.1901, Вільня — 31.8.1931),
дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. Брат І.У.Канчэўскага. У 1919 у Наркамаце асветы Літ.-Бел. ССР, Віленскім губхарчкоме. Адзін са стваральнікаў і кіраўнікоў Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі. З 1923 чл.ЦККПЗБ. У 1924 арыштаваны польскімі ўладамі і засуджаны на 4 гады турмы. На I з’ездзе КПЗБ (1928) завочна выбраны канд. у чл.ЦК, пасля вызвалення з турмы (ліст. 1928) кааптаваны ў чл.ЦК, з кастр. 1929 чл. Бюро ЦККПЗБ. Накіроўваў дзейнасць арг-цый «Змагання», Гал. управы Таварыства беларускай школы і іх легальных выданняў. Трагічна загінуў у Чорным моры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРАГО́Д, танок,
масавая нар. гульня, найб. пашыраная састараж. часоў да пач. 20 ст. ў слав. народаў, у т. л. на Беларусі. Уключае танец, хар. спевы і элементы драм. дзеяння; драм. і танц. сцэны часцей за ўсё ілюструюць змест песні. К. бываюць адкрытыя і закрытыя, падвойныя і адзінарныя, павольныя і хуткія з прытанцоўваннем; іх удзельнікі трымаюцца за рукі, часам за рагі хустак. У бел. летапісах згадваюцца з 11 ст.Асн. сюжэты К. — выбар маладога і маладой, праводзіны ў войска, падзеі сямейнага жыцця і інш. У наш час на Беларусі карагодныя песні і танец звычайна выконваюцца прафес. і самадз.маст. калектывамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРА́ЛАВЫЯ ПАЛІ́ПЫ (Anthozoa),
клас беспазваночных марскіх жывёл тыпу кішачнаполасцевых. Пашыраны ва ўсіх морах з дастаткова высокай салёнасцю. Пераважна каланіяльныя арганізмы. Вядомы з кембрыю. На Беларусі выяўлены з ардовіку 4 групы выкапнёвых К.п.: абуляты, 4- і 8-прамянёвыя каралы, геліялітыды. Сучасных К.п. 2 падкл., 8 атр., каля 6 тыс. відаў.
Даўж. асобін ад некалькіх міліметраў да 1 м. Цела звычайна цыліндрычнае, пабудавана паводле радыяльнага тыпу сіметрыі. Многія К.п. маюць вапнавы або рагавы шкілет. Размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне). Са шкілетаў К.п. складаюцца каралавыя рыфы і арганагенныя пабудовы, вырабляюць упрыгожанні.
сінтэтычныя каўчукі, макрамалекулы якіх маюць карбаксільныя групы (—COOH).
Аморфныя, не крышталізуюцца пры расцяжэнні, шчыльн. 930—970 кг/м³ (у залежнасці ад саставу). Атрымліваюць эмульсійнай супалімерызацыяй ізапрэну ці бутадыену (або яго сумесей са стыролам, α-метылстыролам і інш.) з ненасычанымі карбонавымі к-тамі, пераважна метакрылавай кіслатой (1—5%). Здольныя вулканізавацца (з-за наяўнасці COOH-груп) аксідамі і гідраксідамі двухвалентных металаў (напр., цынку, магнію). Гума з К.к. вызначаецца высокімі супраціўленнем разрастанню трэшчын пры шматразовых выгібах, цепла- і зносаўстойлівасцю, устойлівасцю да цеплавога старэння. Выкарыстоўваюць для вырабу шыннага пратэктара, велакамер, нізу гумавага абутку, у якасці заменніка натуральнай скуры (у кампазіцыі з полівінілавым спіртам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРПА́Н (Аляксандр Фёдаравіч) (н. 6.11.1953, г. Стараканстанцінаў Хмяльніцкай вобл., Украіна),
бел. мастак; прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1979), выкладае ў ім (з 1983). Творчасці ўласцівы дакладная распрацоўка кампазіцыі, выразная рытмічнасць, каларыстычная гармонія, вытанчанасць і пластычнасць жывапіснай формы. Працуе ў жанрах нацюрморта («Кветка папараці», 1983; «Нацюрморт з фіялкамі», 1986; «Старыя самавары», нізка «Кветкі», усе 1988; «Нацюрморт з самаварам», 1989; «Шкло і вінаград», 1990; «Вэнджаная рыба», 1993; «Памяці Вівальдзі», 1995; «Нацюрморт з дыняй», 1997), партрэта («Маці», 1981; «Юнацтва», 1987), пейзажа («Сілуэты Нінбурга», 1988; «Пейзаж са старой царквой», 1990; «Элегія», 1992; «Пачатак зімы», 1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯКО́Ў (Аляксей Мікалаевіч) (28.3.1887, г. Серпухаў Маскоўскай вобл. — 30.8.1957),
расійскі вучоны ў галіне меліярацыі. Чл.-кар.АНСССР (1933). Акад. УАСГНІЛ (1935). Скончыў Маскоўскі с.-г.ін-т (1912). У 1912—19 арганізаваў першыя ў Расіі доследна-меліярацыйныя даследаванні. Заснавальнік і ў 1923—29 дырэктар Ін-та с.-г. меліярацыі, з 1930 у Маскоўскім ін-це інжынераў воднай гаспадаркі. Навук. працы па арашэнні і тэхніцы паліву с.-г. культур, барацьбе са стратамі вады, метадах планавання, праектавання і буд-вамеліярац. сістэм і інш.Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЯЛКО́ЎСКІ ((Kościołkowski) Станіслаў Юльян) (24.10.1881, г. Гродна — 2.9.1960),
польскі гісторык. Праф. (1927). Скончыў гімназію ў Гродне (1900), Ягелонскі ун-т у Кракаве са ступенню д-ра філасофіі (1905). З 1906 выкладаў у гімназіях Вільні, з 1921 узначальваў кафедру гісторыі Польшчы ў Віленскім ун-це. Адзін з заснавальнікаў Т-ва сяброў навук у Вільні (1907), з 1938 яго старшыня. У 1941 арыштаваны і высланы ў Сібір. У жн. 1942 вызвалены, выехаў у Тэгеран, потым у Бейрут. З 1950 у Англіі. Адзін з кіраўнікоў польск. эмігранцкай арг-цыі «Акадэмічная грамадскасць Універсітэта Стафана Баторыя». Аўтар манаграфіі «Антоній Тызенгаўз, надворны падскарбі літоўскі» (т. 1—2, 1970—71).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕМЕ́ЛІШКАЎСКІ КАСЦЁЛ НАРАДЖЭ́ННЯ ДЗЕ́ВЫ МАРЫ́І,
помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваны ў 1900 у в. Кемелішкі Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. на месцы драўлянага касцёла, узведзенага ў 1781. Спалучае рысы стыляў мадэрн, неакласіцызму і несапраўднай готыкі. Храм крыжовы ў плане, 6-слуповы, зальнага тыпу з 5-граннай алтарнай апсідай, да якой з Пн прымыкае сакрысція. Гал. фасад завершаны дзвюма 2-яруснымі вежамі (васьмярык на чацверыку), накрытымі спічастымі шатрамі (кожны мае 4 дэкар. франтончыкі са шпілем). Гал. ўваход вылучаны 4-слуповым ганкам. Франтоны тарцоў трансепта завершаны невял. чацверыковымі шатровымі вежачкамі. Побач з касцёлам 3-ярусная чацверыковая званіца з шатровым дахам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРЭ́СІВА, красала,
металічная прылада для высякання агню з крэменю. Бытавала з эпохі жал. веку. Найб. старажытнае К. на тэр. Беларусі датуецца 2—5 ст. Паводле формы вылучаюць абаранкападобнае, 2-лязовае авальнае, 2-лязовае прамавугольнае, санкападобнае, у выглядзе прамавугольнай пласцінкі з адагнутымі ўгару канцамі і інш. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (маса з вываранага і высушанага дрэвавага грыба накшталт ваты). Крэмень, К. і цэру насілі звычайна ў магалайцы — скураным мяшэчку каля пояса з левага боку. Са з’яўленнем у 19 ст. запалак бытаванне К. заняпала спачатку ў горадзе, а потым і ў вёсцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДЗІ́НАЎ (Уладзімір Георгіевіч) (27.5.1935, г. Бранск, Расія — 21.8.1990),
бел. пісьменнік. Скончыў Маскоўскі горны ін-т (1958). У 1967—90 працаваў у час. «Неман». Друкаваўся з 1961. Пісаў на рус. мове. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў «Раздзяленне радасці» (1968), «Прадчуванне перамен» (1972), «Сполахі» (1978), у якіх свет прыроды знітаваны са светам чалавечых адносін. Шмат пісаў пра бел. вёску. У аповесці «Альхавацкая гісторыя» (1979) маральныя праблемы, звязаныя з выхаваннем моладзі. Пісаў нарысы. На рус. мову пераклаў раман І.Пташнікава «Мсціжы» (1977), асобныя творы В.Адамчыка, В.Карамазава, А.Карпюка, П.Місько, А.Савіцкага і інш.