Пакга́уз ’склад для захоўвання грузаў пры чыгуначных станцыях, партах і пад.’ (ТСБМ). Праз рус. пакга́уз ’тс’ (параўн. Крукоўскі, Уплыў, 78) з ням. Packhaus (Фасмер, 3, 188).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Крыксу́н ’крыкун (пра дзіця)’ (Юрч., Яўс., З нар. сл., КЭС, лаг., Жд. 3, Мат. Маг., Сцяшк.). Утварэнне на ‑ун пад уплывам крыкун. Да крыкса2 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Варо́хаць, варо́хацца ’варушыцца з шумам; варочаць (сена і да т. п.)’ (Нас., Гарэц., Др.-Падб.). Адносіцца да вялікай сям’і слоў (прасл. *vorx‑), разгледжаных пад варушыць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Каранты́ш ’чалавек невысокага росту’ (Нас., Касп., КЭС, лаг.; ТСБМ), да каратыш (гл.) з экспрэсіўнай назалізацыяй. Магчыма, пад уплывам карандаш ’аловак’ (параўн. карандаш ’малое дзіця’ (Жд. 3).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трэп ‘дарога, сцежка’: адным трэпам ходзіць (Вушац. сл.). Відавочна, варыянт да троп (гл.) з дыялектным чаргаваннем о > э ў аснове пад націскам, параўн. Карскі 1, 104.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.

2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.

3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.

4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

перакрэ́сліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што.

1. Правесці ад краю і да краю чаго‑н. рысу, лінію або дзве перакрыжаваныя рысы, лініі. Над лесам маланка перакрэсліла неба, і данесліся першыя раскаты грому. Гроднеў. [Страла] наўскасяк перакрэсліла неба і схавалася амаль у самым зеніце. Гамолка. // Перасячы што‑н. у розных напрамках (пра маршчыны, шрамы і пад.). Глыбокія зморшчкі перакрэслілі твар, вочы выцвілі. Чарнышэвіч.

2. Закрэсліць поўнасцю, цалкам (пра напісанае, намаляванае і пад.). Перакрэсліць стары план і скласці новы. □ Перакрэсліў Уладзімір.. свой нарыс пра каханне і пад посвіст бомб напісаў рэпартаж аб навуцы нянавісці. «Звязда». // Закрэсліць што‑н. у многіх месцах; скрэсліць. // перан. Перастаць браць што‑н. пад увагу, надаваць чаму‑н. значэнне; адкінуць, звесці на нішто. Не верылася Ізе, што паміж імі ўсё скончана. «Ці ж можна так, адным махам, перакрэсліць былое? Забыцца на ўсё светлае, перажытае разам?» Пальчэўскі. [Салагуб:] — Я веру, Максім, што з табой здарылася прыкрая рэч, што арышт перакрэсліў твае спадзяванні і мары. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тану́ць, тану, тонеш, тоне; незак.

1. Апускацца пад ваду на дно пад дзеяннем сілы цяжару. Жалеза тоне. Дрэва не тоне. □ Паведамлялася, што эсмінец вядзе бой з варожымі самалётамі, што эсмінец пашкоджаны і тоне. Кулакоўскі. // Гінуць, паміраць, ідучы на дно. «Нехта тоне, — здагадаўся Валодзька. — Трэба хутчэй ратаваць...» Гамолка. // перан. Гінуць, трацячы жыццёвыя сілы, волю пад уздзеяннем неспрыяльных умоў. Партыя хутка асушыла прышчэпаўскія балоты ў зямельных установах, дзе танула раней любая ініцыятыва, любая добрая задума. Лынькоў.

2. у чым. Апускацца ў што‑н. мяккае, сыпкае, вязкае і пад.; засядаць, вязнуць у чым‑н. Тануць у гразі. Тануць у балоце. □ Пыл на дарозе быў, што прысак, ногі танулі ў ім. Шамякін. // перан. Станавіцца мала прыкметным сярод чаго‑н., закрывацца чым‑н. Крайнія хаты танулі ў густым тумане. Навуменка. Дарога ў маёнтак танула ў кустах чаромхі і бэзу. Хомчанка. / Пра гукі. Бывалі моманты, калі надыходзіў перарыў у громе, і тады чулася стральба кулямётаў дзесьці ў полі, на захад ад горада, пасля зноў усё танула ў выбухах артылерыйскіх разрываў. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

вы́скачыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак.

1. Скочыўшы, пакінуць якое‑н. месца, з’явіцца адкуль‑н., дзе‑н. Выскачыць з акна. □ Да левага берага Дзвіны прычаліла лодка. З яе выскачыў рослы, шырокі ў плячах мужчына. Грахоўскі. Вепр дзіка рохкнуў, выскачыў з рова і ўпаў на снег. Колас.

2. Нечакана выпасці, вылецець. Нітка выскачыла з іголкі. □ Накрыўка ў бойцы выскачыла і ўся смятана вылілася. Якімовіч.

3. Разм. Таропка, хутка выбегчы, выехаць; вылецець. Чалавек паспешна схваціў пад паху шапку.., і выскачыў за дзверы. Чорны. Раптам за мостам застракатала, і з-за павароту шашы выскачылі матацыклісты. Шамякін.

4. перан. Разм. Недарэчна ўмяшацца ў якую‑н. справу. Выскачыць са сваёй прапановай.

5. перан. Нечакана ўзнікнуць; вырасці. На правай плоскасці [самалёта] выскачылі языкі полымя. Алешка. Дзе-нідзе ўжо выскачыла першая зялёная траўка. Якімовіч.

•••

Выскачыць замуж — паспешна, неабдумана або вельмі рана пайсці замуж.

Выскачыць (вылецець) кулём (куляю) — імкліва выбегчы, выехаць.

Выскачыць з галавы (з памяці) — тое, што і вылецець з галавы (з памяці) (гл. вылецець).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

спатка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Трапіцца каму‑н. насустрач; сысціся з кім‑н., рухаючыся з розных бакоў. Бабка борздзенька павярнулася і ў дзвярах спаткалася з Чэсем. Колас. Па дарозе жнеі спаткаліся з незнаёмай. Гурскі. Праз некалькі дзён .. [Усця] выпадкова спаткалася з Васілём насупраць сельсавецкага двара. Кулакоўскі. // Сутыкнуцца, дакрануцца. Але глянь, Марселіна, нашы рукі спаткаліся зноў. Гэта ж праўда, што больш я ніколі не страчу цябе? Кірэенка. // Паглядзець адзін другому ў вочы, абмяняцца поглядамі. Гаворачы, [Кастусь] зірнуў на дзяўчат і на момант спаткаўся поглядам з Аксанінымі вачыма. Галавач. Нашы позіркі спаткаліся, і Зіна ўсміхнулася. Грамовіч. // Выявіць што‑н. у сваім жыцці, дзейнасці. Больш праўдзіва выступае непрыстасаванасць героя да фізічнай працы, з якой ён спаткаўся на лесапільні. Хромчанка.

2. Сысціся для сумеснага правядзення часу, па справе і пад.; убачыцца з кім‑н. У нядзелю .. [Лёдзя і Юрка], як і было ўмоўлена, спаткаліся ля ўваходу ў Палац культуры будаўнікоў. Карпаў. Радасна, прыемна спаткацца, пагутарыць з дружнымі і вясёлымі жыхарамі Заполля. Бялевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)