фотакарэспандэ́нт, ‑а, М ‑пце, м.

Фатограф, які робіць здымкі для якога‑н. перыядычнага выдання. Рэпарцёры, парывісты, фельетаністы, фотакарэспандэнты — штатныя і пазаштатныя — збіраліся ў купкі і горача абмяркоўвалі, дзе і як яны скончаць гэты дзень. Васілёнак. [Бацька:] — Зараз мы выпусцім страуса Эму і бегемота Рану, каб таварыш фотакарэспандэнт зняў іх. Даніленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́мень, ‑і, ж.

Густая цемната (у 1 знач.). У прамежках між хатамі, дзе не свецяць вокны, цемень, як дзёгаць. Навуменка. Твар.. [жанчыны] у цемені цяжка было разглядзець. Колас. // чаго. Цёмная, дрэнна асветленая прастора. [Астаповіч] адамкнуў млын, і ўвайшоў у цемень гэтых сцен, так добра яму знаёмых за многа год. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

яра́нга, ‑і, ДМ ‑нзе, ж.

Пераноснае жыллё некаторых народаў Поўначы, якое складаецца з драўлянага круглага каркаса з дахам канічнай формы, пакрытага шкурамі аленяў. На Чукотцы, дзе цяпер ярангі Засыпае снегам, праз гадоў Гэтак трыццаць-сорак добрым ранкам Зацвіце ўся тундра ад садоў. Панчанка. Дым клубіцца над ярангай. Звонак.

[Чукоцкае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

АРАНГУТА́Н (Pongo),

род чалавекападобных малпаў сям. пангідаў атр. прыматаў. Адзіны від — арангутан звычайны (P. pygmaeus). Жыве ў забалочаных трапічных лясах а-воў Суматра і Калімантан.

Рост самцоў да 1,5 м, маса да 200 кг, самкі значна меншыя. Склад цела масіўны. Заднія канечнасці кароткія, пярэднія доўгія з размахам да 2,25 м. Вельмі развітая мускулатура. Цела ўкрытае рэдкімі валасамі чырвонакарычневага колеру, на плячах даўж. валасоў да 40 см. Жывуць на дрэвах, дзе будуюць гнёзды. Кормяцца пладамі (найчасцей дурыяну), птушанятамі, яйкамі. Нараджаюць 1 дзіцяня масай 1,5—2 кг, якое маці корміць малаком да 3—4 гадоў. Жывуць да 30 гадоў. Колькасць невялікая. Ахоўваецца.

Арангутан.

т. 1, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХЕАЛАГІ́ЧНАЯ РАЗВЕ́ДКА,

від і метад навукова-даследчай дзейнасці па вывучэнні археалагічных помнікаў на аснове выяўленых знаходак. Праводзіцца паводле дазволу (адкрытага ліста). Пры археалагічнай разведцы на Беларусі асаблівая ўвага звяртаецца на абследаванне берагоў старыц і тарфяных масіваў, якія ў мінулым былі вадаёмамі. Асаблівы плён дае абследаванне зямель, якія разворваюцца, дзе лёгка прасочваюцца стараж. могільнікі і жытлы. Выкарыстоўваюць таксама авіяразведку, якая дае магчымасць выявіць малапрыкметныя з зямлі помнікі, з дапамогай электрапошуку атрымліваюць даныя пра рэшткі стараж. збудаванняў пад зямлёй. Знойдзеныя археал. помнікі наносяць на карту, апісваюць, робяць чарцяжы, фотаздымкі. Па сабраных знаходках вызначаюць папярэдняе датаванне помніка, яго прыналежнасць да пэўнай археалагічнай культуры.

т. 1, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРХІТЭКТУ́РНЫЯ МУЗЕ́І.

Вывучаюць, збіраюць, экспануюць, прапагандуюць і папулярызуюць помнікі нар. дойлідства, прадметы побыту, творы дэкар.-прыкладнога мастацтва і інш., якія характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру народаў і краін.

Архітэктурныя музеі часта маюць форму т.зв. паркаў-музеяў або музеяў пад адкрытым небам, дзе сабраны звезеныя з розных рэгіёнаў помнікі нар. драўлянага дойлідства [навукова-даследчы архітэктурны музей імя А.​В.​Шчусева ў Маскве (1964), «Скансен» у Стакгольме, Латвійскі этнагр. музей пад адкрытым небам, Музей нар. побыту Літвы, Дзярж. музей нар. архітэктуры Украіны, Львоўскі музей нар. дойлідства і побыту, Музей нар. дойлідства і побыту Грузіі і інш.]. На Беларусі з 1970 дзейнічае Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту.

т. 1, с. 532

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСЕ́ЦКІ (Людвіг Пятровіч) (н. 9.5.1929, в. Продвіна Бабруйскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. графік. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1960). Працуе ў галіне станковай і кніжнай графікі, манум. жывапісу. Творы прысвечаны сучаснасці і гісторыі: «Горад будуецца» (1963), «Падполле Мінска» (1968), «Па матывах трылогіі Я.​Коласа «На ростанях» (1973), «Жодзіна» (1976), «Прыпяцкія мелодыі» (1981), «Балада аб Лаўскім баі» (1982), «Памяць» (1984), «Мір на планеце» (1986—87), серыя «Замкнёнасць круга» (1993—94) і інш. Для станковых работ характэрны арыгінальныя кампазіцыйныя вырашэнні, абвостраная, амаль гратэскавая выразнасць малюнка, святлоценявыя кантрасты.

Л.​Ф.​Салавей.

Л.Асецкі. Дзе ёсць ісціна. З серыі «Замкнёнасць круга». 1993.

т. 2, с. 28

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМПТАТЫ́ЧНЫ ВЫ́РАЗ у матэматыцы,

параўнальна простая элементарная функцыя, набліжана роўная (з любой папярэдне зададзенай дакладнасцю) больш складанай функцыі пры імкненні яе аргумента да пэўнага значэння (напр., пры вял. значэннях аргумента). Напрыклад, пры x→0 ln (1 + x) ~ x, sin x ~ x, калі ўраўненне y = kx — асімптатычны выраз функцыі y = 𝑓(x) пры малых значэннях x, то такую функцыю можна вызначыць як 𝑓(x) = kx + a(x), дзе a(x)→0 пры x→0. У самым агульным выпадку асімптатычны выраз — гал. член больш складаных (і дакладных) набліжаных выразаў, якія наз. асімптатычнымі шэрагамі або раскладаннямі. Выкарыстоўваецца ў лікавых задачах у матэматыцы, механіцы, фізіцы.

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСІМПТО́ТА (ад грэч. asymptōtos які не супадае) крывой з бесканечнай галінай, прамая, да якой гэта галіна неабмежавана набліжаецца. напрыклад, асімптота гіпербалы y = 1/x — восі каардынат Ox і Oy. Крывая можа перасякаць сваю асімптоту (напр., графік затухальных ваганняў) або зусім не мець асімптоты (напр., парабала). Калі графік функцыі y = 𝑓(x) пры вялікіх х мае асімптоту, што вызначана ўраўненнем y = kx + b, то гэту функцыю можна вызначыць як 𝑓(x) = kx + b + a(x), дзе a(x)→0 пры x→∞. Выкарыстоўваецца ў матэм. аналізе.

Асімптоты: а — гіпербалы y = ​1/x (восі каардынат Ox і Oy); б — графіка затухальнага вагання (вось Ot).

т. 2, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКАЯ ЖАНО́ЧАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ.

Існавала ў 1916—19 у Бабруйску. Рыхтавала настаўніц пач. нар. вучылішчаў. Тэрмін навучання 4 гады. У 1916 навучаліся 34 выхаванкі. Выкладаліся прадметы: рус. мова і л-ра, царк.-слав. мова, матэматыка, фізіка, прыродазнаўства, мінералогія, геалогія, хімія, гісторыя і геаграфія, псіхалогія і педагогіка, дзіцячае чытанне, методыка выкладання прадметаў, графічныя мастацтвы (чыстапісанне, маляванне, чарчэнне), спевы, музыка, рукадзелле, Закон Божы і інш. У 1918/19 навуч. г. ўведзена беларусазнаўства, польск. мова, гігіена. Пры семінарыі было ўзорнае пач. вучылішча, дзе выхаванкі праходзілі практыку. З кастр. 1918 — пяцікласная, рыхтавала выкладчыкаў для адзінай прац. школы 1-й ступені. Пераўтворана ў 3-гадовыя пед. курсы.

т. 2, с. 188

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)