узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.
2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.
3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.
4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узмацні́цца, ‑моцніцца; зак.
1. Павялічыцца ў сіле, стаць больш інтэнсіўным (пра вецер, дождж і пад.). Я адчуў, што сапраўды вецер узмацніўся, і пад яго павевамі звініць сухое .. лісце на маладых дубках. Навуменка. На дварэ зусім праяснілася, мароз узмацніўся, і вясёлыя зоркі ўсеялі ўсё неба. Чарнышэвіч.
2. Стаць больш выразным у сваім праяўленні, больш інтэнсіўным (пра якія‑н. уласцівасці, якасці, працэсы). Па шашы каля возера яшчэ болей узмацніўся рух. Броўка. Спачатку Андрэй трываў. Але зуб не хацеў сціхаць. Закурыў — не перастае, залажыў ватку, змочаную ў адэкалоне, — боль толькі ўзмацніўся. Хадановіч. / Пра гукі, голас і пад. Потым выразней пачуліся гукі — чуфффы, чушш! — і ўзмацніліся так, што лёгка можна было распазнаць заўзятую бойку. Маўр. / Пра думкі, пачуцці і пад. Інстынктыўна недавер да Віктара яшчэ больш узмацніўся. Машара. // Стаць больш актыўным па характару працякання, ажыццяўлення; набыць большую выразнасць. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку [А. Вярцінскага] «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.
3. Стаць больш моцным, эфектыўным, дзейсным (пра ваенныя дзеянні). Атака ўзмацнілася. □ Агонь варожай артылерыі ўзмацніўся. Кавалёў.
4. Папаўняючыся, стаць больш баяздольным. Часці ўзмацніліся новымі байцамі. // Стаць больш магутным, уплывовым (у эканамічных, палітычных і пад. адносінах). Пасля вядомай Крэўскай уніі 1385 г. узмацніліся палітычныя, гаспадарчыя і культурныя сувязі паміж беларусамі і палякамі. Гіст. лекс. бел. мовы.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ула́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Станоўча вырашыцца, ажыццявіцца; дайсці да ладу, наладзіцца. І нечакана лёгка ўсё ўладзілася як лепш не трэба. Скрыган. Анатоль .. пачаў развясельваць земляка: — Не бяры так блізка да сэрца, можа, яшчэ ўсё ўладзіцца і сыдзецеся зноў. Пальчэўскі. Думкі кожнага яшчэ беглі наўздагон за сябрамі .. Што іх чакае? Як уладзіцца іх лёс? .. Машара. // Ліквідавацца (пра непаразуменні). Уладзіўся канфлікт.
2. Асталявацца, стварыць неабходныя ўмовы для існавання; уладкавацца. Уладзіцца на кватэры. Уладзіцца з харчаваннем. □ У другім лісце Ліда напісала, што перайшла ў інтэрнат, і папрасіла грошай. Трэба ж было ўладзіцца на новым месцы. Чарнышэвіч. Зямлі пясчанай колькі хочаш, Будуйся, дзе табе зручней, Дзе болей вабіць твае вочы, Ты толькі ўладзіцца ўмей. Колас. // Размясціцца, прыстроіцца. Разаслаўшы плашчы на пясок, мы [турысты] таксама ўладзіліся на пляжы ля самага беражка прыбою. Лынькоў. Людзі ўцякалі. Хто паспеў сесці на цягнік, хто ўладзіўся на машыну, хто ішоў пехатою, закінуўшы на плечы хатуль. Арабей.
3. Разм. Паступіць на работу, вучобу, службу і пад., заняць якое‑н. месца, становішча. [Янку] хацелася сумленна ўладзіцца на працу, быць бліжэй да універсітэта. Асіпенка. Быў [бацька] і за кур’ера, і за швейцара, і за вартаўніка, а пасля ўладзіўся на хлебазавод, дзе і працаваў экспедытарам аж да пенсіі. Васілёнак. Ліда Данілава ўладзілася прасавальшчыцай сена на адной з .. фуражных баз. Брыль.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усплы́сці і усплы́ць, ‑плыву, ‑плывеш, ‑плыве; ‑плывём, ‑плывяце; пр. усплыў, ‑плыла, ‑ло; зак.
1. Узняцца з глыбіні вады на паверхню. Бервяно з разгону ўдарылася ў човен і перакуліла яго. Захарка і Уладзік апынуліся ў бурлівай рацэ. Першым усплыў на паверхню Уладзік. Сіняўскі. Вось звер усплыў, але тут жа прагучаў стрэл, і морж знік з вачэй разам з паплаўком. Бяганская. // Паказацца, з’явіцца. Над морам, над цёплым узбярэжжам, над садам усплыў месяц — вялікі, белы, ясны. Лось. З-за лесу ўсё вышэй уставала сонца. Калючы, яшчэ халодны шар яго ўсплыў над вершалінамі і, нібы здзіўлены, на імгненне застыў на месцы. Хадановіч. / у перан. ужыв. З лагчыны ў туманным хмызе Усплыў нейкі дзіўны гук — Быццам там З-пад лядка прабіўся І забулькаў у лозах Раўчук... Арочка. Скора, скора з выраю, З цёплага паўдня, З песняй жураўлінаю Ўсплыве вясна. Кляшторны. // перан. Паўстаць, з’явіцца ў памяці, думках і пад. Нешта далёкае, даўно забытае ўсплыло і трывожна затрымцела ў маёй душы. Палтаран. Па дарозе зноў у думках усплыло мінулае. Дуброўскі.
2. перан. Стаць вядомым, выкрыцца, выявіцца. Зноў усплыло гэта пытанне. □ Нарэшце й Жору, акрамя Дачкі, Фаміч меў на прыкмеце. Вось так Супонькава імя Усплыло, вядомым стала ў свеце. Бачыла.
•••
Усплысці (усплыць) наверх (на паверхню) — тое, што і выйсці наверх (на паверхню) (гл. выйсці).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
хі́трасць, ‑і, ж.
1. Уласцівасць хітрага. Пра хітрасць лісіцы нямала напісана. □ Вядома, гэта не было так выразна і проста сказана, а з мужычай хітрасцю, і Тоўхарт заўважыў гэта. Чорны.
2. Учынкі, прыёмы, паводзіны, разлічаныя на ўвядзенне каго‑н. у зман. Алесь не спіць — ён у трывозе: Што на сягонняшняй дарозе Яго з «начаткамі» чакае? Як сойдзе хітрасць яго тая? Колас. Але на гэты раз маленькая хітрасць дачкі не дапамагла. Шахавец. // Дзеянне, накіраванае на падман праціўніка. Апёкшыся на першай хітрасці, маёр не здолеў прыдумаць нічога іншага, апроч лабавога ўдара. Брыль. Але Генька ведаў, што ворага трэба браць не толькі сілай, але і хітрасцю. Паслядовіч.
3. Выкрутлівасць, спрытнасць. Любамір выглядаў гэтакім прасцячком, хаця на самай справе хітрасці яму не пазычаць. Шыцік. Мудры дзед. Век зжыў, пабадзяўся па людзях, пабачыў. Такія ў вёсцы — філосафы. Варожаць і на ўраджай, і на пагоду. Дзе не розумам, то хітрасцю дойдуць... Пташнікаў.
4. Тое, што зроблена з майстэрствам, адмыслова. Замок з хітрасцю. □ Асабліва захаплялі розныя.. хітрасці [скрыпкі] пасля таго, калі я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем. Кулакоўскі. [Ягор] уважліва агледзеў кручкі, паплаўкі, змераў вачыма тоню і, відаць, не знайшоўшы ў іх ніякай рыбацкай хітрасці, адказаў: — Вось гэта ўлоў! Ігнаценка.
•••
Не вялікая хітрасць з інф. — не цяжка, не складана.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
цвет 1, ‑у, М цвеце, м.
1. зб. Кветкі на раслінах і дрэвах у перыяд цвіцення. Зноў наш двор пацярушаны пялёсткамі белага цвету, што асыпаецца з вішань. Брыль. Прыемна пахне агурочным цветам. Мыслівец. / у перан. ужыв. Так, будзе дождж, і снег, і іней — Ніколі ж цвет жыцця не згіне. Чарнушэвіч.
2. Цвіценне; час цвіцення. Верас у самым цвеце. Заліты бледна-ліловым полымем дол, і як залатыя ўспышкі па ім — бярозкі. Навуменка. Пакідай хлеб на бабовы цвет. Прыказка.
3. перан.; чаго. Лепшая частка якога‑н. грамадства, асяроддзя. Цвет навукі. □ Ідзе эпохі новай цвет — То піянеры, акцябраты. Хведаровіч. Мы — цвет чалавецтва, мы — сілы ўздым. Дудар.
4. перан. Гады маладосці, росквіт сіл. Пытаю: хто тут пачывае? Дзяўчына можа маладая У поўным цвеце красы-сілы Сыйшла без часу да магілы? Колас. От і жыццё праходзіць, і ў самым, можна сказаць, цвеце яго .. [Агата] асталася адна. Сабаленка.
5. Абл. Кветка. Малы махаў ручкамі, цягнуўся, каб сарваць цвет, але бацька яго стрымліваў. Гурскі.
•••
Ліпавы цвет — высушаныя кветкі ліпы, якія ўжываюцца ў якасці патагоннага лякарства.
цвет 2, ‑у, М цвеце, м.
Разм. Колер. Мы прасілі саломы — у ёй цвет сонца і раздолле неабсяжных палёў, якім родны былі нашы сэрцы і думкі, нашы казачныя пераходы. Лынькоў. Зімой і летам адным цветам. З нар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.
1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.
2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.
3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.
4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.
5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штат 1, ‑а, М штаце, м.
1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».
2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.
[Ад ням. Staat — дзяржава.]
штат 2, ‑у, М штаце, м.
1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.
2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.
3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.
•••
Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.
[Ням. Staat.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
я́ма, ‑ы, ж.
1. Прыроднае або выкапанае паглыбленне ў зямлі. Глыбокая яма. Засыпаць яму зямлёй. □ Дзяўчаты і жанчыны капалі ямы, хлопцы ставілі слупы. Шамякін. Мікола ехаў асцярожна, старанна абмінаючы ямы. Краўчанка. // перан. Упадзіна, паглыбленне ў чым‑н., на чым‑н. Гэты твар.. з ямамі на шчоках.., з глыбокімі рысамі маршчын, — ні ў чым не нагадваў Міхаіла Ганарджыя. Самуйлёнак.
2. Спецыяльна абсталяванае, паглыбленае месца або памяшканне для складвання, захоўвання чаго‑н., размяшчэння чаго‑н. Памыйная яма. Хаваць бульбу ў яме. Вугальная яма на судне. Аркестравая яма. // Магіла, дол. Стары і Сцяпан пачалі спускаць на вяроўках труну ў яму. Мележ.
3. перан. Месца, у якім цяжка і непрыемна жыць, дзе творацца брудныя справы, плятуцца інтрыгі і пад. — Ці ж толькі свету, што ў аконцы? Або так міла тут бясконца? І там мы будзем жыць таксама; Няма ўжо горшай, як тут, яма. Колас. — Будзем мы прыязджаць к вам часта, .. каб выцягнуць вашу вёску з тае ямы, з якой яна цяпер свету не бачыць. Чорны.
•••
Воўчая яма — а) глыбокая яма з прыманкай для лоўлі ваўкоў; б) у ваеннай справе — штучная перашкода ў выглядзе глыбокай ямы супраць непрыяцеля, які ідзе ў атаку.
Паветраная яма — участак у паветры з інакшым тэмпературным асяроддзем, дзе лятальны апарат рэзка зніжаецца, правальваецца.
Капаць яму гл. капаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ну
1. межд. ну;
ну, начина́йте! ну, пачына́йце!;
ну, что же да́льше? ну, што ж дале́й?;
ну́-ка! ану́!;
ну же! ну (ану́!);
ну тебя́! разг. ну цябе́!;
ну и пого́дка! ну і надво́р’е!;
ну уж денёк! ну і дзянёк!;
ну и ну! ну і ну!;
(да) ну, неуже́ли? (ды) ну, няўжо́?;
ну не сове́стно ли вам? ну ці ж не со́рамна вам?;
ну хорошо́! ну до́бра!;
ну коне́чно ну вядо́ма;
ну нет ну не;
ну да ну так;
2. част. (в знач.: «что, если») а што, калі́…;
а ну как он прие́дет? а што, калі́ ён прые́дзе?;
ну как кто́-нибудь уви́дит а што, калі́ хто-не́будзь уба́чыць;
3. част. (в знач.: начать, давай) дава́й;
он ну крича́ть ён дава́й крыча́ць;
и ну петь і дава́й спява́ць.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)