«ИСКУ́ССТВО»,
часопіс пададдзела мастацтва аддзела нар. асветы Віцебскага губвыканкома і Саюза работнікаў мастацтва Віцебска. Выдаваўся ў 1921 у Віцебску на рус. мове (выйшла 6 нумароў). Публікаваў артыкулы пра маст., тэатр., муз. жыццё горада. На яго старонках выступалі мастакі К.Малевіч, М.Кунін, крытыкі А.Ром, П.Мядзведзеў, дырыжор М.Малько, паэт М.Пустынін і інш. У 1922 аб’яднаны з час. «Работник просвещения», выходзіў пад назвай «Работник просвещения и искусства».
т. 7, с. 331
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРВАЛА́НТ (ад франц. corps корпус, асобны атрад + volant лятучы),
вайсковае злучэнне, аснову якога складала конніца, а таксама пяхота і лёгкая артылерыя. Прызначаўся гал. чынам для дзеянняў у тыле праціўніка, перахопу яго камунікацый, удараў у флангі баявых парадкаў і для праследавання. Шырока выкарыстоўваўся ў войсках 18—19 ст. У Расіі створаны Пятром I у 1701. Паспяхова дзейнічаў у час Паўночнай вайны 1700—21, вызначыўся ў бітве пад Лясной 1708.
т. 8, с. 64
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЛ АЛЬБЕ́РТ (Carlo Alberto; 2.10.1798, г. Турын, Італія —28.8.1849),
кароль Сардзінскага каралеўства (П’емонта) у 1831—49. З Савойскай дынастыі. У час рэвалюцыі 1848—49 у Італіі ўвёў у П’емонце памяркоўна-ліберальную канстытуцыю (т.зв. Альберцінскі статут 1848), абвясціў вайну Аўстрыі (гл. Аўстра-італьянская вайна 1848—49); пасля паражэнняў каля Кустоцы (25.7.1848) і Навары (23.3.1849) адрокся ад прастола на карысць сына Віктара Эмануіла II, эмігрыраваў у Партугалію, дзе і памёр.
т. 8, с. 72
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРО́НА (ад лац. corona вянец, вянок),
1) галаўны ўбор з каштоўнымі ўпрыгожаннямі, які з’яўляецца знакам улады манарха; адбітак, малюнак падобнага прадмета на гербах, ордэнах і інш. Урачыстая цырымонія ўскладання К. на манарха, які ўступае на прастол, наз. каранацыя.
2) Светлы арэол вакол Сонца, бачны ў час сонечнага зацьмення. Утвараецца гарачай (1—2 млн. К) разрэджанай высокаіанізаванай плазмай. Выяўляецца на адлегласцях да некалькіх дзесяткаў радыусаў Сонца і паступова рассейваецца ў міжпланетнай прасторы.
т. 8, с. 89
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСАКО́ЎСКІ (Юзаф) (16.3.1738, в. Шылы Ковенскага пав., Літва — 9.5.1794),
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Брат Ш.М.Касакоўскага. Біскуп інфлянцкі з 1781. На Чатырохгадовым сейме 1788—92 узначальваў Канстытуцыйную дэпутацыю, выступаў за абмежаванне рэформ і супраць Канстытуцыі 3 мая 1791. Разам з братам быў фактычным кіраўніком Таргавіцкай канфедэрацыі. Адзін з аўтараў Акта Генеральнай канфедэрацыі ВКЛ 1792. Карыстаўся падтрымкай рас. паслоў у Рэчы Паспалітай. Аўтар аповесцей, камедый, мемуараў. У час паўстання 1794 павешаны паўстаўшымі ў Варшаве.
т. 8, с. 138
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ФЕДРА (грэч. kathedra літар. сядзенне),
1) у Стараж. Грэцыі і Рыме — месца для выступлення рытараў, філосафаў.
2) У ВНУ (на факультэце) — асн. навучальна-навук. падраздзяленне, якое выконвае навуч., метадычную і н.-д. работу, а таксама аб’яднанне прафесарска-выкладчыцкага складу па адной або некалькіх роднасных дысцыплінах.
3) У навуч. установах, лекторыях, актавых залах — месца для выкладчыка, прамоўцы.
4) У хрысц. царкве — узвышэнне для чытання пропаведзяў; крэсла архірэя ў час набажэнства.
т. 8, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́РВІН ((Kervin) Джозеф) (н. 1932),
касманаўт ЗША. Д-р медыцыны, капітан 1-га рангу ВМС ЗША. Скончыў каледж «Холі Крос» у Вустэры (1953), Паўн.-Зах. ун-т (1957, г. Чыкага), школу ваен.-марской авіяц. медыцыны. З 1965 у групе касманаўтаў НАСА. 25.5—22.6.1973 з П.Вейцам і Ч.Конрадам здзейсніў палёт на арбітальнай станцыі «Скайлэб» (як член 1-га экіпажа), у час якога выходзіў у адкрыты космас. Працягласць палёту 28,03 сут.
т. 8, с. 237
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КОНС,
адзін з найб. старажытных рым. аграрных багоў, што шанаваліся разам з багіняй Опс. Ушаноўваўся як абаронца запасаў збожжа, схаваных пад зямлёй. Яго падземны алтар адчынялі раз на год у час свята кансуалій, калі К. прыносілі ахвяры і наладжвалі ў яго гонар гульні і спаборніцтвы. Пазней кансуаліі зліліся са святам коннага Нептуна, а сам К. з прычыны сугучча яго імя са словам «савет» (лац. consilium) лічыўся богам добрых парад.
т. 8, с. 408
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАСО́ЎСКІ (Антон Якаўлевіч) (18.3. 1821, г. Слуцк Мінскай вобл. — 25.4. 1898),
расійскі ўрач; адзін з заснавальнікаў аперацыйнага акушэрства і гінекалогіі ў Расіі. Праф. (1858). Скончыў Пецярбургскую медыка-хірург. акадэмію (1848). Працаваў у ёй (у 1858—76 заг. кафедры). З 1871 дырэктар Пецярбургскай радзільнай установы. Навук. працы па хірургіі, анатама-гісталагічных і фізіял. даследаваннях жаночых палавых органаў. Выканаў першую ў Расіі аперацыю па выдаленні яечніка. Заснавальнік час. «Журнал акушерства и женских болезней».
т. 8, с. 464
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРУТЫ́, Крут (Krut; ? — 1093),
князь Вендскай дзяржавы [1066—93]. Паходзіў, верагодна, з княжацкай дынастыі, якая ў 10—12 ст. правіла на в-ве Руяна (цяпер в-аў Руген, Германія). Узначальваў супраціўленне прыбалтыйскіх і палабскіх славян іх прымусовай хрысціянізацыі з боку ням. герцагаў. У час аслаблення «Свяшчэннай Рымскай імперыі» пры Генрыху IV пашырыў межы Вендскай дзяржавы да Паўн. мора, падпарадкаваў Нордальбінгію. Загінуў у барацьбе з Генрыхам, сынам Готшалка, які дзейнічаў у саюзе з саксонцамі.
т. 8, с. 489
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)