КЫЗЫЛУЗЕ́Н,

рака ў Іране. Даўж. 720 км, пл. басейна 56,2 тыс. км². Вытокі ў паўн.-зах. адгор’ях Загроса. Перасякае зах. частку Іранскага нагор’я, у нізоўях прарывае зах. край хр. Эльбурс, пасля зліцця з р. Шахруд утварае р. Сефідруд, упадае ў Каспійскае м. Сярэдні гадавы расход вады каля 170 м³/с. У сутоках К. і р. Шахруд — гідравузел. Выкарыстоўваецца для арашэння. У дэльце — г. Рэшт.

т. 9, с. 69

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАМБО́К (Lombok),

востраў у складзе Малых Зондскіх астравоў, тэр. Інданезіі. Пл. каля 5 тыс. км² На Пн горы з вулканам Рынджані (выш. 3726 м), у сярэдняй ч. ўзгорыстыя раўніны, на Пд вапняковае плато выш. да 716 м. Клімат экватарыяльны мусонны, летам вільготны. Пераважаюць саванны і рэдкалессі. Лясы высока ў гарах. Вырошчваюць какосавыя пальмы, каву, рыс, тытунь. Радовішчы свінцовых і цынкавых руд. Гал. горад — Матарам.

т. 9, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАНЬ,

вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., каля р. Лань. Цэнтр сельсавета і калект. сельскай гаспадаркі. За 10 км на Пд ад г. Нясвіж, 122 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Клецк. 794 ж., 294 двары (1998). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Троіцкая царква (19 ст.).

т. 9, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́ТА,

сцяна, у беларусаў традыц. прылада для лоўлі рыбы на хуткім цячэнні. Уяўляла сабой аднасценную сетку, прывязаную вяроўкамі да двух палак, і абвешаную паплаўкамі і грузілам так, каб яна не танула на дно. У час руху ў вадзе сетка прымала форму жолаба, і рыба збіралася каля яе задняй сцяны. Летам Л. рыбачылі як падвалокай, зімой выкарыстоўвалі як зімовы невад. Была пашырана-пераважна на Брэстчыне і Гродзеншчыне.

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАТАРЫ́НГСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН,

буйнейшы ў Зах. Еўропе рудны раён на паграніччы Францыі, Германіі, Бельгіі і Люксембурга. Пл. басейна каля 1100 км². Асадкавага паходжання. Руданосная пясчана-карбанатная тоўшча юрскага ўзросту, магутнасць 10—60 м, рудных пластоў — 1—13 м. Руды дробнааалітавыя, з гётыту, жалезістых хларытаў і сідэрыту. Агульныя запасы руд 15 млрд. т, дзе жалеза 31—32%. Здабыча падземным спосабам. Цэнтр здабычы — г. Мец (Францыя).

т. 9, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАЎРАВІ́ШНЯ (Laurocerasus),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 25 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Еўразіі і Амерыкі. Культывуецца Л. лекавая (L. officinalis).

Вечназялёныя дрэвы і кусты. Лісце цэльнае, часцей скурыстае. Кветкі белыя, дробныя, духмяныя, у вузкіх гронках. Плод — сакаўная касцянка, у некат. відаў — ядомая. Насенне ядавітае (мае сінільную к-ту). Драўніна выкарыстоўваецца ў дрэваапрацоўчай прам-сці. Дэкар., лек. і пладовыя расліны.

Лаўравішня лекавая.

т. 9, с. 159

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕАНІ́Д (Leōnidas; 508 ці 507, Спарта — 480 да н.э.),

цар Спарты ў 488—480 да н.э. У час грэка-персідскіх войнаў узначаліў у 481 да н.э. аб’яднанае войска грэч. гарадоў супраць перс. цара Ксеркса I, які ўварваўся ў Грэцыю. Загінуў у бітве каля Фермапілаў, калі з невял. атрадам прыкрываў адыход асн. часткі грэч. войска. У ант. л-ры імя Л. — сімвал патрыятызму і воінскай доблесці.

т. 9, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЗАЦЫ́М (ад лізіс + zymē закваска),

мурамідаза, фермент класа гідралаз; разбурае абалонку бактэрыяльнай клеткі (лізіс). Бялок, малекулярная маса каля 14 000, функцыянуе як антыбактэрыяльны бар’ер. Адкрыты ў 1922 А.Флемінгам у слізі з поласці носа. Выяўлены ў многіх тканках і вадкасцях чалавечага арганізма (храстках, селязёнцы, лейкацытах, слязах), у раслінах, бактэрыях і фагах, найб. у яечным бялку. Першы фермент, для якога ўстаноўлена трацічная структура. Прэпарат Л. выкарыстоўваюць у медыцыне.

т. 9, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́РАВЫЯ, ліры-рыбы, марскія мышы,

пячкуркі (Callionymidae), сямейства рыб атр. акунепадобных. 10 родаў, каля 130 відаў. Пашыраны ў прыбярэжнай зоне мораў умеранага і трапічнага паясоў (у Чорным м. 4 віды). Актыўныя ўначы, удзень напаўзакопваюцца ў грунт.

Даўж. да 35 см. Цела без лускі, страката і ярка афарбаванае. Брушныя плаўнікі знаходзяцца спераду грудных. Выражаны полавы дымарфізм. Кормяцца дробнымі беспазваночнымі.

Да арт. Ліравыя. Ліра-рыба: самец (уверсе) і самка.

т. 9, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСНЕ́ЎСКІ (Віктар Пятровіч) (21.1.1908, в. Чарцёж Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. — 9.10.1987),

поўны кавалер ордэна Славы. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Камандзір стралк. аддзялення мал. сяржант Л. вызначыўся: у 1943 пры ліквідацыі пашкоджання тэлефоннай лініі (Украіна), у 1944 пры фарсіраванні Зах. Буга і захопе варожай траншэі (Польшча), у 1945 пры прарыве абароны праціўніка каля г. Лебус (Германія). Пасля вайны на гасп. рабоце.

т. 9, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)