ГАЙДН (Haydn) Франц Іозеф (31.3.1732, Рораў, цяпер г. Брук-ан-дэр-Лайта, Аўстрыя — 31.5.1809),
аўстрыйскі кампазітар, дырыжор; прадстаўнік венскай класічнай школы. Ганаровы д-р Оксфардскага ун-та (1791), чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1798), ганаровы чл. Філарманічнага т-ва ў Пецярбургу (1808). Пач.муз. адукацыю атрымаў у І.М.Франка ў г. Гайнбург. У 1740—49 спяваў у хоры сабора св. Стэфана ў Вене, удасканальваў ігру на клавіры, скрыпцы, аргане. У 1753—56 акампаніятар у італьян. кампазітара Н.Порпары, вывучаў кампазіцыю. У 1761—90 капельмайстар князёў Эстэрхазі. У 1792 вучыўся ў Л.Бетховена ў Вене. У 1791—92 і 1794—95 у Лондане. У творчасці Гайдна сфарміраваліся класічныя жанры (сімфонія, саната, канцэрт для інструментаў з арк., квартэт), формы (у т. л.санатная форма і санатна-сімф.цыкл), прынцыпы тэматычнага развіцця, класічны склад аркестра (т.зв. двайны). Яго музыцы ўласцівы аптыміст. тонус, шматграннасць зместу, кампазіцыйная стройнасць, шырыня фалькл. сувязей (аўстр., ням., венг., слав. ўплывы). Раннія квартэты і сімфоніі блізкія да бытавых сюітных жанраў. У творах пач. 1770-х г. прасочваюцца лірыка-драм. тэндэнцыі («Жалобная сімфонія», «Развітальная сімфонія», абедзве 1772; квартэты 1771—72 і інш.). Пераломныя ў яго творчасці т.зв. «Рускія квартэты» (1781), дзе аформіўся класічны інстр. стыль, які дасягнуў росквіту ў 6 «Парыжскіх» (1785—86) і 12 «Лонданскіх» (1791—95) сімфоніях. У канцы 1790 — пач. 1800-х г. стварыў лепшыя вак.-сімф. творы, у т. л. араторыі «Стварэнне свету» (1798) і «Поры года» (1801). Сярод інш. твораў: 24 оперы, у т. л. зінгшпіль «Крывы д’ябал» (1753), оперы-серыя «Ацыс і Галатэя» (1763), «Арміда» (1784), оперы-буфа «Аптэкар» (1768), «Святло месяца» (1777), «Сапраўднае пастаянства» (1779), героіка-камічная «Раланд-паладзін» (1782); араторыі, у т. л. «Сем слоў збавіцеля на крыжы» (1796) і інш.; 14 мес («Нельсан-меса», 1798, «Меса Тэрэзія», 1799, «Harmoniemesse», 1802); кантаты; 2 «Те Deum»; «Stabat mater» і інш. духоўныя творы; 104 сімфоніі; уверцюры, танцы, маршы; больш за 30 канцэртаў для інструментаў з арк.; дывертысменты, струнныя квартэты, у т. л. 6 «Сонечных» (1772), 6 «Рускіх» (1781), 6 «Прускіх» (1787); трыо, дуэты; творы для фп., для голасу з фп. і інш.
Літ.:
Кремлев Ю.А. Йосеф Гайдн: Очерк жизни и творчества. М., 1972;
Seeger H. J.Haydn. Leipzig, 1961;
Geiringer K. Haydn: a creative life in music. 3 ed. Berkeley, 1982;
J.Haydn: Berichte über den Internationalen Kongress. München, 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫХА́ННЕ,
сукупнасць працэсаў, якія забяспечваюць паступленне кіслароду ў арганізм, выкарыстанне яго ў акісляльна-аднаўленчых працэсах, выдаленне з арганізма вуглякіслага газу і некат. інш. канчатковых прадуктаў абмену рэчываў; адна з асн. жыццёвых функцый. Аснова Д. — спажыванне кіслароду жывымі клеткамі, якое суправаджаецца рэакцыямі дэгідрагенізацыі з пераносам вадароду ад арган. рэчываў (субстратаў) на кісларод з утварэннем вады (гэтыя рэакцыі ідуць у спец. структурах клеткі — мітахондрыях). Д. ажыццяўляецца пераважна за кошт акіслення вугляводаў. Мае 2 этапы: пачатковы (анаэробны), які адбываецца па тыпу гліколізу (цукры ў анаэробных умовах распадаюцца да піравінаграднай кіслаты) і канчатковы (аэробны), пры якім піравінаградная кіслата акісляецца да вуглякіслага газу і вады (цыкл Крэбса). Д. жывых арганізмаў узнікла на Зямлі, калі ў яе атмасферы з’явіўся кісларод.
У аднаклетачных і некат. шматклетачных жывёл абмен газаў паміж клеткамі і асяроддзем ажыццяўляецца шляхам дыфузіі праз паверхню цела. Больш высокаарганізаваныя жывёлы і чалавек маюць спец. органы дыхання і сістэму кровазвароту, у якой цыркулююць кроў і гемалімфа, здольныя звязваць кісларод і вуглякіслы газ (гл.Гемаглабін). Адрозніваюць Д. вонкавае, якое забяспечвае абмен газаў паміж лёгкімі і вонкавым асяроддзем, перанос газаў крывёю (гл.Газаабмен), і тканкавае. У насякомых кісларод паступае ў тканкі з сістэмы паветраносных трубачак — трахей. У многіх водных жывёл вонкавае Д. ажыццяўляецца паверхняй цела і шчэлепамі, якія маюць вял. сетку крывяносных сасудаў. Раствораны ў вадзе кісларод дыфундзіруе ў кроў, якая цыркулюе ў сасудах шчэлепаў. У многіх рыб значную ролю адыгрывае кішэчнае Д., калі заглытваецца паветра і кісларод паступае ў кроў праз крывяносныя сасуды кішэчніка. У сухапутных жывёл вонкавае Д. забяспечваецца пераважна лёгкімі. У амфібій і інш. жывёл разам з лёгкімі функцыянуе скурнае Д. У птушак ёсць паветраныя мяшкі, якія злучаюцца з лёгкімі і мяняюць аб’ём пры лятальных рухах (палягчае Д. ў палёце). Вонкавае Д. забяспечваецца дыхальнымі рухамі (удыхам, выдыхам), колькасць якіх у стане спакою ў чалавека 16—20. Пры адным спакойным удыху чалавека ў лёгкія паступае каля 350 см паветра (гл.Жыццёвая ёмістасць лёгкіх), мінутная лёгачная вентыляцыя ў стане спакою складае 4—8 л. Прычына абмену паветра ў альвеолах лёгкіх — рознасць парцыяльнага ціску. Рэгуляцыя Д. ў чалавека і пазваночных жывёл адбываецца дыхальным цэнтрам. Аснова тканкавага Д. — акісляльнааднаўленчыя рэакцыі. Пры іх вызваляецца энергія, якая ідзе на аднаўленне жывога рэчыва, рост і развіццё тканак, скарачэнне мышцаў, сакрэцыю залоз і інш. (гл.Акісленне біялагічнае). Пры парушэннях Д. і механізмаў яго рэгуляцыі ўзнікаюць змяненні газавага саставу крыві. Пры парушэннях або адсутнасці Д. робяць дыханне штучнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕРНАЯ МУ́ЗЫКА,
галіна муз. мастацтва, якая ўключае вакальныя і інструментальныя творы для невял. складу выканаўцаў (сола або ансамбляў). Ёй уласцівы дэталізацыя муз. драматургіі, адмысловая распрацоўка матэрыялу, тэндэнцыя да індывідуалізацыі ўсіх партый. Асн. разнавіднасці твораў К.м. — раманс, вак.цыкл, саната, санатна-цыклічныя ансамблі (трыо, квартэт, квінтэт і інш.), інстр. п’есы і цыклы п’ес.
Тэрмін «К.м.» вядомы з 16 ст. як вызначэнне стылявой дыферэнцыяцыі свецкай музыкі. звязанай пераважна з быт. (хатнім) музіцыраваннем, царк. і тэатр. музыкі. Вырашальную ролю ў фарміраванні камерна-інстр. жанраў адыгралі прадстаўнікі венскай класічнай школы, камерна-вакальных — кампазітары-рамантыкі Ф.Шуберт, Р.Шуман. З 19 ст. выконваецца ў канцэртных залах. У 19—20 ст. значныя дасягненні ў К.м. належаць Ф.Шапэну, І.Брамсу, А.Дворжаку, Х.Вольфу, К.Дэбюсі, Л.Яначаку, Б.Бартаку, П.Хіндэміту, М.Глінку, А.Даргамыжскаму, М.Мусаргскаму, П.Чайкоўскаму, С.Танееву, С.Рахманінаву, А.Скрабіну, М.Метнеру, Дз.Шастаковічу, С.Пракоф’еву, М.Мяскоўскаму, Г.Свірыдаву.
На Беларусі ансамблевае музіцыраванне вядома з 17 ст. У канцы 18 ст. пашырана ігра на клавесіне, клавікордзе, у 19 ст. — фартэпіяннае, скрыпічнае, квартэтнае музіцыраванне. Арыгінальныя камерныя творы належаць А.Абрамовічу, І.Глінскаму, М.Ельскаму, Н.Орду, Ф.Міладоўскаму, В.Казлоўскаму. У 20 ст. К.м. фарміравалася ў рэчышчы агульнага развіцця бел.муз. культуры. У інстр. творах 1920—30-х г. характэрная рыса — цытаванне фалькл. матэрыялу (квартэты М.Крошнера, М.Чуркіна, В.Яфімава). Больш складаныя сувязі з фальклорам у творах М.Аладава, А.Багатырова, П.Падкавырава, Р.Пукста, Я.Цікоцкага. Вакальная К.м. бел. кампазітараў ахоплівае рамансы і вак. цыклы (Л.Абеліёвіч, Багатыроў, Г.Гарэлава, Дз.Лукас, Пукст, Дз.Смольскі, Э.Тырманд, Л.Шлег). Інстр. мініяцюры ёсць ва ўсіх бел. кампазітараў, але найб. іх стварылі Абеліёвіч, Я.Глебаў, В.Карэтнікаў, Падкавыраў, Смольскі. Цыклы п’ес для дзяцей пішуць В.Войцік, С.Картэс, А.Навахрост, Ф.Пыталеў, Тырманд, К.Цесакоў, Шлег і інш. Побач з традыц.інстр. складамі бел. кампазітары шырока выкарыстоўваюць у К.м. духавыя, ударныя і нар.муз. інструменты, узбагачаецца вобразная сфера (С.Бельцюкоў, Гарэлава, У.Кур’ян, Смольскі, Шлег). На стылістыцы К.м. адбіліся ўсе характэрныя тэндэнцыі бел.муз. мастацтва на розных этапах яго развіцця.
Літ.:
Рацкая Ц.С. Советская камерная музыка. М., 1965;
Раабен Л.Н. Советская камерно-инструментальная музыка. Л., 1963;
Яго ж. Камерная инструментальная музыка первой половины XX в.: Страны Европы и Америки. Л., 1986;
Гісторыя беларускай савецкай музыкі. Мн., 1971;
Антоневич В.А. Камерно-инструментальная музыка // Белорусская музыка 1960—1980 гг.Мн., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУПРЫ́Н Аляксандр Іванавіч (7.9.1870, с. Нараўчат Пензенскай вобл., Расія — 25.8.1938),
рускі пісьменнік. Скончыў Аляксандраўскае ваен. вучылішча (Масква, 1890). Быў на ваен. службе, з 1894 у адстаўцы, жыў у Кіеве, шмат ездзіў па Расіі. У 1903 зблізіўся з М.Горкім, супрацоўнічаў у яго выд-ве «Знание». У 1919 эмігрыраваў у Францыю, з 1937 на радзіме. Друкаваўся з 1889. Раннія апавяданні (зб. «Мініяцюры», 1897) — псіхал. эцюды, прысвечаныя даследаванню розных станаў чалавечай душы. У апавяданнях «Дазнанне», «У паходзе», аповесцях «Прапаршчык армейскі» (1897), «На пераломе (Кадэты)» (1900), «Паядынак» (1905) і інш.рэаліст. паказ жахлівага ваен. побыту, пратэст супраць жорсткасці і падаўлення асобы. Аповесць «Малох» (1896) — спроба з дапамогай іншасказання і сімвалаў паказаць бесчалавечнасць вытворчага прагрэсу. Пасля паездкі на Палессе (1897) напісаў цыкл апавяданняў («У лясной глушы», «На глушцоў» і інш.), аповесць «Алеся» (1898), у якіх упершыню моцна загучала тэма вял. кахання, характэрная для наступных яго твораў («Суламіф», 1908; «Гранатавы бранзалет», 1911; і інш.). Аўтар аповесцей навукова-фантаст. «Вадкае сонца» (1913), напаўфантаст. «Зорка Саламона» (1917), цыкла нарысаў «Кіеўскія тыпы» (1895—98), «Лістрыгоны» (1907—11) і інш. Аповесць «Яма» (ч. 1—2, 1909—15) пра амаральнасць грамадства, якое апраўдвае прастытуцыю. У эміграцыі стварыў нарысы аб Францыі, аповесці «Купал св. Ісакія Далмацкага» (1928), «Кола часу» (1929), «Жанета» (1932—33), казачныя («Кісмет») і гіст. («Аднарукі камедыянт», «Цень імператара») апавяданні, успаміны пра цыркавых артыстаў, рус. прыроду і інш.Асн. эмігранцкі твор — аўтабіягр. раман «Юнкеры» (1928—32). Многія творы К. экранізаваны («Паядынак», «Алеся» і інш.). На бел. мову асобныя творы К. пераклалі І.Шамякін, Л.Салавей.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Рассказы и повести. Мн., 1997;
Бел.пер. — Выбранае Мн., 1985;
Выбр. проза. Мн., 1992. Собр. соч.Т. 1—9. М., 1970—73;
Собр. соч.Т. 1—3. Мн., 1994;
Река жизни: Рассказы, повести;
Из несобранного и забытого. Ростов н/Д, 1988;
Сильнее смерти: Повести и рассказы о любви. Л., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́НЕДЖМЕНТ (англ. management кіраванне),
дзейнасць па рацыянальнай арг-цыі і кіраванні вытв-сцю, якая ажыццяўляецца наёмнымі і прафес. работнікамі — менеджэрамі. Распрацоўкай навук. асноў М. ў канцы 19 — пач. 20 ст. займаліся вучоныя розных краін (Адамецкі, А.А.Багданаў, М.Вебер, Г.Эмерсан і інш.). Уведзеная амер.інж. Ф.Тэйларам рацыяналізацыя працы і вытв-сці зрабіла пераварот у арганізацыі і кіраванні, спрыяла значнаму павышэнню эфектыўнасці вытв-сці. М. прадугледжвае: уменне дакладна дзейнічаць у адпаведнасці з канкрэтным становішчам спраў у фірме і знешніх умовах яе функцыянавання; блізкасць да спажыўца і канкурэнцыю за яго; улік навацый і іх практычнае выкарыстанне; рацыянальнае выкарыстанне вытв., прац. і фін. рэсурсаў; імкненне да атрымання макс. выніку пры мінімізацыі сукупных затрат; спалучэнне свабоды і жорсткага кантролю. Вылучаюць 5 функцый М.: маркетынгавае планаванне, арг-цыя, распарадчая дзейнасць, каардынацыя (узгадненне), кантроль. Маркетынгавае планаванне прадугледжвае распрацоўку доўга-, сярэдне- і кароткатэрміновых вытв.планаў, фін. плана, які ўключае каштарысы даходаў і расходаў, затрат часу і матэрыялаў, капітальных расходаў, касавы бюджэт і балансавы каштарыс. Арганізац.-кіраўніцкая функцыя М. прадугледжвае стварэнне аптымальнай структуры прадпрыемства, дзе дасягаецца ўзаемадзеянне ўсіх элементаў сістэмы, здольнае ахапіць усе віды работ і падраздзяленні розных узроўняў. Існуюць розныя віды арганізац. структур: лінейная (у невял. фірмах з аднароднай і нескладанай прадукцыяй); лінейна-штабная (утварэнне спец. службаў-штабоў для выпрацоўкі адпаведных рашэнняў); дывізійная (пабудаваная па відах прадукту, рынках або групах спажыўцоў) і матрычная (у фірмах, прадукцыя якіх мае адносна кароткі жыццёвы цыкл, і фірмах, што займаюцца даследчымі і доследна-канструктарскімі работамі). Распарадчая функцыя характэрна для органаў кіравання фірмы або карпарацыі, якія будуюцца паводле прынцыпу піраміды (аднаступеньчатая, шматступеньчатая). Каардынацыйная функцыя ўключае забеспячэнне зладжанай работы вытв. калектыву, эфектыўнае выкарыстанне вытв. і фін. рэсурсаў, выкарыстанне аператыўнай інфармацыі для ўстанаўлення дакладнага ўзаемадзеяння паміж элементамі сістэмы. Кантрольная функцыя прадугледжвае вызначэнне дакладных стандартаў дзейнасці арг-цыі (праектаў), вызначэнне адпаведнасці рэальнай дзейнасці ўстаноўленым стандартам, выяўленне адхіленняў ад прынятых планаў і стандартаў і карэкціроўкі дзеянняў. Важнае месца ў М. займаюць праблемы кіравання працай, што арганізуецца на прынцыпах яе падзелу, спецыялізацыі работнікаў, выкарыстання эканам. форм стымуляцыі працы. Паспяховае функцыянаванне прадпрыемства ў многім залежыць ад добрай арганізацыі фін. сферы і грашовага абарачэння, аптымізацыі фін. патокаў і структуры капіталу, дэталёвага аналізу розных паказчыкаў фін.-гасп. дзейнасці фірм, кампаній і карпарацый.
Літ.:
Богданов А.А. Тектология: Всеобщая организационная наука. Т. 1—2. М., 1989;
Виханский О.С., Наумов А.И. Менеджмент. 2 изд. М., 1996;
Давыденко Л.Н. Предпринимательство без границ. Мн., 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФРАНКО́ Іван Якаўлевіч (27.8.1856, с. Нагуевічы, цяпер с. Івана-Франкова Драгобыцкага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 28.5.1916),
украінскі пісьменнік, вучоны, грамадскі дзеяч. Д-р філасофіі (1893). Ганаровы д-ррус. славеснасці (1906). Скончыў Чарнавіцкі ун-т (1891). За ўдзел у рэв.-дэмакр. руху ў 1877, 1880, 1890 быў зняволены. Друкаваўся з 1874. У зб-ках паэзіі «Мой Ізмарагд» (1898), «З дзён журбы» (1900) філас. роздум пра дабро і зло, дружбу і адданасць, грамадскае і асабістае. Цыкл твораў «Завялае лісце» (1896) узбагаціў сусв. лірыку кахання. Аўтар зб-каў лірыкі «З вяршынь і нізін» (1887), «Semper tiro» (1906), паэм «Смерць Каіна» (1889), «Бедны Генрых» (1891), «Істар», «Паэма пра белую кашулю» (абедзве 1899), «Іван Вішанскі» (1900), «Майсей» (1905), аповесцей «Boa constrictor» (1878), «Барыслаў смяецца» (1881—82), «Лель і Палель» (1887), «Стаўпы грамадства» (1894—95); гіст. аповесці «Захар Беркут» (1883). Яго драм. творы вылучаюцца майстэрствам дыялогу, дынамічнасцю сюжэта, глыбінёй драм. канфліктаў: драма «Украдзенае шчасце» (1894), камедыя «Рабіна» (1886) і інш. Пісаў казкі, фельетоны, літ.-крыт. артыкулы. Цікавіўся гісторыяй, культурай і л-рай Беларусі. У «Нарысе гісторыі ўкраінска-рускай літаратуры да 1890 г.» (1910) закранаў пытанні бел. кнігадрукавання, стараж.бел. мовы. Пры даследаванні ўкр. фальклору звяртаўся да паралелей з бел. прыказкамі, песнямі. Выкарыстоўваў матэрыялы пра бел.нар. лялечны т-р пры даследаванні ўкр. вяртэпа. У батлейцы вылучаў бел. інтэрмедыю «Мужык і доктар», адзначаў аналагічныя сцэны ва ўкр. вяртэпе і польск. шопцы. На Беларусі ставіліся яго п’есы «Будка №27», «Украдзенае шчасце», у Дзярж. т-ры лялек казка «Фарбаваны ліс» (пад назвай «Зялёная лісіца»). На бел. мову яго асобныя творы пераклалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Н.Гілевіч, Ф.Грышкевіч, А.Гурыновіч, Х.Жычка, А.Зарыцкі, У.Караткевіч, А.Кудравец, П.Пестрак, В.Рагойша, М.Танк, А.Траяноўскі, А.Якімовіч, на рус. мову — М.Багдановіч.
Тв.:
Вібрання творів. Т. 1—50. Київ, 1976—86;
Бел.пер. — Апавяданні. Мн., 1956;
Калі звяры яшчэ ўмелі гаварыць. Мн., 1958;
Рус.пер. — Соч.Т. 1—10. М., 1956—59;
Стихотворения и поэмы. Рассказы. Борислав смеется. М., 1971;
Избр. соч. М., 1981.
Літ.:
Ахрыменка П. Іван Франко і Беларусь // Ахрыменка П. Летапіс братэрства. Мн., 1973;
Пархоменко М.Н. Эстетические взгляды Ивана Франко. М., 1966;
Стебун И. Концепция реализма в эстетике И.Франко. М., 1981;
Басс І.І., Каспрук А.А.Іван Франко. Київ, 1983;
Мороз М.О. Іван Франко: Бібліогр. творів. 1874—1964. Київ, 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНІЯЦЮ́РА (франц. miniature, італьян. miniatura ад лац. minium кінавар, сурык, якімі ў старажытнасці размалёўвалі рукапісныя кнігі),
мастацкі твор малых памераў.
У выяўленчым мастацтве адну з асн. галін складае кніжная М. (ілюмінацыйнае мастацтва) — выкананыя ад рукі ілюстрацыі і элементы дэкар. афармлення (ініцыялы, застаўкі і інш.) у рукапісных кнігах.
Кніжная М. вядома са старажытнасці ў Егіпце («Кніга мёртвых», 2-е тыс. да н.э.), Іране (Ісфаханская школа мініяцюры і інш.), Індыі (Магольская школа мініяцюры і інш.). Вытокі еўрап. ілюмінацыйнага мастацтва адносяцца да позняй антычнасці («Іліяда» Гамера, каля 500). Найб. росквіту дасягнула ў эпоху сярэдневякоўя (візант. рукапісы 13—14 ст., арм. евангеллі кілікійскай школы мініяцюры, М. братоў Лімбург у Францыі, пач. 15 ст., і інш.). Пасля вынаходніцтва кнігадрукавання кніжная М. змянілася гравюрай.
На Беларусі кніжная М. вядома з 10—13 ст. (аздобы Супрасльскага рукапісу, Аршанскага, Тураўскага евангелляў і інш.). У 14 ст. развіваўся тэраталагічны стыль, найб. выразны ў ініцыялах Мсціжскага евангелля і ў Полацкім евангеллі. У 2-й пал. 14—16 ст. ўзмацніўся зах.-еўрап. ўплыў, з’явіліся свецкія сюжэты, гіст. і быт. сцэны (Лаўрышаўскае, Жыровіцкае, Шарашоўскае евангеллі і Радзівілаўскі летапіс). У 17 ст. на М. ўплывала гравюра друкаваных кніг. Вядомы імёны перапісчыкаў кніг і мастакоў Паповіча Бярозкі з Навагрудка, Юрыя Алелькі (ці Алелькавіча) са Слуцка, Стэфана Кахановіча з Супрасля, Васіля Амельяненскага з Віцебска, Яўстафія з Гродна, Парфёна з Пінска.
М. ў жывапісе развівалася пераважна партрэтная. Яна адметная асабліва тонкай манерай выканання. Партрэты на пергаміне, слановай косці, метале ці фарфоры часта змяшчаліся на медальёнах, табакерках, ордэнах і інш. Паводле стылю і тэхнікі звязаны з кніжнай М. і з агульным развіццём рэаліст. мастацтва.
Як асобны жанр жывапісу склалася ў эпоху Адраджэння. Вял. майстэрствам вызначаюцца партрэтныя М. 16 ст. Дж.Кловіо (Італія), Ф.Клуэ (Францыя), Г.Гольбейн Малодшы (Германія), Н.Хіліярд, А.Олівер (Англія), у 17 ст. — Ж.Петыго (Швейцарыя), С.Купер (Англія) і інш. Дасягнула росквіту ў 18 — пач. 19 ст. (творчасць Р.Кар’еры ў Італіі, Ж.А.Фраганара, Ж.Б.Ізабэ ў Францыі, Г.Ф.Фюгера ў Аўстрыі, У.Баравікоўскага, А.Рыта ў Расіі і інш.). У 20 ст. пашырылася лакавая мініяцюра (гл.Лакі мастацкія, Мсцёрская мініяцюра, Палехская мініяцюра, Холуйская мініяцюра). Вядомы мініяцюрныя партрэты Пятра I, рус. імператрыц Ганны Іванаўны і Кацярыны I, выкананыя выхадцам з Беларусі Р.Мусікійскім, а таксама партрэты А.Міцкевіча, А.Сапегі. На Беларусі ў 19 ст. партрэтныя М. рабіў В.М.Ваньковіч. У наш час у лакавай М. працуюць Г. і А.Осіпавы, В. і А.Ражковы і інш.
У скульптуры М. — поўнааб’ёмныя або рэльефныя выявы з косці, металу, цвёрдых парод дрэва, каменю і інш.Гл.Гліптыка, Гема, Інталія, Камея, Нэцке.
У літаратуры — невялікі кампазіцыйна завершаны твор, у якім кандэнсуецца значны змест, выяўляецца тэндэнцыя да сцісласці і шырыні абагульнення. М., асабліва паэтычная, блізкая да афарыстычнага выказвання. Напр., у М.Танка: «Ад гора — усё ў свеце няміла, // Ад шчасця — час хутка мінае, // Ад хмелю — марнуюцца сілы, // Ад славы — сяброў убывае... // Вось тут і спыніся на нечым // У гэтым жыцці, чалавеча!». Жанравыя прыкметы выразна змешваюцца ў празаічных М. — лірычных замалёўках, абразках, паэт. рэфлексіях у прозе (творы М.Гарэцкага, З.Бядулі, Я.Брыля, Ф.Янкоўскага, Б.Сачанкі). Эмацыянальны, суб’ектыўна-лірычны пачатак тут арганічна ўзаемадзейнічае з эпічна-канкрэтным (напр., у А.Карпюка). Такія М. маюць жанравыя рысы эсэ. Вершаваныя М. — пераважна лірычныя творы, складаюцца звычайна з 2—6 радкоў. Сустракаюцца ў М.Багдановіча, У.Дубоўкі, Л.Геніюш, Р.Барадуліна, Я.Сіпакова, Ю.Свіркі, Р.Тармолы, А.Разанава і інш. Да М. адносяць і такія ўстойлівыя формы паэзіі, як карацелька, рубаі, прыпеўкі, каламыйкі, фрашкі. Драматургічная М. — сціслая сцэнка, найчасцей камедыйна-сатыр. твор, у якім дзейнічаюць 2—3 персанажы.
У музыцы — невялікая муз. п’еса для фп. (пераважна) і інш. інструментаў ці выканальніцкіх складаў. Характэрныя рысы: малы маштаб, лаканічнасць формы (звычайна простыя 1-, 2- і 3-часткавыя), тонкая дэталізацыя прыёмаў пісьма, аб’яднанне асобных п’ес у цыклы. У творчасці бел. кампазітараў шырока прадстаўлена ў вак., інстр., харавой, арк. і камернай музыцы: «24 прэлюдыі» для фп. П.Падкавырава, фп.цыкл «Фрэскі» Л.Абеліёвіча, «Ступенькі» (дзіцячы альбом для скрыпкі з фп.) Г.Вагнера, сюіты «Казка» і «Кантрасты» С.Картэса, «Мікракосм» і «Дзіцячы куток» Л.Шлег, а таксама мініяцюры Я.Глебава, Я.Дзягцярыка, І.Лучанка, Р.Суруса, Э.Тырманд і інш.Бел. кампазітары, выкарыстоўваючы традыцыі муз. рамантызму, з якім звязаны росквіт жанру М. (Ф.Шуберт, Р.Шуман, Ф.Мендэльсон, Ф.Шапэн), а таксама рус. і сав. класікаў (П.Чайкоўскі, А.Лядаў, А.Скрабін, С.Пракоф’еў, Дз.Шастаковіч), уносяць у развіццё жанру М. рысы нац. своеасаблівасці («Лубок» для фп. А.Друкта, хар. цыклы на нар. тэксты «Дажынкі» Г.Гарэлавай і «Снапочак», «Вясельныя» А.Мдывані, «Скамарохі» для баяна А.Залётнева). Нярэдка муз. М. імкнецца да апасродкаванай сувязі з жывапісам («Акварэль» для цымбалаў В.Войціка, фп.цыкл «Вясковыя замалёўкі» В.Кузняцова і інш.).
У тэатры, цырку, на эстрадзе М. — кароткая п’еса, вадэвіль, інтэрмедыя, скетч, размоўная, харэагр. ці муз. сцэнка, эстрадная ці клоўнская рэпрыза і інш. На Беларусі ў галіне М. працуюць мінскія т-р «Хрыстафор», нар.т-р эстрадных мініяцюр «Карусель».
Да арт.Мініяцюра. Бітва паміж войскамі Святаполка Яраполчыча і Яраслава Мудрага на р. Альта. Іл. да «Радзівілаўскага летапісу». Канец 15 ст.Мініяцюра з Жыровіцкага евангелля. 15 ст.Да арт.Мініяцюра. Р.Мусікійскі. Партрэт Пятра I. 1723.Да арт.Мініяцюра. Партрэт Накіб-хана, Індыя. Магольская школа. Пач. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІНІКІ́Я (грэч. Phoinike),
старажытная краіна ў паўн. і цэнтр. частках усх. ўзбярэжжа Міжземнага м. (цяпер тэр. Сірыі і Лівана). Першыя паселішчы фінікійцаў тут вядомы з 5—4-га тыс. да н.э. У канцы 3-га тыс. да н.э. яны ператварыліся ў гарады-дзяржавы Бібл, Тыр, Угарыт, Сідон і інш.Геагр. становішча Ф. спрыяла развіццю гандлю з Месапатаміяй і Егіптам, авалоданню марскімі шляхамі ў Міжземным м. (гл.Фінікійскія падарожжы). У сярэдзіне 2-га тыс. да н.э. Ф. захапілі егіпцяне. У 14 ст. да н.э. з імі змагаліся за панаванне над Ф. хеты. У канцы 13 — пач. 12 ст. да н.э. гарады Ф. дамагліся паліт. незалежнасці ад Егіпта. У 10 ст. да н.э. цар Тыра Ахірам стварыў на тэр. Ф. аб’яднанае Тыра-Сідонскае царства. У канцы 10 ст. да н.э. Тыр паступова страціў вяршэнства і гарады Ф. зноў сталі самастойнымі. У канцы 2-га — пач. 1-га тыс. да н.э. Ф. каланізавала Зах. і Цэнтр. Міжземнамор’е і заснавала калоніі на Кіпры, Сіцыліі і Сардзініі, Пд Францыі, у Іспаніі, на Пн Афрыкі (Карфаген, Утыка). У 8 ст. да н.э. Ф. захапілі асірыйцы, аднак гарады захавалі ўнутр. аўтаномію. Пасля краху Асірыі (605 да н.э.) за кантроль над Ф. змагаліся Новававілонскае царства і Егіпет. У 539—332 да н.э. Ф. ў складзе Ахеменідаў дзяржавы, флот Ф. ўдзельнічаў у грэка-персідскіх войнах (5 ст. да н.э.) на баку персаў. У 332 да н.э. Ф. заваявана Аляксандрам Македонскім. Элінізацыя Ф. спрыяла гандл. і эканам. ўплыву яе гарадоў ва ўсім Міжземнамор’і. З 63 да н.э. ў складзе рым. правінцыі Сірыя.
Літаратура. У 1930-я г. ў Паўн. Ф. ва Угарыце знойдзены клінапісныя тэксты сярэдзіны 2-га тыс. да н.э., якія адлюстроўвалі найстараж. пласт прыгожага пісьменства Ханаана і звязаны з міфалагічна-рэліг. і фалькл. традыцыямі. Найб. поўна захаваўся міфалагічны цыкл пра барацьбу вярх. бога Балу (Баала) Магутнага з богам смерці Муту (Мотам), у т. л. паэма «Барацьба Баала Магутнага з Мотам» (пісьмовая фіксацыя каля 14 ст. да н.э.), якая мела сакральны змест: смерць і ўваскрэсенне Баала сімвалізавалі прыродны цыкл. Сярод узораў гераічнага эпасу — эпас пра Карату (Керэта), фрагменты эпасу пра саперніцтва волата-паляўнічага Акхата з багіняй Анат. Захаваліся надмагільныя і буд. надпісы, гіст. тэксты канца 2—1-га тыс. да н.э.Паэт. характар мае надпіс на саркафагу цара Ахірама з г. Бібл (каля 1300 да н.э.) з праклёнам таму, хто парушыць спакой грабніцы; надпіс з Каратэпэ (каля 720 да н.э.) пра справы і перамогі цара Азітавада. З 4 ст. да н.э. пачалася элінізацыя культуры і л-ры Ф., але і сама яна паўплывала на грэч. культуру. Спроба сінтэзу дзвюх культур, уключэння фінікійскай міфалогіі ў агульнаэлінскую сістэму ў кнізе Філона Біблскага (2—1 ст. да н.э., дайшла ў фрагментах), які абапіраўся на стараж. сістэматызацыю міфаў Санхунйатона (2-я пал. 2-га тыс. да н.э.). Своеасаблівая галіна л-ры Ф. развівалася ў 1-м тыс. да н.э. ў Карфагене. Яе гал. жанр — «перыпл» («плаванне») — авантурная аповесць пра марскія падарожжы: «Перыпл» Гімількона (вядомы ў пераказе рым. географа Авіена), «Перыпл» Ганона (захаваўся ў грэч. перакладзе). Развівалася таксама гіст. проза, на якую абапіраліся рым. гісторыкі Юсцін у скарочаным варыянце «Філіпавых гісторый» Пампея Трога і Салюстый у «Югурцінскай вайне». Паступова л-ра Ф. ўсё больш злівалася з элінскай.
Архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Мастацтва Ф. засвоіла і плённа перапрацавала элементы стараж.-егіп., месапатамскіх (акадскіх), крыта-мікенскіх, хета-хурыцкіх традыцый. Для ранніх пабудоў фінікійцаў, як і хетаў, характэрна муроўка з каменных абчасаных блокаў на падмурку з дробнага каменю і шчэбеню. Найб.стараж. іх збудаванні — сакральныя абеліскі з неапрацаваных маналітаў пад адкрытым небам (Храм абеліскаў у Бібле, пач. 2-га тыс. да н.э.). У 1-м тыс. да н.э. ўзводзілі прамавугольныя ў плане храмы тыпу «біт-хілані» з 2 калонамі пры ўваходзе (Храм Саламона ў Іерусаліме). Для аздаблення інтэр’ераў (расл. арнамент, гірлянды з кветак і пладоў) выкарыстоўвалі бронзу і кедр. У калоніях Ф. ў Зах. Міжземнамор’і з канца 1-га тыс. да н.э. пераважалі збудаванні эліністычнага тыпу. Пахавальныя пабудовы ўяўлялі сабой падземныя скляпы з нахіленым калідорам-дромасам. Узводзілі таксама т.зв. мегазілы (круглая база са скульпт. выявай ільвоў з 2 цыліндрамі над ёй). Гарады (звычайна размешчаныя на паўастравах) мелі зубчастыя крапасныя сцены з вежамі, шматпавярховыя дамы, храмавыя і гасп. пабудовы, часам некалькі гаваней (Карфаген). Шырокую вядомасць мела дэкар.-прыкладное мастацтва: пурпурныя ваўняныя тканіны, пасудзіны і ўпрыгожанні са шкла (паўпразрыстыя, з накладнымі паліхромнымі геам., расл. і зааморфнымі ўзорамі, фігуркамі жывёл), майстры з Сідона асвоілі выдзіманне празрыстага шкла. Майстэрствам вызначаліся ювелірныя вырабы і медная пластыка (крыху схематызаваныя статуэткі багоў з медзі і бронзы, арнаментаваныя кінжалы, разныя вырабы са слановай косці, залатыя чашы і інш. посуд). Керамічныя вырабы спалучалі мясц. традыцыі і ўплыў крыта-мікенскага мастацтва (вытанчаныя грушападобныя пасудзіны са звужаным дном і 2 ручкамі, пакрытыя манахромнай і паліхромнай размалёўкай). З манум. пластыкі Ф. вядомы каменны саркафаг цара Ахірама (канец 11 — пач. 10 ст. да н.э.). Мастацтву зах. калоній Ф. ў 1-м тыс. да н.э. ўласцівы т. зв. грэка-пунічны стыль — спалучэнне мясц. і элінскіх традыцый (масіўныя фігуры багоў, маскі з тэракоты; шэдэўр — скульпт. галава жанчыны, т.зв. Дама з Эльчэ, канец 5 ці 4 ст. да н.э.).
Літ.:
Циркин Ю.Б. Финикийская культура в Испании. М., 1976;
Яго ж. От Ханаана до Карфагена. М., 2001;
Шифман И.Ш. Угаритское общество (XIV—XIII вв. до н.э.). М., 1982;
Финикийская мифология. СПб., 1999.
Да арт.Фінікія. Блюда з сюжэтнай выявай.
А.Г.Зельскі (гісторыя), Г.В.Сініла (літаратура, архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЛОК Аляксандр Аляксандравіч (28.11.1880, г. С.-Пецярбург — 7.8.1921),
рускі паэт. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1906). Эстэт. погляды Блока фарміраваліся пад уплывам ідэалістычнай філасофіі (Платон), рамантычнай (В.Лаўкоўскі) і філас.-містычнай лірыкі (У.Салаўёў, А.Белы). У першым зб. «Вершы аб Прыгожай Даме» (1904) спалучаны складаная вобразнасць і містычна-сімвалісцкае ўспрыманне свету. Адыход ад ідэй сімвалізму абвешчаны ў драме «Балаганчык» (1906). Узмацненне сац. тэндэнцый звязана з рэв. 1905—07 (цыкл «Горад», 1904—08). Творчасць паэта гэтага перыяду складаная і супярэчлівая, прасякнута пачуццямі адзіноты і расчаравання, пошукамі ідэалу хараства, роздумам над гісторыяй і сучаснасцю (драма «Незнаёмка», 1906; зб. «Нечаканая радасць», 1907; цыклы «Снежная маска», 1907; «Фаіна», 1908; арт. «Пра рэалістаў», 1907). Пакутліва Блок шукаў шляхі збліжэння інтэлігенцыі і народа (драмы «Песня Лёсу», 1909), асуджаў бездухоўнасць мяшчанства, буржуазіі (цыклы «Скокі смерці», 1912—14; «Страшэнны свет», 1909—16), паэтызаваў гіст. мінулае Расіі. Ён адчуваў трагічны адрыў сучаснай культуры ад нар.-нац. вытокаў і непазбежнасць вялікіх гіст. перамен. Пастаяннымі ў яго творчасці становяцца тэма радзімы, прадчуванне рэв. буры (цыклы «Радзіма», 1907—16; «Ямбы», 1907—14, і інш.). Пафасам барацьбы, патрыятызму і грамадзянскасці прасякнуты цыклы «Вольныя думкі» (1907), «На полі Куліковым» (1909). Асэнсаванне «страшнага свету» бурж. адносін, усведамленне трагедыі сучаснага чалавека ў п’есе «Ружа і крыж» (1912—13). Тэма асобы і гісторыі — цэнтральная ў незакончанай аўтабіяграфічнай паэме «Адплата» (1910—21). Падзеі Кастр. рэвалюцыі асэнсоўваў у рамант. паэмах «Дванаццаць» і «Скіфы», публіцыст. артыкуле «Інтэлігенцыя і рэвалюцыя» (усе 1918). Са снеж. 1918 Блок перажываў своеасаблівы разлад з рэчаіснасцю і творчы крызіс.
Жыццёвыя і творчыя шляхі звязвалі Блока з Беларуссю. У 1-ю сусв. вайну (з пач.жн. 1916 да сярэдзіны сак. 1917) ён праходзіў вайсковую службу на Палессі на буд-ве дарог і ваен. умацаванняў. У сваіх палескіх малюнках адлюстраваў наваколлі бел. вёсак Піншчыны (захоўваюцца ў Рас.дзярж. архіве л-ры і мастацтва). Зберагліся таксама фотаздымкі і партрэты паэта палескага перыяду. Матэрыялы, звязаныя з жыццём і дзейнасцю Блока на Беларусі, захоўваюцца ў музеі Блока. У 1908 у Віцебску і Мінску тэатр. трупай У.Меерхольда была пастаўлена п’еса «Балаганчык». На бел. мову творы Блока перакладалі А.Дудар (паэма «Дванаццаць», 1926), С.Грахоўскі («Выбраныя вершы і паэмы», 1980), а таксама С.Дзяргай, М.Дукса, С.Законнікаў, М.Калачынскі, Р.Лынькоў, Я.Сіпакоў, М.Федзюковіч і інш.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—8. М.; Л., 1960—63.
Літ.:
Долгополов Л.К. Александр Блок. 3 изд. Л., 1984;
Максимов Д.Е. Поэзия и проза Александра Блока. 2 изд. Л., 1981;
Бекетова М.А. Воспоминания об Александре Блоке. М., 1990;
Калінковіч М. Палескія дні Аляксандра Блока // Маладосць. 1980. № 11;
Гапава В. «Світання радасныя гукі»: Купала і Блок // Дзень паэзіі, 1981. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМІЛЁЎ Мікалай Сцяпанавіч (15.4.1886, г. Кранштат, Расія — 25.8.1921, рускі паэт, крытык, перакладчык. Муж Г.А.Ахматавай. Друкаваўся з 1902. Пачынаў як вучань сімвалістаў, у прыватнасці В.Я.Брусава. З 1906 слухаў лекцыі ў Сарбоне (Парыж),
вывучаў франц. л-ру, жывапіс, тэатр. Шмат падарожнічаў, быў у Афрыцы, захапляўся Усходам. У 1909 удзельнічаў у арганізацыі час. «Аполлон», у якім да 1917 друкаваў вершы, пераклады і вёў рубрыку «Пісьмы аб рускай паэзіі» (асобнае выд. 1923). У 1911 арганізаваў літ. групу «Цэх паэтаў». У 1912 з С.Гарадзецкім абвясціў новы літ. кірунак акмеізм. З 1914 добраахвотна на фронце (узнаг. 2 Георгіеўскімі крыжамі); у 1917 быў у рус. экспедыцыйным корпусе ў Францыі; у 1918 вярнуўся ў Петраград. Удзельнічаў у рабоце выд-ва «Сусветная літаратура», вёў заняткі ў паэт. студыях. У першых зб-ках («Шлях канквістадораў», 1905; «Рамантычныя кветкі», Парыж, 1908; «Пярліны», 1910) — сімвалісцка-рамант. склад пісьма, «барочны рамантызм», «экзатычныя» вершы, кніжная рамантыка, патэтычная рыторыка, імкненне да рэальнасці, эпічнасць (балады, міфы, паданні і інш.), недахоп рус.нац. элемента. У першым акмеістычным зб. «Чужое неба» (1912) — захапленне афр. і азіяцкімі краінамі; адчаканенасць формы, строгасць і вытанчанасць фразы, рэдкія ў паэта сац. ноты (цыкл «Абісінскія песні»). Ваенная лірыка Гумілёва (зб-кі «Калчан», 1916, «Касцёр», 1918) прасякнута рамант.-патрыят. і глыбока рэліг. ўспрыняццем вайны. Ён прадаўжаў сцвярджаць аўтаномнасць мастацтва, элітарную, духоўную незалежнасць мастака ад сучаснасці. У кн. «Шацёр» (1921) — страсная закаханасць у экзатычную Афрыку. Вершы 1918—21 увайшлі ў зб.філас. лірыкі «Вогненны стоўп» (1921), дзе аўтар, прасякнуты вострым перажываннем сучаснасці і пачуццём трагічнай трывогі, славіць зямлю, паветра, хлеб і каханне. Многім яго вершам характэрна апалогія «моцнага чалавека», дэкаратыўнасць, напружаны лірызм, вытанчанасць паэт. мовы. Перакладаў эпас пра Гільгамеша, франц. і англ.нар. паэзію, творы Т.Гацье, С.Т.Колрыджа, Р.Саўці, Вальтэра і інш. Пісаў апавяданні (зб. «Цень ад пальмы», 1922), п’есы (драм. казка «Дзіця Алаха», 1917, «візантыйская трагедыя» «Атручаная туніка», апубл. 1986, п’еса для дзяцей «Дрэва пераўтварэнняў», апубл. 1989). Абвінавачаны ў контррэв. змове, расстраляны.