АСВЕ́ЙСКАЕ БАЛО́ТА,

у Беларусі, на Пн Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл., у вадазборы Асвейскага возера. Нізіннага (37%), вярховага (35%), мяшанага (25%) тыпаў. Пл. 5,1 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 4,6 тыс. га. Глыб. торфу да 6,3 м, сярэдняя 2,8 м. Першапачатковыя запасы торфу 20,6 млн. т. На ПдЗ балота паклад сапрапелю магутнасцю да 3,5 м, агульныя запасы 7,4 млн. м³. Неасвоеная ч. балота ў складзе біял. заказніка Асвейскі, часткова выкарыстоўваецца пад сенажаць. Растуць бяроза, хвоя, вольха, месцамі травяное покрыва з асакі, касача, падвею.

т. 2, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕ́ЛЫ ВО́ЛАТ,

парода трусоў мяса-шкуркавага кірунку. Выведзены ў Бельгіі і Германіі метадам адбору альбіносаў сярод парод трусоў фландр. Выкарыстоўваўся пры вывядзенні парод трусоў чорна-бурай, савецкай шыншылы, а таксама для прамысл. скрыжавання. Гадуюць у краінах Еўропы, на тэр. б. СССР. На Беларусі адна з асн. парод трусоў.

Жывёлы вялікія, даўж. тулава 60 см, абхват грудзей 37 см, сярэдняя жывая маса 5,1 кг.

Забойны выхад 45—55%. Сярэдняя пладавітасць — да 8 трусянят у прыплодзе. Валасяное покрыва белае, эластычнае, пруткае, густое і бліскучае. Шкуркі выкарыстоўваюць у натуральным і афарбаваным выглядзе.

Белы волат.

т. 3, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕНГА́ЗІ,

горад на Пн Лівіі, на ўзбярэжжы Міжземнага м. Засн. ў 5 ст. да н.э. У 1951—75 — адна з дзвюх (разам з Трыпалі) сталіц Лівіі. 446 тыс. ж. (1988). Порт., вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-прамысл. цэнтр усх. ч. краіны (гіст. правінцыі Кірэнаіка). Харчасмакавая (аліўкавы алей, кансервы і інш.) прам-сць. Воўнапрадзільная ф-ка, вытв-сць электраправадоў, кабелю, зварных трубаў. У Бенгазі і наваколлі — вытв-сць будматэрыялаў. Саматужнае дыванаткацтва. Асобныя ф-ты Лівійскага ун-та. Музей. Нац. б-ка. Арх. помнікі 16 ст.

Набярэжная ў г. Бенгазі.

т. 3, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНАЙ І ХІМІ́ЧНАЙ ПРАМЫСЛО́ВАСЦІ БЕЛАРУ́СКІ НАВУКО́ВА-ДАСЛЕ́ДЧЫ І ПРАЕ́КТНА-КАНСТРУ́КТАРСКІ ІНСТЫТУ́Т, «Белгорхімпрам». Засн. ў 1971 у Мінску на базе Салігорскай н.-д. лабараторыі (з 1962). Да 1992 Бел. філіял усесаюзнага н.-д. і праектнага ін-та галургіі. Н.-д. работы вядуцца ў галіне здабычы і перапрацоўкі калійных руд, распрацоўкі аўтаматызаваных сістэм і сродкаў кіравання тэхнал. працэсамі, вытв-сці розных відаў прадукцыі з выкарыстаннем хім. працэсаў.

Асн. кірункі дзейнасці: выкананне н.-д., праектных, канструктарскіх, разведвальных работ пры распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі па аб’ектах прамысл., жыллёва-грамадзянскага і інш. прызначэння.

С.​М.​Лажэчка.

т. 5, с. 362

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́ЙЗЕН (ням. Greisen),

горная парода метасаматычнага паходжання, якая складаецца пераважна з кварцу і светлых слюд—лепідаліту і мускавіту. Часта мае каштоўныя рудныя мінералы ў выглядзе ўкрапін (касітэрыт, вальфраміт, пірыт і інш.) у прамысл. колькасцях, тады грэйзен разглядаюць як руды. Залягаюць у выглядзе жыл і ўчасткаў унутры гранітных масіваў, пераважна ў іх краявых частках. Грэйзены ўтвараюцца ў выніку высокатэмпературнага (300—500 °C) метасаматозу і перакрышталізацыі гранітоідаў пад уздзеяннем газаў і раствораў. Служаць пошукавымі прыкметамі на радовішчы руд рэдкіх металаў і каляровых камянёў (тапазу, берылу і інш.).

т. 5, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́БЕР, Хабер (Haber) Фрыц (9.12.1868, г. Брэслаў, Германія, цяпер г. Вроцлаў, Польшча — 29.1.1934), нямецкі хімік-неарганік і тэхнолаг. Скончыў Берлінскі ун-т (1891). З 1894 у Вышэйшай тэхн. школе ў Карлсруэ (з 1898 праф.). У 1911—33 дырэктар Ін-та фіз. хіміі і электрахіміі ў Берліне. З 1933 у Швейцарыі. Навук. працы па хіміі і тэхналогіі аміяку, электрахіміі. Распрацаваў фізіка-хім. асновы прамысл. спосабу сінтэзу аміяку і арганізаваў завод па фіксацыі атм. азоту (1913). Нобелеўская прэмія 1918.

Літ.:

Биографии великих химиков: Пер. с нем. М., 1981.

Ф.​Габер.

т. 4, с. 410

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗАРЭГУЛЯ́ТАРНЫ ПУНКТ (ГРП),

комплекс прыстасаванняў для аўтам. зніжэння і падтрымання пастаяннага ціску газу ў размеркавальных газаправодах. Бываюць сеткавыя (агульнагарадскія, раённыя, квартальныя) і аб’ектавыя; сярэдняга (да 0,3 МПа) і высокага (0,3—1,2 МПа) ціску. Прадукцыйнасць 0,5—50 тыс. м³/гадз.

На ГРП вядзецца ачыстка газу ад мех. прымесей, кантроль за ціскам і т-рай, улік расходу. ГРП будуюцца на тэр. гарадоў, інш. населеных пунктаў, прамысл. і камунальных прадпрыемстваў у асобных будынках або шафах. Для газазабеспячэння асобнага аб’екта (цэха, катла, печы і г.д.) выкарыстоўваюць газарэгулятарныя ўстаноўкі.

В.​В.​Арціховіч, В.​М.​Капко.

т. 4, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЙДУКО́ЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА ГЛІН І ПЯСКО́Ў,

у Мінскім р-не, за 34 км на ПнЗ ад Мінска, каля в. Гайдукоўка; адно з найб. на Беларусі. Разведана ў 1967, распрацоўваецца з 1984. Гліны стужачныя, азёрна-ледавіковыя, сярэднеплейстацэнавага ўзросту, запаўняюць катлавіну на паўн. схіле Мінскага ўзвышша. Разведаныя прамысл. запасы глін 34,8 млн. м³, перспектыўныя 50,1 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы глін 1,5—25,5 м, пяскоў, што залягаюць вышэй і выкарыстоўваюцца як дадатак да глін, 0,6—16,4 м. Ускрыша 0,2—1,8 м. Гліны прыдатныя на выраб цэглы і дрэнажных труб.

т. 4, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБІ́ЛЬНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, якія маюць дубільныя рэчывы (таніны) у колькасцях, дастатковых для прамысл. атрымання дубільных экстрактаў. Падзяляюцца на высока- (больш за 20%), сярэдне- (12—20%) і нізкатанінныя (менш як 12%). На Беларусі асн. Д.р. — дуб (у кары і драўніне 5—15% танінаў, выкарыстоўваецца ў дубільна-экстрактавай прам-сці), елка, розныя віды вербаў і інш.

Па месцы канцэнтрацыі танінаў у расліне адрозніваюць Д.р.: коравыя — дуб, елка, лістоўніца, вярба; лісцевыя — скумпія, бадан, герані, вятроўнік; драўнінныя — дуб, каштан; пладовыя — дуб; каранёвыя — драсён, шчаўе, рэвень; галавыя — дуб, вярба і інш.

т. 6, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРАДСКІ́ ПАСЁЛАК,

катэгорыя населенага пункта гар. тыпу, у якім не менш за 2 тыс. ж. і большасць з іх рабочыя, служачыя і члены іх сем’яў. На Беларусі ўведзены Указам Прэзідыума Вярх. Савета БССР ад 27.9.1938 «Аб класіфікацыі населеных пунктаў Беларускай ССР». Пры аднясенні пэўнага нас. пункта да гарадскога пасёлка ўлічваецца таксама яго адм. значэнне, наяўнасць прамысл. і камунальна-быт. прадпрыемстваў, сац.-культ. устаноў. Большасць гарадскіх пасёлкаў Беларусі ўтворана з б. мястэчак, некаторыя — з вял. сёл і вёсак. На 1.1.1996 на Беларусі 95 гарадскіх пасёлкаў.

т. 5, с. 47

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)