ВІНАГРА́ДАРСТВА,
1) галіна сельскай гаспадаркі, якая займаецца вырошчваннем вінаграду. Забяспечвае насельніцтва свежым і сушаным вінаградам (разынкамі, кішмішам, карынкай), а вінаробную (гл. Вінаробства) і кансервавую прам-сць сыравінай. Вінаградарства мае 4 вытв. кірункі: сталовае вінаградарства — вытв-сць свежага вінаграду для мясц. спажывання, вывазу і захоўвання; вінаградарства як сыравінная база вытв-сці сушанага вінаграду — вырошчванне кішмішна-разынкавых сартоў; вінаградарства як сыравінная база вінаробнай прамысловасці (выкарыстоўвае каля 80% усяго вінаграду) і кансервавай прамысловасці. Адрозніваюць вінаградарства ўкрыўное і неўкрыўное, арашальнае і неарашальнае, або багарнае, коранеўласнае і прышчэпленае на марозаўстойлівых і філаксераўстойлівых прышчэпах.
Вінаградарства з’явілася ў старажытнасці ў краінах Міжземнамор’я, Б. Усходу, Сярэдняй Азіі. Сусв. вытв-сць вінаграду складае штогод 57—60 млн. т. Больш як палову яго атрымліваюць у Італіі, Францыі, ЗША, Іспаніі, Турцыі. Далей ідуць Аргенціна, Іран, ПАР, Грэцыя, Румынія, Партугалія, Германія, Расія, Чылі, Аўстралія, Азербайджан, Бразілія, Малдова. Прамысл. вінаградарства развіта паміж 34—52° паўн. ш. і 20—40° паўд. ш. У Еўропе паўн. мяжа вырошчвання прамысл. вінаграду праходзіць праз Парыж, Льеж, Дзюсельдорф, Камянец-Падольскі, Саратаў. Прысядзібнае аматарскае вінаградарства пашыраецца далей на поўнач.
На Беларусі вінаград вядомы з 16 ст. Аматарскае вінаградарства адзначана ў большасці раёнаў, невял. вытворчае — у Пінскім, Столінскім, Хойніцкім і Мінскім. Найб. спрыяльныя для яго развіцця паўд. раёны Брэсцкай і Гомельскай абласцей (акрамя раёнаў, забруджаных радыенуклідамі ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС). Доследныя работы па селекцыі вінаграду на Беларусі праводзяцца ў Бел. НДІ пладаводства (в. Самахвалавічы Мінскага р-на). Беларусь атрымлівае вінаград пераважна з Малдовы. Прамысл. вінаградарства характарызуецца інтэнсіўнасцю, патрабуе вял. капіталаўкладанняў і значных затрат працы. У ім выкарыстоўваецца механізацыя многіх працаёмкіх работ: тэрасавання, плантажу, пасадкі, рыхлення міжрадкоўяў, унясення ўгнаенняў, укрывання і адкрывання кустоў, устаноўкі шпалераў, барацьбы са шкоднікамі і хваробамі і інш.
2) Навука аб біял. асаблівасцях вінаграду і спосабах яго вырошчвання; раздзел раслінаводства. Складаецца з агульнага вінаградарства (вывучае пытанні біялогіі, экалогіі і агратэхнікі вінаграду); прыватнага (распрацоўвае агратэхніку вінаграду ў розных глебава-клімат. умовах, для розных вытв. кірункаў, а таксама пры вырошчванні вінаграду ў цяпліцах); ампелаграфіі — навукі аб сартах і відах вінаграду; селекцыі вінаграду — навукі пра вывядзенне новых сартоў.
т. 4, с. 180