МЯШЧЭ́ЦКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 26 км на Пд ад г. Полацк. Пл. 0,7 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 530 м, найб. глыб. 6,5 м. Пл. вадазбору 49,8 км². Схілы катлавіны выш. 6—8 м (на З і ПнУ 3—4 м), спадзістыя, разараныя, на Пд параслі лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком, на Пд і Пн зліваюцца са схіламі. Берагавая лінія (даўж. 5,6 км) звілістая, утварае шэраг невял. заліваў. Дно да глыб. 1,5 м пясчанае, ніжэй — ілістае. Эўтрофнае. Уздоўж берагоў паласа надводнай расліннасці (шыр. 3—26 м, да глыб. 1,4—2 м). Упадае ручай з воз. Якаўскае, выцякае ручай у р. Дрыса.

т. 11, с. 85

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕ́ТАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА, Сеты,

возера ў Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дабрылаўка, за 11 км на Пн ад г. Глыбокае. Пл. 0,49 км², даўж. 1,7 км, найб. шыр. 410 м, найб. глыб. 19,8 м, даўж. берагавой лініі 4,9 км. Пл. вадазбору 4,7 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 2—5 м (на З і Пд 10—27 м), разараныя, часткова пад хмызняком, на ПдЗ пад лесам. На З, ПнЗ і ПнУ пойма шыр. 3—50 м: Берагі нізкія, пясчаныя, задзернаваныя. Ёсць залівы і паўастравы. Падводная ч. катлавіны мае 2 плёсы, раздзеленыя падняццем з глыб. 6 м. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае. Злучана канавай з воз. Загорскае.

т. 14, с. 355

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ТЛІНСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула, каля в. Хотліна, за 18 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,23 км², даўж. 1,31 км, найб. шыр. 320 м, найб. глыб. 4,9 м, даўж. берагавой лініі 4,4 км. Пл. вадазбору 97 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд. Схілы катлавіны на Пд і ПдУ выш. 15—20 м (на З 4—6 м), разараныя, на ПдУ пад лесам. Берагі нізкія, пясчаныя, зараслі водна-балотнай расліннасцю і хмызняком, месцамі сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно ілістае. Зарастае да глыб. 2,2 м. Праз возера цячэ р. Свяча, якая на Пн злучае яго з воз. Маеўскае.

т. 17, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХО́ЦЬКАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА.

У Бешанковіцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Свінка (цячэ праз возера), каля в. Доўгае, за 12 км на ПдЗ ад г.п. Бешанковічы. Пл. 0,22 км², даўж. 1,13 км, найб. шыр. 270 м, найб. глыб. 4,3 м, даўж. берагавой лініі 2,4 км. Пл. вадазбору 28,3 км². Катлавіна лагчыннага тыпу, выцягнута з Пн на Пд. Схілы катлавіны выш. 7—10 м (на Пн 4—5 м), пераважна разараныя або пад пашай, на ПдУ параслі лесам. Берагі на З высокія, на У нізкія, месцамі абразійныя, на Пн і Пд сплавінныя (шыр. сплавіны да 50 м). На Пн і Пд пойма шыр. да 100 м. Дно выслана гліністым ілам. Зарастае.

т. 17, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАМЯРЫ́ЦА,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Лукомка (прыток Улы), за 1,5 км на З ад в. Антаполле, за 26 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,54 км², даўж. 1,52 км, найб. шыр. 460 м, найб. глыб. 2,5 м, даўж. берагавой лініі 3,58 км. Пл. вадазбору 4,2 км². Катлавіна рэшткавага тыпу, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Схілы катлавіны выш. 4—7 м, абрываюцца ўступам выш. 1,5—2,5 м, на Пд разараныя, на Пн пад лесам. Берагі нізкія, сплавінныя, парослыя хмызняком, на Пн пад лесам. Пойма затарфаваная і парослая хмызняком, на Пн пад лесам. Дно сапрапелістае, на Пд вузкая паласа пясчаных адкладаў, выслана падводнай расліннасцю. Выцякае ручай у воз. Чарэйскае.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧО́РНАЕ ВО́ЗЕРА У Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Галбіца, каля в. Чорнае, за 27 км на У ад г. Паставы. Пл. 0,36 км², даўж. 1,5 км, найб. шыр. 500 м, найб. глыб. 31,5 м, даўж. берагавой лініі 3,83 км. Пл. вадазбору 9,39 км². Катлавіна падзяляецца на 2 плёсы, выцягнутая з ПдУ на ПнЗ. Схілы катлавіны выш. да 6 м, спадзістыя, пад хмызняком і лугам, участкамі на У і З разараныя. Берагі нізкія, пясчана-тарфяністыя, на ПнУ і ПдЗ забалочаныя. Дно да глыб. 5 м пясчанае, ніжэй ілістае. Зарастае ўздоўж берагоў і на мелкаводдзі паміж плёсамі, шыр. паласы расліннасці да 120 м. Упадае ручай, выцякае ручай у р. Чэртка.

т. 17, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́КАН (Yukon),

плато ў сістэме Унутр. пояса Кардыльераў Паўн. Амерыкі, у ЗША (штат Аляска) і Канадзе. Буйныя масівы з плоскімі вяршынямі (выш. да 1500—2000 м), асобныя тэктанічныя катлавіны. Горныя масівы складзены пераважна з крышт. парод і маладых вулканічных покрываў. Дно катлавін размешчана на выш. 200—500 м, укрыта рыхлымі антрапагенавымі адкладамі. Радовішчы медзі, свінцу, кам. вугалю, нафты, золата. Клімат субарктычны, кантынент., на З больш мяккі. Сярэдняя т-ра студз. да -30 °C, ліп. 10—15 °C. Ападкаў да 300 мм за год. Разгалінаваная сетка рэк бас. Юкан і Кускаквім. На тэрасах і прыдалінных схілах да выш. 400 м — хвойныя лясы, вышэй рэдкалессі і гарнатундравая расліннасць.

т. 18, кн. 1, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛО́БА, Волаба,

возера ў Беларусі, у Расонскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Дрыса, за 34 км на У ад г.п. Расоны. Пл. 3,39 км², даўж. 4,62 км, найб. шыр. 1,4 км, найб. глыб. 9,9 м, даўж. берагавой лініі 17,1 км. Пл. вадазбору 56,5 км².

Катлавіна складанай формы, з мноствам заліваў, ляжыць сярод маляўнічых азёр, аб’яднаных пратокамі з р. Дрыса. Схілы катлавіны выш. 5—15 м, пад лесам, на З разараныя. Берагі пясчаныя, на У зліваюцца са схіламі. 9 астравоў агульнай пл. 7 га. Прыбярэжная зона да глыб. 3—4 м (у зах. частцы да 5—7 м) пясчаная. Зарастае ўздоўж берагоў. Упадае р. Студзёніца, злучана шырокай і глыбокай пратокай з воз. Сіньша. Месца адпачынку і турызму.

т. 3, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́МЕЛЬ,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 18 км на Пд ад г. Полацк. Уваходзіць ва Ушацкую групу азёр. Пл. 3,46 км², даўж. 3,4 км, найб. шыр. 1,2 км, найб. глыб. 23 м, даўж. берагавой лініі 11,7 км. Пл. вадазбору 744 км².

Схілы катлавіны выш. 4—8 м, на ПдЗ да 18 м, пераважна разараныя, у ніжняй ч. параслі хмызняком. Берагі пясчаныя, участкамі галечныя і камяністыя. Дно паўн. плёса плоскае, паўд. больш глыбокае, лейкападобнае са стромкімі схіламі. Мелкаводдзе пясчанае і пясчана-галечнае. У паўд. заліве востраў пл. 0,1 га. Шыр. паласы расліннасці да 100 м. Упадае ручай з воз. Канашы, злучана пратокай з воз. Зашчаты, сцёк па пратоцы ў воз. Суя.

т. 5, с. 331

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАНІ́ЧНАЕ МО́РА,

цэнтральная частка Міжземнага м. паміж Балканскім і Апенінскім п-вамі, а-вамі Крыт і Сіцылія. Злучана на Пн пралівам Отранта з Адрыятычным м., на З Месінскім пралівам з Тырэнскім м. Пл. 169 тыс. км². Найб. глыб. 5121 м (найб. для Міжземнага м.). Берагі вельмі парэзаныя. Вял. залівы Патраікос, Карынфскі (Грэцыя), Таранта (Італія). На У — Іанічныя а-вы. Дно ў выглядзе катлавіны, донныя асадкі — пераважна глей, глеісты пясок, пясок, ракушачнік. Паверхневыя цячэнні ўтвараюць цыкланальны кругаварот, скорасць каля 1 км/гадз. Т-ра вады ад 14 °C у лют. да 25,5 °C у жніўні. Салёнасць больш за 38 ‰. Прылівы паўсутачныя (да 0,4 м). Рыбалоўства (скумбрыя, чырвоны тунец, камбала, кефаль). Гал. парты: Патры, Керкіра (Корфу; Грэцыя), Таранта, Катанія (Італія).

т. 7, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)