КАРАВА́ЕЎ (Алег Мікалаевіч) (20.5.1936, Мінск — 23.8.1978),

бел. спартсмен (грэка-рым. барацьба, паўлёгкая вага). Засл. майстар спорту СССР (1958). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1965). З 1971 трэнер ДСТ «Буравеснік» (Мінск). Чэмпіён Алімп. гульняў (1960, Рым), свету (1958, Будапешт; 1961, г. Іакагама, Японія), СССР (1956—60, 1962), Спартакіяды народаў СССР (1956, 1959) у асабістым першынстве. Чэмпіён СССР у камандным першынстве (1960). Пераможца і прызёр міжнар. і ўсесаюзных спаборніцтваў.

т. 8, с. 41

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БА́ЕР»

(Bayer A.G.),

хімічны канцэрн у Германіі. Засн. ў 1863, наз. «Фрыдрых Баер энд компані», з 1972 — сучасная назва. Адыграў значную ролю ў стварэнні лекавых прэпаратаў (аспірын, люмінал і інш.) і вытв-сці сінт. каўчуку. Мае каля 120 прадпрыемстваў у 40 краінах (ЗША, Нідэрланды, Італія, Іспанія, Японія і інш.), яму належаць найб. хім. комплексы Германіі і Бельгіі. Асн. прадукцыя: хімікаты, сінт. каўчук, штучныя матэрыялы, поліурэтан, фарбы, хім. валакно, лекавыя прэпараты і сродкі аховы раслін.

т. 2, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫВА́ВАЯ ПО́МСТА,

звычай, што склаўся пры радавым ладзе як універсальны сродак абароны гонару, годнасці і маёмасці роду. Заключаўся ў абавязку родных забітага адпомсціць забойцу або яго родным. К. п. забаранялася, калі забойства было ўчынена па неасцярожнасці або выпадкова. К. п. існавала ў многіх краінах і рэгіёнах, а ў некаторых з іх (Албанія, Сербія, Паўд. Італія, Корсіка, Японія і інш.) захавалася да 20 ст. У Расійскай імперыі найдаўжэй захоўвалася ў некаторых народаў Каўказа і Сярэдняй Азіі.

т. 8, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ ЭКАНАМІ́ЧНАГА СУПРАЦО́ЎНІЦТВА І РАЗВІЦЦЯ́ (Organization for Ekonomic Cooperation and Development; АЭСР),

міждзяржаўная арг-цыя. Створана ў 1961 у Парыжы. Уваходзяць 18 еўрап. краін, а таксама ЗША, Канада, Аўстралія, Новая Зеландыя, Японія, Турцыя (1994). Асн. мэты арг-цыі — імкненне да эканам. росту, павышэння ўзроўню жыцця і занятасці насельніцтва, падтрыманне фін. стабільнасці праз лібералізацыю міжнар. гандлю і руху капіталу, праз каардынацыю эканам. дапамогі менш развітым краінам. Кожная краіна-ўдзельніца прадстаўлена пастаяннай дэлегацыяй у Савеце АЭСР. Штаб-кватэра ў Парыжы.

т. 1, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАПІТУЛЯ́ЦЫЯ (позналац. capitulatio ад capitulo дамаўляюся),

1) спыненне ваен. дзеянняў адным з ваюючых бакоў і здача яго ўзбр. сіл.

2) Здача асобных гарнізонаў, акружаных груповак на ўмовах, прадыктаваных пераможцам, або ўзгодненых перагаворамі. Адзін з відаў К. — безагаворачная; азначае прызнанне поўнага разгрому і перадачу пераможцу ўсяго ўзбраення і тэхнікі ў якасці трафеяў, а асабовага складу ў якасці палонных. Напр., у 1945 Германія і Японія падпісалі акты пра безагаворачную К. ў выніку разгрому іх у 2-й сусв. вайне.

т. 8, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДНІНА́ (Ірына Канстанцінаўна) (н. 12.9.1949, Масква),

расійская спартсменка (фігурнае катанне на каньках). Засл. майстар спорту (1969). Скончыла Цэнтр. ін-т фіз. культуры (1974, Масква). Трэнер-выкладчык. Чэмпіёнка XI, XII і XIII зімовых Алімп. гульняў (1972, г. Сапара, Японія; 1976, г. Інсбрук, Аўстрыя; 1980, г. Лейк-Плэсід, ЗША) у спаборніцтвах спарт. пар. Чэмпіёнка свету і Еўропы (1969—78), СССР (1970, 1971, 1973, 1974, 1975, 1977). У 1968—72 выступала з А.​Уланавым, з 1973 — з А.​Зайцавым.

т. 13, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮДЖЭ́ТНЫ ГОД,

заканадаўча ўстаноўлены гадавы тэрмін складання, зацвярджэння і выканання бюджэту. У большасці краін бюджэтны год адпавядае каляндарнаму (Беларусь, Канада, Расія, Украіна, Францыя, ФРГ і інш.), у некаторых ахоплівае перыяд з 1 ліп. да 30 чэрв. (ЗША, Швецыя, Нарвегія і інш.), а ў іншых — з 1 крас. да 31 сак. (Вялікабрытанія, Данія, Індыя, Японія і інш.). Існуюць і інш. тэрміны бюджэтнага году. Але ў многіх краінах намячаецца пераход тэрміну бюджэтнага году да каляндарнага, што спрошчвае эканам. прагназаванне даходаў і расходаў дзярж. бюджэтаў.

т. 3, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІСІКА́ВА (Такубоку) (сапр. Хадзімэ Такубоку; 28.10.1885, Хінота, прэфектура Іватэ, Японія — 13.4.1912),

японскі пісьменнік. Уваходзіў у літ. т-ва «Новая паэзія». Вядомасць прынеслі зб-кі «Жменя пяску» (1910), «Свіст і свісток» (1911), «Самотная цацка» (1912). Пісаў у традыц. форме танка і свабодным белым вершам. Паэзія І. шматгранная — ад любоўнай і пейзажнай лірыкі да паліт. вершаў, ад матываў песімізму да твораў, прасякнутых верай у лепшае будучае. Аўтар раманаў «Лёс таленту» (1906), «Наша група і ён» (1912) і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. лирика. М., 1971.

т. 7, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРАЛЕ́ВЫ МОД ЗЯМЛЯ́ (Queen Maud Land),

частка Усх. Антарктыды паміж 20° зах. і 45° усх. д. На Пн абмываецца морамі Лазарава, Рысер-Ларсена і Касманаўтаў. Паверхня магутнага ледавіка ўздымаецца на Пд да выш. 3500 м. Берагі ўяўляюць сабой шэльфавыя ледавікі. У прыбярэжнай ч. асобныя горныя хрыбты і вяршыні ўзнімаюцца над паверхняй ледавіка і дасягаюць вышыні больш за 3000 м. Дзейнічаюць навук. станцыі: Новалазараўская (Расія), САНАЭ (Паўд.-Афр. Рэспубліка), Сёва (Японія). Адкрыта ў 1930 нарв. экспедыцыяй Я.​Рысер-Ларсена. Названа ў гонар нарв. каралевы.

т. 8, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКО́БЛІКАВА (Лідзія Паўлаўна) (н. 8.3.1939, г. Златауст Чэлябінскай вобл., Расія),

расійская спартсменка (канькабежны спорт). Засл. майстар спорту (1960). Скончыла Чэлябінскі пед. ін-т (1965). Чэмпіёнка VIII і IX зімовых Алімп. гульняў (1960, г. Скво-Вэлі, ЗША — на дыстанцыях 1500 і 3000 м; 1964, г. Інсбрук, Аўстрыя — на дыстанцыях 500, 1000, 1500 і 3000 м). Абс. чэмпіёнка свету (1963, Японія; 1964, Швецыя), 25-разовая чэмпіёнка свету (1960—69), 15-разовая — СССР (1960, 1962, 1968, 1969), шматразовая рэкардсменка свету (1960, 1963, 1967, 1968) на асобных дыстанцыях.

т. 14, с. 465

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)