ВАНДЭРВЕ́ЛЬДЭ ((Vandervelde) Эміль) (25.1.1866, Іксель, Бельгія — 27.12.1938),

палітычны дзеяч Бельгіі, юрыст, эканаміст. З 1885 чл. Бельгійскай сацыяліст. партыі, з 1933 яе старшыня. Адзін з заснавальнікаў (1889) і кіраўнікоў Інтэрнацыянала 2-га (старшыня выканкома ў 1900—14). З 1894 дэп. парламента, з 1914 чл. урада. У 1918—37 неаднаразова займаў пасады міністра юстыцыі, замежных спраў, аховы здароўя. Прадстаўнік Бельгіі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, падпісаў Версальскі мірны дагавор 1919. У 1922 прысутнічаў як абаронца на працэсе правых эсэраў у Маскве. У якасці міністра замежных спраў падпісаў Лакарнскія дагаворы 1925. У 1929—36 старшыня Сацыялістычнага рабочага інтэрнацыянала. У сваіх працах выступаў за спалучэнне марксісцкіх ідэй і рэфармісцкіх метадаў.

т. 3, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАКО́ЎЦАЎ (Уладзімір Мікалаевіч) (18.4.1853, г. Ноўгарад, Расія — 1943),

расійскі дзярж. дзеяч. Граф (1914). Скончыў Аляксандраўскі ліцэй (1872). Працаваў у Мін-ве юстыцыі (1873—79), гал. турэмным упраўленні МУС (1879—90), Дзярж. канцылярыі (1890—96). У 1896—1902 таварыш міністра фінансаў С.​Ю.​Вітэ, у 1902—04 дзярж. сакратар. У 1904—14 (з перапынкам у 1905—06) міністр фінансаў. Пасля забойства П.А.Сталыпіна старшыня Савета Міністраў (вер. 1911 — студз. 1914, адначасова і міністр фінансаў). Выступаў за працяг унутрыпаліт. курсу Сталыпіна, умацаванне рас.-франц. саюзу, змякчэнне супярэчнасцей паміж Расіяй і Германіяй. Пазней буйны банкір. З 1918 жыў у Францыі. Аўтар успамінаў (т. 1—2, 1933).

т. 7, с. 444

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РА ((Moro) Альда) (23.9.1916, г. Малье, Італія — 9.5.1978),

італьянскі дзярж. і паліт. дзеяч. Юрыст. Праф. крымін. права ун-та г. Бары. Чл. (з 1946), паліт. сакратар (1959—62), старшыня (з 1976) Хрысц.-дэмакр. партыі; узначальваў яе левае крыло, імкнуўся аб’яднаць намаганні хрысц. дэмакратаў і сацыялістаў у парламенце. Чл. палаты дэпутатаў італьян. парламента (з 1948). У 1948—58 нам. міністра замежных спраў, міністр юстыцыі, нар. адукацыі. У 1969—72 і 1973—74 міністр замежных спраў, у 1963—68 і 1974—76 прэм’ер-міністр Італіі. 16.3.1978 выкрадзены і пазней забіты тэрарыстамі з т.зв. «чырвоных брыгад». Аўтар прац па розных аспектах юрыд. навукі.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ НАЦЫЯНА́ЛЬНАЯ РА́ДА,

цэнтральны орган цывільнай паўстанцкай улады ў Польшчы ў час паўстання 1794. Утворана Д.Касцюшкам 28.5.1794 у Варшаве. У яе склад уваходзілі начальнік паўстання (Касцюшка), 8 радцаў і 32 намеснікі радцаў. Падзялялася на 8 аддзелаў: парадку, бяспекі, юстыцыі. скарбу, харчавання, вайсковых патрэб, замежных інтарэсаў, нац. інструкцыі. Складалася са шляхты і мяшчан, сярод іх былі прадстаўнікі прагрэсіўнага шляхецка-буржуазнага блока (Г.Калантай, І.​Патоцкі, І.​Закшэўскі). Паміж рэвалюцыйна настроенымі дзеячамі («якабінцамі») і памяркоўнымі рэфарматарамі ўвесь час ішла паліт. барацьба. 12.10.1794 пасля паланення Касцюшкі рада прызначыла начальнікам паўстання Т.​Ваўжэцкага. Спыніла сваю дзейнасць 4.11.1794 перад капітуляцый Варшавы войску А.​В.​Суворава.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 129

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСКЕ́РКА (Сцяпан Міхаіл) (12.9.1712, Навагрудчына — ?),

эканаміст, юрыст. Вучыўся ў Слуцкай гімназіі. Працягваў адукацыю ў Кёнігсбергу і Берліне, але з-за ганенняў езуітаў на яго бацькоў вымушаны вярнуцца на радзіму і прыняць каталіцкую веру. З 1733 зноў у Прусіі, саветнік юстыцыі караля Фрыдрыха II. У 1760 напісаў эканам. трактат «Неабавязковы план хутчэйшага асваення абложных зямель Брандэнбургскай маркі» (захоўваецца ў Рас. нац. б-цы ў С.-Пецярбургу, у бел. перакладзе выдадзены ў 1995). Аскерка ўпершыню ўвёў у навук. ўжытак слова «план», выказаў ідэі, якія адыгралі важную ролю ў фарміраванні т.зв. «прускага» шляху развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы.

Літ.:

Янченко С. Не все могут короли: Прусский монарх прислушивался к советнику-белорусу // Дело. 1993. № 4.

С.​Я.​Янчанка.

т. 2, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯЎКО́Ў (Максім Архіпавіч) (12.5.1894, в. Кавалі Акцябрскага р-на Гомельскай вобл. — 29.10.1937),

дзяржаўны дзеяч БССР. З 1918 ваенны камісар Рудабельскай вол. Бабруйскага пав., кіраўнік партыз. руху ў павеце. З канца 1920 ваенком Бабруйскага пав., старшыня Замошскага валвыканкома. З 1929 у ЦКК КП(б), з 1931 нарком юстыцыі і пракурор БССР, старшыня Цэнтр. камісіі па справах б. чырвонагвардзейцаў і чырв. партызан, з 1933 сакратар ЦВК БССР. З 1927 канд. у чл. ЦК, у 1932—37 чл. ЦК КП(б)Б. Чл. ЦВК БССР у 1920—22, 1929—37, чл. Прэзідыума ЦВК БССР у 1931—37. 13.7.1937 арыштаваны органамі НКУС па абвінавачанні ў контррэв. дзейнасці і Ваен. калегіяй Вярх. суда СССР засуджаны да расстрэлу. У 1957 рэабілітаваны.

т. 9, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАВА́ЛЬ ((Laval) П’ер) (26.6.1883, Шатэльдон, Францыя — 15.10.1945),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч, дыпламат. Адвакат. Дэп. парламента (1914—26), сенатар (1927—40). Міністр грамадскіх работ (1925), юстыцыі (1926), працы (1930, 1932), калоній (1934), замежных спраў (1932, 1934—35, 1935—36) і прэм’ер-міністр Францыі (1931—32, 1935—36). Ад імя Францыі падпісаў Лаваля—Мусаліні пагадненні 1935, пакты аб узаемадапамозе з СССР (2.5.1935) і Чэхаславакіяй (16.5.1935). У 2-ю сусв. вайну дзярж. міністр ва ўрадзе А.Ф.Петэна (чэрв.ліп. 1940), нам. прэм’ер-міністра (ліп.снеж. 1940), міністр замежных спраў (кастр.снеж. 1940) і прэм’ер-міністр урада «Вішы» (1942—44). З канца 1944 у Германіі. У 1945 перададзены амер. вайскоўцамі ўладам Францыі, засуджаны і пакараны смерцю як галоўны франц. калабарацыяніст.

т. 9, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПРА́ЎЧА-ПРАЦО́ЎНЫЯ ЛА́ГЕРЫ (ППЛ) у СССР, дзе адбывалі пакаранне грамадзяне, асуджаныя судамі ці пазасудовымі органамі па абвінавачанні ў контррэвалюц. і агульнакрымін. злачынствах. Ствараліся паводле пастановы СНК СССР ад 7.4.1930, існавалі да канца 1950-х г. Знаходзіліся ў падпарадкаванні рэсп. АДПУ, з 1934 — НКУС СССР. З’яўляліся асн. адзінкай сістэмы ГУЛАГа, складалі каля 80% усіх яго лагераў. Зняволеныя ў ППЛ выкарыстоўваліся на буд-ве Беламорска-Балтыйскага канала, Дняпроўскай ГЭС, Магнітагорска, інш. буйных будоўлях. У 1939 у СССР налічвалася 180 ППЛ. Наяўнасць ППЛ на Беларусі дакументальна не пацверджана, але іх кантынгент выкарыстоўваўся ў Аўтадарлагу на буд-ве шашы Мінск—Масква ў 1930-я г. У кастр. 1956—крас. 1957 ППЛ выведзены з падпарадкавання МУС і падначалены Мін-ву юстыцыі СССР.

І.​М.​Кузняцоў.

т. 12, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЭЦЭДЭ́Т [ад лац. praecedens (precedentis) папярэдні)] судовы, вынесенае судом па канкрэтнай справе рашэнне, абгрунтаванне якога становіцца правілам, абавязковым для ўсіх судоў той жа або ніжэйшай інстанцыі пры вырашэнні аналагічнай справы. П. адыгрываў важную ролю ўжо ў рымскай юстыцыі. У некат. краінах (напр., у Вялікабрытаніі, большасці штатаў ЗША, Канадзе, Аўстраліі) П. прызнаецца крыніцай права і ляжыць у аснове прававой сістэмы. У адпаведнасці з дактрынай, што пануе ў гэтых краінах, суддзя не стварае прававой нормы, а на падставе П. фармулюе толькі тое, што вынікае з агульных пачаткаў права. У інш. краінах П. мае значэнне для рашэння пытанняў прымянення права, для папаўнення прагалаў у законе, прызнання звычаю. На аснове П. ўносяцца асобныя дапаўненні ў дзеючае заканадаўства, даецца тлумачэнне закона.

т. 13, с. 98

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

sprawiedliwość

sprawiedliwoś|ć

ж.

1. справядлівасць;

2. правасуддзе;

wymiar ~ci — правасуддзе;

ministerstwo ~ci — міністэрства юстыцыі;

oddać komu ~ć — аддаць каму належнае

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)