КАРДЫ́СКІ МІ́РНЫ ДАГАВО́Р 1661 Падпісаны паміж Расіяй і Швецыяй 1 ліп. ў мяст. Кардыс

(цяпер Кярдэ каля г. Тарту, Эстонія). Канчаткова завяршыў рас.-швед. вайну 1656—58. Апынуўшыся ў неспрыяльных умовах (шэраг паражэнняў ад войск Польшчы і ВКЛ, заключэнне Аліўскага міру 1660 паміж Рэччу Паспалітай і Швецыяй),

Расія ў абмен на згоду Швецыі не дапамагаць Рэчы Паспалітай у вайне Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 саступала Швецыі гарады, якія раней утрымлівала паводле Валіесарскага дагавора 1658 і пагаджалася на аднаўленне рас.-швед. мяжы, устаноўленай Сталбоўскім мірам 1617 (без выхаду да Балтыйскага м.). У 1683 дагавор пацверджаны без змен.

т. 8, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІТС ((Kits) Эльмар) (27.4.1913, г. Тарту, Эстонія — 24.3.1972),

эстонскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1971). Скончыў Вышэйшую маст. школу «Палас» у Тарту (1939). У 1940—41 выкладаў у Вышэйшай маст. школе ў Тарту, у 1944—49 у Таргускім маст. ін-це. Працаваў у тэматычнай карціне, пейзажы, нацюрморце, партрэце. Творчасці ўласцівы свабодная жывапісная манера і тонкасць каларыстычных вырашэнняў: «Згарэлы горад» (1943), «Начная хабанера» (1944), «Кемскі парог» (1955—56), аўтапартрэт (1956), «Паводка ў Валгаметсе» (1960), трыпціх «Музыка, балет, выяўленчае мастацтва» (1961—62), «Будаўнікі», «У.​І.​Ленін» (абодва творы 1969, Дзярж. прэмія Эстоніі 1970) і інш.

Э.Кітс. Кемскі парог. 1955.

т. 8, с. 312

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛІНКО́ВІЧ (Алег Рыгоравіч) (н. 11.5.1948, г. Пайдэ, Эстонія),

бел. хімік-арганік. Д-р хім. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БДУ (1971), дзе і працуе. Навук. працы па хіміі напружаных аліцыклічных злучэнняў, метадах сінтэзу прыродных і біялагічна актыўных рэчываў. Адкрыў рэакцыю ўзаемадзеяння эфіраў карбонавых к-т з алкілмагнійгалагенідамі ў прысутнасці алкаксідаў тытану (рэакцыя К., 1988), якая выкарыстоўваецца ў арган. сінтэзе.

Тв.:

Карбеновые методы введения ацильных и ацилметильных групп в органические молекулы // Успехи химии. 1989. Т. 58, вып. 8;

Активированные циклопропаны в синтезе пятичленных карбо- и гетероциклов // Там жа. 1993. Т. 62, вып. 9.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 9, с. 7

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮСТРА́ЦЫЯ (ад лац. lustratio ачышчэнне ахвярапрынашэннем),

1) агульная назва рэліг. абрадаў, звязаных з уяўленнямі пра ачышчальную, душавыратавальную сілу магічных дзеянняў, рытуалаў.

2) У шэрагу ўсх.-еўрап. дзяржаў (Венгрыя, Чэхія, Эстонія, Латвія, Румынія) Л. — працэдура праверкі асоб, якія займаюць адказныя дзярж. пасады, а таксама кандыдатаў на гэтыя пасады на прадмет іх прыналежнасці ў мінулым да кіраўніцтва камуніст. партый, службаў дзярж. бяспекі або супрацоўніцтва з гэтымі службамі. Праверка праводзіцца на падставе закону аб Л. Калі выяўлена супрацоўніцтва асобы з рэжымам, ёй прапаноўваецца добраахвотная (з захаваннем тайны выяўленых фактаў) або прымусовая (з публічным абнародаваннем кампраметуючай інфармацыі) адстаўка.

т. 9, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«МА́Ю ГО́НАР»,

грамадскае аб’яднанне мастакоў-беларусаў Балтыі. Засн. ў 1991. Праводзіць культ.-асв. работу, садзейнічае развіццю і ўмацаванню творчых узаемасувязей, аказвае дапамогу мастакам. У 1999 у аб’яднанне ўваходзілі: В.​Целеш (старшыня), К.​Вольская, М.​Гаўрыловіч, Г.​Зашчырынская, Л.​Лойка, В.​Малышчыц, В.​Маркевіч, Т.​Насенка, М.​Чырыч (усе Латвія), А.​Аблажэй, К.​Балаховіч, А.​Поклад, С.​Поклад (усе Літва), М.​Астравумава (Эстонія), Я.​Кузьміцкі (Швецыя), В.​Драздоўскі, Ю.​Казак, А.​Кірвель, Ю.​Рудак, В.​Сівуха, Я.​Чарнякевіч (усе Санкт-Пецярбург). У 1992 у Мінску адбылася выстаўка твораў мастакоў аб’яднання.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЖСКІ ЗАЛІ́Ў.

У Балтыйскім м., каля берагоў Латвіі і Эстоніі. Аддзелены ад адкрытай ч. мора Курземскім п-вам і а-вамі Маанзундскага архіпелага, злучаецца з ёй Ірбенскім пралівам і мелкаводным бас. Вяйнамеры. Пл. 18,1 тыс. км², даўж. 174 км, глыб. да 67 м. У цэнтр. ч. заліва пясчаная водмель Грэтагрунд з в-вам Рухну; у паўн. — дробныя а-вы Абрука, Кіхну і інш. Берагі нізінныя, пясчаныя з градамі дзюн і берагавых валоў (выш. да 20—30 м). Ледастаў ад снеж. да красавіка. Буйны порт — Рыга, гарады-курорты Юрмала (Латвія) і Пярну, на в-ве Саарэмаа г. Курэссаарэ (Эстонія).

т. 13, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЁНТАК (Казімір) (н. 21.10.1914, г. Валга, Эстонія),

рымска-каталіцкі царк. дзеяч Беларусі. Скончыў Вышэйшую духоўную семінарыю імя Фамы Аквінскага ў Пінску (1939). У 1939—44 в.а. пробашча парафіі ў Пружанах. У крас. 1941 арыштаваны і зняволены на 2 месяцы ў брэсцкую турму. У снеж. 1944 зноў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў, зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да пастырскай дзейнасці, з 1.12.1954 пробашч парафіі ў Пінску. З 13.4.1991 архібіскуп, мітрапаліт мінска-магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай рымска-каталіцкай епархіі. 26.11.1993 ад папы Іаана Паўла 11 атрымаў званне кардынала.

С.​Ф.​Адамовіч.

К.Свёнтак.

т. 14, с. 255

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЙЫ́ГІ ((lõgi) Олеў Адавіч) (9.1.1919, в. Веске на в-ве Саарэмаа, Эстонія — 27.1.1989),

эстонскі літ.-знавец, перакладчык. Засл. пісьменнік Эстоніі (1978). Скончыў Тартускі ун-т (1956). Аўтар зб-каў літ.-крытычных артыкулаў «Літаратурныя каардынаты» (1963), «Зыб на вадзе» (1973), «Барозны і цені» (1975, Літ. прэмія імя Ю.​Смуула 1976). Перакладаў з бел., рус. і польск. моў. Удзельнічаў у выданні на эст. мове выбр. вершаў Я.​Купалы (1966), Я.​Коласа (1968). Пераклаў на эст. мову зб. апавяданняў «Сірочы хлеб», аповесць «Апошняя сустрэча» Я.​Брыля, аповесць «Трэцяя ракета» В.​Быкава, раманы «Людзі на балоце» і «Подых навальніцы» І.​Мележа, трылогію «На ростанях» Я.​Коласа. Літ. прэмія Эстоніі 1971.

т. 7, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́АЛЬ ((Kaal) Ану) (н. 4.11.1940, Талін),

эстонская спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана). Нар. арг. СССР (1981). Скончыла Талінскую кансерваторыю (1968). З 1963 артыстка хору, з 1967 салістка т-ра оперы і балета «Эстонія» (Талін). Сярод партый: Джыльда, Віялета («Рыгалета», «Травіята» Дж.​Вердзі), Лючыя («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Раксана («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Тамберга), Канстанца, Царліна, Царыца Ночы («Выкраданне з сераля», «Дон Жуан», «Чароўная флейта» В.​А.​Моцарта); партыі сапрана ў буйных вак.-сімф. творах — «Страсці па Іаану» І.​С.​Баха, «Поры года» І.​Гайдна, «Stabat mater» Дж.​Б.​Пергалезі, «Азарэнні» Б.​Брытэна і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.​І.​Глінкі (1968). Прэмія Г.​Отса 1979.

т. 7, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЁЛЕР ((Köler) Іохан) (8.3.1826, Вастэмыйза Вільяндзіскага пав., Эстонія — 22.4.1899),

эстонскі жывапісец і акварэліст, заснавальнік нац. школы жывапісу. Скончыў Пецярбургскую АМ (1855). У 1857—62 вучыўся і працаваў у Рыме і Парыжы. З 1862 у Пецярбургу. Выкладаў у школе Т-ва заахвочвання мастакоў (1862—63) і АМ (1869—70, з 1867 праф.). Пісаў пераважна камерныя і парадныя партрэты, рэліг. і міфалагічныя кампазіцыі. Сярод твораў: «Геркулес выводзіць Цэрбера з пекла» (1855), аўтапартрэт (1859), «Дзяўчынка ля крыніцы» (1859—61), партрэты бацькі і маці мастака (1857—64), «Абуджэнне ад чароўнага сну, або Эстонская легенда» (1864—65), «Ева з гранатам» (1879—80), «Праклён Ларэляў манахамі» (1887) і інш.

т. 8, с. 243

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)