ВАЛАТО́Н ((Vallotton) Фелікс) (28.12.1865, г. Лазана, Швейцарыя — 29.12.1925),

швейцарскі графік і жывапісец. Вучыўся ў акадэміі Жуліяна ў Парыжы (з 1882). Працаваў у Францыі. Зазнаў уплыў М.Дэні, П.Банара. Аўтар графічных партрэтаў («Дастаеўскі», 1895) і серыі з жыцця Парыжа («Гісторыя аднаго злачынства», «Інтымнасць»), выкананых пераважна ў тэхніцы ксілаграфіі, выразнасць якіх будуецца на спалучэнні лаканічных белых і чорных плям. Яго жывапісу ўласцівы дэкаратыўнасць кампазіцыі, лінейнасць малюнка, мяккасць колеравага тону («Купанне летнім вечарам», 1892; «Пейзаж з дрэвамі», 1911).

Ф.Валатон. Пейзаж з дрэвамі. 1911.

т. 3, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЁКЛІН ((Böcklin) Арнольд) (16.10.1827, г. Базель, Швейцарыя — 16.1.1901),

швейцарскі жывапісец, прадстаўнік сімвалізму. Вучыўся ў Дзюсельдорфе, Бруселі, Жэневе, Парыжы (1845—48). У 1850—57 жыў у Італіі. Аўтар карцін на міфал. і гіст. сюжэты, пейзажаў, партрэтаў. Сярод твораў: «Трытон і Нерэіда» (1873—74), «Востраў мёртвых» (1880), «Паляванне Дыяны» (1863), «Віла каля мора» (1864), «Кентаўр і Німфа» (1865), «Гульня хваляў» (1883), «Вайна» (1896) і інш. Зрабіў уплыў на фарміраванне ням. сімвалізму і «югендстылю».

Я.​Ф.​Шунейка.

А.Бёклін. Востраў мёртвых. 1880.

т. 3, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ЕР ((Meyer) Конрад Фердынанд) (11.10.1825, г. Цюрых, Швейцарыя — 28.11.1898),

швейцарскі пісьменнік. Пісаў на ням. мове. Дэбютаваў зб. вершаў «Дваццаць балад» (1864). Прадуманай кампазіцыяй і лаканізмам вызначаюцца гіст. паэма «Апошнія дні Гутэна» (1871), навелы «Амулет» (1873), «Святы» (1880), «Паж Густава Адольфа» (1882), «Жаніцьба манаха» (1884) і інш. У праблемным рамане «Юрг Енач» (1876) стварыў глыбокія рэаліст. вобразы. У зб. «Вершы» (1892) прыкметы сімвалізму.

Тв.:

Рус. пер. — Новеллы. Стихотворения. М., 1958;

Юрг Иенач. М., 1970.

Л.​П.​Баршчэўскі.

т. 9, с. 498

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЛЕР ((Müller) Паўль Герман) (12.1.1899, г. Ольтэн, Швейцарыя — 12.10.1965),

швейцарскі хімік. Скончыў Базельскі ун-т (1925). З 1925 у даследчай лабараторыі фірмы «Гейгі» у г. Базель (з 1946 віцэ-дырэктар). Навук. працы па хім. сродках аховы раслін. Устанавіў, што некат. арган. злучэнні знішчаюць насякомых, але не аказваюць выяўленага дзеяння на расліны і млекакормячых. Выявіў інсектыцыдныя ўласцівасці ДДТ (дусту), распрацаваў метады выкарыстання ДДТ для барацьбы з сыпным тыфам і насякомымі-шкоднікамі сельскай гаспадаркі. Нобелеўская прэмія 1948.

П.Мюлер.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РБЕР ((Arber) Вернер) (н. 3.6.1929, г. Грэнхен, Швейцарыя),

швейцарскі генетык. Скончыў політэхн. школу ў Цюрыху. З 1953 у Жэнеўскім ун-це. Праф. Базельскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні структуры і функцыянавання віруснага геному. Сфармуляваў прынцып штамаспецыфічнай рэстрыкцыі і мадыфікацыі ДНК. Адкрыў (1962) новы клас ферментаў, якія спецыфічна ўзаемадзейнічаюць з ДНК і дзеянне якіх накіравана супраць чужароднай ДНК. Нобелеўская прэмія па фізіялогіі і медыцыне 1978 (разам з Д.​Натансам і Г.​Смітам).

Літ.:

Лауреаты Нобелевской премии 1978 г. // Природа. 1979. № 1.

т. 1, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕС ((Hess) Вальтэр Рудольф) (17.3.1881, г. Фраўэнфельд, Швейцарыя — 12.8.1973),

швейцарскі фізіёлаг. Д-р медыцыны (1906). Вучыўся ва ун-тах Швейцарыі і Германіі (1900—05). З 1913 выкладаў фізіялогію ва ун-тах Цюрыха і Бона, у 1917—51 праф. і дырэктар фізіял. ін-та ў Цюрыху. Вызначыў механізм, які каардынуе ўздзеянне прамежкавага мозга на ўнутр. органы, яго інтэгратыўную ролю ў здзяйсненні вегетатыўных, паводзінскіх і рухальных рэакцый, тапаграфічнае прадстаўніцтва эмоцый «раз’юшанасці» і «страху» ў прамежкавым мозгу. Нобелеўская прэмія 1949 (разам з А.К.Монішам).

В.Ф.Гес.

т. 5, с. 204

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ХЕР ((Kocher) Эміль Тэадор) (25.8.1841, Берн —27.7.1917),

швейцарскі хірург, адзін з заснавальнікаў брушной хірургіі. Прэзідэнт Германскага хірург. т-ва, ганаровы чл. Лонданскага каралеўскага хірург. т-ва, Рус. хірург. т-ва імя М.​У.​Пірагова і інш. Скончыў Бернскі ун-т (1865). З 1872 праф. хірургіі і дырэктар хірург. клінікі Бернскага ун-та. Навук. працы па вывучэнні функцый і метадах хірург. лячэння шчытападобнай залозы, антысептыцы. Распрацаваў аператыўныя доступы да ўнутраных органаў і буйных сасудаў, упершыню ажыццявіў выдаленне шчытападобнай залозы. Нобелеўская прэмія 1909.

Т.Кохер.

т. 8, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРТ ((Barth) Карл) (10.5.1886, г. Базель, Швейцарыя — 10.12.1968),

швейцарскі пратэстанцкі тэолаг, адзін з заснавальнікаў дыялектычнай тэалогіі. Ставіў задачу адраджэння евангелічнай традыцыі на аснове рэфарматарскіх ідэй М.​Лютэра і Ж.​Кальвіна. У працы «Пасланне апостала Паўла да рымлян» (1918; выкарыстаны ідэі С.​К’еркегора) боскае і чалавечае трактуе як несувымерныя велічыні: прадмет боскага адкрыцця і чалавечых ведаў розны, вера ёсць адважны скачок у няведанне. Сфарміраваныя ім прынцыпы пратэстанцкай неартадоксіі падтрымалі тэолагі Э.​Брунер, Р.​Бультман, Р.​Нібур, П.​Тыліх і інш. Прыхільнік хрысц. сацыялізму, натхніцель хрысц. супраціўлення фаш. рэжыму.

В.​П.​Оргіш.

т. 2, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЮ́ЛЕР ((Müller) Карл Алекс) (н. 20.4.1927, г. Базель, Швейцарыя),

швейцарскі фізік. Замежны чл. Нац. АН ЗША (1989), Рас. АН (1994). Скончыў Швейц. федэральны тэхнал. ін-т (1950). У 1963—92 у Цюрыхскай н.-д. лабараторыі фірмы «Інтэрнэшанал бізнес мэшынс», адначасова з 1962 у Цюрыхскім ун-це (з 1970 праф.). Навук. працы па структурных фазавых пераходах, крытычных і мультыкрытычных з’явах, даследаванні ферамагн. матэрыялаў пры нізкіх т-рах, звышправоднасці. Адкрыў высокатэмпературную звышправоднасць пры даследаванні керамічных матэрыялаў на аснове лантану (1986). Нобелеўская прэмія 1987 (разам з І.​Г.​Беднарцам).

М.​М.​Касцюковіч.

К.А.Мюлер.

т. 11, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІКА́Р ((Piccard) Агюст) (28.1.1884, г. Базель, Швейцарыя — 25.3.1962),

швейцарскі фізік і канструктар. Скончыў Федэральную політэхн. школу ў Цюрыху, дзе і працаваў (з 1917 праф.). У 1922—39 і 1946—47 праф. Політэхн. ін-та ў Бруселі. На стратастаце ўласнай канструкцыі дасягнуў выш. 16370 м (1932) з мэтай даследавання касм. прамянёў. Сканструяваў і выпрабаваў батыскаф (1948), апусціўся ў ім на глыб. 3160 м (1953).

Тв.:

Рус. пер. — На глубину морей в батискафе. Л., 1961.

Літ.:

Лятиль П. де, Ривуар Ж. С небес в пучины моря: Пер. с фр. Л., 1967.

т. 12, с. 353

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)