Ма́лка 1 ’невялікая колькасць’ (Інстр. III), ’малютка’ (Нас., Шат.), ’малая дзяўчына’ (мазыр., Мат. Гом.), ’нізкарослая дзяўчына’ (драг., КЭС), ’малая булачка з рэшткаў цеста ў дзяжы’ (паўд.-усх., КЭС). Рус. ма́лка ’меншы брат ці сястра’, ’эй, малец!’, пск., цвяр. ’маларослая дзяўчына’; серб.-харв. малка ’імя курыцы’, балг. ма̀лката ’эй, дзяўчынка!’ Відаць, з прасл. malъka. Да малы́ (гл.).

Ма́лка 2 ’навугольнік рухомы, які можна ставіць пад любым вуглом’ (Інстр. II), рус. алан. ма́лка ’мерка ў сталяроў’. Запазычана з рус. мовы, у якую прыйшло з галан. mal ’вымяральны інструмент’ (Фасмер, 2, 563). Параўн. таксама швед. mall ’шаблон, контур’, ’лякала’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

стэрэаты́п

(ад гр. stereos — прасторавы + typos = адбітак)

1) палігр. металічная пласціна, на якой дакладна перадаецца друкарскі набор і якая служыць для друкавання шматтыражных выданняў;

2) перан. нязменны ўзор, шаблон (напр. дзейнічаць па стэрэатыпу).

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

Schéma n -s, -s і -ta

1) схе́ма

2) перан. пагардл. шабло́н, трафарэ́т;

álles geht nach ~ F усё ідзе́ [ро́біцца] па стары́х звы́чаях [па-старо́му]

Нямецка-беларускі слоўнік (М. Кур'янка, 2006, правапіс да 2008 г.) 

трафарэ́т, ‑а і ‑у, М ‑раце, м.

1. ‑а. Пласцінка з металу, кардону, фанеры і пад. з прарэзанымі літарамі, малюнкамі, прызначанымі для нанясення падпісаў на плакаты, малюнкаў на сцены і пад. Трафарэт для плакатаў. // Малюнак, літары і пад., зробленыя з дапамогай такога прыстасавання. Пагоны з жоўтымі трафарэтамі вучылішча акуратна сядзелі на .. плячах [Васіля]. Алешка.

2. ‑у; перан. Раз і назаўсёды прыняты ўзор каго‑, чаго‑н., якога слепа прытрымліваюцца; шаблон. І тут уладальнік шаноўнай лысіны не то што разгубіўся, а праваліў сябе, бо не змог выйсці з прызвычаенага трафарэту сваіх выступленняў. Лынькоў.

[Ад іт. traforetto — прадзіраўленае.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

штамп, ‑а, м.

1. Спецыяльная форма для серыйнай вытворчасці розных прадметаў шляхам штампоўкі.

2. Від пячаці, звычайна прамавугольнай формы з назвай або адрасам якой‑н. установы, арганізацыі, прадпрыемства і пад. Бібліятэчны штамп. □ Я здзіўлены: Канверт штэмпеляваны, Але не штампам пошты гарадской. Прануза. // Адбітак, атрыманы ад такой пячаці. На канверце быў ваенкамацкі штамп. Кулакоўскі. Вось.. [капітану] Максім Вішнёў і паказаў сіні канверт з трыкутныж штампам вайсковай часці. Грамовіч.

3. перан. Агульнаўжывальны, збіты ўзор; шаблон. Мову бясколерную, розныя канцылярскія звароты і штампы прынеслі ў мастацкую літаратуру людзі абыякавыя і сумныя. Шкраба. Маладыя, не кранутыя штампам, натхнёныя акцёры пакарылі сэрцы гледачоў. «Полымя».

[Ням. Stampe ад іт. stampa — пячаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДРЭВААПРАЦО́ЎЧЫЯ МАШЫ́НЫ,

машыны і абсталяванне, якія выконваюць розныя тэхнал. аперацыі апрацоўкі драўніны або драўняных матэрыялаў. Падзяляюцца на дрэварэзальныя станкі (аснашчаюцца розным дрэварэзальным інструментам), гнутарныя, зборачныя, для нанясення клею, аддзелачныя станкі і прэсы.

На гнутарных станках загатоўкам надаюць пэўную форму без парушэння сувязей паміж часцінкамі драўніны (выгінаннем па шаблоне, з прапарваннем і праварваннем, з наступнай сушкай у замацаваным становішчы). Зборачныя станкі выкарыстоўваюць для злучэння (шыпамі, шрубамі, цвікамі і інш.) дэталей у вузлы і гатовыя вырабы (зборка рамак, корпусных вырабаў і інш.; гл. Шчытазборачныя станкі). Станкі для нанясення клею аснашчаюць клеемяшалкамі, упырсквальнымі механізмамі, клеенамазвальнымі вальцамі і інш. На аддзелачных станках рыхтуюць паверхню вырабаў (грунтуюць, шпаклююць, наносяць фарбу і тэкстурны рысунак), наносяць лакафарбавыя матэрыялы, шліфуюць і аздабляюць паверхню, робяць плёначныя і дэкар. пакрыцці. На прэсах вырабляюць шматслойную фанеру, драўнянастружкавыя пліты і інш. У дрэваапрацоўчай прамысловасці карыстаюцца таксама агрэгатнымі станкамі, станкамі-аўтаматамі і паўаўтаматамі, аўтам. і паўаўтам. станочнымі лініямі. Рабочыя органы Д.м. падзяляюцца на галоўныя (выконваюць прыёмы, якія вызначаюць працэс апрацоўкі, напр. рэзанне, падачу) і дапаможныя (выконваюць функцыі базіравання, напрамку, фіксацыі, пагрузачна-разгрузачныя, кантрольныя і інш.).

Літ.:

Амалицкий В.В., Санев В.И. Оборудование и инструмент деревообрабатывающих предприятий. М., 1992.

А.​А.​Барташэвіч.

Схемы дрэваапрацоўчых машын: а — даўбёжных станкоў (ланцуговафрэзернага і з гнездавой фрэзай); б — драбільных станкоў; в — шліфавальнага цыліндрычнага станка; г — гнутарнага станка (1 — шаблон, 2 — дэталь, 3 — шына, 4 — прасавальны ролік); д — вальцоў для нанясення клею (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць клей 3 на дэталь 4); е — прэса (1 — матрыца, 2 — пуансон, 3 — дэталі, якія склейваюцца); ж — вальцовага станка для нанясення лаку (1 — дазіравальны ролік, 2 — валец, які наносіць лак на дэталь 3); з — лаканаліўной машыны (1 — транспарцёры, 2 — дэталь, 3 — лаканаліўная галоўка, 4 — слой лаку, 5 — лаказліўны латак).

т. 6, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

стэрэаты́п

(ад стэрэа- + -тып)

1) палігр. металічная пласціна, на якой дакладна перадаецца друкарскі набор і якая служыць для друкавання шматтыражных выданняў;

2) фізіял. форма цэласнай дзейнасці вялікіх паўшар’яў галаўнога мозгу вышэйшых жывёл і чалавека, якая выражаецца ў фіксіраваным парадку ажыццяўлення імі ўмоўнарэфлекторнай дзейнасці;

3) перан. нязменны ўзор, шаблон.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

станда́рт, ‑у, М ‑рце, м.

1. Прынятыя за аснову ўзор, мадэль, эталон, якім павінна адпавядаць што‑н. сваім намерам, формай, якасцю і пад. Дзяржаўны стандарт. // Ідэальны, узорны экземпляр. Бялявая галава была пастрыжана «пад бокс» і прылізана на прабор, вочы — светла-блакітныя, па стандарту арыйскай расы. Брыль. // Аднастайная, тыпавая форма арганізацыі, ажыццяўлення чаго‑н. Выпрацаваны стандарт выпрабавання металу.

2. Нарматыўна-тэхнічны дакумент, якім вызначаюцца адзінкі велічынь, тэрміны і іх азначэнні, патрабаванні да прадукцыі, вытворчых працэсаў і г. д. Стандарты на харчовыя прадукты.

3. перан. Тое, што не мае ў сабе нічога арыгінальнага, своеасаблівага; шаблон, трафарэт. Узнік сцэнічны стандарт «жалезабетоннага камісара», у якім вельмі мала было агульначалавечага. «Маладосць».

•••

Залаты стандарт — форма арганізацыі капіталістычнага грашовага абароту, пры якой існаваў размен банкнотаў на залатыя манеты, залатыя зліткі ці на замежную валюту.

[Англ. standard.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узор, прыклад, мерка, лад, манер, мадэль, форма, норма, стандарт, тып; капыл, фасон, шаблон, штамп, трафарэт, схема, аршын, метр (перан.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

СА́НІ,

палазовы трансп. сродак, які шырока выкарыстоўваецца зімой, калі ўстанаўліваецца снежнае покрыва. С. возяць коні, алені, сабакі. Да С. адносяцца простыя С., нарты народаў Поўначы і розныя віды С. з кузавам. С. больш старажытныя, чым калёсная павозка, яны былі вядомы не толькі ў паўн. народаў, але і ў паўд. краінах. С. выкарыстоўвалі ў пахавальным абрадзе ў Стараж. Егіпце і Стараж. Русі. У сярэдневякоўі важныя службовыя асобы рабілі ўрачыстыя выезды на С. і летам. Існуюць таксама С. і без палазоў: некат. віды валакушы, табаган канадскіх індзейцаў і інш. У наш час у розных галінах гаспадаркі на Крайняй Поўначы выкарыстоўваюць аэрасані. С. выкарыстоўваюцца таксама ў спарт. мэтах (гл. Санны спорт).

На Беларусі архаічныя С. мелі натуральныя, крыху выгнутыя кверху палазы з абрубкамі сукоў, што выконвалі функцыю капылоў. Эвалюцыя С. ішла па шляху функцыянальнага і сац. размежавання, што абумоўлівала іх тыпалагічную разнастайнасць і канструкцыйныя асаблівасці. Паводле прызначэння ўсе С. можна падзяліць на некалькі тыпаў: звычайныя рабочыя, кары (лесавозы), выязныя (вазкі) і ручныя (санкі). Найб. пашыраны былі рабочыя С. У тыповым варыянце ўяўлялі сабой 2 палазы, злучаныя па капылах гнуткімі (часцей дубовымі) вязамі, якія загіналіся канцамі на 180° вакол пары процілеглых капылоў. Паўзверх вязаў на канцы капылоў паралельна полазу набіваліся драўляныя брускі (намарзня, намаржня, наклеска). У адным выпадку палазы мелі натуральна выгнутую галоўку (копанкі, копані), у другім — іх гнулі пасля распаркі з дубовага, ясеневага, вязавага дрэва на спец. прыстасаванні — гбале (шаблон па форме полаза, высечаны ў калодзе або зроблены на сцяне пабудовы). Выгнутую форму фіксавала іцвіна (папліска) — хордавая перакладзіна, што злучала галоўку полаза з пярэднім капылом. За пярэднія капылы нярэдка мацавалі і аглоблі для коннай ці валовай запрэжкі. Перакрыццё С. утваралі дошкі ці луб, што накладваліся паверх вязоў. Для павелічэння пагрузачнай пляцоўкі ўладкоўвалі развалкі (розвальні). У сял. гаспадарцы рабочыя С. выконвалі універсальныя функцыі. Адносная лёгкасць канструкцыі дазваляла выкарыстоўваць іх для пасажырскай язды, пры гэтым у задняй частцы С. устанаўлівалі трохбаковую крацістую драбінку накшталт кузава вазка. Пры перавозцы малагабарытных і сыпкіх грузаў, паездцы на мясц. рынак і інш. паверх С. ставілі плецены паўкош (палукаш). Рабочыя С. выкарыстоўвалі замест караў пры перавозцы лесу; для гэтага на намаржні ўпоперак С. мацавалі тоўсты брусок (лісіцу), на які клалі камлёвую частку бервяна, а пад верхавіну падводзілі падсанкі, якія амаль не адрозніваліся па форме ад рабочых С., але мелі меншыя памеры. Іх выкарыстоўвалі для розных дробных перавозак, работы каля дому, у святочных катаннях і інш.

Выраб С. нярэдка вылучаўся ў самаст. промысел. У панскіх маёнтках і дзярж. эканоміях існавалі асобныя «службы санніцкія», майстры якіх былі вызвалены ад цяглавых павіннасцей. Напр., паводле інвентара Ваўкавыскага двара, саннікі складалі асобны пасёлак з 8 службаў. Санны промысел быў пашыраны ў сельскай мясцовасці як вытв-сць на заказ і на рынак. Часта ён існаваў неаддзельна ад стальмашнага рамяства, што тлумачылася падобнай тэхналогіяй і універсальнымі навыкамі майстроў. У пач. 20 ст. пашырылася кааперацыя саннага і кавальска-слясарнага промыслаў: у С. павялічвалася колькасць жал. дэталей, на якія прыпадала найб. эксплуатацыйная нагрузка; палазы сталі больш тонкія і падбіваліся паласавым жалезам; іцвіны замянялі жал. стрыжнямі; акоўка давала магчымасць шырэй выкарыстоўваць замест вязоў брусковыя папярочнікі. У наш час традыц. С. ўжываюцца ў сельскім побыце пры перавозках на кароткія адлегласці і ў асабістых гаспадарках.

В.​С.​Цітоў.

Сані.

т. 14, с. 149

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)