МАРЫ́Я ТЭРЭ́ЗІЯ (Maria Theresia; 13.5.1717, Вена — 29.11.1780),

эрцгерцагіня Аўстрыі, каралева Чэхіі і Венгрыі (з 1740), імператрыца «Свяшчэннай Рым. імперыі» (з 1745). З дынастыі Габсбургаў. Дачка імператара «Свяшчэннай Рым. імперыі» Карла VI (правіў у 1711—40). Атрымала ў спадчыну аўстр. прастол пасля смерці бацькі паводле Прагматычнай санкцыі 1713 (у 1740—48 спадчыннае права М.Т. аспрэчвалі еўрап. манархіі ў ходзе вайны за аўстрыйскую спадчыну). Да 1765 яе суправіцелем быў муж (з 1736) герцаг Франц Стэфан Латарынгскі (з 1745 імператар «Свяшчэннай Рым. імперыі» Франц I), з 1765 — старэйшы сын Іосіф II. У час праўлення М.Т. Аўстрыя ўдзельнічала ў Сямігадовай вайне 1756—63 і 1-м падзеле Рэчы Паспалітай (1772), завалодала Букавінай (1775); ва ўнутр. палітыцы цэнтралізавала дзярж. кіраванне, садзейнічала развіццю прам-сці і гандлю, прытрымлівалася асветнага абсалютызму, у т. л. заснавала нар. школьніцтва ў Аўстрыі (1774), абмежавала паншчыну ў Чэхіі (1775), адмяніла катаванні (1776).

Помнік у Вене (канец 19 ст.).

У.​Я.​Калаткоў.

т. 10, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬХО́ЎСКІ (Мікалай Іванавіч) (10.10.1909, в. Межава Аршанскага р-на Віцебскай вобл. — 26.8.1978),

Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў Ваенна-паветр. акадэмію (1936). З лют. 1943 на Бранскім, Варонежскім, Сцяпным, 2-м Укр. франтах, удзельнік Курскай бітвы, вызвалення Украіны, Малдовы, Румыніі, Венгрыі, Чэхіі, Славакіі. Камандзір эскадрыллі знішчальнага авіяпалка, маёр, зрабіў 128 баявых вылетаў, знішчыў 19 самалётаў праціўніка. Да 1953 у Сав. Арміі.

т. 1, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬМА́ ПРА́ЖСКІ (Cosmas Pragensis; каля 1045—21.10.1125),

першы чэшскі храніст. Адукацыю атрымаў у Празе і Льежы (Францыя). З 1110 дэкан сабора св. Віта ў Празе. «Чэшская хроніка» К.П. (у 3 кн., на лац. мове, распачата ў 1119—20) змяшчае багаты разнастайны матэрыял, з’яўляецца каштоўнай крыніцай па гісторыі Чэхіі (асабліва 3-я кніга, дзе апісаны сучасныя К.П. падзеі за 1092—1125).

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ХАЦКАЯ БІ́ТВА 1526.

Адбылася 29 жн. на правым беразе Дуная каля г. Мохач (Венгрыя) паміж тур. арміяй султана Сулеймана I Кануні (100 тыс. чал. і 300 гармат) і дваранскім войскам венг.-чэш. караля Лаяша II (25 тыс. чал. і 80 гармат). Скончылася разгромам войск Лаяша (загінуў пры адступленні). Пасля М.б. значная частка Венг. каралеўства захоплена Асманскай імперыяй; у Чэхіі ўмацавалася ўлада Габсбургаў.

т. 10, с. 531

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГЕ́МА (франц. boheme літар. цыганшчына),

асяроддзе мастацкай інтэлігенцыі (акцёраў, музыкантаў, мастакоў), якое бесклапотным, эксцэнтрычным ладам жыцця выяўляе сваю абыякавасць да агульнапрынятых нормаў. Назва паходзіць ад Багеміі — часткі Чэхіі, якая раней лічылася радзімай цыганоў. З’явы, падобныя да багемы, вядомы з даўніх часоў, аднак назва «багема» ўзнікла ў Францыі ў 19 ст. (першая багемная групоўка, куды ўваходзілі В.​Гюго, Т.​Гацье і інш., створана каля 1830).

т. 2, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКАНТЫ́Т (ад грэч. akantha калючка, іголка),

мінерал класа сульфідаў, сульфід серабра з групы аргентыту. Мае 87% серабра з прымесямі медзі, жалеза, цынку і інш. Утварае плёнкі, зямлістыя агрэгаты («сярэбраная чэрнь»), суцэльныя масы, дробныя крышталі і г.д. Колер жалезіста-чорны. Бляск металічны. Цв. 2—2,5; коўкі. Шчыльн. 7,2—7,3 г/см³. Гідратэрмальны мінерал (у свінцова-цынкавых радовішчах з аргентытам). Радовішчы ў Чэхіі, Германіі, ЗША. Каштоўная сярэбраная руда.

т. 1, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПА́ЛАЦКІ ((Palacký) Францішак) (14.6.1798, в. Годславіцы ў Маравіі, Чэхія — 26.5.1876),

чэшскі гісторык, філосаф і паліт. дзеяч. Вучыўся ў евангелічным ліцэі ў Браціславе (1812—18). У 1818 апублікаваў (у сааўтарстве з П.І.Шафарыкам) твор «Пачаткі чэшскай паэзіі», у якім абгрунтаваў неабходнасць адраджэння нац. культуры і навукі. П. — ініцыятар рэарганізацыі Чэш. нац. музея (стаў цэнтрам навук. і культ. жыцця краіны) і стварэння (1831) культ.-асв. т-ва «Маціца чэшская». У 1840-я г. ўзначальваў чэш. нац.-ліберальны рух. У рэвалюцыю 1848—49 выступіў з разгорнутай праграмай аўстраславізму, старшынстваваў на Слав. з’ездзе ў Празе (1848). У канцы 1840 — пач. 1860-х г. дэп. аўстр. рэйхсрата і чэш. сейма, з 1860-х г. адзін з ідэйных лідэраў кансерватыўнай партыі старачэхаў. Аўтар эстэтыка-філас. і гіст. прац, у т. л. «Гісторыі чэшскага народа ў Чэхіі і Маравіі» (т. 1—5, 1848—72), у якой паказаў барацьбу чэхаў за нац. незалежнасць у сярэднія вякі, высока ацэньваў гусіцкі рух. Публікаваў крыніцы па паліт., эканам., культ. гісторыі, л-ры, мастацтве сярэдневяковай Чэхіі. Шмат зрабіў для падрыхтоўкі першай чэш. энцыклапедыі.

т. 11, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯСКІ́ДЫ,

раз’яднаныя хрыбты ў паўн. ч. Карпат, у Польшчы, Чэхіі, Славакіі і на Украіне. Падзяляюцца на Зах. і Усх. Бяскіды. Даўж. каля 300 м. Выш. да 1725 (г. Бабіна). Складзены пераважна з флішаў. Ад восевай зоны Карпат аддзелены падоўжнымі далінамі і ўтвараюць асобныя плоскавяршынныя масівы з невысокімі пераваламі паміж імі. Букавыя і хвойныя лясы, на вяршынях — лугі (паланіны). Нац. паркі Бабінагорскі і Гарчанскі (Польшча), рэзерват Катліна пад Бабінай Гарой (Славакія).

т. 3, с. 417

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯГЦЯ́НСКІ СКАРБ Знойдзены ў 1957 на ўскраіне в. Дзягцяны Капыльскага р-на Мінскай вобл. Ухаваны каля 1050. Складаўся з 21 фрагмента сярэбраных ювелірных вырабаў з дробным зярненнем і сканню, 320 дэнарыяў Англіі (10 экз.), Венгрыі (3), Герм. імперыі (165), Даніі (1), Чэхіі (123), нявызначаныя (4), імітэты манет Англіі (3) і Германіі (9), фрагменты куфіцкіх дырхемаў Арабскага халіфата (2). Па колькасці чэшскіх дэнарыяў скарб не мае аналагаў на тэр. Усх. Еўропы.

т. 6, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Е́СЕНІК (Jesenik),

кліматычны курорт у Чэхіі. На схілах аднайм. гор паблізу мяжы з Польшчай. Развіваецца з 19 ст., калі мясц. лекарам-практыкам была пабудавана першая ў Еўропе водалячэбніца. Умераны клімат, ахаванасць ад вятроў, хваёвыя лясы ствараюць умовы для лячэння хвароб ц. н. с. (пераважна неўрозаў) і органаў дыхання. Папулярнае месца адпачынку, турызму і зімовага спорту. У наваколлі арх.-гіст. помнікі (стараж. замкі), помнікі прыроды (пячоры, горныя і лясныя комплексы і інш.).

т. 6, с. 396

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)