Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БУРЭІ́НСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у Хабараўскім краі Расійскай Федэрацыі. Даўж. каля 400 м. Выш. да 2071 м. Складаецца з кражаў і сярэднягорных хрыбтоў (Дусе-Алінь, Ам-Алінь, Эзоп), утвораных гранітамі, гнейсамі, асадкавымі і эфузіўнымі пародамі. На схілах хваёвыя і шыракалістыя лясы. Вяршыні маюць згладжаныя гальцовыя формы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́РНЫ ХРЫБЕ́Т,
лінейна выцягнутая горная форма рэльефу са схіламі, павернутымі ў процілеглыя бакі. Характэрна значная даўжыня і добра выражаная вось, пераважна ў выглядзе лініі водападзелу, уздоўж якой знаходзяцца найб. значныя вяршыні (гл.Горны грэбень). Вось хрыбта, у залежнасці ад асаблівасці развіцця і літалагічнага складу горных парод можа мець вастраверхую, купалападобную ці плоскавяршынную форму. Ад суседніх хрыбтоў аддзяляецца горнымі далінамі, унутрыгорнымі катлавінамі. Тэрмін «хрыбет» можа ўваходзіць у назву вял. горнай краіны, якая мае некалькі асобных хрыбтоў (напр., Верхаянскі хр., хр. Чэрскага ва Усх. Сібіры, Аляскінскі хрыбет у Паўн. Амерыцы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЙКА́ЛЬСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет па паўн.-зах. узбярэжжы воз. Байкал, у Расійскай Федэрацыі. Даўж. 300 км, выш. да 2572 м (г. Чэрскага). Складзены з крышт. сланцаў, кварцытаў, вапнякоў, гранітаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На зах. схілах (да выш. 1400 м) цемнахвойная тайга, на ўсходніх лістоўнічныя лясы, вышэй горныя тундры і камяністыя россыпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРУ́КСА ХРЫБЕ́Т (Brooks Range),
горны хрыбет на Пн Аляскі, у ЗША. Працягласць з З на У каля 1000 км. Пераважаюць выш. 1500—2000 м, найб. — 2816 м (г. Майклсан). Вяршыні ў форме грабянёў, схілы скалістыя. Глыбока расчлянёны далінамі рэк. Складзены з вапнякоў, сланцаў, кварцытаў. Невял. ледавікі. Большую ч. года ўкрыты снегам. Горныя тундры, камяністыя россыпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛА́ЙСКІ ХРЫБЕ́Т,
у сістэме Гісара-Алая, у Кыргызстане і часткова ў Таджыкістане. Падзяляе Ферганскую і Алайскую даліны. Даўж. каля 400 км. Выш. да 5539 м. Складзены з пясчана-гліністых парод і крышт. сланцаў. Пераважае высакагорны рэльеф. На схілах сухія кавыльна-ціпчаковыя стэпы, лугастэпы, арчоўнікі, вышэй — альпійскія лугі. Ледавікі (агульная пл. 811 км²).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАНГЕЗУ́РСКІ ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у Армянскім нагор’і, на мяжы Арменіі і Нахічэванскай аўтаномнай рэспублікі. Працягваецца мерыдыянальна ад верх. цячэння рэк Тэртэр і Арпа да р. Аракс. Даўж. каля 130 км. Выш. да 3904 м (г. Капутджух). Складзены пераважна з гранітаў і гранадыярытаў. На зах. схілах стэпавыя і паўпустынныя ландшафты, на ўсх. — часткова шыракалістыя лясы і субальпійскія лугі. Радовішчы медных руд.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРАГАВЫ́ХРЫБЕ́Т (Coast Range),
горны хрыбет у сістэме Кардыльер Паўн. Амерыкі, у Канадзе і ЗША. Даўж. каля 1700 км. Выш. да 4042 м (г. Уодынгтан). Складзены пераважна з гранітаў. Моцна расчлянёны глыбокімі папярочнымі далінамі і фіёрдамі. Да выш. 1000—1800 м хвойныя лясы (дугласія, зах. хемлак, туя, сітхінская елка), вышэй — альпійскія лугі і горныя тундры. Вечныя снягі і ледавікі, якія месцамі апускаюцца да ўзроўню мора.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМАНО́САВА ХРЫБЕ́Т,
падводны хрыбет у Паўн. Ледавітым ак. Распасціраецца ад Новасібірскіх а-воў праз цэнтр.ч. акіяна да в-ва Элсмір у Канадскім Арктычным архіпелагу амаль на 1800 км. Шыр. ад 60 да 200 км. Узвышаецца над дном акіяна ў сярэднім на 3300—3700 м. Найменшая глыб. над асобнымі вяршынямі 900 м. Схілы стромкія, расчлянёныя каньёнамі, укрытыя слоем пясчаністага ілу. Адкрыты у 1948 сав. экспедыцыямі. Названы ў гонар М.В. Ламаносава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАКАВЫ́ХРЫБЕ́Т,
горны хрыбет у сістэме Вял. Каўказа. Цягнецца з паўн. боку паралельна Галоўнаму (Водападзельнаму) хрыбту. Складаецца з асобных масіваў, падзеленых вярхоўямі рэк паўн. схілу Вял. Каўказа. Выш. да 5642 м (г. Эльбрус). Да Бабакога хрыбта адносяцца самыя высокія вяршыні Вял. Каўказа: Дыхтау (5203 м), Казбек (5033 м), Тэбуласмта (4493 м) і інш. Складзены з асадкавых парод, крышт. і гліністых сланцаў, гранітаў. У грабянёвай частцы альпійскія формы рэльефу. Хвойныя лясы, высакагорныя лугі. У цэнтр. частцы ледавікі.