Глі́ца ’вясенні вецер’ (БРС, Гарэц., Байк. і Некр.). Не вельмі яснае слова. Паводле Трубачова (Слав. языкозн., V, 178), гэта лексема, магчыма, з’яўляецца праславянскім лексічным дыялектызмам бел. мовы. Паходжанне яго лічыцца няясным. Але можна паспрабаваць аб’яднаць слова глі́ца ’вясенні вецер’ з бел. словам іглі́цахвоя, адна хваінка’, укр. гли́цяхвоя, адна хваінка; драўляная іголка і да т. п.’ (Грынч.), польск. iglica, ст.-польск. glica (гл. Слаўскі, 1, 443–444). Тады глі́ца, магчыма, паходзіць з іглі́ца. Паршапачаткова глі́ца як назва ветру магла быць метафарай (’штосьці калючае, як ігла’). У такім выпадку няма патрэбы гаварыць аб спецыфічна беларускім лексічным дыялектызме праславянскага характару, таму што такая метафарызацыя можа здарыцца ў любы час.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ЛО́ННА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Полацкім р-не Віцебскай вобл. Засн. ў 1979 з мэтай аховы ў прыродным стане месцаў росту журавін. Пл. 439 га. Размешчаны на вярховым балоце Лонніца; у цэнтр. ч.воз. Лонна. У складзе балотнай расліннасці хваёва-кусцікава-сфагнавыя фітацэнозы з пашырэннем журавін. На мінер. участках хвоя, бяроза, вольха, елка.

т. 9, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

*Асы́ты, осы́та, осы́тэ ’злёгку гнілы’ (хвоя, дрэва) (Клім.). Параўн. укр. сита сосна ’сасна са смалой’. Да кораня сыт‑ (гл. сыты) са значэннем ’насычаны’. Параўн. таксама осэ́тня пора́ ’дастатковы час’ (Клім.) пры ўкр. оситня пора ’дастаткова даўні’, зноў да гэтага кораня са значэннем ’сытны’ = ’дастатковы’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

А́ТЫС,

у грэчаскай міфалогіі бог фрыгійскага паходжання, любімец Вялікай маці багоў Кібелы. Сімвалам Атыса была хвоя. Паводле адной з легендаў, ён вылегчаў сябе ў рэліг. экстазе і стаў вярх. жрацом культу Кібелы. У гонар Атыса ў Рыме з 15 да 27 сак. праходзілі святкаванні, якія суправаджаліся нястрымнымі оргіямі. Жахі самакатаванняў Атыса апісаў рым. лірык Катул у паэме «Атыс».

т. 2, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

паглына́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.

1. Незак. да паглынуць.

2. перан. З напружанай увагай глядзець на каго‑, што‑н. Я шчыльна тулюся да халодных аконных шыб, хапаючыся рукамі за гладкую сцяну і паглынаю вачыма далёкія прасторы. Галавач.

3. Засвойваць. Скура паглынае кісларод. □ Аказваецца, свежая зялёная хвоя паглынае аміяк і ачышчае паветра. Хведаровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

даўгаве́чны, ‑ая, ‑ае.

Здольны жыць, існаваць доўгі час, многа гадоў. Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Чорны. Лявон перабраў у памяці род дзядзькоў, гэта значыць бацькавых братоў. Даўгавечны род. Гадоў па восемдзесят пяць, па дзевяноста, а ўсе жывуць. Ермаловіч. // Разлічаны на доўгі час; трывалы. Змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Колас. Беларускія аўтамашыны.. будуць самымі надзейнымі і даўгавечнымі. «Звязда».

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

эўрыто́пны

(ад эўры- + гр. topos = месца);

э-ыя арганізмы — расліны і жывёлы, якія могуць існаваць у розных біятопах, ландшафтных ці фізіка-геаграфічных раёнах (зонах) (напр. хвоя звычайная, ядловец, верас; яшчарка жывародная, ліс, воўк); параўн. стэнатопны.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,

гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз. Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.

т. 5, с. 308

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУ́ДАЎСКАЕ БАЛО́ТА,

у Лідскім р-не Гродзенскай вобл., у вадазборы р. Лідзея (прыток Дзітвы) і р. Нарва (прыток Нёмана). Нізіннага, вярховага і мяшанага тыпаў. Пл. 7,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 6,3 тыс. га. Глыб. торфу 6,7 м, сярэдняя 3 м. Ёсць сапрапель. Асушаная ч. балота выкарыстоўваецца для торфаздабычы і для вырошчвання пераважна сеяных траў. На неасушанай ч. растуць карлікавая бяроза, хвоя, вярба, асокі, журавіны.

т. 6, с. 13

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУРАЎЛЁЎСКАЕ БАЛО́ТА,

у Докшыцкім і Глыбоцкім р-нах Віцебскай вобл., пераважна ў вадазборы вярхоўяў р. Бярэзіна. Нізіннага (85%), вярховага (13%), мяшанага тыпаў. Пл. 18,2 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 14,2 тыс. га. Глыб. торфу да 6 м, сярэдняя 2 м. Ёсць сапрапель магутнасцю да 2,1 м, мергель — да 1,6 м. Балота часткова асушана, выкарыстоўваецца пад сенажаць. Большая ч. балота пад лесам (хвоя, бяроза, вольха).

т. 6, с. 451

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)