ГРО́ДЗЕНСКАЙ АПТЭ́КІ БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры барока. Пабудаваны ў 1709 у Гродне, уваходзіць у комплекс Гродзенскага кляштара езуітаў. Першапачаткова — прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з мансардай, накрыты вальмавым 2-ярусным дахам. Гал. фасад завяршаўся пяцівугольным франтонам. У 1885 будынак пашкоджаны пажарам і перабудаваны: з левага боку прыбудаваны новы аб’ём, ліквідаваны франтон. У выніку будынак набыў асіметрычную кампазіцыю і стаў тыповым прыкладам архітэктуры эклектыкі. Гал. фасад сучаснага будынка падзелены карнізнай цягай на 2 ярусы: ніжні з руставанымі лапаткамі і сандрыкавымі завяршэннямі акон, верхні з ажурным балконам і складаным атыкам у цэнтры, фігурнымі ліштвамі, фрызам і карнізам. Зараз у будынку знаходзіцца Гродзенская аптэка-музей.

Гродзенскай аптэкі будынак.

т. 5, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАРТА́Л (ням. Portal ад лац. porta уваход, вароты),

архітэктурнае абрамленне дзвярнога праёма (пераважна ў манум. грамадскіх, культавых і інш. будынках). Вядомы са старажытнасці. Для архітэктуры Стараж. Егіпта і антычнасці характэрны простыя па аздабленні П. з плоскімі перамычкамі, для стараж. Месапатаміі — арачныя П., на Б. і Д. Усходзе былі пашыраны прамавугольныя П. з нішамі — піштакі. З 11 ст. ў раманскай, гатычнай і стараж.-рус. архітэктуры пашырыліся арачныя, т.зв. перспектыўныя (звужаныя ўглыб), П., аформленыя ў выглядзе ўступаў, у вуглах якіх размяшчаліся калонкі, злучаныя архівольтамі. Рэнесансавыя і барочныя П. звычайна аздаблялі пілястрамі, калонамі, якія неслі антаблемент або франтон. Часта П. ўпрыгожвалі скульптурай, разьбой, лепкай, размалёўкай, кафляй.

Тыпы парталаў.
Партал касцёла кармелітаў у г. Глыбокае Віцебскай вобл. 17 ст.

т. 12, с. 103

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зашы́ць, ‑шыю, ‑шыеш, ‑шые; зак., што.

1. Злучыць краі дзіркі, распоркі швом. Зашыць мяшок з мукой. □ Зашые [Анісім] адну дзірку, паложыць латку, прыгладзіць, глядзіш, — у другім месцы кажух разлазіцца. Колас. // Рамантуючы адзежу, запаліць дзіркі. Зашыць сукенку. Зашыць падраны рукаў.

2. Паклаўшы ў сярэдзіну чаго‑н., замацаваць швом. Распарола старая падкладку сваёй ватовай курткі. Зашыла туды сцяг. Якімовіч.

3. Спец. Забіць дошкамі, шалёўкай і пад. Зашыць франтон дошкамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЗАСВІ́РСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР КАРМЕЛІ́ТАЎ,

помнік архітэктуры пач. 18 ст. Пабудаваны ў 1713—14 у в. Засвір (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.) у стылі барока. Касцёл — мураваны 1-нефавы храм з 2-вежавым гал. фасадам і паўкруглай алтарнай апсідай, накрыты высокім 2-схільным дахам. Дэкар. аздоба сканцэнтравана на гал. фасадзе: плоскія прамавугольныя і паўцыркульныя нішы, трохвугольны атыкавы франтон і фігурныя завяршэнні вежаў. З Пн да касцёла прылягае мураваны П-падобны ў плане 1-павярховы будынак кляштара, які ўтварае замкнёны ўнутраны двор. У баку ад касцёла стаіць невял. мураваная брама і вежа-званіца. У 1865—1920 касцёл быў перабудаваны пад царкву. У 1994 касцёл і частка кляштара адноўлены.

А.​А.​Ярашэвіч.

Засвірскі Троіцкі касцёл і кляштар кармелітаў.

т. 6, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛА́ЎСКІ ФА́РНЫ КАСЦЁЛ, касцёл Марыі,

помнік архітэктуры стылю барока. Пабудаваны ў 1774 у цэнтры г. Заслаўе (Мінскі р-н) на месцы драўлянага храма. Мураваны 1-нефавы прамавугольны ў плане асн. аб’ём з паўцыркульнай апсідай і 2 бакавымі сакрысціямі. Гал. фасад, аздоблены пілястрамі і круглымі блендамі, завяршаўся франтонам. У 1868 касцёл перабудаваны пад царкву Раства Багародзіцы. Быў разбураны франтон, у цэнтры гал. фасада пабудавана чацверыковая вежа-званіца, над гал. аб’ёмам узведзены вял. купал на светлавым барабане. Сцены на 2 узроўнях прарэзаны вял. аконнымі праёмамі з паўцыркульным завяршэннем. Да гал. ўвахода вядзе мураваная лесвіца з тэрасай. Інтэр’ер зальны, сцены ўпрыгожаны пілястрамі карынфскага ордэра. Дэкар. афармленне інтэр’ера не захавалася. З 1989 касцёл на рэстаўрацыі.

Заслаўскі фарны касцёл. Здымак пач. 20 ст.
Заслаўскі фарны касцёл. Сучасны выгляд.

т. 6, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛАНЭ́ЧКАЎСКІ Ю́Р’ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік драўлянага дойлідства 18—19 ст. у в. Паланэчка Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудаваны ў 1751, у 1899 рэканструяваны (арх. К.​Вайцяхоўскі) непадалёку ад Паланэчкаўскага палацава-паркавага ансамбля. У архітэктуры выкарыстаны элементы стылю несапраўднай готыкі Прамавугольны ў плане асн. аб’ём з 5-граннай апсідай. З У да апсіды прылягаюць 2 нізкія сакрысціі, аднасхільныя дахі якіх сіметрычна выступаюць за асн. аб’ём. З захаду на гал. фасадзе 2 вежы, завершаныя глухімі чацверыкамі з высокімі пірамідальнымі шатрамі. Паміж вежамі — франтон з люнетам. Гал. ўваход аформлены дэкар. ганкам з 2-схільным навесам на 2 калонках. У інтэр’еры арган, аздоблены віленскім майстрам Ф.​Астрамескім (1897), 2-ярусны разьбяны алтар.

Т.​І.​Чарняўская, М.​М.​Яніцкая.

Паланэчкаўскі Юр’еўскі касцёл.

т. 11, с. 537

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛЫБО́ЦКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры 18—пач. 20 ст. Размешчаны ў старым цэнтры г. Глыбокае Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1764—82 у стылі позняга барока. Мураваны 1-нефавы храм з выцягнутай паўкруглай апсідай і 2-вежавым фасадам, аздобленым ордэрнай пластыкай (вязкамі пілястраў, крапаванымі карнізамі і інш.). У 1902—08 (арх. Ю.​Заро) прыбудаваны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало касцёлу аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю 3-нефавай крыжовай базілікі. 2-ярусныя вежы павялічаны на 2 ярусы, якія, як і цэнтр. фігурны франтон, маюць выцягнутыя верт. прапорцыі. Дэкар. аздабленне стылізавана пад першапачатковае. Тры драўляныя разныя алтары і амбон выкананы ў пач. 20 ст. У касцёле знаходзіцца абклад абраза «Маці Боская Адзігітрыя» 18 ст., захавалася каваная рашотка амбона. Над бабінцам хоры з арганам у стылі неаготыкі.

С.​Г.​Багласаў.

Глыбоцкі Троіцкі касцёл.

т. 5, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пралёт ’скразная адтуліна, праём’ (ТСБМ), ’франтон’ (віц., ДАБМ, камент., 778), ’градка, рад’ (Сцяшк. Сл.). Рус. проле́т ’скразная адтуліна, праём’, укр. проліт ’тс’, ’дыяметр’, польск. przelot тэхн. ’адтуліна’, ’дыяметр (трубы, канала)’, чэш. průdet ’пералёт’, серб.-харв. пролет ’тс’. Бязафіксны назоўнік ад праляцець < ляцець. Значэнне ’адтуліна, праём’ — праз прамежкавае значэнне ’адтуліна, праём для пралёта, прахода’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ВІ́ЦЕБСКІЯ ВАСКРАСЕ́НСКІЯ ЦЭ́РКВЫ.

Існавалі ў Віцебску ў 16—19 ст. Драўляная царква на ратушнай пл. пабудавана ў 16 ст. (паказана на «Чарцяжы» Віцебска 1664). Яна складалася з 3 зрубаў (асн., алтарны і бабінец з вежай), накрытых асобнымі шатровымі дахамі з галоўкамі. На яе месцы ў 1772 у стылі позняга барока пабудавана мураваная уніяцкая царква (рыначная); з 1865 — праваслаўная. 1-нефавы храм меў паўкруглую алтарную апсіду з рызніцамі па баках, якія рабілі будынак прамавугольным у плане. 2-вежавы гал. фасад меў складаную хвалістую паверхню. Тарцы высокага даху на гал. фасадзе і над апсідай закрываліся фігурнымі атыкавымі франтонамі. Сцены, аздобленыя плоскімі пілястрамі, былі завершаны прафіляванымі карнізамі, скразныя ярусы вежаў і франтон упрыгожаны стылізаванымі валютамі. Вежы завяршаліся фігурнымі купалкамі. Разбурана ў 1930-я г.

Т.​В.​Габрусь.

Віцебскія Васкрасенскія цэрквы. Рыначная царква (справа). Малюнак Ю.​Пешкі. Пач. 19 ст.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ЎБІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры несапраўднай готыкі каля спарт. комплексу «Раўбічы» (Мінскі р-н). Пабудаваны ў 1858—62 з цэглы на месцы драўлянага касцёла 18 ст. У 1866 ператвораны ў правасл. царкву. У 1880 перад храмам пастаўлены драўляныя званіца і капліца (не захаваліся). У 1975—78 будынак рэстаўрыраваны (арх. Л.​Паўлава) і прыстасаваны пад Музей беларускага народнага мастацтва. Манум. 1-нефавы будынак на магутным бутавым цокалі з капліцамі каля алтара. Гал. фасад фланкіраваны 3-яруснымі 8-граннымі вежамі з шатровымі завяршэннямі. Высокі шмат’ярусны атыкавы франтон паміж імі падкрэслівае форму стральчатага ўваходнага партала з ганкам з абчасанага каменю. У дэкоры гал. фасада выкарыстаны накладныя 3-ярусныя пілоны з перакінутымі паміж імі стральчатымі броўкамі. Над парталам — гатычнае акно-ружа. Рытм бакавых фасадаў створаны чаргаваннем магутных контрфорсаў і стральчатых аконных праёмаў з фігурнымі дубовымі пераплётамі і вітражамі.

А.​М.​Кулагін.

т. 13, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)