ЛЕЙКАПЛА́СТЫ (ад грэч. leukos белы + plastos вылеплены, створаны),

бясколерныя пластыды ў расліннай клетцы. Адрозніваюцца формай і функцыямі. У Л. знаходзяцца ДНК, рыбасомы, ферменты, што ажыццяўляюць сінтэз і гідроліз назапашаных рэчываў. Бываюць амілапласты (у іх знаходзіцца другасны крухмал), элаяпласты (ёсць алей), пратэінапласты (маюць бялок). Часам у адным Л назапашваюцца розныя рэчывы. Здольныя пераўтварацца ў хларапласты, радзей у храмапласты.

т. 9, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПОЛІМЕРА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць утварэнне макрамалекул з нізкамалекулярных рэчываў. Найважн. з П. — нуклеатыдылтрансферазы, што каталізуюць сінтэз нуклеінавых кіслот з нуклеазідтрыфасфатаў (у якасці матрыцы выкарыстоўваецца ДНК або РНК). Пад уздзеяннем П. нуклеазідтрыфасфаты пераносяцца ў канец ланцуга, які сінтэзуецца, і адбываецца падаўжэнне ланцуга на адну нуклеатыдную адзінку. Сінтэз ДНК праходзіць адначасова на двух ланцугах папярэдне раскручанай (дэспіралізаванай) ДНК-матрыцы.

т. 12, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

люцыфера́зы

(ад люцыферыны)

ферменты, якія каталізуюць акісленне люцыферынаў, забяспечваючы працэсы біялюмінесцэнцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мікрасо́мы

(ад мікра- + сома)

субмікраскапічныя бялковаліпоідныя цельцы клетак, якія змяшчаюць ферменты.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БА́РТАН ((Barton) Дэрэк Харальд Рычард) (8.9.1918, Грэйвзенд, графства Кент, Вялікабрытанія),

англійскі хімік; заснавальнік метаду канфармацыйнага аналізу. Скончыў Імперскі каледж навукі і тэхнікі Лонданскага ун-та (1940). З 1957 праф. Лонданскага ун-та. З 1978 дырэктар Ін-та хіміі прыродных злучэнняў у Жыф-сюр-Івеце (Францыя). Навук. даследаванні па хіміі прыродных злучэнняў (стэроіды, тэрпеноіды, ферменты), фотахіміі і біясінтэзе. Нобелеўская прэмія 1969.

Д.Х.Р.Бартан.

т. 2, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТЭПСІ́НЫ (ад грэч. kathepsō ператраўляю),

пратэалітычныя ферменты з групы эндапептыдаз. Знаходзяцца ў лізасомах клетак жывёл, ажыццяўляюць унутрыклетачнае ператраўленне бялкоў. Маюць шырокую спецыфічнасць, оптымум актыўнасці — пры слабакіслым значэнні pH. Ёсць амаль ва ўсіх тканках цела, удзельнічаюць у працэсах распаду (катабалізму). Ва ўмовах нармальнай жыццядзейнасці распад бялкоў кампенсуецца іх сінтэзам. Пры гібелі ці пашкоджанні клетак К. выходзяць з лізасом і выклікаюць самаператраўленне тканак (аўтоліз).

т. 8, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСТРА́ЎНІКАВЫ СОК, панкрэатычны сок,

стрававальны сакрэт падстраўнікавай залозы, бясколерная вадкасць шчолачнай рэакцыі. Мае ферменты (трыпсін, хіматрыпсін, эластаза і інш.), якія ў працэсе стрававання расшчапляюць бялкі, тлушчы, вугляводы. У састаў П.с. ўваходзяць таксама мачавая кіслата, мачавіна, мікраэлементы. У чалавека П.с. за суткі выдзяляецца 1,5—2 л. Сакрэцыя кантралюецца нерв. і эндакрыннай сістэмамі. Фізіял. стымулятары выдзялення П.с. — саляная і некат. інш. к-ты, жоўць, ежа.

т. 11, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБДЭРГА́ЛЬДЭН ((Abderhalden) Эміль) (9.3.1877 — 5.8.1950),

швейцарскі біяхімік. Замежны чл.-кар. АН СССР (1925). У 1904—45 працаваў у Германіі; з 1946 у Цюрыхскім ун-це. Сінтэзаваў (разам з Э.​Г.​Фішэрам) поліпептыд з 19 амінакіслот (1916). Даследаваў структуру і функцыі бялкоў, ролю тлушчаў, вітамінаў, гармонаў пры харчаванні; адкрыў т.зв. ахоўныя ферменты, якія ўтвараюцца ў арганізме пры цяжарнасці, пухлінах і інш. Аўтар «Падручніка фізіялагічнай хіміі» (рус. пер. 1934).

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЗАВАЯ ГАНГРЭ́НА, анаэробная інфекцыя, злаякасны ацёк, кластрыдыяльны міязіт,

цяжкая вострая інфекцыйная хвароба ад пападання ў раны патагенных анаэробаў з роду Clostridium. Мікробы выдзяляюць экзатаксіны і ферменты, якія абумоўліваюць запаленне падскурнай клятчаткі, асабліва мышцаў, а таксама інтаксікацыю арганізма. Найчасцей узнікае на нагах у параненых або як ускладненне адкрытай траўмы. Прыкметы: прагрэсіруючы ацёк, газаўтварэнне ў тканках, некроз. Лячэнне: хірург. апрацоўка ран, супрацьгангрэнозная сываратка, антыбактэрыяльныя прэпараты, у цяжкіх выпадках — ампутацыя.

т. 4, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАКТАЗІДА́ЗЫ,

ферменты класа гідралаз. Паралізуюць адшчапленне галактозы ад алігацукрыдаў, якія маюць гэты монацукрыд. α-галактазідаза спецыфічна расшчапляе α-галактазіды (напр., рафінозы і мелібіёзы). β-галактазідаза (лактаза) гідралізуе лактозу на галактозу і глюкозу. α-галактазідаза ёсць у піўных дражджах і ферментным прэпараце, што атрымліваюць з плесневага грыба Aspergillus oryzae; β-галактазідаза — у пладах міндаля, лактозных дражджах, бактэрыях і плесневых грыбах, у малочнай залозе жывёл.

А.​М.​Ведзянееў.

т. 4, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)