паказны́, ‑ая, ‑ое.
1. Які павінен быць прыкладам, узорам чаго‑н. Паказная стральба.
2. Які разлічаны на знешні эфект, на знешняе ўражанне. [Сціпласць] у Гаварушкі ад пачатку да канца фальшывая, паказная. Бугаёў. Куды дзелася ўся .. паказная ветлівасць [Коха], уся яго гатоўнасць весці спакойную гутарку. Лынькоў. // Які не адпавядае сапраўднасці, прытворны. Паказная радасць. □ Горды сваім сынам і пасадай,.. [Колінг] аглядаў субяседніка з паказным раўнадушшам. Гамолка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Кве́цень 1 (ж. р.) ’кветкі (зборнае)’ (ТСБМ). Гл. квет.
Кве́цень 2 ’красавік’ (Нас., Сцяшк., Шатал.). Гл. квет. Бел. квецень памылкова разглядаецца як запазычанне з польск. kwiecień (Булыка, Запазыч., 145). У сапраўднасці гэта яшчэ праславянскае ўтварэнне: укр. квітень, рус. цветень, балг. цветен, серб.-харв. цветан, польск. kwiecień, чэш. květen, славац. kveteň. Суфіксальная дэрывацыя празрыстая: прасл. květ‑ьn‑jь. Прадуктыўны славянскі суфікс назоўнікаў ‑jь пашырае не менш прадуктыўны суфікс прыметнікаў ‑ьnъ. Назва месяца тады тлумачыцца як ’месяц цвіцення’ (Слаўскі, 3, 486; Краўчук УМШ, 1955, 3, 61; Шаур, Этимология–1971, 95).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
МЕТАЛО́ГІКА (ад мета... + логіка),
галіна логікі, у якой сродкамі метатэорыі вывучаюцца будова і ўласцівасці розных фармальна-лагічных сістэм і логікі ў цэлым. Узнікла ў сувязі з даследаваннямі асноў дэдуктыўных навук (асабліва матэматыкі). У вузкім сэнсе М. ўключае 3 часткі: лагічны сінтаксіс (гл. Сінтаксіс у логіцы), у якім даследуюцца структурныя ўласцівасці фармальных тэорый, правілы пабудовы і пераўтварэння выразаў, што прыняты ў розных сістэмах злічэння; семантыка лагічная, у якой вывучаюцца сэнс і значэнне выразаў мовы і правілы інтэрпрэтацыі лагічных злічэнняў; лагічная прагматыка, што раскрывае спосабы і шляхі практычнага выкарыстання суб’ектамі фармальных тэорый. У шырокім сэнсе да М. адносяць усе патрабаванні да пабудовы фармальных сістэм (гл. Фармалізацыя) і ўжывання аксіяматычнага метаду, агульныя правілы дэдукцыі, вываду і доказу, тэорый вызначальнасці паняццяў, мадэлей, сапраўднасці ў фармалізаваных мовах і інш. У рамках М. вывучаюцца таксама праблемы ўзаемаадносін паміж т.зв. экстэнсіянальнымі і інтэнсіянальнымі мовамі (гл. Семіётыка), сэнсавыя адносіны і псіхал. аспекты звычайных змястоўных разважанняў, пытанні мадэліравання інтэлектуальнай дзейнасці чалавека. Ідэі і метады М. выкарыстоўваюць таксама ў даследаваннях законаў разважання, у прыродазнаўчых тэорыях. Праблемы М. распрацоўваюцца ў творах Г.Фрэге, Д.Гільберта, К.Гёдэля, А.Тарскага, А.Чорча, Р.Карнапа, П.С.Новікава і інш.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 10, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАПАЗІТЫВІ́ЗМ,
адзін з асн. кірункаў філасофіі 20 ст.; форма пазітывізму. Узнік у 1920-я г. ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы як спроба лагічна абгрунтаваць навук. веды. З сярэдзіны 1930-х г. яго цэнтрамі сталі Вялікабрытанія і ЗША. Асн. ідэі Н. бяруць пачатак у эмпірызме і фенаменалізме (Дж.Берклі, Д.Юм). Н. лічыць прадметам філасофіі мову, найперш мову навукі як спосаб выражэння ведаў, а таксама дзейнасць па аналізе гэтых ведаў. Ідэі Н. знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці Венскага гуртка, на аснове якога склаўся лагічны пазітывізм (М.Шлік, Р.Карнап, О.Нейрат), і яго прыхільнікаў у Германіі (Р.Мізес, Г.Рэйхенбах), Вялікабрытаніі (Л.Вітгенштэйн, А.Дж.Аер, К.Попер), ЗША (Ч.Морыс) і інш. Метадам ачышчэння філасофіі ад «метафізікі» быў прызнаны т.зв. прынцып верыфікацыі, паводле якога праверка навук. асэнсаванасці і сапраўднасці выказванняў адбываецца шляхам параўнання іх з фактамі вопыту. На сучасным этапе існуюць 2 асн. разнавіднасці Н. — «лінгвістычны аналіз» у Вялікабрытаніі (Дж.Осцін, Г.Райл, П.Стросан і інш.) і аналітычная філасофія ў ЗША (У.Куайн, Н.Гудмен, А.Пап, М.Уайт і інш.). Лінгвістычны Н. выключае са сферы аналізу не толькі метафізічныя пытанні, але і філас. праблемы мовы навукі; мэтай аналізу лічыць разуменне характару ўжывання звычайнай мовы. Н. адыграў значную ролю ў развіцці сучаснай логікі, семіётыкі і філасофіі навукі. Гл. таксама Канвенцыяналізм, Лагічны атамізм.
т. 11, с. 256
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
са́мы, -ая, -ае, займ. азнач.
1. Ужыв. пры ўказальных займенніках «той», «гэты» для ўдакладнення, а таксама пры асабовых займенніках у знач. менавіта.
Гэта той с. дом.
Дык гэта і ёсць твая сяброўка? — Яна самая.
2. Ужыв. для ўдакладнення месца і часу ў знач. прама, як раз, непасрэдна.
Ля самага лесу.
На самае дно.
З самай поўначы.
С. час касіць.
Самая пара гнаць кароў у поле.
3. У спалучэнні з якаснымі прыметнікамі служыць для ўтварэння найвышэйшай ступені, а пры назоўніках указвае на крайнюю ступень колькасці або якасці.
С. новы.
С. добры.
С. смак.
Самая бездараж.
С. накал падзей.
4. Тое, што і сам (у 1 і 2 знач.).
Парвала с. канверт, дастаючы са скрынкі.
◊
На самай справе — фактычна, у сапраўднасці.
Самы-самы (самая-самая, самае-самае і г.д.) (разм., жарт.) — добры.
Самы раз; у самы раз (разм.) — тады, калі трэба, у патрэбны момант.
Самы той! (іран.) — азначае: не на таго напалі.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
Мы, драг. мо, тураў. му — займеннік для абазначэння дзвюх і больш асоб (ТСБМ, Сл. ПЗБ, ТС). Укр. ми, рус. мы, польск., н.-, в.-луж., чэш., славац. my, славен. mȋ, серб.-харв. ми̑, макед., балг. ми, ст.-слав. мы. Прасл. my, роднаснымі да якога з’яўляюцца літ. mẽs, лат. mes, ст.-прус. mes, арм. mekʼ (Мее, Общеслав., 365; Мюленбах-Эндзелін, 2, 620). Форма мы непераканаўча тлумачыцца як вынік уплыву формы асабовага займенніка другой асобы вы і Н. скл. мн. л. на ‑y асноў на ‑a. Гуер (LF, 45, 192) у m‑ бачыць уплыў канчатка дзеясловаў ‑mes/‑mos (‑μες, ‑mas). У сапраўднасці ж форма my з’яўляецца кантамінацыйнай у адносінах да протабалт. mes і прасл. ny (параўн. нас, нам і г. д.) — апошняе лічыцца італійскім інгрэдыентам у прасл. мове (іт. nōs > протаслав. nūs > прасл. ny) (Мартынаў, Язык, 79).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
КРЫНІЦАЗНА́ЎСТВА літаратуразнаўчае,
спецыяльная філал. дысцыпліна, якая вывучае тэорыю і методыку здабывання літаратуразнаўчых фактаў. Мае тэарэт. і практычны аспекты. Тэарэт. К. даследуе тэорыю, гісторыю, структуру і ўласцівасці інфармацыі крыніц. У адпаведнасці з тыпамі сховішчаў (архівы, музеі, бібліятэкі) крыніцы падзяляюць на З асн. тыпы: рукапісныя, аўдыёвізуальныя (іканаграфічны і ілюстрацыйны матэрыял, кінастужкі, гуказапісы) і друкаваныя. Значэнне крыніц маюць і рэчавыя помнікі, мясціны, звязаныя з жыццём і творчасцю пісьменнікаў. У залежнасці ад тэмы даследавання ўсе матэрыялы падзяляюць на ўласна крыніцы і дапаможнікі, да якіх адносіцца і частка друкаваных матэрыялаў. Асобную групу складаюць крыніцы, што выкарыстоўваюцца пісьменнікам пры напісанні твора. Для розных эпох склад і суадносіны крыніц розныя. Практычнае К. складаецца з выяўлення крыніц, іх знешняй і ўнутр. крытыкі. Знешняя крытыка заключаецца ў прачытанні і падрабязнай атрыбуцыі крыніцы і высвятляе, што хацеў паведаміць яе стваральнік. Унутр. крытыка вызначае верагоднасць крыніцы і паказвае, як справа выглядала ў сапраўднасці. Так вычляняецца літ.-знаўчы факт. З К. цесна звязана археаграфія, тэксталогія, палеаграфія. На Беларусі тэорыя К. распрацоўвалася Г.Кісялёвым, у галіне практычнага К. працуюць літ.-знаўцы У.Казбярук, А.Мальдзіс, У.Мархель, В.Рагойша, І.Саламевіч, В.Чамярыцкі, Я.Янушкевіч і інш.
Літ.:
Бельчиков Н.Ф. Литературное источниковедение. М., 1983;
Рагойша В. Галіны аднаго дрэва // Рагойша В. Кантакты. Мн., 1982;
Кісялёў Г. Ад Чачота да Багушэвіча: Прабл. крыніцазнаўства і атрыбуцыі бел. літ. XIX ст. Мн., 1993.
Г.В.Кісялёў.
т. 8, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЫЛІ́ЧКА,
жанр фальклору, кароткае вуснае апавяданне пра незвычайныя падзеі, якія быццам адбыліся ў сапраўднасці. Звычайна расказвае пра сустрэчы (герой часта на падпітку або ў нейкім замарачэнні) з чортам, русалкамі, ваўкалакам, мерцвяком, чалавекам-пярэваратнем, ведзьмаю, зачараванымі скарбамі. Жанравыя вытокі былічкі — у міфал. уяўленнях, павер’ях, пашыраных ва ўмовах патрыярхальнага сял. побыту ўсх. славян і інш. народаў. Па стылі былічкі блізкія да казак, паданняў, легендаў. Былічка, якая часта не мае цэласнай сюжэтнай формы, часам трансфармуецца ў бывальшчыну. У выніку згасання традыц. нар. вераванняў былічкі ператвараюцца ў займальныя вусныя аповяды, блізкія да казак, анекдотаў, жартаў і гумарэсак. Шмат былічак сабралі М.Федароўскі, А.Сержпутоўскі. Матывы былічак выкарыстоўвалі ў сваіх творах Я.Баршчэўскі («Шляхціц Завальня»), Ф.Багушэвіч («Палясоўшчык», «Дзядзіна»), Я.Колас («Страшнае спатканне»), Я.Купала, З.Бядуля і інш. бел. пісьменнікі.
Публ.:Federowski M. Lud białoruski. Т. 1—3. Kraków, 1897—1903; Сержпутовский А.К. Сказки и рассказы белорусов-полешуков. СПб., 1911; Яго ж Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета. Л., 1926.
Літ.:
Бараг Л.Г. Сказочная фантастика и народные верования: (По материалам бел. фольклора) // Сов. этнография. 1966. № 5;
Яго ж. Сюжэты і матывы беларускіх народных казак. Мн., 1978;
Померанцева Э.В. Мифологические персонажи в русском фольклоре. М., 1973;
Зиновьев В.П. Быличка как жанр фольклора и ее современные судьбы // Мифологические рассказы русского населения Восточной Сибири. Новосибирск, 1987.
І.У.Саламевіч.
т. 3, с. 373
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ННЕ,
жанр фальклору розных народаў; вуснае апавяданне, у якім з элементамі большай ці меншай фактычнай сапраўднасці тлумачыліся рэальныя з’явы жыцця, расказвалася пра значныя падзеі роднага краю, пра нар. герояў. П., як і легенды, блізкія да казак, але вызначаюцца не толькі займальнасцю; у своеасаблівай форме яны неслі веды пра навакольны свет і гісторыю краю. Бел. П. вядомы з 12 ст. (пра Рагнеду, Усяслава Чарадзея). Захаваліся летапісныя апавяданні, у аснову якіх пакладзены нар. П. пра воінскія подзвігі герояў («Паданне пра Кажамяку»), Паэтычныя П. пра гіст. мінулае ёсць у бел. хроніках 16 ст., напр., у Хроніцы Быхаўца (пра паходы Гедзіміна на Украіну і Альгерда на Маскву, пра заснаванне Вільні і інш.). Бел. П. тэматычна падзяляюцца на гістарычныя — пра войны, барацьбу з іншаземнымі захопнікамі, пра эпідэміі, пра гіст. асоб і герояў («Пра князя Яраслава», «Платон казак»); тапанімічныя — пра паходжанне гарадоў, мястэчак, вёсак, урочышчаў, гарадзішчаў і інш. («Пра заснаванне Магілёва», «Адкуль Нясвіж»), П. і легенды перадаваліся з пакалення ў пакаленне і былі своеасаблівай гіст. памяццю народа. Сюжэт пра нар. героя разбойніка Машэку выкарыстаў Я.Купала ў паэме «Магіла льва». Паводле гэтай паэмы і п’есы Е.Міровіча «Машэка» Р.Пукст напісаў оперу «Машэка».
Публ.:
Легенды і паданні. Мн., 1983;
Малорусские народные предания и рассказы: Свод Михаила Драгоманова. Киев, 1876.
Літ.:
Азбелев С.Н. Проблемы международной систематизации преданий и легенд // Русский фольклор. М.; Л., 1966. Т. 10;
Соколова В.К. Русские исторические предания. М., 1970.
А.І.Гурскі.
т. 11, с. 483
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧО́РНАЯ РУСЬ,
назва паўн.-зах. часткі Беларусі, якая ўвайшла ў склад ВКЛ на пач. этапе яго фарміравання (сярэдзіна 13 ст.). Паводле гіст.-геагр. уяўленняў 18—20 ст., гал. цэнтрамі Ч.Р. былі Навагрудак, Гродна, Ваўкавыск, Слонім. Аднак аўтэнтычныя гіст. крыніцы не пацвярджаюць існавання на гэтай тэрыторыі вобласці з такой назвай. Тэрмін «Ч.Р.», напэўна, быў утвораны на ўзор і ў процівагу Белай Русі не раней за 14 ст. ў зах.-еўрап. л-ры і на пачатку не меў трывалай лакалізацыі. У абсалютнай большасці выпадкаў 14—17 ст. назва ўжывалася зах. еўрапейцамі ў дачыненні да розных тэрыторый на У і Пд ад сучаснай Беларусі. Адна з першых крыніц, дзе ўпамінаюцца «чорныя русіны», — нямецкамоўная хроніка Венгрыі Г.Мюгельна (каля 1360), у якой паведамляецца пра перасяленне стараж. венграў у Панонію праз тэр. сучаснай Украіны. На карце Фра Маўра (1459) Ч.Р. пазначана на правабярэжжы Акі. Англ. дыпламат Дж.Флетчэр адзначаў (1591), што Чорнай Сарматыяй (Руссю) называліся Уладзімірскае, Маскоўскае, Разанскае і інш. княствы на Пн ад Чорнага мора. У «Геаграфічным лексіконе» базыльяніна І.Карпінскага (Вільня, 1766) суадносіны паміж 3 «каляровымі» часткамі Русі маюць такі выгляд: Белая Русь — Мсціслаўскае, Віцебскае, Полацкае, Смаленскае ваяв.; Чорная — Навагрудскае і Мінскае ваяв.; Чырвоная — усе ўкр. землі Польшчы. Такі падзел тады лічылі спрадвечным, спрабуючы рэтраспектыўна аднесці яго як мінімум да 14 ст. У сапраўднасці чляненне Русі на Белую, Чорную і Чырвоную штучнае і не было ўласцівае самім усх. славянам, пакуль да іх у 16—17 ст. шырока не пранікла еўрап. адукаванасць.
Літ.:
Белы А. Хроніка «Белай Русі» = Chronicon «Russiae Albae»;
Нарыс гісторыі адной геагр. назвы. Мн., 2000.
А.В.Белы.
т. 17, с. 278
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)