ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,

вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.​Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.

У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.​П.​Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.​М.​Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс. чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс. чал.) наказнога гетмана І.​Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.​Радзівілам (да 20 тыс. чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.​Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.​Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.​К.​Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.

У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.​Ф.​Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.​І.​Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал. рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.​Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.

Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц. правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.

У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.​Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.​Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.​Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.​А.​Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.​Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.​Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.​Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.

3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.​Сапегі (6 тыс. чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.​Чарнецкага (4 тыс. чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.​Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.​Далгарукава (да 30 тыс. чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.​Залатарэнкам (25 тыс. чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.​Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс. чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.​Жаромскага (12 тыс. чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн. чал. да 1,4 млн. чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.

Літ.:

Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;

Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;

Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;

Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;

Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.

А.​П.​Грыцкевіч

Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.

т. 3, с. 455

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАСКВА́,

федэральны горад, сталіца Расійскай Федэрацыі, цэнтр. Маскоўскай вобл. Найбуйнейшы ў краіне прамысл., фін., навук. і культ. цэнтр. Горад-герой (1965). Размешчаны ў міжрэччы Волгі і Акі, на ўскраіне Мяшчорскай нізіны. Па тэр. М. працякае каля 150 рэчак, большасць з якіх у падземных трубах; самая вял. р. Масква з прытокамі Яўза і Сетунь. Агульная пл. 1071 км² (пад жылымі кварталамі 367 км², пад прамысл. зонай 151 км², зялёнымі насаджэннямі 104 км², водныя аб’екты 24 км²). У межы М. ўключаны б. гарады Бабушкін, Любліно, Кунцава, Пярова, Тушына і інш. нас. пункты. Падзяляецца на 10 адм. акруг. 8,7 млн. ж. (1999). Вузел чыгунак, аўтамаб., водных і паветр. шляхоў зносін, рачны порт. Ад М. адыходзяць 11 электрыфікаваных напрамкаў чыгункі, 13 шашэйных дарог. 9 чыг. вакзалаў, 3 рачныя парты, 4 пасажырскія аэрапорты (Дамадзедава, Шарамецьева, Унукава, Быкова). Метрапалітэн (працягласць 255,7 км, 158 станцый). М. — адзін з найб. у свеце індустр. цэнтраў; вырабляе каля 5% прадукцыі прам-сці Расіі. У структуры прамысл. прадукцыі (1995, %) вылучаюцца электраэнергетыка — 17, машынабудаванне — 24, прам-сць буд. матэрыялаў — 8, харч. — 23, інш. — 28. Шмат прадпрыемстваў ваенна-прамысл. комплексу, вядучыя прадпрыемствы авіяц., ракетна-касм., радыёэлектроннай, прыладабуд. прам-сці. Вядучае месца займаюць машынабудаванне і металаапрацоўка, у т. л. станкаінстр., эл.-тэхн., аўтамаб. прам-сць, вытв-сць халадзільнага, кампрэсарнага і пад’ёмнага абсталявання, падшыпнікаў, гадзіннікаў. Найб. маш.-буд. прадпрыемствы: «ЗІЛ», АЗЛК, «Маскоўскі падшыпнік», авіяц. вытв. аб’яднанне імя Дзяменцьева, вытв. аб’яднанне «Энергія», з-ды імя Хрунічава, «Калібр», «Метраном», «Чырвоны пралетарый» і інш. Развіта хім. прам-сць, у т. л. вытв-сць аўтамаб. шын, гумава-тэхн., пластмасавых, фармацэўтычных, парфумерных вырабаў, фарбаў, тавараў быт. хіміі. Прадпрыемствы чорнай металургіі, нафтаперапр. з-д. М. — традыц. цэнтр тэкст. і швейнай прам-сці. Развіты харч. (кандытарская ф-ка «Чырв. Кастрычнік», Астанкінскі і Чаркізаўскі мясаперапрацоўчыя камбінаты, акц. т-вы «Ферэйн», «Царыцына», «Бабаеўскае» і інш.), паліграф., гарбарная, абутковая, футравая прам-сць. М. — цэнтр кнігавыдавецтва і кнігадрукавання. Кінапрамысловасць. У М. сканцэнтраваны буйныя прадпрыемствы буд. індустрыі. Фін. і інвестыцыйны цэнтр краіны (банкі, біржы). 92 плавальныя басейны, 18 палацаў спорту, 96 стадыёнаў.

Гісторыя. У канцы 1-га тыс. н.э. асновай насельніцтва М. былі вяцічы. У канцы 11 ст. М. — невял. горад з умацаваным цэнтрам і рамесна-гандл. пасадам. Упершыню згадваецца ў Іпацьеўскім летапісе ў 1147 як уладанне суздальскага князя Юрыя Далгарукага. На мяжы 12—13 ст. значны горад Уладзіміра-Суздальскага княства. У 1237—38 разбурана мангола-татарамі. З канца 13 ст. цэнтр самаст. княства; пачынальнікам дынастыі маск. князёў быў Даніла Аляксандравіч, сын Аляксандра Неўскага. З 14 ст. цэнтр Маскоўскага вялікага княства. Каля 1326 пры Іване I з Уладзіміра ў М. перанесена рэзідэнцыя мітрапалітаў рус. правасл. царквы. У 1368 і 1370 войскі Дзмітрыя Іванавіча Данскога адбілі напады на М. вял. князя ВКЛ Альгерда. У М. фарміравалася рус. войска, якое ўдзельнічала ў Кулікоўскай бітве 1380. У 1382 горад абрабаваў і спаліў хан Тахтамыш (гл. таксама Маскоўскае паўстанне 1382). З канца 15 ст. М. — сталіца Расіі, у сувязі з чым у 15—16 ст. павялічылася эканам. значэнне горада (вытв-сць зброі, тканін, скураных, ганчарных і ювелірных вырабаў), засн. Гарматны двор, Парахавы (канец 15 ст.) і Манетны (1534) двары. У сак. 1564 І.Фёдараў (Федаровіч) і П.Мсціславец выдалі ў М. першую друкаваную рус. кнігу («Апостал»). Горад моцна пацярпеў у часы апрычніны (1565—72, 1575—76), у 1571 спалены (акрамя Крамля) войскам крымскага хана Даўлет-Гірэя. У 1610 акупіраваны войскамі Рэчы Паспалітай, вызвалены нар. апалчэннем пад кіраўніцтвам К.​М.​Мініна і Дз.​М.​Пажарскага. З 17 ст. М. — усерас. цэнтр рамеснай вытв-сці і гандлю (у канцы 1630-х г. у горадзе было каля 2 тыс. рамеснікаў), узніклі парахавыя млыны, папяровыя мануфактуры, Гранатны двор і інш. У 1687 засн. Славяна-грэка-лацінская акадэмія (з 1682 Маск. духоўная акадэмія). У 1682 (гл. Маскоўскае паўстанне 1682) і 1698 у М. адбыліся бунты стральцоў. З 1708 цэнтр Маскоўскай губ., рэзідэнцыя ген.-губернатарства. Пасля пераносу ў 1712 сталіцы Расіі ў Пецярбург М. засталася важнейшым эканам., гандл. і культ. цэнтрам краіны. У 18 ст. развівалася тэкст. вытв-сць (палатняныя, шаўковыя мануфактуры, Суконны двор). Паводле перапісу 1701 у М. 16 358 двароў. Пачалося брукаванне вуліц, у 1730 з’явілася вулічнае асвятленне, у 1781—1804 пабудаваны першы ў Расіі водаправод. У 1699 засн. Бурмістрава палата (пазней Ратуша, з 1720 Магістрат), у 1785 — Гар. дума. Засн. Артыл. (1707) і Інж. (1712) школы, у 1755 — Маскоўскі універсітэт. У вайну 1812 М. — цэнтр агульнарас. супраціўлення, на ​2/3 спалена войскамі Напалеона 1. У 1814 тут дзейнічала больш за 250 прадпрыемстваў. З 2-й пал. 19 ст. М. — найбуйнейшы чыг. цэнтр краіны. У канцы 1840-х г. у горадзе з’явіўся першы грамадскі транспарт — «лінейкі», у 1899 — трамвай. У пач. 20 ст. М. — буйны сусв. крэдытна-фін. цэнтр. Адзін з цэнтраў рэвалюцыі 1905—07 і Кастр. рэвалюцыі 1917 у Расіі. З 1918 М. — сталіца РСФСР, у 1922—91 — СССР. У Вял. Айч. вайну адбылася Маскоўская бітва 1941—42, масквічы сфарміравалі 16 дывізій нар. апалчэння; тут знаходзіліся Дзярж. к-т абароны і Стаўка Вярх. галоўнакамандавання. У 1980 месца правядзення ХХП летніх Алімп. гульняў. У 1990 у М. абвешчаны дзярж. суверэнітэт Рас. Федэрацыі. З 1992 М. — сталіца Рас. Федэрацыі, горад федэральнага значэння — суб’ект Рас. Федэрацыі.

Архітэктура. Гіст. ядро М. — Крэмль Маскоўскі (узнік у 11—12 ст. у сутоках Масквы-ракі і р. Няглінная), Красная плошча (з 15 ст.) з Васіля Блажэннага храмам (1555—90). У аснове радыяльна-кальцавога плана М. вуліцы, што разыходзіліся ад Крамля, і 3 поясы крапасных умацаванняў: Кітай-горада (1535—38, захаваліся фрагменты), Белага горада (1585—93, дойлід Ф.​Конь, цяпер Бульварнае кальцо) і Землянога горада (1591, 1641 і 1659, цяпер Садовае кальцо). У 13—16 ст. на гал. падыходах да М. ўзведзены ўмацаваныя манастыры: Андронікаў манастыр, Данскі манастыр, Новадзявочы манастыр, Данілаў (засн. ў 1282, цяпер манастыр-рэзідэнцыя патрыярха Маскоўскага) і інш. Забудова горада была пераважна драўляная. У 14 ст. складваецца Маскоўская школа дойлідства. Пачалі будаваць каменныя пасадскія храмы, у т. л. бесстаўповыя, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі (царква Зачацця Ганны, што ў Вугле, 1478—93). У 16 ст. будавалі цэрквы стоўпападобныя шатровыя (царква Ушэсця ў Каломенскім, 1532), манум. 5-купальныя (царква Адсячэння галавы Іаана Прадцечы ў Дзякаўскім, 1547). У 17 ст. Крэмль страціў крапасное значэнне, яго вежы ўпрыгожылі дэкар. шатрамі; культавыя і грамадз. збудаванні набылі свецкі характар, ускладніўся сілуэт, з’явіліся ўзорыстая цагляная муроўка, белакаменная разьба, каляровая кафля (царква ў Хамоўніках, 1679—80). З канца 17 ст. будавалі ў духу т.зв. нарышкінскага барока: цэрквы Уваскрэсення ў Кадашах (1687—1713, перабудавана ў 1860), Тройцы ў Хахлоўскім завулку (1696, каляровая кафля бел. цанінніка Палубеса), Тройцы ў Троіцкім-Лыкаве (1698—1704, прыпісваецца Я.​Бухвоставу), каменныя жылыя дамы (палаты дзяка Аверкія Кірылава, 1657, перабудаваны ў 18 ст.). Многія храмы і палацы М. аздаблялі бел. рэзчыкі (гл. Беларуская рэзь). З канца 17 — пач. 18 ст. былі спробы рэгулявання планіроўкі гар. кварталаў, складзены першы геад. план М. (1731—39, арх. І.​Мічурын, І.​Мардвінаў). Будавалі ў традыц. формах 17 ст. з выкарыстаннем ордэра, склаўся стыль барока (царква Архангела Гаўрыіла, т.зв. Меншыкава вежа, пачата ў 1701, у 1704—07 — арх. І.​Зарудны; дом Апраксіных, 1766—69). У 2-й пал. 18 ст. ў М. пашырана буд-ва ў формах класіцызму: будынкі Шляхетнага сходу (да 1775, перабудаваны ў 1784—90; цяпер Дом Саюзаў), Сената ў Крамлі (1776—88; цяпер рэзідэнцыя прэзідэнта Рас. Федэрацыі), Галіцынскага шпіталя (1796—1801), царква Філіпа Мітрапаліта (1777—88), дамы Дзямідава (1779—91), Барышнікава (1797—1802; усе арх. М.​Казакоў), Пашкова (1784—96, арх. В.​Бажэнаў, цяпер корпус Рас. дзярж. б-кі). У канцы 18 ст. на месцы Белага горада закладзены бульвары (першы — Цвярскі, 1796). У 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склаліся ансамблі падмаскоўных сядзіб — Астанкіна, Кускова, Царыцына і інш. На ўскрайках М. сяліліся рамеснікі і рабочыя. Пасля пажару 1812 (зруйнавана больш за ​2/3 будынкаў) створана «Камісія для адбудовы Масквы» (1813—43, адзін з кіраўнікоў арх. В.​Бавэ), праводзіліся вял. горадабуд. работы, створаны ансамблі Краснай і Тэатральнай плошчаў, разбіты Аляксандраўскі сад, узведзены будынкі манежа (1817, Л.​Карбанье, А.​Бетанкур, Бавэ), Вялікага тэатра Расіі (1824), перабудаваны ун-т (1817—19, арх. Д.​Жылярдзі). Аблічча М. вызначала жылая забудова невял. асабнякамі (майстар А.​Грыгор’еў). Найб. значныя збудаванні 1-й трэці 19 ст. ў стылі ампір: Удовін дом (1809—11, арх. Дж.​Жылярдзі, перабудаваны ў 1818, арх. Д.​Жылярдзі), сядзібы кн. Галіцыных (Кузьмінкі, 1820-я г.), Усачовых-Найдзёнавых (1829—31, абедзве арх. Д.​Жылярдзі), Правіянцкія склады (1821—35, арх. В.​Стасаў, Ф.​Шастакоў), Трыумфальныя вароты (1827—34, арх. Бавэ). Пабудовы 19 — пач. 20 ст. ў духу эклектыкі і стылю мадэрн: храм Хрыста Збавіцеля ў памяць вайны 1812 (1837—83, знесены ў 1930-я г., адноўлены ў 1990-я г.), Мікалаеўскі вакзал (цяпер Ленінградскі; 1849, абодва арх. К.​Тон, рус.-візант. стыль), Гістарычны музей (1875—81), Музей выяўленчых мастацтваў імя А.​С.​Пушкіна (1898—1912), будынак МХАТ імя А.​П.​Чэхава (1902), асабняк Рабушынскага (1902—06, абодва арх. Ф.​Шэхтэль, мадэрн), гал. фасад Траццякоўскай галерэі (1906). План «Новая Масква» (1918—25, калектыў архітэктараў пад кіраўніцтвам А.​Шчусева і І.​Жалтоўскага) прадугледжваў добраўпарадкаванне цэнтр. і перыферычных раёнаў М., буд-ва жылых кварталаў са свабоднай расстаноўкай будынкаў, багатым азеляненнем (раёны Усачоўкі, Дангаўэраўкі і інш.). Грамадскія будынкі 1920—30-х г. у духу канструктывізму: радыёвежа на Шабалаўцы (1921, інж. У.​Шухаў), дом газ. «Известия» (1925—27, арх. Р.​Бархін), клуб імя І.​Русакова (1927—29, арх. К.​Мельнікаў). Цэнтр. стат. ўпраўленне (1928—35, арх. Ле Карбюзье, з удзелам арх. М.​Колі; цяпер Дзяржкамстат Расіі), камбінат газ. «Правда» (1929—35, арх. П.​Голасаў), Палац культуры аўтазавода «АМО» (1930—34, арх. браты Весніны) і інш. У ансамблі Краснай пл. маўзалей У.​І.​Леніна (1929, арх. Шчусеў). У 1930-я г. пачалося буд-ва метрапалітэна, здадзена ў эксплуатацыю першая тралейбусная лінія, пабудаваны канал імя Масквы. У працэсе рэалізацыі плана рэканструкцыі М. 1935 (арх. У.​Сямёнаў, С.​Чарнышоў і інш.) створана Манежная пл., пабудаваны гасцініца «Масква» (арх. Шчусеў, А.​Стапран, Л.​Савельеў), будынак Дзяржплана (абодва 1932—38, арх. А.​Лангман), рэканструяваны гал. гар. магістралі — вул. Горкага (цяпер Цвярская), Мажайская шаша (цяпер ч. Кутузаўскага праспекта) і інш. У 1936—39 цалкам перабудаваны масты, у т. л. Маскварэцкі (арх. Шчусеў, інж. В.​Кірылаў), вісячы Крымскі (арх. А.​Уласаў, інж. В.​Канстанцінаў), створана Усесаюзная с.-г. выстаўка (перабудавана ў 1954, цяпер Усерас. выставачны цэнтр). У канцы 1940-х—60-я г. ўзводзілі вышынныя будынкі: Маскоўскі ун-т на Вараб’ёвых гарах (1949—53), жылыя дамы на вул. Паўстання (арх. М.​Пасохін, А.​Мндаянц і інш.), гасцініца «Украіна» (1957, арх. А.​Мардвінаў). З 1950-х г. на свабодных землях ствараліся буйныя гар. раёны, падзеленыя на мікрараёны (Паўд. Захад, Новыя Чаромушкі, Паўн. Ізмайлава і інш.); забудова вялася паводле тыпавых праектаў 5-павярховымі дамамі, з сярэдзіны 1960-х г. — дамамі ў 9 і больш паверхаў. У цэнтры пракладзены і забудаваны новыя праспекты — Камсамольскі (1958—65), Калінінскі (1964—69, цяпер Новы Арбат), Навакіраўскі (1980—90-я г., цяпер праспект А.​Дз.​Сахарава) і інш. Сярод значных збудаванняў у формах сучаснай архітэктуры: комплекс Цэнтр. стадыёна ў Лужніках (1955—56), кінаканцэртная зала «Кастрычнік» (1967), тэлецэнтр у Астанкіне (вежа — 1967, выш. 533 м, будынак — 1968), будынак СЭУ на Новым Арбаце (1969, цяпер Маск. мэрыя), комплекс гасцініцы «Расія» (1967—70) з Цэнтр. канцэртнай залай (1974); Курскі вакзал (1972), Дом урада Рас. Федэрацыі («Белы дом», 1981), камфартабельныя гасцініцы («Балчуг-Кемпінскі», «Прэзідэнт-атэль») і жыллёвыя комплексы (1990-я г.). У выніку рэканструкцыі 1992—96 Манежная пл. пераўтворана ў гандл.-рэстаранны цэнтр; уздоўж агароджы Аляксандраўскага сада адкрыта штучнае рэчышча (імітацыя вадацёку р. Няглінная), дэкарыраванае балюстрадамі і скульпт. групамі на тэмы рус. казак (скульпт. З.​Цэрэтэлі). Паркі: Цэнтр. культуры і адпачынку імя М.​Горкага, Ізмайлаўскі, Сакольніцкі і інш. Помнікі: А.​С.​Пушкіну (1880), «Героям Плеўны» (1887), І.​Фёдараву (1909), М.​Горкаму (1951), Ю.​Далгарукаму, П.​І.​Чайкоўскаму (абодва 1954), М.​Ю.​Лермантаву (1965), «Невядомаму салдату» (1967), М.​І.​Кутузаву (1973), маршалу Г.​К.​Жукаву (1996) і інш. Крэмль і ансамбль Краснай пл. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Культурна-асветныя ўстановы. У М. знаходзяцца расійскія АН, АМ, акадэмія мед. навук і інш. галіновыя акадэміі; каля 1 тыс. НДІ і канструктарскіх бюро; каля 80 ВНУ, у т. л. Маскоўскі універсітэт, маскоўскія тэхн. ун-т, лінгвістычны ун-т, кансерваторыя, расійскія ун-т дружбы народаў, мед. ун-т, акадэміі: мед., с.-х., ветэрынарная, нафты і газу, эканам., кіравання, музыкі імя Гнесіных, хар. мастацтва імя Свешнікава, тэатр. мастацтва, харэаграфічная, фіз. культуры; ін-т кінематаграфіі, тэатр. і муз. вучылішчы. Буйнейшыя б-кі: Рас. дзяржаўная, гіст., замежнай л-ры, Маскоўскага ун-та і інш. Больш за 70 музеяў, у т. л. музейнае аб’яднанне «Траццякоўская галерэя», выяўл. мастацтваў імя Пушкіна, Гістарычны, Політэхн., Аружэйная палата, архітэктуры імя Шчусева, гісторыі М., Тэатральны імя Бахрушына, Літаратурны; дамы-музеі В.​Васняцова, М.​Горкага, М.​Лермантава, Л.​Талстога, М.​Цвятаевай, А.​Чэхава, Ф.​Шаляпіна і інш.; маст. галерэі і выставачныя залы. Каля 60 прафес. тэатраў, у т. л. Вялікі, муз. імя Станіслаўскага і Неміровіча-Данчанкі, аперэты, Малы, МХАТ імя Чэхава, МХАТ імя Горкага, імя Вахтангава, імя Маякоўскага, імя Массавета, імя Ярмолавай, «Ленком», на Таганцы, на Малой Броннай, «Сучаснік», Сатыры, лялек імя Абразцова і інш.; тэатры-студыі. 2 цыркі. Канцэртная зала імя Чайкоўскага, Вял. і Малая залы кансерваторыі, Калонная зала Дома Саюзаў, Цэнтр. канцэртная зала «Расія» і інш. Кінаканцэрн «Масфільм» і інш. кінастудыі. Тэлецэнтр «Астанкіна».

У М. адбываюцца Міжнар. конкурс артыстаў балета (з 1969), Міжнар. конкурс імя Чайкоўскага (з 1958), Маскоўскі міжнар. кінафестываль (у 1935, з 1959 раз у 2 гады), муз. фестывалі «Маскоўскія зоркі», «Руская зіма», «Маскоўская восень», фестываль музыкі і жывапісу «Снежаньскія вечары» і інш.

Беларусы ў Маскве. З бел. зямель ВКЛ у М. перасяляліся пакрыўджаныя ці незадаволеныя палітыкай вял. князёў прадстаўнікі вышэйшага феад. саслоўя (князі Бельскія, Вяземскія, Глінскія і інш.), выводзіліся захопленыя ў час войнаў палонныя — шляхта, сяляне, рамеснікі. У 1-й пал. 16 ст. вял. кн. маскоўскі Васіль III набраў сабе атрад целаахоўнікаў пераважна з выхадцаў з ВКЛ і пасяліў іх асобна ў створанай для іх слабадзе Налі (Наліўкі, Налейка). У пач. 17 ст. засн. яшчэ 2 вайск. слабады, населеныя ў асн. беларусамі — Старапанская (Іншаземная) у раёне Варанцова поля (у 1638 былі 52 двары) і Панская (абедзве асіміляваны да канца 17 ст.). Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 каля ​1/5 насельніцтва М. складалі палонныя беларусы, якія сяліліся па розных слабодах (найб. у Броннай і Ганчарнай). У 1672 для іх створана новая іншаземная Мяшчанская слабада, дзе ў 1684 у 477 дварах жыло 612 сем’яў (жыхары Мяшчанскай слабады асіміляваны ў пач. 18 ст.). З 15 ст. ў М. існаваў Літ. купецкі двор, дзе спыняліся купцы з ВКЛ (двор размяшчаўся ў раёне Варварскага крыжа; цяпер вул. Разіна), у канцы 16 ст. перанесены на Лубянскую плошчу, дзе праіснаваў да 2-й пал. 17 ст. З 16 ст. ў М. існаваў дыпламат. двор, прызначаны для пражывання пасольстваў ВКЛ — на Успенскім яры (з 1530), Пакроўцы (з 1560-х г.), Ільінцы ў Кітай-горадзе (пач. 17 ст.); дыпламат. двор ліквідаваны ў сярэдзіне 17 ст. паводле ўказа цара Міхаіла Фёдаравіча. Значны ўплыў на развіццё грамадскай думкі, культуры, асветы, кнігадрукавання ў Расіі 16—18 ст. зрабілі выхадцы з Беларусі, у т. л. П.​Мсціславец, І.​Фёдараў (Федароўскі), а таксама тыя, што жылі ў М.: І.С.Перасветаў, І.Ф.Капіевіч, А.Х.Белабоцкі, Сімяон Полацкі і інш. Трупа першага рус. (прыдворнага) тэатра (1672—76) амаль цалкам складалася з беларусаў Мяшчанскай слабады. У 2-й пал. 17 ст. дзесяткі беларусаў працавалі на Друкарскім двары, у Аружэйнай палаце, аздаблялі церамы Крамля, цэрквы і манастыры М. Яны прывезлі новыя рамёствы, тэхніку беларускай рэзі, вырабу шматколернай кафлі і інш. У 1800 у М. перасялілі музыкантаў Шклоўскага тэатра Зорыча. У 19 — пач. 20 ст. у М. працавалі мастакі С.К.Заранка, С.Ю.Жукоўскі, В.К.Бялыніцкі-Біруля, вучоныя А.А.Кавалеўскі, В.К.Цэраскі, А.С.Будзіловіч і інш. У першыя дзесяцігоддзі 20 ст. ў М. існавалі бел. паліт. і культ.-асв. арг-цыі: Беларуская сацыялістычная грамада, Беларуская народная грамада, бел. секцыя пры ЦК партыі левых эсэраў, Цэнтр. бюро бел. секцый РКП(б), Беларускі нацыянальны камісарыят, Беларускі народны універсітэт, Беларускае навукова-культурнае таварыства, клуб «Беларус», Беларуская чыгуначная грамада і інш. У 1920—1-й пал. 1930-х г. у М. дзейнічалі Беларускае Цэнтральнае бюро пры Народным камісарыяце асветы РСФСР, Цэнтр. бюро бел. студэнцкіх арг-цый, Беларускае пралетарскае студэнцкае зямляцтва, Т-ва паліт. эмігрантаў з Зах. Беларусі, Беларуская культурна-навуковая асацыяцыя, Беларускі клуб, Беларуская драматычная студыя, Беларуская песенная камісія, бел. секцыя Маскоўскай асацыяцыі пралет. пісьменнікаў і інш. У 2-й пал. 20 ст. прыток беларусаў у М. значна павялічыўся: калі ў 1926 у М. было 13 тыс. чал. беларусаў, то ў 1959—34 370, у 1970—50 257, у 1989—73 005. Многія беларусы і ўраджэнцы Беларусі 20 ст. сталі ў М. вядомымі дзярж., грамадскімі і культ. дзеячамі, вучонымі: А.М.Адамовіч, Ж.А.Алфёраў, І.Р.Брайцаў, В.А.Гальданскі, А.А.Грамыка, Я.Б.Зяльдовіч, Л.Іларыёнава, А.К.Каўка, К.Т.Мазураў, Я.А.Мандэльштам, А.Б.Мігдал, П.В.Сухі, М.М.Улашчык, Ф.Л.Шапіра, О.Ю.Шміт, Я.​Шыраеў, касманаўты У.В.Кавалёнак і П.А.Клімук. З канца 1980-х г. у М. зноў ствараюцца бел. культ.-асв. і грамадска-паліт. арг-цыі: Т-ва бел. культуры імя Ф.​Скарыны, аб’яднанне беларусаў М. «Бацькаўшчына», студэнцкая суполка «Пагоня», бел. каталіцкая і уніяцкая суполкі і інш. У кастр. 1999 створана бел. нац.-культ. аўтаномія «Беларусы Масквы». Выдаецца бюлетэнь «Шляхам Скарыны». Прадстаўнікі маск. бел. арг-цый удзельнічалі ў сходзе беларусаў блізкага замежжа (1992), з’ездах беларусаў свету (1993, 1997). У М. размешчаны сядзібы Міжрэгіянальнага аб’яднання беларусаў Расіі і федэральнай нац.культ. аўтаноміі «Беларусы Расіі».

Літ.:

Москва: Энцикл. М., 1998;

Забелин И. История города Москвы: Репринт. воспр. изд. 1905 г. М., 1990;

По Москве: Репринт. воспр. изд. 1917 г. М., 1991;

Молокова Т.А., Фролов В.П. История Москвы в памятниках культуры: К 850-летию столицы. М., 1997;

Абецедарский Л.С. Белорусы в Москве XVII в. Мн., 1957;

Брага С. [Тумаш В.] Доктар Скарына ў Маскве. Мн., 1993;

Прыбытка Г. Міласцю прыроднаю майстры: Бел. слабоды ў Маскве // Бел. мінуўшчына. 1993. № 3/4;

Москва: Памятники архитектуры XIV—XVII вв.: [Альбом]. М., 1973;

Москва: Памятники архитектуры XVIII — первой трети XIX в. Кн. 1—2. М., 1975;

Кириченко Е. Москва: Памятники архитектуры 1830—1910 хт. М., 1977.

Г.​С.​Смалякоў (геаграфія, эканоміка), Г.​В.​Прыбытка (гісторыя), Р.​Л.​Раманаў (архітэктура), Г.​В.​Прыбытка, Г.​Г.​Сяргеева (беларусы ў Маскве).

Да арт. Масква. Від на Маскву-раку.
Да арт. Масква. Вуліца С.​Разіна.
Да арт. Масква. Пасольскі двор. Малюнак І.-Р.​Сторна для кнігі А.​Меерберга «Вандраванне ў Масковію». 1661—62.
Да арт. Масква. У заваяванай Маскве. (Падпальшчыкі). Мастак В.​В.​Верашчагін. 1897—98.
Да арт. Масква. Царква Зачацця Ганны, што ў Вугле. 1478—93.
План Масквы 1610 («Жыгімонтаў план»), Складзены І.​Г.​Абелінам. Гравюра Л.​Кіліяна.
Помнік Г.​К.​Жукаву ў Маскве. 1996.
Да арт. Масква. Універсітэт імя М.​В.​Ламаносава.
Да арт. Масква. Жыллёвы комплекс на Мажайскай шашы. 1999.
Да арт. Масква. Гасцініца «Расія». 1967—70.

т. 10, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)