ВА́ЛЬЕ ІНКЛА́Н ((Valle-Inclán) Рамон Марыя дэль) (28.10.1866, Вільянуэва-дэ-Ароса, прав. Пантэведра, Іспанія — 5.1.1936),

іспанскі пісьменнік. Прадстаўнік «Пакалення 1898 года» (гл. ў арт. Іспанія, раздзел Літаратура). Ранняя творчасць (цыкл аповесцей «Санаты», ч. 1—4, 1902—05) пад уплывам лац.-амер. мадэрнізму і франц. дэкадансу. Пазнейшыя творы адметныя ўвагай да фальклору і гісторыі роднай Галісіі: трылогія «Карлісцкая вайна» (1908—09), драм. цыкл. «Варварскія камедыі» (1907—22). У 1920-я г. працаваў над «эсперпента» — драм. жанрам, які папярэднічаў сюррэалізму і т-ру абсурду (блізкі да трагіфарса). У п’есах «Рогі дона Ахінеі» (1921), «Убранне нябожчыка» (1926) і інш. праз гратэск, абагульненасць вобразаў і парадзіраванне штампаў класічнай л-ры высмеяў афіц. ідэалогію і косны быт правінцыяльнай Іспаніі. Аналіз феномена ваен. дыктатуры лац.-амер. тыпу ў рамане-памфлеце «Тыран Бандэрас» (1926). Аўтар няскончанай гіст. трылогіі «Арэна Іберыйскага цырка» (т. 1—2, 1927—28, т. 3, выд. 1958). Зб-кі вершаў «Водар легенды» (1907), «Люлька гашышу» (1919) і інш. ў цэлым вытрыманы ў стылістыцы лац.-амер. мадэрнізму.

Тв.:

Рус. пер. — Сонаты. М.; Л., 1966;

Избр. произв. Т. 1—2. Л., 1986.

Літ.:

Тертерян И. Испытание историей: Очерки исп. лит. XX в. М., 1973.

К.​М.​Міхееў.

т. 3, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КЁР-АГЛЫ́»,

«Кёраглу», фальклорна-эпічны твор народаў Б. Усходу і Сярэдняй Азіі, у аснове сюжэта якога жыццё і подзвігі легендарнага волата-змагара за нар. шчасце і справядлівасць. Створаны не раней 17 ст. Сабраны і запісаны ў 1-й пал. 19 ст. Напісаны прозай і вершамі (тадж. толькі вершамі). Версіі «К.-а.» ўмоўна падзяляюць на зах. (арм., груз., курдскую, адж., тур., вытокі якіх у азерб. эпасе) і ўсх. ці сярэднеазіяцкую (туркм. «Гёраглы», узб. і каз. «Гораглы», тадж. «Гуруглі» ці «Гургулі»).

Паводле зах. версій герой-мсцівец Кёраглы (Сын сляпога), ён жа і паэт-імправізатар помсціць за свайго бацьку, якога тыран зрабіў сляпым. Эпас «К-а.», верагодна, заснаваны на дзейнасці рэальнай гіст. асобы, пра што сведчаць дакументы 16—17 ст. Усх. версіі адрозніваюцца ад зах., у іх многа казачна-фантаст. элементаў. Іх герой Гёраглы (Сын магілы, нарадзіўся ад мёртвай маці ў магіле) манарх знатнага паходжання. Свае подзвігі Гёраглы здзяйсняе ў казачнай краіне Чамбел (Шамбел), яго ўчынкі сімвалізуюць справядлівага і сумленнага правіцеля, абаронцу радзімы. «К.-а.» перакладзены на рус. (упершыню выд. азерб. версія ў 1856), англ., венгр. і інш. мовы.

Публ.:

Кёроглу. Баку. 1959.

Літ.:

Каррыев Б.А. Эпические сказания о Кёр-оглы у тюркоязычных народов. М., 1968.

т. 8, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Тара́н1 тара́нка ’разнавіднасць плоткі, якую спажываюць у салёным і вяленым выглядзе’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Растарг.), тара́н ’вобла’ (Яруш.), ’сушаная або вэнджаная рыба; худы, знясілены чалавек’ (парыц., Янк. Мат.), ’сушаная рыба’ (Касп., Сержп. Казкі), ’плотка’ (чэрв., слаўг., Жыв. св.), ’худы чалавек’ (Жд. 2, Мат. Гом.), тара́нка, тара́нь ’сушаная рыба’ (ТС), тара́нка, тара́нька ’тс’ (Мат. Гом.). Укр. тара́ня ’рыба Rutilus rutilus’, рус. тара́нь ’тс’, польск. tarań ’тс’, чэш. дыял., славац. дыял. taran ’рыбец’, балг. тара́н ’таранка’. З цюркскіх моў, параўн. казах. тыран ’лешч’. Значэнне ’худы чалавек’ пераноснае (Фасмер, 4, 22; ЕСУМ, 5, 519). Няяснымі застаюцца адносіны да чэш., в.-луж. taran ’карп’ (< ням. Tharant, гл. Усачова, Слав. ихт. терм., 18; параўн. Брукнер, 565).

Тара́н2 ’старажытная прылада, якой разбівалі крапасныя сцены, мела выгляд бервяна з металічным наканечнікам’, ’прамы ўдар носам карабля, вінтом самалёта па варожай машыне ў час бою’ (ТСБМ), ’муралом’ (Некр. і Байк.), ’тоўсты абрубак дрэва для збівання алею ў алейніцы’ (Дэмб. 2), ’бервяно’ (Растарг.), ст.-бел. таран ’таран’: били на мур тараны. Укр., рус. тара́н, стараж.-рус. таранъ (XIII ст.) ’прыстасаванне для разбівання сцен у выглядзе бервяна з завостраным металічным канцом’, польск. taran ’тс’, чэш. taran ’баба для забівання паляў’. Дапускаецца запазычанне праз польскую мову з с.-в.-ням. tarant ’абложны механізм; скарпіён; дракон’ < італ. taranto < tarantola ’тарантул’ (Фасмер, 4, 21; ЕСУМ, 5, 518; Махэк₂, 636; Віткоўскі, Słownik, 184). Менш верагодна кантамінацыя ст.-рус. баранъ ’сценабітная прылада’ і тълкнути, тыкати, търгати (Чарных, 2, 229) або сувязь з польск. tarać się ’качацца’ (Брукнер, 565), гл. церціся, параўн. чэш. beran ’таран’ і ’баран’, серб.-харв. о́ван (< прасл. *ovьnъ) ’таран’ і ’баран’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЛАТО́Н (Platon) Афінскі

(май 428, Афіны — 347 да н.э.),

старажытнагрэчаскі філосаф, заснавальнік платанізму. Належаў да афінскай арыстакратыі: бацька Арыстон паходзіў з роду афінскага цара Кодра, маці Перыктыёна — з роду заканадаўца Салона, аднаго з «сямі мудрацоў». Каля 408 да н.э. стаў вучнем і паслядоўнікам Сакрата. Пасля яго смерці выехаў у Мегары. Каля 387 заснаваў у Афінах уласную філас. школу — Акадэмію платонаўскую. Аўтар 34 філас. дыялогаў (большасць з іх — гутаркі Сакрата з вучнямі), прамовы «Апалогія» (абарона Сакрата), 13 лістоў, а таксама «Вызначэнняў», якія ў антычнасці прыпісваліся Спеўсіпу. Найб. вядомыя творы П.: «Крытон» (аб павазе да законаў), «Лахет» (аб мужнасці), «Эўтыфрон» (аб набожнасці), «Гіпій меншы» (аб хлусні і несправядлівасці), «Краціл» (аб мове), «Федон» (аб справядлівасці), «Тээтэт» (аб ведах), «Тымей» (касмалогія) і інш. У філас. сістэме П. вылучаны ўсе асн. састаўныя ч. ведаў: анталогія, касмалогія, гнасеалогія, этыка, эстэтыка. Першасным ён называў свет вечных, нязменных, самастойна існуючых сутнасцей — ідэй. Другаснай. вытворнай ад іх, лічыў усю разнастайнасць пачуццёва ўспрымальнага свету; кожная рэч — вынік спалучэння ідэі (узору) з бясформеннай матэрыяй; пачуццёвы свет як нараджэнне ідэй і матэрыі займае сярэдзіннае становішча паміж імі. На яго думку, упарадкаванасць быцця па-свойму выражае Космас, у якім на кожным кроку сустракаецца боскі розум (дэміург). З сумесі ідэй і матэрыі дэміург стварае сусв. душу, якая распаўсюджана па ўсёй прасторы. Успаміны бессмяротнай душы аб ідэях, якія яна сузірала да смерці, складаюць сутнасць працэсу пазнання, а яго найб. правільным метадам мыслення з’яўляецца дыялектыка. У аснове працэсу пазнання ляжыць любоў да ідэі — узыходжанне ад любові да асобных рэчаў і цел да любові ў сферы душ, а ад іх — у сферы чыстых ідэй («Федр», «Парменід», «Сафіст»). Паводле П., душа складаецца з 3 частак: вышэйшай — розум; сярэдняй — воля і высакародныя ўчынкі; ніжэйшай — захапленні і пачуццёвасць. У этыцы гэтаму адпавядаюць 3 асн. дабрачыннасці — мудрасць, мужнасць, разважнасць і пакорлівасць; іх носьбітамі з’яўляюцца адпаведна 3 саслоўі грамадства: філосафы і правіцелі, воіны і чыноўнікі, земляробы і рамеснікі. Лагічнае спалучэнне і раўнавага 3 дабрачыннасцей дае пачатак 4-й, агульнадзярж. дабрачыннасці — справядлівасці («Горгій», «Палітыка»). П. вылучаў 3 асн. формы праўлення: манархію, арыстакратыю і дэмакратыю. На яго думку, манархія (уладаранне аднаго) бывае законная (цар) або насільная (тыран); арыстакратыя (уладаранне нямногіх) — панаванне лепшых або алігархія (панаванне горшых); дэмакратыя (уладаранне ўсіх) — арганізаваная паводле законаў або беззаконная (насільная). Выступаў супраць паліт. дактрыны, якая абапіраецца на «права мацнейшага» і лічыць перамогу над сваімі праціўнікамі адзіным крытэрыем легітымнасці і адзінай крыніцай шчасця. На яго думку, умацаванню ідэальнай дзяржавы павінна служыць строгая сістэма адукацыі і выхавання грамадзян, якія не стануць злоўжываць паліт. дзейнасцю на ўласную карысць, будуць кіравацца ідэямі і вызнаваць сапраўднае дабро («Палітыка», «Дзяржава», «Законы»). Лічыў, што сапраўднай крыніцай жыцця для ўсяго жывога павінна стаць вечная прыгажосць, якая ўяўляе сабой зліццё ідэі і матэрыі, або разумнасці і задавальнення. Пры гэтым прыгажосць жыцця і прыгажосць рэальнага быцця вышэй за прыгажосць мастацтва, таму што быццё і жыццё ёсць перайманне вечных ідэй, а мастацтва ёсць перайманне быцця і жыцця, г. зн. перайманне пераймання («Іон», «Геній Большы» і інш.).

На Беларусі з вучэннем П. знаёміліся па шматлікіх перакладных зборніках выслоўяў ант. філосафаў, пісьменнікаў, айцоў царквы («Пчала», «Ізмарагд» і інш.). Паводле сведчанняў сучаснікаў, Клімент Смаляціч напісаў некалькі твораў «ад Аміра і ад Арыстоцеля і ад Платона», якія да нас не дайшлі. У эпоху Адраджэння і Асветніцтва бел. мысліцелі звярталіся да ідэй П. і неаплатанізму ў пошуках пазітыўнай праграмы абнаўлення дзярж.-прававых ін-таў, маральнага ўдасканалення грамадства (Ф.​Скарына, М.​Сматрыцкі, А.​Волан, Б.​Дабшэвіч, К.​Лышчынскі, К.​Нарбут і інш.). Напр., С.​Будны ў духу сац.-паліт. і этычных поглядаў П. (дыялогі «Дзяржава», «Законы»), крытыкаваў тыранію, развіваў ідэі аб дыялектыцы закону і беззаконня, палітыкі і маралі. Ф.​Карпінскі ў «Гутарках Платона» распрацаваў маральна-гуманіст. канцэпцыю, асновай якой з’яўляецца сардэчнасць, праяўленне чалавечай любові і чалавечага шчасця. Сімяон Полацкі спасылаўся на платонаўскі твор «Тээтэт» у сваіх разважаннях аб ролі пазнання і ведаў, маральных каштоўнасцей асобы. І.​Капіевіч, А.​Скарульскі на аснове філас.-ідэаліст. канцэпцый П. вялі палеміку з атамістычным вучэннем Дэмакрыта, Леўкіпа, Эпікура. Эстэт. вучэнне П. паўплывала на погляды асветнікаў Беларусі і Літвы (Ф.​Галянскі, Л.​Бароўскі, Е.​Славацкі, А.​Фіялкоўскі). Яго творы ўключаліся ў школьныя праграмы, вывучаліся ў брацкіх, кальвінісцкіх, арыянскіх школах, езуіцкіх калегіумах і акадэміях Беларусі.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—3. М., 1968—72;

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1990—94;

Диалоги. М., 1998;

Законы. М., 1999.

Літ.:

Асмус В.Ф. Платон. 2 изд. М., 1975;

Нерсесянц В.С. Платон. М., 1984;

Панченко Д.В. Платон и Атлантида. Л., 1990;

Лосев А.Ф. Словарь античной философии: Избр. ст. М., 1995;

Эрш Ж. Філасофскае здумленне: Гісторыя заходняе філасофіі: Пер. з фр. Мн., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

Платон.

т. 12, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)