Аўстралійскі Саюз (Commonwealth of Australia), дзяржава ў Паўд. паўшар’і. Займае кантынент Аўстралія, в-аў Тасманія і прылеглыя дробныя астравы. Пл. 7,68 млн.км². Нас. 18 млн.чал. (1994). Афіцыйная мова — англійская. Сталіца — г.Канбера. Адміністрацыйна падзяляецца на 6 штатаў (Новы Паўд. Уэльс, Квінсленд, Вікторыя, Паўд. Аўстралія, Зах. Аўстралія, Тасманія) і 2 тэрыторыі (Паўночная і Сталічная). Пад кіраваннем Аўстраліі а-вы Норфалк, Какосавыя, Каляд. Нац. свята — Дзень Аўстраліі (26 студз.).
Дзяржаўны лад. Аўстралія — федэральная дзяржава ў складзе Садружнасці, што ўзначальвае Вялікабрытанія. На чале дзяржавы брыт. манарх, якога прадстаўляе ген.-губернатар, прызначаны па рэкамендацыі аўстрал. ўрада. Вышэйшы заканад. орган — федэральны парламент, які складаецца з сената і палаты прадстаўнікоў. Гал. ролю ў ажыццяўленні заканад. функцыі адыгрывае палата прадстаўнікоў са 148 дэпутатаў, выбраных усеагульным тайным галасаваннем тэрмінам на 3 гады. Верхняя палата — сенат з 76 сенатараў (па 12 сенатараў ад штатаў і па 2 сенатары ад тэрыторый), выбіраецца тэрмінам на 6 гадоў (палавіна з іх перавыбіраецца кожныя 3 гады). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Асн. ўрадавыя рашэнні прымае кабінет міністраў, але юрыд. сілу яны набываюць пасля праходжання праз Выканаўчы к-т — фармальны орган, які ўзначальвае ген.-губернатар.
Прырода. Гл. ў арт.Аўстралія і Тасманія.
Насельніцтва. Пераважная большасць — англа-аўстралійцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі і інш. краін Зах. Еўропы. Захоўваюцца некаторыя культ. і рэліг. адрозненні паміж групамі рознага паходжання. Нядаўнія імігранты жывуць пераважна ў буйных гарадах. Карэнныя аўстралійцы і метысы (каля 250 тыс.чал.) жывуць пераважна ў пустынных малаасвоеных раёнах, часткова на ўскраінах гарадоў і ў сельскай мясцовасці. Карэннае насельніцтва Тасманіі цалкам знішчана, захавалася невял. група англа-тасманскіх метысаў. Паводле веравызнання 76% насельніцтва хрысціяне: англікане і католікі (па 26%), прэсвітэрыяне, метадысты і інш.; ёсць невял. групы мусульман, будыстаў і прадстаўнікоў інш. рэлігій. Гар. насельніцтва 85,2% (1990). Самыя вял. гарады (млн.чал., 1993): Сідней (3,7), Мельбурн (3,2), Брысбен (1,4), Перт (1,2), Адэлаіда (1,1). Сярэдняя шчыльн. насельніцтва 2,3 чал. на 1 км². Больш шчыльна заселены ПдУ, У і ПдЗ краіны (каля 90% насельніцтва). Найбольшая шчыльнасць у штаце Вікторыя — 18 чал. на 1 км².
Гісторыя. Продкі карэнных жыхароў Аўстраліі прыйшлі з Паўд. Азіі і засялілі кантынент, верагодна, у перыяд позняга палеаліту. Цяжкія прыродныя ўмовы і аддаленасць ад інш. народаў свету ўскладнілі развіццё аўстрал. плямёнаў. У канцы 18 ст. яны займаліся паляваннем і збіральніцтвам, не ведалі земляробства і жывёлагадоўлі.
Першыя еўрапейцы ступілі на зямлю Аўстраліі ў пач. 17 ст.: галандцы В.Янсзан (1606) і А.Тасман (1642). У 17 ст. Аўстралію даследавалі партугальцы, у 18 ст. — англічане (Дж.Кук). У 1788 сюды прыбыла англ. эскадра (11суднаў, узначальваў капітан А.Філіп) з асуджанымі. Яны заснавалі першае паселішча — будучы г. Сідней. З гэтага часу Аўстралія служыла месцам ссылкі асуджаных злачынцаў з Вялікабрытаніі. Пасля адкрыцця ў 1813—15 пераходаў праз Блакітныя горы і хр. Ліверпул да багатых выпасаў прыток еўрапейцаў павялічыўся. З 1830-х г.англ. ўрад перайшоў да т.зв. сістэматычнай каланізацыі. Гаспадаркі, якія гадавалі мерыносавых авечак, паступова аб’ядналіся ў буйныя манаполіі. Адкрыццё запасаў золата (штат Вікторыя) выклікала «залатую ліхаманку» (1851—61) і ўзмацніла прыток імігрантаў з Еўропы. За 10 гадоў насельніцтва павялічылася амаль у 3разы і дасягнула 1,2 млн.чал., да 1900 — 3,8 млн. Паўстанне ў 1854 на залатых капальнях стала пачаткам аб’яднання рабочых. Да 1870-х г. прафсаюзы Аўстраліі (упершыню ў свеце) дамагліся 8-гадзіннага рабочага дня. У 1891 створана Лейбарысцкая партыя. У канцы 19 ст.англ. ўрад аб’яднаў асобныя калоніі Аўстраліі ў адну дзяржаву і ў 1901 стварыў Аўстралійскі Саюз са статусам дамініёна (6 калоній, у 1906 далучылася Папуа). Пасля 1-й сусв. вайны Аўстралія — малая дзяржава. На Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20 Аўстралія запатрабавала перадаць ёй усе б. ўладанні Германіі ў Ціхім ак. Паводле Версальскага мірнага дагавору 1919 яна атрымала (1920) ад Лігі нацый мандаты на кіраванне тэр. Новая Гвінея і, сумесна з Вялікабрытаніяй і Новай Зеландыяй, на в-аў Науру (з 1968 самаст. дзяржава). Паводле Вестмінстэрскага статута 1931 Аўстралія, як і інш. дамініёны, атрымала права на самастойнасць у знешняй і ўнутр. палітыцы, але да 1939 у знешнепаліт. дзейнасці фактычна залежала ад Англіі. У час 2-й сусв. вайны Аўстралія — чл.Антыгітлераўскай кааліцыі. Яе тэр. выкарыстоўвалі ЗША для ваен. аперацый супраць Японіі. Пасля 2-й сусв. вайны ў эканоміку Аўстраліі інтэнсіўна пранікае амер. капітал, і ў знешняй палітыцы Аўстралія пачала арыентавацца на ЗША.
Пасля перамогі на парламенцкіх выбарах (1983, 1993) лейбарысцкі ўрад Аўстраліі ўзяў курс на развіццё інтэграцыйных працэсаў сярод краін азіяцка-ціхаакіянскага рэгіёна. Аўстралія — адзін з ініцыятараў Дагавору аб бяз’ядзернай зоне ў паўд.ч. Ціхага ак., займае актыўную пазіцыю па раззбраенні, у т. л. абмежаванні ядз. узбраенняў, забароне ядз. выпрабаванняў, разблакіраванні рэгіянальных канфліктаў, удзельнічае ў міратворчых аперацыях ААН. Аўстралія — адна з краін-заснавальніц ААН, чл. Арг-цыі Азіяцка-Ціхаакіянскага эканам. супрацоўніцтва (АЦЭС), Савета па ціхаакіянскім эканам. супрацоўніцтве (СЦЭС), інш.міжнар. дагавораў і пагадненняў. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь з 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы.
Найб. значныя паліт. партыі: Аўстрал. лейбарысцкая партыя, Ліберальная партыя Аўстраліі, Нац. партыя Аўстраліі (б. Аграрная), Партыя аўстрал. дэмакратаў. Буйнейшае прафс. аб’яднанне — Аўстрал. савет прафсаюзаў.
Гаспадарка. Аўстралія — высокаразвітая індустрыяльна-аграрная дзяржава. У эканоміцы вядучая роля належыць буйным кампаніям, у т. л. кампаніям ЗША, Японіі, Зах. Еўропы. Прамысловасць дае 25% валавога ўнутр. прадукту, у т. л. апрацоўчая 17% (1989). У горназдабыўной прам-сці вылучаецца здабыча каменнага вугалю і метал. рудаў. Запасы каменнага вугалю 48 млрд.т (раёны Ньюкасла, Порт-Кембла і інш.), бурага 35 млрд.т (штат Вікторыя), нафты 279 млн.т, газу 1,3 трыльёна м³ (на шэльфе і ў нетрах мацерыка), урану 526 тыс.т (Паўн. Аўстралія), жал. руды 15,2 млрд.т (Зах. Аўстралія), баксітаў 4,4 млрд.т (Пн і ПдЗ), медзі 16,8 млн.т, нікелю 2,1 млн.т, свінцу 15,9 млн.т, цынку 26,3 млн.т. Буйнейшыя поліметал. радовішчы Маўнт-Айза (Квінсленд) і Брокен-Хіл (Новы Паўд. Уэльс). Значныя запасы алмазаў (на ПнЗ Аўстраліі), волава, марганцу, вальфраму, золата, рэдказямельных металаў. Здабыча (млн.т): вугалю 210 (1990), нафты 24 (1993), жал. руды 117 (1992), баксітаў 39,3; прыроднага газу 22 млрд.м³ (1992). У значных колькасцях здабываюць алмазы, поліметал. руды, волава, марганец, вальфрам, цырконій, ільменіт, рутыл, фасфатную сыравіну і інш. Устаноўленая магутнасць электрастанцый 34,1 млн.кВт, выпрацоўка 150 млрд.кВт·гадз. Адна з вядучых галін — каляровая металургія. Выплаўка (тыс.т, 1990): алюмінію 1268 (з-ды ў Гладстане, Портлендзе, Ньюкасле), медзі 245 (Маўнт-Айза, Таўнсвіл), свінцу 214, цынку 299 (Порт-Піры, Рысдан, Ньюкасл), волава 381, серабра 1,27; золата 242 т. Вытворчасць сталі 6,7 млн.т (камбінат у Порт-Кембла, значныя цэнтры Ньюкасл, Уаяла, Куінана). Машынабудаванне: вытв-сць аўтамабіляў (386 тыс., 1990, гал. цэнтры Адэлаіда і Мельбурн), с.-г. машын (усе штаты). Развіты электратэхн., прыладабуд., суднабуд. прам-сць, нафтаперапрацоўка і нафтахімія. Вытворчасць угнаенняў (тыс.т, 1990): азотных 224 (Порт-Кембла, Брысбен), фосфарных 270 (ва ўсіх штатах); сернай кіслаты, сінт. каўчуку. Цэлюлозна-папяровая прам-сць працуе на мясц. і прывазной сыравіне. Вытв-сць паперы і кардону 2,06 млн.т. Харч.прам-сць: перапрацоўка мяса, малака, цукр. трыснягу (1991; вытв-сць масла 104 тыс.т, сыру 176 тыс.т, цукру 3,6 млн.т), вінаробства і піваварэнне. Тэкст. і швейная прам-сць працуе на ўнутраны рынак. Сельская гаспадарка высокатаварная і механізаваная. Пад пашай і лугамі 55,8% тэрыторыі, пад апрацаванымі землямі 6,2%. Характэрна буйное землеўладанне, сярэднія памеры фермы 2300 га. Вядучая галіна — пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1991; млн.гал.): авечак 162,8 (1-е месца ў свеце), буйн. раг. жывёлы 23,4, свіней 2,5, коней 0,3. Мясная і малочная жывёлагадоўля на ПдУ і ў Тасманіі, мясная ў трапічнай зоне, авечкагадоўля ўздоўж зах. схілаў Усх.-Аўстралійскіх гор і на ПдЗ. Настрыг воўны 1110 тыс.т (1991; каля 30% сусв. вытворчасці; 1-е месца ў свеце). Птушкагадоўля развіта каля вял. гарадоў. Галоўная збожжавая культура — пшаніца (каля 60% пасяўных плошчаў). Зборы вагаюцца па гадах — 15,4 млн.т у 1990, 9,6 млн.т у 1991. Значныя зборы ячменю, аўса, сорга, рысу. У тропіках (на ПнУ) цукр. трыснёг, ананасы, бананы, манга, на Пд і ПдУ — цытрусавыя, персікі, абрыкосы, яблыкі, вінаград. Агародніцтва ў густанаселеных раёнах. Вытв-сць бавоўны 433 тыс.т (1991; Квінсленд, Новы Паўд. Уэльс), тытуню 14 тыс.т. Улоў рыбы 227,3 тыс.т (1991). Транспарт. Даўж. чыгунак 40 тыс.км. Да 80% унутр. грузаў і пасажыраў перавозяць аўтатранспартам. Даўж. аўтадарог каля 900 тыс.км. Экспартныя і імпартныя грузы перавозяць пераважна марскім транспартам замежных краін. Буйнейшыя парты: Дампір, Порт-Хедленд, Сідней, Ньюкасл, Мельбурн, Порт-Кембла, Перт, Брысбен. Асн. аэрапорты каля Сіднея, Мельбурна, Дарвіна. Па сетцы трубаправодаў транспартуюць ваду, нафту, газ. Экспарт склаў (1991—92) 55 млрд.Аўстрал. долараў: мінер. сыравіна і паліва (40%), с.-г. прадукты (30%), вырабы апрацоўчай прам-сці (каля 20%). З пач. 1960-х г. Аўстралія — буйны экспарцёр каменнага вугалю, жал. руды, баксітаў, алмазаў, рэдказямельных металаў. Яна займае 1-е месца ў свеце па экспарце воўны, значны вываз мяса і збожжа. Імпарт склаў (1991—92) 51 млрд.Аўстрал. долараў: машыны, абсталяванне і трансп. сродкі, спажывецкія і хім. тавары, нафта і інш.Гал. гандлёвыя партнёры: Японія, ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, краіны Паўд.-Усх. Азіі, Новая Зеландыя.
Гаспадарка Аўстраліі характарызуецца нераўнамернасцю ў размяшчэнні прадукц. сіл. Найб. асвоены ўскраіны кантынента, дзе выпадае дастатковая колькасць ападкаў, што спрыяе вырошчванню с.-г. культур і водазабеспячэнню вял. гарадоў (штаты Вікторыя і Тасманія, усх. часткі Новага Паўд. Уэльса і Квінсленда, невял. раёны вакол Адэлаіды, Перта). На гэтых тэрыторыях, якія займаюць каля 15% пл. краіны, сканцэнтравана больш за 90% насельніцтва, усе вял. і значныя гарады з іх разнастайнай прам-сцю, пасевы ўсіх с.-г. культур, сады і вінаграднікі. Па-за межамі гэтых раёнаў пашырана пашавая жывёлагадоўля, каля радовішчаў карысных выкапняў знаходзіцца некалькі горнапрамысл. цэнтраў. Вял. прасторы ў Цэнтр. Аўстраліі заняты пустынямі і амаль не асвоены. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.
Узброеныя сілы Аўстраліі складаюцца з сухапутных войскаў, ВПС, ВМС. Агульная колькасць 68,3 тыс.чал. (1991). Сухапутных войскаў 30,3 тыс.чал. (6 вайсковых акруг, 1 пях. дывізія, 20 палкоў); на ўзбраенні каля 690 ракетных снарадаў (процітанкавыя і тыпу «зямля—паветра»), танкі, бронетранспарцёры, артылерыя, самалёты і верталёты, стралк. ўзбраенне і інш. У ВПС 22,3 тыс.чал.; на ўзбраенні баявыя самалёты, самалёты і верталёты дапаможнай авіяцыі. У ВМС 15,7 тыс.чал.; на ўзбраенні падводныя лодкі, баявыя караблі рознага прызначэння, марская авіяцыя. Узбр. сілы камплектуюцца па найме з працягласцю кантракта ад 3 да 6 гадоў з наступным прадаўжэннем на 3 гады. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у акадэміях, ваен. і камандна-штабных каледжах, вышэйшых спецыялізаваных афіцэрскіх вучылішчах і лётных школах, радавы і малодшы камандны склад — у навуч. цэнтрах і непасрэдна ў часцях. Больш за 30 тыс.чал. рэзерву. Аўстралія — член блока АНЗЮС.
Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя дзяржаўная, бясплатная. Існуюць таксама прыватная ўрачэбная практыка і прыватныя клінікі. Узровень нараджальнасці — 15 на 1 тыс.чал. насельніцтва. Дзіцячая смяротнасць — 6,6 дзяцей на 1 тыс. нованароджаных. Сярэдняя працягласць жыцця ў мужчын 75, у жанчын 80 гадоў (1994).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі Аўстраліі ўключае дашкольныя ўстановы, абавязковыя 10-гадовыя агульнаадук. школы для дзяцей з 5—6-гадовага ўзросту, поўныя сярэднія школы (2 гады навучання), прафес.навуч. ўстановы, ВНУ. Існуюць дзярж. і недзярж. навуч. ўстановы. З-за нізкай шчыльнасці насельніцтва ў Аўстраліі існуюць і аднакамплектныя школы (у асноўным пачатковыя). Развіта сістэма завочнага навучання (з 1914), навучання па радыё, з 1958 — з выкарыстаннем тэлебачання. У дашкольных дзіцячых установах у 1985 налічвалася каля 162 тыс. дзяцей. У 1989 агульная колькасць школ складала больш За 10 тыс., у т. л. каля 7,6 тыс. дзяржаўных; у сістэме прафес.-тэхн. адукацыі (каледжы, школы, навуч. цэнтры, курсы з 2—3-гадовым навучаннем) — больш за 937 тыс.чал. У 89 ВНУ Аўстраліі (19 ун-таў, 46 каледжаў павышанага ўзроўню, 16 каледжаў тэхн. і далейшага навучання) навучалася каля 394 тыс. студэнтаў, у т. л. каля 2 тыс. абарыгенаў. Буйнейшыя ун-ты: Сіднейскі (з 1850), Мельбурнскі (з 1853), ун-ты ў Перце (з 1811), Адэлаідзе (з 1874), Тасманіі (з 1890), Клінслендзе (з 1910). Б-кі: публічная ў Мельбурне (з 1853), нац. ў Канберы (з 1902) і інш. Музеі: Нац. галерэі ў Сіднеі і Мельбурне. Аўстрал. музей прыкладных мастацтваў у Сіднеі, бат. музей і гербарый у Брысбене і інш.Навук. даследаванні вядуцца ў Аўстралійскай АН, ва ун-тах, НДІ, лабараторыях.
Друк, радыё, тэлебачанне. У Аўстраліі больш за 3 тыс.перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты «Sun News-Pictorial» («Дзённыя ілюстраваныя навіны», з 1922) і «The Sydney Morning Herald» («Ранішні веснік Сіднея», з 1831). Агенцтва друку Астрэліян Асашыэйтэд Прэс (ААП, з 1935). Радыё дзейнічае з 1923, тэлебачанне з 1956. Сістэма грамадскага радыё і тэлебачання прадстаўлена карпарацыяй Астрэліян бродкастынг карпарэйшэн (АБС, фінансуе дзяржава), якая трансліруе 1 агульнанац. тэлепраграму (з 1974 у колеры), 4 агульнанац. радыёпраграмы, праграмы для моладзі і замежжа. У камерцыйным сектары дзейнічае каля 50 тэле- і каля 140 радыёстанцый. Існуюць таксама сістэмы тэле- і відэатэксту, функцыянуе сістэма спадарожнікавай тэлекамунікацыі АУССАТ (3 спадарожнікі). Аўстралія належыць да ІНТЭЛЬСАТ.
Літаратура. Да пач. 19 ст. развівалася на мовах і дыялектах плямёнаў аўстрал. абарыгенаў, потым — на англ. мове. Л-ра дакаланіяльнага перыяду прадстаўлена рытуальнымі песнямі, магічнымі рытмізаванымі тэкстамі (замовы, заклікі да татэмаў і інш.), казкамі, легендамі, міфамі, зафіксаванымі ў запісах 19—20 ст.Найб. цікавыя сярод іх — міфы: татэмныя («Людзі-каты», «Людзі-сабакі», «Людзі-сокалы» і інш.), пра культурных герояў («Катукан-кара», «Мура-мура» і інш.), касмаганічныя («Кунапіп», «Нурундэрэ», «Джункгова», «Змей-вясёлка» і інш.). Л-ра каланіяльнага перыяду (да канца 19 ст.) развівалася як частка англ. л-ры. Доўгі час пануючым літ. кірункам быў рамантызм, прадстаўнікі якога (Ч.Харпур, Г.Кендал, А.Л.Гордан) распрацоўвалі паэт. жанры. Значная з’ява ў прозе — раман М.Э.Кларка «Пажыццёвае зняволенне» (1870—72). У паслякаланіяльны перыяд л-ра набывае выразна нац. характар. Адбываецца станаўленне і развіццё рэалізму (проза і драматургія — Т.Колінз, М.С.Франклін, К.С.Прычард, В.Э.Палмер, Б.К.Пентан, Ф.Харды, Э.Д.К’юзек, А.Маршал, М.Брэнд, Р.Лоўлер і інш.; паэзія — Б.О’Даўд, М.Гілмар, «універсітэцкія паэты» Дж.А.Райт, Д.А.Сцюарт, «хрысціяналірык» Дж.Маколей і інш.) і мадэрнізму (паэзія — К.Брэнан, «рэлігійны неарамантык» Дж.Шоу Нілсан, члены аб’яднання «Джындыуорабак клаб» І.М’юды, Р.Робінсан і інш.; проза і драматургія — П.Уайт і інш.). У 1960—70-я г. ўзнікла англамоўная л-ра абарыгенаў (паэты К.Уокер, Дж.Дэйвіс, празаік К.Джонсан і інш.).
Архітэктура і выяўленчае мастацтва. У разьбе, гравіроўцы і размалёўках аўстралійцы-абарыгены спалучалі выявы з умоўнымі магічнымі сімваламі і геам. арнаментам. У асобных раёнах захаваліся пячорныя (плато Кімберлі) і наскальныя (п-аў Арнем-Ленд) размалёўкі (выявы людзей і жывёл у т.зв. «рэнтгенаўскім стылі» — з іх унутр. органамі), скульптура. З 18 і асабліва з сярэдзіны 19 ст. развіваюцца гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мураванымі дамамі ў духу англ. класіцызму і неаготыкі (арх. Ф.Х.Грынуэй і інш.), невял. «каланіяльнымі» дамамі. У 1913—27 па адзіным плане (амер.арх. У.Б.Грыфін) забудавана сталіца Канбера. Прынцыпы сучаснага дойлідства пашыраны з 1950-х г. (арх. Г.Зайдлер і інш.). З пабудоў вылучаюцца крыты плавальны басейн Алімпійскага стадыёна ў Мельбурне (1956), оперны тэатр у Сіднеі (1966, арх. І.Утзан). У выяўл. мастацтве канца 18 — пач. 19 ст. пашыраны «тапаграфічныя» замалёўкі мясц. прыроды. У 19 ст. рамантычныя акварэльныя пейзажы пісаў К.Мартэнс, лірычныя пейзажы — А.Л.Бювелат, жанравыя і сатыр. — С.Т.Гіл. На рубяжы 19—20 ст. разам з акадэмізмам (Дж.У.Ламберт) і салонным мастацтвам развівалася нац. школа рэаліст. мастацтва (Т.У.Робертс, А.Стрытан, Ф.Мак-Кабін), пашырыўся імпрэсіянізм (Ч.Кондэр); з 1930-х г. — кубізм, сюррэалізм. На сучасным этапе ў Аўстраліі рэаліст. мастацтва жывапісу і графікі (У.Добела, Дж.Р.Драйсдэйла, Н.Куніхана, скульптара Л.Дадсуэла) суіснуе з мадэрнісцкімі плынямі. З 1940-х г. развіваецца мастацтва абарыгенаў: у Хермансбергу сем’ямі А.Наматжыра і Парэрулцыя створана школа акварэльнага пейзажа.
Музыка Аўстраліі ўключае элементы муз. культуры абарыгенаў, англа-аўстралійцаў і эмігрантаў брытанскага паходжання.
Найб. архаічнымі з’явамі муз. культуры абарыгенаў з’яўляюцца каробары — абрадавыя сінкрэтычныя дзействы з элементамі спеваў і танцаў, іх абрадавыя, бытавыя і эпічныя песні. Сярод муз. інструментаў «магічныя» чурынгі (драўляныя або каменныя гудзелкі) і пустое бервяно убар, па якім стукалі палкамі, бумерангі, папуаскія барабаны, з духавых — дыджэрыду (труба са згорнутай кары ці з бамбуку), насавая флейта і інш. З 1830-х г. актывізуецца канцэртнае жыццё, створаны Сіднейскае (1833) і Аўстралійскае (1844) філарманічныя т-вы. У канцы 19 ст. ўзніклі тэатр. манаполіі, оперныя кампаніі, на пач. 20 ст. — аўстралійскі балет. Фарміруецца нац. кампазітарская школа (заснавальнікі А.Хіл, Э.Хатчэсан, Э.Трумэн і інш). Уклад у развіццё муз. культуры Аўстраліі зрабіў кампазітар, піяніст і фалькларыст П.Грэйнджэр. Муз. традыцыі абарыгенаў выкарыстоўвалі Дж.Антыл (балет «Каробары», 1946), К.Дуглас, Э.Л.Бейнтан. Сярод сучасных кампазітараў Ф.Вердэр, М.Уільямсан, Р.Міл, Л.Сіцкі, А.Бенджамін, Р.Эдвардс, Д.Уільямс, А.Болт, М.Уэслі-Сміт; дырыжораў — Б.Хейнцэ, піяністаў — Э.Хатчэсан, Р.Вудвард; спевакоў — Дж.Сазерленд, з абарыгенаў — Х.Блэер. У Аўстраліі працуюць (1986): Т-р оперы і балета ў Сіднеі, Нац. мемар. т-р у Мельбурне; 10 сімф. аркестраў (у т. л. Сіднейскі), камерныя аркестры, хары, інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (з 1935), Аўстралійскі муз. цэнтр (з 1976); кансерваторыі ў Сіднеі, Брысбене, Канберы, Хобарце, Мельбурне і інш.
Тэатр. Першыя тэатр. відовішчы каланістаў і катаржан адносяцца да 1780-х г. У 1830—40-я г. ў Сіднеі, Хобарце, Адэлаідзе, Мельбурне пачалі стварацца пастаянныя т-ры. У 2-й пал. 19 ст. яны аб’ядналіся ў трэсты, якія ўзначальвалі тэатр. дзеячы Дж.С.Копін, Д.Бусіка (малодшы) і інш. Рэпертуар складаўся з п’ес еўрап. і амер. класікі, аўстрал. аўтараў. У 1910—30-я г. актывізавалася дзейнасць літ.-тэатр. аб’яднанняў, якія ставілі п’есы нац. і еўрап. аўтараў, што спрыяла фарміраванню нац. т-ра. Шматлікія аматарскія калектывы ў 1936 аб’ядналіся ў «Лігу новага т-ра». У 1954 створаны «Аўстрал. елізавецінскі тэатральны трэст», які меў на мэце развіццё прафес.аўстрал. тэатра, у т. л. балетнага і опернага. Большасць т-раў у Аўстраліі — камерцыйныя. З 1960-х г. ствараюцца эксперым. калектывы т.зв. альтэрнатыўнага тэатра; арганізоўваюцца невял. тэатры ў кафэ, стайнях, старых складах. Працуюць рэжысёры Д.Хіберт, Дж.К.Уільямсан, А.Бура, Б.Хемфрыс і інш.Гал.тэатр. цэнтры — Сідней, Мельбурн, Брысбен, Канбера, Хобарт, Перт. У Адэлаідзе з 1973 адбываюцца міжнар.тэатр. фестывалі. Тэатр. дзеячаў рыхтуе нац.ін-тдрам. мастацтваў (Мельбурн).
Кіно. Вытворчасць ігравых фільмаў у Аўстраліі пачалася ў 1900. Першы гукавы фільм «Са свету ценяў» (рэж. А.Р.Харвуд) зняты ў 1930. Дакумент. кінематаграфія развіваецца з 1930-х г.; у 1937 заснаваны Аўстрал.нац. савет па кіно, у 1970 — Аўстрал. карпарацыя па развіцці кіно (з 1975 Аўстрал. кінематаграфічная камісія). Пастаноўкі фільмаў фінансуюць прыватныя і замежныя фірмы ў супрацоўніцтве з дзярж. цэнтрамі. Найбольшыя кінематаграфічныя арг-цыі: Аўстрал.ін-т, Аўстрал. школа кіно і тэлебачання, Нац. кінабібліятэка. Вядомыя кінарэжысёры: Б.Борэсфард, Т.Берстэл, К.Хенем, М.Тэрнхал, П.Бенет, акцёры С.Таўл, Х.Гібсан, Л.Хант і інш.
Беларусы ў Аўстраліі. Пасля 2-й сусв. вайны Аўстралія стала новым цэнтрам пасялення бел. эмігрантаў. Тут пражывае 9—10 тыс. беларусаў. Найб. іх канцэнтрацыя ў штатах Вікторыя (г. Мельбурн), Новы Паўд. Уэльс (Сідней), Зах. Аўстралія (Перт), Паўд. Аўстралія (Адэлаіда). Больш як 10 бел.нац. арг-цый ажыццяўляюць культ.-асв. і грамадска-арганізац. дзейнасць, рэпрэзентуюць Беларусь у замежжы. Найб. значныя з іх — Бел.цэнтр.к-т у Вікторыі, Бел. аб’яднанне Аўстраліі, Бел. аб’яднанне ў Зах. Аўстраліі, Бел.культ.-грамадскі клуб у Феерфілдзе; тут размешчана і Беларуская цэнтральная рада. Правасл.бел. прыходы ў Адэлаідзе, Мельбурне, Перце і інш. Дзейнасць бел. арг-цыі каардынуе Федэральная рада бел. арг-цый у Аўстраліі. Праз свае арг-цыі беларусы ўдзельнічаюць у рабоце міжнар. і агульнааўстрал. арг-цый: Асацыяцыі па справах Аб’яднаных Нацый, Сусв. антыкамуніст. лігі, К-та Тыдня заняволеных народаў, Аўстралійскай нац. этнічнай рады і інш. З 1976 штогод, потым кожныя 2 гады праходзяць сустрэчы беларусаў Аўстраліі Бел. эміграцыя ўдзельнічае ў бел. і агульнааўстрал. святах, фестывалях, выстаўках, культ. праграмах. У Мельбурне і Адэлаідзе існуюць бел. хары і танц. гурткі. З 1990 пры Федэральнай радзе бел. арг-цый у Аўстраліі дзейнічае к-т дапамогі ахвярам Чарнобыля. Рэгулярныя бел. радыёперадачы арганізаваны ў Сіднеі, Перце і інш. З 1950-х г. выходзілі час. «Новае жыццё», «Наша царква», «Праваслаўным шляхам», «Лучнік».
Літ.:
Петриковская А.С. Государство и развитие национальной культуры в Австралии (1945—1980) // Австралия и Океания в современном мире: Сб. статей. М., 1982;
Small A. Art and artists of Australia. Melbourne, 1981;
Hughes R. The art of Australia. Ringwood, 1981.
М.С.Вайтовіч (гаспадарка), В.В.Халіпаў (літаратура), А.М.Гарахавік (музыка), А.С.Ляднёва (беларусы ў Аўстраліі).
Герб і сцяг Аўстраліі.Аўстралія. Нацыянальны парк Улуру.Да арт. Аўстралія. Астанцовыя горы ў Цэнтральнай Аўстраліі.Аўстралія. Даліна Бараса.Да арт. Аўстралія. Жалезаруднае радовішча Маўнт-Ньюмен у Заходняй Аўстраліі.Да арт. Аўстралія. Від на цэнтр Мельбурна з боку р. Яра.Да арт. Аўстралія. Дзелавая частка Сіднея і гавань.Да арт. Аўстралія. Грамадзянскі цэнтр у Канберы.
Да арт. Аўстралія. Горад Брысбен.Да арт. Аўстралія. Будынак парламента штата Вікторыя ў Мельбурне.Да арт. Аўстралія. Сідней у сярэдзіне 19 ст.Да арт. Аўстралія. Наскальны жывапіс абарыгенаў (злева), малюнкі абарыгенаў на кары.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУ́ЗІЯ, Рэспубліка Грузія (Сакартвела),
дзяржава ў цэнтр. і зах.ч. Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Расіяй, на У і ПдУ з Азербайджанам, на Пд з Арменіяй і Турцыяй; абмываецца на З Чорным м.Пл. 69,7 тыс.км². Нас. 5,5 млн.чал. (1995). Афіцыйная мова грузінская. Сталіца — г.Тбілісі. 65 раёнаў, 62 гарады, 52 пасёлкі гар. тыпу. У складзе Грузіі — Абхазія, Аджарыя і Паўднёвая Асеція. Нац. свята — Дзень аднаўлення дзярж. незалежнасці (26 мая).
Дзяржаўны лад. Грузія — рэспубліка. Дзяржаўнасць адноўлена ў крас. 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент, які складаецца з 234 дэпутатаў, абраных насельніцтвам на 3 гады на аснове ўсеаг. выбарчага права. Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.
Прырода. Тэрыторыя Грузіі адносіцца да Альпійскай складкавай вобласці. 87% тэр. занята высакагорнымі хрыбтамі Вял. і М. Каўказа. На Пн Галоўны, ці Водападзельны, хр. (найвышэйшая ч. складкавай сістэмы Вял. Каўказа), амаль усе яго вяршыні больш за 3000 м (самыя высокія — г. Шхара, 5068 м, і г. Казбек, 5033 м), укрыты вечнымі снягамі і ледавікамі; паніжэнні яго — перавалы Крыжовы (2384 м), Клухорскі (2781 м), Мамісонскі (2829 м), Рокскі (2996 м). Ад Галоўнага хр. адыходзяць Гаграўскі, Бзыбскі, Кадорскі, Сванецкі, Лечхумскі, Рачынскі, Харульскі, Ламіскі, Картлійскі і інш. хрыбты. На Пд складкава-глыбавыя хрыбты М.Каўказа — Месхецкі, Шаўшэцкі і Трыялецкі (з выш. да 2850 м) і ч.Паўд.-Груз. вулканічнага нагор’я. На З паміж хрыбтамі Вял. і М.Каўказа — Калхідская нізіна (выш. да 150 м). На У ад Ліхскага хр., што злучае Вял. і М.Каўказ, Унутранакартлійская, Ніжнекартлійская раўніны і Іорскае пласкагор’е (выш. 500—700 м). На крайнім ПдУ, на мяжы з Азербайджанам, Алазанская раўніна. Характэрна сейсмічнасць. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, мыш’яковыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. руды, руды рэдкіх і каштоўных металаў, ртуць, вальфрам, нафта, каменны і буры вуглі, барыт, дыятаміт, бентанітавыя гліны, даламіт, тальк. Зарэгістравана каля 2000 крыніц мінер. вод, розных паводле хім. складу і лек. уласцівасцей (найб. вядомыя Баржомі, Цхалтуба). Пашыраны прыродныя буд. матэрыялы (мармур, туф, вапняк, вогнетрывалыя керамічныя гліны, кварцавыя пяскі). Клімат пераважна субтрапічны, мяняецца з З на У і ў залежнасці ад вышыні мясцовасці. На Чарнаморскім узбярэжжы і Калхідскай нізіне вільготны субтрапічны; сярэднія т-ры студз. 4—7 °C, ліп. 22—24 °C, ападкаў 2000—2500 мм за год. На У клімат сухі субтрапічны, пераходны да ўмеранага, сярэднія т-ры студз. 0—2 °C, ападкаў 400—500 мм за год. На схілах гор клімат умерана кантынентальны з адносна халоднай зімой. Снегавая лінія ў гарах праходзіць на выш. 3000—3400 м, ледавікі Лекзіры, Цанер і інш. Рэкі мнагаводныя, з быстрым цячэннем; жывяцца за кошт атм. ападкаў, раставання снягоў і ледавікоў. Да бас. Чорнага м. належаць рэкі Рыёні, Інгуры, Кадоры, Бзыб, Чарох, да бас. Каспійскага м. — Кура з прытокамі Арагві, Алазані, Ксані, Храмі. У Грузіі пачынаецца р. Церак. Выкарыстоўваюцца рэкі ў гідраэнергетыцы і для арашэння. Шмат азёр: Паравані, Карцахі, Палеястомі, Рыца, Амткел і інш. З глеб пашыраны чырваназёмы, жаўтазёмы, на Пд — горныя чарназёмы, па схілах — горна-лясныя бурыя глебы, у гарах — горна-лугавыя. Пад лясамі каля 2/5 тэрыторыі. На З шыракалістыя лясы з вечназялёнымі дрэвамі і хмызнякамі (дуб, граб, лаўр, самшыт, ціс, лаўравішня, пантыйскі рададэндран). Горным раёнам характэрна вышынная пояснасць: да выш. 1800—2000 м дубовыя, букавыя, дубова-грабавыя і букава-грабавыя лясы, вышэй — ялова-піхтавыя лясы, рэдкалессе, субальпійскія і альпійскія лугі. Трапляюцца масівы з розных відаў хвоі, у т. л. піцундскай. На У краіны — участкі расліннасці ціпчакова-кавыльных стэпаў і палынных паўпустынь. Жывёльны свет: каўказскі алень, буры мядзведзь, казуля, дзік, рысь, барсук, каўказскі тур, серна, высока ў гарах — улары; з птушак — барадач, каўказскі цецярук, канюк, беркут, дзятлы, берасцянкі, сініцы і інш. На тэр. Грузіі — Тбіліскі прыродны нацыянальны парк і 17 запаведнікаў, у т. л. Піцунда-Мосерскі, Рыцынскі, Гумісцінскі, Калхідскі, Аджамецкі, Баржомскі, Казбегскі і інш.
Насельніцтва. Грузін 71,7%; жывуць таксама армяне (8%, пераважна каля мяжы з Арменіяй і ў гарадах), азербайджанцы (5,6%, на У), рускія (5,5%, у гарадах), абхазы (па розных звестках ад 1,5% да 4,6%, жывуць у Абхазіі), асеціны (каля 3%, пераважна ў Паўд. Асеціі), грэкі, курды, яўрэі і інш. Сярод вернікаў праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (у т. л. этнаканфесіянальная група грузін — аджарцы) і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 78 чал. на 1 км². Найб. населены міжгорныя нізіны, даліны рэк і хвалістыя перадгор’і — шчыльн. да 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10 чал. на 1 км², высакагорныя раёны не маюць пастаяннага насельніцтва. У гарадах каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 1991): Тбілісі — 1283, Кутаісі — 238, Руставі — 162, Батумі — 138, Сухумі — 120.
Гісторыя. Тэр. Грузіі заселена з ранняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археал. помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6—4 ст. да н.э. ўзніклі груз. раннерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідскае царства і Іберыйскае царства. З 1 ст. да н.э. Грузія залежала ад Рыма. Феад. адносіны зарадзіліся ў 1—4 ст.н.э. Каля 397 хрысціянства абвешчана афіц. рэлігіяй. У 5—6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Візантыі, у 7—9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8—9 ст. узніклі феад. царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную феад. дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11—12 ст. — перыяд паліт. магутнасці эканам. і культ. росквіту феад. Грузіі, якая ў часы праўлення Давіда Будаўніка [1089—1125], Георгія III [1156—84] і Тамары [1184—1213] стала адной з наймагутнейшых дзяржаў Закаўказзя і Б. Усходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культ.-эканам. сувязі з Візантыяй, краінамі Захаду, араб. Усходу, Кіеўскай Руссю. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсця Цімура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася феад. раздробленасць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае (пра кожнае гл. асобны арт.) і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. ў Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16—18 ст.груз. народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса І, які імкнуўся знішчыць мясц. насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс.чал., 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстанні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г.Саакадзе і ў 1659 у Кахеты. Заваяванне Турцыяй Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваннем мясц. насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасля некалькіх паражэнняў, нанесеных груз. войскамі, туркі былі выгнаны з краіны. У 16—18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расіяй, перарваныя манг. нашэсцем. Іх умацаванне прывяло да заключэння Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расія ўстанаўлівала пратэктарат над Усх. Грузіяй. У 1801 Усх. Грузія, у 1803—64 Зах. Грузія ўвайшлі ў склад Расіі; утвораны Тыфліская і Кутаіская губ. У выніку рус.-перс. (1804—13, 1826—28) і рус.-тур. (1806—12, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена б.ч. тэрыторый, адарваных ад Грузіі. У 1830—40-я г. развівалася дробнатаварная вытв-сць, узнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць гар. насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарас. рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864—71) паскорыла развіццё капіталізму. Зарадзілася фабр.-зав.вытв-сць, буд-ва чыгунак, гарнарудная прам-сць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Развіццё капіталіст. адносін, паліт. і эканам. кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для развіцця груз. нацыі (гл.Грузіны).
У 1860-я г. ўзмацніўся нац.-вызв. рух на чале з рэв. дэмакратамі І.Р.Чаўчавадзе, А.Р.Цэрэтэлі, М.Я.Нікаладзе і інш. У 1870-я г. пачаўся забастовачны рух, узніклі рабочыя гурткі. З канца 1890-х г. рабочы рух набыў арганізаваны і масавы характар. У 1900—02 адбыліся забастоўкі на прадпрыемствах Тыфліса, Батумі і інш. У час рэвалюцыі 1905—07 у шэрагу гарадоў Грузіі адбыліся стачкі рабочых, сял. выступленні, ствараліся прафсаюзы. Каля 40 буйных забастовак адбылося ў Грузіі ў час 1-й сусв. вайны. У ходзе барацьбы супраць царызму і султанскага дэспатызму ў Грузіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя меншавікоў. Пасля Лют. рэв. 1917 створаны орган Часовага ўрада — Асобы Закаўказскі к-т, у ліст. 1917 яго змяніў Закаўказскі камісарыят — урад меншавікоў і эсэраў. У лют. 1918 утвораны Закаўказскі сейм, які абвясціў Закаўказзе незалежнай федэратыўнай дэмакр. рэспублікай (у маі 1918 распалася). Меншавікі абвясцілі Грузію незалежнай рэспублікай і ўтварылі ўрад. Але тур. інтэрвенты захапілі Карс, Ардаган, Батум. Паводле дагавора 4.6.1918 паміж Грузіяй і Турцыяй да апошняй адышла значная ч.груз. тэрыторыі. У канцы мая — чэрв. ў Грузію ўступілі ням., у снеж. 1918 — ліп. 1920 — англ. войскі. У лют. 1921 у Грузіі пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзбр. паўстанне. Створаны 16.2.1921 рэўком Грузіі абвясціў яе Сав.Сацыяліст. рэспублікай і звярнуўся за дапамогай да РСФСР. Чырв. Армія і атрады паўстанцаў 25.2.1921 занялі Тыфліс, скінулі ўрад меншавікоў і ўстанавілі сав. ўладу. 16.3.1921 паміж РСФСР і Турцыяй у Маскве заключаны дагавор, паводле якога Турцыя адмовілася ад Батума і паўн.ч. Аджарыі. 30.12.1922 Грузія разам з Азербайджанам і Арменіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 саюзная рэспубліка (Грузінская ССР). 25.2.1922 прынята першая Канстытуцыя Груз. ССР. У 2-й пал. 1980-х г. у Грузіі разгарнуўся шырокі рух за незалежнасць. У крас. 1989 мітынгі і дэманстрацыі ў Тбілісі былі спынены сіламі службы бяспекі. У чэрв. 1989 створаны Нар. фронт Грузіі. У сак. 1990 Вярх. Савет Грузіі выступіў з асуджэннем анексіі рэспублікі ў 1921 Сав. Расіяй і запатрабаваў ад кіраўніцтва СССР пачаць перагаворы пра аднаўленне дзярж. незалежнасці. На парламенцкіх выбарах у кастр. 1990 перамагла кааліцыя апазіцыйных груповак «Круглы стол — Свабодная Грузія» (лідэр З.Гамсахурдыя, з ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета). Парламент абраў Гамсахурдыю прэзідэнтам, у крас. 1991 абвясціў Грузію незалежнай. У маі 1991 Гамсахурдыя выбраны прэзідэнтам на ўсеагульных выбарах. Пасля распаду СССР і ўтварэння СНД (1991) Грузія адмовілася ўвайсці ў склад СНД. У студз. 1992 у выніку вострай унутрыпаліт. барацьбы і незадаволенасці значнай ч. насельніцтва палітыкай прэзідэнта быў сфарміраваны Ваен. савет, які адхіліў ад улады Гамсахурдыю, скасаваў прэзідэнцтва, прыпыніў дзейнасць канстытуцыі, распусціў парламент. У сак. 1992 Ваен. савет аб’явіў аб самароспуску і стварэнні Дзярж. савета на чале з Э.Шэварднадзе. Унутрыпаліт. становішча Грузіі ўскладнілася з-за нявырашанасці нац. праблем; узніклі міжнац. канфлікты з Паўд. Асеціяй, Абхазіяй (гл.Грузіна-абхазскі канфлікт 1990-х г.), туркамі-месхецінцамі. 11.10.1992 выбраны новы парламент і яго старшыня — Шэварднадзе, які паводле Закону аб дзярж. уладзе (прыняты на 3 гады 6.11.1992) з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У 1993 Грузія ўступіла ў СНД. У 1994 прэзідэнтам краіны абраны Шэварднадзе. 5.9.1995 прынята новая канстытуцыя Грузіі, паводле якой прэзідэнцкая ўлада спалучаецца з парламенцкай. Грузія — чл.ААН і АБСЕ з 1992. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994.
Палітычныя партыі. Дэмакр. саюз Грузіі, партыя анархістаў, Нар. фронт Грузіі, Хрысц.-дэмакр. саюз, Рэсп. партыя, Нац.-дэмакр. партыя, Партыя «зялёных», Дэмакр. партыя і інш., усяго больш за 40 паліт. арг-цый і рухаў.
Гаспадарка. Грузія — індустрыяльна-агр. дзяржава. Валавы нац. прадукт складае 850 дол. на душу насельніцтва за год. Электраэнергет. база — ГЭС на Інгуры, Рыёні, Храмі; Рустаўская ДРЭС, ЦЭЦ у Тбілісі і Ткварчэлі. Вядучыя галіны прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка (станка-, судна-, электравоза-, аўтамабілебудаванне, с.-г. машынабудаванне, электратэхнічнае; асн. цэнтры — Тбілісі, Кутаісі, Руставі, Батумі, Поці); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, хім валокнаў у Руставі); нафтахім. і нафтаперапр. (Тбілісі, Батумі), чорная металургія (Руставі); харчасмакавая (у т. л. чайная, плодакансервавая, вінаробная, эфіраалейная, тытунёвая, разліў мінер. вод); лёгкая (шаўковая ў Тбілісі, Кутаісі і Махарадзе, шарсцяная ў Тбілісі, баваўняная ў Горы і Кабулеты, трыкат., гарбарна-абутковая). Здабыча каменнага вугалю (Ткібулі, Ткварчэлі), марганцавай (Чыятура), меднай (Маднеулі), поліметалічных (Кваісі) руд, барытаў і інш.Прам-сцьбуд. матэрыялаў уключае вытв-сць цэменту (Каспі, Руставі), шыферу, жалезабетонных вырабаў; здабываюць мармур, базальт, вапнякі. Сельская гаспадарка прычарнаморскіх раёнаў спецыялізуецца на зборы чайнага ліста, цытрусавых (мандарыны, апельсіны, лімоны), лаўровага ліста. Ва ўсх. раёнах вядучая роля належыць вінаградарству. Развіта пладаводства. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень). Вырошчваюць сланечнік, эфіраалейныя культуры, цукр. буракі, бульбу, агароднінна-бахчавыя і кармавыя культуры. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Авечкагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Транспарт. Развіты чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 1550 км), аўтамаб. (21,5 тыс.км дарог, з іх 20 тыс.км з цвёрдым пакрыццём). Авіяц. транспарт. Асн. марскія парты — Батумі, Поці. Нафтаправод Баку—Батумі, газаправоды з Паўн. Каўказа і Азербайджана. Шматлікія курорты: прыморскія кліматычныя (Гагра, Піцунда, Новы Афон, Кабулеты), бальнеалагічныя (Цхалтуба, Набеглаві, Саірме), бальнеакліматычныя (Баржомі, Авадхара, Джава), горнакліматычныя (Абастумані, Бакурыяні, Бахмаро). Альпінізм. Турызм. Грузія імпартуе нафту і нафтапрадукты, прыродны газ, жал. руду, машыны і абсталяванне, збожжа. Экспартуе марганец, ферасплавы, прадукты харчасмакавай прам-сці (чай, цытрусавыя, вінаград, віны і інш.). Гал. знешнегандл. партнёры — Расія, Азербайджан, Турцыя. Грашовая адзінка — лары.
Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На канец 1994 — больш за 10 тыс.чал. (250 тыс. рэзервістаў). У сухап. войсках 10 тыс.чал. У ВПС 200 чал. Прадугледжваецца стварэнне ВМС (кіраўніцтва краіны прэтэндуе на частку караблёў Чарнаморскага флоту б.СССР).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 90 чал., урачамі — 1 на 170 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс.чал. Дзіцячая смяротнасць — 23 на 1 тыс. нованароджаных (1994).
Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грузіі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і сярэднія спец.навуч. ўстановы, ВНУ. У 1996/97 навуч.г. ў Грузіі каля 1300 дашкольных устаноў, больш за 3 тыс.агульнаадук. школ, 110 прафес.-тэхн. вучылішчаў, 77 сярэдніх спец.навуч. устаноў, больш за 250 ВНУ. Вядучыя ВНУ: Тбіліскі ун-т, Груз. тэхнічны, Груз. агранамічны ун-ты ў Тбілісі, Тбіліскі мед.ун-т, Сухумскі ун-т, Кутаіскі пед.ун-т, Батумскі пед.ун-т, Груз. акадэмія фіз. выхавання і спорту, Груз. ваенная і паліцэйская акадэміі, Тбіліскія акадэмія мастацтваў і кансерваторыя, Тбіліская і Гелацкая духоўныя акадэміі, Батумская марская акадэмія і інш. Найбольшыя б-кі: Нац.б-ка Парламента Грузіі, Б-ка Тбіліскага ун-та, Цэнтр.навук.б-каАН Грузіі, рэсп.дзярж. маладзёжная і дзіцячая б-кі, Галаўная навук.б-ка, навукова-тэхн.б-ка (усе ў Тбілісі), а таксама навук. б-кі ВНУ. Найбольшыя музеі: Дзярж. музей, Музей мастацтваў, Музей Тбілісі, Літ. музей, Музей музыкі, тэатра і кіно, Музей дэкар. і прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя Грузіі, Галерэя сучаснага выяўл. мастацтва, Галерэя дзіцячага малюнка (усе ў Тбілісі), Дзярж. музей Аджарыі ў Батумі і інш.Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН Грузіі, галіновымі акадэміямі, асветнымі навук. і навукова-тэхн.т-вамі і інш.
Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «Сакартвелас рэспубліка» («Рэспубліка Грузія»), «Свободная Грузия», «Іберыя спектр» («Спектр Грузіі»), «Тбилиси», «Вечерний Тбилиси», «Гурджыстан» і інш.Нац.інфарм. агенцтва Грузінфарм. Існуе шэраг незалежных агенцтваў, буйнейшае з якіх «Іпрында» («Палёт»). Радыёвяшчанне на груз., рус., абхазскай, асецінскай і інш. мовах. З 1956 працуе Тбіліскі тэлецэнтр. У 1992 створана Служба груз. тэлебачання і радыёвяшчання. Дзейнічае прыватная тэлекампанія «Ібервізія» («Паказвае Грузія»).
Літаратура. Грузія бярэ вытокі ў стараж. фальклоры. Адзін з найб.стараж.фалькл. помнікаў гераічны эпас «Амірані» — шматварыянтная груз. версія міфа пра Праметэя. Узнікненне стараж.груз. пісьменства звязана з імем цара Парнаваза (3 ст. да н.э.). У раннім сярэдневякоўі былі распаўсюджаны шматлікія паданні, песні, паэмы, звязаныя з гіст. асобамі і падзеямі («Этэрыяні» і інш.). Першы пісьмовы помнік стараж. л-ры Грузіі агіяграфічная аповесць «Пакуты Шушанікі» Я.Цуртавелі (5 ст.). У 5—11 ст.літ. творы мелі пераважна рэліг. характар («Пакуты Або» Іаана Сабанісдзе, «Жыціе Грыгорыя Хандзтэлі» Георгія Мерчулі і інш.). Найб. пашыраны былі агіяграфічныя, гімнаграфічныя і філас.-тэалагічныя жанры (Мікаэл Мадрэкілі, Іаан Мінчхі і інш.). Развіццю навукова-філас., літ. і перакладчыцкай дзейнасці спрыялі груз. калоніі-школы ў Антыёхіі, Іерусаліме, на Афоне (у Грэцыі). У 11—12 ст. ўзнікла свецкая л-ра (ананімныя аповесць «Аміран-Дарэджаніяні», раман «Вісраміяні», творы Масэ Ханэлі, Іаан Шаўтэлі, Саргіса Тмагвелі і інш.). Вяршыня нац. паэзіі 12 ст. — паэма прадвесніка ўсх. Адраджэння Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 13—17 ст. — перыяд заняпаду л-ры Грузіі. У 17 ст. пачаўся працэс адраджэння нац. л-ры (спадчына цароў Тэймураза І, Арчыла II, якія сцвердзілі ў груз. паэзіі прынцып рэалістычна-праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці). У 18 ст. вызначальнай была асветніцкая дзейнасць цара Вахтанга VI (заснавальнік першай друкарні ў Грузіі, выдавец «Евангелля» і «Віцязя ў тыгравай шкуры» — першых друкаваных кніг на груз. мове), пісьменніка Сулхан-Саба Арбеліяні (аўтар зб-каў «Мудрасць выдумкі» і «Падарожжа ў Еўропу», адзін са стваральнікаў груз.літ. мовы), а таксама прасякнутая ідэямі патрыятызму філас. паэзія Л.Гурамішвілі, інтымная лірыка В.Габашвілі. У пач. 19 ст. ідзе аднаўленне нац. л-ры, звязанай з гіст. мінулым краіны, насычанай ідэямі асабістай і нац. свабоды. Пануючым становіцца рамант. кірунак (А.Чаўчавадзе, Г.Арбеліяні, Н.Бараташвілі і інш.). Рэаліст. кірунак (2-я пал. 19 ст.) выявіўся ў творчасці заснавальніка нац. тэатра і нац. драматургіі камедыёграфа Г.Эрыставі, у прозе Д.Чанкадзе. Новым этапам сцвярджэння л-ры рэалізму сталі творы, скіраваныя на адлюстраванне сац.-паліт., грамадскага і духоўнага жыцця народа, на абуджэнне нац. самасвядомасці (І.Чаўчавадзе, А.Цэрэтэлі, А.Пурцаладзе, А.Казбегі, Важа Пшавела). У гады ўздыму рэв. руху, на мяжы стагоддзяў гал. месца ў л-ры Грузіі займалі праблемы класавай барацьбы і сац. пераўтварэнняў (гіст. раманы Э.Нінашвілі, В.Барноў, Ш.Арагвіспірэлі, Д.Клдыяшвілі). Падзеі рэвалюцыі 1905—07 у часткі інтэлігенцыі выклікалі настроі расчаравання і безнадзейнасці (творы прадстаўнікоў т.зв. «дэмакратычнай паэзіі» І.Еўдашвілі, Н.Чхіквадзе, А.Абашэлі і інш.). Л-ра Грузіі пач. 20 ст. развівалася пад уплывам еўрап. л-ры. З’явіліся шматлікія новыя плыні — сімвалізм, футурызм, дадаізм (П.Яшвілі, В.Гапрындашвілі і інш.). Рэаліст. традыцыі ў нац. л-ры працягвалі Ч.Ламтатыдзе, Ш.Дадыяні, Н.Лордкіпанідзе, Л.Кіячэлі, С.Эулі і інш. У 1930-я г. ў л-ры Грузіі замацаваўся сацыяліст. рэалізм (у паэзіі — І.Абашыдзе, Г.Табідзе, Г.Абашыдзе, С.Чыкавані, у прозе — Дадыяні, Д.Шэнгелая, М.Джавахішвілі, К.Лордкіпанідзе, у драматургіі — Дадыяні, С.Шаншыяшвілі, П.Какабадзе, І.Вакелі). Пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон (гіст. раманы і аповесці К.Гамсахурдыі, Шангелая, А.Кутатэлі, І.Лісашвілі, Б.Чхеідзе, Д.Суліяшвілі). У Вял. Айч. вайну развівалася патрыят. лірыка (І.Абашыдзе, К.Каладзе, Х.Берулава, А.Мірцхулава, Г.Леанідзе), эпічная паэзія (Г.Абашыдзе, Чыкавані), гіст. драматургія Шаншыяшвілі, Л.Гатуа, Вакелі, Г.Хухашвілі і інш.). У пасляваеннай груз. л-ры плённа працавалі празаікі (Гамсахурдыя, А.Беліяшвілі, А.Чыладзе, Н.Думбадзе, Р.Джапарыдзе, Р.Інанішвілі, Ц.Данжашвілі, М.Мрэўлішвілі, Г.Панджыкідзе), паэты (Р.Маргіяні, Ц.Джангулашвілі, І.Нанешвілі, Г.Каландадзе, М.Мачаварыяні, А.Чэлідзе, Ш.Нішніянідзе), драматургі (М.Бараташвілі, К.Буачыдзе, І.Масашвілі і інш.). Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду арганічна звязана з сучаснасцю, культурна-гіст. традыцыямі народа (Ч.Амірэджыбі, Дж.Чарквіяні, Т.Чантурыя, М.Квлівідзе, Т.Чыладзе, А.Сулакауры і інш.). У 1970-я г. прыйшло новае пакаленне паэтаў (Б.Харанаулі, Л.Стуруа, Д.Мчэдлуры), празаікаў (Н.Шатаідзе, Г.Дачанашвілі, Дж.Карчхадзе), драматургаў (Ш.Шаманадзе, Л.Табукашвілі) і інш. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Н.Накашыдзе, Р.Коркія), літаратуразнаўства (Г.Джыбладзе, С.Чылая, Б.Жгенці, Дж.Гвінджылія, К.Кекелідзе, Г.Леанідзе, Г.Асацыяні, Г.Гачэчыладзе і інш.).
Творчыя бел.-груз. ўзаемакантакты зарадзіліся на пач. 1930-х г. У груз.перыяд. друку публікаваліся творы Я.Купалы, Я.Коласа, А.Александровіча, А.Дудара, М.Хведаровіча, у бел. — творы Г.Табідзе, Т.Табідзе, Эулі, К.Лордкіпанідзе, Масашвілі, класікаў груз. л-ры Н.Бараташвілі, І.Чаўчавадзе, Важа Пшавелы, Цэрэтэлі. Умацаванню бел.-груз. сувязей спрыяла святкаванне 750-годдзя паэмы Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» ў 1937 у Грузіі і на Беларусі. Жыццю груз. народа прысвечаны раман Э.Самуйлёнка «Будучыня» (1938). Папулярызацыі груз. л-ры на Беларусі садзейнічала перакладчыцкая дзейнасць Я.Купалы, П.Броўкі, А.Звонака, Хведаровіча і інш. У 1950—80-я г. актывізаваліся творчыя кантакты, перакладчыцкая дзейнасць. На груз. мове былі выдадзены кнігі «Выбранае» Я.Купалы (1955), «Беларускія апавяданні» (1961), «Беларуская савецкая паэзія» (1967), «Беларускія савецкія паэты» (1978), «Шчаслівы дзень» (1983). На бел. мове выйшлі кнігі «Грузінскія казкі» (1962), зб-кі апавяданняў «Твае грузінскія сябры» (1964), «Горны вадаспад» (1967), «Анталогія грузінскай паэзіі» (т. 1—2, 1989), творы Кутатэлі, М.Гелавані, Руставелі, у перыяд. друку змяшчаліся пераклады Бараташвілі, Гурамішвілі, Д.Квіцарыдзе, Кутатэлі, Леанідзе, М.Лебанідзе, Масашвілі, Сулакауры, Чыкавані і інш. На бел. мову творы груз. пісьменнікаў перакладалі А.Астрэйка, М.Аўрамчык, Р.Барадулін, Х.Жычка, І.Калеснік, К.Камейша, У.Караткевіч, Г.Кляўко, П.Прыходзька, Ю.Свірка, У.Шахавец і інш.
Архітэктура. Самыя стараж. збудаванні Грузіі датуюцца энеалітам (паселішчы Шулаверыс-гара, Імірыс-гара). Да эпохі бронзы і ранняга жалеза належаць паселішча Нацар-гара, курганы Трыялеты, Самгоры, дальмены ў Абхазіі. Ад перыяду стараж.дзярж. утварэнняў (канец 1-га тыс. да н.э. — 1 ст.н.э.) захаваліся акропаль, крэпасць і пабудовы Мцхеты, гарадзішча Вані. З прыняццем хрысціянства і развіццём феад. адносін (1-я пал. 4 ст.) будаваліся гарады з мурамі, палацамі і жылымі кварталамі (Уджарма, Тбілісі). Шэраг цэркваў вар’іруе прыўнесеную форму базілікі (Балніскі Сіён ва Урбнісі, Тбілісі, Вазісубані), храмы цэнтрычна-купальнага тыпу (Джвары, Атэнскі Сіён, Шуамта), круглыя купальныя храмы Цромі і інш. (усе 6—7 ст.). Тагачаснай архітэктуры ўласцівы аскетызм стылю, дэтальная пластычная распрацоўка фасадаў, аркі, скляпенні і інш. Пасля заняпаду ў сувязі з араб. заваяваннем буд-ва вялося ў самаст.груз. княствах і царствах (Тао-Кларджэты, Абхазія, Кахеты). У ліку тагачасных помнікаў саборы ў Самшвілдэ, Цырколі, Гурджаані, манастыры ў Паўд. Грузіі і інш. У сярэдзіне 10 — пач. 14 ст.груз. архітэктура дасягае росквіту. Выкрышталізоўваецца тып прамавугольнага ў плане крыжова-купальнага храма з высокім барабанам, накрытым шатром, у кампазіцыі дамінуе вертыкалізм: цэрквы ў Кумурда (964), прав. Ошкі (958—бі), Светыцкавелі, Алаверды, храм Самтавісі (11 ст., арх. Іларыён Самтаўнелі), Гелацкі манастыр, пячорныя манастыры Давід Гарэджа, Вардзія і інш. У пабудовах 14—18 ст. захоўваліся традыц. формы арх. кампазіцыі і дэкору. З пач. 19 ст. імі ўзбагачаецца стылістыка класіцызму (сял. дамы тыпу «дарбазі», «одасахлі»: драўляны на каменным цокалі прамавугольны ў плане дом з некалькіх пакояў з балконам па ўсім фасадзе — у Зах. Грузіі, дамы-вежы ў горных раёнах. З 2-й пал. 19 ст. ў гар. архітэктуры пануе эклектызм. Пабудовы пач. 20 ст. ўпрыгожваліся нац.арх. матывамі: Грузінскі дваранскі земскі банк (1912—16, арх. А.Кальгін) у Тбілісі. У 1920—30-я г. ствараюцца будынкі ў духу канструктывізму і неакласіцызму з уключэннем матываў стараж. Грузіі: Зема-Аўчальская ГЭС каля Мцхеты (1927, арх. Кальгін, М.Мачаварыяні, К.Лявонцьеў), фасад Музея Грузіі (1927—29, арх. М.Севераў), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.Курдыяні), Дом урада (1938—53, арх. В.Какорын, Г.Лежава) — усе ў Тбілісі. У апошнія дзесяцігоддзі ствараюцца новыя арх. формы і выкарыстоўваюцца аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыйныя рашэнні: Палац спорту (1961, арх. У.Алексі-Месхішвілі, Ю.Касрадзе), гасцініца «Іверыя» (1967, арх. А.Каландарышвілі, І.Цхамелідзе), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.Джарбенадзе і інш.) — усе ў Тбілісі; т-ры ў Кутаісі, Чыятуры, Сухумі; санаторыі ў Цхалтуба, Гагры, Піцундзе і інш. У 1934 засн. Саюз архітэктараў Грузіі.
Выяўленчае мастацтва. Найб.стараж. помнікі выяўл. мастацтва — маст. вырабы з металу і арнаментаваная кераміка — адносяцца да энеаліту. Ад рабаўладальніцкага перыяду захаваліся пахаванні з залатымі ўпрыгожаннямі з гранатамі, камеямі ў мясц. традыцыях, а таксама прывазны посуд, шкло, кераміка («Ахалгарыйскі скарб», 5 ст. да н.э. і інш.). Пасля прыняцця хрысціянства ў мастацтва Грузіі з цэнтраў хрысц. Усходу пранікаюць новыя формы, перапрацоўваючы якія груз. мастакі стварылі ўласную маст. школу. У сярэднія вякі пашырана дэкар. скульптура (рэльефы Джвары, 7 ст., Апізы, 9 ст., Кумурда і Ошкі, 10 ст., Светыцхавелі; разьба на алтарных апсідах з Сафары, Хоўле, 11 ст.), манум. жывапіс (размалёўкі ў Атэні, Вардзіі, Кінцвісі, у цэрквах Сванетыі, мазаіка гал. храма Гелацкага манастыра), мініяцюра (1-е і 2-е Джруцкія евангеллі, 940 і 12 ст., Моквійскае евангелле, 1300), чаканка па метале (абразы «Праабражэнне», 9 ст., і «Замілаванне», 11 ст., залатыя крыжы з Брылі і Брэты, чаша з Бедыі — 10 ст., Хахульскі складзень, творы Бекі і Бешкена Апізары, 12 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва сярэдневякоўя прадстаўлена перагародчатай эмаллю, размаляванай керамікай, вышыўкай па шоўку і аксаміце, чаканкай па метале. З 19 ст. мастацтва арыентуецца на зах.-еўрап. і рус. культуры. Зараджаецца і развіваецца станковы жывапіс, пераважна партрэт (Г.Майсурадзе), быт. жанр, які дамінаваў у творчасці мастакоў рэаліст. кірунку (А.Берыдзе, Г.Габашвілі, Р.Гвелесіяні, А.Мрэўлішвілі, М.Таідзе). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся творы заснавальніка сучаснай груз. скульптуры Я.Нікаладзе і мастака-прымітывіста Н.Пірасманішвілі. У жывапісе 1920—30-х г. развіты пейзаж А.Ахвледыяні, У.Джапарыдзе, Д.Какабадзе, А.Цымакурыдзе), партрэт (К.Магалашвілі), з’явіліся тэмы індустрыялізацыі, пераўтварэння вёскі; легендарна-фантаст. сюжэты распрацоўваў Л.Гудыяшвілі. У 1930-я г. дамінуе гіст.-рэв. тэматыка (Джапарыдзе, А.Кутатэладзе, В.Сідамон-Эрыставі, І. і М.Таідзе). Паспяхова развіваецца кніжная (У.Грыголія, І.Шарлемань) і станковая (Д. і В.Кутатэладзе) графіка. Ілюстрацыі ствараюць Т.Абакелія, Гудыяшвілі, С.Кабуладзе, І.Таідзе, да дзіцячых кніг — І.Габашвілі. У скульптуры вядучым быў партрэт (М.Кандэлакі, Нікаладзе, Н.Цэрэтэлі); развівалася манум. скульптура (С.Какабадзе, К.Мерабішвілі, Ш.Мікатадзе, Р.Тавадзе, В.Тапурыдзе), у т. л. сюжэтны рэльеф (Абакелія, Г.Сесіяшвілі). Сярод тэатр. мастакоў: А.Ахвледыяні, П.Ацхелі, С.Вірсаладзе, І.Гамрэкелі, Кабуладзе, Д.Какабадзе, В.Сідамон-Эрыставі. У 2-ю сусв. вайну пашырана агітацыйная графіка, асабліва плакат (І.Таідзе). У апошнія дзесяцігоддзі працуюць: у галіне тэматычнай карціны — Г.Гелавані, К.Махарадзе, Г.Таідзе, У.Татыбадзе, Д.Хахуташвілі; партрэтысты Э.Каландадзе, З.Ніжарадзе, Н.Янкашвілі; у манум. жывапісе — Б.Бердзенішвілі, Р.Стуруа, З.Цэрэтэлі; у графіцы — А.Бандзеладзе, Грыголія, П.Гучмазац, Г.Мірзашвілі, Д.Нодыя, Р.Тархан-Маўраві; тэатр. мастакі П.Лапіяшвілі, Д.Тавадзе; у манум. скульптуры — М.Бердзенішвілі, Г.Каладзе, Г.Кардзахія, Мерабішвілі, Г.Ачыяуры; у станковай і дэкар. пластыцы — Б.Авалішвілі, Ц.Асатыяні і інш. Адраджаецца чаканка па метале (Г.Габашвілі, І.Ачыяуры), кераміка (А.Какабадзе, З.Майсурадзе). У 1933 засн. Саюз мастакоў Грузіі.
Музыка. Раннія звесткі пра груз.нар. вакальную і інстр. музыку адносяцца да 8 ст. да н.э.Нар. песні вылучаюцца шматгалоссем, разнастайнасцю дыялектаў. Пашырана традыцыя 3- і 4-галосага мужчынскага спявання; сустракаюцца і сольныя 1-галосыя спевы, часам з інстр. суправаджэннем. Бытуюць працоўныя, абрадавыя, застольныя, танц. і інш. песні. У аснове музыкі Грузіі дыятанічныя лады, пераменная метрыка; у сольных партыях складаная рытміка. Сярод інструментаў: струнна-смычковыя (чыянуры, чуніры), струнна-шчыпковыя (чангі, чонгуры, пандуры), духавыя (саінары, саламуры, най, чыбоні, ствіры), ударныя (долі, таблакі). Гар.муз. фальклор (17—19 ст.) уключае вак. творы аднагалосыя, меладычна развітыя, з элементамі імправізацыі, з інстр. суправаджэннем (т.зв. песні старога Тбілісі), што склаліся на аснове муз.-паэт. творчасці паэтаў-спевакоў і ашугскай традыцыі (гл.Ашуг), а таксама 3-галосыя песні з гітарным суправаджэннем і інш. Пасля прыняцця хрысціянства (337) пачала фарміравацца груз.царк. музыка. Сярод яе майстроў манах і кампазітар М.Мадрэкілі (10 ст.). У 12 ст. паявіліся шматлікія хар. і інстр. ансамблі, расквітнела выканальніцтва. З муз. дзеячаў 17—18 ст. С.Арбеліяні (абнародаваў груз.муз. тэрміны), І.Багратыёні (аўтар муз. граматы асобай сістэмы). Пасля далучэння Грузіі да Расіі пачалося збліжэнне груз. музыкі з еўрапейскай. У 1830-я г. ствараліся літ.-муз. салоны, развівалася хатняе музіцыраванне. У Тыфлісе адкрыты оперны т-р (1851), дзе ставіліся італьян., пазней і рус. оперы, наладжваліся сімф. і камерныя канцэрты; муз. школа Каўказскага муз.т-ва (1871), муз. класы, арганізаваныя Х.Саванелі і А.Мізандары (з 1917 кансерваторыя). З 1860-х г. збіраюцца і публікуюцца нар. песні, у 1885 створаны этнагр. хор Л.Агніяшвілі. У пач. 20 ст. арганізаваны Груз. філарманічнае т-ва (1905), груз. оперная студыя (1919), развіваецца хар. музыка (М.Сулханішвілі), ствараюцца нац. оперы (З.Паліяшвілі, Дз.Аракішвілі, М.Баланчывадзе, В.Далідзе). У сав. перыяд груз. музыка ўзбагацілася жанрамі сімфоніі, сімф. паэмы, кантаты, араторыі, балета, аперэты, мюзікла, інстр. канцэрта, квартэта, у якіх працуюць кампазітары В.Азарашвілі, А.Андрыяшвілі, К.Баланчывадзе, Р.Габічвадзе, Н.Габунія, А.Гардэлі, Г.Канчэлі, І.Каргарэтэлі, Б.Квернадзе, А.Керэселідзе, Р.Кіладзе, Р.Лагідзе, К.Мачаварыяні, Ш.Міларава, Ш.Мшвелідзе, С.Насідзе, А.Тактакішвілі, Ш.Тактакішвілі, Д.Тарадзе, С.Цынцадзе, А.Чымакадзе, А.Шаверзашвілі і інш. Створаны дзіцячыя оперы (А.Букія, В.Гакіелі, М.Давіташвілі). У сферы эстр., тэатр. і кінамузыкі вылучыліся Азарашвілі, Габічвадзе, Н.Гігауры, Канчэлі, Квернадзе, М.Парцхаладзе, Тарадзе, Г.Цабадзе і інш. Праблемы муз. навукі распрацоўвалі Аракішвілі, Г.Арджанікідзе, Ш.Асланішвілі, В.Гвахарыя, У.Данадзе, Г.Тарадзе, П.Хучуа, А.Цулукідзе, Р.Чхіквадзе і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Дымітрыядзі, Дж.Кахідзе, І.Паліяшвілі, Я.Мікеладзе; спевакі В.Сараджышвілі. В.Бахуташвілі-Шульгіна, А.Інашвілі, М.Аміранашвілі, П.Аміранашвілі, Д.Андгуладзе, З.Анджапарыдзе, Н.Брэгвадзе, З.Саткілава, Ц.Татышвілі, Л.Чконія; піяністы А.Вірсаладзе, А.Тулашвілі, Э.Вірсаладзе, Э.Анджапарыдзе; скрыпачы Л.Ісакадзе, М. і Н.Яшвілі. У Грузіі працуюць (1997): Груз. т-р оперы і балета (з 1851, Тбілісі), Т-рмуз. камедыі (1934); Дзярж.сімф. аркестр (1933), сімф. Аркестр Груз. тэлебачання і радыё, Дзярж. камерны аркестр Грузіі, Дзярж.эстр. аркестр «Рэра»; пры груз. філармоніі — хар. капэла, 3 ансамблі песні і танца, Ансамбль нар. танца, эстр. аркестр, вак.-інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (1932); кансерваторыя (1917), муз. вучылішчы і муз. школы.
Тэатр. Вытокі груз. т-ра ў стараж. імправізацыйным нар. т-ры масак (берыкаоба), масавых карнавальных святах (кееноба), сярэдневяковым палацавым т-ры (сахіоба). У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі школьныя т-ры ў Тбілісі і Тэлаві. Першы свецкі т-р існаваў у 1790—95 пад кіраўніцтвам Г.Авалішвілі. У 1-й пал. 19 ст.асн. формай тэатр. жыцця былі аматарскія гурткі. У 1845 створаны рус.драм. т-р. Груз.прафес. т-р засн. ў 1850 Г.Эрыставі (у 1856 закрыты). У 1879 груз. пісьменнікі І.Чаўчавадзе і А.Цэрэтэлі зноў стварылі прафес. т-ры ў Тбілісі і Кутаісі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі нар. т-ры ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Вял. значэнне для развіцця тэатр. мастацтва мела дзейнасць К.Марджанішвілі і А.Ахметэлі. Працуюць вядучыя т-ры: імя Ш.Руставелі (засн. ў 1921), імя Марджанішвілі (засн. ў 1928 у Кутаісі), Рус.драм. т-р імя А.Грыбаедава (засн. ў 1932; усе ў Тбілісі), імя Л.Месхішвілі (Кутаісі), імя Чаўчавадзе (Батумі), а таксама т-ры ў Сухумі, Поці, Цхінвалі і інш. Сярод найб. вядомых дзеячаў груз. т-ра: рэжысёры Р.Стуруа, Т.Чхеідзе, Л.Мірцхулава, Г.Жарданія; акцёры Р.Чхіквадзе, С.Чыяўрэлі, К.Каўсадзе, І.Гігашвілі. У 1939 у Тбілісі адкрыты Дзярж.тэатр.ін-т імя Ш.Руставелі. У 1945 засн.тэатр.т-ва. На груз. сцэне ставіліся бел. п’есы «Гута» Р.Кобеца, «Пяюць жаваранкі» К.Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.Макаёнка, «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і інш.
Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі адбыліся ў 1908—10. У 1921 у Тбілісі засн.трэст «Дзяржкінапрам» (з 1953 кінастудыя «Грузія-фільм»), Значную ролю ў станаўленні кіно Грузіі адыгралі рэжысёры А.Цуцунава, А.Бек-Назараў, З.Берышвілі, К.Марджанішвілі, І.Перэстыяні, М.Шэнгелая. Этапным быў фільм М.Калатозава «Соль Сванетыі» (1930). У 1930-я г. вядучай была гіст.-рэв. тэматыка. У Айч. вайну створаны стужкі «У Чорных гарах» (1941, Шэнгелая), «Мост» (1942, К.Піпінашвілі), гіст. эпапея «Георгій Саакадзе» (1942—43, М.Чыяўрэлі). У 1950—70-я г. разам з фільмамі вядомых рэжысёраў («Страказа», 1954, С.Далідзе; «Яны спусціліся з гор», 1955, М.Санішвілі) з’явіліся стужкі маладых кінематаграфістаў, майстэрства якіх у 1980-я г. дасягнула сусв. ўзроўню. Сярод іх: Р.Чхеідзе («Бацька салдата», 1965; «Саджанцы», 1973; «Твой сын, зямля», 1981), Т.Абуладзе («Чужыя дзеці», 1958; «Я, бабуся, Іліко і Іларыён», 1963; трылогія «Мальба», 1968, «Дрэва жадання», 1972, «Пакаянне», 1987; Ленінская прэмія 1988), А.Іаселіяні («Лістапад», 1968; «Жыў пеўчы дрозд», 1971; «Пастараль», 1976; «І стане святло», 1989), А.Рэхвіяшвілі («Грузінская хроніка XIX века», 1979; «Шлях дадому», 1982). У 1990-я г. ў фільмах груз. кінематаграфістаў узмацніўся драматызм у адлюстраванні рэчаіснасці: «Сонца няспячых» (1991, П.Баблуяні), «Дуру» (1995, В.Гіоргабіяні), «Могілкі» (1996, Г.Хайндрава) і інш. Значная з’ява ў кінамастацтве Грузіі — яркія па форме і думцы кароткаметражныя фільмы. З 1928 здымаюцца дакумент., з 1930-х г. — маляваныя і лялечныя фільмы. У 1957 створаны Саюз кінематаграфістаў Грузіі. З 1974 у Дзярж.тэатр. ін-це імя Ш.Руставелі працуе кінафакультэт.
Літ.:
Вахушти Багратиони. История царства Грузинского: Пер. с груз. Тбилиси, 1976;
Страницы из истории Грузии. Тбилиси, 1965;
Меликишвили Г.А. К истории древней Грузии. Тбилиси, 1959;
Грузия: Краткий ист. очерк. Тбилиси, 1966;
Ментешашвили А. Грузинская демократическая республика (1918—1921 гг.) и западные державы // Вопр. истории. 1996. №9;
История грузинской советской литературы. Тбилиси, 1977;
Кекелидзе С.А. Грузино-белорусские литературные взаимосвязи. М., 1979;
Амиранашвили Ш.Я. История грузинского искусства. М., 1963;
Беридзе В. Грузинская архитектура с древнейших времен до начала XX в. Тбилиси, 1967;
Беридзе В., Езерская Н. Искусство Советской Грузии, 1921—1970. М., 1975;
Джанберидзе Н.Ш., Цицишвили И.Н. Архитектура Грузии от истоков до наших дней. М., 1976;
Чхиквадзе Г. Основные типы грузинского народного многоголосья. М., 1964;
История музыки народов СССР. Т. 1—5, ч. 2. 2 изд. М., 1970—74;
Донадзе В.Г. Очерки по истории грузинской советской музыки. Ч. 1. Тбилиси, 1975;
Орджоникидзе Г.Ш. Проблемы восходящего пути. Тбилиси, 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́ДА (Canada),
дзяржава ў Паўн. Амерыцы. Займае паўн.ч. мацерыка і прылеглыя астравы (Канадскі Арктычны архіпелаг, Ньюфаўндленд, Ванкувер і інш.). На Пд і ПнЗ мяжуе з ЗША, на 3, Пн і У абмываецца Ціхім, Паўн. Ледавітым і Атлантычным акіянамі і іх морамі. Падзяляецца на 10 правінцый і 2 тэрыторыі. Пл. 9976 тыс.км² (2-е месца ў свеце пасля Расіі). Нас. 29,1 млн.чал. (1997). Сталіца — г.Атава. Афіц. мовы — англійская і французская. Нац. свята — Дзень Канады (1 чэрв.).
Дзяржаўны лад. К. — федэратыўная парламенцкая дзяржава; канстытуцыйная манархія. Уваходзіць у склад Садружнасці. Ролю канстытуцыі выконваюць Закон аб канстытуцыі 1982, палажэнні Акта аб Брыт.Паўн. Амерыцы (1867), а таксама нормы звычаёвага права. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, прадстаўлены ген.-губернатарам (у правінцыях — намеснікамі губернатара), якога фармальна прызначае манарх, а фактычна — прэм’ер-міністр К. Губернатар падпарадкоўваецца рашэнням Тайнай рады, у склад якой пажыццёва ўваходзяць асобы, прызначаныя губернатарам па прапанове прэм’ер-міністра К. ( у т. л. ўсе б. міністры, старшыня Вярх. суда, прэм’еры правінцый, спікеры палаты абшчын і сената). Тайная рада не збіраецца ў поўным складзе, а рашэнні ад яе імя прымае ўрад К. Губернатар ад імя брыт. манарха падпісвае ўсе законы, прынятыя парламентам. Заканад. ўлада належыць двухпалатнаму федэральнаму парламенту, што складаецца з сената і палаты абшчын. У сенаце 104 чл., якіх прызначае губернатар на нявызначаны тэрмін (да дасягнення 75-гадовага ўзросту); кожную правінцыю прадстаўляе вызначаная колькасць сенатараў. Палата абшчын складаецца з 295 дэпутатаў, якія выбіраюцца ў правінцыях на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць ураду на чале з прэм’ер-міністрам, якога назначае губернатар. Правінцыі карыстаюцца пэўнай аўтаноміяй і маюць свае заканад. і выканаўчыя органы.
Прырода. Рэльеф пераважна ўзгорысты і раўнінны. Каля 74 тэр. К. — раўніны і плато; на З мацерыковай часткі краіны і на ПнУ Канадскага Арктычнага архіпелага — горы. Больш за палавіну мацерыковай часткі К. займае невысокае ўзгорыстае з мноствам азёр і балот Лаўрэнційскае ўзвышша выш. 300—500 м. На Пд і ПдЗ да ўзвышша ; прылягаюць Цэнтр. раўніны выш. да 300 м, на З — Вял. раўніны. на ПнЗ — нізіна р. Макензі. На З уздоўж узбярэжжа Ціхага ак. цягнуцца маладыя складкаватыя горы Кардыльеры, якія на тэр. К. падзяляюцца на ўсх. (Скалістыя горы) і зах. (Берагавы хр.выш. больш за 4000 м, масіў Св. Ільі з г. Логан — 6050 м) сістэмы горных хрыбтоў і зоны ўнутр. плато. На крайнім ПдУ — узгорыста-нізкагорная вобласць Апалачаў (выш. 500—700 м). К. займае адно з вядучых месцаў у свеце па запасах жал. руды, каляровых і каштоўных металаў (Лаўрэнційскае ўзв., Апалачы, Кардыльеры), багатая вуглем, нафтай, прыродным газам, калійнымі солямі (Унутр. раўніны). Клімат у асноўным умераны і субарктычны, унутр. раёнаў рэзка кантынентальны, на зах. і ўсх. узбярэжжах марскі. Сярэдняя т-растудз. на Пн -35 °C, на Пдцэнтр. часткі -20 °C, на У каля -5 °C, на З да 4 °C, у ліп. ад 5 °C на Пн да 22 °C на Пд. Гадавая колькасць ападкаў на У 1000—1400 мм, у цэнтр. частцы 200—500 мм, на З 2500 мм. Зімой усюды ўстойлівае снегавое покрыва. На Пн шматгадовая мерзлата. У К. 20% аб’ёму прэснай вады на планеце. Густая і паўнаводная рачная сетка. Найб. рэкі: Макензі, Нельсан, Св. Лаўрэнція, Юкан, Фрэйзер, Калумбія. Каля 4 млн. азёр, у т. л.Вял. азёры, Вініпег, Атабаска, Вял. Нявольніцкае, Вял. Мядзведжае. Шмат буйных вадасховішчаў. На раўнінах яскрава выражана занальнасць глебава-расліннага покрыва і жывёльнага свету. З Пн на Пд змяняюцца зоны: арктычных пустынь, тундры з тарфяна-глеевымі глебамі, лясоў (хваёвых і мяшаных) на падзолістых глебах, лесастэпаў і стэпаў з цёмна-каштанавымі і чарназёмнымі глебамі. У гарах прасочваецца вышынная пояснасць. Каля 450 млн.га укрыта лясамі. Запас таварнай драўніны 20 млрд.м³. Шмат пушных звяроў — канадская рысь, куніца, ліс, выдра, бабёр, норка і інш. Прыбярэжныя воды багатыя рыбай. Нац. паркі: Вуд-Бафала, Джаспер, Банф, Глейшэр і інш.; шматлікія правінцыяльныя паркі і рэзерваты.
Насельніцтва. Асн. насельніцтва — нашчадкі еўрап. перасяленцаў, пераважна англа-канадцы (каля 44%, у 9 правінцыях) і франка-канадцы (каля 28%, пераважна ў правінцыі Квебек), а таксама немцы і ўкраінцы (асабліва ў стэпавых правінцыях), італьянцы (у гарадах), скандынавы, галандцы, венгры. палякі, літоўцы, латышы, беларусы, кітайцы, японцы, філіпінцы, арабы і інш. Карэннае насельніцтва — індзейцы (каля 500 тыс.чал.) жывуць пераважна ў зоне хваёвых лясоў на Пн, эскімосы (каля 30 тыс.чал.) — на крайняй Пн. З вернікаў найб. католікаў (каля 42%), пратэстантаў, англікан, прыхільнікаў канадскай аб’яднанай царквы. Сярэдняя шчыльн. каля 3 чал. на 1 км".
Больш за 90% насельніцтва жыве на Пд уздоўж граніцы з ЗША, у т. л. 2/3 у прыазёрнай частцы з цэнтрам у г. Таронта і ў даліне р.Св. Лаўрэнція з цэнтрам у г. Манрэаль. У гарадах жыве 78% насельніцтва (1993). Буйнейшыя гарады (млн.чал., 1992): Таронта — 3,89, Манрэаль—3,13, Ванкувер — 1,6, Атава — 0,92, Эдмантан — 0,84, Калгары — 0,75, Вініпег —0,65, Квебек — 0,64, Гамільтан — 0,60. У прам-сці заняты 21% насельніцтва, у сельскай гаспадарцы — 4%, астатнія — у абслуговых галінах.
Гісторыя. Са стараж. часоў тэр.К насялялі індзейцы (прыбылі з Азіі каля 20 тыс. гадоў назад) і эскімосы (засялілі паўн. ўзбярэжжа К. каля 5 тыс. гадоў назад). Яны захоўвалі родаплемянныя адносіны, займаліся паляваннем, рыбалоўствам, земляробствам. У 1497 на в-ве Ньюфаўндленд упершыню высадзіліся еўрапейцы (экспедыцыя Дж.Кабата). У 1534 і 1535 землі каля заліва Св. Лаўрэнція і ўздоўж р.Св. Лаўрэнція даследавалі экспедыцыі франц. навігатара Ж.Карцье. У 1605 французы заснавалі паселішчы Пор-Руаяль (цяпер Новая Шатландыя), у 1608 — Квебек (стаў цэнтрам калоніі Новая Францыя). Павольнае засяленне і асваенне зямель каланістамі (у 1663 іх жыло каля 2,5 тыс.) суправаджалася вынішчэннем індзейскіх плямён. Еўрап. гандляры захапілі манаполію на пушны промысел, рабавалі карэнных жыхароў. З 1663 К. — дзярж. калонія Францыі (устаноўлена каралеўскае праўленне на чале з губернатарам, пры якім дзейнічаў савет з духавенства і знаці). У час франц. панавання тут склаўся клас буйных землеўладальнікаў (сеньёраў), значнымі землямі валодала каталіцкая царква. З 2-й пал. 17 ст. ў Новай Францыі пачалося фарміраванне капіталіст. адносін і станаўленне франка-кан. нацыі. Каланізацыя К. суправаджалася барацьбой за панаванне паміж Францыяй і Вялікабрытаніяй (першае англ. паселішча ў К. засн. ў 1623). У выніку калан. войнаў 1689—97, 1702—13, 1744—48 англічане завалодалі землямі вакол Гудзонава зал. (паводле Утрэхцкага дагавора 1713), ч. Ньюфаўндленда і Новай Шатландыяй, у 1758 — Ціхаакіянскім узбярэжжам (э 1858 Брыт. Калумбія), а ў выніку Сямігадовай вайны 1756—63 — усёй Новай Францыяй (63 тыс. жыхароў). Пасля вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83 у К. эмігрыравала каля 40 тыс.англ. лаялістаў (праціўнікаў незалежнасці ЗША, у 1784 яны ўтварылі калонію Нью-Брансуік). Новыя тэрыторыі ўлады Вялікабрытаніі назвалі Квебек. Паводле канстытуцыйнага акта 1791 канчаткова аформлены межы і грамадскі лад брыт.калан. уладанняў у Паўн. Амерыцы; Квебек падзелены на 2 правінцыі: Ніжнюю К. (большасць франкамоўнага насельніцтва) і Верхнюю К. (большасць англамоўных жыхароў), створаны іх двухпалатныя парламенты; калан. ўлада належала губернатару, якога прызначаў брыг. манарх. Захоўванне ў К. феад. ін-таў і буйнога сеньярыяльнага землеўладання стрымлівала развіццё капіталіст. адносін (пасяленцы хацелі мець права свабоднага валодання зямлёй), а палітыка асіміляцыі франкамоўнага насельніцтва абвастрыла і нац. супярэчнасці. Пасля англа-амерыканскай вайны 1812—14 партыі прыхільнікаў рэформ («патрыёты») на чале з У.Л.Макензі (у Верхняй К.), Л.Ж.Папіно (у Ніжняй К.), Дж.Хау (Нью-Брансуік і Новая Шатландыя) актывізавалі рух за дэмакр. рэформы і самакіраванне. Да 1834 яны кантралявалі дзейнасць парламентаў Квебека. Эканам. крызіс 1836—37 і ўціск з боку калан. улад выклікалі паўстанні ў Ніжняй (6 ліст.) і Верхняй К. (4 снеж.). У выніку паражэння паўстання Папіно і Макензі з групай прыхільнікаў эмігрыравалі ў ЗША; узбр. барацьба на амер.-кан. мяжы працягвалася каля 2 гадоў. У 1838 каралева Вікторыя паслала ў К. лорда Дэргема з даручэннем прааналізаваць прычыны паўстання. У 1840 англ. парламент па рэкамендацыі Дэргема прыняў Акт пра аб’яднанне правінцый. У 1848 у правінцыях Квебек і Новая Шатландыя (пазней і ў інш.паўн.-амер. калоніях) сфарміраваны новыя ўрады, адказныя перад мясц. парламентамі. Паводле закону 1854 у К. адменены сеньярыяльная сістэма, выкуп зямлі сялянамі, абмежаванні ў гандлі, што паспрыяла ўздыму кан. эканомікі і пачатку прамысл. перавароту (пабудавана транскантынент. чыгунка, развівалася параходства, узніклі машынабудаванне, металургічная вытв-сць і інш.). Інтэнсіўнае засяленне зах. рэгіёнаў і асваенне цалінных зямель садзейнічалі росту вытв-сці збожжа, ч. якога экспартавалася. У 1850-я г. ўзмацніўся рух за аб’яднанне брыт. калоній у Паўн. Амерыцы, узніклі 2 кан.паліт. партыі — Кансерватыўная і Ліберальная. У 1867 англ. парламент прыняў Акт аб Брыт.Паўн. Амерыцы, паводле якога К. стала федэрацыяй са статусам дамініёна (увайшлі Квебек, Антарыо, Новая Шатландыя і Нью-Брансуік); створаны парламент федэрацыі. На англ. ўзор ён складаўся з ніжняй (выбірала насельніцтва) і верхняй (прызначаў ген.-губернатар) палат. Пытанні абароны, узбраення, падаткаў сталі вырашаць улады дамініёна, знешняя палітыка ўзгаднялася з метраполіяй. Не вырашаным заставалася нац. пытанне (адмова франкаканадцам у праве на самавызначэнне пры абвяшчэнні афіцыйнымі англ. і франц. моў і свабоды веравызнання). Рашэннем метраполіі да дамініёна былі далучаны правінцыі Манітоба (1870) і Брыт Калумбія (1871), тэр. а-воў Прынс-Эдуард (1873). Стварэнне цэнтралізаванай дзяржавы спрыяла фарміраванню нац. рынку. Прынятыя ў 1870-я г. акты садзейнічалі прыцягненню новых імігрантаў з краін Еўропы і ЗША, каланізацыі зах. зямель К. Экспрапрыяцыя зямель індзейцаў, стварэнне для іх рэзервацый выклікалі ў 1869—70 і 1885 паўстанні індзейцаў пад кіраўніцтвам Л.Рыля. Пад націскам рабочага руху ў чэрв. 1872 прыняты закон аб трэд-юніёнах (прафсаюзах; першы прафсаюз у К. ўзнік у 1827), у 1873 створаны агульнанац. Кан. рабочы саюз, у 1886 — Кан. кангрэс прафсаюзаў. Кан’юнктура сусв. рынку, прыток прац. сілы (больш за 2 млн.чал., пераважна з Еўропы) і замежнага капіталу, дзярж. палітыка інвестыцый і пратэкцыянізму, якую ліберальны ўрад на чале з У.Лар’е (1896—1911) дапоўніў сістэмай прэферэнцый (спрыяльных пошлін) для Вялікабрытаніі, садзейнічалі эканам. росту К. Узніклі буйныя манаполіі ў сталеліцейнай, тэкст., цэм. прам-сці і на чыг. транспарце. Кансерватыўны ўрад Р.Бордэна (1911—17) спачатку прыняў антырабочыя законы і ўвёў сістэму прымусовага арбітражу, аднак пад націскам працоўных прыняў закон аб кампенсацыі за траўмы на вытв-сці, стварыў Мін-ва працы і органы па абследаванні ўмоў працы ў прам-сці.
1-я сусв. вайна, у якой К. ўдзельнічала на баку Вялікабрытаніі, часткова стымулявала развіццё яе эканомікі, але абвастрыла сац. і нац. супярэчнасці. У адказ на ўвядзенне ў ліп. 1917 вайск. павіннасці антыўрадавы і забастовачны рух прывёў да стварэння кааліцыйнага (юніянісцкага) урада (1917—20). Аслабленне англ. ўплыву кіруючыя колы К. выкарысталі на Парыжскай мірнай канферэнцыі 1919—20, калі самастойна падпісалі мірныя дагаворы, і разам з інш.брыт. дамініёнамі К. стала членам Лігі Нацый. У 1923 К. ўпершыню падпісала самастойны дагавор з ЗША адносна рыбалоўства ў паўн.-ўсх. частцы Ціхага ак.Вестмінстэрскі статут 1931 афіцыйна аформіў ураўнаванне брыт. дамініёнаў з метраполіяй ва ўсіх правах. У час сусв.эканам. крызісу 1929—33 узровень прамысл. вытв-сці ў К. зменшыўся больш як у 2 разы, падзенне цэн на с.-г. тавары стала прычынай масавага разарэння фермераў. У гады дзейнасці ліберальнага ўрада У.Л.М.Кінга (1935—48) К. падтрымлівала палітыку Вялікабрытаніі, Францыі і ЗША 10.9.1939 яна ўступіла ў 2-ю сусв. вайну на баку Вялікабрытаніі, 8.12.1941 аб’явіла вайну Японіі і распачала баявыя дзеянні супраць яе ў Ганконгу. Ва ўзбр. сілах у час вайны служыла больш за 1 млн. канадцаў, больш як 90 тыс. з іх было забіта і паранена. К. забяспечвала сыравінай. харчаваннем і ўзбраеннем краіны антыгітлераўскай кааліцыі. За час вайны ў К. ўзнікла буйная ваен.прам-сць; за 1939—45 прамысл.вытв-сць павялічылася ў 2,5 раза. Урад ажыццявіў і некалькі важных сац. праграм, у т. л. па страхаванні беспрацоўных (1940), аказанні фін. дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей (1944), дапамогі ветэранам у вяртанні да мірнага жыцця. 11.2.1944 заключана кан.-сав. пагадненне аб ваен. пастаўках. Развіццю новых вытв-сцей у пасляваен. К. спрыялі замежныя інвестыцыі (пераважна з ЗША), а таксама прыток імігрантаў (у 1945—56 іх прыехала больш за 1 млн з Германіі і Італіі, у т. л. каля 50 тыс.чал.бел. паходжання). Да канца 1950-х г. К. канчаткова ператварылася ў індустр. краіну. Адначасова ўзмацніўся ўплыў ЗША на палітыку і эканоміку краіны: у лют. 1947 вырашана прадоўжыць кан.-амер. ваен. супрацоўніцтва, у 1949 К. стала адным з ініцыятараў стварэння НАТО і яго членам; у 1958 арганізавана Аб’яднанае кіраўніцтва проціпаветр. абароны Паўн. Амерыкі (цяпер Аб’яднанае кіраўніцтва аэракасм. абароны Паўн. Амерыкі); на тэр. К. размясціліся ваен. базы ЗША. Ва ўмовах пасляваен. пагаршэння эканам. становішча працоўных актывізавалася дзейнасць Канадскага рабочага кангрэса (засн. ў 1956), барацьба ў абарону эканам. і нац. правоў франка-кан. насельніцтва, пачаўся сепаратысцкі рух за выхад Квебека з федэрацыі. Для вырашэння гэтых праблем ліберальныя ўрады Л.Пірсана і П.Э.Трудо распрацавалі сістэму двухмоўя, у 1969 парламент надаў англ. і франц. мовам статус афіцыйных моў. На рэферэндуме 1980 60% квебекскіх выбаршчыкаў выказаліся за захаванне правінцыі ў складзе К. У крас. 1982 у К. прыняты закон аб канстытуцыі, які надаў парламенту права самастойна ўносіць усе канстытуцыйныя змены (раней яны фармальна падлягалі зацвярджэнню англ. парламентам) і дапоўніў яе Хартыяй правоў і свабод, але Квебек адмовіўся далучыцца да гэтага закону. У сак. 1987 прэм’ер-міністр Б.Малруні і кіраўнікі ўрадаў 10 правінцый (акрамя Манітобы і Нью-Брансуіка) падпісалі ў г. Міч-Лейк пагадненне пра наданне Квебеку статуса «асобага грамадства». Зрыў ратыфікацыі гэтага пагаднення ў чэрв. 1990 выклікаў канстытуцыйны крызіс. У вер 1991 Малруні прапанаваў новыя папраўкі ў канстытуцыю, вынесеныя на рэферэндум 26.10.1992, вынікі якога аказаліся адмоўнымі. У 1993 кіраўніком ўрада стаў ліберал Ж.Крэцьен. Прыход да ўлады ў Квебеку ў 1994 сепаратысцкай Квебекскай партыі абумовіў правядзенне 30.10.1995 новага рэферэндуму аб суверэнітэце Квебека. Мінімальная перамога на ім федэралісцкіх сіл (супраць суверэнітэту прагаласавала 50,6% выбаршчыкаў) прадухіліла пагрозу расколу краіны, але не вырашыла канстытуцыйную праблему. К. — чл.ААН (з 1945), Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй, Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе, Арг-цыі краін-экспарцёраў нафты і інш.Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.
Палітычныя партыі і прафсаюзы. Правячая партыя К. — Ліберальная (засн. ў 1873). Існуюць Прагрэсіўна-кансерватыўная партыя (з 1854), партыя рэформ (з 1987), Квебекскі блок (з 1991), Новая дэмакр. партыя (з 1961). Найб.прафс. аб’яднанне — Кан. рабочы кангрэс.
Гаспадарка. К. — індустр.-агр. краіна, адна з вядучых краін свету. Займае 8—9-е месца па аб’ёме прамысл. вытв-сці і валавым унутр. прадукце (ВУП), які ў 1995 склаў 694 млрд.дол. ЗША, 24,4 тыс.дол. на чалавека. Доля ў ВУП прам-сці і буд-ва каля 30%, сельскай гаспадаркі каля 3%. Адметныя рысы эканомікі: моцная залежнасць ад замежнага капіталу (больш за 50% прам-сці), асабліва амерыканскага, адносна высокія тэмпы росту, вял. доля дзярж. уласнасці (90% зямельнай і 70% лясной плошчы краіны, 72 магутнасцей электрастанцый, 73 даўжыні чыгунак, шэраг буйных заводаў ваеннай і хім. прам-сці і інш.). Гал. роля ў прамысловасці належыць галінам здабыўной і першаснай апрацоўкі сыравіны, якія маюць экспартную накіраванасць. К. — адна з самых буйных у свеце вытворцаў (тыс.т, 1992): уранавага канцэнтрату — 10, нікелю — 189,1, азбесту — 601, калійных солей — 7300, цынку — 1200, серабра — 1,1, свінцу — 318,5, малібдэну — 9,6, медзі — 745. У краіне (1994) значная здабыча нафты — 110,5 млн.т, прыроднага газу — 138,9 млрд.м³, вугалю — 72,7 млн.т, жал. руды — каля 35 млн. т. Асн. раёны здабычы энергет. сыравіны — правінцыі Альберта, Брыт. Калумбія і Саскачэван (забяспечваюць 90% аб’ёмаў гэтай прадукцыі), асн. раёны здабычы неэнергет. сыравіны — правінцыі Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія (каля 60% аб’ёмаў). Важнейшыя горназдабыўныя цэнтры: Садберы (нікель, медзь), Эліят-Лейк (уран) у прав. Антарыо; Наранда (медзь), Шэфервіл (жал. руда) у прав. Квебек; Томпсан (нікель) у прав. Манітоба; Эстэрхейзі (калійная соль) у прав. Саскачэван і інш.Вытв-сць электраэнергіі 532,6 млрд.кВт·гадз (1995; 6-е месца ў свеце). Краіна займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці электраэнергіі на душу насельніцтва. ГЭС даюць 61% электраэнергіі. Амаль 70% іх магутнасцей у правінцыях Антарыо, Квебек, Брыт. Калумбія. ЦЭС даюць каля 22%, АЭС — каля 17% (працуе 21 атамны рэактар). Вядучая галіна апрацоўчай прам-сці — машынабудаванне. Найб. развіты вытв-сцьтрансп. сродкаў (самалётаў, верталётаў, аўтамашын, суднабудаванне), с.-г. машын, абсталявання для горназдабыўной і лясной прам-сці, электроніка і электратэхніка. Гал. цэнтры — Таронта, Манрэаль, Уінсар, Гамільтан. Развіты энергаёмістыя галіны — каляровая металургія (вытв-сць алюмінію, цынку, свінцу, нікелю, медзі), чорная металургія, нафтаперапрацоўка (Ванкувер, Сарнія, Эдмантан), хім.прам-сць (мінер. ўгнаенні, сінт. каўчук, пластмасы), разнастайная дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая прам-сць. К. займае 2-е месца ў свеце па вытв-сці цэлюлозы (13 млн.т, 1993), 3-е — паперы (14,3 млн.т, у т. л. газетнай — 10 млн.т, 1-е месца ў свеце), піламатэрыялаў — 56 млн.т, драўнінна-стружкавых пліт — 3,5 млн.м³. Прадпрыемствы харчасмакавай (мукамольная, мясная, рыбакансервавая, спіртагарэлачная), тэкст. і швейнай прам-сці размешчаны ў партах і паблізу вытв-сці сыравіны. Асн.прамысл. раёны краіны: Канадскае Прыазер’е (гал. цэнтры Таронта і Гамільтан), даліна р.Св. Лаўрэнція (Манрэаль, Квебек, Атава), ПдЗБрыт. Калумбіі (Ванкувер). Сельская гаспадарка характарызуецца высокай механізаванасцю, таварнасцю, глыбокай спецыялізацыяй, мае экспартную накіраванасць. Плошча с.-г. угоддзяў каля 70 млн.га, у т. л. пад ворывам і садамі каля 43 млн.га. Каля 75% с.-г. зямель належыць буйным фермам. Аснова земляробства — збожжавая гаспадарка. Штогадовы валавы збор збожжа каля 50 млн. т. К. займае 4-е месца ў свеце па зборы (25,4 млн.т, 1995) і 2-е — па экспарце (пасля ЗША) пшаніцы. Збор (млн.т, 1992): ячменю — 10,9, кукурузы —5,6, соі — 1,4, рапсу —3,7, бульбы — 2,8. Пашыраны пасевы лёну і тытуню. Садоўніцтва. Жывёлагадоўля дае каля 60% кошту с.г. прадукцыі, пераважае малочны і мяса-воўнавы кірунак. Птушкагадоўля. Пагалоўе (млн.гал., 1993): малочных кароў — 1,2, інш. буйн. раг. жывёлы — 13,5, авечак — 0,9, свіней — 10,7. Асн.с.-г. раёны: стэпавыя правінцыі Манітоба, Саскачэван, Альберта (палавіна с.-г. прадукцыі краіны — збожжа, мяса-воўнавая жывёлагадоўля), Канадскае Прыазер’е і даліна р.Св. Лаўрэнція (жывёлагадоўля і разнастайнае паляводства), правінцыі Новая Шатландыя і Брыт. Калумбія (садоўніцтва). Па аб’ёмах вывазу драўніны (каля 170 млн. шчыльных m3 штогод) К. займае 1-е месца ў свеце на душу насельніцтва. Доля К. ў сусв. лясным экспарце складае 23%. Гал. раёны лясной гаспадаркі Брыт. Калумбія (40% усіх лесаматэрыялаў), Квебек і Антарыо. У лясной гаспадарцы занята 7% працуючых, яна дае каля 4% ВУП краіны і каля 17% экспарту. Прамысл. рыбалоўства і марскія промыслы ў прыбярэжных водах Атлантычнага і Ціхага акіянаў (траска, селядзец, ласасёвыя, палтус, крабы, амары, вустрыцы). Па ўлове (больш за 1 млн.т штогод) вылучаюцца правінцыі Ньюфаўндленд і Новая Шатландыя. Пушны промысел і зверагадоўля. Транспарт. Працягласць чыгунак больш за 90 тыс.км (2-е месца ў свеце пасля ЗША), аўтадарог каля 400 тыс.км (1993). У краіне каля 10 млн. аўтамашын. Суднаходства па р.Св. Лаўрэнція і Вял. азёрах (даступны для марскіх суднаў), некат. інш. рэках і азёрах. Гал. марскія парты Ванкувер, Сет-Іль, Порт-Карцье, Тандэр-Бей, Галіфакс. Працягласць нафта- і газаправодаў 50 тыс.км (3-е месца ў свеце). У К. развіты замежны турызм і адпачынак (каля 90% наведвальнікаў складаюць жыхары ЗША). У 1994 замежны турызм даў даход у 6,3 млрд.дол. ЗША. Экспарт склаў 185 млрд.дол. ЗША (каля 4% сусв. экспарту), імпарт — 166,7 млрд.дол. ЗША (1995). Гал. тавары экспарту — цэлюлоза, газетная папера, піламатэрыялы, пшаніца і інш. збожжавыя, уран, нікель, медзь, цынк, тытан, малібдэн, серабро, плаціна, азбест, калійныя солі. імпарту — гатовыя прамысл. вырабы, прадукты трапічнага і субтрапічнага земляробства. Гал.гандл. партнёры: ЗША (каля 80% знешнегандл. абароту), Японія, Вялікабрытанія, Нідэрланды. Гандл. абарот з Беларуссю складае каля 12 млн.дол. ЗША штогод. Беларусь экспартуе ў К. невял. партыі машын і хім. тавараў, набывае ў К. пераважна збожжа. Грашовая адзінка — канадскі долар.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваныя фарміраванні. Агульная колькасць (1998) рэгулярных узбр. сіл больш за 60 тыс.чал., рэзерву больш за 28 тыс.чал., ваенізаваных фарміраванняў каля 11 тыс.чал.Вярх. галоўнакамандуючы — прэм’ер-міністр. Камплектуюцца з добраахвотнікаў. У сухап. войсках каля 22 тыс.чал., на ўзбраенні 114 танкаў, 370 баявых развед. машын, 1858 бронетранспарцёраў, 272 артыл. гарматы, 167 мінамётаў і інш. У ВПС больш за 14 тыс.чал., 140 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС больш за 9 тыс.чал., 3 падводныя лодкі, 4 эсмінцы, 16 фрэгатаў, 2 тральшчыкі, 16 патрульных катэраў, 8 дапаможных суднаў.
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 75,9, жанчын 82,9 года. Смяротнасць — 7 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 171 чал., урачамі — 1 на 464 чал. Узровень нараджальнасці — 13 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 0,6%. Дзіцячая смяротнасць 6 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма адукацыі К. ўключае дашкольныя ўстановы для дзяцей ад 1,5 да 6 гадоў (большасць з іх прыватныя); агульнаадук. школу, прафес., прафес.тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У К. існуюць дзярж. (грамадскія), прыватныя, канфесіянальныя школы. Ва ўсіх правінцыях К. прыняты законы аб абавязковым 8—10-гадовым навучанні дзяцей ва ўзросце 6—16 гадоў. Дзярж.навуч. ўстановы фінансуюцца за кошт правінцыяльных, муніцыпальных і мясц. бюджэтаў. Федэральны ўрад вылучае сродкі на прафес.-тэхн. і вышэйшую адукацыю, займаецца пытаннямі адукацыі карэнных жыхароў (індзейцаў, эскімосаў). Агульны тэрмін поўнай сярэдняй адукацыі — 11—13 гадоў пры 6—8-гадовай пач. адукацыі. У старэйшых класах вучні могуць выбіраць праграму з арыентацыяй на акад. або прафес. падрыхтоўку. У К. існуюць 2 незалежныя школьныя сістэмы — франц. і англійская. Франц. сістэм а (у прав. Квебек); 6-гадовая пач., 5-гадовая агульнаадук. сярэдняя школа (2 цыклы — 2 і 3 гады навучання; на 2-м цыкле падзел на агульнаадук. і прафес. кірункі). На базе сярэдняй школы працуюць калежы агульнай і прафес. адукацыі, дзе вучні атрымліваюць або акадэм. адукацыю (2 гады навучання, з правам паступлення ва ун-т), або прафес. падрыхтоўку (3 гады). Англ. сістэма: 6-гадовая пач., 3-гадовая малодшая сярэдняя і 3-гадовая старшая сярэдняя школа або 8-гадовая пач. і 4-гадовая сярэдняя школа. Праграма пач. навучання ва ўсіх школах уключае родную мову (англ. або франц.), арыфметыку, прырода- і грамадазнаўства, прадметы маст. цыкла, дамаводства, фіз. культуру, рэлігію і інш. У сярэдняй школе вывучаюць абавязковыя прадметы (франц. або англ. мова, грамадазнаўства, матэматыка, спорт, прафес. арыентацыя) і на выбар (прыродазнаўчыя навукі, замежныя мовы, пэўныя раздзелы матэматыкі). Прафес.-тэхн. падрыхтоўку даюць прафес. аддзяленні сярэдніх школ, спец. сярэднія прафес. школы з рознымі ўхіламі, дзярж. і прыватныя прафес. вучылішчы, тэхн. ін-ты і малодшыя каледжы (тэрмін навучання 1—4 гады). Вышэйшую адукацыю (платная) даюць ун-ты і каледжы ( ш-ты універсітэцкага тыпу); найб. прэстыжныя — з правам прысваення вучоных ступеней. Старэйшая ВНУ — Ун-тправ. Нью-Брансуік у г. Фрэдэрыктан (з 1785). Буйнейшыя ун-ты: у Таронта (з 1827), Аб’яднаны (з 1968; ВНУ гарадоў Квебек, Манрэаль і інш.), Манрэальскі (з 1876), Канкордыя (з 1974) у Манрэалі, Йоркскі (з 1959) у Норт-Йорку, Лаваля (з 1852) у Квебеку, Ун-тправ.Брыт. Калумбія (з 1908) у Ванкуверы. Буйнейшыя б-кі: Нац.навук. ў Атаве, б-ка Таронцкага ун-та, ун-та Лаваля ў Квебеку, масавыя б-кі ў Манрэалі і Таронта. У К. каля 1500 музеяў і маст. галерэй (1994), буйнейшыя з іх: Нац. музей К. (з 1842), Нац. галерэя К. (з 1880), Канадскі музей цывілізацыі, Нац. музей натуральнай навукі і Нац. музей навукі і тэхналогіі (усе ў Атаве), Каралеўскі музей Антарыо (з 1912) і Маст. галерэя (з 1900) у Таронта, Музей прыгожых мастацтваў (з 1860) у Манрэалі. З 1916 дзейнічае Нац.н.-д. савет, з 1966 — навук. Савет К. пры ўрадзе. У 1942 у Манрэальскім ун-це створана ядзерная лабараторыя, у 1944 — н.-д. цэнтр па атамнай энергіі ў Чок-Рыверы, з 1960-х г. — у Уайшэле. Буйнейшы выліч. цэнтр ва ун-це ў Таронта. Н.-д. цэнтр сувязі вядзе даследаванні ў галіне космасу. Навук. дзейнасць вядуць н.-д. ўстановы галіновых Мін-ваў, навук. ін-ты, у іх ліку ін-ты аэранаўтыкі і космасу, горнай прам-сці і металургіі, хім., біял. даследаванняў клеткі, даследаванняў жывёлы, раслін, лясны ін-т, даследчыя ўстановы пры ун-тах.
Друк, радыё, тэлебачанне. У К. выдаецца больш за 100 штодзённых газет і больш за 1 тыс. часопісаў. Каля 300 перыяд. выданняў выходзіць на мовах этнічных груп (ням., італьян., кіт. і інш.). Газетны трэст «Томпсан ньюспейперс лімітэд» валодае каля 60 перыяд. выданнямі К. (каля 28% усіх выданняў). Штодзённая прэса мае пераважна рэгіянальны характар. Найб. тыраж маюць штодзённыя газеты «Toronto star» («Зорка Таронта», з 1892, на англ. мове), «Le journal de Montreal» («Манрэальекая газета», з 1964, на франц. мове), «The globe and mail» («Пошта з усяго свету», з 1844) і «Vancouver sun» («Сонца Ванкувера», з 1886; абедзве на англ. мове) і інш.Найб. уплывовы і пашыраны штотыднёвы грамадска-паліт.час. «Maclean’s magazine» («Часопіс Маклінза», з 1905, на англ. мове). Інфарм. агенцтвы — Канейдыян Прэс (КП, з 1917), Бродкаст Ньюс і Юнайтэд Прэс Кэнада. Дзейнасць радыё і тэлебачання, у т. л. кабельнага, кантралююць Канейдыян бродкастынг карпарэйшэн (КБК; перадачы на англ. і франц. мовах па 2 каналах тэлебачання і 4 радыёпраграмах) і Канейдыян Рэйдыё-тэлевіжэн энд Тэлекам’юнікейшэнс. Працуюць больш за 570 радыёстанцый. Радыёперадачы для замежжа вядуцца на 11 мовах (Міжнар. радыё Канада). Тэлевізійная сетка аб’ядноўвае каля 115 станцый краіны.
Літаратура. Фальклор карэннага насельніцтва К. — індзейцаў і эскімосаў — часткова сабраны і апублікаваны англа-кан. пісьменнікамі на англ. мове (зб-кі «Пшанічная багіня і іншыя казкі індзейскай Канады», «Карэнныя плямёны Канады»); паэтэса П.Джонсан зрабіла літ. апрацоўку іх легенд (зб. «Ванкуверскія легенды», 1911). Пра трагічны лёс эскімосаў пісаў Ф.Моўэт у кн. «Людзі Аленевага краю» (1952) і «Народ у адчаі» (1959). Сучасная л-ра К. развіваецца на франц. і англ. мовах. Літаратура на французскай мове ўзнікла з дакумент.-маст. прозы 16 — пач. 17 ст. (падарожныя нататкі Ж.Карцье, С.Шамплейна). Больш актыўна яна пачала развівацца пасля 1760-х г. Уплыў асветніцкага класіцызму адчуваўся ў паэзіі М.Бібо (1-я пал. 19 ст.). Першы франка-кан. раман стварыў Ф. дэ Гаспэ-сын («Шукальнік скарбаў», 1837). У сярэдзіне 19 ст. зарадзіліся патрыят. школа паэтаў-рамантыкаў (А.Ж.Крэмазі, Ф.К.Гарно, Л.А.Фрэшэт), гісторыка-рамант. проза (А.Жэрэн-Лажуа). Рэаліст. тэндэнцыі праявіліся ў раманах П.Шаво, Л.Эмона. Пад уплывам франц. школы дэкадансу ў канцы 19 — пач. 20 ст. развівалася паэзія Э.Нелігана, А.Лазо, П.Марэна. Пасля 2-й сусв. вайны гал. кірункам у л-ры стаў рэалізм. Проза адметная паглыбленым псіхалагізмам і гуманізмам (Г.Руа, Ф.А.Савар, К.Жасмэп, М.К.Бле), паэзія — наватарскай лірыкай (Ж.Г.Пілон. С.Д.Гарно, А.Гранбуа, А.Эбер, Р.Ланье), у драматургіі найб. вядомы М.Дзюбэ, Ф.Ларанжэ, М.Трамбле. Літаратура на англійскай мове ўзнікла ў 2-й пал. 18 ст. Каля яе вытокаў — дакументальна-маст. проза, створаная падарожнікамі па К. (С.Хёрн, А.Макензі і інш.). У традыцыях англ. сентыменталізму напісаны першы кан. раман «Гісторыя Эмілі Монтэгю» (1769) Ф.Брук. У пач. 19 ст. з’явіліся першыя творы кан. рамантыкаў, што знаходзіліся пад уплывам гіст.англ. (В.Скот) і амер. (Ф.Купер) раманаў (раман Дж.Рычардсана «Вакуста» прысвечаны «індзейскай тэме»). Рысы рамантызму выявіліся і ў паэзіі (О.Голдсміт). Пачатак рэаліст. кірунку ў л-ры паклаў Т.Халібёртан (раман «Гадзіннікавы майстар»). Новы этап ў развіцці англа-кан. л-ры пачаўся ў 1860—70-я г. (рамант. паэзія Ч.Робертса, І.Кроўфард, А.Лампмена, Д.Скота і інш., раманы і аповесці Дж.Дэ Міла, Д Паркера; пранікнёную лірыку ствараў У.Б.Кармен). У канцы 19 — сярэдзіне 20 ст. з’явілася новае пакаленне паэтаў рамант. школы (Р.Сервіс, У.Драманд, Э.Дж.Прэт, А.Сміт, Т.Мак-Інес і інш.), якія апявалі магутнасць прыроды і сілу чалавека. Сярод празаікаў вылучылася М. дэ ла Рош. Развіццё рэаліст. рамана звязана з творчасцю Д.Уокера, Ф.Гроўва, М.Кэлехена, Х.Мак-Ленана і інш. У жанры навелы працавалі М.Гэлант, Э.Мапро, сатырык і гумарыст С.Лікак. У раманах пісьменніц Л.М.Мантгомеры, М.Лоўрэнс, М.Эгвуд распрацоўвалася «жаночая» тэматыка. Адметная плынь у л-ры К. — т.зв. анімалісцкая проза, дзе ў якасці гал. герояў выступалі жывёлы (раманы і аповесці Робертса, Э.Сетан-Томпсана, У.А.Фрэйзера). Сусв. вядомасць набылі кнігі аб прыродзе Шэрай Савы (сапр. Дж.Белані) пра трагічную гісторыю індзейскага народа. Першыя значныя драм. творы стварылі Р.Дэйвіс, Л.Сінклср, Л.Пітэрсан, творы літ. крытыкі — Р.П.Бейкер, Дж.Д.Логан. У 2-й пал. 20 ст. не страцілі сваёй папулярнасці рэаліст. раман (Р.Г.Уайб, Б.Мур) і гіст.-біягр. проза (Д.Крэйтан, А.Р.М.Лоўэр). У творчасці Ф.Скота, А.Клейна, Прэта, Э.Бёрні, І.Клейтана і інш. выявілася імкненне да новай паэтыкі. Пачынальнікам англа-кан. постмадэрнізму лічыцца пісьменнік і вучоны-грамадазнавец М.Мак-Луэн.
На бел. мову перакладзены асобныя творы Робертса («Звярыныя малечы», «Паляўнічы «Чырвонай скалы», абедзве 1928) і Сетан-Томпсана («Гісторыя аднаго мядзведзя», 1927; «Лепш смерць, чым няволя», 1928; «Рванае вушка», 1939); вершы сучасных франкамоўных паэтаў К. перакладае Л.Яўменаў.
Архітэктура. Карэнныя жыхары К. — індзейцы жылі ў зямлянках (паляўнічыя Скалістых гор), буданах-вігвамах (лясныя паляўнічыя), накрытых шкурамі палатках-ціпі (жыхары прэрый), вял. каркасных дамах, накрытых карой (лясныя земляробы) ці ашаляваных дрэвам (рыбаловы зах. ўзбярэжжа); эскімосы — у купалападобных пабудовах са снегу (іглу), паўпадземных збудаваннях з дрэва, каменю, касцей. У 17 — пач. 19 ст. выхадцы з Францыі прынеслі ва Усх. К. традыцыі еўрап. архітэктуры: тып дома з масіўнымі сценамі і стромкім дахам, зальныя цэрквы з 1—2 вежачкамі над фасадам, грамадскія будынкі на франц. ўзор (арх. Т.Баяржэ, Т.Фулер, Ф.Стэнт, Ж.Дэмер). У каланізаванай англічанамі ч. К. ў 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. склалася мясц. традыцыя рацыянальнага драўлянага каркаснага і каменнага дойлідства ў духу класіцызму з функцыян. абумоўленасцю кампазіцыі і адсутнасцю ордэрных форм (арх. Дж.Мерык) 3 сярэдзіны 19 ст. выпрацоўвалася стандартная структура новых гарадоў з 2-павярховай забудовай, рэгулярнай планіроўкай, прамавугольнай сеткай вуліц. У духу эклектызму будавалі цэрквы, адм. будынкі, асабнякі ў Атаве, Калгары, Манрэалі, Таронта (арх. Э.Ленокс, Дж.Лайл). З канца 19 ст. ўзмацніўся ўплыў архітэктуры ЗША: вышынныя канторскія будынкі, атэлі (арх. Ф.Дарлінг, Дж.Пірсан). З 1950-х г. інтэнсіўна перабудоўваюцца і разрастаюцца старыя гарады, будуюць новыя гарады-гіганты, пашыраецца жыллёвае буд-ва, у т. л. з дрэва. Паводле адзіных планаў забудоўваліся гарады пры прамысл. прадпрыемствах: Кітымат у Брыт. Калумбіі (1951—54, планіроўка амер.арх. Маер, Уітлсі, Глас), Эліяг-Лейк у Антарыо (1956, арх. Дж.Б.Паркін), у т. л. запалярныя (Інувік, 1955—60). Найб. значныя збудаванні: камбінат Анесіс-Айленд у Брыт. Калумбіі (1954—56), комплекс Асацыяцыі архітэктараў Антарыо (1955, арх. Паркін), Шэкспіраўскі т-р у Стратфардзе (1956—57, арх. Р.Фейрфілд), будынак упраўлення «Электрычнай кампаніі Брыт. Калумбіі» ў Ванкуверы (1957, арх. фірма «Шарп, Томпсан, Берык, Прат»), новая ратуша ў Таронта (1958—65, фін.арх. В.Рэвель, у сааўт.), пл. Віль-Мары, комплекс Сусв выстаўкі 1967, Алімп. комплекс у Манрэалі (1976, франц.арх. Р.Танбер, у сааўт. з кан. архітэктарамі), Нац. галерэя ў Агаве (1980), вежа і стадыён «Алімпійскі» ў Калгары і інш.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Да каланізацыі развівалася мастацтва абарыгенаў: у індзейцаў — паліхромная разьба па дрэве, разьба і гравіроўка па камені, косці і рогу, вы шыўка іголкамі дзікабраза, воласам аленя і лася, выраб упрыгожанняў з пер’яў і ракавін, узорыстае ткацтва з геам. арнаментам, размалёўка адзення, начыння і жытла, кераміка; у эскімосаў — разьба і гравіроўка па косці і дрэве, апрацоўка самародных металаў. З 1-й нал. 17 ст. пад уплывам еўрап.маст. стыляў развіваецца прафес. мастацтва.
У 18—19 ст. дасягнуў росквіту партрэтны жывапіс (Ф.Баяржэ, Ф.Бакур, А.Пламандон, Ж.Легарэ, Т.Амель у Квебеку, Т.Бертан, Дж.Херыят, Кокбёрн, Грант — у англ. К.). Пачынальнікі пейзажнага жанру — Т.Дэйвіс, Херыят. Мастацтва мела пераважна эклектычны характар: традыцыі Барбізонскай школы развівалі П.Кейн, Ф.Вернэ, амер. «школы ракі Гудзон» — Х.Уотсан, Х.Уокер, еўрап. мадэрнісцкіх кірункаў «ар нуво» і фавізму — Э.Кар, М.А.Фартэн, К.Ганьён, групы «Набі» — Дж.У.Морыс, А.Ледзюк. У пач. 19 ст. склалася Квебекская школа жывапісу. Развівалася разьба па дрэве (Баяржэ), мастацтва вырабаў з серабра ў духу барока і класіцызму (Ф.Ранвуазе). У 1879 засн. Каралеўская АМ. У 1-й пал. 20 ст. ўзнікла кан. школа мастацтва, адметная дакладнасцю кампазіцыйных вырашэнняў, адлюстраваннем велічы кан. прыроды: творчасць «Групы сямі» (А.Джэксан, А.Лізмер, Л.Харыс і інш.), скульпт. Ф.Лорынга, Э.Вуд, «Кан. групы жывапісцаў». У сярэдзіне 20 ст. дамінавалі еўрап.маст. традыцыі (Дж.Лейман, А.Пелан і інш.). Група «Сучасная маст. грамада» адмаўляла і еўрап., і кан. рэалізм. Мастацтва 2-й пал. 20 ст. развіваецца пераважна ў мадэрнісцкіх кірунках: «аўтаматысты» (П.Э.Бардзюа, Ф.Брандэр) сцвярджаюць нонфігуратывізм, «Група адзінаццаці» (Дж.Макдоналд, У.Роналд, Л.Бельфлер, М.Скот, Х.Таўн і інш.) — абстрактны экспрэсіянізм. Развіваюцца сюррэалізм (Ф.Ледзюк, Ж.-П.Далэр, А.Колвід), мастацтва рухомых аптычных эфектаў (К.Тузіньян, Ж.Юрцюбіз), рэаліст. кірунак (Ф.Тэйлар, А.Біле, М.Лэмб-Бабак, К.Пішэ, Г.Робертс), дызайн і дэкар.-прыкладное мастацтва (апрацоўка металу, выраб дываноў, кераміка). У нар. мастацтве вылучаюцца разьба па дрэве і вышыўка ўкраінцаў, каменная скульптура эскімосаў.
Музыка. Муз. культура карэннага насельніцтва К. (індзейцы, эскімосы) з 17 ст. развіваецца ва ўзаемаўзбагачэнні з фальклорам і быт. музыкай англ. і франц. перасяленцаў. У 17—19 ст. значнае месца займала царк. музыка; пры цэрквах створаны першыя муз.навуч. ўстановы. У 18—19 ст. узніклі свецкія муз. т-вы, у т. л. філарманічныя ў Квебеку (1820) і Манрэалі (1877), развівалася хар. мастацтва. З 1860 праводзяцца муз. фестывалі. У канцы 19 — пач. 20 ст. сталі ўзнікаць духавыя аркестры, паўпрафес. оперныя трупы, адкрыты кансерваторыі ў Манрэалі (1876), Таронта (1886), Галіфаксе (1887), муз. каледж у Таронта і Муз.ін-т у Гамільтане (1888). Творчасць першых кампазітараў К. цесна звязана з еўрап.муз. традыцыямі. Заснавальнік муз.-сцэн. жанру — паэт, драматург і музыкант Ж.Кенель (опера «Кола і Калінета», 1790). У 2-й пал. 19 ст. вылучыліся кампазітары К.Лавале (дырыжор, аўтар нац. гімна «О, Канада»), С.Лавігёр (стваральнік першых кан. аперэт), А.Дэсан, А.Лавінь, Г.Куцюр і інш.Нац. стыль у кампазітарскай творчасці фарміруецца ў 1920—40-я г. (Э.Макмілан, Х.Уілан, К.Шампань. Э.Гратон). Некат. кампазітары працуюць на аснове франц. (Ж.Ж.Ганье, Ж.Папіно-Куцюр) і англ. (У.Макнат, Р.Флемінг і інш.) традыцый. Тэндэнцыі авангардызму адбіліся на творчасці Дж.Вайнцвайга, Х.Сомерса, А.Брота. Сярод выканаўцаў 19—20 ст.: спявачкі М.Форэстэр, Л.Маршал, Т.Стратас, спевакі П.Алары, Э.Джонсан; піяністы Г.Гулд, А.Куэрці, Р.Турыні; скрыпачы К.Парло, Э.Клінч, І.Гендэль, Б.Дж.Хігін; арганіст Л.Фарнем. У К. працуюць 3 оперныя трупы (Таронта, Манрэаль, Вініпег); Нац. балет (Антарыо), класічны балет (Атава), каралеўскі балет (Вініпег); каля 30 сімф. аркестраў; Кан. асацыяцыя кампазітараў, аўтараў і выдаўцоў (з 1951), Канадскі муз. савет (1944), Канадскі муз. цэнтр (1958) і інш. З 1965 у Манрэалі штогод праводзяцца Міжнар.муз. фестываль і конкурс музыкантаў-выканаўцаў.
Тэатр. Элементы тэатр. мастацтва вядомы ў абрадах кан. індзейцаў, якія выкарыстоўвалі маскі і лялькі, што надавалі відовішчнасць рэліг. рытуалам. Развіццё прафес.т-ра пачалося ў 17 ст. ў франц. правінцыях Квебек і Акадыя пастаноўкай п’есы М.Лескарбо «Марская маска» ў Порт-Раялі (1606). Ставіліся п’есы П.Карнеля, Ж.Расіна, Мальера. У 1688 А.Рагено напісаў адну з першых уласна кан. п’ес (без назвы). У 18 ст. спектаклі ставіліся ў Галіфаксе (у 1774 першая вядомая п’еса на англ. мове «Акадыус, або Каханне ў цішы»; у 1789 пабудаваны спец.тэатр. будынак «Новы вялікі тэатр»), Манрэалі, Квебеку. У сярэдзіне 18 ст. ў Квебеку створаны лялечны т-р. Выступалі прафес. трупы, пераважна з Англіі. Развіваўся аматарскі т-р. Сярод драматургаў: Ж.Кенель, Ч.Хевісідж, Ч.Мейр. У 1825 у Манрэалі адкрыты першы пастаянны «Тэатр Руаяль», пазней — у Таронта, Вікторыі, Гамільтане. Ставіліся п’есы франка- і англамоўных драматургаў. У пастаноўках удзельнічалі франц., англ., амер. і мясц. акцёры. У канцы 19 — пач. 20 ст. выступалі пераважна вандроўныя т-ры «роўд» («дарога»), Сярод рэжысёраў: М.Дэнісан, Р.Мітчэл, Б.Фарсайт, У.Сінклер, К.Эйкенс і інш. У 1920—30-я г.асн. формай тэатр. мастацтва былі аматарскія т-ры («Літл тыэтр») пры ун-тах, школах, цэрквах, клубах. У 2-й пал. 20 ст. з’явіліся прафес. т-ры ў буйных гарадах («Рыдо вер» і «Канадская камедыя» ў Манрэалі, «Крэст тыэтр» у Таронта, «Канейдыян рэпертары тыэтр» у Атаве і інш.). Ставяцца п’есы У.Шэкспіра, Мальера, П.Кальдэрона, П.Кладэля, Б.Шоу, кан. драматургаў Р.Дэйвіса, Г.Фэрыса, А.Ланжэвэна, Дж.Коўлтэра, Ш.Фоўка, М.Калагана і інш. У франкамоўных т-рах ідзе працэс стварэння нац.тэатр. культуры, англамоўныя знаходзяцца пад вял. уплывам т-ра ЗША. Сярод тэатр. дзеячаў: Г.Гофман, Ж.Луіс Руо, Дж.Колікас, І.Брынд’Амур, Ф.Хайленд, Д.Пелецье, У.Хат, К.Пламер, Ж.Гаскон. З 1933 праводзяцца фестывалі драм. мастацтва (Шарлатаўн, Ванкувер, Манрэаль, Атава і інш.), з 1953 — Шэкспіраўскі фестываль (Стратфард). Нац.тэатр. школа з выкладаннем на франц. і англ. мовах (зімой у Манрэалі, летам у Стратфардзе).
Кіно. У 1898 на кінафірме «Мэсі-Харыс» зняты першы рэкламны фільм. У 1906 створаны кінаінстытут у Манрэалі. Першы ігравы фільм — «Эванжэліна» (1914, рэж. І.П.Салівен, У.Х.Кавано). У 1918 арганізавана Выставачна-рэкламнае бюро, пераўтворанае ў 1923 у Кан. ўрадавае кінабюро (выпускала рэкламныя стужкі). У 1931 паказаны першы гукавы фільм «Вікінг» (рэж. В.Фрысел. Дж.Мелфард). На станаўленне нац. кіно паўплывала дзейнасць амер.рэж. Р.Флаэрці і англ.рэж. Дж.Грырсана, якія здымалі ў К. (па ініцыятыве Грырсана ў 1939 прыняты Акг пра нац. кіно і створаны Нац. савет па пытаннях кіно). У 1943 студыю анімацыйнага кіно ўзначаліў Н.Мак-Ларэн — вядомы рэж.-эксперыментатар анімацыйнага кіно. У 1952 зняты першы каляровы маст. фільм «Эцьен Бруле, нягоднік». У 1950-я г. з’явіліся праблемныя фільмы, узніклі новыя творчыя прынцыпы («прамое кіно», «сінема-верытэ» і інш.) У 1967 створана дзярж. карпарацыя па развіцці кан. кіно. Сярод фільмаў: «Уніз па дарозе» (1970, рэж. Д.Шэбіб), «Камураска» (1973, рэж. К.Жутра), «Позні ўсход» (1976, рэж. А.Брасар), «Паляўнічы» (1978, рэж. З.Р.Дэлен), «Шчаслівае збавенне» (1980, рэж. Ф.Манкевіч). «Стары ліс» (1982, Ф.Борсас). У 1975 засн. Квебекскі ін-т кіно, які займаецца развіццём франкамоўнага кінематографа. Сярод рэжысёраў — Ж.Карль, Ж.П.Лефебр, Ж.Бадэн, Ж.Гру, М.Ланкгу, Д.Петры, Т.Кочэф, А.Эгаян і інш., акцёраў — Ж.Бюжо, Ж.Лапуэнт, Р.Жырар, Р.Лафантэн, М.Чэмберс, Ф.Колінз. Асн. фільмы 1990-х г.: «Хлопчык з Сан-Вінсена» (рэж. І.Сміт), «Каляндар» (рэж. Эгаян), «Жыццё з Білі» (рэж. П.Данаван), «Дзве актрысы» (рэж. Ланкту). Гал. цэнтры кінавытворчасці — Таронта, Манрэаль, Ванкувер, Антарыо. Існуюць Асацыяцыя кан. кінапракатчыкаў, Гільдыя кан. рэжысёраў, Т-ва кінематаграфістаў. Пры большасці ун-таў К. дзейнічаюць кафедры кінематаграфіі. Кан. кінаінстытут аб’ядноўвае Кан. кінаархіў, Цэнтр па вывучэнні кіно. Міжнар. кінафестывалі ў Йорктаўне (дакумент. фільмаў), Ванкуверы, Манрэалі, Таронта, Атаве (анімацыйных фільмаў). З 1979 Кан. акадэмія кінамастацтва штогод прысуджае прыз «Джын».
Беларусы ў Канадзе. Сяляне з Беларусі пачалі перасяляцца ў К. ў канцы 19 — пач. 20 ст. Пасля 1907 яны сяліліся ў правінцыях Ньюфаўндленд, Новая Шатландыя, Нью-Брансуік, Квебек, Антарыо, Манітоба, Саскачэван, Альберта, Брыт. Калумбія і працавалі пераважна ў сельскай гаспадарцы, золатаздабычы, на лесанарыхтоўках і інш. Паводле Гомстэд-акта тыя з іх, хто жадаў, атрымлівалі да 65 га зямлі і праз 3 гады станавіліся яе ўласнікамі. Кан. статыстыка не вылучала беларусаў асобна, а фармальна (часцей па канфесійнай прыналежнасці) далучала да рускіх ці палякаў; і яны далучаліся да рус., польск. і ўкр.нац. арг-цый. У 1911 беларусы складалі значную частку рус. т-ваў, з іх дапамогай у 1913 у Таронта засн. парафія Рус.правасл. царквы, Рус.прагрэс. клуб. У польск. асяродках яны таксама хутка асіміляваліся. У 1918—39 у К. перасяляліся пераважна выхадцы з Зах. Беларусі (напр., каля 30 тыс. у 1926—30). Пасля 1931 паток бел. эмігрантаў зменшыўся з-за сусв.эканам. крызісу. Культ.-мас. гурткі бел. вясковых інтэлігентаў у Таронта і Вініпегу былі часовымі і нетрывалымі. У 1930 выхадцы з Зах. Беларусі заснавалі Федэрацыю рус. канадцаў, уваходзілі ў Рус. рабочы клуб імя М.Горкага ў Таронта і інш. Для беларусаў выходзілі на рус. мове «Вестник» і газ. «Канадский гудок», у якой быў «Беларускі куток» (выйшлі 4 нумары). Пасля 2-й сусв. вайны ў К. апынуліся беларусы — ветэраны Другога корпуса Андэрса арміі. Яны падпісвалі 2-гадовыя кантракты на працу ў сельскай гаспадарцы. Пасляваен. бел. эміграцыя вылучалася нац. свядомасцю, актыўнасцю. У 1946—71 у К. прыехала каля 48 тыс. беларусаў, якія найб. кампактна пасяліліся ў Таронта, Садбуры, Манрэалі, Вініпегу. Грамадскую, навук. і культ.-асв. работу вялі Згуртаванне беларусаў Канады (ЗБК), Беларускае нацыянальнае аб ’яднанне (БНА), Згуртаванне беларусаў правінцыі Квебек (да 1952 наз. Згуртаванне беларусаў у Манрэалі), Бел.нац.к-т у Вініпегу (1950—80), сектар рады Бел.Нар. Рэспублікі (з пач. 1950-х г.), Бел. вызвольны фронт (1957—70-я г.), Бел. каса самапомачы (1953 — сярэдзіна 1970-х г.), Бел. самапомач у Ошаве (з 1961), Згуртаванне беларускіх жанчын Канады, Высакашкольная стыпендыяльная фундацыя (1967—70-я г.), Згуртаванне бел. моладзі К. (1967—70), Беларускі інстытут навукі і мастацтва (БІНіМ) у Таронта, Каардынацыйны камітэт беларусаў Канады (ККБК), Саюз бел. моладзі К. (1970—78), Кан.т-ва «Беларусь» (з 1988), Кан. фонд дапамогі ахвярам Чарнобыля (гл. ў арт.Беларускія камітэты дапамогі ахвярам радыяцыі за мяжой), Бел.рэліг.-грамадскі цэнтр у Таронта ( з 1959), цэнтр адпачынку «Слуцак» (з 1969). Беларусы К. адзначаюць нац. святы — Дзень незалежнасці Беларусі (з 1970 улады Таронта афіц. абвяшчаюць 25 сак.бел. днём), Дзень герояў Беларусі, гіст. падзеі, юбілеі дзеячаў бел. л-ры і мастацтва. Яны ўдзельнічаюць у міжнац. мерапрыемствах, традыц. фестывалях, карнавалах, канцэртах, у т. л. штогадовых святкаваннях Дня Канады (Ошава), Ошаўскім нар. фестывалі (з 1961), фестывалях «Бацькаўшчына» (Атава, 1970—80-я г.) і ў Бэры (з 1990). Саюз бел. моладзі К., ККБК, Згуртаванне бел. жанчын удзельнічалі ў арг-цыі бел. павільёна «Менск» (Таронта). На выставах у К. свае творы прадстаўлялі бел. мастакі Г.Русак, І.Сурвіла, П.Мірановіч, В.Жаўняровіч, А.Кляшчук. У час Тыдня студый у Атаўскім ун-це (1975), на святкаванні 1000-годдзя дзяржаўнасці Беларусі (1988) прайшлі выставы бел.нар. мастацтва. Бел.самадз. мастацтва на розных культ. імпрэзах прадстаўлялі гурток бел.нар. песні і танца ў Вінілегу (1951), злучаны бел.-ўкр. мужчынскі хор «Думка» (1953), хары «Жалейка» (1956), «Прамень» (1955), ансамбль нар. песні і танца (1954). Пры ЗБК працавалі танц. гурткі моладзі і дзяцей, курсы беларусаведы (1951—53, Таронта). З дапамогай беларусаў створаны бел.літ. фонды публічных б-к у Таронта і Вініпегу, бел. аддзелы ў Канадскім музеі цывілізацыі і Нац.этн. музеі. З 1952 беларусы К. ўдзельнічаюць у сустрэчах беларусаў Паўн. Амерыкі (прайшлі 23, з іх 8 у Таронта). У 1958, 1962, 1965 адбыліся сустрэчы беларусаў Лондана (Канада) і Дэтройта (ЗША). У 1996 каля г. Мідленд адкрыты Бел. мемарыяльны комплекс, да якога штогод ажыццяўляюць паломніцтва беларусы з розных краін. Творы бел. пісьменнікаў і падручнікі выдаюць Беларускі выдавецка-мастацкі клуб «Пагоня», выдавецкі к-т пры ККБК, Фонд бел. падручнікаў, выдавецкі фонд успамінаў з бел. жыцця. Бел. перыёдыка прадстаўлена газетамі «Беларускі эмігрант», «Беларускі голас», старонкай «Весткі з Канады» ў газ. «Беларус» (ЗША), часопісамі «Баявая ўскалось» (1949—50 у Германіі, 1954—81 у Таронта), «Зважай», «Палессе» (1955—58), «Прамень» (з 1992), «Інфа ЗБК» (з 1995), «Дзяцел» (1952—53), «Народным шляхам» (1951—54), бюлетэнем «Бээнэравец» (1952). Бел. радыёперадачы пачыналіся з невял. выступленняў на радыё ў Лондане, Садбуры, Таронта і інш. Радыё СіБіСі з 1955 на нац. святы перадае канцэрты бел. песень і танцаў. У 1959 — пач. 1970-х г. працавала бел. радыёстанцыя ў Оўквілі.
Літ.:
Тишков В.А., Кошелев Л.В. История Канады. М., 1982, Тишков В.А. Страна кленового листа: начало истории. М., 1977;
Канада, 1918—1945: Ист. очерк. М., 1976;
Поздеева Л.В. Канада в годы второй мировой войны. М., 1986;
Коленеко В.А. Квебекская проблема в послевоенной Канаде. М., 1981;
Данилов С.Ю., Шило В.Е. Политико-государственный механизм современной Канады: сравнительно-ист. исслед. М., 1991;
Данилов С.Ю., Черкасов А.И. 12 лиц Канады. М., 1987;
Кузнецов Ю.Г. Сладок ли кленовый сок: Современная Канада и ее люди. М., 1988;
Макленнан Х. Семь рек Канады: Пер. с англ.М., 1990;
The Canadian Encyclopedia. Vol. 1—4. 2 ed. Edmonton, 1988;
Ванникова Н.И. Канадская литература на французском языке (1945—1965). М., 1969;
Голышева А.И. Англоязычная литература Канады. М., 1979;
The World Book Encyclopedia. T. 3. London etc., 1994;
Sadouski J. A history of the Byelorussians in Canada. Belleville. 1981.
З.М.Шуканава (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.С.Ляднёва (гісторыя, беларусы ў Канадзе), Р.Ч.Лянькевіч (узбр. сілы), Л.П.Баршчэўскі (літаратура), В.Я.Буйвал, Л.Ф.Салавей (архітэктура), Л.Ф.Салавей (выяўл. і дэкар.-прыкладное мастацтва), Г.У.Шур (кіно).
Герб і сцяг Канады.Да арт.Канада. Тыповы краявід у прэрыях.Да арт.Канада. Чыгуначны мост у правінцыі Антарыо.Да арт.Канада. Вежа і стадыён «Алімпійскі» ў г. Калгары.Да арт.Канада. Індзейцы ў традыцыйных строях.Да арт.Канада. Самалётабудаўнічы завод у правінцыі Квебек.Да арт.Канада. Музей цывілізацыі ў г. Квебек.Да арт.Канада. Нацыянальны парк Банф.