АЛЬГЕ́РД (1296 — май 1377),

князь крэўскі і віцебскі, вял. князь ВКЛ [1345—77]. Сын Гедзіміна. Атрымаў ад бацькі Крэўскае княства. Каля 1318 ажаніўся з віцебскай князёўнай Марыяй Яраслаўнай і ў хуткім часе стаў віцебскім князем. Пасля смерці Гедзіміна, калі Вільня і велікакняжацкі пасад дасталіся яго малодшаму брату Яўнуту, арганізаваў супраць яго змову з братам Кейстутам. Кейстут заняў Вільню і захапіў Яўнута, аднак велікакняжацкі пасад дастаўся Альгерду, што сведчыла аб прызнанні Кейстутам дамінуючага месца бел. зямель у дзяржаве. Альгерд паспяхова вёў палітыку, накіраваную на канчатковае аб’яднанне ўсх.-слав. зямель у адзінай дзяржаве. Да ВКЛ было далучана Чарнігава-Северскае княства (1340-я г.), у паліт. залежнасці ад яго апынулася Смаленскае (1350-я г.). Імкнуўся пашырыць свой уплыў на Цвярское княства, што абвастрыла яго адносіны з Масквой. Ажыццявіў 3 паходы на Маскву (1368, 1370, 1372). У бітве каля Сініх Водаў 1362 разбіў татараў і далучыў да ВКЛ Падолле. Авалодаў Кіевам і пасадзіў там князем свайго сына Уладзіміра. У выніку барацьбы з польск каралём Казімірам III за Галіцкую і Валынскую землі яму дасталася (1377) апошняя. Шмат разоў узначальваў войска для адпору агрэсіі Тэўтонскага ордэна. За час яго княжання тэр. ВКЛ павялічылася больш як у 2 разы, што было на карысць бел. землям, забяспечвала ім вядучае месца ў дзярж. жыцці, спрыяла развіццю эканомікі і культуры ВКЛ.

М.​І.​Ермаловіч.

Вялікі князь ВКЛ Альгерд.

т. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРАСЦЕ́ЙСКІ ЗА́МАК,

комплекс умацаванняў у Брэсце (Берасці) у 14—18 ст. Размяшчаўся каля сутокаў Мухаўца і Зах. Буга на трохвугольным у плане мысавым гарадзішчы. Пляцоўка замкавага дзядзінца (пл. больш за 2 га) была ўмацавана земляным валам, на якім знаходзілася 5 вежаў (драўляных, акрамя Берасцейскай вежы) і драўляныя абарончыя сцены-гародні з 129 «каморамі». Дзве вежы былі з брамамі, ад якіх праз Мухавец вялі масты ў горад; на адной з іх быў устаноўлены гадзіннік. Ніжнія паверхі сцен-гародняў выкарыстоўваліся як сховішчы для гараджан з іх скарбам. На верхнім ярусе знаходзілася крытая стрэшкай баявая галерэя («бланкаванье»), У лінію абарончых сцен былі ўключаны і жылыя памяшканні — «светлицы», пастаўленыя глухімі фасадамі ў бок «поля». У 1566 ў цэйхгаузе Берасцейскага замка знаходзілася метал. даспехаў на 100 чал., 12 гармат, 1 марціра, 96 гакаўніц і інш. У замку былі помпы для скрытай падачы вады, якая ішла па падземных драўляных трубах. Помпы прыводзіліся ў дзеянне вадзяным млынам. У 14 ст. Берасцейскі замак быў захоплены рыцарамі Тэўтонскага ордэна, палякамі, у 1500 вытрымаў аблогу крымскіх татараў, у 1525 згарэў, у 1648 у час антыфеадальнай вайны 1648—51 разбураны, адноўлены ва ўмовах вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 1657 захоплены шведамі, у 1660 і 1661 — рускімі, у 1705 у час Паўн. вайны 1700—21 — шведамі. Пасля Паўн. вайны драўляныя ўмацаванні заменены 5-бастыённымі пабудовамі, якія пазней былі ўключаны ў склад новаўтворанай Брэсцкай крэпасці.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 3, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГІ́НСКІЯ,

старадаўні магнацкі род герба «Агінец», прадстаўнікі якога адыгрывалі значную ролю ў дзярж., грамадска-паліт. і культ. жыцці Беларусі, Літвы, Польшчы і Расіі. Сваё паходжанне выводзілі ад Рурыкавічаў, у 17 ст. прынялі каталіцтва. У 17 ст. род падзяліўся на 2 галіны — старэйшую (у 17 — пач. 19 ст. карысталася графскім тытулам) і малодшую (страціла княжацкі тытул). Найб. вядомыя з роду Агінскіх:

Аляксандр (каля 1585—1667), сын Багдана, ваявода менскі (1645), кашталян трокскі (1649). Удзельнічаў у войнах супраць шведаў, рускіх, туркаў. Шыман Кароль (каля 1620—99), сын Самуэля, падкаморы віцебскі (1654), мечнік літоўскі (1680), ваявода мсціслаўскі (1685). Марцыян (1632—26.1.1690), сын Аляксандра, ваявода трокскі (1670), канцлер вялікі ВКЛ (1684). Ваяваў супраць шведаў, рускіх. Удзельнік падпісання «Вечнага міру» 1686 з Расіяй. Ян (каля 1625 — 24.2.1694), сын Самуэля, маршалак ваўкавыскі (1657), пісар польны літоўскі (1668), ваявода мсціслаўскі (1672), ваявода полацкі і гетман польны літоўскі (1682). Ваяваў супраць рускіх, туркаў, татараў, удзельнік бітвы пад Венай 1683. Рыгор Антоні (? — 17.11.1709), сын Яна, харужы вялікі літоўскі (1687), староста жмудскі (1698), гетман польны літоўскі (1703), маршалак Трыбунала ВКЛ (1706). У 1700 разбіў войска Сапегаў у бітве пад Алькенікамі. Прыхільнік Аўгуста II Моцнага і Пятра I. У 1700 у час Паўн. вайны 1700—21 ваяваў супраць шведаў. Ігнацы (каля 1698 — сак. 1775), маршалак Трыбунала ВКЛ (1732), маршалак вялікі ВКЛ (1750), кашталян віленскі (1768). Андрэй (13.4.1740 — 12.10.1787), сын Тадэвуша Францішка, маршалак Трыбунала ВКЛ (1760), мечнік літ. (1762), рэферэндар літ. (1771), сакратар вялікі ВКЛ (1773), кашталян (1778) і ваявода трокскі (1783). Міхал Клеафас, гл. Агінскі М.К. Міхал Казімір, гл. Агінскі М.К.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАСЛУ́ЖАНЫ ВЫНАХО́ДНІК РЭСПУ́БЛІКІ БЕЛАРУ́СЬ,

ганаровае званне, якое прысвойваецца вынаходнікам — аўтарам укаранёных у вытворчасць вынаходстваў, што ўносяць істотны ўклад у тэхн. прагрэс і маюць важнае дзяржаўнае значэнне, а таксама за шматгадовую вынаходніцкую дзейнасць. Уведзена законам ад 13.4.1995, прысвойваецца Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. З 9.10.1959 існавала ганаровае званне заслужаны вынаходнік БССР, якое прысвойвалася Прэзідыумам Вярх. Савета БССР.

Заслужаныя вынаходнікі Рэспублікі Беларусь

1960. Д.​Л.​Калеснікаў, Ю.​І.​Карнацкі, Р.​С.​Неруш, Ю.​М.​Татараў.

1963. М.​І.​Несцярэнка.

1964. І.​П.​Агафонаў.

1966. Р.​І.​Халадзінскі.

1967. Дз.​А.​Антонаў, У.​А.​Белы, К.​В.​Кляменцьеў, А.​Я.​Розенберг.

1968. Ф.​Ц.​Лугаўнёў.

1970. В.​У.​Войцікаў, В.​І.​Жагіра, У.​С.​Кахановіч, І.​Д.​Мяніцкі, Л.​М.​Рэмаў.

1972. Н.​М.​Гімельфарб.

1975. В.​М.​Балакла, С.​І.​Даўгалёў, Б.​М.​Залуцкі, М.​А.​Якіменка.

1976. В.​А.​Сляпцоў.

1977. М.​П.​Шатэрнік.

1979. У.​С.​Балбасаў, І.​Г.​Зяньковіч, У.​А.​Лабуноў, В.​М.​Кандрацьеў.

1980. І.​М.​Плехаў, А.​С.​Шашнян.

1981. В.​П.​Далгоў, Э.​К.​Дзятко, Б.​І.​Купчынаў, У.​А.​Сітаў.

1984. Г.​І.​Аляксееў.

1986. Л.​Р.​Дубінскі, В.​С.​Парфіяновіч.

1988. М.​І.​Багдановіч, М.​М.​Слюсар, Г.І.​А.​Цакун.

1989. В.​К.​Дубікоўскі, С.​С.​Герцовіч, Я.​М.​Ішуцінаў, Г.​Л.​Калганаў, У.​А.​Канстанцінаў, А.​Дз.​Коўтун, А.​Б.​Краснікаў, Л.​Д.​Тарасенка, І.​І.​Шонараў, І.​З.​Шпак.

1990. У.​П.​Байкоў, У.​С.​Кастамараў, С.​Н.​Леках, М.​А.​Мяльгуй, А.​М.​Салагуб, Г.​І.​Сідарэнка, Л.​Л.​Счыслёнак, В.​Я.​Шчукін.

1991. А.​Г.​Асан-Джалалаў, У.​К.​Дабрынец, І.​М.​Шульга.

1992. Я.​І.​Маруковіч, А.​Дз.​Маслакоў.

т. 6, с. 551

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Сібі́р звычайна м. р. ‘край за Уралам’ (Ласт., Стан.), Сібі́р, Сыбі́р ‘тс’ (Некр. і Байк.), Сібі́р, Сібе́р ‘тс’ (Янк. 1), сібе́р ‘пагібельнае месца’ (Шат.). З рус. Сиби́рь, ад назвы сталіцы ханства ў Прыіртышшы, якую выводзяць ад гунскага этноніма Σάβειροι (Праабражэнскі, 2, 282; Фасмер, 3, 616). Не выключана і польскае пасрэдніцтва, паколькі на карце польскага географа Антонія Віда (1542) паказаны горад Сібір на рацэ Абі (Фралоў, Всесоюзная конф. “Исторические названия — памятники культуры”. M., 1989, 89). Рамстэт (362) узводзіць назву да манг. Sibir, калм. šiwr̥ ‘зараснікі, сырая мясцовасць’, адкуль, у прыватнасці, ідуць назвы: тат. s̥ibir, табол.-тат. Sėbėr, Sėvėr і г. д., што вельмі няпэўна. У аснове назвы этнонімы сипыр (варыянты себер, сыбыр), si pyr (RÉS, 39, 190) — племя, што, згодна з паданнямі сібірскіх татараў, жыло на гэтай тэрыторыі. Усё няпэўна, гл. Анікін, 493–494 (з аглядам версій і літ-ры). Пра спробы звязаць паходжанне назвы з балг. шубра́к ‘хмызняк’ гл. Сімяёнаў, БЕ, 28, 50–52; Дурыданаў, Studia Etym. Brun., 3, 69–71.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАГАМІ́ЛЫ, багумілы,

адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.

Літ.:

obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;

Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАНО́МІЯ (ад аўта... + грэч. nomos закон),

1) права на самастойнае ажыццяўленне пэўных функцый дзярж. улады ці на кіраванне якой-небудзь часткай дзяржавы, дадзенае агульнадзярж. канстытуцыяй. Аўтаномія звычайна будуецца паводле адм.-тэр. прынцыпу і можа мець розную арганізацыю — рэспубліка, акруга, вобласць, асобная нац., рэліг. супольнасць. Адрозніваюць палітычную, адміністрацыйную аўтаномію. У б. СССР палітычная аўтаномія была дадзена аўт. рэспублікам, якія з’яўляліся нац. дзяржавамі, мелі свае канстытуцыі, вышэйшыя органы дзярж. улады і кіравання, уласнае грамадзянства; адміністрацыйную аўтаномію мелі аўтаномныя вобласці і аўтаномныя акругі, якія лічыліся нац.-тэр. ўтварэннямі, а не дзяржавамі; яны не мелі сваёй канстытуцыі, грамадзянства, самакіраванне пашыралася толькі на галіну адм. кіравання. Усяго ў СССР існавала 38 аўтаномных адзінак: 20 аўт. рэспублік, 8 аўт. абласцей і 10 аўт. акруг. Паводле Канстытуцыі Расійскай Федэрацыі 1993, існуюць 1 аўтаномная вобласць — Яўрэйская і 10 аўт. акруг. Тэр. Іспаніі падзелена на 17 аўт. абласцей, якія аб’ядноўваюць 50 правінцый. У Кітаі існуе 5 аўт. раёнаў; у Партугаліі такі статус маюць Азорскія а-вы і а-вы Мадэйра. У розных формах аўтаномія ажыццяўляецца і ў інш. краінах свету (напр., у Бельгіі, Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Грузіі, Таджыкістане і інш.). Даецца, як правіла, тэрыторыям, кампактна заселеным нац. супольнасцямі, што вызначаюцца асаблівасцямі мовы, ментальнасці, эканам., паліт. і культ. развіцця.

2) Аўтаномія нацыянальна-культурная — свабоднае, самаст. функцыянаванне і развіццё нац. культур асобных этн. супольнасцяў, што грунтуецца на канстытуцыі ці інш. заканадаўчых актах краіны. Можа існаваць у форме нац. саветаў, школ, культ.-асв. устаноў і інш. На Беларусі ў 1920—30-я г. ў месцах кампактнага пражывання нац. меншасцяў былі нац. сельскія і местачковыя саветы з правамі аўтаноміі: 23 яўр., 23 польск., 16 рус., 5 лат., 2 укр. і 2 ням. нац. Саветы, а таксама Койданаўскі польскі нац. раён; дзейнічалі нац. школы, нар. дамы, хаты-чытальні, тэатры, маст. студыі, літ. аб’яднанні, выдаваліся кнігі, часопісы, газеты на мовах нац. меншасцяў. У канцы 1930-х — 40-я г. ўсе формы нац.-культ. аўтаноміі ў БССР ліквідаваны. Іх адраджэнне пачалося ў 1980—90-я г. Створаны шэраг нац. грамадскіх арганізацый, у т. л. Саюз палякаў Беларусі, Асацыяцыя ўкраінцаў Беларусі «Ватра», Бел. аб’яднанні яўр. арг-цый і суполак, Бел. згуртаванне татараў-мусульман «Аль-кітаб» і інш. Пачалі дзейнічаць рэлігійныя абшчыны, культ.-асв. ўстановы, выходзяць перыяд. выданні на мовах асобных нац. супольнасцяў краіны.

3) Аўтаномія царкоўная — самастойнасць, незалежнасць царквы ў пытаннях унутр. кіравання (гл. Аўтакефалія).

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 2, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕРЖГГУТО́ЎСКІ (Аляксандр Казіміравіч) (21.6.1864, в. Бялевічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — 5.3.1940),

бел. этнограф і фалькларыст. Правадз. чл. Інбелкульта (1925). Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1884) і Пецярбургскі археал. ін-т (1904). Працаваў настаўнікам нар. вучылішчаў на Мазыршчыне і Случчыне (1884—93), у Мінскім аддз. сялянскага пазямельнага банка і Мінскім паштова-тэлегр. ведамстве (1893—96), на паштамце ў Пецярбургу (1896—1906), у этнагр. аддзеле Рус. музея ў Ленінградзе (1906—30). Узначальваў падкамісію ў Камісіі па складанні этнагр. карт і вывучэнні нац. складу насельніцтва Расіі пры АН, аналагічную камісію ў Рус. геагр. т-ве (РГТ, 1922—23), выкладаў у нядзельным рабочым ун-це (1919—20), бел. школе (1918—23) у Петраградзе. У час працы настаўнікам і ў экспедыцыях па даручэнні Рус. музея сабраў на Беларусі багаты этнагр. і фалькл. матэрыял. У этнагр. нарысе «Беларусы-палешукі» (1908, рукапіс) апісаў пабудовы, побыт, звычаі і вераванні сялян Мазыршчыны і Случчыны. Даследаваў земляробчыя прылады працы, бортніцтва, заняткі, звычаі сябрыны, талакі і інш. («Нарысы Беларусі», 1907—09; «Земляробчыя прылады Беларускага Палесся», 1910; «Бортніцтва на Беларусі», 1914, і інш.); вывучаў таксама побыт рускіх, украінцаў, палякаў, літоўцаў, татараў, народаў Каўказа. Выдаў зб-кі «Казкі і апавяданні беларусаў-палешукоў» (1911), «Казкі і апавяданні беларусаў з Слуцкага павета» (1926), «Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў» (1930). Захаваўся рукапісны зб. «Беларускія песні», у якім змешчаны 53 тэксты, запісаныя ў канцы 1890-х г. у Мазырскім пав. Рукапісныя зб-кі «Песні Магілёўшчыны» і этнагр. праца «Быт беларусаў» не захаваліся. У 1908 падрыхтаваў да друку зб. бел. прыказак з слоўнікам (збераглася частка рукапісу), за што атрымаў малы залаты медаль Аддзялення этнаграфіі РГТ, у 1912 — рукапісны зб. «Беларускія прыказкі і прымаўкі, запісаныя ў Мазырскім павеце». Вывучаў дыялекты бел. мовы («Граматычны нарыс беларускай гаворкі в. Чудзіна Слуцкага павета Мінскай губерні», 1911), падрыхтаваў да друку «Кароткі слоўнік беларускай дзіцячай мовы» (1919, не захаваўся). У час. «Чырвоны шлях» (1918) апублікаваў шэраг артыкулаў пра станаўленне бел. народнасці, пра паходжанне і сутнасць рэлігіі, а таксама серыю публіцыст. нарысаў (пад псеўд. Навум Смага) у рубрыцы «Малюнкі Беларусі», у якіх апісаў гаротнае жыццё бел. сялян у дарэв. час. Рукапісная спадчына С. зберагаецца ў Музеі этнаграфіі (С.-Пецярбург), Рус. музеі, Рас. АН (С.-Пецярбург), Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Бондарчик В.К., Федосик А.С. А.​К.​Сержпутовский. Мн., 1966;

Касько У.К. Святло далёкай зоркі. Мн., 1997.

У.​К.​Касько.

А.К.Сержпутоўскі.

т. 14, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРАБІ́СТЫКА,

комплекс гуманітарных навук, што вывучаюць гісторыю, мову, літаратуру і культуру араб. краін і народаў. Ва ўсх. краінах арабістыка зарадзілася ў 8 ст., у Зах. Еўропе ў 16 ст. ў перыяд актывізацыі гандл. і дыпламат. адносін з Усходам і пранікнення ў гэтыя рэгіёны місіянераў Ватыкана. У 17—18 ст. цэнтрамі арабістыкі сталі Рым, Парыж, Лейдэн.

Ням. арабіст 18 ст. І.​Я.​Рэйске выступаў за вывучэнне гісторыі і культуры Усходу не толькі з тэалагічнымі мэтамі, а і як часткі сусв. гісторыі і культуры. Праблемы грамадска-эканам. развіцця араб. краін сталі даследаваць у новы час (франц. вучоныя Ж.​Саважэ, Э.​Леві-Правансаль, К.​Каэн, ням. К.​Бекер, англ. Д.​Дэнет, Б.​Льюіс, Г.А.​Р.​Гіб, ізраільскія А.​Поляк, Д.​Айялон і інш.), а сац.-эканам. і паліт. гісторыю — у найноўшы час: К.​А.​Наліна, Э.​Росі (Італія), Г.​Кампфмеер (Германія), Ч.​Адамс, Дж.​Хейварт-Дэн, Ш.​Ісаві (ЗША), А.​Хаўрані, С.​Лонгрыг (Вялікабрытанія), Ж.​Берк (Францыя) і інш. У 1930-я г. працы па сярэдневяковай гісторыі арабаў апублікавалі Ф.​Хіці (ЗША), К.​Брокельман (Германія), араб. гісторыкі Рашыд аль Бараві, Абдарахман ар-Рафі, Мухамед Сабры, Джавад Ілі, Ібрахім Абдо, Р.​Хуры, аш-Шафіі, Каміл Айлд і інш. Новыя тэндэнцыі ў арабістыцы адлюстраваны ў 2-м выд. «Энцыклапедыі ісламу» (т. 1—3. Лейдэн; Парыж, 1954—69).

У Расіі арабістыка зарадзілася ў 19 ст. У яе развіцці актыўны ўдзел прымалі і беларусы. Бел. вучоны М.К.Баброўскі пасля падарожжа ў Зах. Еўропу (1817—22) зрабіў даклад пра араб. мовы і л-ры (надрукаваны ў час. «Вестник Европы»). Выпускнік Віленскага ун-та В.​І.​Сянкоўскі, здзейсніўшы ў 1819—21 навук. падарожжа ў Турцыю, Сірыю, Егіпет, прывёз цікавыя знаходкі, потым 25 гадоў загадваў кафедрай арабістыкі ў Пецярбургскім ун-це. Сав. школу арабістыкі ўзначальваў акад. І.Ю.Крачкоўскі. На Украіне ўсходазнаўствам і арабістыкай займаўся акад. А.Я.Крымскі (па бацьку з роду бел. татараў, што аселі ў Мсціславе, па маці — з дробнай шляхты з-пад Мінска). Бел. праф. У.​П.​Дзямідчык быў з 1954 арганізатарам арабістыкі ў Душанбінскім ун-це (Таджыкістан), дзе да 1987 узначальваў кафедру араб. філалогіі. На Беларусі пытанні вывучэння арабскіх краін распрацоўвае У.С.Кошалеў. Праблемы арабістыкі даследуюць у ін-тах Расійскай АН, Ін-це ўсходазнаўства ў Маскве, Ін-це Афрыкі і інш. навук. і н.-д. установах Расіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Германіі, у т. л. ва ун-тах Лейдэна, Парыжа, Оксфарда, Кембрыджа, Прагі, Рыма, Каіра, Багдада і інш.

Літ.:

Крачковский И.Ю. Очерки по истории русской арабистики. М.; Л., 1950;

Каверин В.А. О.​И.​Сенковский (Барон Брамбеус): Жизнь и деятельность // Собр. соч. М., 1966. Т. 6.

А.​Я.​Супрун.

т. 1, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМ, Аўтаномная Рэспубліка Крым. Размешчана на Крымскім п-ве, у складзе Украіны. Пл. 27 тыс. км². Нас. 2192,6 тыс. чал. (1995), гарадскога 70%. Сярэдняя шчыльн. 81 чал. на 1 км², найб. густа заселены ўзбярэжная і перадгорная часткі рэспублікі. Жывуць рускія (63,9%), украінцы (24,6%), крымскія татары, беларусы, яўрэі і інш. Сталіца — г. Сімферопаль. Найб. гарады: Севастопаль, Керч, Еўпаторыя, Ялта, Феадосія, Джанкой. Аб прыродзе гл. ў арт. Крымскі паўвостраў, Крымскія горы, Паўднёвы бераг Крыма.

Гісторыя. К. — адзін з найб. стараж. раёнаў засялення чалавекам Усх. Еўропы, тут выяўлены палеалітычныя стаянкі Кіік-Каба, Стараселле. З канца 2-га тыс. да н.э. ён заселены кімерыйцамі, у 1-м тыс. да н.э. — і таўрамі (адсюль яго стараж. назва Таўрыя), з 8—7 ст. да н.э. — скіфамі. У 6—5 ст. да н.э. на ўзбярэжжы К. стараж. грэкі заснавалі калоніі Феадосія, Керкінітыда (цяпер г. Еўпаторыя), Пантыкапей, Херсанес Таўрычаскі. Каля 480 да н.э. — 4 ст. н.э. ў раёне Керчанскага п-ва існавала Баспорская дзяржава. У 1-й пал. 3 ст. н.э. ў К. урываліся готы, у 375 — гуны. З 4—5 ст. адбывалася экспансія Візантыі. У 12—13 ст. населены грэкамі, армянамі, нашчадкамі аланаў, печанегаў і інш. У 13 ст. заваяваны манголамі і ўключаны ў Залатую Арду. З 1440-х г. існавала самаст. Крымскае ханства (з 1475 васал і саюзнік Асманскай імперыі). У 1687 і 1689 адбыліся паходы ў К. рас. войска на чале з кн. В.​В.​Галіцыным (яму дапамагалі ўкр. казакі пад кіраўніцтвам гетмана І.​Самайловіча, потым І.С.Мазепы). Правал паходаў стаў адной з гал. прычын падзення ў Расіі ўрада Соф ’і Аляксееўны — Галіцына. У ходзе рус.-тур. вайны 1768—74 заняты рас. войскамі. У 1783 далучаны да Расіі, тут засн. яе Чарнаморскі флот (з 19 ст. гал. база — г. Севастопаль). Асн. месца баёў у Крымскую вайну 1853—56. З 2-й пал. 19 ст. паўд. ўзбярэжжа К. выкарыстоўваецца як курортная зона. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 на з’ездзе мясц. татараў у Сімферопалі створаны пастаянны орган іх аўтаноміі — Цэнтр. выканаўчы к-т, падпарадкаваны Часоваму ўраду. Потым была створана Крымская рэспубліка, у снеж. 1917 у Бахчысараі на курултаі (з’ездзе) крымскіх татараў прынята канстытуцыя. Пасля заключэння Брэсцкага міру 1918 бальшавікі абвясцілі тут Таўрычаскую сав. рэспубліку, не прызнаную Германіяй. Яе войскі акупіравалі К. і ўтварылі крымскі ўрад на чале з ген. М.​Сулейманам Сулькевічам. У 1919—20 адзін з цэнтраў белагвардзейскага руху на чале з генераламі А.І.Дзянікіным, П.М.Урангелем. З 1921 у складзе РСФСР існавала Крымская аўтаномная сав. сацыяліст. рэспубліка. У 1941—44 К. акупіраваны ням.-фаш. і рум. войскамі, вызвалены ў выніку Крымскай аперацыі 1944. 20.5—1.7.1944 крымскія татары, абвінавачаныя ў супрацоўніцтве з немцамі, прымусова дэпартаваны ў Сярэднюю Азію (Узбекістан). У 1945 скасавана аўтаномія, К. стаў вобласцю РСФСР. У 1954 перададзены ў склад Украіны. Паводле канстытуцыі Украіны 1996 атрымаў статус аўт. рэспублікі. У студз. 1999 уступіла ў дзеянне канстытуцыя К.

Гаспадарка. Асн. галіна прам-сці — харчасмакавая (вінаробная, плодаагароднінакансервавая, эфіраалейная і інш.). Вінаробства (вытв-сць высакаякасных марачных і шампанскіх він) на прадпрыемствах у Ялце, Севастопалі, Алушце, Судаку, Феадосіі, Сімферопалі. Развіты перапрацоўка рыбы (Керч, Ялта, Еўпаторыя, Севастопаль), садавіны і агародніны (Сімферопаль, Джанкой, Бахчысарай, Севастопаль), вытв-сць ружавага, лавандавага, шалфейнага алеяў (Сімферопаль, Бахчысарай, Алушта, Судак, Ніжнягорскі), тытуню (Ялта, Сімферопаль, Феадосія), мясная, малочная і мукамольная галіны прам-сці. Камбікормавая прам-сць. Здабыча жал. руды (Камыш-Бурунскі жалезарудны камбінат у раёне г. Керч), прыроднага газу (п-аў Тарханкуцкі, Джанкой). На базе мясц. жал. руд працуе Керчанскі металургічны камбінат. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці буйнатанажных марскіх танкераў, суднарамонце (Керч, Севастопаль), вытв-сці абсталявання для харч. прам-сці, прылад (Севастопаль), тэлевізараў (Сімферопаль), трактарных прычэпаў (Джанкой), пад’ёмна-трансп. абсталявання (Феадосія). Хім. прам-сць працуе на солях Сіваша і ліманных азёр (Сакскі хім., Краснаперакопскі бромавы, Крымскі двухвокісу тытану і содавы з-ды). У Сімферопалі з-д пластмас і быт. хіміі. Прадпрыемствы лёгкай прам-сці вырабляюць трыкатаж, тканіны, абутак, скургалантарэю (Сімферопаль, Севастопаль, Феадосія, Керч, Бахчысарай). Вытв-сць сувеніраў. Пераважна на мясц. сыравіне працуе прам-сць буд. матэрыялаў (Феадосія, Севастопаль, Керч, Белагорск). Дрэваапр. з-ды ў Севастопалі, Бахчысараі. мэблевая ф-ка ў Феадосіі. Сімферопальская, Севастопальская і Камыш-Бурунская ДРЭС. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжа, вінаграду, садавіны, ягад, агародніны, малочна-мясной жывёлагадоўлі. Пасяўная пл, каля 0,5 млн. га, пераважна ў Стэпавым К., дзе значныя масівы арашальных зямель (гл. Паўночна-Крымскі канал). Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, ячмень, кукуруза, рыс), тэхн. (сланечнік, соя), кармавыя і агародніна-бахчавыя культуры, бульбу. Збор (тыс. т, 1995): збожжа — 1505, агародніны — 225, бульбы — 332. Асн. плошчы вінаграднікаў і садоў у перадгорнай і цэнтр. частках К. Эфіраалейныя культуры і тытунь вырошчваюць на паўд. узбярэжжы і ў перадгор’ях. У стэпавых раёнах жывёлагадоўля мяса-малочнага кірунку, у перадгор’ях — малочна-мяснога. Развіты птушкагадоўля, авечкагадоўля, свінагадоўля. Вытв-сць мяса ў 1995—93 тыс. т. Даўж. чыгунак 644 км. Гал. чыгункі Севастопаль—Сімферопаль—Джанкой, Краснаперакопск—Джанкой—Феадосія—Керч. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём каля 7 тыс. км. Тралейбусная лінія Сімферопаль—Ялта. Паромная пераправа звязвае Керч з Паўн. Каўказам. Марскія парты: Феадосія, Керч, Севастопаль, Ялта, Еўпаторыя. К. — адзін з буйнейшых курортных раёнаў Украіны. Курорты: Ялта, Алупка, Алушта, Гурзуф (Паўд. бераг К.), Феадосія, Еўпаторыя, Сакі; буйны цэнтр турызму.

Літ.:

Лукша У. Непаўторныя вобразы Крыма: Замалёўкі з натуры. [Маладзечна]. 1997;

Якобсон А.Л. Крым в средние века. М., 1973;

Кессельбреннер Г.Л. Крым: Страницы истории. М., 1994;

Крымская АССР (1921—1945). Симферополь, 1990;

Басов А.В. Крым в Великой Отечественной войне, 1941—1945. М., 1987;

Канапацкі І. 50-я ўгодкі гвалтоўнага выгнання татар з Крыма // Байрам. 1994. № 2;

Старченков Г. Превратности судьбы (Крым) // Азия и Африка сегодня. 1997. № 10.

Г.​С.​Смалякоў (гаспадарка).

Краявід каля ўзбярэжжа Крыма.

т. 8, с. 510

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)