БА́ЛЬНЫ ТА́НЕЦ,

танец, які выконваецца парай ці большай колькасцю ўдзельнікаў на танц. вечарах, балях; часта называецца бытавым танцам. Узнік у 15 ст. ў Італіі, потым пашырыўся ў Францыі (у 16—17 ст. была яго заканадаўцам). Напачатку не меў устаноўленай формы. Пераважалі т.зв. «нізкія танцы» (бас-данс), часта ў выглядзе шэсцяў у суправаджэнні спеваў і муз. інструментаў (лютні, флейты і інш.). Праз мастацтва жанглёраў і трувераў на балі пранікалі народныя танцы, прыстасаваныя да дварцовага этыкету. У 17 ст. бальны танец распаўсюдзіўся па ўсёй Еўропе. Папулярныя сталі бальныя танцы бурэ, гавот, алеманда, чакона, жыга, сарабанда, асабліва менуэт. На Беларусі з 17 ст. пры дварах магнатаў, у калегіумах былі вядомыя зах.-еўрап. прыдворныя танцы (павана, марэска, куранта). У 18 ст. з’явіліся больш свабодныя танцы: пасп’е, мюзет, рыгадон, контрданс, экасез, лендлер. Пасля франц. рэвалюцыі 1789—94 бальны танец страціў арыстакратычна-ўзнёслы характар. Пашырыліся танцы лансье, мазурка, паланэз, галоп, канкан, полька, з сярэдзіны 19 ст. найб. пашыраны вальс, непарыўна звязаны з творчасцю І.Ланера, бацькі і сына Штраусаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. пад уплывам музыкі краін Амерыкі ўзніклі тустэп, уанстэп, блюз, факстрот, квікстэп, чарльстон, румба, самба і інш. Для сучасных бальных танцаў уласціва імправізацыйнасць, зменлівасць танц. моды. Большасць бальных танцаў 2-й пал. 20 ст. маюць свабодную кампазіцыю (твіст, шэйк, рок-н-рол і інш.). У наш час захаваліся лепшыя танцы старой бальнай школы (падэграс, падэспань, падэ-труа), а таксама вальс, мазурка, танга, факстрот, павольны вальс, сіртакі, летка-енка і інш. Праводзяцца конкурсы на лепшае выкананне бальных танцаў па спец. праграме. На Беларусі існуе развітая сетка гурткоў, школ і студый бальных танцаў.

Літ.:

Ивановский Н.П. Бальный танец XVI—XIX вв. Л.;

М., 1948.

т. 2, с. 267

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНСА́МБЛЬ ТА́НЦА Мінскага клуба КІМ,

першы на Беларусі самадзейны маладзёжны харэаграфічны калектыў. Існаваў у 1926—30. Маст. кіраўнік К.Алексютовіч. У рэпертуары пастаўленыя ім нар. і сцэнічныя танцы (сцэн. варыянты традыц. бел. танцаў «Мікіта», «Лянок», «Казачок», «Лявоніха», «Крыжачок», «Мяцеліца», «Юрачка»), харэагр. карцінкі і сюжэтныя танцы сучаснай тэматыкі. Адыграў важную ролю ў справе далучэння прац. моладзі да маст. культуры.

Л.К.Алексютовіч.

т. 1, с. 377

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ператанцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; зак.

1. што. Станцаваць усё, многае. Ператанцаваць усе танцы.

2. каго. Патанцаваць даўжэй або станцаваць лепш за каго‑н. Ператанцаваць усіх.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

танцава́ць, -цу́ю, -цу́еш, -цу́е; -цу́й; незак.

1. што і без дап. Выконваць танец; умець выконваць танцы.

Т. вальс.

І Халімон танцуе, калі яму шанцуе (прыказка).

2. перан. Не стаяць на месцы, пераступаць з нагі на нагу (пра коней).

|| зак. станцава́ць, -цу́ю, -цу́еш, -цу́е; -цу́й; -цава́ны (да 1 знач.).

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

жэтэ́

(фр. jeter = кідаць)

рух з кідком нагі ў класічным танцы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ба́льны 1, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да балю. Бальныя танцы. Бальнае плацце.

ба́льны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да бала ​1. Бальная сістэма ацэнкі ведаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

пассо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Ссунуць усё, многае або ўсіх, многіх. Канцэрт скончыўся. Хлопцы хуценька пассоўвалі да сцен крэслы і расчысцілі месца, пачаліся танцы. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

НАРО́ДНЫ ТА́НЕЦ, харэаграфічны фальклор,

адзін з найб. стараж. відаў народнай творчасці. З’яўляецца першакрыніцай сцэнічнага танца, асновай нац. харэаграфічнага стылю. Непарыўна звязаны з інш. відамі мастацтва, гал. чынам з музыкай. У пластычнай форме адлюстроўвае ўражанні ад навакольнага свету, жыццё, побыт і прац. дзейнасць народа, увасабляе яго нац. характар, спосаб вобразнага мыслення.

Узнікненне Н.т. звязана з нар. абрадамі (цэйлонскі танец агню, нарв. танец з факеламі, слав. карагоды). Паступова Н.т. адыходзіў ад абрадавых дзействаў, набываў новы змест. У залежнасці ад спосабу жыцця пэўных народаў танцы перадавалі характар і звычкі звяроў ці птушак (танец бізона ў паўн.-амер. індзейцаў, якуцкі танец мядзведзя, кіт., індыйскі — паўліна, славянскія — «Журавель», «Гусачок»), рухі і прыёмы сял. (лат. танец жняцоў, гуцульскі — дрывасекаў, эст. — шаўцоў), рамеснай і фабр. (укр. «Бондар», ням. танец шкловыдзімальшчыкаў) працы. Н.т. часта адлюстроўваюць воінскі дух, адвагу, гераізм («пірычныя» танцы стараж. грэкаў, шатл. танец з мячамі) Шмат Н.т. прысвечана тэме кахання, павагі да жанчыны (славянскія кадрыля, мазурка, груз. картулі). У кожнага народа склаліся свае танц. традыцыі, пластычная мова, асаблівая каардынацыя рухаў і прыёмы іх суадносін з музыкай. Танцы народаў Зах. Еўропы засн. на руху ног (рукі і корпус — акампанемент), Сярэдняй Азіі і Усходу — на пластыцы рук і корпуса. Аснова Н.т. — рытмічны пачатак, што падкрэсліваецца танцорам. Характар выканання ў значнай ступені залежыць ад касцюма.

Вытокі нар. харэаграфічнага мастацтва беларусаў у культуры ўсх.-слав. плямён. Харэаграфічныя элементы, цесна злітыя са спевамі, музыкай, драм. дзеяннем, займалі значнае месца ў стараж. абрадах і гульнях (абход двароў з «казой», «Жаніцьба Цярэшкі», святкаванне Купалля, вяселле і інш.), якія бытавалі да сярэдзіны 20 ст. (некат. існуюць і цяпер). Вял. значэнне ў Н.т. мелі выяўл. моманты — імітацыя прац. працэсаў, рухаў і звычак птушак, жывёл, з’яў прыроды. Найб. стараж. від мастацтва — карагод. У 14—16 ст. з карагодаў паступова выкрышталізаваліся танцы. Асн. рысы Н.т. — вылучэнне пластыкі, руху як асн. сродку выразнасці, інстр. суправаджэнне, замацаванасць і паўторнасць фігур. Бел. Н.т. («Лявоніха», «Мяцеліца», «Падушачка», «Крыжачок», «Мікіта», «Кабыла», «Каза», «Бычок», «Таўкачыкі» і інш.) разнастайныя тэматычна, кампазіцыйна, па рытме і малюнку, жыццярадасныя па настроі. Пераважаюць парна-масавыя танцы (ёсць і сольныя варыянты). Жаночы танец істотна не адрозніваецца ад мужчынскага. У 19 ст. пачаўся працэс асіміляцыі традыц. фальклору з танц. формамі полькі, кадрылі, інш. тыпамі гар. танца. На пач. 20 ст. пашырыліся новыя бальныя і быт. танцы, фальклор гар. ускраін. Стараж. пласт Н.т. абнаўляўся, сталі пераважаць танцы, сканструяваныя па стандартах. Развіваецца імправізацыйны сольна-масавы танец, калі ўдзельнік танцуе адзін або сярод усіх, свабодна імправізуючы («Казачок», «Скакуха», «Барыня» і інш.). Узнікла значная колькасць танцаў-імправізацый: «Сербіянка», «Сямёнаўна», «Страданні» і інш. Часта яны суправаджаюцца прыпеўкамі-частушкамі. Н.т. стаў асновай сцэнічных танцаў, творчых пошукаў Дзярж. ансамбля танца Рэспублікі Беларусь, танц. групы Дзярж. акад. нар. хору Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля «Белыя росы» і інш.

Літ.:

Голейзовский К. Образы русской народной хореографии. М., 1964;

Ткаченко Т.С. Народный танец. М., 1967;

Чурко Ю.М. Белорусский народный танец. Мн.. 1972;

Яе ж. Белорусский хореографический фольклор. Мн., 1990;

Гребенщиков С.М. Белорусские танцы. Мн., 1978;

Алексютович Л.К. Белорусские народные танцы, хороводы, игры. Мн., 1978.

Ю.М.Чурко.

Да арт. Народны танцы: 1 — карагод «Страла»; 2 — «Беларуская полька»; 3 — «Каза».

т. 11, с. 180

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Музы́кітанцы’, ’вечарынка з музыкай’, ’вячоркі з танцамі’ (ТСБМ, Мат. Гом., ТС, Сцяц.). Ад музы́ка ’музыкант’, якое, паводле польск. muzyk, з лац. mūsicus ’тс’. Да му́зыка (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

in time

а) неўзаба́ве

б) до́сыць ху́тка

в) у такт (у му́зыцы, та́нцы)

Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)