Му́зыка ’галіна мастацтва’, ’твор або сукупнасць музычных твораў’, ’выкананне і гучанне музычных твораў на інструментах’, ’музычны інструмент’, драг. ’танцы’ (ТСБМ, Гарэц., Яруш., Бяльк., Лучыц-Федарэц), музы́ка ’музыкант’, ’скамарох’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Гарэц., Яруш., Касп., Шат., Бяльк.; Нік. Очерки, 2; Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТС), ст.-бел. музыка, музика, музыкъ ’музыка’ (1565 г.) запазычана са ст.-польск. muzyk ’тс’, muzyka ’музычны інструмент’, якія з лац. mūsicus ’музычны; музыкант; паэт’, mūsica ’мастацтва Муз’, ’музыка, музычнае мастацтва’ < ст.-грэч. μουσικός ’які належыць Музам’, ’музыкант’, ’мастацкі, паэтычны, адукаваны’ (Булыка, Лекс. запазыч., 159 і 161). У ст.-рус. мове лексема мусикия, мусикиа ’музыка’, ’спевы’, ’музычны інструмент’, ’музыкант-жанчына’ з XII ст. (Фасмер, 3, 6). Гл. таксама Краўчук (Праблемы філал., 60), Маргаран (ЭИРЯ, 4, 1968, 90–94).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)