ВІТАМІ́ННЫЯ КАРМЫ́,

раслінныя і жывёльныя кармы з павышанай колькасцю вітамінаў або правітамінаў. Асабліва багатая вітамінамі маладая зялёная трава. Асн. кармавыя крыніцы вітамінаў: вітаміну A — малодзіва, малако, маслёнка, сыроватка, тварог; вітаміну D — сена сонечнай сушкі, сянаж, сілас, закладзеныя ў сонечнае надвор’е, малодзіва, малако, мука рыбная; вітаміну E — зялёныя і травяністыя кармы, прарослае зерне, вотруб’е пшанічнае; вітаміну K — лісце зялёных раслін, травяністыя кармы, бацвінне караняплодаў, водарасці; вітамінаў групы B — зялёныя расліны, добрае сена, зерневыя кармы, вотруб’е, кармавыя дрожджы, травяная мука бабовых, мука рыбная, макуха і шроты, малочныя кармы, зерне бабовых і злакаў, кармы жывёльнага паходжання; вітаміну C — маладыя зялёныя расліны, коранеклубняплоды. Багатая крыніца вітамінных кармоў — абагачаныя вітамінамі камбікармы, бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі і прэміксы.

т. 4, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кукуру́за ж. Mais m -es;

пача́так кукуру́зы Máiskolben m -s, -;

кукуру́за на зе́рне Körnermais m;

кукуру́за на сі́лас Sílomais m;

выро́шчванне кукуру́зы Máisanbau m -(e)s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

РАСЛІ́ННЫЯ КАРМЫ́,

прадукты расліннага паходжання, якія выкарыстоўваюць для кармлення с.-г. жывёл. Паводле паходжання і спосабу прыгатавання падзяляюцца на: зялёныя (сеяныя зялёныя культуры, кармавыя травы натуральных угоддзяў, бацвінне); зялёныя кансерваваныя (сілас, сянаж); сушаныя травяністыя (сена, сенная мука, травяныя гранулы і брыкеты); коранеклубняплоды, сакаўныя плады (бурак, бручка, морква, бульба, кавун, кабачок) і прадукты іх перапрацоўкі (жамерыны, мелес, брага, мязга); зерне (суцэльнае, драблёнае, плюшчанае) і прадукты яго перапрацоўкі (вотруб’е, піўная шраіна, шрот, макуха); адходы паляводства (салома, мякіна, стрыжні кукурузных пачаткаў, кошыкі сланечніку); драўняныя (галіны, лісце, кармавая цэлюлоза) і інш. Адрозніваюцца высокай колькасцю цукру (у цукр. бураках да 20%), крухмалу (у пладах, клубнях да 70%), цэлюлозы (у сене да 30%, саломе да 70%), пратэіну (у зернебабовых да 30%, у макусе да 40%), вітамінаў А і групы В; менш тлушчаў (у зерні да 6%, зялёнай масе да 1%, найб. у насенні алейных культур — да 40%).

т. 13, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сы́расць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць сырога (у 1 знач.).

2. Лішак вільгаці дзе‑н.; павышаная вільготнасць (у паветры, глебе). Блізка, адразу ж за поплавам, бярэзнік. Адтуль цягне прыемнай сырасцю. Каршукоў. Але чаго баяцца сырасці, калі ёсць шынель, калі ў клунку ёсць нават посцілка. Кулакоўскі. // Вільготнае месца, пляма.

3. Што‑н. сырое, вільготнае. [Калгаснікі:] — Па сілас у Сялібу ездзім. За тры вярсты, смеху варта, сырасць такую возім. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́ЯВА (Iowa),

штат у цэнтральнай частцы ЗША. Пл. 145,75 тыс. км². Нас. 2814 тыс. чал. (1993), гарадскога каля 60%. Адм. цэнтр — Дэ-Мойн. Буйныя гарады Сідар-Рапідс і Давенпарт. Паверхня — узгорыстая раўніна сярэдняй выш. 400—500 м са слядамі зледзянення. Клімат цёплы, умерана кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. ад -10 да -6 °C, ліп. 23 °C, ападкаў 700—890 мм за год. Гал. рэкі Місісіпі з прытокамі Сідар, Аява, Дэ-Мойн і Місуры. Пераважаюць прэрыі з урадлівымі глебамі, пад лесам каля 7% тэрыторыі. Вядучы сектар эканомікі — апрацоўчая прам-сць: вытв-сць с.-г. Машын, халадзільнага абсталявання, электроннай тэхнікі, быт. электрапрылад, аўтапрылад, мінер. угнаенняў, хім. і дрэваапр. прадпрыемствы і інш. Здабыча буд. каменю, цэментнай сыравіны, пяску і жвіру. Аява — адзін з гал. штатаў па вытв-сці с.-г. прадукцыі. Вырошчваюць кукурузу на зерне і сілас, сою, авёс, сеяныя травы. Гадуюць свіней, авечак, хатнюю птушку. Адкорм буйн. раг. жывёлы. Развітая сетка шляхоў зносін. Суднаходства па рэках Місісіпі і Місуры. Турызм.

М.​С.​Вайтовіч.

т. 2, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВЕБЕ́К (англ. Quebec, франц. Québec),

правінцыя на У Канады. Пл. 1540,7 тыс. км². Нас. 7143 тыс. чал. (1992); пераважна франка-канадцы. Адм. ц. — г. Квебек. Займае б. ч. п-ва Лабрадор, на Пд даліна р. Св. Лаўрэнція і паўн. адгор’і Апалачаў. Сярэдняя т-ра студз. ад -24 °C на Пн да -10 °C на Пд, ліп. адпаведна ад 11 °C да 21 °C. На Пн — тундра, у цэнтры і на Пд — хвойныя лясы. Развіта горназдабыўная прам-сць. Здабываюць жал. руду, медзь, поліметалы, золата, серабро, нікель, азбест (каля 90% здабычы азбесту ў краіне). Амаль усю электраэнергію даюць ГЭС на парожыстых рэках. Апрацоўчая прам-сць дае каля 1/3 кошту прамысл. прадукцыі правінцыі, сканцэнтравана гал. ч. на Пд. Развіты цэлюлозна-папяровая і алюмініевая прам-сць, перапрацоўка нафты, машынабудаванне, тэкст., швейная, футравая, гарбарна-абутковая, харч. прам-сць. Асн. галіна сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля. Птушкагадоўля. Пасевы кармавых траў, кукурузы (на сілас), аўсу, бульбы. Рыбалоўства. Гал. прамысл. цэнтры і парты — Манрэаль і Квебек.

т. 8, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАПА́Р, папарнае поле,

поле севазвароту, якое ўвесь вегетацыйны перыяд або частку яго застаецца незасеяным і неаднаразова апрацоўваецца для ачысткі глебы ад пустазелля і ўтрымання вільгаці. Папарная сістэма земляробства склалася ў эпоху феадалізму, замяніўшы лядную і лесапольную сістэмы трохпольнай (П., азімыя, яравыя). П. выкарыстоўваецца пераважна пад азімыя жыта і пшаніцу. Бывае чысты і заняты. Чысты П. — чорны (зяблевая апрацоўка ўгноенай глебы вядзецца ўвосень) і ранні (асн. апрацоўка вясною) — найчасцей выкарыстоўваюць у засушлівых раёнах. У нечарназёмнай зоне чысты П. пакідаюць на ўчастках з вял. колькасцю шматгадовага пустазелля. У інтэнсіўным земляробстве найб. эфектыўны заняты П., калі першую палавіну лета вырошчваюць культуры з кароткім вегет. перыядам (прапашныя, віка-аўсяная сумесь, кукуруза на сілас, кармавы лубін, канюшына і інш.), якія ўбіраюць за 3—4 тыдні да сяўбы азімых раслін. Сідэральны П. (разнавіднасць занятага П.) паляпшае якасць бедных, пераважна пясчаных і супясчаных глеб. Ён менш эфектыўны, чым П., заняты культурамі на кармы. На папарным полі вырошчваюць культуры (лубін і інш.), якія заворваюць на зялёнае ўгнаенне. Гл. таксама Сістэма земляробства.

У.​П.​Пярэднеў.

т. 12, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВЕ́ЧКА свойская, парнакапытная жвачная жывёла роду бараноў сям. пустарогіх. Аб’ект авечкагадоўлі. Паходзіць ад дзікіх горных бараноў (муфлонаў і архараў), прыручаных больш як 8 тыс. гадоў назад. На тэр. Беларусі вядома больш за 1000 гадоў. Дае каштоўную сыравіну (воўну, смушак, аўчыну) і прадукты (мяса, лой, малако). У свеце больш за 600 парод і генетычна адасобленых груп авечак. Па якасці воўны адрозніваюць танкарунныя, паўтанкарунныя, паўгрубашэрсныя і грубашэрсныя пароды авечак; паводле экстэр’еру — каротка- і доўгахудахвостыя, каротка- і доўгатлустахвостыя, курдзючныя; паводле прадукцыйнасці і вытв. кірунку — смушкавыя, аўчынна-футравыя, мяса-воўнавыя і мяса-воўна-малочныя. У гаспадарках Беларусі найбольш пашыраны пароды прэкас, латвійская цёмнагаловая, раманаўская.

Масць авечкі белая, чорная, рыжая, шэрая. Вышыня ў карку 55—100 см, даўж. цела 60—110 см. У самцоў звычайна развітыя, спіральна выгнутыя рогі, маткі бязрогія або з невялікімі рагамі. Авечка жыве 12—15 гадоў, тэрмін гасп. выкарыстання 6—8 гадоў. Плоднасць 1—2 ягнят за акот. Выхад чыстай воўны 30—75%, малочнасць матак 50—100 кг. Дарослыя бараны важаць 60—180, маткі — 35—110 кт. Забойны выхад 45—60%. Асн. кармы для авечкі — трава з прыроднай і сеянай пашы, сена, яравая салома, сілас і канцэнтраты.

т. 1, с. 62

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛАНЕ́ЧНІК (Helianthus),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 70 (паводле інш. звестак да 110) відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. і Паўн. Амерыцы. Культывуюцца С. алейны, або аднагадовы (H. annuus), і тапінамбур. У пач. 16 ст. С. завезены ў Еўропу, дзе яго вырошчвалі як дэкар., а пазней агароднінную (насенне) культуру; у Расіі — з канца 17, як алейная — з сярэдзіны 19 ст. На Беларусі вырошчваюць С. алейны як харч., кармавую, меданосную расліну.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты (выш. ад 20 см да 4—6 м) з простымі ці разгалінаванымі ўверсе сцёбламі.

Лісце чаргаванае або супраціўнае, зубчастае, апушанае, чаранковае. Суквецці — адзіночныя кошыкі на верхавінках сцябла і яго бакавых галінак, дыяметрам 4—70 см, маюць да J тыс. кветак. Шэрагу відаў С. ўласцівы геліятрапізм (асобны выпадак фотатрапізму). Плод — сямянка. З насення С. алейнага атрымліваюць сланечнікавы алей, макуха і шрот — высокабялковы корм для жывёл, кошыкі суквеццяў перапрацоўваюцца на муку, разам з зялёнай масай ідуць на сілас. Харч., лек., тэхн., дэкар., кармавыя, меданосныя расліны.

А.​М.​Скуратовіч.

Сланечнік: 1 — агульны выгляд: 2 — спелы кошык; 3 — кошык у разрэзе; 4 — плады сланечніку (а — алейнага; б — прамежкавага; в — грызавога).

т. 14, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

загрузі́ць, ‑гружу, ‑грузіш, ‑грузіць; зак., каго-што.

1. Напоўніць грузам; нагрузіць. Загрузіць машыну мяшкамі. // Заняць, заваліць, запоўніць чым‑н. Загрузіць стол кнігамі. □ Усю зіму возяць туды [на рум] калоды і павязуць іх, бывала, столькі, што загрузяць увесь бераг. Колас.

2. перан. Разм. Забяспечыць работай у патрэбнай колькасці. Загрузіць трактары на поўную змену. / Пра чалавека. — Ты не ўяўляеш, як загрузяць цябе, калі тут аграномы, няхай і з сярэдняй адукацыяй, цэняцца, як золата. Хадкевіч.

3. Закласці, засыпаць куды‑н., у што‑н. Загрузіць вугаль у топку. Загрузіць сілас у яму. Загрузіць лён у мачулішча.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)