Прыва́рак, пры́ва́рок ’гатаваная страва; прадукты харчавання, якія ідуць на прыгатаванне стравы; заправа, якая дадаецца да галоўных прадуктаў пры гатаванні гарачых страў; прыкраса’ (Нас., Янк. 2, Касп., Бяльк., ТСБМ, Ян.; петрык., Шатал.; ашм., Стан.; ТС), ’вадкая, пераважна прэсная страва, якая варыцца ў дадатак да асноўнае; ’мука; мука з ячменю і грэчкі; крупы; бабовыя’, прыва́ркі ’агародніна’ (Нар. лекс., Сл. ПЗБ), прыва́р ’крупы і мука розных гатункаў’ (Нік. Очерки), прыва́рак ’мука з (абдзёртага) ячменю’ (Др.-Падб.; полац., Янк. 2), прыва́ркавая, прыварко́вая, прыворко́ва, прыва́рашная (мука) ’тс’ (Інстр. 3, Сл. ПЗБ, ЛА, 4), прыварко́вая (мука) ’з ячменю і грэчкі’, прыва́ркавая (мука) ’з сумесі зерняў розных культур’ (Др.-Падб., Нар. лекс., ЛА, 4), прыва́ркавы ’які дадаецца да звычайнай стравы’ (Нас.). Прывары́ць ’зварыць яшчэ, у дадатак да ўжо зваранага’ (ТСБМ), ’згатаваць страву, якая хутка варыцца; моцна сцебануць, хваснуць’ (Янк. 3.), ’паварыць некаторы час’ (лід., Сл. ПЗБ), перан. ’прываражыць, прычараваць’ (ТС). Да вары́ць1 (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лу́заць ’гаварыць’ (маладз., Янк. Мат.), ’назаляць словамі, набрыдаць’ (КЭС, лаг.), рус. пск., цвяр. лузжа́ть ’уніжана прасіць’, лузга́ ’дакучлівы чалавек, папрашайка’. Сюды ж, відаць, і серб.-харв. lȕzati ’гаварыць многа і пры гэтым выбалбатаць праўду’, lȕzav, lȕzavec ’пустамеля, лапатун’. Балтызм. Параўн. літ. lū́dzoti, лат. lūdzīt, lūgt ’прасіць, вымольваць’, lūdzejs, ludzošs ’той, хто вымольвае, выкленчвае, выпрошвае’, lūdzu! ’калі ласка’. Гэтак жа і Лаўчутэ (Сл. балт., 119). Скок (2, 333) суадносіць серб.-харв. лексемы з (класічным) лац. ludere, якое з lūdus ’гульня’ — не зусім пераканаўча.

Луза́ць ’біць, караць’ (Янк. 1, Мат. Гом.), лузану́ць ’секануць’ (жлоб., Мат. Гом.), ’сцебануць’, ’пайсці (пра дождж)’ (Ян.), лузану́цца, лу́знуцца ’моцна стукнуцца, ударыцца’, лу́знуць ’стукнуць’ (клец., Жыв. сл.; ТС). Рус. пск. лузжи́ть ’біць’, цвяр. лу́знуть ’дзюбнуць, выпіць віна’, ’сцебануць’; пск., цвяр. лу́знуться ’паслізнуцца і ўпасці; моцна ўдарыцца’, лызга́ть ’слізгацца па снезе, катацца на каньках’, тамб. слы́зить, слызну́ть ’злякацца’, рус. лызгону́ть ’даць лататы’, ’вышмыгнуць’; ст.-чэш. lyziti sě ’ўсміхацца’, валаш. lyziť sa ’прыдуркавата смяяцца’, lizoniť sa ’вышчэрвацца’, славац. luznuť ’ударыць па твары’, ’даць у вуха’, ’наступіць’, luzniť sa ’песціць’; серб. ц.-слав. лузгати ’жаваць’, серб.-харв. (жаргоннае) і макед. luzati ’біць, валіць’, балг. лу́згам ’штурхаю’, пірдопск. лу́згам, лу́скам, лу́зна ’б’ю, мучу’, хаскоўск. лузгъм съ, лу́знъ ’катаюсь’, лъ́згам се ’катаюсь на санках або на нагах’, радоп. лизгам са, лизгна са ’тс’. Сюды ж і бел. лузаць ’разгрызаючы, ачышчаць ад шалупін і есці, лушчыць’ (ТСБМ, Шат., Янк. 1, Мат. Гом.), ’лушчыць (гарох, фасоль’), ’чысціць’ (Ян.; калінк., Сл. ПЗБ). Укр. луза́ти і лузга́ти, луза́ть ’лушчыць’, луза́тися ’лушчыцца’, лузга́ ’шалупінне’, зах. лу́зати ’здабываць насенне, гарох і да таго пад.’; рус. арл., ленінгр. лузжи́ть ’лузаць, лушчыць’, зах.-бран., кур. луза́ть ’тс’. Усх.-слав. дыялектны дублет да лузга́ць (гл.). Уваходзяць у групу слоў з рухомым зыходным элементам: luzg‑/lyzg‑/lusk‑/lysk‑/lušp‑/lusp‑ з агульным значэннем ’лушчыць, знімаць скуру (кару)’ і з пашыральнікамі кораня ‑z‑/‑zg‑/‑sk‑/‑sp. Іх семантычная мадэль на славянскім моўным арэале характарызуецца наступным наборам значэнняў: ’біць, ударыць, сцябаць’ — ’лупіць, лушчыць, здзіраць, ачышчаць ад шалупін’ — ’луска’ — ’жэрці, жлукціць’ — ’коўзацца’ — ’шмыгнуць, знікаць’ — ’усміхацца’ (Куркіна, Этимология–72, 68–73). Слав. luzg‑/lusk‑ адпавядаюць літ. láužti ’ламаць’, lū́žti ’разбівацца, ламацца’, lū̃žis ’расколіна, трэшчына’, lusnà ’шалупінне’, nu‑lùzgęs, lùzgis ’абадранец’, lùzgana ’лупіна’, лат. laûzt ’ламаць’, laûska ’абломкі’ (Махэк₂, 345; Фасмер, 2, 530; Слаўскі, 5, 374–377; БЕР, 3, 492–493; Скок, 2, 333).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Вірга́цца ’брыкацца (пра коней)’ (зэльв., Сцяц.). Укр. вергати(ся) ’кідацца, шпурляцца’ < вере́чи, вергу, рус. вергать ’тс’, польск. wierzgać ’брыкаць’, wirgać ’тс’; ’перакульвацца’, н.-луж. wjergaś ’кідаць(ца), шпурляцца’, в.-луж. wjerhać ’шпурляць, рваць’, wjerhać so ’змагацца’, чэш. vrhati (se) ’кідаць(ца)’, ст.-чэш. vrci (vrhu), славац. vrhať (sa) ’тс’, славен. vrẹ́ci, серб.-харв. вр̏ћи (вр̏гнем//вр̏жем), вp̏ћ, харв.-кайк. vreći ’тс’, макед. врска ’сцёбаць’, врснесцебануць’, балг. въргам ’кінуць’, ст.-слав. врѣшти, врѣщи, врьгѫ ’тс’. Прасл. vьrgǫ, vьrgati ’штурхаць, кідаць’. Ст.-слав. изврагъ ’ізгой’ з’яўляецца другой ступенню чаргавання кораня vorg‑ < і.-е. кораня *u̯reg‑/*u̯erg‑ ’гнаць’ (параўн. літ. var̃gas ’бяда, патрэба, нястача’, гоц. wrikan ’праследаваць’, ст.-англ. wrecan ’гнаць, помсціцца’, ням. rächen ’помсціць’, лац. urgeo ’цясніць, штурхаць, гнаць’). У слав. мовах маецца і рэдукаваны корань vьrgati (Трубачоў, История терм., 176–177; Мартынаў, Лекс. взаим., 153–155). Гл. таксама Праабражэнскі, 1, 73; Фік, 1, 549; Вальдэ, 821; Траўтман, 361; Міклашыч, 383; Голуб-Копечны, 423; Брукнер, 618; Махэк₂, 700; Фасмер, 1, 294–295; Скок, 3, 621. Младэнаў (667) збліжае лексему з ням. Werk ’работа, справа’, wirken ’дзейнічаць’; ’ткаць’. Каралюнас (ZfSl, 2, 1974, 203–206) адносіць сюды літ. vérgti ’гнаць у рабства, рабіць рабом’, vérgas, ver̃gas ’раб’, лат. ver̂gs, vḕrgs ’тс’. Бел.-польск. семантычная ізалекса.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сцяба́ць і сцёбаць ’біць чым-небудзь гнуткім; хвастаць’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Растарг., Чач., Шат., Байк. і Некр., Сл. ПЗБ), сцяба́ць ’вастрыць мянташкай касу’ (Варл., Гіл.), ’шыць шырокімі шыўкамі’ (Варл.), сцёбаць жыта ’малаціць акалотам’ (лаг., Стан.), сцёб ’хлоп! (удар бізуном)’ (Нас., Байк. і Некр.), сцёб, сцёбка ’пакаранне розгамі’ (Нас.), сцебену́цьсцебануць’ (ТС), сцяба́чка ’вострая каса’ (Сцяшк.), ’самаробны брусок вастрыць касу’ (Касп.; докш., Янк. Мат.; мядз., Сл. ПЗБ). Укр. сті́бати ’шыць, прашываць’, стьоба́ти ’сцябаць, біць, хвастаць’, рус. стеба́ть ’шыць, прашываць’, ’аплятаць’, ’упісваць, есці’, ’біць, хвастаць’, стёбка ’прут’, польск. ściebać ’нізаць’. Пэўнай этымалогіі няма. Зубаты (у Фасмера, 3, 750), Праабражэнскі (2, 377–378) меркавалі аб роднасці з рус. стебель ’сцябло’. Паводле Зяленіна (у Фасмера, там жа), слова паходзіць са стега́ть ’прашываць; біць, хвастаць’; ‑б‑ з’явілася пад уплывам стебель. Супраць гэтых версій Ільінскі (ИОРЯС, 23, 7, 176 і наст.), які набліжаў да ням. Steppen ’прашываць’, Stift ’стрыжань’ і лац. stipo, ‑āre ’сціскаць, звальваць разам’, што не адпавядае ‑e‑ ў корані слова. Параўноўвалі таксама з літ. stem̃bti ’мацнець’, stabýti ’спыняць’, ст.-інд. stabnā́ti ’падпірае, затрымлівае’, авест. stəmbana‑ ’апора’ (Уленбек, 343). На думку Груненталя (ИОРЯС, 18, 4, 136), значэнні ’шыць, прашываць’ і ’біць; хвастаць’ маглі развіцца з ’калоць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў (Этимология–1984, 192), які прыводзіць дакладна адпаведнае славянскаму слову лат. stibát ’сцябаць, хвастаць’. Гл. ЕСУМ, 5, 418.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Лы́га1 ’лгун, брахун’ (гародокск., Нар. лекс.), ’п’яніца, дармаед, бывалы чалавек’ (Федар. 4), лыга́ч, лы́гма, лыгу́н, лыгма́р ’ілгун’ (шчуч., Сл. ПЗБ; Сцяшк.; Сцяшк.; Сл. паўн.-зах., КЭС), ’памаўза, шкоднік’ (ТС), лыгаць ’ілгаць’ (лід., карэліц., Сл. ПЗБ), ’маніць, гаварыць няпраўду’ (Сцяшк.), лы́жы ’хлуслівы’ (шчуч., Сл. ПЗБ). Рус. лы́га, лыга́н ’манюка’, ст.-рус. лыжа ’памылковая звестка’ (пач. XVII ст.), рус. лыга́ть, польск. łygać, каш. ləgác, славац. lyhať ’тс’, ц.-слав. облыгати ’абчарняць’. Прасл. lygati — ітэратыў з падаўжэннем вакалізму кораня ад lъgati > ілга́ць (гл.).

Лы́га2 ў выразе лыгу даць ’уцячы’ (Грыг.), ’лытка’ (петрык., Мат. Гом.), ’нага’ (капыл., Жыв. сл.; карэліц., Сцяшк. Сл.), лыгі ’ногі’ (навагр., Нар. словатв.), лы́гі ’тс’ (ТС), ’доўгія ногі’ (Бір. Дзярж.), лы́гі ’тоўстыя ногі’ (Шат.), ’доўгія, тонкія ногі’ (Янк. 3.; клец., Нар. лекс.), лы́гаць ’павольна ісці’ (ТС), ’бадзяцца’, ’дарэмна траціць час’ (Шпіл.), лы́гацца ’часта хадзіць або ездзіць туды-сюды’ (стаўб., Нар. сл.), Рус. пск., цвяр. лы́ку даць ’уцячы’, укр. ли́ги дати ’пабегчы’, лигону́ти ’спешна пабегчы’, рус. уладз., валаг. лыды ’доўгія ногі’, варон. ’ногі’, урал., перм. лыдка — ’даўганогі чалавек’, польск. łyda < łydka ’лытка’, славац. lida ’сцягно’. Паўн.-слав. lyda (Слаўскі, 5, 388) з менай д > г пад уплывам лексемы нага́. З прычыны экспрэсіўнасці ў некаторых гаворках г > ґ. Да лы́тка (гл.). Сюды ж лыгнуць ’выцяць, сцебануць’ (Бяльк.).

Лы́га3 ’віка’ (Жд. 1, Касп., Сл. Эп.-Шып.; маладз., Шчарб.; зэльв., Жыв. сл.), ’сумесь вікі і гароху, пасеяныя на корм жывёле’ (Сцяшк. Сл.). Польск. радзынск., падляш. łyga ’дзікі гарошак’, люблінск. łužyšýńi ’парасткі гароху’. З ві́ка > вы́ка > выґа > łyga > лыгa.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

секану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., аднакр.

1. Моцна, з размаху ўдарыць якім‑н. вострым прадметам, зброяй. Мы [партызаны] далі залп, выскачылі на дарогу і яшчэ далі залп. Коннікі завярнуліся і паімчаліся назад. І адзін з іх секануў шашкай нашага хлопца. Чорны. Яўхім некалькі разоў спрытна секануў, і корч разляцеўся напалам. Гурскі. // Рэзка, хутка махнуць чым‑н. у паветры. Гаруноў рэзка секануў рукою паветра. Дуброўскі.

2. Разм. Раптоўна хлынуць (пра дождж, град і пад.). Вера не ўпарцілася, бо пакуль яны гаварылі і смяяліся, пасунулася хмара і секануў дождж, адразу імклівы, спорны. Сачанка.

3. Выстраліць кароткай чаргой са зброі па нечым. — Федзя, секані з кулямёта, пагрэй.. [фашыстаў], — папрасіў Анатоль. Федасеенка. // Застукаць, забарабаніць (аб кулях). Раптам, як парывісты дажджавы шквал па шыбах, па дрэвах секанулі разрыўныя кулі, здавалася, што вораг страляе ўжо зусім блізка, побач з зямлянкай. Няхай.

4. перан. Разм. Рэзка сказаць, адказаць са злосцю. Секануць цябе без дай прычыны Слоўцам у трамвайнай ціскатні — І зямля хіснецца прад вачыма, Пачарнее сонца ў вышыні. Макаль. — А дзе ваш Анатоль цяпер? — секануў.. [Назарэўскі], не зводзячы вачэй з жанчыны. Чорны. Людзі з гэтай яго прагнасці да кар’еры кпілі, і калі толькі заводзілася гаворка пра Андрэя, таго і чакай, што хто-небудзь секане напрамкі: «А-а, Завацкага хлебам не кармі — толькі дай лейцы ў рукі». Ваданосаў. // Зрабіць што‑н. нечакана, рэзка, імгненна. Але Федзя сам павярнуў да іх, секануў святлом Івану ў твар, слізгануў па Веры зверху ўніз і зноў засвяціў на Івана. Кудравец.

5. Разм. Пякуча ўджаліць, укусіць. Секанулі пчолы так, Што рукамі, як вятрак, Замахаў [Бурак] — і ходу. Бялевіч.

6. Разм. Хутка пабегчы з перапуду. І тут я не вытрымаў — свіснуў. І.. [заяц] тады ўжо секануў порстка, дарогай паўз жыта. М. Стральцоў.

7. Разм. Моцна сцебануць (пугай, дубцом і пад.). — Пустадомак ты, — закрычаў на мяне бацька і гэтак секануў пугаю па спіне, што, мне здалося, спусціў скуру. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

выцяць, вытнуць, ударыць, стукнуць / чым-небудзь лёгкім: пляснуць, сцебануць, сцёбнуць, хвастануць, хвасянуць, хвоснуць, ляснуць / нагою (пра капытных жывёл): убрыкнуць; спляжыць, апляжыць, грукнуць, бэцнуць, бацнуць, трахнуць, гакнуць, гахнуць, ахнуць, трэснуць, дзеўбануць, заехаць, з'ехаць, змазаць, уляпіць, урэзаць, агрэць, загрэць, угрэць, жарнуць, смальнуць, засмаліць, тузануць, улупіць, лупянуць, свіснуць (разм.) / чым-небудзь цяжкім: сунуць, садануць, гваздануць, гвазнуць, звездануць, джвугнуць (разм.) / чым-небудзь лёгкім: пацягнуць, перацягнуць, паласнуць, шлёгнуць, шлёпнуць, шлягануць, сперазаць, аперазаць, шмаргануць, хлестануць, хлыснуць, джгануць (разм.) / па твары: аплявушыць (разм.); грунуць, збабоўчыць, кашкануць (абл.); даць, пачаставаць, секануць, пекануць (перан.) □ заляпіць аплявуху

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)