парашы́ць, ‑рашу, ‑рашыш, ‑рашыць; зак., што, на чым і з інф.
Разм.
1. Прыняць якое‑н. рашэнне, рашыць, вырашыць. Гадзіны праз дзве маці парашыла паглядзець, што робіць яе сын, бо ніякіх гукаў з пакоя не чулася. Арабей. [Домна:] — От, сынок, што мы тут парашылі. Трэба табе падалей адсюль схавацца. Асіпенка. Усё астатняе Стасіка ўжо не цікавіла. Ён не чуў, пра што гаварылі хлопцы далей, на чым яны парашылі. Няхай.
2. Падумаўшы, разважыўшы, прыйсці да якога‑н. вываду, заключэння. — Значыцца, чалавек прыходзіў не на гэты востраў, а на наш, — парашылі хлопцы. Маўр. Але па тым, як страляніна гусцела і набліжалася, .. Пракоп цвёрда парашыў, што немцы адыходзяць. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
адда́лены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад аддаліць.
2. у знач. прым. Які знаходзіцца або адбываецца на вялікай адлегласці ад чаго‑н.; далёкі. Тайная паліцыя пачала снаваць сваё густое павуцінне нават у самых аддаленых і глухіх беларускіх паселішчах. Паслядовіч. Аддаленая страляніна пасля ўсяго перажытага.. [жанчынам] была не такой ужо страшнай. Гурскі. // Які даносіцца здалёк. Галасы людзей зліваліся ў суцэльны гул, падобна на аддалены шум марскога прыбою. Шамякін.
3. у знач. прым. Аддзелены вялікім прамежкам часу. Янка Купала пазбегнуў у сваім перакладзе [«Слова аб палку Ігаравым»] наўмыснай стылізацыі пад старажытнасць, што назіраецца часта ў гістарычных нашых аповесцях і раманах, якія адлюстроўваюць аддаленыя эпохі. Палітыка.
4. у знач. прым. Які не мае непасрэднай сувязі з чым‑н.; мала падобны. Аддалены гібрыд. Аддаленае падабенства.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уціх, ‑ла; зак.
1. Спыніцца; перастаць гучаць (пра гукі шум і пад.). Шум уціх. Страляніна ўціхла. □ Успыхнулі і ўціхлі апладысменты, паўз Віцю прашмыгнулі танцоры, якія толькі што выступалі. Марціновіч.
2. Аслабець у сіле, дзеянні (пра стыхійныя з’явы). Уціхла навальніца. □ Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Уціхла, прайшлі завіруха, Замоўклі басістыя громы. Колас. / Пра напружанасць дзеянняў, падзей. Спрэчкі ўціхлі ў хаце. / Пра боль, праяўленне хваробы. Доктар прыпісаў хлапчуку кампрэсы, парашкі і наказаў ляжаць нерухома да таго часу, пакуль уціхнуць болі. Кулакоўскі. Праз некалькі дзён боль уціх, успаміны пра страшнае — адышлі. Брыль.
3. Супакоіцца, перастаць плакаць, крычаць, злавацца і пад. Хлопчык плакаў доўга, змогся і ўціх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спо́лах, ‑у, м.
1. Тое, што і спалох. На лёгкі скрып дзвярэй .. [хворы] паволі павярнуў галаву, і ў поглядзе яго адбіліся сполах і недавер’е. Васілевіч. Сполах... Крыкі... Страляніна... Стогны... Бядуля.
2. звычайна мн. (сполахі, ‑аў). Паўночнае ззянне; водбліск паўночнага ззяння. Сполахі ў небе стаўляюць шатры Пад громы лядовых удараў. Колас.
3. звычайна мн. (сполахі, ‑аў). Успышкі маланкі; зарніца; водбліскі зары. Зарава.. калыхала ўсё болей і болей, пераліваючыся залацістымі сполахамі ў касматых клубах навальнічных хмар. Лынькоў. Гэта была пара самага моцнага сну, калі ноч збіраецца ў дарогу ад ледзь прыкметных яшчэ сполахаў зары. Галавач. // Успышкі агню, святла. Нягледзячы на моцны мароз, людзі працавалі на рыштаваннях, успыхвалі блакітныя сполахі электразваркі. Стаховіч. І калі тузалі жоўтыя сполахі выбухаў, бы большала. Карпаў. Усю ноч над горадам трапяталі сполахі велізарнага зарава. Пятніцкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ру́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Перамяшчацца, перасоўвацца. Гадзіны дзве ўся калона рухалася разам з партызанамі. Колас. І калі полымя ахапіла сцены і з вокан, праз выбітыя рамы, пачалі вылазіць людзі, здольныя яшчэ рухацца, узнялася страляніна. Лынькоў. / у перан. ужыв. І тым не менш справа не рухаецца з месца. «Звязда». // перан. Развівацца ў якім‑н. напрамку. Па шляху капіталістычнага развіцця даволі хутка рухалася ў паслярэформенны перыяд і Беларусь. Ларчанка.
2. Разм. Рушыцца з месца; ісці, адпраўляючыся куды‑н. [Камандзір:] — З’явіцеся да нашага каменданта.., і ён вам скажа, што рабіць. А нам трэба рухацца далей. Маўр.
3. Рабіць рухі; варушыцца. Пад смуглай скурай загарэлых худых шчок рухаліся жаўлакі. Самуйлёнак. [Таня] так змарылася ад перажытага хвалявання, што не магла ні рухацца, ні гаварыць ці нават думаць. Шамякін.
4. Зал. да рухаць (у 1, 2 і 4 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
напіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Незак. да наперці (у 1, 3 і 4 знач.).
2. Рашуча наступаць, цясніць. Танкі напіралі з усіх бакоў. □ Падняўся гвалт і страляніна... Відаць было, што чырвоныя напірапіць... Чарот. // Сабраўшыся ў вялікай колькасці, насоўвацца на што‑н. Вада ўсё прыбывае, напірае, дабіраецца да людзей. Маўр.
3. Рабіць упор, звяртаць асаблівую ўвагу на каго‑, што‑н.; энергічна займацца чым‑н. Мужыкі ў гаспадарцы больш напіралі на валоў, чым на коней, а шляхта раней перайшла на коней. Пестрак. На хлеб павёў атаку я, Пятроў на бульбу напірае. Крапіва.
4. Настойліва дабівацца чаго‑н., настойваць на чым‑н. — Адстань хоць ты, Квадрыга! Азімае трэба ўбіраць. Раён на закуп напірае. Мыслівец. Дзед пратэстуе, напірае на тое, што трэба забраць дзяцей і вярнуцца сюды. Колас. // Настойліва падкрэсліваць што‑н. Напіраць на сваю занятасць. Напіраць на свае заслугі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сустрэ́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які ідзе, рухаецца насустрач. З-за павароту адна за другой выскачыла некалькі сустрэчных аўтамашын. Корбан. Аня весела аглядалася на сустрэчных студэнтак. Карпюк. Сустрэчны вецер асвяжыў мяне, на нейкую хвіліну адагнаў сон. С. Александровіч. Гасяць, чуў я, пажары лясныя Сустрэчным агнём. Куляшоў. / у знач. наз. сустрэ́чны, ‑ага, м. Заглядаючы ў вокны дамоў, у пад’езды, прыглядаючыся да сустрэчных,.. [Віктар] прайшоў квартал. Карпаў. // Які трапляецца на дарозе. Ідзе чалавек бестурботны, Разглядвае лес векавы, Сустрэчных дарожак палотны. Колас.
2. Які з’яўляецца адказам на што‑н.; які даецца ў адказ на што‑н. Сустрэчны план. Сустрэчны ўдар. □ Вось, напрыклад, жонка пачне, як гэта ўсе кажуць, пілаваць, — а я ніякіх ёй сустрэчных «тэзісаў». Скрыпка. Сустрэчная страляніна стала беспарадкавай, кулямёт справа замаўчаў. Хадкевіч.
3. Які выконваецца пры сустрэчы (у 3 знач.). У адказ .. [начальніку] марш вясёлы, сустрэчны. Лынькоў.
•••
Сустрэчны агонь гл. агонь.
Сустрэчны іск гл. іск.
Першы сустрэчны — першы, хто пападзецца насустрач.
Сустрэчны і папярэчны — усякі, любы без разбору чалавек.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ве́сціся, вядзецца; пр. вёўся, вялася, вялося; заг. вядзіся; незак.
1. Адбывацца, ажыццяўляць, праводзіцца. Вядзецца барацьба за высокую якасць прадукцыі. Вядзецца шырокае жыллёвае будаўніцтва. □ Страляніна была моцная і інтэнсіўная. Здавалася, што яна вядзецца недзе зусім непадалёку. М. Ткачоў. Пачынаючы з гэтага дня, работы на канале вяліся ўжо штодзённа. Краўчанка. // Прадаўжацца, працягвацца. Жанчына ўздыхала І шаптала: «Вам як знаёмаму па шчырасці скажу...» Хаця знаёмства ў іх не так даўно вялося, Адразу тут каля акна і пачалося. Корбан. Вось так гамонка ў іх вялася У зручны выпадак не раз. Колас.
2. Жыць; пладзіцца, размнажацца. Калісьці зубры вяліся па ўсёй Еўропе. В. Вольскі. Пад стрэхамі ляпіліся ластаўкі, вераб’і, у дуплах вяліся шпакі. Чарнышэвіч. // Гадавацца, даваць прыплод. [Мацвей:] — У мяне свінні, на яго ліха, не вядуцца: падгладзіш крыху, то возьме і прыхварэе. Лобан.
3. Быць, мецца ў наяўнасці. Бацька гаспадарыў, дык і хлеб вёўся. Якімовіч. Кавалачак сала ў нас яшчэ вядзецца, а скончыцца — перабудзем дзён колькі на хлебе. Пальчэўскі.
4. безас. Быць звычаем, падтрымлівацца. Нас знаёміла Зося і ўсіх нас вяла, Як пры [сустрэчах] вялося, у дом да стала. Куляшоў. Як звычайна вядзецца ў такіх разах, першымі з’яўляліся меней значныя асобы. Колас.
5. Зал. да весці (у 1, 2, 4 і 6 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.
1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.
2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.
3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.
4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.
5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
густы́, ‑ая, ‑ое.
1. Які складаецца з многіх аднародных частак, прадметаў, блізка размешчаных адзін каля аднаго; проціл. рэдкі. Густы лес. Густая трава. □ Паабапал [сцежкі] густое жыта ў рост чалавека. Анісаў. Раса хаваецца толькі ў засені густога лісця. Брыль. / Пра валасы, поўсць і пад. Густыя валасы. Густыя бровы. □ Бацька здаволена ўсміхаецца, разгладжваючы густыя чорныя вусы. Якімовіч. // Спорны (пра дождж, снег). На змярканні пайшоў дождж, дробны, але густы. Шамякін. І снег мяце такі густы, што не відаць, дзе дол, дзе неба. А. Вольскі.
2. З вялікай канцэнтрацыяй чаго‑н.; не вадкі. Густое варэнне. Густая каша. Густы мёд. □ З сцяблінак мяккай расліны паказваецца густы белы, як малако, сок. Бядуля. // Насычаны чым‑н. (пра паветра, пах і пад.). Апала дзённая спякота, і паветра зрабілася густое, як туман. Нікановіч. // Яркі, не цьмяны (пра колеры, фарбы і пад.). Густой чырванню ўспыхнуў твар афіцэра. Лынькоў.
3. Шчыльны, малапранікальны для зроку, святла. І двор, і агароды, і маўклівыя цёмныя дрэвы — усё патанула ў густым вячэрнім змроку. Лынькоў. Туман быў яшчэ густы, і крокаў за дваццаць мала што відаць было. Чорны.
4. Які паўтараецца ў вялікай колькасці праз кароткія прамежкі часу; часты. Хутка страляніна зрабілася такою густою, што, здавалася, усё неба пранізана кулямі ды асколкамі. Мележ. Узнімаецца густы, шалёны кулямётны агонь. Брыль.
5. Нізкі, прыглушаны (пра гукі, голас). Густы бас. □ Голас быў роўны, ціхі і глыбокі — з нейкімі густымі, дрымотнымі ноткамі. М. Стральцоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)