МСЦІСЛА́ЎСКАЯ БІ́ТВА 1386 Адбылася паміж войскам ВКЛ на чале з князямі Свідрыгайлам, Карыбутам, Лугвенам, Вітаўтам і Канстанцінам Альгердавічам і войскам вял.кн. смаленскага Святаслава Іванавіча 29 крас. Падтрымліваючы выступленне кн.Андрэя Альгердавіча ва ўнутрыпаліт. барацьбе ў ВКЛ, Святаслаў Іванавіч вырашыў вярнуць сабе страчаную раней Мсціслаўшчыну. 18 крас. ён аблажыў Мсціслаў, але аблога не мела поспеху. 29 крас. да горада падышлі войскі ВКЛ. Святаслаў заўважыў іх і першы пайшоў у атаку. На берагах р. Віхра пачалася бітва. Калі загінуў прабіты кап’ём Святаслаў, яго ратнікі кінуліся ўцякаць. Пераможцы патрабавалі ад смалян выкупу і пасадзілі на смаленскі пасад сына Святаслава Юрыя як данніка ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЛЕ́ШКА (Іван Ілья) (каля 1552—13.5.1622),
бел.дзярж. дзеяч, пісьменнік. Падкаморы мазырскі і падстароста слонімскі з 1591, маршалак слонімскі з 1602, кашталян мсціслаўскі ў 1605—10, брэсцкі ў 1610—15 і смаленскі з 1615. Пасол на сейм 1605. На сеймах 1598, 1609 і 1611 прызначаны ў склад камісіі па размежаванні Мазырскага пав. з Кіеўскім ваяв. У 1613 у складзе сенатарскай рады пры Жыгімонце III Вазе. Валодаў маёнткамі Дзевяткавічы, Бусяж, часткай Жыровічаў, трымаў Здзітаўскую дзяржаву. У 1613 фундаваў уніяцкі Жыровіцкі Успенскі манастыр, ігуменам якога стаў Іасафат Кунцэвіч; у 1613 і 1618 перадаў манастыру сваю частку Жыровічаў. Аўтар славутага сатыр. твора «Прамова Мялешкі», скіраванага супраць замежнага (гал.ч. польскага) уплыву ў ВКЛ.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРУШЭ́ВІЧЫ,
шляхецкі род герба «Вадвіч» у ВКЛ. Паходзяць ад Наруша, унука літоўскага баярына Мантыгерда (Мантыгірда), родапачынальніка Мантыгірдавічаў. Найб. вядомыя Н.:
Мікалай Ян (?—16.4.1575), староста ваўкавыскі, маркаўскі і мядзельскі, каралеўскі сакратар з 1558, адначасова пісар ВКЛ з 1562, падскарбі земскі з 1566. Адзін з ініцыятараў валочнай памеры ў ВКЛ. Станіслаў (?—1589), кашталян мсціслаўскі з 1580(?), смаленскі з 1588. Крыштоф (каля 1570—1630), лоўчы ВКЛ у 1613—24, падскарбі надворны ў 1615—18 і падскарбі вялікі з 1618, адначасова пісар ВКЛ. Аляксандр Крыштоф (?—21.6.1668), пісар ВКЛ у 1654—58, падканцлер ВКЛ з 1658. Казімір Адам (3.3.1730—4.4.1803), каталіцкі рэліг. дзеяч, езуіт, рэктар Віленскай акадэміі ў 1769—73. Адам Тадэвуш Станіслаў (1733—96), гл.Нарушэвіч А.Т.С.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНУ́ФРЫЕЎСКІ МАНАСТЫ́Р.
Існаваў у канцы 14—19 ст. каля в. Сялец Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. Заснаваны як праваслаўны мсціслаўскім князем Лугвенам-Сімяонам, сынам вял.кн.ВКЛ Альгерда (паводле некат. звестак Юрыем, сынам Лугвена). У 1635 кароль Уладзіслаў IV перадаў манастыр грэка-каталіцкай царкве, яго настаяцелем быў архіепіскап смаленскі і северскі. Да 1809 манастыру належаў і фальварак. Усе манастырскія будынкі былі драўляныя, у апошняй трэці 18 ст. пабудаваны мураваныя царква св. Ануфрыя і жылы корпус. Б-ка Ануфрыеўскага манастыра мела 302 кнігі, у т. л. рукапісныя. Манастыр зачынены пасля скасавання Брэсцкай уніі (1839). Захавалася царква — помнік архітэктуры барока. Мураваны 1-нефавы храм з паўцыркульнай апсідай і высокай 5-яруснай чацверыковай вежай-званіцай. Цяпер прыходскі праваслаўны храм.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ЦЕБСКІ ЕЗУІ́ЦКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў у Віцебску з 17 ст. па 1820. Езуіты пасяліліся ў Віцебску ў 1639, калі смаленскі ваявода А.Корвін-Гасеўскі падарыў ім прыстань на Зах. Дзвіне і землі (1 тыс. кв. міль) на Смаленшчыне. Віцебскім езуітам матэрыяльна дапамагаў Аршанскі езуіцкі калегіум, свецкія феадалы ахвяравалі маёнткі. У 1649 езуіты пабудавалі ў Віцебску касцёл, у калегіуме пачалося навучанне, з 1676 існавала муз. бурса. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 і Паўн. вайны 1700—21 Віцебскі езуіцкі калегіум двойчы спыняў дзейнасць, у 1708 будынкі згарэлі. У 1731 адбудаваны. З 1756 пры калегіуме дзейнічалі семінарыя для дзяцей збяднелай шляхты, друкарня, тэатр, аптэка (1697). Закрыты паводле ўказа імператара Аляксандра I ад 13.3.1820 аб высылцы езуітаў з Рас. імперыі.
царкоўны і дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Д-р тэалогіі (1669). З роду Бжастоўскіх. З 1661 канонік віленскі, з 1664 кафедральны прапаведнік. Вышэйшую багаслоўскую адукацыю атрымаў у Рыме. З 1671 сакратар ВКЛ, настаяцель касцёла ў Троках, пісар ВКЛ. З 1684 біскуп смаленскі, у 1687—1722 біскуп віленскі. Адзін з ініцыятараў вынясення смяротнага прыгавору К.Лышчынскаму ў 1689. Падтрымліваў каралёў Яна III Сабескага і Аўгуста II у паліт. барацьбе супраць групоўкі кн. Сапегаў. У 1705 пры сустрэчы ў Верках (каля Вільні) з Пятром I спрабаваў абараніць уніятаў ад царскіх ганенняў. Разам з б. сваім ворагам Казімірам Сапегам уступіў у Віленскую канфедэрацыю 1716 супраць саксонскай дынастыі. Фундаваў і асвяціў шмат касцёлаў. Спрыяў уніятам, нецярпіма ставіўся да дысідэнтаў. Аўтар багаслоўскіх твораў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДБЯРЭ́СКІЯ,
шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Родапачынальнік полацкі баярын Яцка Сенькавіч (? — пасля 1520) быў жанаты з сястрой кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэскага Ульянай. Пасля смерці бяздзетнага князя (1540) Ульяна адсудзіла маёнтак Падбярэззе ў Аршанскім пав. і інш. ўладанні на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. З іх Рыгор (1510? — пасля 1585) атрымаў пры падзеле з братам Падбярэззе і Бачэйкава і пачаў ужываць прозвішча П. Яго нашчадкі неаднаразова займалі павятовыя пасады, пераважна ў Аршанскім пав. З іх найб. вызначыўся Рыгор Казімір (1620? — 77), сын Аляксандра, ротмістр казацкай харугвы ВКЛ з 1643, удзельнік Лоеўскай бітвы 1649 з укр. казакамі, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, ваявода смаленскі з 1667. Існаваў іншы род П., якія карысталіся гербам «Тарнава» змененая.
дзяржаўны дзеяч ВКЛ. Сын Радзівіла Осцікавіча (гл. ў арт.Радзівілы). З 1481 намеснік смаленскі, з 1488 кашталян трокскі і намеснік навагрудскі, што дазволіла яму ўвайсці ў склад Рады ВКЛ. З 1492 ваявода віленскі і канцлер ВКЛ. У выкананне завяшчання вял.кн.Казіміра IV у 1492 забяспечыў пераход улады ў ВКЛ да вял.кн.Аляксандра. Выступаў за шлюб Аляксандра з Аленай Іванаўнай, дачкой вял.кн. маскоўскага Івана III. Быў адным з ініцыятараў падпісання ў 1499 новага акта уніі паміж ВКЛ і Польшчай. Кіраваў ВКЛ пры адсутнасці ў дзяржаве вял. князя. Згодна з завяшчаннем Аляксандра, садзейнічаў перадачы ў 1506 трона ВКЛ Жыгімонту I.
В.С.Пазднякоў.
М.Радзівіл Стары. Гравюра з альбома «Выявы роду князёў Радзівілаў». Нясвіж, 1758.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНІВІ́ДАВІЧЫ,
дзяржаўныя дзеячы і буйныя землеўладальнікі ў ВКЛ у 14—15 ст. Родапачынальнік — баярын Манівід (у хрышчэнні Войцех, Альберт) Кайлікінавіч (каля 1360—1424), які ўпамінаецца з 1387 у складзе велікакняжацкай рады. З 1396 намеснік віленскі. У час заключэння Гарадзельскай уніі 1413 атрымаў герб «Ляліва» і стаў першым ваяводам віленскім. Ад вял.кн. Вітаўта атрымаў Геранёны-Суботнікі (1396), Лаздуны і Жупраны (1403) у Ашмянскім пав., Беразіно, Гняздзілавічы, Дзядзілавічы, Домжарыцы, Докшыцы, Мсціж у Харэцкай вол. і Гасцілавічы ў Лагожскім княстве (1407), Станькава ў Мінскім пав., Сярпейск у Смаленскай зямлі, Брагін, Горваль і Любеч у б. Чарнігаўскім княстве. З яго родзічаў і нашчадкаў найб. вядомыя:
Гедыгольд (у хрышчэнні Юрый; каля 1370—1434), брат Манівіда, маршалак надворны ў 1401, ваявода кіеўскі з 1411, староста падольскі з 1415, намеснік смаленскі ў 1424, ваявода віленскі ў 1425—32, уладальнік Вішнева ў Ашмянскім пав.Пётр (Сенька) Гедыгольдавіч (каля 1400—51), маршалак надворны ў 1429, намеснік смаленскі з 1448, кашталян віленскі ў 1451. Ад вял. князёў Жыгімонта Кейстутавіча і Казіміра IV атрымаў маёнткі Волма, Дзераўная, Камень, Налібакі, Радашковічы ў Менскім пав., Мір і Свержань у Новагародскім пав.Іван (Івашка) Манівідавіч (каля 1400—58), намеснік падольскі і крамянецкі з 1437, маршалак кн. Свідрыгайлы ў 1438, ваявода трокскі з 1443, віленскі ў 1458. У дадатак да бацькоўскіх уладанняў атрымаў ад вял.кн. Казіміра Амнішава, Валожын і Даўгінава ў Менскім пав., паводле завяшчання стрыечнага брата Пятра Гедыгольдавіча — Мір (1451). Войцех (каля 1430—75), сын Івана, кашталян віленскі з 1461, адначасова ваявода новагародскі з 1471 і падстолі ВКЛ у 1475. Памёр без нашчадкаў, яго вялізныя ўладанні адышлі да сясцёр Соф’і (жонка Мікалая Радзівіла) і Ядвігі (жонка Алехны Судзімонтавіча). Агульнае з М. паходжанне мелі Аляхновічы, Дарагастайскія, Забярэзінскія (нашчадкі родзіча Манівіда — Рымавіда) і, магчыма, Вяжэвічы і Глябовічы (выводзілі сябе ад Вяжа, родзіча Манівіда).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІ́НСКІ (Ісая) (? — 15.10.1640),
праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст. Манах Кіева-Пячэрскай лаўры, адзін з арганізатараў Кіеўскай брацкай школы. З 1620 — епіскап перамышльскі, з 1628 — смаленскі і чарнігаўскі, у 1631—32/33 — мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі. У крас. 1632 пры абранні каралём Уладзіслава IV намаганнямі архімандрыта Пятра Магілы адхілены ад пасады, у 1633 афіцыйна пазбаўлены сана і зняволены (да 1635). Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. Аўтар зборніка маральных выслоўяў «Духоўная лесвіца», пасланняў да духавенства і прыватных асоб і інш. Творы К. значна паўплывалі на наступныя пакаленні бел. і ўкр.царк. мысліцеляў.
Літ.:
Костомаров Н.И. Русская история в жизнеописаниях ее главнейших деятелей. М., 1991. Кн. 2. С. 72—78;
Мартос А Беларусь в исторической государственной и церковной жизни. Мн., 1990. С. 188.