ВІ́ЦЕБСКІЯ БАІ́ 1812,

баі за Віцебск у ходзе вайны 1812 пры адступленні ў ліпені і наступленні ў лістападзе рус. войск. 23 ліп. ў Віцебск увайшла 1-я рус. армія, якая адступала. Яе камандуючы М.Б.Барклай дэ Толі вырашыў даць тут генеральную бітву, бо разлічваў на хуткі падыход 2-й арміі П.​І.​Баграціёна. Аднак 26—27 ліп. Барклаю стала вядома, што французы захапілі Магілёў, а Баграціён адступае на Смаленск, таму ён адмовіўся ад генеральнай бітвы і таксама вырашыў адступаць на Смаленск. Для прыкрыцця адступлення 1-й арміі быў пакінуты ар’ергард ген.-маёра П.​П.​Палена з 8 пях. батальёнаў і 4 кав. палкоў. 27 ліп. ў ходзе бою пры ўпадзенні р. Лучоса ў Зах. Дзвіну рус. войскі стрымлівалі націск франц. дывізій, нанеслі ім страты каля 3 тыс. чал. і самі страцілі столькі ж. У ноч на 28 ліп. 1-я армія скрытна адступіла, увёўшы ў зман Напалеона, які спадзяваўся даць тут генеральную бітву. 2-і бой адбыўся пры вызваленні Віцебшчыны 1-м корпусам П.Х.Вітгенштэйна. Для авалодання Віцебскам з г. Бешанковічы быў адпраўлены атрад ген.-маёра В.​І.​Гарпе з 4 пях. батальёнаў, 5 кав. эскадронаў і інш. падраздзяленняў, які 6 ліст. прыбыў у в. Старое Сяло (на З ад Віцебска), па левым беразе Зах. Дзвіны рушылі 2 эскадроны драгунаў на чале з падпалк. Д.​А.​Сталыпіным. 7 ліст. атрад Гарпе ўварваўся ў Віцебск, перайшоў праз палаючы мост на левы бераг і пасля вулічных баёў выбіў французаў з горада. Былі захоплены запасы харчу і фуражу, сотні палонных, у т. л. франц. віцебскі губернатар ген. Пужэ.

Ш.​І.​Бекцінееў.

т. 4, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЕ́Г (?—912, паводле інш. крыніц 922),

старажытнарускі князь. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», як сваяк Рурыка (паводле інш. крыніц, Алег — ваявода Рурыка) стаў пасля яго смерці (879) рэгентам пры малалетнім кн. Ігару, княжыў у Ноўгарадзе. Рэгенцтва Алега — гіст. міф, бо да пач. самаст. княжання Ігару было не менш як 33 гады. У 882 Алег рушыў з дружынай на Пд. Заняў Смаленск. Забіўшы кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, авалодаў Кіевам і зрабіў яго сталіцай. Пашырыў уладанні Русі на У, падпарадкаваўшы севяран і радзімічаў, здзейсніў 2 паспяховыя паходы на Канстанцінопаль (907 і 911). Адзін з найб. яркіх маст. вобразаў Алега створаны А.​С.​Пушкіным у паэме «Песня пра вешчага Алега» (1822).

т. 1, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАН (Алег) (сапр. Пушкін Алег Аляксеевіч; н. 5.1.1938, г. Смаленск, Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1960), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1969), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1978). Працаваў на Бел. тэлебачанні, кінастудыі «Беларусьфільм» 3 1993 у час. «Нёман». Друкуецца з 1963. Піша на рус. мове. Асн. тэмы: жыццё гараджаніна ў першым пакаленні, побыт людзей правінцыяльных гарадоў Беларусі (кн. прозы «У час развітання», 1975, «У гасцях і дома», «Знаёмы», абедзве 1977, «Рысы і абліччы», 1985, «Па абодва бакі прахадной», 1987, «Самастойнае жыццё», 1990). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Сумленны, разумны, нежанаты» і «Хочаце любіце, хочаце не», п’есы «Салгалі Богу, салгалі» (1993). Перакладае на рус. мову творы бел. пісьменнікаў.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

уезжа́ть несов. е́хаць; (выезжать) выязджа́ць; (отъезжать) ад’язджа́ць; (заезжать) заязджа́ць;

уезжа́ть в Смоле́нск е́хаць (выязджа́ць, ад’язджа́ць) у Смале́нск;

он уезжа́ет на ме́сяц из Ми́нска ён е́дзе (выязджа́е, ад’язджа́е) на ме́сяц з Мі́нска;

он уезжа́ет по́ездом ён е́дзе цягніко́м.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ГО́РАД-ГЕРО́Й,

ганаровае званне, якое надавалася гарадам СССР за гераічную абарону і выдатныя заслугі перад Радзімай у Вял. Айч. вайну. Указамі Прэзідыума Вярх. Савета СССР ганаровае званне «Горад-герой» з уручэннем ордэна Леніна і медаля «Залатая Зорка» прысвоена гарадам: Адэса, Валгаград, Керч, Кіеў, Ленінград, Масква, Мінск, Мурманск, Новарасійск, Севастопаль, Смаленск, Тула. Мінску званне «Горад-герой» прысвоена 26.6.1974 за выдатныя заслугі перад Радзімай, мужнасць і гераізм, праяўленыя працоўнымі горада ў барацьбе супраць гітлераўскіх акупантаў, у разгортванні ўсенароднага партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну і ў азнаменаванне 30-годдзя вызвалення БССР ад ням.-фаш. захопнікаў. Ганаровае званне «Крэпасць-герой» прысвоена Брэсцкай крэпасці 8.5.1965 за выключныя заслугі яе абаронцаў перад Радзімай і ў азнаменаванне 20-годдзя Перамогі сав. народа ў Вял. Айч. вайне.

т. 5, с. 356

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ТНЫЯ КНІ́ГІ,

від актавых запісаў пра купцоў і іх тавары, правезеныя праз мытныя каморы ці прыкаморкі; каштоўная крыніца па сац.-эканам. гісторыі Беларусі 15—18 ст. У М.к. фіксаваліся прозвішчы і месца жыхарства купцоў, якія, адкуль і куды везлі тавары, іх кошт, сума мыта. Паводле М.к. (1-я пал. 17 ст.) з усяго купецтва Беларусі, якое займалася замежным гандлем, беларусаў было 80—85% (ім належала да 90% перавезеных тавараў), яўрэяў — 9—10%, палякаў, рускіх і інш. 4—6%. Асн. прадметы ўвозу: футра, тканіны, металы, рамесныя вырабы і інш. М.к. сведчаць, што асн. пунктамі гандлю бел. купцоў у Расіі былі Масква, Пскоў, Вял. Лукі, Таропец, Смаленск, Белы, Бранск, Вязьма; на Украіне — Кіеў, Чаркасы, Львоў, Луцк; у Прыбалтыцы — Рыга, Кралявец (Кёнігсберг); у Польшчы — Люблін, Гданьск, Торунь, Гнезна, Познань, Вроцлаў, Тыкоцін.

Асн. гандлёвыя шляхі 15—18 ст.: рэкі Зах. Дзвіна, Дняпро, Прыпяць, Нёман і іх прытокі; больш за 20 сухапутных дарог (гасцінцаў), найважнейшыя з іх: Орша—Мінск—Ваўкавыск—Шарашова—Брэст, т.зв. «вялікая дарога»; Полацк—Віцебск—Орша, т.зв. «гасцінец вялікі»; Пінск—Гарадзішча—Навагрудак—Іўе—Вільня; Пінск—Хомск, т.зв. «дарога вялікая»; Полацк—Невель, т.зв. «вялікая Маскоўская дарога»; Магілёў—Шклоў—Копысь—Орша; Гомель—Рэчыца—Бабруйск—Мінск; Мінск—Глуск—Слуцк. На Вільню было 9 дарог, на Смаленск і Маскву — 10, на Люблін — 6. Зберагліся М.к.: Брэста за 1583 (апублікавана) і 1605, Гродна за 1600 (апублікаваны фрагмент), 1605 і 1764, Магілёва за 1612, 1708, Полацка за 1616 і 1708, Віцебска за 1605 (апублікавана), Барысава за 1708, Камянца за 1708, Вержбалова за 1708 і 1709, Мінска за 1709, Рэчыцы за 1708 і 1709, Сталовічаў за 1708. М.к. пач. 17 ст. зберагаюцца ў рукапісным аддз. б-кі Вільнюскага ун-та, 18 ст. — у рукапісным аддзеле б-кі Нарадовай у Варшаве.

З.​Ю.​Капыскі.

т. 11, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́НЦАЎ (Міхаіл Васілевіч) (12.10.1865, Смаленск — 21.7.1945),

бел. кампазітар, харавы дырыжор і педагог. Скончыў Пецярбургскую кансерваторыю (1894, клас кампазіцыі М.​Рымскага-Корсакава). З 1896 жыў у Віцебску, выкладаў хар. спевы ў розных навуч. установах, рэдагаваў газ. «Витебские губернские ведомости» (1905—12). Адзін з арганізатараў нар. кансерваторыі (1918, чытаў у ёй лекцыі па гісторыі музыкі), кіраўнік Дзярж. хору. Майстар харавога пісьма, аўтар апрацовак бел. нар. песень («А ў полі вярба», «Кума мая, кумачка» і інш.), прасякнутых тонкім лірызмам рамансаў на вершы рус. паэтаў. З інш. твораў: кантата «Да стогадовага юбілею Пушкіна», гімн «У памяць стагоддзя Айчыннай вайны 1812 года», харавы «Рэквіем» («Не плачце над прахам забітых байцоў»). Напісаў шэраг вучэбных дапаможнікаў, метадычных работ, у т. л. «Нотная тэрміналогія. Даведачны слоўнік» (Віцебск, 1904).

С.​Г.​Нісневіч.

М.В.Анцаў.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),

князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл. Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НЧЫКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 9.11.1945, г. Смаленск, Расія),

бел. кінарэжысёр дакумент. кіно, сцэнарыст. Скончыў Усесаюзны ін-т кінематаграфіі (1974). З 1963 на кінастудыі «Беларусьфільм». Рэжысёрскую манеру вылучаюць экспрэсіўнасць, музыкальнасць, арыгінальнасць маст. вырашэння. Сярод спарт. фільмаў «Паляванне на золата» (1974; Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Корціна д’Ампеца, Італія, 1975), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (1978), «Тэхніка водналыжнага спорту» (1981), «Гарадкі — народная гульня» (1998, Гран пры Міжнар. фестывалю спарт. фільмаў у Палерма, Італія, 1998). Стварыў цыкл маст.-публіцыст. фільмаў «Наш Афганістан» («Боль», 1986; «Я з падпарадкавання выйшаў», 1989; «Сорам», 1990). Дакумент. фільмы «Адлучэнне» (1993), «Смутак» (1994), «Чарнобыль. Фантомы», «Асколкі аўтабіяграфіі», «Чарнобыль. Попел» (усе 1996) пра чарнобыльскую трагедыю. Сярод інш. фільмаў — «Трамвай NON-STOP» (1993), «Другі» (1996, 1-ы прыз Міжнар. фестывалю «Тыдзень сусв. эксперым. кіно», Мадрыд, 1997). Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1980.

т. 9, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКЕ́ЕВА (Нона Сяргееўна) (н. 19.4.1925, г. Смаленск, Расія),

бел. спявачка (лірыка-каларатурнае сапрана), педагог. Засл. арт. Беларусі (1964). Скончыла Вільнюскую кансерваторыю (1950). З 1950 артыстка Літ. філармоніі. З 1953 салістка Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1971 педагог Рэсп. вучэбнага комплексу гімназія-каледж пры Бел. акадэміі музыкі. Яе майстэрства вызначалі добрая вак. школа, голас прыгожага тэмбру, высокая муз. культура. Сярод партый: у нац. операх — Марфачка («Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага), Марынка («Марынка» Р.​Пукста), Святлана («Калючая ружа» Ю.​Семянякі); з інш. партый — Марфа, Валхава ( «Царская нявеста», «Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Таццяна, Іаланта («Яўген Анегін», «Іаланта» П.​Чайкоўскага), Неда («Паяцы» Р.​Леанкавала), Чыо-Чыосан, Мімі («Чыо-Чыо-сан», «Багема» Дж.​Пучыні), Манон («Манон» Ж.​Маснэ), Маргарыта («Фауст» Ш.​Гуно), Лейла («Шукальнікі жэмчугу» Ж.​Бізэ).

Б.​С.​Смольскі.

т. 11, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)