АРАВІ́ЙСКІ ПАЎВО́СТРАЎ, Аравія (ад стараж.-яўр. араба пустыня),

на ПдЗ Азіі, самы вялікі на зямным шары. Пл. каля 2730 тыс. км². Працягласць з ПнЗ на ПдУ 2700 км. Абмываецца на З Чырвоным м., на Пд Адэнскім залівам і Аравійскім м., на У Аманскім і Персідскім залівамі. Мяжу на Пн звычайна праводзяць па 30° паўн. шыраты. Паверхня Аравійскага паўвострава — плато з узвышанымі зах. і паўд. ўскраінамі (пераважныя выш. 1000—2000 м), размешчанае на Аравійскім шчыце. Найб. высокія горныя вобласці на ПдЗ — горы Хіджаз і Йеменскія (выш. 3600 м, г. Эн-Набі-Шаіб) і на ПдУ Асманскія горы (выш. 3353 м, г. Шаме). Уздоўж зах. берага нізіна Тыхама, уздоўж усх. — Эль-Хаса. На Пн пясчаныя пустыні Вял. Нефуд, М. Нефуд, на Пд пустыня Руб-Эль-Халі. Фундамент Аравійскага паўвострава складзены са стараж. крышт. парод (архейскія сланцы і граніты) і ўкрыты на Пн і У мезазойскімі, палеагенавымі і неагенавымі вапнякамі і пясчанікамі. Карысныя выкапні: буйныя радовішчы нафты (гл. Персідскага заліва нафтагазаносны басейн), золата, жал. і поліметалічныя руды, кухонная соль, буд. матэрыялы. Клімат на Пн субтрапічны, на Пд трапічны, сухі. Сярэднія т-ры студз. ад 7 °C на Пн да 24 °C на Пд, ліп. адпаведна 25 і 30 °C (самы цёплы — чэрв., максімум да 55 °C). Ападкаў на раўнінах каля 100 мм, у гарах Йемена 500 мм за год (індыйскі мусон). Малы сцёк, рэдкая сетка рэк і азёраў, сухія рэчышчы — вадзі. Вял. роля належыць падземным водам і карставым крыніцам. Пастаянныя вадасцёкі на Пд і ПдЗ — рэкі Масіла, Тыбан і інш. Большая ч. тэрыторыі — зона пустыняў і паўпустыняў. На прымітыўных шэразёмах жорсткая падушкападобная паўхмызняковая расліннасць (вярблюджая калючка, палын, салянкі, ахіла), шматгадовыя травы (арыстыда, астрагал), пашыраны перакаці-поле, іерыхонская ружа, лішайнік манна; па схілах гор лістападобныя лясы з дробным лісцем (акацыі, мімозы, друр-джуп, трапляюцца кактусападобныя малачаі); на ПдУ — саванны. У рэдкіх аазісах — фінікавая пальма, садавіна, бавоўнік. Жывёльны свет: антылопы, газелі, дзікі кот, шакалы, гіены, ліс фянёк, бабуіны, гамадрылы, сабакападобныя малпы; з птушак — арлы, ястрабы, сокалы, на ўзбярэжжах — фламінга, пеліканы, чаплі; паўзуны — рагатая гадзюка, гюрза, кобра, хамелеоны. На тэр. Аравійскага паўвострава дзяржавы Саудаўская Аравія, Йемен, Аман, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Кувейт, частка Ірака і Іарданіі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

Аравійскі паўвостраў. Падушкавыя формы раслін у камяністай пустыні.

т. 1, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў цэнтр. ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс. км². Нас. 1224,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г. Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.

Прырода. К.в. займае паўд. ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс. га.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім. прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч. прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сць буд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мясамалочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІ́РАЎСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана на У еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 7.12.1934 як край, з 5.12.1936 вобласць. Пл. 120,8 тыс. км². Нас. 1623 тыс. чал. (1997), гарадскога 70%. Цэнтр — г. Кіраў. Найб. гарады: Кірава-Чапецк, Вяцкія Паляны, Слабадской, Кацельніч, Амутнінск, Яранск.

Прырода. Паверхня — уваліста-хвалістая раўніна, нахіленая з Пн на Пд. Цэнтр. частку займае ўзвышша Вяцкі Увал (выш. да 284 м), парэзаны рачнымі далінамі і ярамі. На Пн Паўн. Увалы (выш. да 214 м), на ПнУ Верхнякамскае ўзв. (выш. да 337 м). Карысныя выкапні: жал. руда, фасфарыты, торф, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы. Мінер. крыніцы, ілавыя і тарфяныя гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -15 °C, ліп. 17—19 °C. Колькасць ападкаў павялічваецца з Пд на Пн ад 400 мм да 600 мм. Рэкі належаць пераважна да бас. р. Волга. Гал. р. Вятка з прытокамі Кобра, Летка, Вялікая, Малома, Піжма (правыя); Чапца, Кільмезь (левыя); на ПнУ вярхоўі р. Кама, на Зр. Вятлуга. Глебы дзярнова-падзолістыя, дзярнова-карбанатныя, шэрыя лясныя, па далінах рэк — поймавыя, на забалочаных нізінах — балотныя. Пад лесам каля 60%.

На Пн пашыраны хвойныя лясы, на Пд хвойна-шыракалістыя.

Гаспадарка. Асн. галіны прам-сці: машынабуд. і металаапр. (дрэваапр. станкі, падымальна-трансп. абсталяванне, кабель, пральныя і кухонныя машыны, судны, прылады і інструменты), хім. (вытв-сць аўтамаб. шын і фосфарнай мукі), лясная і дрэваапр., электраэнергетыка, харч., лёгкая, буд. матэрыялаў.

Ёсць прадпрыемствы чорнай і каляровай металургіі. Вылучаецца лясная і дрэваапр. прам-сць (лесанарыхтоўкі, лесапілаванне, вытв-сць фанеры, мэблі, запалак). Вытв-сць электраэнергіі пераважна на ЦЭЦ. Развіта лёгкая прам-сць, асабліва гарбарна-абутковая, вытв-сць скураных і футравых вырабаў, ільняных тканін. У харч. прам-сці найб. развіты масласыраробная, мясная, хлебабулачная. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча торфу і фасфарытаў. Нар. промыслы: гліняная дымкаўская цацка, драўляны посуд, матрошка, карункапляценне. Пад. с.-г. ўгоддзямі 3400 тыс. га, у т. л. пад ворывам 2560 тыс. Пасевы збожжавых (жыта, авёс, ячмень, пшаніца). Вырошчваюць лён-даўгунец, бульбу, агародніну, кармавыя культуры. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней, авечак, коз. Птушкагадоўля. Даўж. чыгунак 1,1 тыс. км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10,5 тыс. км (1997). Асн. чыгункі Кіраў—Екацярынбург, Кіраў—Котлас, Кіраў—Ніжні Ноўгарад, аўтадарогі Кіраў—Сыктыўкар, Кіраў—Уржум, Кіраў—Йашкар-Ала. Суднаходства па р. Вятка і некаторых яе прытоках. Бальнеагразевы курорт Ніжняіўкіна.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСТРАМСКА́Я ВО́БЛАСЦЬ Размешчана ў цэнтры еўрап. ч. Расійскай Федэрацыі. Утворана 13.8.1944. Пл. 60,1 тыс. км², нас. 795 тыс. чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Кастрама. Найб. гарады: Буй, Нерахта, Шар’я, Мантурава, Галіч, Нея.

Прырода. Паверхня — хвалістая раўніна. На З вобласці Кастрамская нізіна (выш. 80—100 м). З Пд на Пн распасціраецца Галіцкае ўзв. (выш. да 292 м), на ПнУ адгор’і Паўн. Увалаў (выш. да 227 м). Карысныя выкапні: торф, гліны, буд. пяскі, гаручыя сланцы, фасфарыты. Крыніцы мінер. вод, лек. гразі. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -12 °C да -14 °C, ліп. 18—19 °C. Гадавая колькасць ападкаў 550—600 мм. Гал. рака — Волга з прытокамі Кастрама, Унжа, Вятлуга. Буйныя азёры — Галіцкае і Чухламскае. Глебы пераважна дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя, у поймах рэк алювіяльныя. Пад лесам каля 60% тэрыторыі (хвоя, елка, бяроза, асіна, вольха). Жывёльны свет: буры мядзведзь, воўк, рысь, лось, ліс, вавёрка, куніца, акліматызаваная андатра.

Гаспадарка. Гал. галіны прам-сці — лёгкая (пераважна льняная), маш.-буд., харч., лясная і дрэваапр., энергетыка, хімічная. Ільняная прам-сць працуе на мясц. сыравіне. Вытв-сць ільновалакна, тканін, швейных і трыкат. вырабаў у гарадах Кастрама, Нерахта, Буй, скур і абутку ў г. Галіч. Прадпрыемствы па вытв-сці рачных суднаў, станкоў, экскаватараў, абсталявання для дрэваапр., тэкст., хім., харч. прам-сці ў Кастраме, Галічы, Нерахце, Мантураве. Цэнтры лесапілавання, дрэваапрацоўкі, вытв-сці мэблі, паперы — Кастрама, Буй, Шар’я, Макар’еў, Мантурава, Галіч. Развіта харч. прам-сць (малочная, сыраробная, мясная, макаронная і інш.). У Буі і Кастраме з-ды па вытв-сці сінт. смол і пластмас. Вытв-сць электраэнергіі 9,3 млрд. кВтгадз (1996). Кастрамская ДРЭС (Валгарэчанск) — адна з буйнейшых у Расіі. Стараж. цэнтр ювелірнага нар. промыслу — Краснае-на-Волзе. Асн. галіны сельскай гаспадаркі — малочна-мясная жывёлагадоўля (кастрамская парода буйн. раг. жывёлы) і льнаводства. Авечкагадоўля, птушкагадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 1040 тыс. га, у т. л. пад ворывам каля 700 тыс. га. Пасевы збожжавых (жыта, пшаніца, ячмень, авёс), лёну, кармавых культур. Вырошчваюць бульбу, агародніну. Даўж. чыгункі 646 км, аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 6,3 тыс. км (1996). Па тэр. К.в. праходзяць чыгункі Яраслаўль—Кастрама—Галіч, Волагда—Галіч—Мантурава—Кіраў, аўтадарогі Яраслаўль—Кастрама—Макар’еў—Мантурава, Кастрама—Іванава. Суднаходства па Волзе, у нізоўях рэк Кастрама, Унжа, Вятлуга. Курорт Салігаліч.

С.​І.​Сідор.

т. 8, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫ́ТКАВІЦКІ РАЁН,

на З Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1962). Пл. 2,9 тыс. км². Нас. 51,2 тыс. чал. (1997), гарадскога 41,5%. Сярэдняя шчыльнасць нас. 17,7 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г. Жыткавічы; г.п. Тураў, 108 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 13 сельсаветаў: Азяранскі, Браніслаўскі, Верасніцкі, Дзякавіцкі, Ленінскі, Людзяневіцкі, Марохараўскі, Мілевіцкі, Перароўскі, Руднянскі, Рычоўскі, Чырвоненскі, Юркевіцкі.

Тэр. раёна ў межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня нізінная, плоская, забалочаная, мае нахіл з Пн на Пд да даліны р. Прыпяць. Амаль уся тэр. на выш. 120—145 м. Найвыш. пункт 184,1 м (на У, ва ўрочышчы Бялёва каля в. Бялёў). Карысныя выкапні: буры вугаль, сапрапель, торф, пяскі, гліны, каалін, пясчана-жвіровыя сумесі, гаручыя сланцы, граніт, гнейсы акварцаваныя. Сярэдняя т-ра студз. -5,9, ліп. 18,4 °C. Ападкаў 584 мм за год. Вегетац. перыяд 197 сут. Гал. рэкі: Прыпяць з прытокамі Случ, Скрыпіца з Навуццю, Сцвіга, Свінавод. Азёры Чырвонае і Белае. Пераважаюць глебы поймавыя (26,7%), тарфянабалотныя (26%), дзярновыя і дзярнова-карбанатныя забалочаныя (20,3%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (16,7%). Пад лесам 56,3% тэр. Найб. лясістасць на Пн, З і У; лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя і дубовыя. Балоты займаюць 2,5% тэр. Найб. балотныя масівы Булеў Мох, Межч, Смалярня і інш. Пд раёна заняты Прыпяцкім нацыянальным паркам. Заказнікі: біялагічныя Жыткавіцкі, «Нізоўе Случы», Ленінскі паляўнічы. Помнік прыроды — Вятчынскае насаджэнне рададэндрану жоўтага (пантыйская азалія).

Агульная плошча с.-г. угоддзяў 69,6 тыс. га, з іх асушана 33,5 тыс. га. На 1.1.1997 у раёне 11 калгасаў, 6 саўгасаў, рыбныя гаспадаркі «Белае» і «Чырвоная зорка». Асн. галіна сельскай гаспадаркі — мяса-малочная жывёлагадоўля.

Вырошчваюць збожжа і бульбу. Прадпрыемствы лясной (лясгас, Тураўскі леспрамгас), тарфяной (Жыткавіцкі торфабрыкетны завод), металаапр. (маторабуд. з-д, «Пратон»), харч. (цэх малочнай прадукцыі і кансервавы з-д у Тураве, масларобчы з-д, рыбазавод «Чырвонапалескі» ў в. Пухавічы), буд. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгунка Брэст—Гомель і аўтадарогі Брэст—Гомель, Мінск—Мікашэвічы, Жыткавічы—Столін. Суднаходства па р. Прыпяць. У раёне 20 сярэдніх, 16 базавых, 13 пачатковых школ, прафес.-тэхн. вучылішча, 31 дашкольная ўстанова, 67 клубаў, 61 б-ка, 4 бальніцы, 5 паліклінік, 35 фельч.-ак. пунктаў. Тураўскі краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Усясвяцкая царква (1810) і помнік Кірылу Тураўскаму (1993) у г.п. Тураў.

С.​І.​Сідор.

т. 6, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРДО́ВІКСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫ́ЯД), ардовік,

другая сістэма палеазойскай эратэмы (групы эры), якая адпавядае другому перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца кембрыйскай, перакрываецца сілурыйскай сістэмамі. Пачалася каля 500 млн. гадоў назад, доўжылася каля 65 млн. гадоў. Тэрмін ардовікская сістэма (перыяд) уведзены англ. Геолагам Ч.​Лапуарсам у 1879. Адклады ардовікскай сістэмы (перыяду) вядомы на ўсіх кантынентах, удзельнічаюць у будове платформавага чахла большасці платформаў Паўн. паўшар’я, выходзяць на паверхню на ўсіх мацерыках Паўн. паўшар’я (на ўскраінах стараж. платформы Гандвана), пашыраны ў складкавых сістэмах Апалачаў, Урала, Алтая, Саянаў і інш. У сярэдзіне ардовіку адбылося максімальнае пашырэнне мора на ўскраіны платформаў, дзе намнажаліся асадкі магутнасцю да 500 м (вапнякі, гліны, пяскі). Ва ўнутр. частках геасінклінальных паясоў, занятых глыбакаводнымі морамі, на тэр. Паўн. Амерыкі, на З Паўд. Амерыкі, у Еўразіі і на ПдУ Аўстраліі ўтварыліся адклады магутнасцю да 10 км (абломкавыя, вулканічныя, крамяністыя, карбанатныя). У канцы ардовіку пачалася каледонская складкавасць. Клімат на тэр. сучасных Паўн. Амерыкі, Грэнландыі, Паўн. Еўропы, б. ч. Азіі і Аўстраліі быў гарачы і сухі, астатняя ч. сучаснай сушы адпавядала прыпалярным абласцям, дзе знойдзены сляды ардовікскага мацерыковага зледзянення. Тэр. Беларусі ў ардовіку была сушай, якую абмывала мора на крайнім ПдЗ у Брэсцкай упадзіне (дзе намножылася да 40 м асадкаў) і на ПнЗ у межах Прыбалтыйскай монакліналі (магутнасць асадкаў да 150 м). Намнажаліся карбанатныя і гліністыя пароды — вапнякі з праслоямі мергелю, аалітамі і глаўканітам, гліны і гліністыя вапнякі. У арганічным свеце ардовікскай сістэмай (перыядам) прадстаўлены амаль усе тыпы і большасць класаў марскіх беспазваночных жывёл, сярод раслін пашыраны бактэрыі і водарасці. З’явіліся першыя прымітыўныя пазваночныя; беспазваночныя і расліны выйшлі на сушу. Найб. важныя для расчлянення адкладаў групы ардовікскай фауны: грапталіты, канадонты, трылабіты, брахіяподы і каланіяльныя каралы. Карысныя выкапні: нафта і газ (у Паўн. Амерыцы), гаручыя сланцы (Прыбалтыка), фасфарыты, руды жалеза, марганцу, медзі, свінцу, цынку, кобальту, ёсць золата, рэдказямельныя металы, хрызатыл-азбест, графіт. Стратыграфічны падзел ардовікскай сістэмы (перыяду) у кожным рэгіёне асобны. Найб. пашыраны — на 3 аддзелы і 6 ярусаў. Да ніжняга аддзела адносяць трэмадокскі і арэнігскі ярусы, да сярэдняга — ланвірнскі, ландэйльскі і карадокскі, верхні ўключае ашгільскі ярус. Гэты падзел пакладзены ў аснову рэгіянальнай стратыграфічнай схемы ардовікскіх адкладаў Беларусі (1981), у якой на падставе характэрных комплексаў брахіяподаў і імшанак вылучаны больш дробныя адзінкі — рэгіянальныя гарызонты.

Літ.:

Ропот В.Ф., Пушкин В.И. Ордовик Белоруссии. Мн., 1987;

Никитин И.Ф. Ордовик // Стратиграфия и палеонтология древнейшего фанерозоя. М., 1984.

А.​С.​Махнач, У.​І.​Пушкін.

т. 1, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЮ́БАНСКІ РАЁН.

На ПдУ Мінскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 1963). Пл. 1,9 тыс. км². Нас. 45,5 тыс. чал. (1998), гарадскога 37%. Сярэдняя шчыльнасць 24 чал. на 1 км². Цэнтр — г. Любань. Уключае г.п. Урэчча, 125 сельскіх нас. пунктаў. 11 сельсаветаў: Асавецкі, Дарасінскі, Камунараўскі, Ляхаўскі, Малагарадзяціцкі, Рачэнскі, Сароцкі, Соснаўскі, Тальскі, Юшкавіцкі, Ямінскі.

Паўн. ч. раёна размешчана на Цэнтральнабярэзінскай раўніне, паўд. — у межах Прыпяцкага Палесся. Паверхня раўнінная з агульным нахілам з Пн на Пд. 85% тэр. раёна на вышыні ніжэй за 150 м, найвыш. пункт 190 м (на Пн ад в. Юшкавічы). Карысныя выкапні: торф, сапрапель, мел, калійная і каменная солі, гаручыя сланцы, пясчана-жвіровы матэрыял, буд. пяскі, гліны для цэглы, крыніца мінер. вады. Сярэдняя т-ра студз. -6,3 °C, ліп. 18,2 °C. Ападкаў 597 мм за год. Вегетац. перыяд 194 сут. Найб. р. Арэса з прытокам Таліца. Азёры: Вячэра, Баяніцкае; на р. Арэса Любанскае вадасховішча. Найб. меліярац. каналы: Слаўкавіцка-Ямінскі канал, Чабускі, Цахмінскі і інш. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (46,8%), дзярнова-падзолістыя (17,7%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (17,5%), дзярновыя забалочаныя (16,8%). Пад лесам 33% тэрыторыі, з іх 27,5% — штучныя, пераважна хваёвыя насаджэнні. Лясы хваёвыя, бярозавыя, чорнаальховыя, трапляюцца дубовыя, яловыя і інш. Найб. лясістасць на ПнУ і Пд, на мяжы з Жыткавіцкім р-нам суцэльны лясны масіў. Пал балотамі 0,7% тэр. раёна. Заказнікі мясц. значэння гідралагічныя: Астраўкі, Вежань, Загальскі масіў, Пасецкі Бор. Помнікі прыроды мясц. значэння: камень-пескавік каля в. Ператок, група з 6 дубоў у Ямінскім лясніцтве, дуб каля в. Камуна, дуб у Соснаўскім лясніцтве, 2 крыніцы ў г.п. Урэчча.

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 79,2 тыс. га, з іх асушаных 62,3 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 20 калгасаў, 2 саўгасы, 15 фермерскіх гаспадарак. Асн. кірункі сельскай гаспадаркі: малочна-мясная жывёлагадоўля, свінагадоўля, бульбаводства, ільнаводства і буракасеянне. Вырошчваюць збожжавыя і кармавыя культуры. Прадпрыемствы буд. матэрыялаў (дробныя сценавыя блокі, Любанскі камбінат будаўнічых матэрыялаў), харч. (сыр, масла, спірт і інш.), крухмала-патачнай (крухмал, кісель), пач. апрацоўкі лёну (ільновалакно), швейнай і лясной (піламатэрыялы, мэблевыя загатоўкі, вываз драўніны) прам-сці; рыбгас «Любань». Па тэр. раёна праходзіць чыгунка Баранавічы—Асіповічы. Раённы цэнтр звязаны аўтадарогамі са Слуцкам, Салігорскам, Глускам, Урэччам, Жыткавічамі. У раёне 27 сярэдніх, 9 базавых, пач., вячэрняя, муз., спарт. школы, Дом дзіцячай творчасці, вучэбна-вытв. камбінат, 31 дашкольная ўстанова, 41 дом культуры і клуб, 41 б-ка, 9 бальніц, паліклініка, 3 амбулаторыі, 20 фельч.-ак. пунктаў, санаторый. Любанскі музей нар. славы. Мемар. комплекс «Зыслаў». Выдаецца газ. «Голас Любаншчыны».

Г.​С.​Смалякоў.

т. 9, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕНІ́НЫ, Апенінскія горы (Appennino),

горная сістэма на Апенінскім п-ве ў Італіі. Працягласць каля 1200 км з ПнЗ на ПдУ ад Альпаў да Месінскага праліва. Сярэдневышынныя горы (пераважныя выш. 1200—1800 м), складаюцца з асобных, б.ч. паралельных хрыбтоў і ўзгорыстых перадгор’яў. Выш. да 2914 м (г. Корна). Адзіны невял. ледавік у масіве Гран-Саса-д’Італія. Паводле геал. будовы і рэльефу падзяляюцца на Паўн. Апеніны (Лігурыйскія і Таскана-Эміліянскія), Цэнтр. Апеніны (Умбра-Маркскія і Абруцкія) і Паўд. Апеніны (Неапалітанскія і Луканскія). Пераважаюць параўнальна спадзістыя схілы, сталовыя горы, купалападобныя гранітна-гнейсавыя масівы. У Цэнтр. Апенінах хрыбты скалістыя, са стромкімі схіламі, старажытналедавіковымі і карставымі формамі рэльефу. На У гал. ланцугі Апенінаў суправаджаюцца шырокай паласой узгорыстых перадгор’яў, за якой уздоўж берагоў Адрыятычнага м. ўзвышаюцца вапняковыя плато п-воў Гаргана і Саленціна. Зах. схіл Апенінаў больш стромкі, скідавы; на З ад Цэнтр. Апенінаў шырокая перадгорная паласа з асобнымі невысокімі хрыбтамі, вулканічнымі масівамі (у т. л. Везувій, Флегрэйскія палі), туфавымі плато. Апеніны ўтварыліся ў выніку альпійскага арагенезу. Тэктанічныя працэсы працягваюцца, аб чым сведчаць землетрасенні і вулканічная дзейнасць. Карысныя выкапні: буд. і вырабны камень, ртуць, буры вугаль і лігніт, бітумінозныя сланцы, баксіты, прыродны газ, нафта, тэрмальныя воды. Клімат субтрапічны міжземнаморскі, на ўсх. схілах і ў катлавінах з рысамі кантынентальнага. Ападкаў на зах. схілах 1000—2000 мм за год (у Лігурыйскіх Апенінах да 3000 мм), на ўсх. схілах і ў замкнутых катлавінах 600—800 мм. Сярэдняя т-ра студз. каля падножжа гор на Пн 0 °C, на Пд да 11 °C. Сярэдняя т-ра ліп. на Пн 24 °C, на Пд да 28 °C. У гарах вышэй за 2000 м 180—190 сут за год ляжыць снег. Рэкі мнагаводныя восенню і зімой, найб. Тыбр, Арна. Да выш. 300—500 м на Пн і 600—800 м на Пд на схілах гор палі, сады, вінаграднікі, аліўкавыя насаджэнні, месцамі гаі каменнага і коркавага дубу, алепскай хвоі, пініі, вечназялёныя хмызнякі (маквіс, гарыга); глебы пераважна карычневыя. Да выш. 900 м на Пн і 1000—1200 м на Пд — мяшаныя лясы з дубу, хвоі, каштану і інш., хмызнякі, пусткі; глебы горныя буразёмы і перагнойна-карбанатныя. Вышэй за 900 м на Пн, 1000—1200 м на Пд — букавыя і хвойныя (піхта, хвоя) лясы на горных буразёмах і горных падзолістых глебах. На найб. высокіх хрыбтах (вышэй за 2000—2500 м) участкі субальпійскіх і альпійскіх лугоў. Жывёльны свет збяднелы ў сувязі з дзейнасцю чалавека. Трапляюцца воўк, буры мядзведзь, сарна, лань, дзікабраз, шмат паўзуноў і птушак (беркут і інш.). Земляробства ў горных далінах і катлавінах, каля падножжа гор. Рэкі выкарыстоўваюцца для арашэння і выпрацоўкі электраэнергіі. Турызм.

А.​М.​Баско.

Тыповы ландшафт у Апенінах.

т. 1, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАТЭРАЗО́Й (ад грэч. proteros больш ранні + zōē жыццё),

пратэразойская акратэма (акрон), верхняя частка геал. утварэнняў дакембрыю і адпаведны адрэзак часу (акрон) іх фарміравання. Залягаюць на ўтварэннях архею, перакрываюцца адкладамі фанеразою. Пачаўся каля 2,5 млрд. г. назад і закончыўся 570 млн. г. назад. Тэрмін «П.» прапанаваў амер. геолаг Э.​Эманс у 1888. Розныя краіны маюць свае стратыграфічныя схемы П.; у СССР з 1977 (цяпер і ў краінах СНД) падзяляюць П. на ніжні (карэлій) і верхні (рыфей і венд) з мяжой на ўзроўні 1650 ± 50 млн. г.

Да пачатку П. завяршылася кратанізацыя зямной кары. Скучванне яе глыб прывяло да ўтварэння гіганцкага адзінага кантынента Пангея-0 (гл. Пангея). На працягу карэлію развіваліся протагеасінкліналі, якія падзялілі Пангею-0 на вял. колькасць протаплатформ. У канцы карэлію (1,8—1,7 млрд. г. назад) протагеасінкліналі моцна спаялі протаплатформы складкавымі сістэмамі. Утварыўся суперкантынент Пангея-1, які ў познім рыфеі распаўся на суперкантыненты Гандвану і Лаўразію.

Пароды П. разам з архейскімі складаюць фундамент стараж. платформ і выходзяць на паверхню на шчытах (Украінскі, Балтыйскі, Алданскі і інш.) і ў сярэдзінных масівах. Паводле саставу, ступені метамарфізму і характару складкавасці пароды ніжняга П. падобныя на архейскія, пераважна адпавядаюць амфібалітавай і зялёнасланцавай фацыям метамарфізму, у меншай ступені праявіліся гранітызацыя і мігматызацыя; часцей трапляюцца карбанатныя пароды, розныя гнейсы і сланцы. Пароды ніжняга П. прарваны інтрузіямі гранітаў і габроідаў. Для завяршальнага этапу магматызму ў П. на Балтыйскім шчыце і ў фундаменце Рускай пліты характэрны граніты рапаківі, прымеркаваныя да мяжы карэлію і рыфею. Пароды верхняга П. больш блізкія да палеазойскіх і прадстаўлены неметамарфізаванымі і слабаметамарфізаванымі тэрыгеннымі (пясчанікі, кварцыты, кангламераты, гліны, аргіліты), карбанатнымі (вапнякі, мармур) і вулканагеннымі адкладамі. У асадкавых пародах П. пашыраны (пераважна ў верхнім П.) арган. рэшткі — прадукты жыццядзейнасці бактэрый, цыянабактэрый і сіне-зялёных водарасцей (страматаліты, анкаліты, фіталіты). У познім рыфеі прысутнічаюць рэшткі мікрафлоры, у вендзе — мнагаклетачных бесшкілетных жывёлін — чарвей, медузоідаў і інш., што сведчыць пра павелічэнне ў марской вадзе долі свабоднага кіслароду. З адкладамі П. звязаны радовішчы жалеза, марганцу, медзі, нікелю, хрому. кобальту, тытану, урану і інш.

На Беларусі ў крышт. фундаменце адклады П. прадстаўлены гнейсамі, амфібалітамі і сланцамі аколаўскай серыі ў цэнтры краіны (Аколаўская грабен-сінкліналь) і сланцамі і вулканітамі жыткавіцкай серыі ў межах Мікашэвіцка-Жыткавіцкага выступу, іх прарываюць гранітоіды жухавіцкага, бабаўнянскага. жыткавіцкага, а таксама габроіды і дыябазы русінаўскага, нагорнаўскага комплексаў і інш. У аколаўскай серыі выяўлена некалькі калчаданных, жалезных (гл. Аколаўскае радовішча жалезных рудаў) рудапраяўленняў. З пародамі, што перасякаюць жыткавіцкую серыю, звязаны руды рэдкіх металаў.

Літ.:

Семихатов М.А. Стратиграфия и геохронология протерозоя. М., 1974.

І.​В.​Найдзянкоў.

т. 13, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕНІНГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ Размешчана на ПнЗ еўрап. ч. Рас. Федэрацыі. Утворана 1.8.1927. Мяжуе на ПнЗ з Фінляндыяй, на З — з Эстоніяй. Абмываецца Фінскім зал. Балтыйскага м., Ладажскім і Анежскім азёрамі. Пл. 85,9 тыс. км². Нас. (без Санкт-Пецярбурга) 1679 тыс. чал. (1997), гарадскога 66%. Цэнтр — Санкт-Пецярбург. Найб. гарады: Гатчына, Выбарг, Ціхвін, Сасновы Бор, Волхаў, Кінгісеп.

Прырода. Берагавая лінія Фінскага зал. слаба парэзаная, за выключэннем раёна Выбаргскага зал. (шхеры). На большай ч. тэр. вобласці — нізіны (Прыбалтыйская, Прынеўская, Вуоксінская, Свірская і інш.) са слядамі дзейнасці ледавіковых вод. Паміж Фінскім зал. і Ладажскім воз. — Карэльскі перашыек з Лембалаўскім узв. (выш. да 179 м) у цэнтры. На З вобласці распасціраецца Балтыйска-Ладажскі ўступ (Глінт). На Пд ад яго размешчана Ардовікскае плато, у межах якога знаходзіцца Іжорскае ўзв. (выш. да 168 м). На ПнУ Вепсаўскае ўзв. (выш. да 291 м), на У Ціхвінская града. Карысныя выкапні: гаручыя сланцы, баксіты, фасфарыты, гліны, граніт, вапнякі, пяскі. Крыніцы мінер. вод. Клімат пераходны ад марскога да кантынентальнага. Сярэдняя т-ра студз. 9—11 °C, ліп. 16—17 °C. Ападкаў 750—850 мм за год. Гал. рэкі: Нява, Свір, Волхаў, Луга, Сясь, Вуокса. Каля 1800 азёр. Глебы дзярнова-падзолістыя, балотныя, алювіяльныя, ёсць урадлівыя дзярнова-карбанатныя. Пад лесам 55% тэрыторыі. На Карэльскім перашыйку Ліндулаўскі лістоўнічны гай. Балоты займаюць каля 12% тэрыторыі. Ніжнясвірскі запаведнік.

Гаспадарка. Прам-сць Л.в. цесна звязана з Санкт-Пецярбургам. У галіновай структуры прам-сці вядучае месца займаюць паліўная, электраэнергетыка, машынабудаванне, лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая. Вядзецца здабыча гаручых сланцаў і торфу. Ленінградская АЭС, 8 ГЭС (Волхаўская, Свірская, Нарвенская, Вуоксінская і інш.), Кірышская ДРЭС. Машынабудаванне і металаапрацоўка прадстаўлены суднабудаваннем і суднарамонтам, вытв-сцю вузлоў для трактароў і металаліццём, вырабам абсталявання для цэлюлозна-папяровай і хім. прам-сці, машын для жывёлагадоўлі і кормавытворчасці. Металургічны комплекс грунтуецца на перапрацоўцы баксітаў і прывазных (з Кольскага п-ва) нефелінаў на гліназёмных з-дах, алюмініевым камбінаце. Нафтаперапр. прам-сць. Хім. прам-сць (вытв-сць двайнога суперфасфату, амафосу, сернай кіслаты, перапрацоўка сланцаў, быт. хімія, лесахім. прадукты). Развіта лясная, дрэваапр., цэлюлозна-папяровая прам-сць; лёгкая і харч. (у т. л. рыбная і рыбакансервавая) галіны. Прам-сць буд. матэрыялаў. Сельская гаспадарка прыгараднага тыпу. Вядучая галіна — жывёлагадоўля, пераважна малочна-мясная, свінагадоўля (племянныя пароды), птушкагадоўля. Зверагадоўля (блакітны пясец, норка). Конегадоўля. Пад с.-г. ўгоддзямі 745,4 тыс. га, у т. л. пад ворнымі землямі 423,8 тыс. га. У раслінаводстве каля ​2/3 пасяўных плошчаў пад кармавымі культурамі. Вырошчваюць бульбу, агародніну, са збожжавых сеюць жыта, авёс, ячмень. Даўж. чыгунак 2780 км. Асн. чыг. вузлы: Санкт-Пецярбург, Выбарг, Гатчына. Даўж. аўтадарог з цвёрдым пакрыццём 10 тыс. км. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Беламорска-Балтыйскім і Сайменскім каналах, па Ладажскім і Анежскім азёрах, рэках Нява, Свір і інш. Марскія парты: Санкт-Пецярбург, Выбарг. Развіты трубаправодны транспарт. Турызм, Ленінградская і Выбаргская курортныя зоны.

В.​М.​Корзун.

т. 9, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)