кві́нта

(лац. quinta = пятая)

1) муз. пятая ступень дыятанічнай гамы; інтэрвал, які ахоплівае 5 ступеней;

2) самая высокая па тону струна скрыпкі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

БЕ́НДА (Benda),

чэшскія музыканты, браты. Нарадзіліся ў г. Старэ-Бенаткі, Чэхія.

Іржы (Георг) Антанін (30.6.1722—6.11.1795), кампазітар, скрыпач, дырыжор. З 1742 скрыпач прыдворнай капэлы ў Берліне, з 1750 у г. Гоце, прыдворны капельмайстар (1770—78). Выступаў з выкананнем сваіх твораў у Гамбургу, Вене, Парыжы, Берліне. Стварыў узоры меладрамы: «Арыядна на Наксосе» і «Медэя» (1775), «Пігмаліён» (паводле Ж.​Ж.​Русо, 1779). Аўтар зінгшпіляў «Вясковы кірмаш» (1775), «Дрывасек, або Тры жаданні» (1778) і інш., кантат, сімфоній, канцэртаў з аркестрам, санат, культавых харавых твораў.

Францішак (Франц; 22.11.1709—7.3.1786), скрыпач і кампазітар. З 1726 канцэртаваў па Зах. Еўропе. З 1733 у Берліне, прыдворны скрыпач, канцэртмайстар Каралеўскага аркестра. Аўтар сімфоній, канцэртаў для скрыпкі з аркестрам і для клавесіна, санат для скрыпкі з basso continuo, трыо-санат, скрыпічных п’ес. Напісаў «Аўтабіяграфію» (рус. пер. у час. «Музыкальный и театральный вестник», 1856, № 41, 42, 44).

т. 3, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕГА́Р ((Lehár) Ферэнц Франц) (30.4. 1870, г. Комарам, Венгрыя — 24.10. 1948),

венгерскі кампазітар, дырыжор. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1888, клас А.Беневіца). З 1888 скрыпач у тэатр. аркестрах Будапешта і Вены, ваен. капельмайстар. З 1902 дырыжор венскага т-ра «Ан дэр Він». Адзін з заснавальнікаў т. зв. новай венскай аперэты. Яго музыка адметная лірычнай інтанацыйнасцю, заснаванай на спалучэнні венг., рум., аўстр. і слав. элементаў. Пашырыў рамкі класічнай аперэты, наблізіў яе да камічнай оперы і зінгшпілю. Аўтар больш за 30 аперэт. Найб. вядомыя «Вясёлая ўдава» (1905), «Цыганскае каханне» (1910), «Фраскіта» (1922; усе паст. Дзярж. т-рам муз. камедыі Беларусі адпаведна ў 1978, 1974, 1984), «Граф Люксембург» (1909). Сярод інш. твораў: опера «Зязюля» (паст. 1896); сімф. паэма для голасу з арк. (1917); канцэрты для скрыпкі з арк.; санаты для скрыпкі і фп.; маршы, вальсы, песні; музыка да драм. спектакляў.

Ф.Легар.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

скры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.

Самы высокі па тэмбру і дыяпазону чатырохструнны смычковы музычны інструмент. Настаўнік зняў са сцяны скрыпку, настроіў сяк-так струны і пачаў вадзіць па іх смыкам. Колас. З дынаміка паплылі меладычныя гукі скрыпкі. Ваданосаў.

•••

Іграць першую скрыпку гл. іграць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БА́ТАЎ (Іван Андрэевіч) (1767, б. Маскоўская губ. — 30.6.1841),

рускі майстар муз. інструментаў. Прыгонны графа М.​П.​Шарамецева, у 1822 атрымаў вольную. Вырабляў скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары, рэстаўрыраваў старадаўнія інструменты. Дасканаласць іх вырабу і выдатныя гукавыя якасці прынеслі яму сусв. вядомасць. На выстаўцы ў Пецярбургу (1829) за скрыпку і віяланчэль Батаву прысуджаны Вялікі сярэбраны медаль.

т. 2, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ВІРТУО́ЗЫ МАСКВЫ́»,

камерны аркестр. Створаны ў 1982 як дзяржаўны камерны аркестр Мін-ва культуры Расіі «Віртуозы Масквы». Канцэртуе з 1979. Арганізатар, саліст і маст. кіраўнік У.​Співакоў. Мае вял. і разнастайны класічны і сучасны рэпертуар: сімфоніі і канцэрты для аркестра, для фп. і для скрыпкі з аркестрам, для скрыпкі і альта з аркестрам В.​А.​Моцарта, Т.​Альбіноні, А.​Вівальдзі, Л.​Бакерыні, творы І.​С.​Баха (у т. л. «Арыя», выканана ў г. Дахаў, Германія), Л.​Бетховена, Ф.​Шуберта, І.​Штрауса, І.​Брамса, П.​Чайкоўскага, А.​Рубінштэйна, Л.​Бернстайна, Дз.​Шастаковіча (у т. л. 14-я камерная сімфонія ў памяць аб ахвярах фашызму, выканана ў Дахаў) і інш. З 1989 пастаянны ўдзельнік Міжнар. муз. фестывалю ў г. Кармар Кальмар (Францыя); з ім выступаюць лепшыя выканаўцы сучаснасці. З 1990 на кантрактнай аснове працуе ў Іспаніі. Гастраліруе ва ўсім свеце, неаднаразова выступаў на Беларусі.

т. 4, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУБРО́ЎСКІ (Віктар Паўлавіч) (15.12.1927, г. Варонеж, Расія — 17.10.1994),

рускі і бел. дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1959), нар. арт. Расіі (1969). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах скрыпкі (1949) і сімф. дырыжыравання (1953). З 1952 працаваў у розных аркестрах Расіі, у т. л. ў Дзярж. сімф. аркестры СССР, Дзярж. акад. рус. нар. аркестры імя Осіпава, сімф. аркестры Смаленскай філармоніі (з 1994 імя Д.). У 1956—62 і 1991—94 гал. дырыжор Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі. У рэпертуары буйныя творы муз. класікі, сучасных аўтараў. Першы інтэрпрэтатар многіх твораў бел. кампазітараў, у т. л. 5-й сімфоніі М.​Аладава, сімф. паэмы «Нарач» У.​Алоўнікава, вак.-сімф. паэмы «Вечна жывыя» і «Святочнай уверцюры» Г.​Вагнера, фантазіі на тэмы бел. нар. песень В.​Залатарова, 2-га канцэрта для скрыпкі з арк. П.​Падкавырава, сімф. паэмы «Сказ пра Палессе» У.​Будніка, 8-й сімфоніі Дз.​Смольскага і інш.

т. 6, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРЭ́ЛІК (Леў Давыдавіч) (16.2.1929, г. Бабруйск Магілёўскай вобл. — 11.4.1996),

бел. скрыпач, педагог. Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыў Бел. кансерваторыю (1952, класы А.Амітона, А.Бяссмертнага). З 1945 артыст Дзярж. акад. сімф. аркестра Беларусі, з 1956 канцэртмайстар аркестра Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, адначасова з 1952 выкладаў у спец. муз. школе пры кансерваторыі, у 1960—77 у Мінскім муз. вучылішчы, з 1981 у Бел. кансерваторыі (з 1992 Бел. акадэмія музыкі; з 1993 дацэнт). Музыкант яркай індывідуальнасці, вял. тэхн. магчымасцей, здольны да тонкага пранікнення ў стыль і характар музыкі. Выступаў у канцэртах як саліст і ансамбліст. Першы выканаўца большасці твораў бел. скрыпічнай музыкі, у т. л. фантазій для скрыпкі з аркестрам М.​Аладава, Г.​Вагнера, канцэртаў П.​Падкавырава, Р.​Суруса, Г.​Гарэлавай, канцэрціна Дз.​Смольскага, санат А.​Багатырова, Падкавырава, Л.​Абеліёвіча, Э.​Тырманд, прысвечанай яму «Паэмы» для скрыпкі і фп. Вагнера і інш.

І.​І.​Зубрыч.

Л.Д.Гарэлік.

т. 5, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́НДРЖЫЧАК ((Ondríćek) Францішак) (29.4.1857, Прага — 12.4.1922),

чэшскі скрыпач, педагог, кампазітар. Вучыўся ў Пражскай (1873—76) і Парыжскай (1877—79) кансерваторыях у А.Беневіца і Л.​Ж.​Масара. У 1879—81 саліст аркестра Ж.​Э.​Падлу ў Парыжы. З 1909 выкладчык, з 1912 дырэктар заснаванай ім Новай венскай кансерваторыі, з 1919 кіраўнік скрыпічнага класа Школы майстэрства пры Пражскай кансерваторыі. Яго выкананне вылучалася віртуознасцю, чысцінёй інтанавання, адточанасцю дэталей і эмацыянальнасцю. Аўтар твораў для скрыпкі і фп., у т. л. «Фантазіі на тэмы оперы «Іван Сусанін» Глінкі» (1889), «Чэшскай рапсодыі» (1906), танцаў і інш. п’ес, кадэнцый да скрыпічных канцэртаў Н.​Паганіні, І.​Брамса, В.​А.​Моцарта і інш. Напісаў (разам з С.​Мітэльманам) метадычную працу «Новы метад навучання вышэйшай тэхніцы скрыпічнай ігры...» (1909; з дадаткам — 15 маст. эцюдаў для скрыпкі сола).

Літ.:

Ших Б. Ф.​Ондржичек. Пер. с чеш. М., 1958;

Яго ж. F.Ondřiček: Český houslista. Praha;

Bratislava, 1970.

т. 11, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

арке́стр, ‑а, м.

1. Сукупнасць музычных інструментаў, што ўдзельнічаюць у выкананні музычнага твора; калектыў музыкантаў, якія сумесна выконваюць музычны твор. Сімфанічны аркестр. Духавы аркестр. Зводны аркестр. Аркестр цымбалістаў. □ Барабан, дзве скрыпкі і цымбалы, Невялікі аркестр, а выгляд сталы. Лужанін.

2. Месца перад сцэнай у тэатры, дзе знаходзяцца музыканты.

[Ад грэч. orchēstra — пляцоўка перад сцэнай у старажытнагрэчаскім тэатры.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)