ДАРБІ́СТЫ, евангельскія хрысціяне дарбісты, плімуцкія браты,

рэлігійная пратэстанцкая секта. Створана ў 1820—30-я г. ў г. Плімут (Англія) святаром Дж.​Н.​Дарбі (адсюль назва) як абшчына, апазіцыйная афіц. англіканскай царкве. Веравучэннем блізкія да баптыстаў і евангельскіх хрысціян. Вялі прапаганду сярод хрысціян і іудзеяў. Абраднасць больш спрошчаная. Д. поўнасцю адмаўляюць духавенства як асобную прафесійную групу і надаюць вял. значэнне асабістаму тлумачэнню Бібліі. Найб. распаўсюджаны ў Англіі і яе б. калоніях і дамініёнах, Зах. Еўропе. У пач. 20 ст. з’явіліся ў Беларусі (Мінск). У 1920—30-я г. ў Зах.

Беларусі склаліся 3 цэнтры Д.: у Брэсце, Кобрыне, Пінску, якія праводзілі місіянерскую работу сярод мясц. сялян, а таксама яўрэяў. Пасля Вял. Айч. вайны дзейнасць секты заняпала.

Б.​І.​Камейша.

т. 6, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

іегаві́сты

(англ. jegovists, ад ст.-яўр. Jahwe = імя бога ў іудаізме)

члены хрысціянскай секты, заснаванай у 1872 г. у ЗША; прызнаюць адзіным богам Іегову, адвяргаюць хрысціянскія догматы.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

іегаві́ст

(ад ст.-яўр. Jahwe = імя бога ў юдаізме)

член хрысціянскай секты, заснаванай у 1872 г. ў ЗША; прызнаюць адзіным богам Іегову, адвяргаюць асноўныя хрысціянскія догматы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

се́кта, ‑ы, М ‑кце, ж.

1. Рэлігійная абшчына, якая адкалолася ад пануючай царквы. Летась ён пасватаўся да нашай Мацяні, але тая адмовіла, і адмовіла толькі па той прычыне, што Шумейка нейкі час быццам быў звязаны з нейкай баптысцкай сектаю і заве іх «прайдзісветамі з вялікай дарогі». Савіцкі.

2. перан. Наогул усякая адасобленая група людзей. Усе заклінальнікі змей у Марока — берберы, якія належаць да асобнай секты ці брацтва заклінальнікаў. В. Вольскі.

[Ад лац. secta — вучэнне, напрамак, школа.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

БАГАМІ́ЛЫ, багумілы,

адна з буйнейшых ерэтычных сектаў еўрап. сярэднявечча (назва, верагодна, ад спалучэнняў слоў «Бог» + «мілы», магчыма, ад імя заснавальніка секты балг. святара Багаміла). Узніклі ў 10 ст. на Балканах пад уплывам паўлікіянства. У 11 ст. рух багамілаў (багамільства) пашырыўся ў М. Азіі, Італіі, Францыі, дзе на гэтай глебе ўзніклі секты катараў і альбігойцаў. У 13 ст. было 16 цэркваў багамілаў, у т. л. 3 у Францыі, 7 у Італіі; на Балканах — 3 дыяцэзіі (Балгарская, Драгавіцкая, Баснійская); у Малаазійскай Філадэльфіі — біскупства. У 14 ст. існавалі і на Афоне. Паводле веравучэння, багамілы — нашчадкі маніхейскага дуалізму. Згодна з іх дагматыкай, у свеце існуюць 2 апазіцыйныя сілы — Дабро і Зло (часам прадстаўленыя Белабогам і Чарнабогам). Вярхоўны Бог стварыў нябачны духоўны свет і анёлаў; матэрыяльны свет (зямлю, чалавека) — яго першародны сын Сатанаіл (шатан), які за бунт супраць бацькі быў скінуты з неба. Свет заставаўся ва ўладзе шатана, пакуль Бог не паслаў на зямлю другога свайго сына — Хрыста, які адабраў у шатана рэшткі боскай сілы і вярнуўся на неба. Багамілы адмаўлялі Стары Запавет, хрысц. царкву і яе таямніцы (сакраманты), асуджалі багацце, выступалі супраць эксплуатацыі. Падзяляліся на 2 катэгорыі: вышэйшую — дасканалыя і ніжэйшую — вернікі. Лад жыцця дасканалых быў сурова аскетычны, накіраваны на адыход ад свету зла — матэрыяльнасці. Барацьба з багамільствам пачалася з 10 ст. У 11 ст. ў Канстанцінопалі спалены лідэр іх абшчыны Базыль, у 1180 у Сербіі спалены лідэры багамілаў і іх кнігі. У 1237 папа рымскі Ганоры III склікаў крыжовы паход супраць баснійскіх багамілаў, але пасля нашэсця татараў на Венгрыю багамільства ў Босніі на 2 стагоддзі ператварылася ў нац. рэлігію. У 1450 кароль Томас загадаў падданым вярнуцца да каталіцкай веры, якую пасля захопу туркамі Босніі (1463) і Герцагавіны (1482) многія змянілі на іслам. Пазней багамільства складалася з асобных сектаў, якія праіснавалі да 18 ст.

Літ.:

obolensky D. The Bogomils: A study in Balkan neomanichaeism. Cambridge, 1948;

Runciman S. The medieval Manichee: A study of the Christian Dualist Heresy. Cambridge, 1947.

І.​М.​Дубянецкая.

т. 2, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

фарысе́й

(гр. pharisaios, ад ст.-яўр. paruchim = адшчапенец)

1) член рэлігійна-палітычнай секты ў Старажытнай Іудзеі, што абараняла інтарэсы заможных слаёў насельніцтва і вызначалася фанатызмам і крывадушнасцю;

2) перан. ханжа, крывадушнік.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ЛЕБО́Н ((Le Bon) Густаў) (7.5.1841, г. Нажан-ле-Ратру — 13.12.1931),

французскі сацыёлаг, антраполаг і публіцыст, адзін з заснавальнікаў сацыяльнай псіхалогіі. Д-р медыцыны. Скончыў Парыжскі ун-т (1886). Даследаваў псіхалагічныя дэтэрмінанты этн. канфліктаў і цыклічны характар развіцця цывілізацый, ролю псіхічных фактараў (эмоцый, пачуццяў, вераванняў і інш.) у гіст. працэсе («Псіхалагічныя законы эвалюцыі народаў», 1894; «Эвалюцыя сучаснага свету», 1927). Аўтар адной з першых тэорый масавага грамадства. Атаясамліваў масу з натоўпам, у якім індывіды трацяць пачуццё адказнасці і апынаюцца ва ўладзе ірацыянальных пачуццяў, паколькі імі кіруе закон «духоўнага адзінства натоўпу». Увёў класіфікацыю натоўпаў, падзяляючы іх на аднародныя (класы, секты, касты) і разнародныя (вулічны натоўп, парламенцкія сходы і інш.). Прадказваў наступленне «эры мас» і звязаны з гэтым упадак культуры і духоўнасці грамадства («Псіхалогія натоўпу», 1895). Выступаў супраць усіх форм сац. роўнасці і рэвалюцый, дасягненні цывілізацыі звязваў з вынікамі дзейнасці эліты, асабістымі інтэлектуальнымі здольнасцямі і прадукцыйнай творчай працай асобы.

Тв.:

Рус. пер. Психология народов и масс. СПб., 1995;

Психология социализма. СПб., 1996.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 9, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

мантані́сты

(лац. montanistae < гр. montanistai, ад Montan = імя жраца)

члены хрысціянскай секты, заснаванай у 2 ст. Мантанам, якая выступала супраць канцэнтрацыі ўлады ў руках епіскапаў і заклікала да адмаўлення ад уласнасці.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

фарысе́й

(гл. pharisaios, ад ст.-яўр. parusz = аддзелены)

1) член рэлігійна-палітычнай секты ў Стараж. Іудзеі, што абараняла інтарэсы заможных слаёў насельніцтва і вызначалася фанатызмам і крывадушшам;

2) перан. ханжа, крывадушнік.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

мармо́ны

(англ. mormons, ад Mormon = імя ізраільскага прарока)

члены рэлігійнай секты, якая была заснавана ў ЗША Дж. Смітам (у 1830 г. апублікаваў кнігу «Мармона») і ўяўляе сабой спалучэнне элементаў розных рэлігій (хрысціянства, будызму, ісламу).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)