ПАЭ́ТЫКА (ад грэч. poiētikē паэтычнае мастацтва),

1) у шырокім сэнсе — тое, што і тэорыя літаратуры (гл. ў арт. Літаратуразнаўства).

2) Раздзел літаратуразнаўства, у якім вывучаецца структура, асаблівасці і змястоўнасць літ. формы.

3) Сістэма спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету ў іх змястоўнай, сэнсава-выяўл. сутнасці, абумоўленая ідэйнай задумай мастака. П. падзяляецца на агульную (тэарэт.), функцыян. (апісальную) і гістарычную. Вылучаюць таксама параўнальную, практычную і сацыялагічную П. Агульная П. аперыруе агульнымі заканамернасцямі і элементамі л-ры як сістэмы: даследуе ўсе магчымыя спосабы маст. ўвасаблення аўтарскай задумы і законы суадносін розных творчых метадаў арганізацыі тэксту з літ. жанрам, відам, родам. Падзяляецца на 3 галіны, што вывучаюць гукавую, славесную і вобразную будову тэксту. Функцыянальная П. аналізуе эстэт. кампаненты твораў пэўнага літ. кірунку, жанру ці перыяду творчасці пісьменніка (П. рамана, П. рамантызму, паэтыка М.​Танка і інш.). Гістарычная П. вывучае рух і змену літ. форм у працэсе гіст. эвалюцыі, паходжанне і развіццё маст. сродкаў (эпітэт, метафара, метрыка верша і г.д.) у залежнасці ад сац.-гіст. і літ. умоў, карыстаецца параўнальна-гіст. метадам даследавання, імкнецца абагульніць вынікі сусв. літ. працэсу. Параўнальная П. займаецца тыпалагічным супастаўленнем спосабаў і сродкаў вобразнага адлюстравання свету дзвюма і больш нац. л-рамі (напр., параўнальная метрыка ўсх.-слав. верша), засноўваецца на параўнальнай стылістыцы, карыстаецца данымі перакладу мастацкага. Сацыялагічная П. даследуе ўздзеянне сац. фактараў на змену літ. форм. Практычную П. складаюць розныя курсы і дапаможнікі па агульнай П., разлічаныя на шырокага чытача; задача яе — выхаванне паэт. культуры, азнаямленне з асновамі вершаскладання.

Першае сістэм. выкладанне П. даў Арыстоцель. Яго традыцыя развівалася як нарматыўная П., што ўстанаўлівала стылістычныя прынцыпы будовы маст. твораў (працы Гарацыя, Н.​Буало, В.​Традзьякоўскага, М.​Ламаносава). Элементы нарматыўнасці П. распрацоўвалі пэўныя літ. кірункі і плыні (напр., П. сімвалістаў), асобныя паэты (П. А.​Пушкіна). Да 18 ст. пераважала П. вершаваных (высокіх) жанраў. Значнымі ў яе развіцці сталі канцэпцыі Г.​Лесінга (вызначыў паэзію як мастацтва, якое разгортваецца ў часе, у адрозненне ад выяўл. мастацтва), В.​Гумбальта (разумеў мову як творчасць), рас. рэв. дэмакратаў (В.​Бялінскага, М.​Дабралюбава, М.​Чарнышэўскага і інш.). У 19 ст. П. займалася «акадэмічная» навука (А.​Весялоўскі, А.​Патабня, С.​Шавыроў). У 1920-я г. ў П. пашырыліся сацыялагічная і фармальная школы. Першая з іх тлумачыла ўсе факты л-ры гіст. і сац.-эканам. прычынамі; другой уласцівы іманентнасць літ.-знаўчага аналізу, спробы разглядаць мастацтва як прыём, асаблівым чынам арганізаваную мову, але асобныя прадстаўнікі фармальнай школы (Ю.​Тынянаў, Б.​Эйхенбаум, В.​Шклоўскі і інш.) выявілі прынцыпы сюжэтаскладання, своеасаблівасць паэт. мовы як тыпу маўлення і інш. Ідэі фармальнай школы пазней ляглі ў аснову структурнай і лінгвістычнай П. Новым крокам у распрацоўцы праблем П. сталі працы В.​Жырмунскага, В.​Вінаградава, Дз.​Ліхачова, М.​Храпчанкі, М.​Гаспарава і інш.

На Беларусі ў 16—18 ст. П. распрацоўвалі выкладчыкі брацкіх школ і езуіцкіх калегіумаў. Л.​Зізаній у кн. «Грамматика словенска...» (Вільня, 1596) упершыню ва ўсх.-слав. л-ры сцісла падаў тэорыю пабудовы верша. М.​Сматрыцкі ў кн. «Грамматики словенския правильная синтагма» (Еўе, 1619) імкнуўся перанесці законы ант. (метрычнага) вершаскладання на ўсх.-слав. паэзію. Найвыш. дасягненне тэарэтыка-літ. думкі Беларусі, Літвы і Польшчы 17—18 ст. — праца М.​Сарбеўскага «Пра дасканалую паэзію, або Вергілій і Гамер» (на лац. мове) і курс паэтыкі, у аснову якога ляглі лекцыі аўтара, прачытаныя ў Полацкім езуіцкім калегіуме. Яго нарматыўная П. паяднала тэарэт. палажэнні эпохі Адраджэння і барока, вызначыла кірунак далейшага развіцця навукі пра л-ру і самой маст. л-ры на Беларусі. У кн. Ф.​Пракаповіча «Пра мастацтва паэзіі» (Магілёў, 1786) абгрунтоўваліся прынцыпы класіцызму. Выказвалі свае думкі пра сілаба-танічны верш Я.​Чачот і пра нар. вершаскладанне І.​Насовіч.

У пач. 20 ст. да пытанняў П. звярнуўся М.​Багдановіч, меркаванні якога пра еднасць формы і зместу, суадносіны метра, рытму і рыфмы, нарыс пра санет маюць прынцыповае значэнне для тэорыі бел. вершаванага слова. Бел. функцыян. П. папоўнілася працамі А.​Вазнясенскага («Паэтыка М.​Багдановіча», 1926), Я.​Барычэўскага («Тэорыя санета» і «Паэтыка літаратурных жанраў», 1927), даследаваннем У.​Дубоўкі («Рыфма ў беларускай народнай творчасці», 1927). Пытанні П. закраналіся ў працах «Беларусы» Я.​Карскага (вып. 1—7, 1903—22), «Гісторыя беларускай літаратуры» М.​Гарэцкага (4-е выд., 1926), «Пуціны беларускай літаратуры» (1924) і «Беларуская драматургія» (1927) І.​Замоціна, «Нарысы гісторыі беларускай літаратуры» М.​Піятуховіча (1928), у даследаваннях па тэорыі рамана І.​Акушкі, публікацыях А.​Бабарэкі і інш. З 1960-х г. сістэматычна вывучаюцца метрыка і рытміка верша (М.​Грынчык, А.​Кабаковіч, В.​Рагойша, І.​Ралько, В.​Славецкі, В.​Ярац), яго кампазіц. асаблівасці і слоўна-паэт. вобразнасць (І.​Шпакоўскі, А.​Яскевіч), П. празаічных твораў (В.​Жураўлёў), праблемы псіхааналізу ў л-ры (А.​Матрунёнак), стылю (М.​Арочка, В.​Бечык, Л.​Гусева), рытмічнай арг-цыі маст. тэксту (Яскевіч), маст. асаблівасцей фалькл. жанраў (Г.​Барташэвіч, Н.​Гілевіч, А.​Ліс, Л.​Салавей, А.​Фядосік. І.​Цішчанка, М.​Янкоўскі). Выйшлі спец. даследаванні Гусевай, Кабаковіч, Рагойшы пра П. асобных пісьменнікаў, вучэбныя дапаможнікі па агульнай П. (І.​Гутараў, М.​Лазарук, А.​Ленсу, А.​Майсейчык, М.​Палкін). Створаны літ.-знаўчыя слоўнікі (Лазарук, Ленсу, А.​Макарэвіч, Рагойша).

Як літ.-знаўчая дысцыпліна П. стаіць на мяжы эстэтыкі, стылістыкі, літ.-знаўства, мовазнаўства, выкарыстоўвае асобныя палажэнні матэматыкі, кібернетыкі, тэорыі інфармацыі, семіётыкі.

Літ.:

Веселовский А.Н. Историческая поэтика. Л., 1940;

Виноградов В.В. Стилистика. Теория поэтической речи. Поэтика. М., 1963;

Потебня А.А. Эстетика и поэтика. М., 1976;

Поспелов Г.Н. Вопросы методологии и поэтики. М., 1983;

Рагойша В.П. Паэтыка М.​Танка. Мн., 1968;

Яскевіч А. Ад слова — да вобраза. Мн., 1968;

Матрунёнак А. Псіхалагічны аналіз у сучасным беларускім рамане. Мн., 1972;

Шпакоўскі І. Структура вершаванага вобраза. Мн., 1972;

Жураўлёў В., Шпакоўскі І., Яскевіч А Пытанні паэтыкі. Мн., 1974;

Янкоўскі М.А. Паэтыка беларускіх прыказак. Мн., 1971;

Яго ж. Паэтыка беларускай народнай прозы. Мн., 1983;

Гілевіч Н. Паэтыка беларускай народнай лірыкі. Мн., 1975;

Коўтун В. Святло народнага слова. Мн., 1984.

В.​П.​Рагойша.

т. 12, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГДАНО́ВІЧ (Максім Адамавіч) (9.12.1891, Мінск — 25.5.1917),

бел. паэт, перакладчык, літ.-знавец, празаік. Раннія дзіцячыя гады правёў у Гродне (1892—96), жыў і вучыўся ў Ніжнім Ноўгарадзе (1896—1908) і Яраслаўлі (1908—16). Скончыў Дзямідаўскі юрыд. ліцэй у Яраслаўлі (1916) і восенню прыехаў у Мінск. Працаваў сакратаром губ. харчовай камісіі. У лют. 1917 цяжка хворы выехаў на лячэнне ў Ялту. Там памёр і пахаваны. Першы друкаваны твор — алегарычная казка-прытча «Музыка» («Наша ніва», 1907, №24). Адзіны прыжыццёвы зб. вершаў «Вянок» (Вільня, 1913). Яго паэзія развівалася ва ўмовах рэакцыі, у атмасферы вострых сац.-паліт. канфліктаў. Асн. кірунак творчасці — патрыят. служэнне сац. і нац. вызваленню бел. народа, сцвярджэнне ідэй роўнасці і братэрства, барацьба за гуманіст. ідэалы. Не прымаючы тагачаснай рэчаіснасці, уціску чалавека-працаўніка, Багдановіч проціпастаўляў ім агульначалавечыя духоўныя пачаткі прыгожага і добрага (вобразы мадоннаў у «Вянку»). Дэмакратызм паэта эвалюцыянаваў да сцвярджэння ідэй гераічнага, самаахвярнага змагання за інтарэсы народа. У паэзіі Багдановіча моцна гучалі ідэі нац.-вызв. барацьбы супраць царскай імперыі як турмы народаў, супраць вялікадзярж. шавінізму. Багдановіч-мастак асн. сваёй задачай лічыў узбагачэнне роднай л-ры новымі тэмамі і формамі. Яго вершы — шматгранны паказ жыцця чалавека ў разнастайных сувязях з грамадствам і прыродай. Галоўнае ў іх — жыццялюбства («Прывет табе, жыццё на волі!», «Выйшаў з хаты»), актыўнае стаўленне да рэчаіснасці («Рушымся, брацця, хутчэй», «Кінь вечны плач свой аб старонцы!»), захапленне красой жыцця («Па-над белым пухам вішняў», «Зімой»), маладосцю («Маладыя гады»), мудрасцю, працавітасцю, таленавітасцю народа («Летапісец», «Слуцкія ткачыхі»). Але ў абставінах тагачаснай рэчаіснасці на першы план вылучаліся тэма паднявольнага жыцця прац. народа, роднага краю («Краю мой родны! Як выкляты богам», «Народ, Беларускі Народ!», «Беларусь, твой народ дачакаецца»), вобраз селяніна-працаўніка («Гнусь, працую, пакуль не парвецца», «Пан і мужык»), грамадзянскі сум («Мяжы», «Ой, чаму я стаў паэтам», «Вы, панове, пазіраеце далёка», «Эмігранцкая песня», «Пагоня»). Матывы смутку паглыбляліся асабістай драмай паэта, з 18 гадоў хворага на сухоты. У Багдановіча-лірыка моцная схільнасць да роздуму, развагі. Адсюль філас. заглыбленасць яго вершаў («Зразаюць галіны таполі адну за адной», «Калі зваліў дужы Геракл у пыл Антэя», «Жывеш не вечна, чалавек», санет «На цёмнай гладзі сонных луж балота», рандо «Узор прыгожы пекных зор», «Перад паводкай»). Багдановіч з Я.​Купалам — заснавальнікі пейзажнай і інтымнай любоўнай лірыкі ў бел. паэзіі («Я бальны, бесскрыдлаты паэт», трыялет «Мне доўгае расстанне з Вамі», «Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы»). Вялікая заслуга паэта ў распрацоўцы гіст. тэмы («Летапісец», «Безнадзейнасць», «Перапісчык», «Агата», цыкл «Места», «Песня пра князя Ізяслава Полацкага») і урбаністычных матываў («Вулкі Вільні зіяюць і гулка грымяць», «На глухіх вулках — ноч глухая»). Шырока развіваў у бел. лірыцы т.зв. вечныя тэмы жыцця, смерці, кахання, дружбы (нізка «Каханне і смерць», рандэль «На могілках», трыялет «С.​Палуяну»). Творчасць Багдановіча мела першаступеннае значэнне ў гіст. самапазнанні народа і сцвярджэнні яго месца ў гісторыі чалавецтва. Яго вершы вызначаюцца майстэрскім выкарыстаннем вобразна-выяўленчых сродкаў класічнай і песенна-нар. паэтыкі. Выхаваны на паэзіі А.​Пушкіна, А.​Фета, Ф.​Цютчава, добра знаёмы з сучаснай яму рус. паэзіяй, узбагаціў родную л-ру перадавымі ідэямі і багатым эстэтычным вопытам. Зб. «Вянок» стаў у бел. паэзіі ўзорам творчага засваення класічнай паэтыкі на нац. глебе. Школай высокага майстэрства з’яўляюцца змешчаныя тут санеты, трыялеты, рандо, актавы, тэрцыны, пентаметры. Класічную культуру нёс роднаму слову Багдановіч і як перакладчык Гарацыя, Авідзія, Ф.​Шылера, Г.​Гейнэ, А.​Ф.​Арвера, П.​Верлена, Э.​Верхарна, Ю.​Святагора, А.​Пушкіна, А.​Майкава, А.​Крымскага, М.​Розенгейма, А.​Алеся. Перакладаў на рус. мову творы Я.​Купалы, Т.​Шаўчэнкі, І.​Франко, В.​Стафаніка, У.​Самійленкі. Вялікае месца ў творчасці Багдановіча займаў фальклор: выкарыстанне бел. міфалогіі («Чуеш гул? — Гэта сумны, маркотны лясун», «Вадзянік», «Змяіны цар»), вобразаў, матываў, рытміка-інтанац. складу бел. нар. песні («Не кувай ты, шэрая зязюля», нізка «На сінім Дунаі»). Вершы т.зв. беларускага складу — узор лірыкі, стылізаванай пад песенна-нар. паэтыку («Бяседная», «Лявоніха», «Скірпуся»). Паэмы Багдановіча — пошук нац. эпасу: гераічнага — «Максім і Магдалена», «Страцім-лебедзь», сац.-бытавога — «Мушка-зелянушка і камарык — насаты тварык». Пісаў у класічных і песенна-нар. формах іншых паэзій (песні «Руская», «Украінская», «Сербская», «Скандынаўская», «Іспанская», у форме рубаі — «Персідскія», у форме танкі — «Японскія»). Праца Багдановіча-крытыка накіравана на абарону рэалізму і народнасці — эстэт. асноў перадавой бел. л-ры пач. 20 ст. («Глыбы і слаі», 1911; «За тры гады», 1913; «Забыты шлях», 1915). Адзін з заснавальнікаў навук. гісторыі бел. л-ры («Кароткая гісторыя бел. пісьменнасці да XVI сталецця», «Новы перыяд у гісторыі бел. літаратуры»). Лепшыя апавяданні Багдановіча стаяць каля вытокаў бел. нац. прозы («Апокрыф», 1913; «Апавяданне аб іконніку і залатару...», 1914). Даследаваў л-ру і гісторыю слав. народаў (арт. пра Шаўчэнку, М.​Ламаносава, Пушкіна, М.​Лермантава, гіст.-этнагр. нарысы «Украінскае казацтва», «Галіцкая Русь», «Угорская Русь», «Браты-чэхі» і інш.). Яго публіцыстыка звязана з супрацоўніцтвам (1913—16) у яраслаўскай газ. «Голос». Прозу, літ.-знаўчыя і публіцыстычныя артыкулы часткова пісаў на рус. і ўкр. мовах. Паэзія Багдановіча ўвайшла ў духоўную скарбніцу бел. народа. Яна ўплывае на развіццё бел. паэзіі і сёння, асабліва сваім глыбокім пранікненнем у духоўны свет чалавека і высокай культурай паэт. слова. Некаторыя вершы сталі нар. песнямі («Зорка Венера», «Слуцкія ткачыхі»), многія пакладзены на музыку кампазітарамі. На лібрэта А.​Бачылы кампазітар Ю.​Семяняка напісаў оперу «Зорка Венера» (паст. 1970). У Мінску працуе Багдановіча М. літаратурны музей. Помнікі паэту ў Мінску і Місхоры.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1927—28;

Збор тв. Т. 1—2. Мн., 1968;

Поўны зб. тв. Т. 1—3. Мн., 1991—95.

Літ.:

Замоцін І. М.​А.​Багдановіч: Крытыч.-біягр. нарыс // Узвышша. 1927. № 2, 3, 5;

Грынчык М. Максім Багдановіч і народная паэзія. Мн., 1963;

Яго ж. Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай паэзіі. Мн., 1969. С. 189—199, 269—286;

Яго ж. Шляхі беларускага вершаскладання. Мн., 1973. С. 240—255;

Богданович А. Материалы к биографии Максима Богдановича // Богданович А. Страницы из жизни Максима Горького... Мн., 1965;

Лойка А. Максім Багдановіч. Мн., 1966;

Валасовіч-Гразнова Г. Успаміны пра брата // Полымя. 1966. № 10;

Стральцоў М. Загадка Багдановіча. Мн., 1969;

Ралько І.Д. Вершаскладанне. Мн., 1977. С. 69—140;

Кабаковіч А.К. Паэзія Максіма Багдановіча: Дыялектыка рацыянальнага і эмацыянальнага. Мн., 1978;

Бачыла А. Дарогамі Максіма Багдановіча. 2 выд. Мн., 1983;

Бярозкін Р. Чалавек напрадвесні: Расказ пра М.​Багдановіча. Мн., 1986;

Каханоўскі Г. А сэрца ўсё імкне да бацькаўскага краю... Мн., 1991;

Конан У.М. Святло паэзіі і цені жыцця: Лірыка Максіма Багдановіча. Мн., 1991;

Шлях паэта: Зб. успамінаў і біягр. матэрыялаў пра М.​Багдановіча. Мн., 1975;

Ватацы Н.Б. Максім Багдановіч: Паказ. твораў, аўтографаў і крытыч. літ. Мн., 1977.

А.​А.​Лойка.

М.А.Багдановіч.

т. 2, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАБАРДЗІ́НА-БАЛКА́РЫЯ, Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка,

у складзе Расійскай Федэрацыі. Пл. 12,5 тыс. км². Нас. 791 тыс. чал. (1997), гарадскога 67%. Сярэдняя шчыльн. 63 чал. на 1 км². Жывуць кабардзінцы (48,2%), балкарцы (9,4%), рускія (31,9%), украінцы (1,7%), асеціны (1,3%) і інш. Сталіца — г. Нальчык. Найб. гарады: Прахладны, Тырныауз, Баксан, Майскі.

Прырода. К.-Б. размешчана на Паўн. Каўказе. Паводле характару рэльефу падзяляецца на 3 часткі: раўнінную, перадгорную і горную. На Пн размешчана Кабардзінская раўніна, якая на Пд і ПдЗ спадзіста падымаецца да выш. 500—600 м, потым пераходзіць у горы. Перадгор’і і горы займаюць ​2/3 тэр. рэспублікі. Найб. вышыні Вял. Каўказа знаходзяцца ў межах Бакавога і Гал. хрыбтоў: Эльбрус (5642 м), Дыхтау (5203 м), Шхара (5058 м), Суган (4489 м) і інш. На схілах гор — ледавікі (Безенгі, Дыхсу і інш.; пл. каля 140 км²). Карысныя выкапні: вальфрама-малібдэнавыя, свінцова-цынкавыя і свінцова-сурмяныя руды, жал. руды з прымесямі хрому, нікелю, кобальту, мыш’яку, каменны вугаль, буд. матэрыялы (туф, граніт, мармур, гіпс, вапняк, гліны). Мінер. крыніцы (больш за 100), невял. запасы нафты. Клімат кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. ад -4 °C на раўніне да -12 °C у гарах, ліп. адпаведна ад 23 °C да 4 °C. Гадавая колькасць ападкаў ад 400 мм на раўніне да 800 мм у гарах. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергарэсурсамі, належаць да бас. Церака (Церак, Урух, Лескен, Чэрэк, Баксан, Малка, Чэгем). Глебы на раўнінах чарназёмныя і каштанавыя, у далінах рэк лугавыя, у гарах горна-лугавыя. Расліннасць разнастайная (каля 3 тыс. відаў), пад лясамі каля 16% тэр. рэспублікі. Раўнінная стэпавая расліннасць змяняецца ў гарах шыракалістымі (пераважна бук, граб, дуб) лясамі, субальпійскімі і альпійскімі лугамі. Кабардзіна-Балкарскі высакагорны запаведнік, нац. парк Прыэльбруссе.

Гісторыя. Тэр. К.-Б. заселена з часоў палеаліту. З ранняга жал. веку тут вядомы элементы культуры скіфаў і сарматаў. У далейшым яны і аланы моцна паўплывалі на продкаў адыгейскага, кабардзінскага і чэркескага народаў (сіндаў, меотаў, зіхаў, керкетаў), вядомых пад агульнай назвай адыгаў. У 5 ст. да н.э. меоты і сінды ўтварылі раннерабаўладальніцкую дзяржаву Сіндыка, якая пазней увайшла ў Баспорскую дзяржаву. Нашэсце гунаў у 4 ст. н.э. прывяло да заняпаду гасп. і культ. жыцця ўсіх адыгскіх плямён. Балкарскі народ утварыўся ў выніку змяшэння паўн.-каўк. і аланскіх плямён з балгарамі (гл. Балгарыя Волжска-Камская) і кіпчакамі, што аселі ў перадгор’ях Каўказа. У пач. 13 ст. ў выніку манг.-тат. нашэсця тэр. сучасных Кабарды і Балкарыі спустошана, частка насельніцтва знішчана; продкі балкарцаў пасля працяглай і ўпартай барацьбы адцеснены ў горы. У 13—14 ст. частка адыгаў пад назвай кабардзінцаў заняла сучасную тэрыторыю іх рассялення. Землі К.-Б. знаходзіліся пад пастаяннай пагрозай заняволення крымскімі ханамі. У 1557 Кабарда добраахвотна ўвайшла ў склад Рус. дзяржавы. У 1827 завяршылася далучэнне да Расіі Балкарыі. Прыгонніцкая эксплуатацыя неаднойчы выклікала сял. хваляванні (1767, 1804, 1837, 1838, 1854). У 1860-я г. Кабарда і Балкарыя ўключаны ў склад Церскай вобл. У 1867 тут адменена прыгоннае права. Сав. ўлада абвешчана ў сак. 1918 на 1-м Нар. з’ездзе Саветаў у Нальчыку. У 1918—20 на тэр. К.-Б. адбываліся баі паміж «белымі» і «чырвонымі». Сав. ўлада адноўлена 24.3.1920. У студз. 1921 Кабарда і Балкарыя ўключаны ў Горскую АССР на правах акруг. 1.9.1921 у складзе РСФСР створана Кабардзінская аўт. вобл., 16.1.1922 — аб’яднаная Кабардзіна-Балкарская аўт. вобл., 5.12.1936 — Кабардзіна-Балкарская АССР. У Вял. Айч. вайну на тэр. К.-Б. ішлі цяжкія баі (жн.снеж. 1942). У 1944 балкары, абвінавачаны ў супрацоўніцтве з ням.фаш. захопнікамі, пазбаўлены аўтаноміі і прымусова выселены са сваёй тэрыторыі, рэспубліка стала наз. Кабардзінская АССР. Пасля рэабілітацыі ў 1957 Кабардзіна-Балкарская АССР адноўлена. У студз. 1991 Вярх. Савет К.-Б. прыняў Дэкларацыю аб дзярж. суверэнітэце, у лют. 1992 — аб назве Кабардзіна-Балкарская Рэспубліка, у сак. падпісаў федэратыўны дагавор з Рас. Федэрацыяй. У 1993 уведзена пасада прэзідэнта.

Гаспадарка. К.-Б. — раён з развітой шматгаліновай прам-сцю, у т. л. маш.-буд. і металаапр. (вытв-сць тэлемех., высока- і нізкавольтнай апаратуры, станкоў, кабелю, алмазных інструментаў, рэнтгенаапаратуры, аўтазапчастак Важнае значэнне мае каляровая металургія (Тырныаузскі вальфрама-малібдэнавы камбінат і гідраметалургічны з-ду Нальчыку). Лёгкая прам-сць прадстаўлена вытв-сцю швейных вырабаў, верхняга трыкатажу, дываноў, скураной галантарэі, харчовая — мясной, масла- і сыраробнай, кандытарскай, кансервавай, крухмальнай галінамі. Развіта вытв-сць буд. матэрыялаў (жалезабетонныя вырабы, буд. кераміка, цэгла, цэмент) і мэблі. Паліўна-энергет. комплекс уключае Баксанскую і Акбашскую ГЭС, ЦЭЦ (Нальчык). Вытв-сць электраэнергіі 0,1 млрд. кВтгадз (1995). Пад с.-г. ўгоддзямі 700 тыс. га. У структуры с.-г. угоддзяў асн. ч. займаюць ворныя землі і горныя пашы (па 45%). Земляробства спалучае паляводства, агародніцтва, садоўніцтва і вінаградарства. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, авёс, ячмень, проса), кармавыя і тэхн. (сланечнік, кенаф) культуры, бульбу. Збор (тыс. т, 1995) збожжавых — 414, сланечніку — 24, бульбы — 89. Развіваецца арашальнае земляробства. Малочна-мясная жывёлагадоўля. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушку. Пагалоўе (тыс. галоў, 1996): буйн. раг. жывёлы — 248,4, свіней — 39,8. Развіта племянная конегадоўля (кабардзінская парода коней). У грузаабароце гал. роля належыць аўтамаб. транспарту. Праз К.-Б. праходзіць аўтамагістраль Масква—Баку. Нальчык звязаны аўтадарогамі з гарадамі Уладзікаўказ, Стаўрапаль, Грозны. Махачкала, Пяцігорск, Мінеральныя Воды, Краснадар і інш. Рэспубліку перасякае Паўн.-Каўказская чыгунка з адгалінаваннямі на Нальчык і Гудэрмес; працягласць чыгункі 133 км. К.-Б. — адзін з асн. раёнаў альпінізму і гарналыжнага спорту ў Расіі. Бальнеалагічны і горнакліматычныя курорты. На тэр. рэспублікі ў 1995 засн. свабодная эканам. зона «Кабардзіна-Балкарыя».

Літаратура. Фальклор кабардзінцаў і балкарцаў прадстаўлены песнямі, казкамі, гіст.-міфалагічным нарцкім эпасам. У 19 ст. паэт Ш.​Ногмаў склаў азбуку і граматыку кабардзіна-чэркескай мовы, напісаў «Гісторыю адыхейскага народа». У 1864 асветнік Казы Атажукін выдаў першую кнігу на кабардзіна-чэркескай мове. Зарадзілася гіст.-этнагр. і публіцыстычная л-ра, якая стваралася на рус. мове (С.​Казы-Гірэй, С.​Хан-Гірэй, Ю.​Ахметукаў, С.​Урусбіеў). Пачынальнікі кабардзінскай л-ры — паэты Б.​Пачаў, П.​Кешокаў, балкарскай — паэт К.​Мечыеў. У 1923 уведзена пісьменнасць на кабардзіна-чэркескай, у 1924 — на карачаева-балкарскай мовах. У л-ры К.-Б. 1920—30-х г. пераважала паэзія (раман у вершах кабардзінца Алі Шагенцукава «Камбот і Ляца», паэмы Пачава, П.​Кешокава, песні і вершы балкарцаў Б.​Гуртуева, А.​Будаева). У 1934 створаны Саюз пісьменнікаў К.-Б. З 1930-х г. развіваюцца проза і драматургія (аповесці і п’есы кабардзінцаў С.​Кажаева, З.​Аксірава, Дж.​Налоева, балкарцаў Р.​Геляева, Гуртуева). У пасляваен. гады загучала грамадз. лірыка кабардзінцаў А.Кешокава. Адама Шагенцукава, Б.​Куашава, балкарцаў К.Куліева, К.​Атарава. Першыя буйныя празаічныя творы ў кабардзінскай л-ры — раман А.​Шартанава «Горцы» (кн. 1—2, 1954—75), дылогія А.​Кешокава «Вяршыні не спяць» (кн. 1—2, 1960—66). Пашырылася тэматычная і жанравая разнастайнасць твораў; проза кабардзінцаў Адама Шагенцукава, Х.​Тэунава, К.​Эльгара. А.​Шамахава, А.​Налоева, балкарцаў А.​Тэпеева, Ж.​Заліханава, А.​Этэзава, Х.​Каціева, драматургія кабардзінцаў З.​Аксірава, Шартанава, П.​Місакава, М.​Тубаева, балкарцаў І.​Баташава, Тэпеева, паэзія кабардзінцаў А.​Кешокава, Б.​Куашава, З.​Тхагадзітава, балкарцаў Куліева, Т.Зумакулавай, С.​Макітава, Атарава. Развіваюцца літ.знаўства і крытыка. На бел мове выдадзены асобныя творы Баташава, Зумакулавай, А.​Кешокава, Куліева, Шагенцукава ў перакладах М.​Танка, А.​Куляшова, А.​Вольскага, Р.​Барадуліна, І.​Калесніка, К.​Камейшы, В.​Лукшы, Л.​Салаўя, У.​Шахаўца.

Архітэктура і мастацтва. Ад эпохі неаліту і ранняга бронз. веку вядомы кераміка і метал вырабы кобанскай і скіфа-сармацкай культуры. Захаваліся розначасовыя курганы, могільнікі, склепы (падкурганная грабніца каля Нальчыка. 3-е тыс. да н.э.), селішчы, гарадзішчы (Ніжні Джулат, Лыгыт). Ад сярэдневякоўя ў высакагорных раёнах засталіся рэшткі крапасных комплексаў (Балат-Кала, Зылгі, замак Дужабоевых і інш.), жылыя ўмацаваныя вежы (вежа Абая і інш.). У 14—19 ст. пашыраны каменныя наземныя прамавугольныя ў плане з высокім двухсхільным дахам або круглыя ці мнагагранныя з конусападобным дахам склепы-маўзалеі. Развіваліся традыц. нар. рамёствы: разьба па косці і камені, вышыўка золатам на жаночым адзенні, выраб метал. зброі, паясоў, посуду і інш., аздобленых гравіроўкай, чэрню, сканню. Балкарцы выраблялі лямцавыя дываны з уваленым геам. узорам і ўзорам з вял. рогападобных фігур. Кабардзінцы плялі цыноўкі з геам. узорам. У сярэдзіне 20 ст. створана рэгулярная планіроўка Нальчыка. Архітэктура развівалася ў агульнасав. рэчышчы. Развіваецца прафес. выяўл. мастацтва (жывапісцы М.​Гусачэнка, М.​Ванах; скульптары Х.​Крымшамхалаў, М.​Тхакумашаў; графікі В.​Арленка, Г.​Паштаў і інш.), дыванаткацтва. Працуе Саюз мастакоў К.-Б. (з 1968).

Музыка. Музычны фальклор кабардзінцаў і балкарцаў мае шмат агульнага. У аснове музыкі К.-Б. дыятанічныя натуральныя лады. Рытміка багатая сінкопамі і трыёлямі. Метр пераважна 2-дольны. Сярод песенных жанраў прац., абрадавыя, міфалагічныя, гісторыка-гераічныя, лірычныя песні. Сярод танцаў кафа, удж, ісламей (кабардзінскія), лірычныя цюз-тэпсеу (парны) і абзех, кругавы масавы цёгерэк-тэпсеу, голу (балкарскія). Асаблівае месца займае нарцкі эпас. Пашыраны сольна-хар. спевы і ансамблі спевакоў і інструменталістаў Сярод муз. інструментаў: струнна-смычковыя тычапшына, жыя-кабуз, струнна-шчыпковыя пшына-дыкуакуа, кынгыр-кабуз (тып арфы), апапшына, кыл-кабуз; духавыя накыра, сырыйна (тып зурны), бжамій, сыбызгы; ударныя пхачыч, харс (бразготка), барабан; пшына (дыятанічны гармонік). Сярод нар. музыкантаў А.​Хаўпачаў, І.​Кажараў, Б.​Казіеў, К.​Кашыргава. У розных жанрах вылучыліся прафес. кампазітары М.​Балаў, Х.​Карданаў, Н.​Асманаў, У.​Молаў, А.​Байчэкуеў, Д.​Хаупа Сярод нар. спевакоў З.​Кардангушаў, А.​Атараў. Працуюць: Муз. т-р (з 1968), філармонія (з 1943), сімф. аркестр (з 1943), хор Дзяржтэлерадыё (з 1965), ансамбль нар. танца «Кабардзінка» (з 1965; у 1934—64 — Ансамбль песні і танца); аддзяленні Саюза кампазітараў Расіі (з 1959), муз. вучылішча (з 1956) і інш.

Літ.:

Очерки истории кабардинской литературы Нальчик, 1968;

Очерк истории балкарской литературы. Нальчик. 1981.

П.​І.​Рогач (прырода, гаспадарка), Л.​В.​Календа (літаратура).

Да арт. Кабардзіна-Балкарыя. У перадгор’ях Каўказа.

т. 7, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎДНЁВА-АФРЫКА́НСКАЯ РЭСПУ́БЛІКА (афрыкаанс Republiek van Suid-Afrika, англ. Republic of South Africa),

ПАР, дзяржава на Пд Афрыкі. Мяжуе на Пн з Намібіяй, Батсванай, Зімбабве, на ПнУ з Мазамбікам і Свазілендам. Унутры краіны знаходзіцца дзяржава Лесота (анклаў на тэр. ПАР). На З абмываецца Атлантычным ак., на Пд і У — Індыйскім ак. Пл. 1219,9 тыс. км². Нас. 43426,4 тыс. чал. (1999). Дзярж. мовы — афрыкаанс, англійская, ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Сталіца — г. Прэторыя, рэзідэнцыя парламента — г. Кейптаўн. Краіна падзяляецца на 9 правінцый. Нац. свята — Дзень Свабоды (27 крас.).

Дзяржаўны лад. ПАР — рэспубліка. Член Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Дзейнічае канстытуцыя 1966. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца Нац. асамблеяй з яе членаў тэрмінам на 5 гадоў, з’яўляецца кіраўніком урада і галоўнакамандуючым узбр. сіламі. Заканад. ўлада належыць парламенту — Нац. савету правінцый (верхняя палата, 90 чал., выбіраюцца па 10 чал. ад кожнага правінцыяльнага заканад. органа) і Нац. асамблеі (ніжняя палата, 400 чал., выбіраюцца тэрмінам на 5 гадоў на аснове прапарцыянальнага і прадстаўніцтва).

Прырода. Большая ч. краіны знаходзіцца ў межах Паўд.-Афрыканскага пласкагор’я. У рэльефе пераважаюць плато і пласкагор’і на выш. 800—1500 м, абмежаваныя на У і ПдУ стромкімі схіламі Вял. Уступу (выш. да 3482 м). На ПнЗ частка пустыні Калахары. На Пд сярэдневышынныя Капскія горы. Уздоўж берагоў вузкая паласа нізін. Нетры надзвычай багатыя разнастайнымі карыснымі выкапнямі: залатыя (1-е месца ў свеце), уранавыя (2-е месца), жал., хромавыя, ванадыевыя, сурмяныя, плацінавыя, тытанавыя, цырконавыя, медныя, свінцовыя і інш. руды, алмазы, каменны вугаль, апатыты, азбест; радовішчы каменнай солі, рэдкіх і рэдказямельных металаў, буд. матэрыялаў і інш. Клімат унутр. раёнаў трапічны кантынентальны, на ПдУ — субтрапічны мусонны, на ПдЗ — субтрапічны міжземнаморскі. Сярэднія т-ры зімовых месяцаў (чэрв.жн.) на пласкагор’і 7—17 °C, летніх 18—24 °C; ападкаў 150—750 мм за год. На Пд сярэднія т-ры летніх месяцаў каля 21 °C, зімовых каля 13 °C; ападкаў 650—750 мм за год. Найб. ападкаў на ўсх. узбярэжжы і на ўсх. схілах Драконавых гор (1000—2000 мм за год), найменш — на ўзбярэжжы Атлантычнага ак. (менш за 100 мм). Найб. рэкі Аранжавая, Лімпопа, Грэйт-Фіш. Пераважае саванная і стэпавая (на У), паўпустынная і пустынная (на 3) расліннасць. Пад лесам і хмызнякамі 7% тэрыторыі. Адзначаюцца фларыстычная і фауністычная своеасаблівасці (гл. Капская біягеаграфічная вобласць). Характэрныя жывёлы — сланы, насарогі, зебры, антылопы, гіены, віверы, жырафы, ільвы, леапарды. Шмат насякомых. Нац. паркі: Кругера, Калахары-Гемсбак і інш., каля 300 запаведнікаў і фауністычных рэзерватаў. Ахоўваемыя тэр. займаюць 60 тыс. км.

Насельніцтва. ПАР — шматнацыянальная краіна. Афр. народы складаюць 75,2% насельніцтва. Пераважаюць народы групы банту — ндэбеле, педзі, сута, свазі, тсонга, тсвана, венда, коса, зулу. Жывуць таксама гатэнтоты і бушмены. Выхадцаў з Еўропы і іх нашчадкаў 13,6%. Гэта ў асноўным афрыканеры (каля 3,5 млн. чал., 1999) і англа-паўднёваафрыканцы (каля 2 млн. чал.), невял. групы англічан, яўрэяў, немцаў і інш. Больш за 3,5 млн. метысаў, больш за 1 млн. выхадцаў з Індыі і Пакістана. Сярод вернікаў хрысціян 68%, прыхільнікаў мясц. традыц. вераванняў 28,5%, мусульман 2%, індуістаў 1,5%. Сярэднегадавы прырост 1,3% (1999). Сярэдняя шчыльн. 35,6 чал. на 1 км. Больш шчыльна населена ўсх. ч. краіны, асабліва горна-прамысл. раёны і ўзбярэжжа. Гар. насельніцтва 50%. Буйнейшыя гарады (млн. ж., 1999): Кейптаўн — 2,4, Іаганесбург — 1,9, Прэторыя — 1,1. У прам-сці занята 29% працаздольных, у сельскай гаспадарцы — 30%, у абслуговых галінах і кіраванні — 41%. Працуюць значныя групы рабочых з суседніх краін.

Гісторыя. Стараж. насельніцтва ПАР — плямёны бушменаў і гатэнтотаў. Да пач. 17 ст. б. ч. тэр. ПАР засялілі плямёны банту: зулу, коса, матабеле і інш. Першы еўрапеец, які наведаў у 1487—88 Паўд. Афрыку, — партуг. мараплавец Б.Дыяш. У 1652 прадстаўнік галандскай Ост-Індскай кампаніі Я.​Рыбек заснаваў каля мыса Добрай Надзеі пасяленне Капстад (англ. Кейптаўн — горад каля мыса). У 1680-я г. да галандскіх пасяленцаў далучылася група франц. гугенотаў, якія выратаваліся ад рэліг. праследаванняў на радзіме. У выніку ўзнікла новая этн. супольнасць — буры (афрыканеры), якія размаўлялі на блізкай да галандскай, але асобнай мове — афрыкаанс. Ад шлюбаў бураў з гатэнтотамі ўзнікла супольнасць «метысаў» — т.зв. каляровых. Рух бураў ва ўнутр. раёны Афрыкі прывёў да сутыкнення з народам коса. У выніку т.зв. кафрскіх войнаў (1770—1860-я г.) землі коса далучаны да Капскай калоніі. У пач. 19 ст. адзін з правадыроў зулу — Чака стварыў зулускую дзяржаву з моцнай арміяй. У 1806 Капскую калонію захапіла Вялікабрытанія. Незадаволенасць бураў брыт. панаваннем прывяла ў 1836—37 да «Вял. трэка» — перасялення ч. бураў на чале з П.​Рэтыфам на свабодныя землі. У снеж. 1838 буры на чале з А.Прэторыусам разбілі зулускае войска і стварылі ў 1839 на захопленых у зулусаў землях рэспубліку Наталь, якую Вялікабрытанія анексіравала ў 1843 (з 1856 калонія). Пазней створаны інш. бурскія рэспублікі: Аранжавая свабодная дзяржава (АСД, 1848) і Паўд.-Афр. Рэспубліка (Трансвааль, 1852). У 1879 англічане канчаткова падпарадкавалі зулу і да 1880-х г. наблізіліся да бурскіх рэспублік. Спроба англічан захапіць іх скончылася паражэннем брыт. войск пры Маджубе (1881), што прымусіла Вялікабрытанію прызнаць незалежнасць АСД і Трансвааля. У 1880-я т. ў Капскай калоніі выяўлены буйныя паклады золата, у Трансваалі — алмазаў, што спрыяла хуткаму іх развіццю і прытоку імігрантаў з Еўропы. У выніку англа-бурскай вайны 1899—1902 Вялікабрытанія захапіла АСД і Трансвааль і ператварыла іх у свае пратэктараты. Паводле прынятага ў 1909 брыт. парламентам закона 31.5.1910 Капская калонія, Наталь і бурскія рэспублікі аб’яднаны ў Паўд.-Афр. Саюз (ПАС) з правамі дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. Садружнасці. Першыя ўрады ПАС узначальвалі лідэры Паўд.-афр. партыі (ПАП) Л.Бота (1910—19) і Я.​Х.​Смэтс (1919—24). Кіраўніцтва ПАС ажыццяўляла палітыку дыскрымінацыі нябелага насельніцтва (78,5% насельніцтва краіны ў 1910), асабліва жорсткую ў дачыненні да карэнных афрыканцаў (67% насельніцтва). У 1913 прыняты закон, які замацоўваў за афрыканцамі толькі 13% тэр. краіны ў 264 рэзерватах. Дыскрымінацыя павялічылася пасля прыходу ў 1924 да ўлады Нацыяналіст. партыі (НП), урад якой на чале з Дж.​Герцагам (1924—33) прыняў у 1924—26 законы, што пазбавілі афрыканцаў права займацца кваліфікаванай працай. У 1931 ПАС атрымала пэўную самастойнасць у знешняй палітыцы. У 1933 створаны аб’яднаны ўрад НП і ПАП на чале з Герцагам і Смэтсам, а ў 1934 абедзве партыі злучыліся ў Аб’яднаную партыю. У 1935 найб. кансерватыўныя члены б. НП аднавілі «ачышчаную» НП на чале з Д.​Ф.​Маланам. У 2-ю сусв. вайну ўрад Смэтса (1939—48) накіраваў на фронт больш за 300 тыс. чал., якія змагаліся ў складзе брыт. войск супраць Германіі і Італіі. На выбарах у маі 1948 перамагла НП. Яе ўрады Малана (1948—54), І.​Г.​Стрэйдама (1954—58) і Х.​Ф.​Фервурда (1958—66) ажыццяўлялі дактрыну апартэіду — жорсткую дыскрымінацыю ўсіх нябелых. Афрыканцаў прымусова высялялі з гарадоў у спец. пасяленні (лакацыі), у 1957 ім канчаткова забаранілі займацца кваліфікаванай працай; у 1959 ліквідавана сістэма місіянерскіх школ, што пазбавіла афрыканцаў магчымасці атрымаць добрую адукацыю, забаронены і міжрасавыя шлюбы. Усё гэта выклікала масавыя пратэсты. 21.3.1960 паліцыя расстраляла дэманстрацыю афрыканцаў у Шарпевілі. Неўзабаве забаронена буйнейшая афр. паліт. арг-цыяАфрыканскі нацыянальны кангрэс (АНК), яго лідэры на чале з Н.​Мандэлам арыштаваны.

31.5.1961 абвешчана Паўд.-Афр. Рэспубліка, краіна выйшла з Садружнасці. З-за палітыкі апартэіду ў 1962 Ген. Асамблея ААН заклікала ўсіх сваіх членаў да ўвядзення эканам. санкцый і разрыву дыпламат. адносін з ПАР. У час прэм’ерства Б.​І.​Форстэра (1966—78) афр. рэзерваты аб’яднаны паводле этн. прыкмет у 10 хаўмлендаў («айчын», гл. Бантустаны), некаторыя з якіх (Транскей, Сіскей, Венда і Бапутатсван) абвешчаны «незалежнымі» дзяржавамі, што яшчэ больш пагоршыла становішча афрыканцаў. У чэрв. 1976 расстрэл паліцыяй дэманстрацыі афр. школьнікаў прывёў да паўстання ў лакацыі Соўэта. Пашыралася партыз. барацьба ваен. крыла АНК — «Умконтаве сізве» («Кап’ё нацыі»). Пад націскам выступленняў афрыканцаў і сусв. супольнасці ўрад П.​Боты (1978—84) вымушаны быў абвясціць некаторыя рэформы, якія, аднак, не закраналі асноў апартэіду. Новая канстытуцыя 1983 пашырыла паўнамоцтвы прэзідэнта (з 1984 — Бота), каляровыя і азіяты атрымалі права голасу, але карэнныя афрыканцы па-ранейшаму былі пазбаўлены ўсіх грамадз. правоў. Новы прэзідэнт ПАР Ф.В. дэ Клерк (1989—94) быў вымушаны абвясціць праграму ліквідацыі апартэіду. У 1990 вызвалены Мандэла, легалізаваны АНК і інш. афр. партыі. У 1991 апартэід скасаваны. У выніку перагавораў паміж кіраўніцтвам НП, АНК, зулускай Партыі свабоды Інката і інш. арг-цыямі ў 1993 створаны Пераходны выканаўчы савет, які арганізаваў у крас. 1994 першыя шматрасавыя выбары, на якіх перамог АНК, а яго лідэр Мандэла стаў прэзідэнтам ПАР. Урад Мандэлы (1994—99) намеціў асн. кірункі развіцця краіны, якія разам з паляпшэннем жыццёвых умоў карэннага насельніцтва ПАР прадугледжваюць захаванне прыватнай маёмасці ўсіх расавых груп, шматукладнасць у эканоміцы, прыцягненне замежных інвестыцый. Гэты курс прадоўжыў пераемнік Мандэлы на пасадзе кіраўніка АНК і краіны Т.Мбекічэрв. 1999). ПАР — чл. ААН (з 1945), Арг-цыі афр. адзінства (з 1994). Дыпламат. адносіны паміж ПАР і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў сак. 1993. Дзейнічаюць паліт. партыі: Афр. нац. кангрэс. Нацыяналіст. партыя, Партыя свабоды Інката, Панафр. кангрэс і інш.

Гаспадарка. ПАР — індустр.-агр. краіна з высокім узроўнем развіцця, найб. развітая ў эканам. адносінах дзяржава Афрыкі. Складаючы 5% тэр. і 9% насельніцтва кантынента, яна выпускае каля 40% прамысл. і каля 30% с.-г. прадукцыі Афрыкі, па эканам. узроўні займае 25-е месца ў свеце. Валавы ўнутр. прадукт складае 290,6 млрд. дол. — па 6,8 тыс. дол. у год на душу насельніцтва (1998). Удзельная вага прам-сці ў агульнай прадукцыі складае 39%, сельскай гаспадаркі — 5%, абслуговых галін — 56%. Важныя пазіцыі ў эканоміцы належаць мясц. і замежнаму капіталу.

Значнае месца займаюць дзярж. прадпрыемствы (асабліва ў чорнай металургіі, электраэнергетыцы, цяжкім машынабудаванні, хім. прам-сці). У прамысловасці найб. развіта горназдабыўная галіна, засяроджаная гал. чынам у паўн. і цэнтр. раёнах. ПАР займае адно з вядучых месцаў у свеце па здабычы золата (каля 700 т штогод, больш за 50% здабычы ў свеце), плаціны (каля 100 т, больш за 60% здабычы ў свеце), алмазаў (пераважна ювелірныя, штогод больш за 10 млн. каратаў), храмітаў (больш за 3 млн. т), марганцавай руды (больш за 3 млн. т), ванадыю, сурмы, азбесту, уранавых канцэнтратаў. Здабываецца жал. руда (каля 15 млн. т штогод), медзь, волава, нікель, тытан, свінец і цынк, рэдкія і рэдказямельныя металы. Значная здабыча горнахім. сыравіны (флюарыту, фасфатаў, барыту, пірыту і каменнай солі), буд. матэрыялаў, прыроднага каменю і інш. Аснова паліўна-энергет. рэсурсаў — каменны вугаль (каля 170 млн. т штогод). У 1996 атрымана 186,9 млрд. кВтгадз электраэнергіі, у т. л. 93% на ЦЭС, 6,3% на АЭС, 0,7% на ГЭС. Развіта чорная (Прэторыя, Фандэрбейлпарк, Ферыніхінг, Ньюкасл) і каляровая (Спрынгс, Джэрмістан, Прэторыя, Акіп) металургія. У апрацоўчай прам-сці найб. развіты машынабудаванне і металаапрацоўка: вытв-сць горнага, эл. і чыг. абсталявання, рэек, пад’ёмных кранаў, катлоў, с.-г. машын, рухавікоў, буд-ва і рамонт суднаў, зборка аўтамабіляў і інш.; асн. іх цэнтры — гарады Іаганесбург, Кейптаўн, Джэрмістан, Спрынгс, Ферыніхінг. Хім. прам-сць цесна звязана з горназдабыўной. Найб. значэнне маюць нафтаперапрацоўка (Кейптаўн, Дурбан), вытв-сць выбуховых рэчываў, штучных угнаенняў, сернай кіслаты, лакаў і фарбаў (раёны Іаганесбурга, Кейптаўна, Дурбана). Развіты харч. (мукамольная, мясная, вытв-сць цукру, агароднінных, фруктовых, рыбных кансерваў), тэкст. і швейная, радыётэхн. і радыёэлектронная, дрэваапр., гарбарна-абутковая, тытунёвая, шкляная, цэм., буд. матэрыялаў, папяровая, паліграф. прам-сць. Спецыфічная галіна — агранка алмазаў (Кейптаўн і Іаганесбург). Лясная прам-сць. Сельская гаспадаркаасн. крыніца існавання для большасці карэннага насельніцтва. Ёсць буйныя таварныя гаспадаркі белых фермераў (сярэдні памер 1 тыс. га) і нізкапрадукц. дробныя гаспадаркі афрыканцаў. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 13,4 млн. га, арашаецца 1,3 млн. га; большая ч. краіны (каля 81,7 млн. га, пераважна на 3), выкарыстоўваецца пад пашу. Найб. значэнне мае жывёлагадоўля — развядзенне мясной буйн. раг. жывёлы, воўнавых авечак, пуховых ангорскіх коз. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 13,8, авечак — 30, коз — 7, свіней — 1,6. Каля гарадоў буйныя птушкагадоўчыя комплексы (59 млн. курэй, 1997). У раслінаводстве найб. развіта збожжавая гаспадарка. Асн. культуры (сярэдні штогадовы збор у канцы 1990-х г.): кукуруза — каля 7 млн. т, пшаніца — 2 млн. т, цукр. трыснёг — 2,2 млн. т цукру-сырцу. Сеюць таксама сорга, жыта, авёс, бабовыя. Садоўніцтва (персікі, абрыкосы, яблыкі) і вінаградарства найб. развіты ў раёне Кейптаўна, цытрусавыя і бананы — на Пн. У паўн. раёнах на арашальных землях значныя пасевы бавоўны і тытуню. Кветкаводства, пчалярства. Марское рыбалоўства (509,4 тыс. т рыбы, 1997), асн. база рыбалоўнага флоту — г. Іст-Лондан. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (тыс. км, 1995): чыгунак — 21,4, аўтадарог — 331,3, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 137,5, магістральных трубаправодаў (для перапампоўвання нафты, нафтапрадуктаў, газу) — 3. У краіне 4,4 млн. легкавых і 1,6 млн. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (1997). Дзейнічае 749 аэрапортаў, у т. л. міжнар. каля Кейптаўна і Іаганесбурга. Знешнегандл. сувязі пераважна марскім шляхам. Асн. парты: Кейптаўн, Дурбан, Іст-Лондан, Порт-Элізабет, значная роля мазамбікскага порта Мапуту. У 1998 экспарт склаў 28,7 млрд. дол., імпарт — 27,2 млрд. дол. У экспарце пераважаюць золата (20%), інш. металы і алмазы (разам з брыльянтамі, 20—25%), каменны вугаль, харч. прадукты, хімікаты, шэрсць, віны, кансервы, горнае абсталяванне; у імпарце — машыны, трансп. сродкі, хімікаты, нафта, нафтапрадукты, тэкстыль, навук. абсталяванне. Гал. гандл. партнёры: Вялікабрытанія, ЗША, Германія, Японія, Італія. ПАР — краіна развітога турызму. У 1997 замежны турызм прынёс даход у 2,4 млрд. дол. Грашовая адзінка — рэнд.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (каля 80 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (паліцыя і інш.), усяго 138 тыс. чал. (1998). Галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне на добраахвотнай аснове. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 54,3 тыс. чал., 224 танкі, больш за 3 тыс. бронетранспарцёраў і баявых разведвальных машын, каля 500 гармат, 600 зенітных установак і інш. У ВПС 11,4 тыс. чал., 114 баявых самалётаў, 14 баявых верталётаў. У ВМС 8 тыс. чал., 3 падводныя лодкі, 6 тральшчыкаў, 9 катэраў, у т. л. 6 ракетных.

Ахова здароўя. Медыцына пераважна платная. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 52,7, жанчын 56,9 года (1999). Смяротнасць — 12,8 на 1 тыс. чал., забяспечанасць бальнічнымі ложкамі — 1 на 239 чал., урачамі — 1 на 1529 чал. Узровень нараджальнасці — 25,9 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост 1,3%. Дзіцячая смяротнасць — 52 на 1 тыс. нованароджаных (1999).

Друк, радыё. тэлебачанне. У 1999 у ПАР больш за 900 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты на мове афрыкаанс — «Die Burger» («Грамадзянін», з 1915), «Rapport» («Рапарт», з 1970), на англ. мове — «The Star» («Зорка», з 1887), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1906), «The Citizen» («Грамадзянін», з 1976), «Sowetan» («Жыхар Соўэта», з 1981). Нац. акц. інфарм. агенцтва — Паўд.-Афрыканская асацыяцыя прэсы (САПА, з 1938). Паўд.-Афрыканская тэлерадыёвяшчальная карпарацыя (САБК, з 1936) трансліруе б. ч. тэлевізійных і некаторыя радыёпраграмы; паралельна працуюць 2 камерцыйныя тэлерадыёкампаніі: М-НЕТ і Боп ТВ. Перадачы вядуцца на 20 мовах. Тэлебачанне з 1976.

Літаратура народаў ПАР развіваецца пераважна на мовах афрыкаанс і англ., а таксама на мовах групы банту (зулу, коса, сута, чуана). Фальклор прадстаўлены гераічным эпасам, гіст. легендамі, стараж. бушменскімі і гатэнтоцкімі казкамі пра жывёл, чарадзейнымі зулускімі казкамі, прыказкамі і прымаўкамі. Першыя пісьмовыя творы адносяцца да сярэдзіны 19 ст., калі з’явілася пісьменнасць на афр. мовах на аснове лац. алфавіта. Заснавальнік л-ры на мове сута — Т.​Мофала, аўтар гіст. рамана «Чака» (1925). У канцы 19 — пач. 20 ст. з’явіліся антыкалан. публіцыстыка, апавяданні і раманы А.​Шрэйнер, рэв.-рамант. вершы Я.​Селірса, Б.​У.​Вілаказі, раманы Дж.​Дубе, Р.​Злома. Трылогія «Ампі» I. ван Бругена (1924—42) — узор крытычнага рэалізму ў л-ры на мове афрыкаанс. Вядомасць набыла паэзія т.зв. трыццатнікаў (Н. ван Вейк Лаўв, М.​Крыхе). Узмацненне расісцкай палітыкі пасля 2-й сусв. вайны выклікала моцную хвалю л-ры пратэсту, якая развівалася пераважна ў рэчышчы крытычнага рэалізму (творы А.​Пейтана, Н.Гордымер, Дж.​Коўпа, Дж.​Гордана, Э.​Мпахлеле, П.Г.Абрахамса). Антырасісцкая тэма вядучая і ў л-ры 1960—70-х г. (А.​Ла Гума). Вастрыня сац. праблематыкі застаецца характэрнай для твораў сучаснай л-ры ПАР (раман «Непажаданыя элементы» К.​Барнарда і З.​Стэндэра, проза Д.​Брутуса, вершы І.​Іонкер). На бел. мове выдадзены раман Абрахамса «Вянок для Удома» (1959, пер. С.​Дорскі), аповесці і апавяданні Абрахамса і Ла Гумы ў зб. «Закон вольных пашаў» (1987).

Архітэктура. Са старажытнасці на тэр. ПАР пашыраны 2 тыпы нар. жытла: паўсферычныя круглыя ў плане хаціны са звязаных рамянямі жэрдак, прымацаваных да цэнтр. слупа, накрытыя травой ці шкурамі жывёл (у народаў герэра і гатэнтотаў) і круглыя або квадратныя ў плане пабудовы, накрытыя саломай, каркас якіх складаецца з укапаных па перыметры слупоў, а прамежкі паміж імі запоўнены глінай ці гноем (у народаў авамба). Асн. тып сельскага паселішча карэнных народаў — крааль. Развіццё архітэктуры еўрап. тыпу пачалося з сярэдзіны 17 ст. (форт на мысе Добрай Надзеі). Асн. буд-ва вялося ў г. Кейптаўн у духу галандскай архітэктуры 17—18 ст. (пяцівугольны ў плане каменны замак, 1662—72, арх. П.​Дамбаер). У канцы 18 ст. дойлід Л.​М.​Цібо і скульпт. А.​Анрэйт прыўнеслі ў архітэктуру элементы франц. рэнесансу (ордэр у апрацоўцы фасадаў, пышны скульпт. дэкор франтонаў). У 19 ст. інтэнсіўна развіваліся гарады (Дурбан, Прэторыя і інш.), у іх забудове да пач. 20 ст. панаваў эклектызм. У Кейптаўне пераважала неаготыка, у Іаганесбургу — неакласіцызм (арх. Х.​Бейкер), у Прэторыі захоўваліся традыцыі «капскай архітэктуры». У 1920-я г. паявіліся пабудовы ў духу функцыяналізму (арх. Р.​Мартынсен, У.​Г.​Макінташ). З сярэдзіны 20 ст. пад уплывам архітэктараў Еўропы, ЗША і Лац. Амерыкі ствараюцца добраўпарадкаваныя раёны (будынкі адм. цэнтраў, гандл. фірм, кантор, банкаў, асабнякоў).

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Са старажытнасці на тэр. ПАР развівалася мастацтва плямён бушменаў і банту. Высокай тэхнікай выканання вызначаюцца шматлікія наскальныя пятрогліфы і размалёўкі (выявы жывёл, сцэны палявання, бітваў і інш.), якія датуюцца ад 7-га тыс. да н.э. да апошніх ст. да н.э. Узнікненне прафес. мастацтва звязана з культурай еўрап. перасяленцаў. У 18—19 ст. працавалі скульпт. Анрэйт, жывапісцы Д.​У.​Ангас, Т.​У.​Баулер, П.​Венінг, Я.​Х.​Пірнеф, Ч.​Пірс; у 20 ст. — жывапісцы І.​Масіке, Э.​Нгкоба, Ю.​Нод, А.​Нібе, Ж.​Секота, скульпт. Дж.​Кубхека, С.​Кумала, С.​К.​Седыбане, графікі А.​Дламіні, П.​Кларк, Дж.​Мітчэл, разьбяр па дрэве Дж.​Кекана і інш. Развіваюцца традыц. маст. рамёствы: кераміка, апрацоўка металаў, выраб разьбянага начыння, апрацоўка шкур, пляценне і інш.

Музыка. Муз. культура ПАР убірае ў сябе музыку карэнных жыхароў, белага насельніцтва і выхадцаў з краін Азіі — пераважна індыйцаў. Найб. стараж. пласт — музыка бушменаў і гатэнтотаў (магічныя абрады, бытаванне муз. інструмента гора — лук). Пераважае вак. музыка; спевы звычайна шматгалосыя. Тыповыя троххордавыя, тэтрахордавыя, пентатанічныя ладавыя ўтварэнні. У муз. традыцыях народаў банту вылучаюцца традыцыі сота (танец, імітацыя працоўных рухаў у суправаджэнні спеваў і спевы без рухаў), венда са складанай сістэмай муз. жанраў (дзіцячыя і юнацкія спевы-танцы, песенна-танцавальныя жанры складанай метрарытмічнай структуры), шона (хары, інструментальныя ансамблі, характэрны дыятанічныя лады, разнастайная рытміка песень). Муз. інструменты пераважна ўдарныя (найб. ксілафоны). У аснове муз. традыцый белага насельніцтва вак. жанры (сельскія песні, балады і інш.). Вял. значэнне меў узаемаўплыў еўрап. і афр. музыкі, на харавыя спевы паўплывала хрысц. музыка, на вакальную манеру і характар акампанементу — лац.амер. вак.-танцавальныя жанры. У традыц. ансамблі ўключаюцца еўрап. муз. інструменты. Развіццю муз. жыцця ў гарадах у 1-й пал. 20 ст. спрыяла дзейнасць англ. музыканта У.​Г.​Бела, кампазітараў і дырыжораў А.​Коўтса, Э.​Чызолма. Пад уплывам зах.-еўрап. музыкі мадэрнізаваліся традыц. песенныя жанры. У 1930—50-я г. ўзніклі стылі квела, мбубе, джайв (кампазітары Р.​Калуза, Э.​Сангонгі і інш.). На гар. муз. культуру зулу паўплывалі паўн.-амер. джаз і блюз, музыка «кантры», спевы ў стылі «госпел» (спевакі Дж.​Нгобені, Сьюзі). У 1940—50-я г. пачала фарміравацца кампазітарская школа (Г.​Фаган, Б.​Герстман, П.​Рэйнір, А, ван Вейк). Развіццю муз. тэатра садзейнічалі Тэатр. кампанія банту (засн. ў 1953, Кейптаўн), Школа музыкі і драмы пры Саюзе артыстаў Паўд. Афрыкі (Іаганесбург), Нац. тэатр. арг-цыя (Прэторыя). Пастаўлены джазавая опера «Кінг-Конг» Т.​Матчыкізы (1959), муз. спектаклі А.​Трэйсі, Дж.​Тэйлара, Б.​Лешоая, Г.​Скосана. Сярод спевакоў Дж.​Магатоі, Н.​Мдледле, П.​Фанга, М.​Макеба, Б.​Самхлахла, Т.​Кумала, сярод выканаўцаў джазавай музыкі піяніст Д.​Брэнд. Развіваюцца формы т.зв. культываванай музыкі белага насельніцтва. Оперныя тэатры і трупы ў г. Кейптаўне (з 1893), Іаганесбургу, Прэторыі, сімфанічныя аркестры ў Іаганесбургу, Кейптаўне, Дурбане і інш. Дзейнічаюць Паўд.-Афр. кансерваторыя (з 1905, Кейптаўн), муз. ф-ты ва ун-тах у г. Кейптаўн, Прэторыя, Натал, Порт-Элізабет, Іаганесбург. Т-ва афр. музыкі ў Іаганесбургу.

Літ.:

Вяткина Р.Р. Создание Южно-Африканского Союза (1902—1910). М., 1976;

Егоров В.В., Тищенко Т.Ф. История Юга Африки (60—70-е гг.). М., 1982;

Вышинский М.П. Юг Африки: апартеид, геноцид, агрессия. М., 1988;

Асоян Б.Р. Сквозь 300 лет — от Кейпа до Трансвааля: Штрихи к портрету Южной Африки. М., 1991;

Современные литературы Африки: Вост. и Юж. Африка. М., 1974.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), В.​У.​Адзярыха (гісторыя), Р.​Ч.​Лянькевіч (узброеныя сілы), Г.​М.​Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура), Л.​В.​Календа (музыка).

Герб і сцяг Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі.
Да арт. Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка. Мыс Добрай Надзеі.
Капскія горы.
Рака Аранжавая ў Драконавых гарах.

т. 12, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРУ́ЗІЯ, Рэспубліка Грузія (Сакартвела),

дзяржава ў цэнтр. і зах. ч. Закаўказзя. Мяжуе на Пн з Расіяй, на У і ПдУ з Азербайджанам, на Пд з Арменіяй і Турцыяй; абмываецца на З Чорным м. Пл. 69,7 тыс. км². Нас. 5,5 млн. чал. (1995). Афіцыйная мова грузінская. Сталіца — г. Тбілісі. 65 раёнаў, 62 гарады, 52 пасёлкі гар. тыпу. У складзе Грузіі — Абхазія, Аджарыя і Паўднёвая Асеція. Нац. свята — Дзень аднаўлення дзярж. незалежнасці (26 мая).

Дзяржаўны лад. Грузія — рэспубліка. Дзяржаўнасць адноўлена ў крас. 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны парламент, які складаецца з 234 дэпутатаў, абраных насельніцтвам на 3 гады на аснове ўсеаг. выбарчага права. Выканаўчая ўлада належыць кабінету міністраў, які ўзначальвае прэм’ер-міністр.

Прырода. Тэрыторыя Грузіі адносіцца да Альпійскай складкавай вобласці. 87% тэр. занята высакагорнымі хрыбтамі Вял. і М. Каўказа. На Пн Галоўны, ці Водападзельны, хр. (найвышэйшая ч. складкавай сістэмы Вял. Каўказа), амаль усе яго вяршыні больш за 3000 м (самыя высокія — г. Шхара, 5068 м, і г. Казбек, 5033 м), укрыты вечнымі снягамі і ледавікамі; паніжэнні яго — перавалы Крыжовы (2384 м), Клухорскі (2781 м), Мамісонскі (2829 м), Рокскі (2996 м). Ад Галоўнага хр. адыходзяць Гаграўскі, Бзыбскі, Кадорскі, Сванецкі, Лечхумскі, Рачынскі, Харульскі, Ламіскі, Картлійскі і інш. хрыбты. На Пд складкава-глыбавыя хрыбты М.​Каўказа — Месхецкі, Шаўшэцкі і Трыялецкі (з выш. да 2850 м) і ч. Паўд.-Груз. вулканічнага нагор’я. На З паміж хрыбтамі Вял. і М.​Каўказа — Калхідская нізіна (выш. да 150 м). На У ад Ліхскага хр., што злучае Вял. і М.​Каўказ, Унутранакартлійская, Ніжнекартлійская раўніны і Іорскае пласкагор’е (выш. 500—700 м). На крайнім ПдУ, на мяжы з Азербайджанам, Алазанская раўніна. Характэрна сейсмічнасць. Пашыраны карст. Карысныя выкапні: марганцавыя, медныя, мыш’яковыя, свінцовыя, цынкавыя, жал. руды, руды рэдкіх і каштоўных металаў, ртуць, вальфрам, нафта, каменны і буры вуглі, барыт, дыятаміт, бентанітавыя гліны, даламіт, тальк. Зарэгістравана каля 2000 крыніц мінер. вод, розных паводле хім. складу і лек. уласцівасцей (найб. вядомыя Баржомі, Цхалтуба). Пашыраны прыродныя буд. матэрыялы (мармур, туф, вапняк, вогнетрывалыя керамічныя гліны, кварцавыя пяскі). Клімат пераважна субтрапічны, мяняецца з З на У і ў залежнасці ад вышыні мясцовасці. На Чарнаморскім узбярэжжы і Калхідскай нізіне вільготны субтрапічны; сярэднія т-ры студз. 4—7 °C, ліп. 22—24 °C, ападкаў 2000—2500 мм за год. На У клімат сухі субтрапічны, пераходны да ўмеранага, сярэднія т-ры студз. 0—2 °C, ападкаў 400—500 мм за год. На схілах гор клімат умерана кантынентальны з адносна халоднай зімой. Снегавая лінія ў гарах праходзіць на выш. 3000—3400 м, ледавікі Лекзіры, Цанер і інш. Рэкі мнагаводныя, з быстрым цячэннем; жывяцца за кошт атм. ападкаў, раставання снягоў і ледавікоў. Да бас. Чорнага м. належаць рэкі Рыёні, Інгуры, Кадоры, Бзыб, Чарох, да бас. Каспійскага м. — Кура з прытокамі Арагві, Алазані, Ксані, Храмі. У Грузіі пачынаецца р. Церак. Выкарыстоўваюцца рэкі ў гідраэнергетыцы і для арашэння. Шмат азёр: Паравані, Карцахі, Палеястомі, Рыца, Амткел і інш. З глеб пашыраны чырваназёмы, жаўтазёмы, на Пд — горныя чарназёмы, па схілах — горна-лясныя бурыя глебы, у гарах — горна-лугавыя. Пад лясамі каля ​2/5 тэрыторыі. На З шыракалістыя лясы з вечназялёнымі дрэвамі і хмызнякамі (дуб, граб, лаўр, самшыт, ціс, лаўравішня, пантыйскі рададэндран). Горным раёнам характэрна вышынная пояснасць: да выш. 1800—2000 м дубовыя, букавыя, дубова-грабавыя і букава-грабавыя лясы, вышэй — ялова-піхтавыя лясы, рэдкалессе, субальпійскія і альпійскія лугі. Трапляюцца масівы з розных відаў хвоі, у т. л. піцундскай. На У краіны — участкі расліннасці ціпчакова-кавыльных стэпаў і палынных паўпустынь. Жывёльны свет: каўказскі алень, буры мядзведзь, казуля, дзік, рысь, барсук, каўказскі тур, серна, высока ў гарах — улары; з птушак — барадач, каўказскі цецярук, канюк, беркут, дзятлы, берасцянкі, сініцы і інш. На тэр. Грузіі — Тбіліскі прыродны нацыянальны парк і 17 запаведнікаў, у т. л. Піцунда-Мосерскі, Рыцынскі, Гумісцінскі, Калхідскі, Аджамецкі, Баржомскі, Казбегскі і інш.

Насельніцтва. Грузін 71,7%; жывуць таксама армяне (8%, пераважна каля мяжы з Арменіяй і ў гарадах), азербайджанцы (5,6%, на У), рускія (5,5%, у гарадах), абхазы (па розных звестках ад 1,5% да 4,6%, жывуць у Абхазіі), асеціны (каля 3%, пераважна ў Паўд. Асеціі), грэкі, курды, яўрэі і інш. Сярод вернікаў праваслаўныя (каля 90%), мусульмане (у т. л. этнаканфесіянальная група грузін — аджарцы) і інш. Сярэдняя шчыльнасць насельніцтва 78 чал. на 1 км². Найб. населены міжгорныя нізіны, даліны рэк і хвалістыя перадгор’і — шчыльн. да 200—300 чал. на 1 км², у гарах каля 10 чал. на 1 км², высакагорныя раёны не маюць пастаяннага насельніцтва. У гарадах каля 60% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Тбілісі — 1283, Кутаісі — 238, Руставі — 162, Батумі — 138, Сухумі — 120.

Гісторыя. Тэр. Грузіі заселена з ранняга палеаліту. Тут выяўлены шматлікія археал. помнікі каменнага, бронзавага і жалезнага вякоў. На мяжы 2—1-га тыс. да н.э. пачалі складвацца саюзы старажытнагруз. плямён. У 6—4 ст. да н.э. ўзніклі груз. раннерабаўладальніцкія дзяржавы — Калхідскае царства і Іберыйскае царства. З 1 ст. да н.э. Грузія залежала ад Рыма. Феад. адносіны зарадзіліся ў 1—4 ст. н.э. Каля 397 хрысціянства абвешчана афіц. рэлігіяй. У 5—6 ст. Грузія змагалася супраць агрэсіі Ірана і Візантыі, у 7—9 ст. — супраць арабаў. На мяжы 8—9 ст. узніклі феад. царствы і княствы (самтвара), якія ў пач. 11 ст. аб’яднаны ў адзіную феад. дзяржаву на чале з дынастыяй Багратыёнаў. 11—12 ст. — перыяд паліт. магутнасці эканам. і культ. росквіту феад. Грузіі, якая ў часы праўлення Давіда Будаўніка [1089—1125], Георгія III [1156—84] і Тамары [1184—1213] стала адной з наймагутнейшых дзяржаў Закаўказзя і Б. Усходу; значнага ўздыму дасягнулі навука і культура. Грузія падтрымлівала культ.-эканам. сувязі з Візантыяй, краінамі Захаду, араб. Усходу, Кіеўскай Руссю. У 2-й чвэрці 13 ст. Грузія заваявана манголамі. У выніку нашэсця Цімура ў 2-й пал. 14 ст. краіна заняпала, узмацнілася феад. раздробленасць. У канцы 15 ст. Грузія распалася на незалежныя царствы — Картлійскае, Кахецінскае і Імерэцінскае (пра кожнае гл. асобны арт.) і княства Самцхе-Саатабага. У 16 ст. ў Імерэцінскім царстве вылучыліся незалежныя княствы Мегрэлія, Абхазія і Гурыя. У 16—18 ст. груз. народ вёў упартую барацьбу супраць агрэсіі Ірана і Турцыі. Трагічнымі для Грузіі былі паходы ў Картлі і Кахеты ў 1-й чвэрці 17 ст. войск шаха Абаса I, які імкнуўся знішчыць мясц. насельніцтва (толькі ў Кахеты загінула 100 тыс. чал., 200 тыс. вывезена ў Іран) і засяліць Грузію качэўнікамі. Супраць іранскага прыгнёту адбыліся паўстанні ў 1625 у Картлі пад кіраўніцтвам Г.​Саакадзе і ў 1659 у Кахеты. Заваяванне Турцыяй Самцхе-Саатабага з Аджарыяй і інш. тэрыторыямі суправаджалася гвалтоўным атурэчваннем мясц. насельніцтва і продажам яго ў рабства. У 2-й пал. 18 ст. ўзмацніліся Картлійска-Кахецінскае і Імерэцінскае царствы. Пасля некалькіх паражэнняў, нанесеных груз. войскамі, туркі былі выгнаны з краіны. У 16—18 ст. набылі рэгулярны характар сувязі Грузіі з Расіяй, перарваныя манг. нашэсцем. Іх умацаванне прывяло да заключэння Георгіеўскага трактата 1783, паводле якога Расія ўстанаўлівала пратэктарат над Усх. Грузіяй. У 1801 Усх. Грузія, у 1803—64 Зах. Грузія ўвайшлі ў склад Расіі; утвораны Тыфліская і Кутаіская губ. У выніку рус.-перс. (1804—13, 1826—28) і рус.-тур. (1806—12, 1828—29) войнаў, у якіх актыўна ўдзельнічалі грузіны, вызвалена б.ч. тэрыторый, адарваных ад Грузіі. У 1830—40-я г. развівалася дробнатаварная вытв-сць, узнікалі мануфактурныя прадпрыемствы, павялічвалася колькасць гар. насельніцтва; Грузія ўключылася ў агульнарас. рынак. Адмена прыгону ў Грузіі (1864—71) паскорыла развіццё капіталізму. Зарадзілася фабр.-зав. вытв-сць, буд-ва чыгунак, гарнарудная прам-сць (асабліва здабыча чыятурскага марганцу). У 1899 у Грузіі было больш за 2 тыс. прамысл. прадпрыемстваў, каля 18 тыс. рабочых. Развіццё капіталіст. адносін, паліт. і эканам. кансалідацыя Грузіі стварылі ўмовы для развіцця груз. нацыі (гл. Грузіны).

У 1860-я г. ўзмацніўся нац.-вызв. рух на чале з рэв. дэмакратамі І.Р.Чаўчавадзе, А.Р.Цэрэтэлі, М.Я.Нікаладзе і інш. У 1870-я г. пачаўся забастовачны рух, узніклі рабочыя гурткі. З канца 1890-х г. рабочы рух набыў арганізаваны і масавы характар. У 1900—02 адбыліся забастоўкі на прадпрыемствах Тыфліса, Батумі і інш. У час рэвалюцыі 1905—07 у шэрагу гарадоў Грузіі адбыліся стачкі рабочых, сял. выступленні, ствараліся прафсаюзы. Каля 40 буйных забастовак адбылося ў Грузіі ў час 1-й сусв. вайны. У ходзе барацьбы супраць царызму і султанскага дэспатызму ў Грузіі ўзніклі розныя грамадска-паліт. плыні і партыі, найб. уплывовай была партыя меншавікоў. Пасля Лют. рэв. 1917 створаны орган Часовага ўрада — Асобы Закаўказскі к-т, у ліст. 1917 яго змяніў Закаўказскі камісарыят — урад меншавікоў і эсэраў. У лют. 1918 утвораны Закаўказскі сейм, які абвясціў Закаўказзе незалежнай федэратыўнай дэмакр. рэспублікай (у маі 1918 распалася). Меншавікі абвясцілі Грузію незалежнай рэспублікай і ўтварылі ўрад. Але тур. інтэрвенты захапілі Карс, Ардаган, Батум. Паводле дагавора 4.6.1918 паміж Грузіяй і Турцыяй да апошняй адышла значная ч. груз. тэрыторыі. У канцы мая — чэрв. ў Грузію ўступілі ням., у снеж. 1918 — ліп. 1920 — англ. войскі. У лют. 1921 у Грузіі пад кіраўніцтвам бальшавікоў пачалося ўзбр. паўстанне. Створаны 16.2.1921 рэўком Грузіі абвясціў яе Сав. Сацыяліст. рэспублікай і звярнуўся за дапамогай да РСФСР. Чырв. Армія і атрады паўстанцаў 25.2.1921 занялі Тыфліс, скінулі ўрад меншавікоў і ўстанавілі сав. ўладу. 16.3.1921 паміж РСФСР і Турцыяй у Маскве заключаны дагавор, паводле якога Турцыя адмовілася ад Батума і паўн. ч. Аджарыі. 30.12.1922 Грузія разам з Азербайджанам і Арменіяй у складзе Закаўказскай Федэрацыі (ЗСФСР) увайшла ў СССР, з 5.12.1936 саюзная рэспубліка (Грузінская ССР). 25.2.1922 прынята першая Канстытуцыя Груз. ССР. У 2-й пал. 1980-х г. у Грузіі разгарнуўся шырокі рух за незалежнасць. У крас. 1989 мітынгі і дэманстрацыі ў Тбілісі былі спынены сіламі службы бяспекі. У чэрв. 1989 створаны Нар. фронт Грузіі. У сак. 1990 Вярх. Савет Грузіі выступіў з асуджэннем анексіі рэспублікі ў 1921 Сав. Расіяй і запатрабаваў ад кіраўніцтва СССР пачаць перагаворы пра аднаўленне дзярж. незалежнасці. На парламенцкіх выбарах у кастр. 1990 перамагла кааліцыя апазіцыйных груповак «Круглы стол — Свабодная Грузія» (лідэр З.Гамсахурдыя, з ліст. 1990 старшыня Вярх. Савета). Парламент абраў Гамсахурдыю прэзідэнтам, у крас. 1991 абвясціў Грузію незалежнай. У маі 1991 Гамсахурдыя выбраны прэзідэнтам на ўсеагульных выбарах. Пасля распаду СССР і ўтварэння СНД (1991) Грузія адмовілася ўвайсці ў склад СНД. У студз. 1992 у выніку вострай унутрыпаліт. барацьбы і незадаволенасці значнай ч. насельніцтва палітыкай прэзідэнта быў сфарміраваны Ваен. савет, які адхіліў ад улады Гамсахурдыю, скасаваў прэзідэнцтва, прыпыніў дзейнасць канстытуцыі, распусціў парламент. У сак. 1992 Ваен. савет аб’явіў аб самароспуску і стварэнні Дзярж. савета на чале з Э.Шэварднадзе. Унутрыпаліт. становішча Грузіі ўскладнілася з-за нявырашанасці нац. праблем; узніклі міжнац. канфлікты з Паўд. Асеціяй, Абхазіяй (гл. Грузіна-абхазскі канфлікт 1990-х г.), туркамі-месхецінцамі. 11.10.1992 выбраны новы парламент і яго старшыня — Шэварднадзе, які паводле Закону аб дзярж. уладзе (прыняты на 3 гады 6.11.1992) з’яўляўся кіраўніком дзяржавы. У 1993 Грузія ўступіла ў СНД. У 1994 прэзідэнтам краіны абраны Шэварднадзе. 5.9.1995 прынята новая канстытуцыя Грузіі, паводле якой прэзідэнцкая ўлада спалучаецца з парламенцкай. Грузія — чл. ААН і АБСЕ з 1992. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў 1994.

Палітычныя партыі. Дэмакр. саюз Грузіі, партыя анархістаў, Нар. фронт Грузіі, Хрысц.-дэмакр. саюз, Рэсп. партыя, Нац.-дэмакр. партыя, Партыя «зялёных», Дэмакр. партыя і інш., усяго больш за 40 паліт. арг-цый і рухаў.

Гаспадарка. Грузія — індустрыяльна-агр. дзяржава. Валавы нац. прадукт складае 850 дол. на душу насельніцтва за год. Электраэнергет. база — ГЭС на Інгуры, Рыёні, Храмі; Рустаўская ДРЭС, ЦЭЦ у Тбілісі і Ткварчэлі. Вядучыя галіны прамысловасці: машынабудаванне і металаапрацоўка (станка-, судна-, электравоза-, аўтамабілебудаванне, с.-г. машынабудаванне, электратэхнічнае; асн. цэнтры — Тбілісі, Кутаісі, Руставі, Батумі, Поці); хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, хім валокнаў у Руставі); нафтахім. і нафтаперапр. (Тбілісі, Батумі), чорная металургія (Руставі); харчасмакавая (у т. л. чайная, плодакансервавая, вінаробная, эфіраалейная, тытунёвая, разліў мінер. вод); лёгкая (шаўковая ў Тбілісі, Кутаісі і Махарадзе, шарсцяная ў Тбілісі, баваўняная ў Горы і Кабулеты, трыкат., гарбарна-абутковая). Здабыча каменнага вугалю (Ткібулі, Ткварчэлі), марганцавай (Чыятура), меднай (Маднеулі), поліметалічных (Кваісі) руд, барытаў і інш. Прам-сць буд. матэрыялаў уключае вытв-сць цэменту (Каспі, Руставі), шыферу, жалезабетонных вырабаў; здабываюць мармур, базальт, вапнякі. Сельская гаспадарка прычарнаморскіх раёнаў спецыялізуецца на зборы чайнага ліста, цытрусавых (мандарыны, апельсіны, лімоны), лаўровага ліста. Ва ўсх. раёнах вядучая роля належыць вінаградарству. Развіта пладаводства. Пасевы збожжавых (пшаніца, кукуруза, ячмень). Вырошчваюць сланечнік, эфіраалейныя культуры, цукр. буракі, бульбу, агароднінна-бахчавыя і кармавыя культуры. Асн. галіна — мяса-малочная жывёлагадоўля. Авечкагадоўля, свінагадоўля, птушкагадоўля. Транспарт. Развіты чыгуначны (эксплуатацыйная даўж. 1550 км), аўтамаб. (21,5 тыс. км дарог, з іх 20 тыс. км з цвёрдым пакрыццём). Авіяц. транспарт. Асн. марскія парты — Батумі, Поці. Нафтаправод Баку—Батумі, газаправоды з Паўн. Каўказа і Азербайджана. Шматлікія курорты: прыморскія кліматычныя (Гагра, Піцунда, Новы Афон, Кабулеты), бальнеалагічныя (Цхалтуба, Набеглаві, Саірме), бальнеакліматычныя (Баржомі, Авадхара, Джава), горнакліматычныя (Абастумані, Бакурыяні, Бахмаро). Альпінізм. Турызм. Грузія імпартуе нафту і нафтапрадукты, прыродны газ, жал. руду, машыны і абсталяванне, збожжа. Экспартуе марганец, ферасплавы, прадукты харчасмакавай прам-сці (чай, цытрусавыя, вінаград, віны і інш.). Гал. знешнегандл. партнёры — Расія, Азербайджан, Турцыя. Грашовая адзінка — лары.

Узброеныя сілы. Складаюцца з сухап. войск і ВПС. Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. На канец 1994 — больш за 10 тыс. чал. (250 тыс. рэзервістаў). У сухап. войсках 10 тыс. чал. У ВПС 200 чал. Прадугледжваецца стварэнне ВМС (кіраўніцтва краіны прэтэндуе на частку караблёў Чарнаморскага флоту б. СССР).

Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 69, жанчын 77 гадоў. Смяротнасць — 9 на 1 тыс. чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 90 чал., урачамі — 1 на 170 чал. Узровень нараджальнасці — 16 на 1 тыс. чал. Дзіцячая смяротнасць — 23 на 1 тыс. нованароджаных (1994).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Грузіі ўключае дашкольныя ўстановы, агульнаадук. школы, прафес.-тэхн. і сярэднія спец. навуч. ўстановы, ВНУ. У 1996/97 навуч. г. ў Грузіі каля 1300 дашкольных устаноў, больш за 3 тыс. агульнаадук. школ, 110 прафес.-тэхн. вучылішчаў, 77 сярэдніх спец. навуч. устаноў, больш за 250 ВНУ. Вядучыя ВНУ: Тбіліскі ун-т, Груз. тэхнічны, Груз. агранамічны ун-ты ў Тбілісі, Тбіліскі мед. ун-т, Сухумскі ун-т, Кутаіскі пед. ун-т, Батумскі пед. ун-т, Груз. акадэмія фіз. выхавання і спорту, Груз. ваенная і паліцэйская акадэміі, Тбіліскія акадэмія мастацтваў і кансерваторыя, Тбіліская і Гелацкая духоўныя акадэміі, Батумская марская акадэмія і інш. Найбольшыя б-кі: Нац. б-ка Парламента Грузіі, Б-ка Тбіліскага ун-та, Цэнтр. навук. б-ка АН Грузіі, рэсп. дзярж. маладзёжная і дзіцячая б-кі, Галаўная навук. б-ка, навукова-тэхн. б-ка (усе ў Тбілісі), а таксама навук. б-кі ВНУ. Найбольшыя музеі: Дзярж. музей, Музей мастацтваў, Музей Тбілісі, Літ. музей, Музей музыкі, тэатра і кіно, Музей дэкар. і прыкладнога мастацтва, Нац. галерэя Грузіі, Галерэя сучаснага выяўл. мастацтва, Галерэя дзіцячага малюнка (усе ў Тбілісі), Дзярж. музей Аджарыі ў Батумі і інш. Навук. даследаванні праводзяцца вядучымі навук. ўстановамі сістэмы АН Грузіі, галіновымі акадэміямі, асветнымі навук. і навукова-тэхн. т-вамі і інш.

Друк, радыё, тэлебачанне. Буйнейшыя газеты: «Сакартвелас рэспубліка» («Рэспубліка Грузія»), «Свободная Грузия», «Іберыя спектр» («Спектр Грузіі»), «Тбилиси», «Вечерний Тбилиси», «Гурджыстан» і інш. Нац. інфарм. агенцтва Грузінфарм. Існуе шэраг незалежных агенцтваў, буйнейшае з якіх «Іпрында» («Палёт»). Радыёвяшчанне на груз., рус., абхазскай, асецінскай і інш. мовах. З 1956 працуе Тбіліскі тэлецэнтр. У 1992 створана Служба груз. тэлебачання і радыёвяшчання. Дзейнічае прыватная тэлекампанія «Ібервізія» («Паказвае Грузія»).

Літаратура. Грузія бярэ вытокі ў стараж. фальклоры. Адзін з найб. стараж. фалькл. помнікаў гераічны эпас «Амірані» — шматварыянтная груз. версія міфа пра Праметэя. Узнікненне стараж. груз. пісьменства звязана з імем цара Парнаваза (3 ст. да н.э.). У раннім сярэдневякоўі былі распаўсюджаны шматлікія паданні, песні, паэмы, звязаныя з гіст. асобамі і падзеямі («Этэрыяні» і інш.). Першы пісьмовы помнік стараж. л-ры Грузіі агіяграфічная аповесць «Пакуты Шушанікі» Я.​Цуртавелі (5 ст.). У 5—11 ст. літ. творы мелі пераважна рэліг. характар («Пакуты Або» Іаана Сабанісдзе, «Жыціе Грыгорыя Хандзтэлі» Георгія Мерчулі і інш.). Найб. пашыраны былі агіяграфічныя, гімнаграфічныя і філас.-тэалагічныя жанры (Мікаэл Мадрэкілі, Іаан Мінчхі і інш.). Развіццю навукова-філас., літ. і перакладчыцкай дзейнасці спрыялі груз. калоніі-школы ў Антыёхіі, Іерусаліме, на Афоне (у Грэцыі). У 11—12 ст. ўзнікла свецкая л-ра (ананімныя аповесць «Аміран-Дарэджаніяні», раман «Вісраміяні», творы Масэ Ханэлі, Іаан Шаўтэлі, Саргіса Тмагвелі і інш.). Вяршыня нац. паэзіі 12 ст. — паэма прадвесніка ўсх. Адраджэння Ш.Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры». 13—17 ст. — перыяд заняпаду л-ры Грузіі. У 17 ст. пачаўся працэс адраджэння нац. л-ры (спадчына цароў Тэймураза I, Арчыла II, якія сцвердзілі ў груз. паэзіі прынцып рэалістычна-праўдзівага адлюстравання рэчаіснасці). У 18 ст. вызначальнай была асветніцкая дзейнасць цара Вахтанга VI (заснавальнік першай друкарні ў Грузіі, выдавец «Евангелля» і «Віцязя ў тыгравай шкуры» — першых друкаваных кніг на груз. мове), пісьменніка Сулхан-Саба Арбеліяні (аўтар зб-каў «Мудрасць выдумкі» і «Падарожжа ў Еўропу», адзін са стваральнікаў груз. літ. мовы), а таксама прасякнутая ідэямі патрыятызму філас. паэзія Л.Гурамішвілі, інтымная лірыка В.​Габашвілі. У пач. 19 ст. ідзе аднаўленне нац. л-ры, звязанай з гіст. мінулым краіны, насычанай ідэямі асабістай і нац. свабоды. Пануючым становіцца рамант. кірунак (А.Чаўчавадзе, Г.Арбеліяні, Н.Бараташвілі і інш.). Рэаліст. кірунак (2-я пал. 19 ст.) выявіўся ў творчасці заснавальніка нац. тэатра і нац. драматургіі камедыёграфа Г.​Эрыставі, у прозе Д.​Чанкадзе. Новым этапам сцвярджэння л-ры рэалізму сталі творы, скіраваныя на адлюстраванне сац.-паліт., грамадскага і духоўнага жыцця народа, на абуджэнне нац. самасвядомасці (І.Чаўчавадзе, А.Цэрэтэлі, А.Пурцаладзе, А.Казбегі, Важа Пшавела). У гады ўздыму рэв. руху, на мяжы стагоддзяў гал. месца ў л-ры Грузіі займалі праблемы класавай барацьбы і сац. пераўтварэнняў (гіст. раманы Э.​Нінашвілі, В.​Барноў, Ш.​Арагвіспірэлі, Д.​Клдыяшвілі). Падзеі рэвалюцыі 1905—07 у часткі інтэлігенцыі выклікалі настроі расчаравання і безнадзейнасці (творы прадстаўнікоў т.зв. «дэмакратычнай паэзіі» І.​Еўдашвілі, Н.​Чхіквадзе, А.​Абашэлі і інш.). Л-ра Грузіі пач. 20 ст. развівалася пад уплывам еўрап. л-ры. З’явіліся шматлікія новыя плыні — сімвалізм, футурызм, дадаізм (П.​Яшвілі, В.​Гапрындашвілі і інш.). Рэаліст. традыцыі ў нац. л-ры працягвалі Ч.​Ламтатыдзе, Ш.​Дадыяні, Н.​Лордкіпанідзе, Л.​Кіячэлі, С.​Эулі і інш. У 1930-я г. ў л-ры Грузіі замацаваўся сацыяліст. рэалізм (у паэзіі — І.​Абашыдзе, Г.​Табідзе, Г.​Абашыдзе, С.​Чыкавані, у прозе — Дадыяні, Д.​Шэнгелая, М.​Джавахішвілі, К.​Лордкіпанідзе, у драматургіі — Дадыяні, С.​Шаншыяшвілі, П.​Какабадзе, І.​Вакелі). Пашырыўся тэматычны і жанравы дыяпазон (гіст. раманы і аповесці К.Гамсахурдыі, Шангелая, А.​Кутатэлі, І.​Лісашвілі, Б.​Чхеідзе, Д.​Суліяшвілі). У Вял. Айч. вайну развівалася патрыят. лірыка (І.​Абашыдзе, К.​Каладзе, Х.Берулава, А.​Мірцхулава, Г.​Леанідзе), эпічная паэзія (Г.​Абашыдзе, Чыкавані), гіст. драматургія Шаншыяшвілі, Л.​Гатуа, Вакелі, Г.​Хухашвілі і інш.). У пасляваеннай груз. л-ры плённа працавалі празаікі (Гамсахурдыя, А.​Беліяшвілі, А.​Чыладзе, Н.Думбадзе, Р.​Джапарыдзе, Р.​Інанішвілі, Ц.​Данжашвілі, М.​Мрэўлішвілі, Г.​Панджыкідзе), паэты (Р.​Маргіяні, Ц.​Джангулашвілі, І.​Нанешвілі, Г.​Каландадзе, М.​Мачаварыяні, А.​Чэлідзе, Ш.​Нішніянідзе), драматургі (М.​Бараташвілі, К.​Буачыдзе, І.​Масашвілі і інш.). Творчасць пісьменнікаў гэтага перыяду арганічна звязана з сучаснасцю, культурна-гіст. традыцыямі народа (Ч.​Амірэджыбі, Дж.​Чарквіяні, Т.​Чантурыя, М.​Квлівідзе, Т.​Чыладзе, А.​Сулакауры і інш.). У 1970-я г. прыйшло новае пакаленне паэтаў (Б.​Харанаулі, Л.​Стуруа, Д.​Мчэдлуры), празаікаў (Н.​Шатаідзе, Г.​Дачанашвілі, Дж.​Карчхадзе), драматургаў (Ш.​Шаманадзе, Л.​Табукашвілі) і інш. Развіваюцца дзіцячая л-ра (Н.​Накашыдзе, Р.​Коркія), літаратуразнаўства (Г.​Джыбладзе, С.​Чылая, Б.​Жгенці, Дж.​Гвінджылія, К.​Кекелідзе, Г.​Леанідзе, Г.​Асацыяні, Г.​Гачэчыладзе і інш.).

Творчыя бел.-груз. ўзаемакантакты зарадзіліся на пач. 1930-х г. У груз. перыяд. друку публікаваліся творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, А.​Александровіча, А.​Дудара, М.​Хведаровіча, у бел. — творы Г.​Табідзе, Т.​Табідзе, Эулі, К.​Лордкіпанідзе, Масашвілі, класікаў груз. л-ры Н.​Бараташвілі, І.​Чаўчавадзе, Важа Пшавелы, Цэрэтэлі. Умацаванню бел.-груз. сувязей спрыяла святкаванне 750-годдзя паэмы Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры» ў 1937 у Грузіі і на Беларусі. Жыццю груз. народа прысвечаны раман Э.​Самуйлёнка «Будучыня» (1938). Папулярызацыі груз. л-ры на Беларусі садзейнічала перакладчыцкая дзейнасць Я.​Купалы, П.​Броўкі, А.​Звонака, Хведаровіча і інш. У 1950—80-я г. актывізаваліся творчыя кантакты, перакладчыцкая дзейнасць. На груз. мове былі выдадзены кнігі «Выбранае» Я.​Купалы (1955), «Беларускія апавяданні» (1961), «Беларуская савецкая паэзія» (1967), «Беларускія савецкія паэты» (1978), «Шчаслівы дзень» (1983). На бел. мове выйшлі кнігі «Грузінскія казкі» (1962), зб-кі апавяданняў «Твае грузінскія сябры» (1964), «Горны вадаспад» (1967), «Анталогія грузінскай паэзіі» (т. 1—2, 1989), творы Кутатэлі, М.​Гелавані, Руставелі, у перыяд. друку змяшчаліся пераклады Бараташвілі, Гурамішвілі, Д.​Квіцарыдзе, Кутатэлі, Леанідзе, М.​Лебанідзе, Масашвілі, Сулакауры, Чыкавані і інш. На бел. мову творы груз. пісьменнікаў перакладалі А.​Астрэйка, М.​Аўрамчык, Р.​Барадулін, Х.​Жычка, І.​Калеснік, К.​Камейша, У.​Караткевіч, Г.​Кляўко, П.​Прыходзька, Ю.​Свірка, У.​Шахавец і інш.

Архітэктура. Самыя стараж. збудаванні Грузіі датуюцца энеалітам (паселішчы Шулаверыс-гара, Імірыс-гара). Да эпохі бронзы і ранняга жалеза належаць паселішча Нацар-гара, курганы Трыялеты, Самгоры, дальмены ў Абхазіі. Ад перыяду стараж. дзярж. утварэнняў (канец 1-га тыс. да н.э. — 1 ст. н.э.) захаваліся акропаль, крэпасць і пабудовы Мцхеты, гарадзішча Вані. З прыняццем хрысціянства і развіццём феад. адносін (1-я пал. 4 ст.) будаваліся гарады з мурамі, палацамі і жылымі кварталамі (Уджарма, Тбілісі). Шэраг цэркваў вар’іруе прыўнесеную форму базілікі (Балніскі Сіён ва Урбнісі, Тбілісі, Вазісубані), храмы цэнтрычна-купальнага тыпу (Джвары, Атэнскі Сіён, Шуамта), круглыя купальныя храмы Цромі і інш. (усе 6—7 ст.). Тагачаснай архітэктуры ўласцівы аскетызм стылю, дэтальная пластычная распрацоўка фасадаў, аркі, скляпенні і інш. Пасля заняпаду ў сувязі з араб. заваяваннем буд-ва вялося ў самаст. груз. княствах і царствах (Тао-Кларджэты, Абхазія, Кахеты). У ліку тагачасных помнікаў саборы ў Самшвілдэ, Цырколі, Гурджаані, манастыры ў Паўд. Грузіі і інш. У сярэдзіне 10 — пач. 14 ст. груз. архітэктура дасягае росквіту. Выкрышталізоўваецца тып прамавугольнага ў плане крыжова-купальнага храма з высокім барабанам, накрытым шатром, у кампазіцыі дамінуе вертыкалізм: цэрквы ў Кумурда (964), прав. Ошкі (958—бі), Светыцкавелі, Алаверды, храм Самтавісі (11 ст., арх. Іларыён Самтаўнелі), Гелацкі манастыр, пячорныя манастыры Давід Гарэджа, Вардзія і інш. У пабудовах 14—18 ст. захоўваліся традыц. формы арх. кампазіцыі і дэкору. З пач. 19 ст. імі ўзбагачаецца стылістыка класіцызму (сял. дамы тыпу «дарбазі», «одасахлі»: драўляны на каменным цокалі прамавугольны ў плане дом з некалькіх пакояў з балконам па ўсім фасадзе — у Зах. Грузіі, дамы-вежы ў горных раёнах. З 2-й пал. 19 ст. ў гар. архітэктуры пануе эклектызм. Пабудовы пач. 20 ст. ўпрыгожваліся нац. арх. матывамі: Грузінскі дваранскі земскі банк (1912—16, арх. А.​Кальгін) у Тбілісі. У 1920—30-я г. ствараюцца будынкі ў духу канструктывізму і неакласіцызму з уключэннем матываў стараж. Грузіі: Зема-Аўчальская ГЭС каля Мцхеты (1927, арх. Кальгін, М.​Мачаварыяні, К.​Лявонцьеў), фасад Музея Грузіі (1927—29, арх. М.​Севераў), стадыён «Дынама» (1933—37, арх. А.​Курдыяні), Дом урада (1938—53, арх. В.​Какорын, Г.​Лежава) — усе ў Тбілісі. У апошнія дзесяцігоддзі ствараюцца новыя арх. формы і выкарыстоўваюцца аб’ёмна-прасторавыя кампазіцыйныя рашэнні: Палац спорту (1961, арх. У.​Алексі-Месхішвілі, Ю.​Касрадзе), гасцініца «Іверыя» (1967, арх. А.​Каландарышвілі, І.​Цхамелідзе), Дом урачыстых падзей (1984, арх. В.​Джарбенадзе і інш.) — усе ў Тбілісі; т-ры ў Кутаісі, Чыятуры, Сухумі; санаторыі ў Цхалтуба, Гагры, Піцундзе і інш. У 1934 засн. Саюз архітэктараў Грузіі.

Выяўленчае мастацтва. Найб. стараж. помнікі выяўл. мастацтва — маст. вырабы з металу і арнаментаваная кераміка — адносяцца да энеаліту. Ад рабаўладальніцкага перыяду захаваліся пахаванні з залатымі ўпрыгожаннямі з гранатамі, камеямі ў мясц. традыцыях, а таксама прывазны посуд, шкло, кераміка («Ахалгарыйскі скарб», 5 ст. да н.э. і інш.). Пасля прыняцця хрысціянства ў мастацтва Грузіі з цэнтраў хрысц. Усходу пранікаюць новыя формы, перапрацоўваючы якія груз. мастакі стварылі ўласную маст. школу. У сярэднія вякі пашырана дэкар. скульптура (рэльефы Джвары, 7 ст., Апізы, 9 ст., Кумурда і Ошкі, 10 ст., Светыцхавелі; разьба на алтарных апсідах з Сафары, Хоўле, 11 ст.), манум. жывапіс (размалёўкі ў Атэні, Вардзіі, Кінцвісі, у цэрквах Сванетыі, мазаіка гал. храма Гелацкага манастыра), мініяцюра (1-е і 2-е Джруцкія евангеллі, 940 і 12 ст., Моквійскае евангелле, 1300), чаканка па метале (абразы «Праабражэнне», 9 ст., і «Замілаванне», 11 ст., залатыя крыжы з Брылі і Брэты, чаша з Бедыі — 10 ст., Хахульскі складзень, творы Бекі і Бешкена Апізары, 12 ст.). Дэкар.-прыкладное мастацтва сярэдневякоўя прадстаўлена перагародчатай эмаллю, размаляванай керамікай, вышыўкай па шоўку і аксаміце, чаканкай па метале. З 19 ст. мастацтва арыентуецца на зах.-еўрап. і рус. культуры. Зараджаецца і развіваецца станковы жывапіс, пераважна партрэт (Г.​Майсурадзе), быт. жанр, які дамінаваў у творчасці мастакоў рэаліст. кірунку (А.​Берыдзе, Г.​Габашвілі, Р.​Гвелесіяні, А.​Мрэўлішвілі, М.​Таідзе). На мяжы 19 і 20 ст. з’явіліся творы заснавальніка сучаснай груз. скульптуры Я.​Нікаладзе і мастака-прымітывіста Н.​Пірасманішвілі. У жывапісе 1920—30-х г. развіты пейзаж А.​Ахвледыяні, У.​Джапарыдзе, Д.​Какабадзе, А.​Цымакурыдзе), партрэт (К.​Магалашвілі), з’явіліся тэмы індустрыялізацыі, пераўтварэння вёскі; легендарна-фантаст. сюжэты распрацоўваў Л.​Гудыяшвілі. У 1930-я г. дамінуе гіст.-рэв. тэматыка (Джапарыдзе, А.​Кутатэладзе, В.​Сідамон-Эрыставі, І. і М.​Таідзе). Паспяхова развіваецца кніжная (У.​Грыголія, І.​Шарлемань) і станковая (Д. і В.​Кутатэладзе) графіка. Ілюстрацыі ствараюць Т.​Абакелія, Гудыяшвілі, С.​Кабуладзе, І.​Таідзе, да дзіцячых кніг — І.​Габашвілі. У скульптуры вядучым быў партрэт (М.​Кандэлакі, Нікаладзе, Н.​Цэрэтэлі); развівалася манум. скульптура (С.​Какабадзе, К.​Мерабішвілі, Ш.​Мікатадзе, Р.​Тавадзе, В.​Тапурыдзе), у т. л. сюжэтны рэльеф (Абакелія, Г.​Сесіяшвілі). Сярод тэатр. мастакоў: А.​Ахвледыяні, П.​Ацхелі, С.​Вірсаладзе, І.​Гамрэкелі, Кабуладзе, Д.​Какабадзе, В.​Сідамон-Эрыставі. У 2-ю сусв. вайну пашырана агітацыйная графіка, асабліва плакат (І.​Таідзе). У апошнія дзесяцігоддзі працуюць: у галіне тэматычнай карціны — Г.​Гелавані, К.​Махарадзе, Г.​Таідзе, У.​Татыбадзе, Д.​Хахуташвілі; партрэтысты Э.​Каландадзе, З.​Ніжарадзе, Н.​Янкашвілі; у манум. жывапісе — Б.​Бердзенішвілі, Р.​Стуруа, З.​Цэрэтэлі; у графіцы — А.​Бандзеладзе, Грыголія, П.​Гучмазац, Г.​Мірзашвілі, Д.​Нодыя, Р.​Тархан-Маўраві; тэатр. мастакі П.​Лапіяшвілі, Д.​Тавадзе; у манум. скульптуры — М.​Бердзенішвілі, Г.​Каладзе, Г.​Кардзахія, Мерабішвілі, Г.​Ачыяуры; у станковай і дэкар. пластыцы — Б.​Авалішвілі, Ц.​Асатыяні і інш. Адраджаецца чаканка па метале (Г.​Габашвілі, І.​Ачыяуры), кераміка (А.​Какабадзе, З.​Майсурадзе). У 1933 засн. Саюз мастакоў Грузіі.

Музыка. Раннія звесткі пра груз. нар. вакальную і інстр. музыку адносяцца да 8 ст. да н.э. Нар. песні вылучаюцца шматгалоссем, разнастайнасцю дыялектаў. Пашырана традыцыя 3- і 4-галосага мужчынскага спявання; сустракаюцца і сольныя 1-галосыя спевы, часам з інстр. суправаджэннем. Бытуюць працоўныя, абрадавыя, застольныя, танц. і інш. песні. У аснове музыкі Грузіі дыятанічныя лады, пераменная метрыка; у сольных партыях складаная рытміка. Сярод інструментаў: струнна-смычковыя (чыянуры, чуніры), струнна-шчыпковыя (чангі, чонгуры, пандуры), духавыя (саінары, саламуры, най, чыбоні, ствіры), ударныя (долі, таблакі). Гар. муз. фальклор (17—19 ст.) уключае вак. творы аднагалосыя, меладычна развітыя, з элементамі імправізацыі, з інстр. суправаджэннем (т.зв. песні старога Тбілісі), што склаліся на аснове муз.-паэт. творчасці паэтаў-спевакоў і ашугскай традыцыі (гл. Ашуг), а таксама 3-галосыя песні з гітарным суправаджэннем і інш. Пасля прыняцця хрысціянства (337) пачала фарміравацца груз. царк. музыка. Сярод яе майстроў манах і кампазітар М.​Мадрэкілі (10 ст.). У 12 ст. паявіліся шматлікія хар. і інстр. ансамблі, расквітнела выканальніцтва. З муз. дзеячаў 17—18 ст. С.​Арбеліяні (абнародаваў груз. муз. тэрміны), І.​Багратыёні (аўтар муз. граматы асобай сістэмы). Пасля далучэння Грузіі да Расіі пачалося збліжэнне груз. музыкі з еўрапейскай. У 1830-я г. ствараліся літ.-муз. салоны, развівалася хатняе музіцыраванне. У Тыфлісе адкрыты оперны т-р (1851), дзе ставіліся італьян., пазней і рус. оперы, наладжваліся сімф. і камерныя канцэрты; муз. школа Каўказскага муз. т-ва (1871), муз. класы, арганізаваныя Х.​Саванелі і А.​Мізандары (з 1917 кансерваторыя). З 1860-х г. збіраюцца і публікуюцца нар. песні, у 1885 створаны этнагр. хор Л.​Агніяшвілі. У пач. 20 ст. арганізаваны Груз. філарманічнае т-ва (1905), груз. оперная студыя (1919), развіваецца хар. музыка (М.​Сулханішвілі), ствараюцца нац. оперы (З.Паліяшвілі, Дз.Аракішвілі, М.Баланчывадзе, В.​Далідзе). У сав. перыяд груз. музыка ўзбагацілася жанрамі сімфоніі, сімф. паэмы, кантаты, араторыі, балета, аперэты, мюзікла, інстр. канцэрта, квартэта, у якіх працуюць кампазітары В.​Азарашвілі, А.​Андрыяшвілі, К.Баланчывадзе, Р.​Габічвадзе, Н.​Габунія, А.​Гардэлі, Г.Канчэлі, І.​Каргарэтэлі, Б.​Квернадзе, А.​Керэселідзе, Р.​Кіладзе, Р.​Лагідзе, К.Мачаварыяні, Ш.​Міларава, Ш.​Мшвелідзе, С.​Насідзе, А.Тактакішвілі, Ш.Тактакішвілі, Д.Тарадзе, С.Цынцадзе, А.​Чымакадзе, А.​Шаверзашвілі і інш. Створаны дзіцячыя оперы (А.​Букія, В.​Гакіелі, М.​Давіташвілі). У сферы эстр., тэатр. і кінамузыкі вылучыліся Азарашвілі, Габічвадзе, Н.​Гігауры, Канчэлі, Квернадзе, М.​Парцхаладзе, Тарадзе, Г.​Цабадзе і інш. Праблемы муз. навукі распрацоўвалі Аракішвілі, Г.​Арджанікідзе, Ш.​Асланішвілі, В.​Гвахарыя, У.​Данадзе, Г.​Тарадзе, П.​Хучуа, А.​Цулукідзе, Р.​Чхіквадзе і інш. Сярод выканаўцаў: дырыжоры К.Дымітрыядзі, Дж.Кахідзе, І.​Паліяшвілі, Я.​Мікеладзе; спевакі В.​Сараджышвілі. В.​Бахуташвілі-Шульгіна, А.Інашвілі, М.Аміранашвілі, П.Аміранашвілі, Д.Андгуладзе, З.Анджапарыдзе, Н.Брэгвадзе, З.Саткілава, Ц.Татышвілі, Л.Чконія; піяністы А.​Вірсаладзе, А.​Тулашвілі, Э.​Вірсаладзе, Э.​Анджапарыдзе; скрыпачы Л.Ісакадзе, М. і Н.​Яшвілі. У Грузіі працуюць (1997): Груз. т-р оперы і балета (з 1851, Тбілісі), Т-р муз. камедыі (1934); Дзярж. сімф. аркестр (1933), сімф. Аркестр Груз. тэлебачання і радыё, Дзярж. камерны аркестр Грузіі, Дзярж. эстр. аркестр «Рэра»; пры груз. філармоніі — хар. капэла, 3 ансамблі песні і танца, Ансамбль нар. танца, эстр. аркестр, вак.-інстр. ансамблі; Саюз кампазітараў (1932); кансерваторыя (1917), муз. вучылішчы і муз. школы.

Тэатр. Вытокі груз. т-ра ў стараж. імправізацыйным нар. т-ры масак (берыкаоба), масавых карнавальных святах (кееноба), сярэдневяковым палацавым т-ры (сахіоба). У 2-й пал. 18 ст. ўзніклі школьныя т-ры ў Тбілісі і Тэлаві. Першы свецкі т-р існаваў у 1790—95 пад кіраўніцтвам Г.​Авалішвілі. У 1-й пал. 19 ст. асн. формай тэатр. жыцця былі аматарскія гурткі. У 1845 створаны рус. драм. т-р. Груз. прафес. т-р засн. ў 1850 Г.​Эрыставі (у 1856 закрыты). У 1879 груз. пісьменнікі І.​Чаўчавадзе і А.​Цэрэтэлі зноў стварылі прафес. т-ры ў Тбілісі і Кутаісі. У канцы 19 — пач. 20 ст. ўзніклі нар. т-ры ў Тбілісі, Батумі, Кутаісі. Вял. значэнне для развіцця тэатр. мастацтва мела дзейнасць К.Марджанішвілі і А.Ахметэлі. Працуюць вядучыя т-ры: імя Ш.​Руставелі (засн. ў 1921), імя Марджанішвілі (засн. ў 1928 у Кутаісі), Рус. драм. т-р імя А.​Грыбаедава (засн. ў 1932; усе ў Тбілісі), імя Л.​Месхішвілі (Кутаісі), імя Чаўчавадзе (Батумі), а таксама т-ры ў Сухумі, Поці, Цхінвалі і інш. Сярод найб. вядомых дзеячаў груз. т-ра: рэжысёры Р.​Стуруа, Т.​Чхеідзе, Л.​Мірцхулава, Г.​Жарданія; акцёры Р.Чхіквадзе, С.Чыяўрэлі, К.​Каўсадзе, І.​Гігашвілі. У 1939 у Тбілісі адкрыты Дзярж. тэатр. ін-т імя Ш.​Руставелі. У 1945 засн. тэатр. т-ва. На груз. сцэне ставіліся бел. п’есы «Гута» Р.​Кобеца, «Пяюць жаваранкі» К.​Крапівы, «Лявоніха на арбіце» А.​Макаёнка, «Канстанцін Заслонаў» А.​Маўзона і інш.

Кіно. Першыя хранікальныя кіназдымкі адбыліся ў 1908—10. У 1921 у Тбілісі засн. трэст «Дзяржкінапрам» (з 1953 кінастудыя «Грузія-фільм»), Значную ролю ў станаўленні кіно Грузіі адыгралі рэжысёры А.​Цуцунава, А.​Бек-Назараў, З.​Берышвілі, К.Марджанішвілі, І.​Перэстыяні, М.​Шэнгелая. Этапным быў фільм М.Калатозава «Соль Сванетыі» (1930). У 1930-я г. вядучай была гіст.-рэв. тэматыка. У Айч. вайну створаны стужкі «У Чорных гарах» (1941, Шэнгелая), «Мост» (1942, К.​Піпінашвілі), гіст. эпапея «Георгій Саакадзе» (1942—43, М.​Чыяўрэлі). У 1950—70-я г. разам з фільмамі вядомых рэжысёраў («Страказа», 1954, С.​Далідзе; «Яны спусціліся з гор», 1955, М.​Санішвілі) з’явіліся стужкі маладых кінематаграфістаў, майстэрства якіх у 1980-я г. дасягнула сусв. ўзроўню. Сярод іх: Р.Чхеідзе («Бацька салдата», 1965; «Саджанцы», 1973; «Твой сын, зямля», 1981), Т.Абуладзе («Чужыя дзеці», 1958; «Я, бабуся, Іліко і Іларыён», 1963; трылогія «Мальба», 1968, «Дрэва жадання», 1972, «Пакаянне», 1987; Ленінская прэмія 1988), А.Іаселіяні («Лістапад», 1968; «Жыў пеўчы дрозд», 1971; «Пастараль», 1976; «І стане святло», 1989), А.​Рэхвіяшвілі («Грузінская хроніка XIX века», 1979; «Шлях дадому», 1982). У 1990-я г. ў фільмах груз. кінематаграфістаў узмацніўся драматызм у адлюстраванні рэчаіснасці: «Сонца няспячых» (1991, П.​Баблуяні), «Дуру» (1995, В.​Гіоргабіяні), «Могілкі» (1996, Г.​Хайндрава) і інш. Значная з’ява ў кінамастацтве Грузіі — яркія па форме і думцы кароткаметражныя фільмы. З 1928 здымаюцца дакумент., з 1930-х г. — маляваныя і лялечныя фільмы. У 1957 створаны Саюз кінематаграфістаў Грузіі. З 1974 у Дзярж. тэатр. ін-це імя Ш.​Руставелі працуе кінафакультэт.

Літ.:

Вахушти Багратиони. История царства Грузинского: Пер. с груз. Тбилиси, 1976;

Страницы из истории Грузии. Тбилиси, 1965;

Меликишвили Г.А. К истории древней Грузии. Тбилиси, 1959;

Грузия: Краткий ист. очерк. Тбилиси, 1966;

Ментешашвили А. Грузинская демократическая республика (1918—1921 гг.) и западные державы // Вопр. истории. 1996. №9;

История грузинской советской литературы. Тбилиси, 1977;

Кекелидзе С.А. Грузино-белорусские литературные взаимосвязи. М., 1979;

Амиранашвили Ш.Я. История грузинского искусства. М., 1963;

Беридзе В. Грузинская архитектура с древнейших времен до начала XX в. Тбилиси, 1967;

Беридзе В., Езерская Н. Искусство Советской Грузии, 1921—1970. М., 1975;

Джанберидзе Н.Ш., Цицишвили И.Н. Архитектура Грузии от истоков до наших дней. М., 1976;

Чхиквадзе Г. Основные типы грузинского народного многоголосья. М., 1964;

История музыки народов СССР. Т. 1—5, ч. 2. 2 изд. М., 1970—74;

Донадзе В.Г. Очерки по истории грузинской советской музыки. Ч. 1. Тбилиси, 1975;

Орджоникидзе Г.Ш. Проблемы восходящего пути. Тбилиси, 1978.

С.​І.​Сідор (прырода, гаспадарка), В.​С.​Клімовіч (гісторыя з 1920), Дж.​Гвінджылія (літаратура), В.​Я.​Буйвал (архітэктура, выяўленчае мастацтва).

Герб і сцяг Грузіі.
Грузія. Выхад нарзанавых мінеральных вод паблізу Крыжавога перавалу.
Грузія. Карставая пячора. Сатаплійскі запаведнік.
Да арт. Грузія. Сабор Светыцхавелі ў Мцхеце. Арх. Арсукісдзе. 1010—29.
Грузія. Будынак філармоніі ў Тбілісі.
Да арт. Грузія. Замак-крэпасць Анануры.
Да арт. Грузія. Рэстаран «Арагві» ў Тбілісі.
Да арт. Грузія. Манумент у гонар 300 арагвійскіх герояў. 1961. Арх. і скульпт. А.​Бакрадзе.
Да арт. Грузія. Невядомы мастак. Партрэт царэвіча Аляксандра Арчылавіча. 1696.
Да арт. Грузія. Н.​Пірасманішвілі. Сялянка з дзецьмі ідзе па ваду.
Да арт. Грузія. І.​Таідзе. Радзіма-Маці кліча! 1941.
Да арт. Грузія. К.​Гурулі. Маці ўрадлівасці. Чаканка. 1968.
Да арт. Грузія. Р.​Стуруа. Партрэт А.​Чаўчавадзе. 1970-я г.
Да арт. Грузія. П.​Гучмазац. Маці семярых загінуўшых. З серыі «Асеція». Лінагравюра. 1975.
Да арт. Грузія. Майстар Э.​Панцулія. Кінжал.
Да арт. Грузія. Жаночая кашуля. 19 ст.

т. 5, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУМЫ́НІЯ (România),

дзяржава на ПдУ Еўропы. Мяжуе на Пд з Балгарыяй, на З з Югаславіяй і Венгрыяй, на Пн і У з Малдовай і Украінай. На У абмываецца Чорным м. Пл. 237,5 тыс. км². Нас. 22 411,1 тыс. чал. (2000). Дзярж. мова — румынская. Сталіца — г. Бухарэст. Падзяляецца на 40 жудзецаў (паветаў); сталіца вылучана ў самаст. адм. адзінку. Нац. свята — Нац. дзень Р. (1 снеж.).

Дзяржаўны лад. Р. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1991. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт (выбіраецца насельніцтвам на 4 гады), які назначае прэм’ер-міністра. Заканад. ўладу ажыццяўляе двухпалатны парламент, які складаецца са сходу дэпутатаў і сената; выбіраецца на 4 гады.

Прырода. Каля ​2/3 тэр. займаюць горы і ўзвышшы. На Пн і ў цэнтры Усх. і Паўд. Карпаты (выш. 2544 м, г. Малдавяну), на З сярэдневышынныя Зах. Румынскія горы, паміж імі і Карпатамі — Трансільванскае плато. Са знешняга боку ўздоўж Карпат паласа перадгор’яў, на Пд і ПдУ Ніжнедунайская раўніна з далінай р. Дунай. На У Малдаўскае ўзвышша, на ПдУ каля ўзбярэжжа Чорнага м. плато Дабруджа. На крайнім З ускраіны Сярэднедунайскай раўніны. Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, буры і кам. вугаль, руды жалеза, марганцу, поліметалаў, золата і серабра, баксіты, кам. соль, буд. матэрыялы. Клімат умераны кантынентальны. Сярэднія т-ры студз. на раўнінах ад 0 °C да -5 °C, у гарах да -10 °C (месцамі ніжэй), ліп. адпаведна 20—23 °C і 8—16 °C. Ападкаў на раўнінах ад 600—700 мм на З да 300—400 мм на У, у гарах 800—1500 мм за год. Бываюць засухі, у Карпатах — ачаг значных землетрасенняў. Асн. р. Дунай з прытокамі Жыў, Олт, Сірэт, Прут. Натуральная расліннасць на раўнінах і ў перадгор’ях — стэп і лесастэп (захаваліся на асобных участках); хваёвыя і шыракалістыя лясы ў гарах займаюць каля 29% тэр. краіны. Нац. парк Рэтэзат, шматлікія рэзерваты.

Насельніцтва. 89,5% румыны; з інш. нацыянальнасцей — венгры (7,1%, пераважна ў Трансільваніі), цыганы (1,8%), немцы (0,5%), украінцы (0,3%), а таксама сербы, рускія і інш. Вернікі пераважна правасл. (70%), католікі (6%), пратэстанты (6%). Сярэднегадавы прырост блізкі да нулявога (-0,21% у 2000). Сярэдняя шчыльн. 94,4 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены Ніжне- і Сярэднедунайская раўніны, даліны рэк Сірэт, Мурэш, Самеш і міжгорныя катлавіны (да 150—180 чал. на 1 км²), найменш — Карпаты і іх перадгор’і (20—40 чал. на 1 км²). У гарадах жыве 56% насельніцтва (2000). Найб. гарады (1996, тыс. ж.): Бухарэст — 2037,3, Канстанца — 346,8, Ясы — 346,6, Клуж-Напока і Тымішаара — па 332,3, Галац — 328, Брашоў — 319,9, Краёва — 310,8, Плаешці — 253,6. У сельскай гаспадарцы занята 36,5% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці — 34,4%, у абслуговых галінах — 29,1%.

Гісторыя. Чалавек на тэр. Р. жыў з эпохі палеаліту. Розныя плямёны пакінулі тут некалькі дзесяткаў археал. культур. У 2-й пал. 3-га тыс. да н.э. сюды прыйшлі плямёны пастухоў-індаеўрапейцаў з Паўн. Прычарнамор’я і Цэнтр. Еўропы. З 7—6 ст. да н.э. асн. насельнікамі тэр. сучаснай Р. былі фракійскія плямёны гетаў і дакаў, якія ў 60-я г. да н.э. стварылі ваен.-плем. саюз. З 7—6 ст. да н.э. на Чарнаморскім узбярэжжы Р. (Паўн. Дабруджа) існавалі грэч. гарады-дзяржавы, заваяваны ў 1 ст. да н.э. Рымам. У канцы 1 ст. н.э. сфарміравалася гета-дакійская дзяржава пад уладай цара Дэцэбала (87—106). У пач. 2 ст. яе заваяваў Рым і утварыў рым. правінцыю Дакія, мясц. насельніцтва якой было раманізавана. Усх. ч. сучаснай Р. заставалася па-за межамі рым. панавання. Каля 271 рымляне пакінулі Дакію, але Паўн. Дабруджа да канца 4 ст. заставалася пад уладай Рыма, потым — Візантыі, адкуль на астатнія землі Р. пачалі пашырацца візант. культура і хрысціянства ўсх. абраду. У час. Вялікага перасялення народаў (4—7 ст.). праз тэр. Р. праходзілі і часткова тут асядалі сарматы, геты, гепіды, авары і інш., а ў 6—7 ст. — славяне. У 6—8 ст. большасць тэр. Р. ўваходзіла ў Аварскі каганат, у 9—10 ст. — у Першае Балгарскае царства. Улада Другога Балг. царства пашыралася на Дабруджу і зах. ч. Р. Усходняя ч. Р. паміж р. Прут і Карпацкімі гарамі ў 10—13 ст. часам трапляла пад уладу кіеўскіх і галіцкіх князёў. У канцы 1-га тыс. н.э. ў выніку асіміляцыі плямён сфарміравалася ўсх.-раманская народнасць улахаў (валахаў) — продкаў румын, малдаван і некат. інш. народаў. Усх. ч. Р. да Карпацкіх гор. і р. Олт з 1240-х г. да пач. 14 ст. знаходзілася пад уладай Залатой Арды. Трансільванія ў 11—12 ст. трапіла пад уладу Венгрыі. Ратуючыся ад уціску венг. феадалаў, улахі з 12—13 ст. засялялі землі на У ад Карпат да р. Днестр, дзе асімілявалі рэшткі слав. насельніцтва. У 2-й пал. 13 ст. венг. каралі падпарадкавалі рум. землі паміж Карпатамі і Дунаем (гіст. Валахія), дзе ўжо існавалі невял. феад. ўладанні — кнезаты і ваяводствы, а ў 1-й пал. 14 ст. ў выніку перамог над мангола-татарамі пашырылі сваю ўладу і на Усх. Прыкарпацце (гіст. Малдова). Нац.-вызв. барацьба улахаў прывяла да стварэння ў 2-й пал. 14 ст. самаст. феад. дзяржаў — Валахіі і Малдовы (па-за сучаснымі межамі Р. ўключала таксама Бесарабію і Паўн. Букавіну) на чале з гаспадарамі (князямі), уладу якіх абмяжоўваў савет буйных феадалаў-баяр. [Пра гісторыю гэтых княстваў гл. больш падрабязна ў арт. Валахія, Малдаўскае княства і Малдова (рэспубліка)]. У 14—16 ст. Валахія і Малдова (Дунайскія княствы) адстойвалі незалежнасць у барацьбе з Венгрыяй, а з канца 14 ст. — і з Турцыяй, войскі якой з 1391 пачалі заваёўваць тэр. Валахіі.

Пасля шматлікіх абарончых войнаў Валахія (15 ст.), Малдова і Трансільванія (16 ст.) прызналі васальную залежнасць ад Турцыі, плацілі ёй даніну, пастаўлялі па прымусова нізкіх цэнах збожжа, жывёлу, лес, давалі свае ваен. сілы для ўдзелу ў войнах. З 16—17 ст. тур. султаны напачатку зацвярджалі, а пазней і непасрэдна (за вял. грошы) прызначалі гаспадароў Малдовы і Валахіі (пасля 1711—14 пераважна знатных стамбульскіх грэкаў-фанарыётаў). У працэсе тур. заваявання і распаду Венгрыі ў 1541 Трансільванія вылучылася ў асобнае княства. Трансільванскі кн. Іштван Батары [1571—86] з 1575 адначасова быў каралём Рэчы Паспалітай і вял. князем ВКЛ пад імем Стафана Баторыя. Гаспадар Валахіі Міхай Храбры ў 1599—1600 на кароткі тэрмін аб’яднаў пад сваёй уладай Валахію, Трансільванію і Малдову. У выніку аўстра-тур. вайны 1683—99 да Аўстрыі разам з цэнтр. Венгрыяй адышла і Трансільванія. У 1746 адменена (пры захаванні абавязковых феад. павіннасцей) асабістая прыгонная залежнасць сялян Валахіі, у 1749 — Малдовы, у 1785 — Трансільваніі. У 1774 Аўстрыя захапіла Букавіну. Нягледзячы на агрэсіўныя мэты рус. царызму, перамогі Расіі ў войнах з Турцыяй 1768—74, 1787—91, 1806—12, 1828—29 паслаблялі тур. панаванне ў Дунайскіх княствах. У 1812 да Расіі далучана Бесарабія (каля 50% тэр. Малд. княства). У 1821 туркі задушылі ў Дунайскіх княствах адначасовыя паўстанні грэкаў пад кіраўніцтвам А.​Іпсіланці і Валашскае паўстанне пад кіраўніцтвам Т.​Уладзімірэску, але адхілілі ад княжацкай улады грэкаў-фанарыётаў і дазволілі мясц. баярам выбіраць гаспадароў са свайго асяроддзя. Паводле Адрыянопальскага мірнага дагавора 1829 (завяршыў рус.-тур. вайну 1828—29) і асобнага акта да яго Малдова і Валахія пацвердзілі і ўзмацнілі сваю аўтаномію. Да 1834 імі кіравала рас. адміністрацыя на чале з П.​Дз.​Кісялёвым. Пад яе ўздзеяннем у 1831 у Валахіі, у 1832 у Малдове прыняты першыя ў іх гісторыі канстытуцыйныя акты — Арганічныя рэгламенты. Паводле гэтых Рэгламентаў гаспадары выбіраліся баярамі і зацвярджаліся тур. султанам, ствараліся мясц. войскі, але на ​2/3 змяншаліся сял. надзелы і павялічвалася паншчына. Пашырэнне баярскай гаспадаркі з выкарыстаннем некаторых перадавых метадаў яе вядзення дазволіла Дунайскім княствам стаць буйнымі экспарцёрамі збожжа. У 1848—49 ва ўсіх рум. землях актывізаваўся антыфеад. рэвалюцыйны рух (радыкальнае крыло ўзначальваў Н.​Бэлчэску), які, нягледзячы на паражэнне, нанёс моцны ўдар па феад. парадках і садзейнічаў складванню перадумоў для наступнага аб’яднання Малдовы і Валахіі ў адзіную дзяржаву. Пасля Крымскай вайны 1853—56 (Расія часова вярнула Малдове Паўд. Бесарабію) узмацніўся рух насельніцтва Дунайскіх княстваў за іх аб’яднанне ў адзіную дзяржаву. Прадстаўнік малд. баярства А.​І.​Куза ў студз. 1859 выбраны адзіным гаспадаром Малдовы і Валахіі, 24.1.1862 са згоды вядучых еўрап. краін Расіі абвясціў іх аб’яднанне ў новую дзяржаву — Румынію, а сам стаў яе першым князем [1862—66]. Пры ім урад М.​Кагэлнічану правёў секулярызацыю царк. зямель, што належалі грэч. духавенству (1863), агр. рэформу (1864; скасаванне паншчыны і частковае надзяленне сялян зямлёй). Незадаволенае рэформамі кансерватыўнае баярства 10.2.1866 скінула Кузу і ўзвяло на прастол ням. прынца Карла Гогенцолерн-Зігмарынгена пад імем Караля I [1866—1914, з 1881 кароль]. Паводле канстытуцыі 1866 Р. — парламенцкая манархія з абмежаваным выбарчым правам. Абвяшчаліся свабода друку, сходаў, адказнасць урада перад парламентам, прынцып падзелу ўлад. Князь (з 1881 кароль) камандаваў арміяй, зацвярджаў законы, меў права роспуску парламента. Ён фарміраваў урад, які праводзіў выбары ў двухпалатны парламент, дзе заўсёды забяспечваў паслухмяную бурж.-памешчыцкую большасць. Змяняліся ўрады лібералаў і кансерватараў. 9.5.1877 Р. абвешчана незалежнай дзяржавай. 3 чэрв. 1877 Р. ўдзельнічала ў рус.-тур. вайне 1877—78 на баку Расіі. Паводле Берлінскага кангрэса 1878 Турцыя прызнала незалежнасць Р., перадала ёй Паўн. Дабруджу замест занятай Расіяй Паўд. Бесарабіі. З сярэдзіны 1870-х г. у Р. ўзнікалі сацыяліст. гурткі, у якіх вял. ролю адыграў беларус М.​К.​Судзілоўскі. У 1893—99 існавала С.-д. партыя рабочых Р., адноўленая ў 1910 пад назвай С.-д. партыя Р. У 1907 улады Р. задушылі паўстанне сялян, якія патрабавалі зямлі. Р. ўдзельнічала ў 2-й Балканскай вайне (гл. Балканскія войны 1912—13), у выніку якой Балгарыя перадала Р. Паўд. Дабруджу.

У жн. 1916 Р. ўступіла ў 1-ю сусв. вайну на баку Антанты, але пацярпела паражэнне ад аўстра-герм. войск, якія акупіравалі б.ч. тэр. краіны з Бухарэстам. Рэшту тэр. Р. выратаваў ад акупацыі рас. Румынскі фронт, у складзе якога было каля 100 тыс. беларусаў. Р. вымушана была заключыць з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй кабальны Бухарэсцкі мір (май 1918), які страціў сілу толькі пасля паражэння Германіі і яе саюзнікаў. У 1918 рум. войскі занялі Бесарабію і Букавіну, 1.12.1918 Р. абвясціла пра далучэнне Трансільваніі. Рэв. ўздым у Р. 1918—19 прымусіў урад 16.12.1918 абвясціць усеагульнае выбарчае права (не пашыралася на жанчын і ваенных). У адпаведнасці з Сен-Жэрменскім, Нёіскім і Трыянонскім мірнымі дагаворамі 1919—20 за Р. замацаваны Трансільванія, Букавіна і Дабруджа. Паводле Парыжскай канвенцыі 1920 Антанта прызнала за Р. прыналежнасць ёй Бесарабіі. Тэр. Р. павялічылася больш як удвая, насельніцтва — з 8 да 16 млн. чал., прамысл. патэнцыял — у 2,4 разу. У знешняй палітыцы Р. арыентавалася на зах. дзяржавы, удзельнічала ў стварэнні Антанты малой. У сак. 1923 новая канстытуцыя Р. абвясціла шырокія паліт. правы і свабоды, адмяніла саслоўныя прывілеі, узаконіла ўсеагульнае выбарчае права. У 1921 урад нац.-ліберальнай партыі правёў законы аб агр. рэформе (66% зямель буйных памешчыкаў за выкуп перадаваліся сялянам). У час сусв. эканам. крызісу 1929—33 у Р. агульны аб’ём прамысл. вытв-сці да 1932 скараціўся на 40% у параўнанні з 1928, колькасць беспрацоўных дасягнула 600 тыс. чал. У 1934 Р. ўстанавіла дыпламат. адносіны з СССР. У 1931 пры падтрымцы пануючых колаў узнікла фаш. партыя «Жалезная гвардыя». 10.2.1938 кароль Караль П [ 1930—40] устанавіў асабістую дыктатуру; прынята прафаш. канстытуцыя, створана адзіная партыя «Фронт нац. адраджэння», інш. партыі і прафсаюзы забаронены. Эканам. дагавор з Германіяй (сак. 1939) падпарадкаваў эканоміку Р. герм. манаполіям. У маі 1940 Р. канчаткова перайшла на пазіцыі фаш. блоку. У чэрв. 1940 па патрабаванні СССР (нота ад 26.6.1940), якое падтрымала Германія (у адпаведнасці з Пактам Рыбентропа—Молатава 1939) Р. перадала СССР Бесарабію і Паўн. Букавіну. Паводле навязанага Германіяй 2-га Венскага арбітражу (30.8.1940) Р. аддала Венгрыі Паўн. Трансільванію (узамен Р. былі абяцаны сав. тэрыторыі). Паводле Краёўскага пагаднення (7.9.1940) Паўд. Дабруджа вернута Балгарыі. Караль II адрокся ад прастола, каралём стаў яго сын Міхай [1940—47]. Фактычна ў краіне ўсталяваўся ваен.-фаш. рэжым маршала І.Антанеску, які ў ліст. 1940 далучыў Р. да Берлінскага пакта 1940. У кастр. 1940 у Р. ўвайшлі герм. войскі. 22.6.1941 Р. разам з Германіяй пачала вайну супраць СССР. У чэрв. 1943 у падполлі засн. «Патрыят. антыгітлераўскі фронт». Паражэнні ў вайне і ўступленне сав. войск у Р. (сак. 1944) аслабілі ўнутрыпаліт. становішча дыктатуры Антанеску, якую 23.8.1944 скінула Народнае ўзброенае паўстанне ў Румыніі 1944, узначаленае камуністамі і падтрыманае каралём Міхаем. 24.8.1944 Р. далучылася да антыгітлераўскай кааліцыі, яе армія пачала ваен. дзеянні супраць ням.-фаш. войск (пазней удзельнічала ў вызваленні Венгрыі і Чэхаславакіі). 12.9.1944 Р. афіцыйна заключыла перамір’е з краінамі антыгітлераўскай кааліцыі. У кастр. 1944 створаны Нац.-дэмакр. фронт (НДФ), куды ўвайшлі Камуніст. і С.-д. партыі, «Фронт земляробаў» і інш. левыя арг-цыі. Пасля вострай унутрыпаліт. барацьбы 6.3.1945 сфарміраваны ўрад НДФ на чале са старшынёй «Фронту земляробаў» П.​Грозам. Жанчыны і ваенаслужачыя атрымалі выбарчыя правы. Паводле агр. рэформы 1945 98 тыс. сял. сем’яў атрымалі 1,1 млн. га памешчыцкіх зямель. Каля 25% канфіскаванай зямлі перайшло ва ўласнасць дзяржавы, якая ў 1949 канфіскавала і рэшткі памешчыцкіх зямель. 10.2.1947 Парыжскі мірны дагавор устанавіў сучасныя межы Р. Да канца 1947 у выніку ўрадавых рэпрэсій сышлі з паліт. арэны асн. правыя партыі — Нац.-царанісцкая і Нац.-ліберальная. 30.12.1947 у Р. скасавана манархія, краіна абвешчана Рум. Нар. Рэспублікай; 13.4.1948 прынята яе канстытуцыя. У лют. 1948 Камуніст. і С.-д. партыі аб’ядналіся ў Рум. рабочую партыю (РРП), яе сакратаром абраны Г.​Геаргіў-Дэж. У Р. ўсталявалася аднапарт. сістэма. РРП узяла курс на буд-ва сацыялізму. Летам 1948 нацыяналізавана прам-сць, у 1962 у асн. завершана каапераванне сельскай гаспадаркі. З 1949 Р. — чл. Савета эканамічнай узаемадапамогі, з 1955 — Варшаўскага дагавора 1955. Яна мела шырокія эканам. і культ. сувязі з рэспублікамі СССР, у т. л. з Беларуссю. Да 1980-х г. Р. ператварылася ў індустр.-арг. дзяржаву. У ліп. 1965 РРП перайменавана ў Рум. камуніст. партыю (РКП), яе ген. сакратаром выбраны Н.​Чаўшэску (з 1974 таксама прэзідэнт Р.). Паводле канстытуцыі 1965 Р. абвешчана Сацыяліст. Рэспублікай Р. Чаўшэску паступова ўстанавіў рэжым асабістай улады, які ў 1980-я г. набыў таталітарны характар. У 1980-я г. эканоміка Р. апынулася ў стагнацыі, што ў першую чаргу было абумоўлена панаваннем адм.-каманднай сістэмы. Структурныя дыспрапорцыі ў нар. гаспадарцы дасягнулі крызісных маштабаў, запазычанасць Р. перад Захадам (10,2 млрд. дол.) да сак. 1989 пагашалася за кошт абмежавання спажывання насельніцтва, што выклікала шырокую незадаволенасць. У выніку народнага паўстання ў Румыніі 1989 скінута дыктатура Чаўшэску (расстраляны). Да ўлады 26.12.1989 прыйшоў Савет Фронту нацыянальнага выратавання (ФНВ) на чале з І.​Іліеску, РКП спыніла існаванне. З 29 12.1989 краіна наз. проста Р. ФНВ абвясціў пераход да дэмакратыі і рыначнай эканомікі. На ўсеагульных выбарах 20.5.1990 выбраны двухпалатны парламент (70% месцаў у ФНВ) і прэзідэнт — Іліеску (перавыбраны ў 1992). На рэферэндуме 18.12.1991 ухвалена новая канстытуцыя Р. З 1991 урад П.​Рамана ажыццяўляў праграму эканам. рэформ (лібералізацыя цэн і знешняга гандлю, прыватызацыя і інш.), што на фоне паглыблення эканам. крызісу выклікала сац. напружанасць, у т. л. шахцёрскія хваляванні. У ліп. 1992 прэзідэнт Іліеску наведаў з візітам Беларусь. 17.11.1996 прэзідэнтам выбраны лідэр правых Э.​Канстанцінеску, які абвясціў курс на паскарэнне сац.-эканам. і паліт. рэформ, паскоранае ўваходжанне Р. ў еўрап. структуры і НАТО. 10.12.2000 прэзідэнтам зноў выбраны Іліеску — старшыня левацэнтрысцкай партыі сац. дэмакратыі. Р. — чл. ААН (з 1955), Савета Еўропы (з 1993), асацыіраваны чл. Зах.-еўрап. Саюза (з 1995). З 1.1.2001 міністр замежных спраў Р.​М.​Джаане — старшыня Арг-цыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 4.2.1992.

Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Партыі Сац. дэмакратыі, Нац.-царанісцкая, Нац.-ліберальная, Хрысц., Дэмакр. «Вял. Румынія», Сац.-дэмакр. саюз, Дэмакр. саюз венграў Р. і інш. Прафс. аб’яднанні: Нац. канфедэрацыя свабодных прафсаюзаў, Прафс. картэль, Нац. прафс. канфедэрацыя «Альфа».

Гаспадарка. Р. — індустр.-агр. краіна, адна з найбяднейшых у Еўропе. Штогадовы даход на 1 чал. каля 4 тыс. дол. ЗША. У прам-сці ствараецца каля 51% яго, у сельскай гаспадарцы — 23%, у абслуговых галінах — 26%. Нар.-гасп. праблемы ўскладнены цяжкасцямі пераходнага перыяду, на якія наклаўся атрыманы ў спадчыну ад сацыяліст. рэжыму крызіс цэнтралізаванай сістэмы кіравання з нерацыянальнай структурай эканомікі. Вытворчыя магутнасці загружаны на 50—60%, у энергетыцы — на 33%. З мэтай хутчэйшага пераходу да рыначнай эканомікі фарсіравалася развіццё прыватнага сектара. Больш за 5 млн. чал. сталі ўласнікамі ​2/3 с.-г. угоддзяў, у т. л. 80% ворыва. Пашырана дробнае і сярэдняе прадпрымальніцтва. Створана больш за 8 тыс. сумесных прадпрыемстваў з замежным капіталам. Найб. развіта прамысловасць. Асн. яе галіны: здабыўная, энергетыка, машынабудаванне, металургія, хім., нафтахім., дрэваапр. і харчовая. У 1998 здабыта 6,3 млн. т нафты (раёны Плаешці, Пітэшты і інш.), 14,4 млрд. м³ натуральнага газу (цэнтр. Трансільванія), 28,1 млн. т кам., 4,3 млн. т каксавальнага, 23,4 млн. т бурага вугалю (бас. Петрашані, Олт і інш.). Здабываюць руды каляровых металаў (свінцу, цынку, медзі, алюмінію), кам. соль, буд. матэрыялы і інш. У 1998 выпрацавана 52,5 млн. кВтгадз. электраэнергіі, на цеплавых электрастанцыях атрымана 59%, на ГЭС — 32%, на АЭС — 9%. У 1998 выплаўлена 4,5 млн. т чыгуну і 6,3 млн. т сталі. Гал. цэнтры: Рэшыца, Галац, Брэіла, Ясы, у г. Тыргавіштэ — вытв-сць якасных і спец. сталей. У каляровай металургіі вытв-сць свінцу (15,1 тыс. т), цынку (25,6 тыс. т), медзі (19,1 тыс. т), алюмінію (164 тыс. т). Цэнтры здабычы і перапрацоўкі каляровых металаў — г. Бая-Марэ, Арадзя (вытв-сць гліназёму) і Бухарэст. Машынабудаванне шматгаліновае і разнастайнае, задавальняе ўнутр. патрэбы, але неканкурэнтназдольнае на замежных рынках. Цяжкае машынабудаванне (Ясы, Рэшыца, Брэіла, Краёва), станкабудаванне (Арадзя, Ясы, Бухарэст, Бакэў, Арад, Сібіў), вытв-сць падшыпнікаў (Сучава, Бырлад), кавальска-прэсавага абсталявання (Тыргу-Жыў), абсталявання для нафтаздабыўной і нафтаперапрацоўчай (Бакэў, Плаешці, Тыргавіштэ), для сельскай гаспадаркі (Бухарэст, Бузэў, П’ятра-Нямц), хім. (Плаешці, П’ятра-Нямц, Сату-Марэ), горназдабыўной (Сату-Марэ, Петрашані), лёгкай (Клуж-Напока, Тыргу-Мурэш) і харч. (Клуж-Напока, Фэгэраш) прам-сці. Развіты радыёэлектроннае (Бухарэст, Ясы), электратэхн. (Бухарэст, Краёва, Тыргавіштэ), авіябудаванне (Бакэў, Краёва), вагонабудаванне (Арад), аўтамабілебудаванне (203 тыс. аўтамабіляў, Кымпулунг, Брашоў, Краёва), трактарабудаванне (10 тыс. трактароў Кымпулунг, Краёва), суднабудаванне (Галац, Брэіла, Канстанца). З галін хім. прам-сці найб. развіты нафтаперапрацоўка (12,5 млн. т) і нафтахімія (Плаешці, Пітэшты, Брашоў), вытв-сць штучных і сінт. валокнаў, мінер. угнаенняў (669 тыс. азотных, 138 тыс. т фосфарных, сінт. каўчуку, шын, лакаў і фарбаў, пластмас, фотаматэрыялаў, хіміка-фармацэўтычнай прадукцыі (Бухарэст, Ясы, П’ятра-Нямц, Галац). У лёгкай прам-сці вылучаюцца тэкст. і трыкат. (240 млн. м² тканін), швейная, гарбарна-абутковая (штогод выпускаецца каля 35 млн. пар абутку). Працуюць прадпрыемствы лесапільнай (нарыхтавана 1618 тыс. м³ драўніны), дрэваапр., мэблевай, цэлюлозна-папяровай (334 тыс. т паперы і кардону), паліграф., парфумерна-касметычнай, буд. матэрыялаў (6,6 млн. т цэменту), шкляной і фарфора-фаянсавай галін. Ва ўсіх. гарадах прадпрыемствы харч. і харчасмакавай прам-сці (асабліва мясной, кансервавай, алейнай, вінаробчай, малочнай, спірта-гарэлачнай, тытунёвай, цукр., мукамольнай). У 1998 атрымана 374 тыс. т мяса, 36,1 тыс. т маргарыну, 7 тыс. т масла, 37 тыс. т сыру, 321 т цукру, 5071 тыс. гекталітраў віна, 9989 тыс. гекталітраў піва. У сельскай гаспадарцы выкарыстоўваецца каля 14,7 млн. га зямель, у т. л. 9,7 млн. га пад ворывам, 5 млн. га пад пашай. Арашаецца каля 3 млн. га. Пераважаюць асабістыя сялянскія і фермерскія гаспадаркі. Гал. галіна — раслінаводства. Збор асн. с.-г. культур у 1998 (млн. τ): кукурузы 8,6, пшаніцы і жыта 5,2, ячменю 1,2 (пасевы пераважна ў раўнінных раёнах на чарназёмах), цукр. буракоў 2,4, сланечніку 1,1, бульбы 3,3, агародніны (у асн. памідоры, капуста, цыбуля, часнок, зялёны перац) 2,8. Сеюць таксама авёс, рыс, сорга, бабовыя, сою, у горных раёнах лён, у Трансільваніі каноплі, у паўд. і ўсх. раёнах тытунь (збор у 1998—17,5 тыс. т). Вял. плошчы пад садамі (пераважаюць яблыні і слівы) і вінаграднікамі (вінаград вінных гатункаў). Развіта жывёлагадоўля, у горных раёнах яна пераважае над раслінаводствам. Пагалоўе (1998, млн. галоў): буйн. раг. жывёлы 3,2, авечак і коз 9,5, свіней 7,1, коней 0,8. Птушкагадоўля (69,5 млн. курэй, 1997). Рыбалоўства (19,3 тыс. т, 1997). Пчалярства. Транспарт пераважна аўтамаб. і чыгуначны. Даўж. (тыс. км, 1998) аўтадарог 153,4, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 104,7, чыгунак 11,4, у т. л. электрыфікаваных 3,9, водных шляхоў 1,7 (р. Дунай і нізоўі асн. прытокаў), нафтаправодаў 2,8, прадуктаправодаў 1,4, газаправодаў 6,4. У краіне 2,4 млн. легкавых, 513 тыс. грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў (2000). Гал. марскі порт Канстанца. Парты на Дунаі (Брэіла, Галац і інш.) абслугоўваюць рачныя і марскія перавозкі. У марскім флоце 142 судны агульнай грузападымальнасцю 1,2 млн. бр. рэг. т (1999). 62 аэрапорты, у т. л. міжнар. каля Бухарэста, Тымішаары, Канстанцы, Ясаў. У 1999 экспарт склаў 8,4 млрд. дол., імпарт 9,6 млрд. дол. У экспарце пераважаюць вырабы лёгкай прам-сці, абсталяванне для нафтавай, хім., цэм. і інш. галін, вагоны, прадукцыя хім. прам-сці, нафтапрадукты, драўніна і вырабы з яе, некат. харч. прадукты; у імпарце — машыны і абсталяванне, жал. руда, вугаль, кокс, нафта, сыравіна для тэкст. прам-сці, харч. тавары. Гал. гандл. партнёры: Італія (22% экспарту, 17,4% імпарту), Германія (19,6% і 17,5%), Францыя, ЗША, Расія. Знешні доўг больш за 9 млрд. дол. (1999). Р. атрымлівае эканам. дапамогу ад міжнар. арг-цый і асобных краін (каля 500 млн. дол. штогод). Агульнаеўрап. значэнне мае турысцкая база: каля 6,5 млн. замежных турыстаў штогод. Грашовая адзінка — лея.

Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (178 тыс. чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (75,9 тыс. чал.), (2000). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву і па кантракце. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ППА, ВМС. У сухап. войсках 133 тыс. чал., 1250 танкаў, больш за 1,8 тыс. баявых браніраваных машын, да 1,3 тыс. адзінак гармат палявой артылерыі, рэактыўных сістэм залпавага агню і мінамётаў. У ВПС і войсках ППА 34,5 тыс. чал., больш за 350 баявых самалётаў, да 300 пускавых установак зенітных кіроўных ракет і 360 гармат зенітнай артылерыі, 135 самалётаў дапаможнай авіяцыі і 200 верталётаў. У ВМС 10,5 тыс. чал., 21 баявы карабель, больш за 100 баявых катэраў, 25 дапаможных суднаў, каля 10 верталётаў.

Ахова здароўя. Сістэма аховы здароўя спалучае дзярж. мед. паслугі, сац. страхаванне, прыватную ўрачэбную практыку. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67, жанчын 75 гадоў (2000). Узровень нараджальнасці — 11 на 1 тыс. чал. Смяротнасць 12 на 1 тыс. чал. Натуральны прырост адмоўны: -0,15%. Дзіцячая смяротнасць 17 на 1 тыс. нованароджаных (2000).

Асвета. Сучасная сістэма адукацыі Р. ўключае дашкольныя ўстановы [дзіцячыя сады для дзяцей 3—6(7)-гадовага ўзросту], агульнаадук. школы, прафес. і вышэйшыя навуч. ўстановы. У агульнаадук. школу ўваходзяць абавязковая 8-гадовая школа — ніжэйшая ступень сярэдняй адукацыі (4 гады навучання ў пач. школе для дзяцей з 6—7-гадовага ўзросту і 4 гады ў гімназіі, 5—8 кл.) і ліцэй — вышэйшая ступень сярэдняй адукацыі або поўная сярэдняя школа (9—12 кл. пры дзённай і 9—13 кл. пры вячэрняй ці дадатковай формах навучання). Выпускнікі гімназіі атрымліваюць сертыфікат, які дае права здаваць уступныя экзамены для паступлення ў ліцэй (дае званне бакалаўра) або прафес. школы (2—4 гады навучання), а таксама вучыцца ў вучнёўскіх (рамесных) школах без уступных экзаменаў. Сістэма вышэйшай адукацыі ўключае кароткатэрміновыя курсы (1—3 гады навучання ва універсітэцкіх каледжах) і доўгатэрміновыя (1—6-гадовы тэрмін навучання ва ун-тах, акадэміях і ім падобных ін-тах). У 1995/96 навуч. г. ў Р. каля 14 тыс. пач. школ і гімназій (каля 3 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. ліцэяў (каля 1 млн. навучэнцаў), больш за 1 тыс. розных навуч. устаноў прафес. адукацыі (каля 4 тыс. навучэнцаў), 48 дзярж. ВНУ (225,1 тыс. студэнтаў), з 1990 існуюць і прыватныя. Буйнейшыя дзярж. ВНУ: ун-ты ў гарадах Бухарэст, Ясы, Клуж-Напока, Тымішаара, Краёва, Брашоў і інш. У Р. больш за 16 тыс. б-к і больш за 450 музеяў. Найб. б-кі: Рум, АН, Цэнтр. дзярж. (мае філіялы ў адм. цэнтрах паветаў), Цэнтр. універсітэцкая — усе ў Бухарэсце; Цэнтр. універсітэцкая ў г. Клуж-Напока; універсітэцкія б-кі ў гарадах Брашоў, Краёва, Тымішаара, Ясы. Найб. музеі: нар. мастацтва, мастацтваў, гісторыі Р., музыкі, этнагр. «Музей сяла», тэхнікі, прыродазнаўчых навук імя Г.​Анціпы — усе ў Бухарэсце; этнагр. паўн. Трансільваніі, гіст., мастацтваў у г. Клуж-Напока; гіст., сучаснага рум. мастацтва ў г. Галац; археал., маст. ў г. Канстанца, маст. ў г. Тымішаара, гіст. ў гарадах Залоў, Ясы і інш. Навук. даследаванні праводзяцца ін-тамі Рум. АН, галіновымі НДІ, на кафедрах ун-таў і акадэмій, н.-д. цэнтрамі.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Р. больш за 470 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «Adevărul» («Праўда», з 1989), «România liberă» («Свабодная Румынія», з 1943), «Tineretul liber» («Свабодная моладзь», з 1989), «Azi» («Сёння»), «Libertatea» («Свабода»), «Viitorul Românesc» («Будучыня Румыніі»), «Dreptatea» («Справядлівасць»; усе з 1990). Інфарм. агенцтвы: нац. РОМПРЭС (з 1949, да 1990 наз. Аджэрпрэс), незалежнае прыватнае А.​М.​Прэс (з 1991). Радыёвяшчанне з 1925. Тэлебачанне з 1953. Трансліруюцца праграмы Рум. тэлебачання (2 нац. і 1 міжнар. каналы), дзейнічаюць тэлестанцыі: ПРО ТВ, Антэна 1, Прыма ТВ і інш. Перадачы вядуцца на 15 мовах.

Літаратура развівалася пад уплывам фальклору (казкі, гайдуцкія балады, дойны — лірычныя песні), а таксама культуры суседніх, у т. л. слав., народаў. Першыя пісьмовыя помнікі царк.-дыдактычнага характару на слав. мове вядомы з 15 ст. У 16—18 ст. на станаўленне рум. мовы і л-ры паўплывалі пераклады рэліг. кніг з царк.-слав. мовы, дзейнасць летапісцаў Г.​Урэке, М.​Касціна, І.​Некулчэ, К.​Кантакузіна. На мяжы 17—18 ст. узнік асветніцкі рух, найбуйнейшым прадстаўніком якога быў малд. асветнік Дз.​К.​Кантэмір. Асветніцкую дзейнасць развівала т.зв. лац., або трансільванская, школа (С.​Міку-Клейн, Г.​Шынкай, П.​Маёр і інш.). На мяжы 18—19 ст. зарадзілася ўласная рум. л-ра (паэзія Э., А. і Н. Вэкэрэску, К.​Канакі). Найб. вядомы твор рум. асветніцтва — паэма «Цыганіяда» І.​Будай-Дэляну. У пач. 19 ст. з ростам нац.-вызв. руху ўзнікла новая хваля асветніцкага руху: паявіліся першыя газеты, пераклады з зах.-еўрап. і рус. л-р, актывізавалася дзейнасць заснавальнікаў новай рум. л-ры Г.​Асакі і І.​Эліядэ-Рэдулеску, створаны нац. т-р. Пасля 1848 л-ра Р. набыла яскрава рамант. характар. Творчасць В.​Александры, М.​Эмінеску, Дз.​Балінтыняну, В.​Кырлава, К.​Негруцы характарызавалася імкненнем сфармуляваць і адлюстраваць прагрэс. сац. ідэі, вял. ўвага аддавалася фальклору і нац. гісторыі (М.​Кагэлнічану, А.​Пан). З сярэдзіны 19 ст. пачаў фарміравацца рэаліст. кірунак (раман «Старыя і новыя міраеды» Н.​Філімона, творы І.​Л.​Караджале, Дж.​Кошбука, І.​Крангэ, І.​Славіча, Б.​Дэлаўранчы і інш.). У канцы 19 ст. на развіццё л-ры паўплывала тэорыя «чыстага мастацтва» (Ц.​Л.​Маярэску), супраць якой з патрабаваннем «тэндэнцыйнага» (ідэйнага) мастацтва выступілі К.​Дабраджану-Гера і інш. У перыяд паміж сусв. войнамі замацаваўся рэалізм (проза М.​Садавяну, І.​Агырбічану, Л.​Рэбрану, К.​Петрэску, Ч.​Петрэску, Г.​Пападат-Бенджэску, Дж.​Кэлінеску). У паэзіі найб. вылучыліся прадстаўнікі сімвалізму і экспрэсіянізму, для якіх характэрны антыманархізм (А.​Мачэдонскі), пантэізм (Л.​Блага), пошукі этычнага ідэалу (Т.​Аргезі) і інш. У 1930-я г. зарадзілася пралет. л-ра (проза А.​Сахіі, Дж.​Богзы, паэзія М.​Бенюка, Э.​Жэбеляну). Пасля вызвалення Р. ад фашызму пісьменнікі пісалі пра новыя ідэі, час і жыццё (Садавяну, К.​Петрэску, Ч.​Петрэску, З.​Станку, Бенюк, Жэбеляну, В.​Тэадарэску). Асн. тэндэнцыі пасляваен. л-ры вызначалі проза Ц.​Паповіча, М.​Прэды, Э.​Барбу, паэзія М.​Бануш, Р.​Баўрану, драматургія А.​Барангі, Х.​Лавінеску і інш. На мяжы 1950—60-х г. у л-ру прыйшло новае пакаленне літаратараў (празаікі Д.​Р.​Папеску, Ф.​Нягу, Н.​Веля, паэты Н.​Стэнеску, М.​Сарэску, А.​Бландыяна), у творах якіх рэалістычна адлюстраваны сац. кантрасты і супярэчнасці, створаны яркія нар. вобразы. У сучаснай рум. л-ры выявілася тэндэнцыя да ўзняцця маральных праблем, паглыбленага псіхал. аналізу на аснове адкрыцця індывід. светаадчування, маст. сімвалізацыі, міфалагізацыі і лірызацыі прозы (Ш.​Бэнулеску, Нягу, А.​Івасюк, Прэда, Станку, Стэнеску, Ч.​Балтач і інш.). Развіваюцца таксама л-ры на мовах інш. нацыянальнасцей (венг., ням., сербскай і інш.). У 1949 створаны Саюз пісьменнікаў Р.

На рум. мове друкаваліся асобныя творы Я.​Купалы, Я.​Коласа, К.​Чорнага, М.​Танка, Н.​Гілевіча, С.​Грахоўскага, Г.​Далідовіча, В.​Іпатавай і інш. бел. пісьменнікаў. У бел. перакладзе выйшла кн. «Румынская навела» (1977, пер. М.​Ткачоў, Г.​Шаранговіч, У.​Лапцёнак, Я.​Курто); у зборніках, альманахах, перыёдыцы друкаваліся паасобныя творы Аргезі, Бенюка, Барангі, Бландыяна, М.​Дынеску, Крангэ, Д.​Крэснару, Кэлінеску, Г.​Маярэску, І.​Мірчы, Паповіча, М.​Себасцьяна, Станку, Стэнеску і інш. Сярод перакладчыкаў і прапагандыстаў бел. л-ры ў Р. — паэтэса і перакладчыца П.​Стайчэску і перакладчык Т.​Пую. На бел. мову творы рум. пісьменнікаў перакладалі А.​Бачыла, Т.​Бондар, А.​Бутэвіч, А.​Вярцінскі, М.​Гіль, С.​Законнікаў, У.​Казбярук, М.​Мятліцкі, В.​Нікіфаровіч, П.​Прыходзька, Я.​Семяжон і інш.

Архітэктура. Захаваліся рэшткі ант. гарадоў на ўзбярэжжы Чорнага м. (Калатыя, цяпер Мангалія), руіны дакійскіх крэпасцей у гарах Трансільваніі. Сярэдневяковая архітэктура Трансільваніі развівалася ў цеснай сувязі з архітэктурай краін Зах. Еўропы. У 13 ст. тут склаўся лакальны варыянт раманскай архітэктуры з венг.-ням. уплывам: базілікі ў Чыснэдыаары (да 1223) і Алба-Юліі (паміж 1250—90), замак Корвінаў у Хунэдаары. З 14 ст. пашырана буд-ва ў стылі готыкі: зальныя храмы св. Міхаіла ў г. Клуж-Напока, «Чорны» ў г. Брашоў (14—15 ст.), у г. Сібіў (14 — пач. 16 ст.). У 14—17 ст. будаваліся каменныя і цагляныя дамы гараджан, гар. ўмацаванні з брамамі і вежамі (Сібіў, Сігішаара, Брашоў), замкі свабоднай планіроўкі, з вежамі, эркерамі, ірэгулярнымі ўнутр. дварамі (Бран, 1377; Хунедаара, 15 ст.). Пад уплывам мастацтва Адраджэння з пач. 16 ст. дамы аздаблялі ордэрнымі дэталямі, капэлы ў храмах набывалі пышны рэнесансавы скульпт. дэкор (капэла Лаца ў саборы ў Алба-Юліі, 1512). З пач. 18 ст. пашырыліся пабудовы ў рэгіянальным стылі аўстра-венг. барока з яго манументальнасцю і рэпрэзентатыўнасцю (саборы ў г. Клуж-Напока, Тымішаара, палац Брукенталя ў Сібіў). Архітэктура Валахіі і Малдовы арыентавалася на ўзоры правасл. краін — Візантыі, Сербіі і Балгарыі. Побач з крыжова-купальнымі (царква св. Мікалая ў Курцядэ-Арджэш, 13—14 ст.) будаваліся 1-нефавыя трохконхавыя храмы з прытворам і купаламі (саборы манастыроў Казія ў Сірэце і св. Георгія ў Хырлэў, 14 ст.). У дэкоры гатычныя дэталі спалучаліся з узорыстымі паліванымі керамічнымі ўстаўкамі (царква манастыра Нямц, 1497). У канцы 15 — пач. 16 ст. ў цэрквах рабілі скляпенні ў выглядзе ступеньчатых арак на кансолях. У 14—17 ст. шырока будавалі крэпасці і ўмацаваныя манастыры (Нямц, Сучава), дамы-крэпасці (кула) з масіўнымі каменнымі сценамі і вокнамі ў выглядзе байніц. Для царк. архітэктуры 16—17 ст. характэрна імкненне да пышнага дэкаратывізму. Храмы з каменю і мармуру ўпрыгожвалі святочнай плоскарэльефнай разьбой (цэрквы ў Курця-дэ-Арджэш, манастыра Дзялу), часта з арнаментам (царква «Трох свяціцеляў» у Ясах). У традыц. кампазіцыю часта ўводзілі адкрыты прытвор з аркамі ці прысадзістымі аркадамі. Вясковыя цэрквы Малдовы з навісаючымі высокімі дахамі звонку аздаблялі яркімі сюжэтнымі размалёўкамі (манастыра Малдавіца, 1532; с. Варанец, размалявана ў сярэдзіне 16 ст.). У архітэктуры Валахіі ў канцы 17 — пач. 18 ст. склаўся т. зв. стыль Брынкавяну — спалучэнне нар. традыцый і нац. дойлідства з элементамі рэнесансу і барока (лоджыямі, балюстрадамі, вітымі калонамі; палац Магашаая каля Бухарэста, 1700—02). У канцы 18—пач. 19 ст. будавалі з рысамі класіцызму (арх. А.​Арэску). Да 19 ст. гарады захоўвалі аблічча ірэгулярных сельскіх паселішчаў. У 2-й пал. 19 ст. ў Р. з’явіліся парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектыкі (Атэнеум, Палац юстыцыі і інш. ў Бухарэсце). У 1880-я г. арх. І.​Мінку звярнуўся да традыцый рум. нар. дойлідства і стылю Брынкавяну (будынак «Буфетул» у Бухарэсце). Для архітэктараў пач. 20 ст. (Г.​Чэркез, І.​Д.​Берындзей, А.​Сэвулеску, Н.​Гіка-Будэшты), характэрна рамант. захапленне гіст. стылямі (неаготыка, неарэнесанс), імкненне да інтэрпрэтацыі форм нац. архітэктуры. У 1930-я г. тэндэнцыі неакласіцызму (Палац Рэспублікі ў Бухарэсце) змяніліся функцыяналізмам (пабудовы Х.​Крангэ, Д.​Марку ў г. Брашоў і Бухарэсце). З 2-й пал. 20 ст. ўкараняюцца індустр. метады, будуюцца новыя (Георге-Геаргіў-Дэж, Урыкані і інш.) і рэканструююцца старыя гарады. На Чарнаморскім узбярэжжы створаны добраўпарадкаваныя курорты (Мамая, Эфорыя, Мангалія і інш.). Новыя жыллёвыя комплексы вылучаюцца гнуткасцю прасторавай арганізацыі, разнастайным рытмічным размяшчэннем тыпавых звёнаў, вентыляцыйных і сонцаахоўных прыстасаванняў, выкарыстаннем колеру і фактуры панэлей (жылыя раёны Тытан, Флараска, Букурэшты-Ной і інш. ў Бухарэсце). Узводзяцца разнастайныя паводле форм і планіроўкі шматпавярховыя секцыйныя і вежападобныя будынкі з выкарыстаннем зборных метал. і жалезабетонных каркасаў і перакрыццяў, навясных панэлей (цырк у Бухарэсце, вакзалы ў г. Брашоў і Канстанца). 1960—80-я г. адметныя пошукамі пластычнай выразнасці цэласных аб’ёмаў (ансамбль Нац. т-ра імя Караджале з гасцініцай «Інтэркантыненталь» у Бухарэсце), імкненнем да пераасэнсавання нар. арх. традыцый (адм. цэнтры ў Бая-Марэ, Баташані і інш.). У пабудовах і рэзідэнцыях 1980-х г. відавочна нарастанне пампезнага эклектызму. З 1990-х г. архітэктура Р. арыентуецца на зах.-еўрап. рацыянальны стыль з захаваннем багатых нар. традыцый. У 1952 засн. Саюз архітэктараў Р.

Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З неаліту на тэр. Р. вядомы зааморфныя і антрапаморфныя статуэткі з косці і гліны (т. зв. «Мысліцель з Чарнаводы», 3-е тыс. да н.э.), керамічны посуд з ляпным, гравіраваным і маляваным геам. арнаментам у стылі, блізкім да эгейскага мастацтва, Цэнтр. і Паўд.-Усх. Еўропы. Захаваліся маст. вырабы фракійцаў, скіфаў, кельтаў, творы рым. скульптуры, ювелірныя вырабы готаў і стараж. славян. У 14—15 ст. у Валахіі і Трансільваніі развівалася плоскарэльефная разьба па камені, насценныя размалёўкі (фрэскі ў цэрквах св. Міколы ў Курця-дэ-Арджэш, у Крышчоры, Лешніку, Рыбіцы і інш.); у Малдове дасягнула росквіту мініяцюра (майстар Гаўрыл Урык). Вядомасць набылі выканаўцы бронзавых статуй М. і Г. Клужскія. У канцы 15—16 ст. пад уплывам Германіі і Польшчы пашырылася разьба па камені на барабанах купалаў, надмагільных плітах, каменных саркафагах, у абрамленні акон і парталаў цэркваў. Мастацкай дасканаласці дасягнулі вышыўка, разьба па дрэве, апрацоўка металу. У 17—18 ст. у храмах Малдовы і Валахіі пашырыліся разьбяныя алтары ў стылі Брынкавяну. У 17 ст. ў Трансільваніі з’явілася надмагільная скульптура ў духу рэнесансу, а ў канцы 17—18 ст. пад уплывам аўстр. мастацтва — дэкар. скульптура барока. Для размалёвак 16 ст. характэрны свецкія матывы, рысы рэпрэзентатыўнасці і арнаментальнасці, гал. чынам у партрэтах царк. старастаў (размалёўкі епіскапскай царквы ў Курця-дэ-Арджэш, каля 1526). У вонкавых размалёўках цэркваў Малдовы рабіліся спробы ўнесці ў мастацтва актуальны змест (выявы туркаў сярод грэшнікаў у сцэнах «страшнага суда»). У жывапісе Валахіі 17—18 ст., прасякнутым наіўна-фалькл. матывамі (размалёўкі цэркваў у Філіпешты-дэ-Пэдурэ, 1692, жывапісец Пырву Муту), пашырыліся пейзажныя і арх. формы з элементамі прасторавасці (размалёўкі манастыра Хурэзі, 1694—1704). У іканапісе Малдовы і Валахіі строгая абагульненасць змянілася ў 17 ст. імкненнем да арнаментальнасці. У 18 ст. з’явіўся жывапіс у стылі барока, прадстаўлены гал. чынам ’работамі аўстр., чэшскіх і славацкіх майстроў (Ф.​Маўльберч, І.​Н.​Шопф і інш.). З 2-й пал. 18 ст. вядомы свецкія партрэты І.​М.​Штока. У пач. 19 ст. фарміравалася свецкае мастацтва (творы Н.​Палкоўнікула, Г.​Баламіра). Пазней узніклі тэндэнцыі да рамантызму і рэалізму (І.​Негуліч, Б.​Іскавеску, Т.​Аман, патрыятычная алегарычная кампазіцыя К.​Д.​Разенталя). У 1860—70-я г. росквіту дасягнуў дэмакр. рэалізм (Н.​Грыгарэску, І.​Андрэеску). У пач. 20 ст. пошукі выразных і каларыстычных сродкаў, выкарыстанне прыёмаў фавізму, кубізму і экспрэсіянізму спалучаліся з цікавасцю да прадметнага свету з дэмакр. нац. ідэаламі (Ш.​Лук’ян, Г.​Петрашку, Т.​Паладзі, К.​Рэсу, Ш.​Дымітрэску, Н.​Таніца, Ф.​Шырата, Дз.​Г’яцэ). У скульптуры акадэмізм змяніўся тэндэнцыямі рамантызму (Ш.​Іанеску-Валбудзя), мадэрна (Дз.​Пачура), неакласіцызму (І.​Жаля, О.​Хан, К.​Медра), сімвалізму (К.​Брынкушы). Графіцы 1920—30-х г. уласціва экспрэсіўнасць (А.​Жыкідзі, І.​Рос, Н.​Арборэ). З канца 1940-х г. мастацтва напаўнялася новым зместам. Жывапісцы К.​Баба, М.​Бунеску, Х.​Катарджы, А.​Чукурэнку, Г’яцэ распрацоўвалі індустр. пейзажы, кампазіцыі на тэмы працы і гісторыі; у жывапісе ўзмацніліся рысы дэкар. стылізацыі (К.​Піліуцэ, Б.​Каваліў), фактурныя і каларыстычныя пошукі (В.​Сакеларые-Уладзімерэску), выкарыстанне традыцый нар. творчасці (І.​Цукулеску), абстрактнага экспрэсіянізму (І.​Геаргіў, В.​Алмэшану), сюррэалізму (С.​Бэлаша), з канца 1960-х г. — пошукі нац. своеасаблівасці (Г.​Шару, В.​Мэрджынян, І.​Сэлішцяну, І.​Мусчэляну і інш.). У скульптуры вылучаюцца партрэтныя статуі і бюсты Жалі, Г.​Ангела, Р.​Ладзі, Б.​Караджы, Хана; станковыя кампазіцыі і манументы Медры, Г.​Віды, Ю.​Аніцы, сімвалічныя вобразы і партрэты І.​Ірымеску, З.​Бэйкаяну і інш. Рысы традыцый сярэдневяковай і нац. скульптуры ўласцівы творам С.​Раду, Г.​Іліеску, І.​Власіў. Высокага ўзроўню дасягнулі кніжная графіка, плакат, манум.-дэкар. і дэкар.-прыкладное мастацтва.

Музыка. Станаўленне муз. мастацтва ў Р. звязана з фальклорам, якому ўласцівы аднагалоссе, апора на дыятанічныя лады і пентатоніку, складаная нерэгулярная рытміка, перамяшчэнне акцэнтаў, багатая мелізматыка. Пашыраны стараж. абрадавыя і інш. песні, эпічныя балады (дойны); танцы — хора, сырба, хацэгана, мужчынскі брыу і інш. Нар. інструментарый: скрыпка, кобза, цымбалы, флуэр (флейта), най (флейта Пана), чымпой (валынка), бучум (рог). Пашырэнню фальклору спрыялі нар. музыканты-прафесіяналы-лэўтары (Б.​Лэўтару, Н.​Піку, Г.​Дыніку), якія звычайна выступалі ў складзе тарафаў (нар. аркестраў). Рум. кампазітарская школа склалася ў 2-й пал. 19 ст. У ліку першых кампазітараў-прафесіяналаў А.​Флехтэнмахер (аўтар першай нац. аперэты «Баба Яга»), І.​Вахман (стваральнік першага рум. вадэвіля «Трыумф кахання»), Ч.​Парумбеску, В.​Хірка, Л.​Віст. Вызначальнай стала опера Э.​Каўдэлы «Петру Рарэш». Пачынальнік рум. сімфоніі — Дж.​Штэфэнеску. Уклад у камерныя жанры зрабіў К.​Дымітрэску — заснавальнік квартэта (1880), аўтар камерных ансамбляў, сольных інстр. п’ес. Хар. музыку пісалі Г.​Музічэску, Г.​Дыма, Д.​Кірыяк-Джарджэску, Г.​Куку, Я.​Мурэшыяну, І.​Віду і інш. Фарміраванню нац. кампазітарскай школы спрыяла дзейнасць па збіранні і запісе нар. творчасці, у т. л. фалькларыста А.​Пана. Сінтэз фальклору і прафес. музыкі ўласцівы творчасці Музічэску, Ф.​Кіпрыяка, Т.​Брэдычану і інш. Станаўленню муз. культуры і адукацыі садзейнічалі стварэнне рум. пеўчага і тэатр. т-ва, філарманічнага т-ва ў Бухарэсце (1833), Ясах (1936), адкрыццё там кансерваторый (1864), сімф. аркестра Бухарэсцкай філармоніі (1868). Сярод выканаўцаў 2-й пал. 19 ст. дырыжоры Э.​Вахман, Каўдэла, спевакі Дж.​Дымітрэску, Х.​Даркле, М.​Нуавіна і інш. У 1-й пал. 20 ст. інтэнсіўна развіваліся муз. жанры, вёўся пошук новых тэм, сюжэтаў, выразных сродкаў. Узначальваў рум. кампазітарскую школу Дж.​Энеску. Заснавальнік рум. балета і камерна-вак. музыкі — М.​Жора, жанру інстр. канцэрта — П.​Канстанцінеску; у розных муз. жанрах працавалі С.​Драгой, Дз.​Куклін, А.​Мендэльсон, І.​Думітрэску, А.​Зіра, М.​Андрыку, пазней С.​Тадуцэ, П.​Чорця. У 2-й пал. 20 ст. значнае месца ў муз. мастацтве займала гераічная тэма. У операх Г.​Думітрэску («Гаспадар Іон Люты», «Дэчэбал», «Паўстанне»; 1955—60), Канстанцінеску («Панэ Лесня Русалім», 1955), Д.​Попавіча (трыпціх камерных опер «Праметэй», «Допыт на зары», 1958—74) зацвярджаецца жанр нар. муз. драмы на гіст. сюжэт. Сімф. жанр развівалі Д.​Бугіч, А.​Віеру, Г. і І. Думітрэску, П.​Бентою, Попавіч і інш. У галіне камернай, хар. і інш. музыкі працавалі К.​Сільвестры, А.​Рацыў, М.​Марбе, Ш.​Нікулеску, Т.​Олах, А.​Строе і інш., творчасць якіх вылучаецца разнастайнасцю кірункаў, стыляў, прыёмаў кампазіцыі, засваеннем сучаснай кампазітарскай тэхнікі. Сярод выканаўцаў дырыжоры А.​Александрэску, М.​Басараб, Дж.​Джарджэску, Т.​Рагальскі, Сільвестры, Э.​Эленеску, піяніст Дз.​Ліпаты, скрыпачы І.​Войку, Ш.​Руха, спевакі Г.​Зобіян, Т.​Лукачу, Э.​Петрэску, М.​Янкулеску, сярод музыказнаўцаў Т.​Балан, З.​Ванча, Р.​Александрэску. Развіццё муз. адукацыі і выканальніцтва звязана са з’яўленнем новых філармоній (Тымішаар, Клуж-Напока), оперных т-раў (Клуж-Напока, Ясы, Канстанца). Вядомасць набылі сімф. аркестры Бухарэсцкай і Клужскай філармоній, аркестр нар. інструментаў, харавыя калектывы. Цэнтр муз. навукі — Ін-т этналогіі, дыялекталогіі і фальклору. У Р. праводзіцца міжнар. фестываль імя Энеску.

Тэатр. Вытокі рум. т-ра ў стараж. гульнях і абрадах з элементамі тэатралізацыі. У 18—19 ст. узніклі больш складаныя формы т-ра «іразій», «віклеім» (літургічная драма), «жакул пэпушарылор» (лялечнае прадстаўленне), гайдуцкая драма (пра нар. паўстанцаў). Заснаванне прафес. т-ра звязана з дзейнасцю школьнага т-ра (пастаноўкі ў 1775 у Трансільваніі і ў 1816 у Ясах па ініцыятыве пісьменніка Г.​Асакі, у Бухарэсце пад кіраўніцтвам паэта Я.​Вэкэрэску), адкрыццём школы драм. мастацтва пры Філарманічным т-ве ў Бухарэсце (1833), Драм. кансерваторыі ў Ясах (1836). У 1841 у Ясах узведзены будынак т-ра. У 1852 у Бухарэсце пачаў працаваць Вял. т-р, перайменаваны ў 1877 у Нацыянальны. У рэпертуары пераважалі творы В.​Альф’еры, Вальтэра, Мальера. Уклад у развіццё рум. т-ра зрабілі пісьменнікі і грамадскія дзеячы К.​Негруцы, В.​Александры, М.​Кагэлнічану, удзельнікі рэвалюцыі 1848. У 2-й пал. 19 ст. акцёрскае мастацтва развівалася ў рэаліст. (М.​Міла) і рамант. (К.​Караджале, М.​Паскалі) кірунках. У 1877 засн. Драм. т-ва прафес. акцёраў. На мяжы 19—20 ст. рэаліст. традыцыі прадаўжалі акцёры Г.​Маналеску, А.​Раманеску, К.​Натара, А.​Пруцяну, пазней — іх вучні А.​Дэметрыядэ, Т.​Буландра і Л.​Стурдза-Буландра, Г.​Сторын і інш. На нац. тэатр. мастацтва значна паўплывала дзейнасць драматурга і рэжысёра І.​Л.​Караджале, які ўзняў рум. сатыр. камедыю да ўзроўню лепшых узораў сусв. драматургіі. Станаўленню гіст. драмы садзейнічала творчасць драматургаў Александры, Б.​П.​Хашдэў, А.​Давілы, Б.​Дэлаўранчы. На дзейнасць рэфарматара нац. т-ра П.​Гусці (у 1905—08 і 1912—14 дырэктар Нац. т-ра) паўплывала творчасць А.​Антуана і К.​Станіслаўскага. У 1919 пасля аб’яднання Трансільваніі з Р. заснаваны Нац. т-р у г. Клуж-Напока, які дасягнуў значных поспехаў пад кіраўніцтвам З.​Бырсана. Рэаліст. традыцыі развівалі К.​Петрэску, Дж.​Замфірэску, В.​Эфтыміў, Буландра, Стурдза-Буландра, М.​Вентура, З.​Саарэ, М.​Філоці, М.​Себасцьян і інш. Спектаклі ставілі рэж. Гусці, В.​І.​Попа, А.​Майкан і інш. У 1920—30-я г. рум. т-р заняпаў. З 1938 у Ясах існаваў т-р для працоўных «Праца і добрая воля». Пасля 2-й сусв. вайны тэатр. мастацтва ў Р. актыўна развіваецца. Узнікла новая драматургія (М.​Давідоглу, Х.​Лавінеску, А.​Баранга, А.​Мірадан). У 1961 створаны Т-р камедыі, у 1964 — Малы т-р. Сярод вядучых т-раў: Рум. нац. т-р імя ІЛ.​Караджале, Рум. т-р імя Л.​Стурдзы-Буландры; т-ры камедыі «Мік», імя Натары, для дзяцей імя І.​Крангэ, лялечны «Цэндэрыкэ» ў Бухарэсце; т-ры нац. імя Александры ў Ясах, у г. Клуж-Напока і Краёва. Сярод лепшых рэжысёраў і акцёраў Р.​Беліган, Х.​Папеску, Л.​Чулей, Л.​Джуржэску, Р.​Пенчулеску; сярод крытыкаў і гісторыкаў т-ра В.​Рыняну, В.​Сілвестру, М.​Бэрбуцэ і інш. У Бухарэсце з 1954 працуе Ін-т тэатр. і кінематаграфічных мастацтваў імя ІЛ.​Караджале; у 1950 у г. Тыргу-Мурэш арганізаваны Венг. тэатр. ін-т імя С.​Іштвана.

Кіно. З 1897 у Бухарэсце дэманстраваліся першыя відавыя фільмы. З 1911 пачаўся выпуск маст. фільмаў («Ракавое каханне», 1911; «Вайна за незалежнасць», 1912, рэж. Г.​Брэзяну). Лепшыя фільмы нямога кіно 1920—30-х г. створаны рэж. Ж.​Міхаілам і Ж.​Джарджэску. Першыя гукавыя фільмы — камедыя «Бінг-Банг» (1935, рэж. Н.​Строе, В.​Васілаке), экранізаваная камедыя ІЛ.​Караджале «Бурная ноч» (1943, рэж. Джарджэску), дакумент. «Краіна Моцаў» (1938, рэж. П.​Кэлінеску). У 1950 пачата буд-ва кінацэнтра «Буфця», засн. студыя дакумент. фільмаў «Александру Сахія». У 1951 створаны першы анімацыйны фільм. У 1950-я г. здымаліся фільмы пра сучаснасць, экранізаваліся творы класічнай л-ры; пачалі працаваць рэжысёры, фільмы якіх вызначылі нац. кінамастацтва 1960—70-х г.: Л.​Брату («Тудор», 1963), А.​Блаер («Раніца разважлівага чалавека», 1967), Г.​Вітанідыс («Шкадлівы юнак», у сав. пракаце «Усяго адзін месяц», 1969; «Кантэмір», 1975), М.​Дрэган («Смага», паводле рамана Ц.​Паповіча, 1961; «Лупень, 29», 1963; «Калона», 1968), Дз.​Кочы («Гайдукі», 1966; «Выкраданне дзяўчыны», «Помста гайдукоў», абодва 1968), Ф.​Мунцяну («Неба без кратаў», паводле свайго рамана «Мастак», 1962; «Тунэль», 1967, сумесна з СССР), М.​Мурэшан («Паўстанне», паводле Л.​Рэбрану, 1966; «Аблога», 1971), С.​Нікалаеску («Дакі, 1967; «Міхай Храбры», 1970; «Бессмяротныя», 1974), Л.​Пінтыліе («У нядзелю, у 6 гадзін вечара», 1966; «Рэканструкцыя», 1969), Д.​Піца («Філіп добры», 1975), Л.​Чулей («Хвалі Дуная», у сав. пракаце «Рака палае», 1960; «Лес павешаных», паводле Рэбрану, 1965). Вядомасць набылі экранізацыі: «Каменнае вяселле» (1973), «Дух золата» (1974) паводле навел І.​Агырбічану (рэж. М.​Верою, Піца). Фільмы 1980-х г. вызначаюцца ўвагай да праблем сучаснасці: «Экскурсія» (1981, рэж. М.​Данелюк), «Конкурс» (рэж. Піца), «У чаканні цягніка» (рэж. Верою, абодва 1982). Дэбютавалі як рэжысёры І.​Дэміян («Сляза дзяўчыны»), Д.​Тэнасе («Паўабаронца», абодва 1980), В.​Алекса («Перад маўчаннем», 1978; «Шпагаглытальнік», 1981) і А.​Татос («Сумная Настасся ішла», 1980; «Эпізоды», 1982). Здымаліся фільмы сумесна з СССР — «Марыя, Мірабела» (1982, рэж. І.​Папеску-Гопа), «Казка падарожжаў» (1983, рэж. А.​Міта). Значныя дасягненні анімацыйнага кіно Р. (Папеску-Гопа, І.​Труйка, С.​Балаш і інш.). Сярод дакументалістаў М.​Іліешу, Ц.​Месараш, Дж.​Сегал; лепшыя акцёры — М.​Албулеску, Д.​Алцяну, М.​Барбу, І.​Бесою, Ю.​Дарые, Г.​Дынікэ, Д.​Канстанцін, М.​Паганат, С.​Паповіч, А.​Пеля, І.​Петрэску, Ф.​П’ерсік, В.​Рэбенджук, С.​Стэнкулеску, І.​Чабану; сцэнарысты, гісторыкі і крытыкі — І.​Грыгарэску, Д.​Папеску, Паповіч, П.​Сэлкудзяну, М.​Геаргіў, В.​Іліў, І.​Кантакузіна, Е.​Апрою. З 1954 спецыялістаў у галіне кіно рыхтуе Ін-т тэатр. і кінамастацтва імя ІЛ.​Караджале.

Літ.:

Краткая история Румынии: С древнейших времен до наших дней. М., 1987;

Революции 1989 г. в странах Центрально-Восточной Европы: взгляд через десятилетие // Славяноведение. 1999. № 6;

Кожевников Ю.А. Эпоха романтизма в румынской литературе. М., 1979;

Опреску Г. Народное искусство Румынии: Пер. с фр. М., 1960;

Кузьмина М.Т. Искусство Румынии. М., 1966;

Румынская живопись в образах. Бухарест, 1971;

Светлов И.Е. Современная румынская скульптура. М., 1974;

Лейтес Р. Заметки о румынской музыке XX в. // Проблемы музыкальной науки. М., 1972. Вып. 1.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка), А.​А.​Левашэвіч (гісторыя), І.​Г.​Елісееў (узброеныя сілы), Н.​І.​Марозава (асвета), Я.​Ф.​Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), А.​У.​Валадковіч (музыка).

Герб і сцяг Румыніі.
Да арт. Румынія. Горад Брашоў.
Да арт. Румынія. Пасёлак у Карпатах.
Да арт. Румынія. Ландшафт на ПнУ краіны.
Да арт. Румынія. У Паўднёвых Карпатах.
Да арт. Румынія. Атэль Букурэшты ў г. Бухарэст.
Да арт. Румынія. Забойства Міхая Храбрага 9.8.1601. Эстамп. 18 ст.
Да арт. Румынія. Румынскія мінамётчыкі вядуць агонь па нямецка-фашысцкіх войсках. Чэхаславакія. 1945.
Да арт. Румынія. Царква манастыра ў с. Варанец. 1488.
Да арт. Румынія. Царква «Трох свяціцеляў» у г. Ясы. 1639.
Да арт. Румынія. Т.​Паладзі. Ваза са сланечнікамі.
Да арт. Румынія. К.​Брынкушы. Бясконцая калона. 1937.

т. 13, с. 441

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)