БАСАЛЫ́ГА (Уладзімір Самойлавіч) (н. 1.4.1940, г. Слуцк),

бел. графік. Брат М.С.Басалыгі. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1967). У 1971—80 гал. мастак Маст. фонду. Працуе ў галіне кніжнай і станковай графікі, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, экслібрыса. Гал. тэма творчасці — культ. і гіст. спадчына Беларусі: графічныя аркушы «Шануйце роднае слова» (1976), «Неба бацькаўшчыны» (1980), «Навагрудчына», «Мой родны кут», «Дух стагоддзяў», «Радзіма Купалы» (усе 1982). Стварыў серыю графічных аркушаў «Мова наша родная»; ілюстрацыі да кнігі «Мая Іліяда» У.​Караткевіча (1969), альбома «Гравюры Францыска Скарыны» (1972, з М.​С.​Басалыгам) і інш. З 1977 працуе над серыяй графічных твораў «Помнікі дойлідства Беларусі»; «Мірскі замак», «Царква ў Сынковічах», «Спаса-Ефрасіннеўская царква ў Полацку», «Каложская царква ў Гродне», «Спаса-Праабражэнская царква ў Заслаўі», «Вежа замка ў Любчы», «Нясвіжскі замак», «Слуцкая гімназія» і інш.

Літ.:

Пянькоўская А. Справа даўжынёй у жыццё // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.

Г.​А.​Фатыхава.

У.Басалыга. Слуцкая гімназія. З серыі «Помнікі дойлідства Беларусі». 1977.

т. 2, с. 338

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

прыла́шчыць, ‑лашчу, ‑лашчыш, ‑лашчыць; зак., каго.

1. Праявіць ласку, пяшчоту ў адносінах да каго‑н. Заўважае часам Аляксандра Пятроўна ў вачах Марынкі такую засмучанасць, што хочацца прытуліць яе да сябе, прылашчыць, як роднае дзіця. Каршукоў. [Жэнька] папракнуў сябе, што вельмі рэдка бачыць Ленку і ніколі не прылашчыў сіраціну. Шамякін.

2. Ласкавымі, пяшчотнымі адносінамі прыцягнуць, прывабіць да сябе. Рыгор не прывык скарацца. Яго, мабыць, немагчыма чым-небудзь прылашчыць, каб пасля прымусіць «скакаць пад сваю дудку». Сабалеўскі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

МАСКА́ЛІК (Міхась) (31.3.1903, г.п. Гарадзея Нясвіжскага р-на Мінскай вобл. — 25.9.1965),

бел. уніяцкі рэліг. і культ. дзеяч. Д-р слав. філалогіі (1959). Скончыў Нясвіжскую гімназію (1924), Віленскі ун-т (1931). З 1932 у Германіі. Скончыў калегіум пры Мюнхенскім ун-це (1938), у 1941 і 1956—57 аспірант слав. філалогіі гэтага ун-та. Вучыўся ў Берлінскім тэхн. ін-це. Быў святаром пры царкве св. Міхала (Мюнхен). Заснавальнік «Саюза беларускіх студэнтаў у Нямеччыне» (1933). У ліп. 1943 — крас. 1944 вязень канцлагера Заксенгаўзен (вызвалены дзякуючы намаганням папскай місіі ў Германіі). З 1945 жыў у г. Гослар, быў святаром у брыт. зоне акупацыі сярод беларусаў і ўкраінцаў. У 1946 выкладаў у бел. гімназіі імя М.​Багдановіча ў Ватэнштэце, узначальваў парафіяльны к-т, які выдаваў час. «Беларуская думка» (1947—49). Кіраўнік Бел. к-та перасяленцаў (1947—52). Даследаваў ролю нар. духоўнай і матэрыяльнай культуры ў творчасці Я.​Купалы («Янка Купала — пясняр беларускага народа», 1961).

Літ.:

Сакалоўскі У. Міхась Маскалік — навуковец і святар // Роднае слова. 1998. № 2.

У.​Л.​Сакалоўскі.

т. 10, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАНФЁРАЎ (Фёдар Іванавіч) (2.10.1896, с. Паўлаўка Ульянаўскай вобл., Расія — 10.9.1960),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Саратаўскім ун-це (1923—25). З 1931 (з перапынкамі) гал. рэдактар час. «Октябрь». Друкаваўся з 1918. Раман «Брускі» (т. 1—4, 1928—37; па матывах рамана нап. п’есу «Жыццё», 1939; кінасцэнарый «У пошуках радасці», 1940) пра калектывізацыю ў прыволжскай вёсцы. Тэме Вял. Айч. вайны прысвечаны аповесці «Сваімі вачамі» (1941), «Рука пацяжэла» (1942), трылогія: раманы «Барацьба за мір» (1945—47, Дзярж. прэмія СССР 1948), «У краіне пераможаных» (1948, Дзярж. прэмія СССР 1949), «Вялікае мастацтва» (2-і варыянт 1954). Аўтар трылогіі «Волга-матухна рака» (1953—60), аповесцей «Роднае мінулае» (1956), «Сказанне пра Паволжа» (1957), п’ес «Мужыкі» (1924), «Бунт зямлі» (1926), кн. нарысаў «Берагавая быль» (1926), апавяданняў, літ.-крытычных артыкулаў і інш. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі М.​Багун, Т.​Кляшторны.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1986;

Бел. пер. — Брускі. Ч. 1—2. Мн., 1932;

Цвёрдым поступам. Мн., 1932.

Літ.:

Стогнут А.С. Ф.​И.​Панферов. 2 изд. Киев, 1969;

Федор Панферов: Воспоминания друзей. 2 изд. М., 1977;

Панферов А.И. Мой старший брат. Саратов, 1986.

т. 12, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУБЛЕ́ЎСКАЯ (Людміла) (сапр. Шніп Людміла Іванаўна; н. 5.7.1965, Мінск),

бел. пісьменніца. Скончыла Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1984), вучылася ў Літ. ін-це імя М.​Горкага (1986—87), скончыла БДУ (1994). Працавала ў газ. «Наша слова», час. «Першацвет». З 1996 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1983. Псіхалагізм, філас. асэнсаванне рэчаіснасці, прыхільнасць да гіст. рамантызму ў зб-ках вершаў «Крокі па старых лесвіцах», «Адукацыя» (абодва 1990), «Замак месячнага сяйва» (1992), «Застаюся» (1996), «Балаган» (2000). Тонкім псіхалагізмам, інтэлектуальнасцю, лірычнасцю і мяккім гумарам адметная яе проза: цыкл апавяданняў «Старасвецкія міфы горада Б» (1996—2001), аповесці «Дзеці Гамункулуса» (2000), «Сэрца мармуровага анёла» (2001). Аўтар драм. паэм «Пасля Цэзара» (1993), «Amor ardens» (1997), «Апошняя з Алелькавічаў» (1998, аднайм. фільм Бел. тэлебачання 1999), п’ес «Апошнія гастролі Агасфера» (нап. 1993), «Янук, рыцар Мятлушкі» (1995), казак для дзяцей («Прыгоды мышкі Пік-Пік», 2000). Выступае як крытык і літ.-знавец.

Тв.:

Партрэт нацыі: Аспекты нац. міфа ў бел. паэзіі 10—20-х гг. XX ст. // Роднае слова. 1995. № 8, 10;

Рыцарскія хронікі: Вершы... Маладзечна, 2001.

І.​У.​Саламевіч.

т. 13, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВАНО́ВІЧ (сапр. Лявонаў) Леанід Кірэевіч

(н. 14.9.1938, в. Клеявічы Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). З 1963 працаваў у рэдакцыях газет, час. «Неман», «Полымя», у 1980—82 гал. рэдактар літ.-драм. перадач Бел. тэлебачання. З 1984 у выд-ве «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1955. Кнігі нарысаў «Гаспадар зямлі» (1971), «Зялёны трохкутнік» (1973) пра вёску. Аўтар зб-каў аповесцей і апавяданняў «Мадонна з кветкаю» (1976), «Якар надзеі» (1979), зб. публіцыстыкі «Хлеб і мужнасць» (1987). Прататып аповесці «Валанцёр свабоды» (1983) Ф.​Варанішча — удзельнік рэв. руху ў Аргенціне і Іспаніі, руху Супраціўлення ў Францыі. У цыкле раманаў-хронік пра пасляваен. вёску «Шчыглы» (1986), «Паводка сярод зімы» (1989), «Дзікая ружа» (1993), «Сіняе лета» (1998) імкненне паказаць нар. душу, жыццястойкасць бел. нацыі, матывы дома і сям’і, працягу роду. Аўтар кн. «Вяртанне ў радыяцыю» (1997). Піша п’есы (аднаактоўка «Ці любіце вы грэчку?», 1972; драмы «Пасля разводу», нап. 1972; «Чабор», 1973, апубл. 1980; гераічная хроніка «Павел і Хуаніта», нап. 1974). Аўтар сцэнарыя дакумент. фільма «Дом майстроў» (1973) і інш.

Тв.:

Ларыса, альбо Прыгоды аўтамабіліста: Аповесць, п’есы. Мн., 1998.

Літ.:

Рагуля А. Святло знутры // Роднае слова. 1998. № 9;

Бугаёў Дз. Дасягнутае і страчанае // Полымя. 1999. № 1.

І.​У.​Саламевіч.

т. 9, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),

бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел. нар. песні, вершы І.​В.​Гётэ і М.​Лермантава; А.​Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).

Тв.:

Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст. Мн., 1988;

[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969. С. 159—161;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;

Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.

Г.​В.​Кісялёў.

т. 10, с. 147

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хутарскі́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да хутара. Хутарскія будынкі. □ Дзень добры, роднае сяло! Бывай, сядзіба хутарская!.. Арочка. // Які жыве на хутары. На дварэ вусаты дзядзька — хутарскі гаспадар — ладзіў воз. Чорны. І мы з табою закахацца Паспелі ў хутарскіх дзяўчат. Панчанка. // Уласцівы хутараніну, жыццю на хутары. І як жа тут сказаць ёй, Людзе, пра ўсё, як яе вырваць адгэтуль, з гэтай старой глухамані, з гэтай хутарской ідыліі, у якую яна і сама, здаецца, урастае з прыемнасцю? Брыль. [Рыгор] не замыкаўся ў сваёй хутарской адзіноце. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДРО́БАЎ (Леанід Ніканоравіч) (н. 6.8.1926, в. Растаў Акцябрскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастацтвазнавец і жывапісец. Д-р мастацтвазнаўства (1984), праф. (1987). Скончыў БДУ (1958), Бел. тэатр.-маст. ін-т (1965). З 1964 заг. аддзела выяўл. мастацтва Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі. Даследуе бел. жывапіс 19—20 ст. Аўтар кніг па гісторыі бел. жывапісу, манаграфій пра бел. мастакоў А.​Мазалёва (1976), А.​Шаўчэнку (1980); рэдактар і аўтар асобных артыкулаў у «Гісторыі мастацтва народаў СССР» (т. 5—9, 1972—82; залаты медаль АМ СССР, 1982), «Гісторыі беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94; Дзярж. прэмія Беларусі 1996). Аўтар сюжэтна-тэматычных работ «Камбед» (1968), «Партызанская кухня» (1965), «Аўтапартрэт» (1972), «Успаміны аб юнацтве» (1973), «Прэлюдыя» (1983), партрэтаў П.​Ф.​Глебкі (1971), «Групавы партрэт беларускіх пісьменнікаў» (1987), пейзажаў «Крым. Гурзуф» (1970-я г.), «Роднае Палессе», «На рацэ Пціч», «Старая дарога на Парэчча», серыі «Міншчына», «Віцебшчына» (усе 1990-я г.) і інш.

Тв.:

Беларускія мастакі XIX ст. Мн., 1971;

Искусство Белорусской ССР: [Альбом]. Л., 1972;

Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974;

Живопись Советской Белоруссии (1917—1975 гг.). Мн., 1979;

Сучасны беларускі партрэт. Мн., 1982.

Літ.:

Фатыхава Г. Дарога за небакрай // Мастацтва Беларусі 1988. № 5.

Г.​А.​Фатыхава.

Л.Н.Дробаў.
Л.Дробаў. Крым. Гурзуф. 1970-я г.

т. 6, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

плоць, ‑і, ж.

1. Цела жывых істот, пераважна чалавека (як процілегласць псіхікі, духоўнага пачатку). — Пад гэтым імем жыве і нахабна дзейнічае звычайны чалавек са звычайнай плоццю і звычайнай чалавечай крывёй. Лынькоў. // Цела як крыніца адчування, пачуццёвасці.

2. перан. Кніжн. Матэрыяльнае ўвасабленне. Зусім заканамернай будзе размова аб пошуках новых рытмаў, інтанацый, рыфмаў, славесных форм, паколькі ўсё гэта, разам узятае, і складае плоць паэзіі, як «фактуру». Перкін.

•••

Плоць і кроў каго, чыя; плоць ад плоці (кроў ад крыві) чыёй — а) (уст. і кніжн.) роднае дзіця каго‑н.; б) (кніжн.) аб тым, што створана ўласнай працай і клопатамі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)