БА́РЖА (франц. barge),

пласкадоннае грузавое несамаходнае судна без аснасткі з невялікай асадкай. Перацягваецца буксірам. У залежнасці ад грузаў, якія перавозяцца, баржы падзяляюцца на сухагрузныя (для пяску, руды, кам. вугалю) і наліўныя (вадкае паліва, вада); ад раёна плавання — на марскія, рэйдавыя (прыбярэжныя) і рачныя. На Беларусі з’явілася ў канцы 19 ст. і паступова стала асн. тыпам рачнога грузавога транспарту (з часам драўляныя судны заменены металічнымі). Сучасныя баржы, якія выкарыстоўваюць на ўсіх буйных рэках рэспублікі, пераважна сухагрузныя; грузападымальнасць 100—700 т.

т. 2, с. 307

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНАЯ СТА́НЦЫЯ,

1) установа па вывучэнні гідралагічнага рэжыму водных аб’ектаў на пэўнай тэрыторыі. Абагульняе і апрацоўвае матэрыялы назіранняў на гідралагічных пастах. На Беларусі з 1928 дзейнічаюць рачныя гідралагічныя станцыі (Паўд.-Бел., у гарадах Вілейка, Магілёў, Мінск і інш.), азёрная (у курортным пас. Нарач Мядзельскага р-на), балотная (у пас. Палескі Лунінецкага р-на) і інш., а таксама ў цэнтрах па гідраметэаралогіі ў абл. гарадах.

2) Пункт з вызначанымі геагр. каардынатамі на вадаёме, дзе вядуцца гідралагічныя назіранні.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІТАТЫА́Я (Itatiaia),

нацыянальны парк на ПдУ Бразіліі. Засн. ў 1937 для аховы прыродных ландшафтаў найвышэйшых вулканічных масіваў у раёне хр. Серада-Мантыкейра (г. Агульяс-Неграс выш. 2787 м). Пл. каля 12 тыс. га. Разнастайныя формы выветрывання, каньёнападобныя рачныя даліны з азёрамі. Саванна кампос, горны хваёвы і дажджавы трапічны лес з ліянамі, архідэямі, імхамі і папарацямі. У фауне касматая павукападобная малпа, грывасты воўк, даўгахвостая выдра, трохпальцы мураўед, гарпія, чорнагаловы папугай і інш. Біястанцыя бат. саду Рыо-дэ-Жанейра.

т. 7, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НО́ВІ-САД,

горад у Югаславіі, у Рэспубліцы Сербія. Каля 300 тыс. ж. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, порт на р. Дунай. Адзін з важнейшых прамысл. цэнтраў Югаславіі, гал. эканам. цэнтр Ваяводзіны. Прам-сць: маш.-буд. (рачныя судны, самалёты, станкі, с.-г. машыны, эл.-тэхн. абсталяванне), хім., фармацэўтычная, гарбарна-абутковая, харчовая. Штогадовыя с.-г. кірмашы; пастаянная с.-г. выстаўка краіны. Ун-т. Музеі і маст. галерэі. Арх. помнікі 14—18 ст. Гіст. цэнтр сербскай культуры. Значна разбураны авіяцыяй НАТО у 1999.

т. 11, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПОСТ, вадамерны пост,

пункт на водным аб’екце, абсталяваны для сістэматычных гідралагічных назіранняў. Падзяляюцца на рачныя, азёрныя, балотныя, на вадасховішчах, ледавіках і інш., па канструкцыі бываюць рэечныя, па́левыя, мяшаныя, перадатачныя, дыстанцыйныя, паводле тыпу ўстаноўкі самапісца ўзроўню вады — берагавыя і астраўныя. У аддаленых раёнах дзейнічаюць аўтаматычныя гідралагічныя пасты. Першыя гідралагічныя пасты на рэках Беларусі ўзніклі ў 19 ст.: на Зах. Дзвіне (1838, Віцебск), на Прыпяці (1843, Пінск, Тураў, Мазыр), на Дняпры (1844, Магілёў). У 1997 дзейнічалі 120 пастоў на 83 рэках, ручаях і каналах і 14 пастоў на 14 азёрах і вадасховішчах.

т. 5, с. 226

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРАДПАЛЕ́ССЕ,

вобласць геамарфалагічнага раянавання на Пд Беларусі (паводле А.В.Мацвеева), што ўтварае араграфічную ступень паміж Цэнтральнабеларускімі краявымі ледавіковымі ўзвышшамі і градамі і Палескай нізінай. Уключае 19 геамарфалагічных раёнаў. Для П. характэрны зандравыя раўніны, якія акаймоўваюць з паўд. боку пояс буйнейшых на Беларусі ўзвышшаў і град; дэнудаваныя краявыя ледавіковыя ўтварэнні на З і лёсавыя адклады на У. Пераважныя вышыні рэльефу 160—190 м, у межах град і ўзгоркаў да 200 м і болей. Часта трапляюцца суфазійныя і карставыя формы рэльефу. Рачныя даліны выпрацаваныя, шырокія і асіметрычныя. На прыдалінных участках шмат яроў і лагчын.

т. 12, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

бурла́к

(рус. бурлак)

наёмны рабочы, які даўней уваходзіў у арцель, што перамяшчала рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў; у 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі было самастойным і адыходным промыслам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ВАРА́ЖСКАЕ ЗЛЕДЗЯНЕ́ННЕ,

адно з самых стараж. зледзяненняў у Еўропе. Вылучана Л.М.Вазнечуком у 1961—65 як зледзяненне, якое ўкрывала амаль усю Паўн. Еўропу. Атаясамлівалася з першым з 2 міндэльскіх зледзяненняў, з 1971 — з нараўскім зледзяненнем. З 1990-х г. з варажскім зледзяненнем звязваюць варажскі гарызонт эаплейстацэну, які адпавядае скандынаўскаму зледзяненню. На тэр. Беларусі азёрныя і рачныя адклады варажскага зледзянення (алеўрыты, супескі, пяскі з рэшткамі арктабарэальных раслін) найб. пашыраны на Палессі. У час варажскага зледзянення адбылася змена палеамагнітных эпох: адмоўна намагнічаныя пароды эпохі Матуяма змяніліся дадатна намагнічанымі пародамі сучаснай эпохі Брунас каля 730 тыс. г. назад (гл. Палеамагнетызм).

А.​Ф.​Санько.

т. 3, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРЫ́ГА (Аляксандр Андрэевіч) (5.12.1837, каля Віцебска — 26.3.1905),

расійскі хімік. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1860). З 1861 у Міхайлаўскай артыл. акадэміі, з 1862 у Цюбінгенскім і Цюрыхскім ун-тах. З 1865 у Новарасійскім ун-це ў Адэсе (з 1871 праф.), адначасова ў 1880 арганізаваў першую ў Расіі лабараторыю па даследаванні харч. прадуктаў і кіраваў ёй да 1896. Навук. працы па хіміі араматычных азазлучэнняў. Атрымаў бензідзін (1864), азабензол і яго гамолагі (1865), азаталуал і інш. Даследаваў рачныя і артэзіянскія воды Пд Расіі, гаючыя крыніцы і гразі.

Літ.:

Волков В.А. Вонский Е.В., Кузнецов Г.Н. Выдающиеся химики мира. М., 1991. С. 92.

т. 4, с. 398

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУРЛАКІ́,

1) наёмныя рабочыя, якія перамяшчалі рачныя судны ўручную пры дапамозе канатаў і вёслаў. У Расіі з’явіліся з 16 ст. Бурлацтва было выклікана ростам перавозак пры тэхн. недасканаласці рачнога транспарту. На Беларусі працавалі на ўсіх вял. рэках: Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Бугу, Зах. Дзвіне, Бярэзіне, а таксама на Дняпроўска-Бугскім і Агінскім каналах. У 17—19 ст. бурлацтва на Беларусі стала самастойным і адыходніцкім промыслам (гл. Адыходніцтва). У бурлакі наймаліся мужчыны (зрэдку і жанчыны) з вял. фізічнай сілай ва ўзросце ад 20 да 50 гадоў. Узнікненне і пашырэнне параходства ў канцы 19 ст. выцесніла бурлацтва.

2) Бяздомныя халастыя або ўдовыя бяздзетныя людзі, якія вялі гаспадарку адасоблена.

т. 3, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)