ВЫМЯРА́ЛЬНЫ ПЕРАЎТВАРА́ЛЬНІК,

прыстасаванне, якое пераўтварае фіз. велічыню, што вымяраецца або рэгулюецца, у сігнал (звычайна электрычны) для далейшай перадачы, апрацоўкі ці рэгістрацыі. Адна з асн. частак сродкаў вымяральнай тэхнікі, сістэм аўтаматыкі і тэлемеханікі. Тэрмін «вымяральны пераўтваральнік» уведзены стандартам замест тэрміна «датчык».

Параметры, якія ўспрымаюцца вымяральным пераўтваральнікам, бываюць механічныя (намаганне, перамяшчэнне, скорасць, вібрацыя), гідраўлічныя і пнеўматычныя (ціск, расход), аптычныя (сіла святла), цеплавыя (т-ра), электрычныя (напружанне і ток), радыеактыўныя. Выходныя сігналы падзяляюцца на электрычныя і пнеўматычныя (часам гідраўлічныя), амплітудныя, часаімпульсныя, частотныя і фазавыя, аналагавыя (неперарыўныя) і лічбавыя (дыскрэтныя). Вымяральны пераўтваральнік складаецца з аднаго (напр., тэрмапара, тэнзометр) або з некалькіх элементарных пераўтваральнікаў, найважнейшы з якіх — адчувальны элемент. Пераўтваральнікі злучаюцца па каскаднай, дыферэнцыяльнай і кампенсацыйнай схемах. Найб. Пашыраны маштабныя і функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі. Маштабныя (напр., дзялільнікі частаты і напружання, трансфарматары вымяральныя) мяняюць маштаб велічыні, якая вымяраецца, без змены яе фіз. прыроды. Гэтыя вымяральныя пераўтваральнікі пашыраюць межы вымярэнняў сродкамі вымяральнай тэхнікі. Функцыянальныя вымяральныя пераўтваральнікі (напр., тэрмарэзістары, фотаэлементы) пераўтвараюць велічыню той ці іншай фіз. прыроды ў функцыянальна звязаны з ёй сігнал (звычайна электрычны). Такімі вымяральнымі пераўтваральнікамі можна вымяраць разнастайныя неэл. велічыні. Асобны клас складаюць аперацыйныя вымяральныя пераўтваральнікі, якія выконваюць над велічынямі пэўныя матэм. аперацыі (інтэграванне, дыферэнцыраванне і інш.). Асн. характарыстыкі вымяральных пераўтваральнікаў: від функцыянальнай залежнасці паміж уваходнай і выходнай велічынямі, адчувальнасць і парог адчувальнасці, хібнасць.

У.​М.​Сацута.

Вымяральны пераўтваральнік: а — тэмпературы (1, 2 — тэрмаэлектроды); б — ціску (1 — мембрана, 2 — газ або вадкасць); в — акустычны (1 — мембрана, 2 — вугальны парашок); г — нахілу (1 — электроды, 2 — электраліт); д — вызначэння канцэнтрацыі кіслаты ў растворы (1 — электроды, 2 — электрамагніт, 3 — рычаг, 4 — клапан).
Схема палярызацыйнага валаконна-аптычнага вымяральнага пераўтваральніка ціску, акустычных ваганняў і лінейных паскарэнняў: 1 — крыніца аптычнага выпрамянення (AB); 2 — валаконныя светлаводы; 3 — палярызатар AB; 4 — аптычны адчувальны элемент (прызма); 5 — мембрана; 6 — аналізатар AB; 7 — прыёмнік AB.

т. 4, с. 315

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛАЦІ́НА,

гідратэхнічнае збудаванне, якое перагароджвае раку ці іншы вадацёк для пад’ёму ўзроўню вады, сканцэнтравання напору ў месцы размяшчэння збудавання і стварэння вадасховішча; асн. частка гідравузла. У залежнасці ад напору (рознасці ўзроўняў вады ў верхнім і ніжнім б’ефах) П. падзяляюцца на нізканапорныя (да 10 м), сярэдненапорныя (10—50 м) і высоканапорныя (больш за 50 м). Будуюцца для энергет. мэт (гідраэлектрычных станцый), паляпшэння суднаходства, водазабеспячэння, меліярацыі, рыбнай гаспадаркі і інш.

Бываюць глухія (водазатрымныя, якія не маюць адтулін для пропуску вады і не прыстасаваны для пераліву вады праз грэбень), водаскідныя (прапускаюць залішнюю ваду праз грэбень, а крыгі лёду, наносы і інш. — праз водазліўныя адтуліны) і камбінаваныя. Паводле канструкцыі падзяляюцца на арачныя (пад ціскам вады працуюць як скляпенне, перадаючы нагрузкі на скальныя берагі), гравітацыйныя (масіўныя бетонныя або каменныя П., устойлівасць якіх забяспечваецца ўласнай масай — сіламі трэння па аснове), контрфорсныя (маюць рэбры-апоры — контрфорсы, прамежкі паміж якімі перакрываюцца плоскімі плітамі ці аркамі) і кансольныя (устойлівасць забяспечваецца кансольным замацаваннем іх у грунце з дапамогай анкераў ці паляў). Воданепранікальнасць П. забяспечваецца звычайна экранам, дыяфрагмай ці ядром. Самыя даўнія П. — земляныя (насыпныя і намыўныя), узніклі з развіццём гідратэхнікі ў Стараж. Егіпце, Індыі, Кітаі і інш. У Кіеўскай Русі П. будаваліся для млыноў вадзяных. Найб. пашыраныя сучасныя П. — грунтавыя (напр., 305-метровая Нурэкскай ГЭС у Таджыкістане), бетонныя і жалезабетонныя (арачная Інгурскай ГЭС у Грузіі, выш. 271,5 м), каменныя, якія робяцца накідкай каменняў ці каменнай муроўкай.

На Беларусі ў малой гідраэнергетыцы, меліярацыі, водазабеспячэнні пашыраны нізка- і сярэдненапорныя грунтавыя і бетонныя П. (больш за 900 П. для стварэння вадасховішчаў і сажалак комплекснага выкарыстання).

П.​К.​Чэрнік.

Будова плаціны: 1 — напорная грань; 2 — грэбень; 3 — нізавая грань; 4 — падэшва; 5 — зуб (выступ); 6 — панур; ВБ, НБ — верхні і ніжні б’ефы; Н — напор.
Асноўныя тыпы плацін: а — грунтовая з ядром (1 — аднародны грунт, 2 — ядро з малапранікальнага грунту ці іншага матэрыялу); б — каменнагрунтавая (1 — воданепранікальная частка з малапранікальнага грунту, 2 — прызма каменнага накіду); в — арачная (1 — вадаспуск, 2 — проціфільтрацыйная заслона, П — план); г — контрфорсная масіўная (1 — бетонныя напорныя перакрыцці, 2 — контрфорсы).

т. 12, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫШТА́ЛІ (ад грэч. krystallos першапачаткова лёд, потым горны хрусталь, празрысты камень),

цвёрдыя целы, якія маюць натуральную форму правільнага мнагагранніка, часцінкі якога (атамы, іоны, малекулы) размешчаны паводле закону прасторавых рашотак (гл. Крышталічная рашотка). Упарадкаваная будова К. абумоўлівае іх спецыфічныя ўласцівасці — аднароднасць, здольнасць самааграньвацца, мінім. ўнутр. энергію і скрытую цеплыню плаўлення. Характэрныя ўласцівасці К. — анізатропнасць і сіметрыя (гл. Анізатрапія, Сіметрыя крышталёў). Спецыфічныя асаблівасці К. выяўляюцца ў іх механічных (спайнасць, цвёрдасць і інш.), аптычных (падвойнае праменепераламленне, плеяхраізм і інш.), электрычных (піра- і п’езаэлектрычнасць), цеплавых і інш. фіз. уласцівасцях. Пры вывучэнні К. выкарыстоўваецца комплекс метадаў даследаванняў, у т. л. рэнтгенаструктурны і крышталеаптычны аналіз.

К. ўтвараюцца адвольна ці на «зародках» з вадкіх (растворы і расплавы), газападобных (шляхам узгонкі) і цвёрдых (у час перакрышталізацыі) рэчываў пры пэўных т-рах, ціску і хім. саставе. Правільныя мнагаграннікі ўтвараюцца ў час росту К., калі яны не сутыкаюцца з інш. цвёрдымі целамі і растуць павольна. Грані К. супадаюць з плоскімі сеткамі, рэбры — з радамі прасторавых рашотак, уздоўж якіх вузлы рашоткі размешчаны найб. густа. К. аднаго і таго ж рэчыва і будовы могуць мець розную велічыню і форму, але вуглы паміж адпаведнымі гранямі і рэбрамі ў іх пастаянныя (закон пастаянства вуглоў). Пры хуткім росце ў вязкім асяроддзі ўтвараюцца недаразвітыя формы (дэндрыты, сфераліты, крышт. агрэгаты), з якіх складзена большасць цвёрдых цел. Вывучэнне скорасці росту К., які абумоўлівае іх вонкавы выгляд (габітус), дае звесткі пра іх паходжанне (генезіс). Сярод К. адрозніваюць простыя формы (складзены з аднолькавых граней, звязаных элементамі сіметрыі) і камбінацыі (сукупнасць дзвюх ці некалькіх простых форм). У прыродзе вядома 47 простых форм і каля 1500 камбінацый. Усе К. — сіметрычныя целы. Сукупнасць элементаў сіметрыі ўтварае від сіметрыі, а ў прасторавых рашотках — прасторавую групу сіметрыі. У К. адрозніваюць 32 віды сіметрыі, аб’яднаныя ў 7 крышталеграфічных сістэм (сінганій), якія ўключаюць у сябе 230 прасторавых груп.

Крышт. рэчывы пашыраны ў прыродзе. Зямная кара на 95% складаецца з К. Крышталічныя ўсе металы і сплавы, большасць буд. матэрыялаў, многія харч. прадукты, лякарствы, некаторыя ч. арганізмаў, штучныя матэрыялы. Крышт. рэчывы ўжываюцца практычна ва ўсіх галінах нар. гаспадаркі. Адзіночныя К. выкарыстоўваюцца для апрацоўкі цвёрдых матэрыялаў (алмаз), у лазернай тэхніцы (рубін), на выраб лінзаў і палярызатараў для аптычных прылад (ісландскі шпат, флюарыт, кварц), гадзіннікавых камянёў (рубін), п’езапласцінак (кварц), у радыёэлектроніцы, тэлеф. сувязі, гідралакацыі, ювелірнай справе і інш.

Літ.:

Попов Г.М., Шафрановский И.И. Кристаллография. 5 изд. М., 1972;

Шаскольская М.П. Кристаллография. 2 изд. М., 1984;

гл. таксама пры арт. Крышталяграфія.

А.​С.​Махнач.

Крышталі: а — простыя формы (1 — куб, 2 — актаэдр, 3 — ромбададэкаэдр, 4 — тэтраганальная дыпіраміда, 5 — трыганальны трапецоэдр, 6 — рамбічны тэтраэдр); б — камбінацыі простых форм (7 — пінакоіды і рамбічныя прызмы, 8 — гексаганальная прызма, рамбоэдр, дытрыганальны скаленоэдр, 9 — ромбададэкаэдр, тэтрагонтрыактаэдр, 10 — куб, тэатраэдр, ромбададэкаэдр, 11 — куб, актаэдр, трыгонтрыактаэдры).

т. 8, с. 528

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

це́ла, ‑а, н.

1. Матэрыя, рэчыва, што так ці інакш абмежавана ў прасторы; асобны прадмет у прасторы. Газападобнае цела. □ Метэарыты — цвёрдыя целы касмічнага паходжання. «Маладосць». // Спец. Частка прасторы, абмежаваная з усіх бакоў: тое, што мае даўжыню, шырыню і глыбіню. Прызма, шар — геаметрычныя целы.

2. Арганізм чалавека або жывёлы ў яго знешніх, фізічных формах і праяўленнях. Часткі цела. □ Маладое цела жывучае. Даніленка. Мокры да касцей Сымон.. скалануўся, агорнуты халодным паветрам. Яму хацелася пазяхнуць, цела білі дрыжыкі. Чарнышэвіч. [Пракоп] выцягнуўся на ўсю даўжыню свайго стомленага і абцяжэлага пасля ёмкага абеду цела. Колас. // Труп, мярцвяк. Нікіцін ніяк не мог сабе дараваць, што не дастаў цела начдзіва і не паспеў падабраць партбілет. Гурскі. // Ужываецца для абазначэння матэрыяльнага пачатку ў чалавека ў процілегласць духоўнаму, псіхічнаму. Усё гэта было так прытульна, што можна было адпачыць целам і духам за ўсе папярэднія месяцы. Маўр.

3. Тулава, корпус чалавека, жывёлы, птушкі. [Лясніцкі] стаяў голы і старанна націраў цела сухім палатняным ручніком. Шамякін. Дужае і стройнае цела [аленя] на стройных нагах нібы скамянела. В. Вольскі. Яшчэ пад купінай лядок, а на купіне ўжо гняздзечка кнігаўка зрабіла, яечкі сваім целам грэе. Бялевіч. // перан. Пра ствол дрэва, расліны. Сякера глыбока ўваходзіла ў жывое цела, яблыня, як ад спалоху, уздрыгвала. Карпаў. [Салдацкая каска] глыбока ўвайшла ў цела дубка, і знізу дрэўца было нібы пераціснута. Паўлаў. / у вобразным ужыв. Якую ж чорную навалу перанесла ты, родная Беларусь! Як знявечылі тваё святое цела кіпцюры крыважэрных драпежнікаў, што наляцелі з Захаду! Хадкевіч. Гляньце! Наліваецца злектрычнай крывёю Магутнае цела Маёй краіны. Хведаровіч.

4. Спец. Асноўная масіўная частка чаго‑н. Цела самалёта. □ Цяжка пульсуе магутнае цела паравога катла. Шынклер.

•••

Абсалютна чорнае цела — цела, якое поўнасцю паглынае праменне, што падае на яго.

Іншароднае цела — а) прадмет, які трапіў звонку ў арганізм; б) аб кім‑, чым‑н. чужым, пабочным, што застаецца адасобленым. У іншым выпадку ўсё можа скончыцца антымастацкай практыкай, і лепшыя ўзоры духоўных здабыткаў іншых народаў, перанесеныя на родную глебу, застануцца чужародным целам, штучна перасаджаным у неўласцівае яму асяроддзе. Майхровіч.

Нябеснае цела — планета, зорка, камета.

(Быць) у целе — быць поўным, укормленым, сытым.

Грошы цела не пякуць — грошы нікому не шкодзяць, ніколі не бываюць лішнімі. — А каму грошы цела пяклі? Каму яны лішнія былі? — Дзед насупіўся. Масарэнка.

Грэшнае цела — арганізм чалавека з усімі яго фізіялагічнымі праявамі як супрацьлегласць яго духоўнаму, псіхічнаму свету.

Душой і целам гл. душа.

Мурашкі забегалі (бегаюць, пабеглі, пайшлі) па целе гл. мурашка.

Развітацца з целам — правесці нябожчыка ў апошнюю дарогу, пабыць на пахаванні.

Свая кашуля бліжэй да цела — сваё даражэй.

Свяціць голым целам гл. свяціць ​1.

Спасці з цела гл. спасці.

Толькі душа ў целе — ледзь жывы (пра хворага, слабага ці вельмі стомленага чалавека).

Трымаць у чорным целе гл. трымаць.

Увабрацца (увайсці) у цела — паправіцца, акрэпнуць; папаўнець.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)