Лыга́ць ’глытаць’ (Сцяшк.; свісл., Шатал.; Нар. Гом.), лыґа́ць ’тс’, лыгну́ць ’глынуць’ (свісл., беласт., Сл. ПЗБ), ’прагна выпіць’ (Ян.), лыґнуць, лыгену́ць ’грызнуць’, лыгам ’залпам’ (Сцяшк. Сл.), лы́гаць ’хутка, спяшаючыся есці’ (Бяльк.), ’есці (пра гусей)’ (Сцяц.), ’хлябтаць, лыкаць’ (ТС). Укр. лига́ти ’прагна піць, есці’, лигону́ти ’хлябтаць вялікімі глыткамі’, лигнути ’тс’, ’жэрці’; польск. łygać ’глытаць’ (паводле Слаўскага, 5, 392 — запазычанне з укр. мовы), чэш. мар. łygať, славац. ligac ’тс’. Прасл. паўн. lygati, якое з’яўляецца варыянтам прасл. lykati — ітэратыва да lъkati, lъknǫti > лкаць (гл.).

Лыга́ць2 ’нанізваць што-небудзь на шнурок, дрот’ (ТСБМ), ’браць на повад (карову, вала), начэпліваць вяроўку на шыю жывёле’ (ТСБМ, Сцяшк. Сл.; мазыр., З нар. сл.), лыгво ’налыгач на шыі вала’ (ельск., КЭС), ’вяроўка, на якую бяруць карову’ (мазыр., З нар. сл.). Укр. лига́ти ’накідваць вяроўку на рогі вала’, поли́гатися ’сыйсціся’, залига́ти ’завязваць, зблытваць’, рус. сарат. лигози́ть ’блытаць ніткі пры тканні’. Генетычна роднаснае да літ. laigõnas ’швагер’, ст.-грэч. λοιγωντίαν φρατρίαν (Гесіхій), а таксама з польск. liga ’вяроўка, шнур, якім абшываецца край ветразя (у плытагонаў)’, якое запазычана з н.-ням. līk (гальштынск. liek, гал. lijk ’тс’) — гл. Слаўскі, 4, 250. Да і.-е. *lieg‑//*leig̑‑, параўн. лац. ligāre ’звязваць, прывязваць’, алб. lith ’перавязваю’, с.-н.-ням. līk ’павязка’, ст.-ісл. lík ’ліна для ўмацоўвання грузаў’ (Бернекер, 1, 717; Фасмер, 2, 494; Трубачоў, Проспект, 59).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смерць1 ‘спыненне жыццядзейнасці, гібель арганізма’ (ТСБМ, Ласт., Некр. і Байк., Бяльк., Сл. ПЗБ, ТС). Укр., рус. смерть, стараж.-рус. съмьрть, польск. śmierć, в.-луж. smjerć, н.-луж. sḿerś, чэш. smrt, славац. smrť, серб.-харв. смр̋т, славен. smŕt, балг. смърт, макед. смрт, ст.-слав. съмрьть. Прасл. *sъmьrtь роднаснае літ. mir̃tìs, mirtìs ‘смерць’, лат. mir̃te ‘тс’, ст.-інд. mr̥tis, лац. mors, Р. скл. mortis ‘тс’, гоц. maúrꝥr ‘забойства’ ад і.-е. *mer‑ ‘паміраць’. Большасць даследчыкаў (гл. Траўтман, 187; Махэк₂, 562; Фасмер, 3, 685–686; Сной₁, 586–587, Борысь, 618 і інш.) звязваюць частку *sъ‑ у праславянскім слове з ст.-інд. su‑ ‘добры’, першапачаткова ‘добрая’, г. зн. ‘свая, натуральная’ і, далей, з слав. займеннікам svo‑ (гл. свой). Аднак Трубачоў (Проспект, 82 і наст.) разглядае слав. *sъmьrtь як праславянскі наватвор з прыст. *sъ‑ параўнальна з больш старым *mьrtь < і.-е. *mr̥t‑s, параўн. чэш. mrt ‘адмёршая частка; неўрадлівая зямля’; гл. Глухак, 567.

*Смерць2, смэрть ‘вусень’ (кам., ЛА, 1), смяртэ́льнік ‘начны матылёк’ (Сцяшк. Сл.). Да папярэдняга слова, відаць, на базе ўяўленняў пра дрэнны знак, які падае начны матылёк, што заляцеў у хату, прадвеснік смерці, падрабязней гл. Гура, Символика, 487–488); параўн. цьма ‘тс’ (гл.), што перанесена і на вусеня як стадыю ў развіцці матылька.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сне́даць ‘есці раніцай’ (ТСБМ, Нас., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Бяльк., Сержп., Ласт., Сл. ПЗБ, ТС). Укр. сні́дати ‘снедаць’, рус. зах., паўд. снеда́ть, сне́довать ‘снедаць, закусваць, перахватваць’, ст. польск. śniadać, в.-луж. snědać, н.-луж. snidaś, чэш. snídat ‘тс’, серб.-харв. snijedati ‘з’ядаць усё’, славен. snédati ‘з’ядаць, згрызаць, апусташаць, ласавацца’, ст.-слав. сънѣдати ‘спажываць’. Прасл. *sъnědati — дэрыват ад ітэратыва *ědati < *ěmъ, *ěsti ‘ем, есці’, пры *sъněsti ‘з’есці’. Гл. Фасмер, 3, 697; Махэк₂, 228; Шустар-Шэўц, 1327; Трубачоў, Проспект, 83. Традыцыйна маецца на ўвазе прэфікс *sъn‑ (гл., напрыклад, Карскі 1, 324), аднак Шустар-Шэўц (Этимология–1988–1990, 95) бачыць тут прыстаўку *sъ‑ і ўстаўны ‑n‑. Аддзеяслоўны дэрыват сне́данне ‘яда раніцай’ (ТСБМ, Нас., Ласт., Байк. і Некр., Гарэц., Касп., Шат., Растарг., Сл. ПЗБ), сне́данье ‘тс’ (ТС), сняда́нне ‘тс’ (Бяльк., Сл. ПЗБ, Варл.), як і ўкр. сніданне, польск. śniadanie, в.-луж. snědanie, н.-луж. snidańe, чэш. snídaně, разглядаецца як паўночнаславянская інавацыя; гл. Вештарт, Лекс. Палесся, 90 і наст. Сюды ж сняда́нка ‘дзяўчына, якая праводзіць нявесту ў дом жаніха’ (Касп.), параўн. лун. сьне́дальніцы толькі мн. ‘сваячкі маладой, якія прыязджаюць да маладых раніцай пасля шлюбнай ночы’, укр. ров. сні́далніцы ‘тс’ (Гура, С і БФ, 1995, 322), укр. сні́дальниця ‘якая снедае (у прыватнасці, у вясельным абрадзе)’, гл. ЕСУМ, 5, 335.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Знушча́цца ’здзекавацца’ (Жд. 2; Мат. Гом.; ЭШ), змушча́цца ’тс’ (Жд. 2). Рус. зах. бранск. знущаться ’тс’, паўд. змущаться ’тс’, вяцк., смал. змуща́ть ’схіляць, спакушаць, падбухторваць, нацкаваць’, укр. знуща́тися ’здзекавацца’. Булахоўскі (Питання, 65; Вибр., 2, 71) выводзіў укр. знуща́тися з *згнущатися. Трубачоў (Проспект, 83–84) рэканструюе прасл. дыял. sъn‑uščati () і, параўноўваючы з польск. poduszczać ’падбухторваць’, выводзіць бяспрэфіксны дзеяслоў uščati < ustjati ад usta (гл. вусны) і дае для дзеяслова балт. паралелі: літ. дыял. áuščioti ’балбатаць, гаварыць’, лат. aūšât ’балбатаць’. Параўн. і Трубачоў, Слав. языкозн., V, 179. Мартынаў (Бел. укр. ізал., 48; Лекс. Палесся, 13–14) далучае да гэтых паралелей мін.-маладз. ушчуваць ’лаяць’, ушчувацца ’крыўдзіцца’, а таксама ст.-рус. наустити (параўн. і рус. наущать), рэканструюе ўсх.-балт. *san‑austjati і лічыць, што яно пранікла ў бел., укр. Трэба, аднак, улічыць, што наустити не ст.-рус., а ст.-слав. факт, прадстаўлены ў Зогр. і Мар. евангеллях, таму тут больш верогодна не пранікненне, а генетычная роднаснасць (як мяркуе Трубачоў). У бел., відаць, адбываецца ўзаемадзеянне знушчацца і змушчацца (параўн. рус. смущаться да смутить, гл. муціць), якое першасна мела значэнне ’выклікаць непакой’. Ці не трэба ўлічыць пры тлумачэнні польск. уст. znękać ’засмучаць, знясільваць’, в.-луж. znućić ’прымусіць’? Параўн. таксама бел. зні́шчыць, укр. знищити ’спыніць існаванне’ і ст.-рус. изнищити ’зрабіць жабраком’. Семантычны бок цікавай гіпотэзы Трубачова патрабуе ўдакладненняў, сярод якіх магчыма і ўздзеянне ўказаных слоў.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)