адкры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., каго-што.

1. Тое, што і адчыніць. Адкрыць акно. Адкрыць шафу. □ Міхась адкрыў сундук і хутка знайшоў там, на дне, хімічны карандаш. Якімовіч. // Распячатаць, разарваць. Хвіліну.. [Маша] паглядала на канверт, не адважваючыся адкрыць, затым хутка разарвала яго і, нічога не гаворачы, упілася вачыма ў пісьмо. Мележ. // Адаткнуць што‑н., адкаркаваць. Адкрыць бутэльку. // Пакруціўшы, павярнуўшы кран, клапан і пад. пусціць у дзеянне што‑н. Адкрыць ваду. Адкрыць газ. // Расплюшчыць (пра вочы). — Што такое? Якое данясенне? — раптоўна адкрыў вочы Перапечкін і паспрабаваў падняць галаву. М. Ткачоў. // Агаліць, зняўшы што‑н. зверху. Стала горача, і Іван адкрыў галаву. Чарнышэвіч.

2. Даць шырокія магчымасці для развіцця чаго‑н. Ты [партыя] у людзі нас вывела, родная, Нам адкрыла прасторы жыцця. Непачаловіч.

3. Арганізаваць, стварыць што‑н. і абвясціць пра пачатак дзейнасці яго. Адкрыць завод. Адкрыць яслі.

4. Паслужыць пачаткам чаго‑н.; пачаць што‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя адкрыла новую эру ў гісторыі чалавецтва. Адкрыць тэатральны сезон.

5. Абвясціць пра пачатак пасяджэння, вечара і пад. Адкрыць сход. □ Усе з нецярплівасцю чакалі, калі дырэктар школы адкрые вечар і раскажа аб жыцці дзеда Ягора. Скрыпка.

6. Заўважыць, знайсці ў выніку экспедыцыі або навуковага даследавання нешта зусім новае або даўно забытае. Пры дапамозе мікраскопа былі адкрыты мікраарганізмы. □ Калі заўважыў Архімед Між з’яў цікавую прыкмету, Яе ён вывучыў як след — Адкрыў закон, вядомы свету. Непачаловіч. Калумб, караблі правёўшы Праз акіян свае, Адкрыў Амерыку, — Новым Назваўшы светам яе. Куляшоў. // Выявіць наяўнасць, існаванне чаго‑н. шляхам даследавання. Адкрыць радовішча алмазаў. □ [Дзянісаў:] — Палёт на Месяц — гэта выдатна! Ён дапаможа нашай навуцы адкрыць многа новага, пашырыць яе гарызонты. Гамолка.

7. Зрабіць вядомым тое, што доўгі час скрывалася, утойвалася, было невядомым; раскрыць. Адкрыць сакрэт. □ Адкрыла маці дачцэ сваю тайну, праўду аб тым, хто яе бацька. Колас. Вялікія справы, роўныя чалавечаму лёсу, кранулі.. [Марыну] і адкрылі перад яе маладой душой свае таямніцы. Чорны.

8. Заўважыць у кім‑, чым‑н. невядомыя да гэтага здольнасці, якасці. [Аркадзь:] — А я, брат, пад старасць раптам «адкрыў» у сабе талент. Васілевіч. Г.А. Ціхаў адкрыў здольнасць папараці выпраменьваць інфрачырвоныя прамені. Матрунёнак.

•••

Адкрыць агонь — ваенная каманда пачаць страляць.

Адкрыць лік — а) у спорце — атрымаць першае ачко ў сваю карысць; б) дамагчыся першага баявога трафея.

Адкрыць рахунак — а) пра ўкладчыка: зрабіць уклад у банк; б) пра банк: пачаць выдаваць грошы па рахунку.

Адкрыць Амерыку — сказаць, аб’явіць тое, што даўно вядома.

Адкрыць вочы каму — дапамагчы каму‑н. убачыць, уразумець праўду пра каго‑н., паказаць сутнасць каго‑, чаго‑н.

Адкрыць дзверы куды — даць свабодны доступ.

Адкрыць (раскрыць) душу (сэрца) — шчыра расказаць пра свае думкі, пачуцці каму‑н.

Адкрыць рот — пачаць гаварыць; выказвацца.

Адкрыць свет — зрабіць чыё‑н. жыццё радасным, шчаслівым.

Адкрыць сэрца — прызнацца ў каханні.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

адбі́ць, адаб’ю, адаб’еш, адаб’е; адаб’ём, адаб’яце; зак., каго-што.

1. Ударамі адкалоць, адшчапіць, адарваць, адкрышыць (частку цэлага або што‑н. прымацаванае). [Крамарэвіч] падняў камень, адбіў прабой і адчыніў сенцы. Чорны. Камандзіру разведкі, Адаму Бухаўцу, разрыўною куляй адбіла ў запясці правуюруку. Брыль. // Адкрыць, адчыніць што‑н. забітае. Адбіць дзверы, дошку.

2. Сустрэчным ударам адкінуць. Праходзіла мінута за мінутай, а мне ўсё не ўдавалася адбіць яшчэ ніводнага мяча. Карпюк. // Паспяхова абараняючыся, прымусіць адступіць; аказваючы моцнае супраціўленне, спыніць (напад, атаку і пад.). Праз некалькі хвілін Арсен быў ужо ў артылерыстаў, перад якімі стаяла задача адбіць наступленне варожых танкаў. Кавалёў. Сталі радзіцца [звяры], Як быць, Як напад ваўка адбіць. Калачынскі. // перан. Адказваючы на абвінавачанні, прыдзіркі і пад., абвергнуць іх. Бальшавікі адбілі ўсе атакі праціўнікаў, якія спрабавалі раззброіць расійскі пралетарыят. «Звязда».

3. Сілаю, з боем адабраць каго‑, што‑н., вярнуць захопленае. Натоўп кінуўся на паліцэйскі ўчастак і з поспехам адбіў арыштаваных таварышаў. Гарэцкі. Мы раніцой адбілі гэту вёску. Панчанка.

4. Разм. Прывабіць, прыцягнуць да сябе, выклікаць любоў да сябе, прымусіўшы аддаліцца ад другога. [Жлукта:] Гэты палкі юнак хоча адбіць у мяне маю жонку. Крапіва. // Аддаліць, адхіліць каго‑, што‑н. ад чаго‑н. або каго‑н. Адбіць пакупнікоў.

5. Прымусіць баяцца што‑н. рабіць, знішчыць, адабраць (ахвоту, жаданне, памяць і пад.). [Прыстром] хацеў давесці Дзерашу больш яскрава беззаганнасць сваёй тэорыі, сваіх думак, раз назаўсёды адбіць у таго ахвоту спрачацца. Шынклер. Можа гора і ўтрапенне апошніх дзён адбілі ў .. [Аўдоцці] памяць, замутнілі розум? Мележ.

6. Адкінуць у адваротным кірунку (прамені, гук і пад.).

7. Адлюстраваць што‑н. на сваёй гладкай, бліскучай паверхні. І раніцай дарога, добра ўмытая, Пасерабрылася, у асфальце чыстым Адбіла сонца з яснымі блакітамі, Паркан гародчыкаў і лес расісты. Калачынскі. Алеся, бедная Алеся, Краса наднёманскіх дзяўчат! Ты сінь азёрнага Палесся Адбіла ў сонечных вачах. Трус. // Адлюстраваць у вобразах, паняццях; выказаць.

8. Выявіць, даць вонкавае праяўленне (пачуццям, стану і пад.).

9. Выстукаць рытмічнымі ўдарамі. Другі [хлопец], у сіняй кашулі з вышытым каўняром, сарваўся б з месца, адбіў бы чачотку. Васілёнак. // Адзначыць ударамі, звонам. Гадзіннік адбіў дванаццаць. // Перадаць па тэлеграфе. [Маргарыта:] — Яе думала, што.. [Барыс] не дабярэ часу пісьма людскага напісаць. Адну тэлеграму адбіў: не турбуйся, цалую. Скрыган.

10. Ударам (ударамі) пашкодзіць што‑н., зрабіць балючым. Яшчэ і дагэтуль усе ў вёсцы памяталі, як.. [Грамабой] адбіў печані Сідараваму хлапцу, калі той незнарок упусціў карову ў Грамабоеву віку. Крапіва.

11. Завастрыць лязо касы, б’ючы малатком.

12. Аддзяліць, перагарадзіўшы. Гэтаму сталу ўжо і месца падрыхтавалі: высокай фанернай фарбаванай шырмай адбілі кавалак пакоя з акном і дзвярыма проста ў калідор. Чорны. // Абмераўшы, выдзеліць участак чаго‑н. Усім хацелася на свае вочы бачыць, што робіцца, дзе каму які ўчастак адаб’юць. Галавач.

13. Правесці лінію ударам вяроўкі або шнура. // Паставіць кляймо.

14. Пабіць (расліны, пасевы). Град адбіў жыта.

•••

Глузды адбіць — пабоямі пашкодзіць разумовую дзейнасць каго‑н.

Ногі адбіць (збіць, набіць) — моцна натаміць ногі, доўга ходзячы. Дзед Тодар здрыгануўся, ступіў да стала: — Нічога не прыдумаеш. Вілія і пад лёдам шалёная... Ногі мы адбілі, цэлыя суткі не прысеўшы. Пташнікаў.

Адбіць паклон — пакланіцца. [Бабка] закончыла нарэшце сваю малітву і адбіла апошні паклон. Каліна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)