муро́жны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца мурагом (у 1 знач.). Хлопчык сеў на мурожную траву і доўга не зводзіў вачэй з салдата. Гамолка.
2. На якім расце мурог (у 1 знач.). За дубамі адразу пачынаўся мурожны поплаў. Галавач.
3. Які з’яўляецца мурагом (у 2 знач.). Сена было мурожнае, яно абдавала гарачым пахам і трывожна п’яніла. Скрыган.
4. Уласцівы мурагу, які пахне мурагом. Я спяваў пра сенажаці, Пра мурожны пах мядункі. Гілевіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
абці́нак Поплаў, лужок сярод поля ў выглядзе ўпадзіны, у якой збіраецца веснавая вада (Лід.).
□ ур. Абцінак каля в. Бабры Лід.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
асака́ Балоцісты нізкі поплаў, дзе расце трава Carex (БРС).
□ в. Асака́ Пух., в. Асака на Беласточчыне ПНР, ур. А́сака (луг) каля в. Гіжэнка Слаўг.
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
наво́ддаль,
1. прысл. На некаторай адлегласці; не вельмі далёка. Сесці наводдаль. □ Злева наводдаль быў невялікі поплаў. Мележ. А наводдаль дружна зелянеюць палеткі азіміны. Хведаровіч. Мсціслаў і Выбіцкі ехалі наводдаль і ўсё яшчэ аб нечым дамаўляліся. Караткевіч.
2. прыназ. з Р. Выражае прасторавыя адносіны: ужываецца пры назве прадмета, асобы, месца ці прасторавай мяжы, на пэўнай адлегласці ад якіх адбываецца дзеянне, рух або размяшчаецца хто‑, што‑н. Калодзеж выкапалі наводдаль вуліцы. □ [Мірон] сядзеў на лаве крышку наводдаль стала і выдумляў сваю новую гісторыю. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ПО́ЙМА, поплаў,
частка дна рачной даліны, якая заліваецца вадой у разводдзе або ў час паводкі. Фарміруецца ў выніку адкладання наносаў пры бакавых зрухах рэчышча.
У аснове П. залягае рэчышчавы алювій або карэнныя пароды, перакрытыя поймавым наілкам, які штогод намнажаецца ў разводдзе. Выш. П. над рэчышчам у межань — ад некалькіх дзесяткаў сантыметраў да некалькіх метраў, шырыня на вял. раўнінных рэках ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У далінах горных рэк П. трапляюцца толькі на асобных участках. П. падзяляюцца на прырэчышчавыя — найб. высокія, складзеныя з буйназярністага пяску; цэнтральныя — складзеныя з больш дробнага матэрыялу; прытэрасныя — паніжаныя, забалочаныя, высланыя ілістым матэрыялам. Адрозніваюць П. двухбаковыя і аднабаковыя. Паверхня П. часта падзелена невысокім уступам на нізкую, якая заліваецца вадой штогод, і высокую, якая затапляецца 1 раз у некалькі гадоў (у час высокіх паводак). Рэльеф П. ўскладняецца прырэчышчавымі валамі, поймавымі грывамі, старыцамі, старычнымі азёрамі, дзюнамі, астанцамі першай надпоймавай тэрасы. На П. фарміруюцца ўрадлівыя поймавыя глебы. Расліннасць пераважна лугавая, цэнтр. і прытэрасная П. звычайна ўкрыты хмызнякамі або поймавымі лясамі. Жывёльны свет П. багаты вадаплаўнымі і балотнымі птушкамі. Вясной на П. нерастуе рыба. Скарыстоўваюцца пад сенажаць і пашу, асушаныя ўчасткі — зрэдку пад ворыва.
На тэр. Беларусі, у вобласці распаўсюджвання ледавіковых адкладаў апошняга зледзянення (Бел. Паазер’е), дзе рачныя даліны вызначаюцца адноснай маладосцю, П. не распрацаваныя, вузкія (шыр. да 300—500 м, месцамі 2,5—3 км) або адсутнічаюць. У больш стараж. распрацаваных далінах (цэнтр. і паўд. раёны) шыр. П. ад 2—8 да 15 км, месцамі 20—30 км (р. Прыпяць пры ўпадзенні Піны і Ясельды). Выш. П. над межанным узроўнем у рачных далінах Палесся 0,5—3 м, у цэнтр. і паўн. ч. — ад 1,5—4 да 6 м. У разводдзе П. затапляецца на глыб. 0,3—0,8 м, найб. 1,5—2 м. Перыяд затаплення на сярэдніх і вял. рэках 1—3 месяцы, на малых — ад некалькіх сутак да месяца.
т. 12, с. 448
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
круго́віна
1. Месца дзіцячай гульні ў «кругавога мячыка» (Слаўг.).
2. Нізкае мокрае месца каля ракі (Усх. Палессе Талст.).
3. Невялікая балоцістая нізіна ў лесе; невялікі поплаў, які заліваецца веснавой вадой (Сал. Талст.).
4. Участак зямлі круглай формы (Маг., Мін. Лемц. Айк.).
Беларускія геаграфічныя назвы. Тапаграфія. Гідралогія. (І. Яшкін, 1971, правапіс да 2008 г.)
сыхо́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; незак.
1. Незак. да сысці.
2. перан. Размяшчацца нахільна. Узгорак .. наводдалек .. сыходзіў у лагчыну. Чорны. Канюшына сыходзіла ў нізкі куп’істы поплаў з раскіданым статкам кароў. Лобан.
3. (з адмоўем «не»). Пастаянна знаходзіцца дзе‑н., не пакідаць чаго‑н. (пра чалавека, жывёлу). Дзіця не сыходзіць з рук. // Пастаянна быць, аставацца дзе‑н. (пра прадметы). Хлеб, як бы ні было яго мала, не павінен сыходзіць са стала. Колас. // Пастаянна быць бачным, не знікаць (пра які‑н. выраз твару, усмешку і пад.). Лёгкая ўсмешка амаль не сыходзіла з .. твару [Ванды]. Марціновіч. Усміхаўся .. [бацька] так прыветна, што хораша станавілася на душы, але і тады ціхі сум не сыходзіў з яго твару. Чарнышэвіч. // Пастаянна быць накіраваным, звернутым на каго‑, што‑н. (пра вочы, погляд). Вочы .. [Рамана] не сыходзяць з бота. Чорны.
•••
Не сыходзіць з языка (думак) — увесь час быць, прысутнічаць у чыіх‑н. думках, упамінацца ў размовах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узбе́гчы, ‑бягу, ‑бяжыш, ‑бяжыць; ‑бяжым, ‑бежыце, ‑бягуць; пр. узбег, ‑ла; заг. узбяжы; зак., на што.
1. Падняцца бягом куды‑н. уверх, на больш высокае месца, на вышыню. Узбегчы на трэці паверх. Узбегчы на пагорак. □ Лабановіч саскочыў з павозкі і ўзбег на ганак. Колас. // Імкліва ўз’ехаць (звычайна па вышыню). Грузавік у збег на ўзгорак. Гроднеў. // перан. Размясціцца на паверхні, што ідзе ўгору. Новыя гарадскія вуліцы ўзбеглі на бліжэйшыя пагоркі. В. Вольскі.
2. Бягом зайсці, трапіць куды‑н.; забегчы. Воўк узбег на поплаў. □ Стукнула брамка, і на двор узбегла дзяўчынка. Асіпенка. // Імгненна з’явіцца, выступіць; пабегчы. Крывавая падцечына ўзбегла на вока. Сабаленка. // перан. Раптоўна ўзнікнуць, з’явіцца, прыйсці. Узбег смутак на твар. □ І тут, як кажуць, мімаволі ўзбегла па памяць вядомая песня. Грамовіч. З даяркамі Андрэй па-свойму, крыху грубавата, мог і жартаваць, і смяяцца, і ляпнуць, што ўзбяжыць на язык. Ваданосаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падсадзі́ць, ‑саджу, ‑садзіш, ‑садзіць; зак., каго-што.
1. Памагчы каму‑н. сесці, узабрацца на што‑н. высокае. Бацька вывеў мне каня, падсадзіў, бо сам я яшчэ не мог ўскочыць каню на спіну. Дамашэвіч. Падсадзіла [бабка] Віцю на воз,.. перахрысціла ўнука і доўга выцірала вочы ражкамі падвязанай пад бараду хусткі. Нядзведскі.
2. Пасадзіць разам, у адно месца з кім‑н. Цяпер.. [Максім] клаўся спаць адзін і, засынаючы, думаў: каго ж, якога таварыша падсадзяць да яго ў камеру? Машара. // Разм. Узяць на воз, у машыну і пад. падарожнага. — Сюды мяне прывёз інвалід з пратэзам замест правай нагі. Па дарозе падсадзіў знаёмую. Лужанін.
3. і чаго. Пасадзіць дадаткова. Падсадзіць капусты на градзе.
4. Разм. Змясціць, падсунуць пад што‑н. ці ў што‑н. [Алена і Міхась] падсадзілі насілы пад капу і панеслі яе з балота на поплаў. Дайліда. Суджана хлапцу: быў малым — дурным, падсадзіў пальцы ў сячкарню, дык яму іх адцяла. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́гнаць, ‑ганю, ‑ганіш, ‑ганіць; зак., каго-што.
1. Гонячы, прымусіць выйсці, выехаць; выдаліць. Выгнаць жывёлу з хлява. □ На росны поплаў выгналі табун калгасных коней. Бялевіч. Хлапчукі выгналі статак з аборы трошкі раней, каб мець больш часу. Пальчэўскі. Паглядзіце вы на Ціта — Вынес ён у хлеў карыта, І падсвінкаў, і свіней Выгнаў з хаты і з сяней. Крапіва. // перан. Пазбавіцца ад чаго‑н., прагнаць што‑н. Хацелася прычакаць вечара і пайсці ў кіно, каб там хоць на пару гадзін выгнаць з галавы неадчэпныя думкі. Дамашэвіч. // Разм. Звольніць, выключыць. Выгнаць з работы. Выгнаць са школы. // перан. Разм. Вывесці, знішчынь. Выгнаць хваробу. Выгнаць васьмёрку (з веласіпеднага кола).
2. Выдаліць сілай, прагнаць. Выгнаць акупантаў.
3. пераважна безас. Паспрыяць хуткаму росту каго‑, чаго‑н. [Васіль:] — Эх, але ж і выгнала.. [сасну], нібы само сонца за галлё цягнула!.. Шамякін.
4. Разм. Выпрацаваць; зарабіць. Чалавек дзесяць штодзень з самага ранку ўжо звоняць косамі, спяшаюцца выгнаць сваю норму. Дамашэвіч. [Чумак:] — Каб яшчэ Ігнатку на гэтую справу паставіць! Удвух можна сотню ў дзень выгнаць. Савіцкі.
5. Спец. Здабыць шляхам перагонкі. Выгнаць бочку шкіпінару.
•••
Выгнаць абзу (спец.) — стругаючы, зняць абзу, састругаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)