МСЦІСЛА́Ў УЛАДЗІ́МІРАВІЧ Вялікі
(у хрышчэнні Фёдар; 1.6.1076—15.4.1132),
вялікі князь кіеўскі [1125—32]. Сын вял. кіеўскага князя Уладзіміра Усеваладавіча Манамаха. У 1088—93 і 1095—1117 правіў Наўгародскай зямлёй, у 1093—95 — Растоўскай і Смаленскай. У 1117—25 князь белгарадскі і суправіцель бацькі. Удзельнічаў у ваен. паходах на полаўцаў (1093, 1107, 1111), у 1129 адцясніў іх за Дон і Волгу. У 1111, 1113, 1130 арганізаваў паходы на чудзь, у 1127 і 1129 — на Полацкае княства; у 1129 захапіў і выслаў у Візантыю разам з сем’ямі полацкіх князёў за адмову ад удзелу ў паходзе на полаўцаў. У 1131 зрабіў паход на Літву. Пасля смерці М.У. Кіеўская Русь канчаткова распалася на самастойныя княствы.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990. С. 172—189.
т. 10, с. 537
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУБРО́ВЕНСКІ ПІЯ́РСКІ КАЛЕ́ГІУМ.
Дзейнічаў з вер. 1785 да лета 1797 у Дуброўне. У 1780 піяры былі запрошаны сюды са згоды біскупа С.Богуша-Сестранцэвіча замест бернардзінцаў, якімі тагачасны гаспадар мястэчка кн. Р.А.Пацёмкін быў незадаволены. Пацёмкін ахвяраваў піярам агарод і лугі ў Дуброўне, маёнтак Азоркава (80 двароў, 450 рэвізскіх душ), буйныя грашовыя сродкі і інш.; быў пабудаваны драўляны кляштар. У 1783 мястэчка перайшло ва ўласнасць кн. К.Любамірскага, які пацвердзіў усе ахвяраванні свайго папярэдніка. У 1785 пры кляштары адкрыты калегіум, у ім былі 4 класы, вучылася 60 чал. Летам 1797 з-за асабістага канфлікту з піярамі Любамірскі выгнаў іх з мястэчка. Калегіум аднавіў дзейнасць у 1799 у Віцебску і знаходзіўся там да лета 1822, на яго базе было ўтворана Полацкае вышэйшае піярскае вучылішча.
А.Ф.Самусік.
т. 6, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКАЯ ГУБЕ́РНЯ,
адм.-тэр. адзінка ў Рас. імперыі ў 1776—96. Утворана паводле ўказа Кацярыны II ад 4.9.1776 і ўказа Сената ад 2.4.1777 на землях ВКЛ, далучаных да Рас. імперыі ў выніку першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772). Цэнтр — г. Полацю. Уключала 11 паветаў, вылучаных з Пскоўскай губерні: Веліжскі, Віцебскі, Гарадоцкі, Дрысенскі, Дынабургскі, Люцынскі, Невельскі, Полацкі, Рэжыцкі, Себежскі, Суражскі. З 1778 да 1796 складала асобнае Полацкае намесніцтва. У 1784 у П.г. было 15 мястэчак, 144 сялы, 1125 сяльцоў, 61 пагост, 21 слабада, 14042 вёскі, у 78 070 дварах пражывала 620 266 чал. падатковага насельніцтва. У 1777 мелася 22 правасл., 153 уніяцкія, 44 каталіцкія прыходы. У 1793 у губерні ўтвораны Лепельскі павет, у 1795 да яе далучана частка тэр. Мінскай губ. Паводле ўказа ад 23.12.1796 П.г. аб’яднана з Магілёўскай губерняй у Беларускую губерню.
Я.К.Анішчанка.
т. 12, с. 458
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛАЦКІЯ ПРЫВІЛЕ́І,
граматы, якія вызначалі дзярж.-прававое становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ. Рэгулявалі ўнутранае жыццё, гарантавалі правы і прывілеі полацкага баярства, духавенства і мяшчан (гл. Полацкае права). Прывілей, выдадзены ў 1-й пал. 14 ст., не збярогся і адноўлены паводле пацвярджальнага прывілея 1511. Ён змяшчаў пагадненне полацкіх феадалаў і мяшчан са сваім удзельным князем. У 1399 Вітаўт выдаў прывілей, паводле якога абмежаванні ўлады ўдзельнага князя пераносіліся на велікакняжацкую ўладу. Прывілей Жыгімонта Кейстутавіча, выдадзены паміж 1436—40, пацвердзіў ранейшыя П.п. Прывілей 1451, выдадзены Казімірам IV Ягелончыкам, дадаткова гарантаваў юрыд. і маёмасныя правы палачан. Пры вял. кн. Аляксандру П.п. пацверджаны і дапоўнены новымі артыкуламі, што было звязана з наданнем Полацку 7.10.1498 прывілея на магдэбургскае права. Канчаткова становішча Полацкай зямлі ў складзе ВКЛ аформлена пацвярджальным прывілеем Жыгімонта I ад 23.7.1511. Наступныя пацвярджальныя прывілеі выдаваліся ў 1547, 1580, 1593, 1634.
т. 12, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІСО́ЎСКІ (Іраклій) (свецкае імя Іосіф; 1734, Полацкае ваяв. — 11.9.1809),
уніяцкі царк. дзеяч. Вучыўся ў школе пры кляштары дамініканцаў ва Ушачах, там уступіў у ордэн базыльян. У 1784—1809 полацкі архіепіскап. З 1795 пасля скасавання Кацярынай II уніяцкіх епархій (акрамя Полацкай) фактычны кіраўнік усіх грэка-католікаў Рас. імперыі. У 1806—09 мітрапаліт кіеўскі (не зацверджаны папам рымскім). У царк. жыцці ў процівагу базыльянам абапіраўся на белае духавенства, вылучаў яго на кіруючыя пасады. Садзейнічаў стварэнню Гал. семінарыі пры Віленскім ун-це (1803), адкрыў семінарыю для белага духавенства ў в. Струнь (1803, каля Полацка). Быў прыхільнікам ачышчэння абраднасці ад лац. запазычанняў. Дамогся ад імператара Аляксандра I стварэння ўнутры рымска-каталіцкай калегіі асобнага дэпартамента для уніятаў (1805), старшынёй якога стаў сам. Курс Л. на збліжэнне грэка-каталіцкай царквы з праваслаўем працягвалі ў 1820—30-я г. уніяцкія царк. дзеячы А.Зубко, І.Красоўскі, В.Лужынскі, І.Сямашка і інш.
С.В.Казуля.
т. 9, с. 284
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАРЫМО́НТ, Нарымунт,
Нарымант (у праваслаўі Глеб; каля 1294—2.2.1348),
князь у ВКЛ. Сын вял. кн. Гедзіміна. Служылы князь у Ноўгарадзе з 1333, дзе атрымаў «у кармленне» г. Ладагу, Арэшак, Карэлу, палову Капор’я. Каля 1335 з’ехаў з Ноўгарада, верагодна, каб заняць пасад у Полацкім княстве пасля смерці кн. Воіна. Каля 1338 разам з полацкім епіскапам Рыгорам падпісаў дагавор з Рыгай. Паводле завяшчання бацькі атрымаў Пінскае княства, якое заставалася за яго нашчадкамі да канца 14 ст. У час праўлення вял. кн. Яўнута [1341—45] Н. быў буйнейшым землеўладальнікам і, відаць, самым уплывовым князем у ВКЛ. Супраць яго і Яўнута ў 1345 выступілі браты Альгерд і Кейстут. Н. уцёк у Залатую Арду, каля 1346 вярнуўся, але страціў Полацкае княства. У 1347 удзельнічаў у паходзе супраць Тэўтонскага ордэна. Верагодна, узначальваў войска ВКЛ у бітве з крыжакамі на р. Стрэва, у якой і загінуў.
А.В.Белы.
т. 11, с. 194
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ПЕДАГАГІ́ЧНЫЯ ТЭ́ХНІКУМЫ, белпедтэхнікумы,
сярэднія навуч. ўстановы для падрыхтоўкі настаўнікаў бел. пач. школы (1—4-х класаў) у 1921—37. Тэрмін навучання 4 гады, з 1930 — 3 гады. Ствараліся для адраджэння бел. мовы і культуры, ажыццяўлення палітыкі беларусізацыі. У іх прымалі асоб ва ўзросце 15—18 гадоў пасля заканчэння школы: 7-гадовай, сял. моладзі і палітасветы. Першы белпедтэхнікум адкрыты 1.10.1921 у Мінску (да 1931 імя У.М.Ігнатоўскага). Сярод яго выкладчыкаў Ігнатоўскі, Я.Колас, М.А.Грамыка, Я.Ю.Лёсік і інш. У 1927/28 навуч. г. на Беларусі 11, у 1932/33 — 13 бел. педтэхнікумаў. Прадметы: родная мова і л-ра, методыка іх выкладання, фізіка, хімія, матэматыка, прыродазнаўства, геаграфія, псіхалогія, гісторыя класавай барацьбы, асновы ленінізму, гіст. матэрыялізму, сав. будаўніцтва, палітэканомія. Для задавальнення патрэб нац. меншасцяў і падрыхтоўкі настаўнікаў яўр. і польск. школ у 1921 у Мінску адкрыты яўр., у 1922 — польскі педтэхнікумы. У крас. 1937 бел. і інш. педтэхнікумы рэарганізаваны ў 3-гадовыя педвучылішчы. Пасля рэарганізацыі засталося 12 бел. педвучылішчаў: Аршанскае, Віцебскае, Гомельскае, Лепельскае, Магілёўскае, Мазырскае, Мінскае, Мсціслаўскае, Полацкае, Рагачоўскае, Рэчыцкае, Слуцкае; Барысаўскае рус., мінскія яўр. і польск. Вучылішчы.
Н.У.Васілеўская.
т. 2, с. 467
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕШАНКО́ВІЧЫ,
гарадскі пасёлак у Беларусі, цэнтр Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл., прыстань на Зах. Дзвіне. За 51 км ад Віцебска, 38 км ад чыг. ст. Чашнікі на лініі Орша—Лепель. Вузел аўтадарог на Віцебск, Шуміліна, Улу, Лепель, Чашнікі, Сянно. 9,1 тыс. ж. (1995).
У пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца пад 1447 (паводле А.П.Сапунова) або 1460 (паводле В.В.Турчыновіча). З пач. 16 ст. вёска Бешанковічы ўваходзіла ў Полацкае ваяв. З пач. 17 ст. мястэчка, з 1634 мелі магдэбургскае права. Са стараж. часоў вядома бешанковіцкая кераміка. З сярэдзіны 18 ст. Бешанковічы — горад, 5—6 тыс. ж. У канцы 18 ст. мястэчка ў Лепельскім пав. Паводле перапісу 1897 у Бешанковічах 4423 ж. У пач. 20 ст. цэнтр воласці. З крас. да вер. 1918 цэнтр Бешанковіцкага пав. З 1924 цэнтр раёна у Віцебскай акр. (да 1930), з 27.9.1938 гар. пасёлак у Віцебскай вобл. 4,3 тыс. ж. (1939). З 6.7.1941 да 25.6.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Бешанковічах і раёне 10 276 чал. У 1969 — 4,7 тыс. ж.
Прадпрыемствы лёгкай і харч. прам-сці. Бешанковіцкі гісторыка-краязнаўчы музей. Помнікі архітэктуры: Бешанковіцкі палацава-паркавы ансамбль, Бешанковіцкая Ільінская царква. Курган Славы на ўшанаванне памяці сав. воінаў, партызанаў і землякоў, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Брацкая магіла сав. воінаў, магілы ахвяраў фашызму.
т. 3, с. 135
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКО́Е ПРА́ВА,
прававыя нормы, якія дзейнічалі ў гарадах сярэдневяковай Еўропы. Пачало складвацца ў 11 — 12 ст. з развіццём рамёстваў і гандлю, росквіту дасягнула ў 14 ст. Нормы гарадскога права ўключаліся ў статуты гарадоў ці цэхаў, гар. судоў, граматы. Рэгулявалі гандл. і грамадз. адносіны, крымін. судаводства. Гарадское права, пашыранае ў Венецыі, Генуі (Італія), Гамбургу, Магдэбургу (Германія), значна ўплывала на фарміраванне гарадскога права інш. еўрап. гарадоў (права на самакіраванне са сваёй суд. і адм. арганізацыяй, правы цэхавых арганізацый з іх статутамі, павіннасці і падатковая сістэма). Магдэбургскае права дзейнічала з пэўнымі зменамі ў Венгрыі, Чэхіі, Польшчы.
На Беларусі нормы гарадскога права замацоўваліся ў гандл. дагаворах Полацка, Віцебска з Ноўгарадам, Рыгай, Смаленскам (13—15 ст.). Многія гарады і мястэчкі карысталіся магдэбургскім правам. У гарадах Беларусі дзейнічалі таксама нормы ўласна беларускага гарадскога права (Аршанскае права, Віцебскае права, Полацкае права). У 17 ст. дзейнічаў шэраг прававых нормаў Статутаў ВКЛ. У бел. гарадах, якія ў канцы 18 ст. былі далучаны да Рас. імперыі, нормы гарадскога права, узятыя (з пэўнымі зменамі, дастасаванымі да Беларусі) з магдэбургскага права і Статутаў ВКЛ, перасталі дзейнічаць, бо набыло сілу гар. ўлажэнне, пазней уключанае ў Поўны збор законаў Рас. імперыі.
Літ.:
Владимирский-Буданов М.Ф. Немецкое право в Польше и Литве. СПб., 1868.
З.Ю.Капыскі.
т. 5, с. 48
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КНЯ́СТВА,
манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст. бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).
т. 8, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)