Ста́да ‘гурт, статак, чарада, табун (коней, кароў, авечак, птушак)’ (Жыв. св., Ян., Скарбы, Барад., Сл. ПЗБ, ЛА, 1), ста́до ‘тс’ (ТС), ст.-бел. стадо ‘тс’ (Альтбаўэр); паводле Мацкевіч і Грынавяцкене (ЖНС, 212), у мове Статута 1529 г. адносілася толькі да сукупнасці коней і знаходзілася ў апазіцыі да быдло, якое аб’ядноўвала іншых свойскіх жывёл. Укр., рус. ста́до, стараж.-рус. стадо, польск. stado, в.-луж., н.-луж. stadło, чэш., славац. stádo, серб.-харв. ста̏до, балг. ста́до, макед. стадо, ст.-слав. стадо. Прасл. *stado ‘статак жывёл’, дэрыват ад прасл. *stati (гл. стаць) з рэдкім суфіксам *‑do, першапачаткова ‘група жывёл, якая стаіць’; гл. Слаўскі, SP, 1, 63; Борысь, 574. Роднасныя: ст.-ісл. stód н. р. ‘конскі завод, стада’, ст.-англ. stód ж. р. ‘тс’, ст.-в.-ням. stuot ‘тс’, літ. stodas, лат. stàds ‘саджанец, расліна’; гл. Фасмер, 3, 743. Па прычыне рэдкасці словаўтварэння прапанаваліся іншыя версіі: пранікненне з герм. stôd ‘стада’ < *sta‑ ‘стаяць’ з ‑d‑ як у лексікалізаванага дзеепрыметніка (Мартынаў, Лекс. взаим., 53 і наст.), даславянскае і дагерманскае запазычанне ад “праеўрапейскіх народаў” (Махэк₂, 573). Шустар-Шэўц (1353) як на словаўтваральную паралель спасылаецца на прасл. *čędo (гл. чада ‘дзіця’) < *čęti ‘пачынаць’, *čudo (гл. цуд) < *čuti, ‘адчуваць’. Гл. яшчэ Аткупшчыкоў, Этимология–1968, 249; Трубачоў, Происх., 164; ЕСУМ, 5, 391–392. Сюды ж ста́днікплемянны бык або жарабец’ (ТС), ‘пастух’ (Касп., Нас., Нік. Очерки), ст.-бел. стадникъ ‘той, хто належыць да статку’ (Ст.-бел. лексікон).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БАНІЦІРО́ЎКА,

якасная ацэнка асобных прыродных рэсурсаў (водаў, глебаў, лясоў, жывёльнага свету і інш.), іх тэрытарыяльных спалучэнняў або сукупнасцяў (біягеацэнозаў, ландшафтаў, угоддзяў, запаведных участкаў і інш.) ці асобных гасп. каштоўнасцяў. Найбольшае гасп. значэнне мае баніціроўка с.-г. жывёл, глебы і лесу (гл. Банітэт).

Баніціроўка сельскагаспадарчых жывёл — іх ацэнка паводле племянных і прадукцыйных вартасцяў для вызначэння парадку далейшага выкарыстання. Уключае комплексную ацэнку жывёл паводле паходжання, экстэр’еру, прадукцыйнасці, узнаўленчай здольнасці і якасці патомства. Адно з асн. масавых мерапрыемстваў па паляпшэнні статкаў. На Беларусі праводзіцца (з 1934) заатэхнікамі-селекцыянерамі ці спецыялістамі-баніцёрамі ва ўсіх племянных статках штогод у пэўныя тэрміны. Баніціруюць: кароў, быкоў, маладняк буйн. раг. жывёлы з 6 месяцаў; свінаматак, кныроў, рамонты маладняк з 2 месяцаў; аўцаматак, бараноў і маладняк авечак танкарунных і паўтанкарунных парод з аднагадовага ўзросту, грубашэрсных, мяса-сальных і неспецыялізаваных парод ва ўзросце каля 1,5 года, футравых — у 7—8 месяцаў, смушкавых — ва ўзросце 1—2 сут; маладняк козаў ва ўзросце 3,5—4 месяцаў і 1 года; дарослую птушку, маладняк курэй і індыкоў з 2 месяцаў, качак і гусей з 3 месяцаў. Паводле вынікаў баніціроўкі фарміруюць племянное ядро, племянны маладняк, групу жывёл, не прыдатных на племя, і інш. групы, распрацоўваюць мерапрыемствы для павышэння даходнасці фермаў. Баніціроўка глебы — параўнальная ацэнка якасці глебы па яе найважнейшых агранамічных уласцівасцях. Неабходна для эканам. ацэнкі зямлі, вядзення зямельнага кадастру, меліярацыі і інш. Пры баніціроўцы ўлічваюцца прыродныя якасці глебы (грануламетрычны склад, увільготненасць, завалуненасць і камяністасць, кіслотнасць), дабратворны і шкодны ўплыў на яе гасп. дзейнасці чалавека (намнажэнне гумусу, асн. пажыўных рэчываў для раслін, пашкоджанасць у выніку эрозіі і інш.). Баніціроўка вядзецца па 100-бальнай шкале. Ва ўмовах Беларусі найвышэй ацэнены дзярновыя і дзярнова-карбанатныя глебы — 63—100 балаў. Бал банітэту глебаў дзярнова-падзолістых 18—75, дзярнова-падзолістых забалочаных 20—64, тарфяна-балотных З6—75, поймавых 31—88.

т. 2, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)