МІГРА́ЦЫІ ЖЫВЁЛ,

заканамерныя перамяшчэнні жывёл на значныя адлегласці, што выклікаюцца істотнымі зменамі ўмоў існавання або звязаны з цыкламі антагенезу, найб. значныя і экалагічна ўсеабдымныя формы адаптацыі арганізмаў, фізіялагічна абумоўленыя фотаперыядычнасцю і інш. Адрозніваюць рэгулярныя (перыядычныя) і нерэгулярныя (неперыядычныя) М.ж. Рэгулярныя бываюць сутачныя (звязаныя са зменай асветленасці, вільготнасці, т-ры, пошукам корму) і сезонныя (перамяшчэнні да месцаў кармлення, зімоўкі, лінькі, размнажэння, спячкі і інш.). Нерэгулярныя М.ж. (вымушаныя вандроўкі) абумоўліваюцца ўзнікненнем незвычайных абставін: засухі, паводкі, пажару, масавага размнажэння віду ці змены экалагічных умоў; маюць важнае значэнне ў расшырэнні арэала віду. Нерэгулярныя, з вял. інтэрваламі, высяленні жывёл па-за межы радзімы наз. эміграцыямі ці інвазіямі (напр., у амялушак, крыжадзюбаў); іх разглядаюць як пачатковы этап фарміравання міграцый. Адрозніваюць М.ж. гарызантальныя (на сушы, у вадзе) і вертыкальныя (у гарах, тоўшчы вады, глебы, па ярусах расліннасці), актыўныя (пры дапамозе органаў перамяшчэння) і пасіўныя (перанос воднымі цячэннямі, паветр. плынямі). Напрамкі М.ж., т.зв. міграцыйныя шляхі, вывучаюць з дапамогай мечання жывёл, кальцавання птушак і інш. Неабходная ўмова міграцый — наяўнасць біял. пачуцця часу, здольнасць жывёл вызначаць напрамак руху (біянавігацыя) пры дапамозе фіксацыі месцазнаходжання Сонца, Месяца, зорак, струменяў паветра, цячэнняў вады, характэрных рыс ландшафтаў, геахім. і акустычных асаблівасцей асяроддзя або напрамкаў магн. поля.

У млекакормячых найб. далёкія міграцыі характэрныя для дзікіх паўн. аленяў, кажаноў, кітоў, маржоў, цюленяў. Мясц. сезонныя міграцыі з адных біятопаў у другія робяць грызуны, драпежнікі, зубры, ласі і інш. Нерэгулярныя міграцыі адзначаны для андатры, вавёркі, вадзяной палёўкі, пацукоў і інш. Больш за інш. перамяшчаюцца птушкі (пералёты птушак найб. вывучаны). У земнаводных і паўзуноў міграцыйныя паводзіны выяўлены слаба, за выключэннем марскіх чарапах (зялёныя чарапахі пераадольваюць адлегласці да 2 тыс. км) і марскіх змей. Бясхвостыя амфібіі (рапухі) і хвастатыя (трытоны) робяць сезонныя міграцыі да месцаў размнажэння на адлегласць да 5 км. У рыб адбываюцца зімавальныя, кармавыя і нераставыя міграцыі. Для прахадных рыб характэрны нераставыя міграцыі: катадромныя (з прэсных вадаёмаў у мора, напр., у вугра еўрапейскага) і анадромныя (з мора ў рэкі — у асятровых, ласасёвых, селядцовых). На Беларусі мясц. зімавальныя і нераставыя міграцыі робяць лешч, падуст, плотка, сазан, сом, стронга ручаёвая і інш. У насякомых 2 асн. тыпы міграцый: неперыядычныя — перамяшчэнне вял. колькасці асобін, якое звязана з рассяленнем віду (пералёты саранчы, матыля данаіды), перыядычныя (сезонныя або сутачныя) — з аднаго біятопа ў другі ці ўнутры аднаго біятопа: вады, глебы, паветра, расліннага покрыва, паразітаў у целе або на целе гаспадара (лічынкі двухкрылых, жукоў і інш.). Сезонныя міграцыі робяць божыя кароўкі, каларадскія жукі, клапы-чарапашкі і інш. У водных беспазваночных найб. паказальныя вертыкальныя сезонныя і сутачныя міграцыі, якія звязаны з асветленасцю, салёнасцю і аэрацыяй вады, т-рай (напр., дафнія, лептадора, лімнакалянус, мізіда і інш., асабліва планктонныя арганізмы).

Літ.:

Электрические и акустические поля рыб: Сб. М., 1973;

Блон Ж. Великие кочевья: Пер. с фр. М., 1975;

Клаудсли-Томпсон Дж. Миграция животных: Пер. с англ. М., 1982.

т. 10, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Пац1 ’аплявуха’ (Нас., Гарэц.), пицаць ’біць’, пацнуць ’ударыць па твары’ (Нас.). Укр. пацати (ногами) ’лежачы на жываце, біць нагамі’, польск. рас, раса, pacnąč ’аб удары’, чэш. рас, päcat, päcnouti ’біць’, славац. päckať ’наносіць удары’, серб.-харв. пацка ’розга, дубец’, ’біццё па руцэ лінейкай’, пацкати ’секчы дубцом, розгай’, славен. pacȃti ’няправільна іграць’. Для апошніх Скок (2, 583) крыніцай запазычання ’называе баварсканям. Batzen ’удары па руцэ’. Аднак Махэк₂ (425) чэш. pacnout і інш. разглядае як варыянт звонкага чэш. bácnouti, мар. bäcat ’грукаць, біць’ і выводзіць для іх прасл. інтэнсіў bacati, якое утварылася ад прасл. batati (пры дапамозе -5-), роднаснага з лац. battuo (> італ. battere, франц. battre) ’біць’ (гл. Махэк₂, 41). Але звонкі варыянт распаўсюджаны шырэй: Трубачоў (Эт. сл., 1, 118–119) уключае ў гняздо bacati () таксама bocati (), рус. буцать, укр. буцати, серб.-харв. бецати, славен. bȏdcati, bacniti ’біць, штурхаць’, славац. bicať ’біць, бухаць’, а таксама балг. ббцам ’калю, паколваю’ < ст.-балг. бодьцачь, якое Геаргіеў (БЕР, 1, 70) рэканструюе як прасл. bodbcati і супастаўляе яго з лац. fodico ’паколваць’ (< і.-е. *bhod‑ik‑äjö). ЕСУМ (1, 154) услед за Махэкам выводзіць прасл. форму як s-інтэнсіў (bal‑s‑ati) ад асновы bat‑ ’біць’, прызнаючы мала пераканаўчым тлумачэнне бац як гукапераймальнае (Бернекер, 1, 37; Праабражэнскі, 1, 20).

Пац2, пацук ’грызун Rattus rattus і Rattus norvegicus’ (ТСБМ, Нас., Мядзв., Мал., Яруш., Гарэц., Шат., Касп., Сцяшк.; КЭС, лаг.; воран., Шатал.; слонім., Арх. Бяльк.; чэрв., смарг., шальч., Сл. ПЗБ; Мат. Гом.; ТС). Укр. пацюк, боцук ’вадзяны пац’, бойк. паця морське ’марская свінка’, рус. паўд. пац, пацюк, пасюк ’вялікі хатні пацук, Mus decumanus’; польск. Ьас ’тс’, серб.-харв. пацов ’пац’, н.-луж. batś, batśo ’пакладаны вяпрук’, славен. расе, pacek ’парасё’, pačej ’кабан’. Не зусім ясна. Фасмер (3, 222) услед за Праабражэнскім (2, 30) выводзіць рус. лексему пацюк з гукапераймання. Трубачоў (Происх., 68–69) мяркуе, што назвы парасяці, свінні, кабана ва ўкр. і паўд.-слав. гаворках звязаны з пазыўнымі словамі: укр. паць, славонск. packo, далмац. расе. На думку аўтараў ЕСУМ (1, 154), гэта слова паходзіць ад прасл. асновы bat- з першасным значэннем ’збіты, звалены’; прыводзіцца аналогія з рус. боров, якое ад бороть. Назва з парасят была перанесена на пацукоў паводле знешняга падабенства. Гл. яшчэ Зданцэвіч (LP, 8, 1960, 345). Сюды ж кам. пацинка ’кавалак сала на дубчыку, спечаны на агні’ (Сл. Брэс.паця ’свінка, парасё’. Аналагічна польск. pacanka ’сала, падсмажанае над агнём’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

КА́БА-ВЕ́РДЭ (Cabo Verde),

Рэспубліка Каба-Вердэ (Repúblika de Cabo Verde), дзяржава на а-вах Зялёнага Мыса ў Атлантычным ак., за 500 км на З ад берагоў Зах. Афрыкі. Падзяляецца на 14 акруг. Пл. 4033 км² Нас. 394,8 тыс. чал. (1997). Сталіца — г. Прая на в-ве Сант’ягу. Афіц. мова — партугальская. Нац. свята — Дзень незалежнасці (5 ліп.).

Дзяржаўны лад. К.-В. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1992. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, якога выбірае Нац. асамблея з ліку яе дэпутатаў на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — Нац. асамблея (аднапалатны парламент) з 79 дэпутатаў, што выбіраюцца насельніцтвам на 5 гадоў. Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду на чале з прэм’ер-міністрам, якога прызначае Нац. асамблея з яе складу па прапанове прэзідэнта.

Прырода. А-вы Зялёнага Мыса складаюцца з 2 груп — Наветраных (Барлавенту) і Падветраных (Сатавенту) і ўключаюць 15 астравоў. Найб. з іх (пл. ў км²): Сант’ягу — 991, Санту-Антан — 779, Баавішта — 620, Фогу — 476, Сан-Нікалау — 388, Маю — 269, Сан-Вісенты — 227, Сал — 216. Астравы складзены з вулканічных парод. Берагі пераважна стромкія і скалістыя, зручных гаваней мала (найб. значная — бухта Міндэлу на в-ве Сан-Вісенты). Рэльеф гарысты, са шматлікімі вулканічнымі конусамі, кратэрамі і кальдэрамі. Найвыш. пункт — дзеючы вулкан Фогу на в-ве Фогу (2829 м). Карысныя выкапні: каменная соль, гіпс і вулканічныя буд. матэрыялы. Клімат трапічны пасатны. Сярэднія месячныя т-ры паветра ад 22 °C (люты) да 27 °C (вер.кастр.). Ападкаў 100—300 мм за год, пераважна са жн. да кастрычніка. Пастаянных рэк няма. Расліннасць у асноўным пустынная і паўпустынная. Пад горнымі лясамі каля 4 тыс. га. Вядуцца пасадкі лесу. Жывёльны свет бедны. Адсутнічаюць млекакормячыя, акрамя завезенай еўрапейцамі свойскай жывёлы, малпаў, пацукоў і інш. Шмат марскіх птушак. Мора багатае рыбай.

Насельніцтва. Большасць насельніцтва — кабавердцы — нашчадкі партуг. каланістаў і неграў-рабоў; пераважна мулаты. Есць выхадцы з Афрыкі (каля 30%) — прадстаўнікі народаў фульбе, балантэ і манджак. У гарадах невял. групы партугальцаў (каля 1%). Больш за 90% вернікаў — католікі, каля 2,5% — пратэстанты, ёсць прыхільнікі традыц. афр. культаў. Сярэдняя шчыльн. насельніцтва каля 100 чал. на 1 км², на а-вах Сант’ягу і Сан-Вісенты больш за 200 чал. на 1 км. У гарадах жыве 56% насельніцтва. Найб. гарады (тыс. ж., 1991): Прая — 82,8, Міндэлу — 51,3. У сельскай гаспадарцы і рыбалоўстве занята 80% насельніцтва. прам-сці і буд-ве — каля 10, абслуговых галінах — каля 10%.

Гісторыя. А-вы Зялёнага Мыса да з’яўлення тут еўрапейцаў былі бязлюдныя. Адкрыты, верагодна, у 1456 экспедыцыяй А.​Кадамоста. У 1462 пачалося засяленне астравоў партугальцамі і прывезенымі імі пераважна з Сенегала неграмі-рабамі. У 1533 пасяленне Рыбейра-Грандзі атрымала статус горада. Тут размяшчалася рэзідэнцыя епіскапа, які прадстаўляў партуг. карону на астравах і афр. узбярэжжы ад Марока да Гвінеі. У 1564 астравы перайшлі пад кіраванне партуг. манархіі, на чале каралеўскай калан. адміністрацыі стаяў губернатар. У сярэдзіне 17 ст. (афіцыйна з 1770) адм. ц. калоніі стала Санта-Марыя (з 1858 наз. Прая). З 1650 тэр. партуг. Гвінеі адміністрацыйна падпарадкавана губернатару К.-В. У 1757 выключнае права на гандаль з К.-В. і Гвінейскім узбярэжжам перададзена на 20 гадоў «Кампаніі Пара і Мараньян» Жорсткая эксплуатацыя кампаніяй і засухі 1775—77 прывялі да масавай гібелі мясц. насельніцтва. Да 19 ст. астравы былі важным транзітным пунктам на шляху з Партугаліі ў Індыю і адным з гал. цэнтраў партуг. гандлю рабамі. У 1832—79 К.-В. аб’яднана з партуг. Гвінеяй у адзіную заморскую правінцыю. потым асобная калонія. У 1956 створана Афр. партыя незалежнасці Гвінеі і А-воў Каба-Вердэ (ПАІГК), якая ў 1963 узначаліла ўзбр. барацьбу супраць каланізатараў. У крас. 1974 Партугалія прызнала ПАІГК адзіным законным прадстаўніком насельніцтва К.-В. і ў ліст. падпісала з ёю пагадненне аб прадастаўленні К.-В. незалежнасці.

5.7.1975 абвешчана незалежная Рэспубліка К.-В. Прэзідэнтам краіны стаў А.​М.​Перэйра. Гал. паліт. сілай заставалася ПАІГК, якая ў 1981 разарвала адносіны з кіруючай партыяй у Гвінеі-Бісау (тая імкнулася да стварэння уніі абедзвюх дзяржаў), а пазней стварыла асобную Афр. партыю незалежнасці КВ., адзіную легальную партыю ў краіне. У 1980—90-я г. шматгадовая засуха прывяла да эканам. крызісу. У 1990 парламент ухваліў змены ў канстытуцыі, якія прадугледжвалі ўвядзенне ў краіне шматпартыйнай сістэмы. У 1991 адбыліся першыя свабодныя парламенцкія і прэзідэнцкія выбары, перамагла партыя Рух за дэмакратыю, прэзідэнтам выбраны падтрыманы ёю незалежны кандыдат А.​Машкарэньяш Мантэйру. К.-В. — чл. ААН (з 1976), Арг-цыі афр. адзінства, Руху недалучэння. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў чэрв. 1992.

Гаспадарка. К.-В. — эканамічна адсталая, пераважна агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) 440 млн. дол. ЗША (1994); на 1 чал. ў год прыпадае 1040 дол. Доля ў ВУП: сельскай гаспадаркі — 18%, рыбалоўства — 7, прам-сці — 8, абслуговых галін — 67%. У дзярж. сектары ствараецца да 40% ВУП. Гал. галіна — сельская гаспадарка. З-за гарыстага рэльефу і неўрадлівых глеб вядзенне сельскай гаспадаркі магчыма на 12% тэрыторыі, земляробства — на 1,4% (каля 5600 га). С.-г. землі цярпяць ад недахопу вады. Пераважаюць дробныя сял. гаспадаркі; ёсць кааператывы. На ўласныя патрэбы вырошчваюць кукурузу, фасолю, батат, цукр. трыснёг, маніёк, бульбу, агародніну. Экспартныя культуры: бананы (штогод 5—10 тыс. т), кава, тытунь, арахіс, клешчавіна, гарчыца. Вырошчваюць таксама апельсіны, фінікі і какосавыя арэхі. Пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (тыс. галоў, 1990): буйн. раг. жывёлы — каля 13, свіней — каля 40, коз — каля 70, авечак — каля 3. Штогадовы ўлоў рыбы, амараў і крэветак каля 15—20 тыс. т. Прам-сць развіта слаба. На а-вах Сал, Баавішта і Маю здабыча каменнай солі (да 40 тыс. т у год), на в-ве Санту-Антан — пуцаланаў (цэм. сыравіна), гіпсу і кааліну. Вытв-сць электраэнергіі 40 млн. кВтгадз (1995) на дробных дызельных электрастанцыях. Будуюцца ўстаноўкі, якія выкарыстоўваюць энергію ветру і сонца. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: рамонт і буд-ва дробных суднаў (г. Міндэлу), вытв-сць адзення і абутку (ф-кі швейная ў Міндэлу, тэкст., швейная і абутковая ў Праі), мэблі (Прая). Харчасмакавая прам-сць уключае перапрацоўку рыбы і вытв-сць рыбных кансерваў, разнастайных харч. тавараў, у т. л. алею і мукі. Працуюць ліцейна-мех. майстэрні (Міндэлу), з-ды жалезабетонных і керамічных вырабаў, буд. матэрыялаў, прадпрыемствы па зборцы з імпартных дэталей эл.-быт. прылад і іх рамонце (Прая). Развіты саматужныя промыслы (ганчарны, пляценне кошыкаў, выраб сувеніраў). У г. Прая саматужна-маст. майстэрні. На астравах Сант’ягу і Сан-Вісенты невял. з-ды па апрасненні марской вады. У порце Міндэлу — бункераванне (забеспячэнне палівам і інш.) суднаў розных краін. Унутр. транспарт аўтамабільны. На астравах 3,2 тыс. км аўтадарог (у т. л. 0,8 тыс. км з цвёрдым пакрыццём), 10,5 тыс. легкавых аўтамабіляў, 5,5 тыс. грузавікоў і аўтобусаў. Сувязь паміж астравамі і з інш. краінамі ажыццяўляецца марскім транспартам і авіяцыяй. Гал. парты Прая і Міндэлу. На в-ве Сал міжнар. аэрапорт. Знешні гандаль мае адмоўны баланс. Штогадовы экспарт каля 5 млн. дол., імпарт каля 170 млн. дол. Краіна экспартуе соль, бананы, каву, тытунь, рыбныя кансервы, імпартуе прамысл. і харч. тавары. Гандаль пераважна з Партугаліяй (49% экспарту і 34% імпарту), Анголай, Нідэрландамі. Дадатковыя сродкі краіне прыносяць турызм, грашовыя пераводы эмігрантаў, дапамога міжнар. арг-цый. Грашовая адзінка — эскуда Каба-Вердэ.

Літ.:

Григорович А.А., Грибанов В.В. Кабо-Верде. М., 1988.

І.​Я.​Афнагель (прырода, насельніцтва, гаспадарка).

Герб і сцяг Каба-Вердэ.

т. 7, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)