ДАЎМО́НТ (хрысціянскае імя Цімафей; ? — 20.5.1299),
князь нальшчанскі і пскоўскі. У 1263 удзельнічаў у змове жамойцкага кн. Траняты супраць Міндоўга. У 1265 пасля заваявання Нальшчанаў навагрудскім кн.Войшалкам уцёк з дружынай у Пскоў, дзе ў 1266 прыняў праваслаўе і абраны князем Паколькі Войшалк аддаў Нальшчаны Полацку, Д. у 1266—67 арганізаваў 3 паходы на Полацкую зямлю. У 1268, 1269, 1272, 1298, 1299 вёў паспяховую барацьбу з крыжакамі, якія нападалі на Пскоўскую зямлю. Кананізаваны правасл. царквой. Статуя Д. ў шматфігурным помніку «Тысячагоддзе Расіі» (скульпт. М.В.Мікешын) у Ноўгарадзе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНКІСТАДО́РЫ (ад ісп. conquistador заваёўнік),
іспанцы (збяднелыя дваране, наёмныя салдаты, часам крымін. злачынцы), якія заваёўвалі тэрыторыі ў Паўд. і Цэнтр. Амерыцы ў канцы 15—16 ст.Паходы (экспедыцыі) К. суправаджаліся вынішчэннем і занявольваннем індзейскіх плямён і народаў, рабаваннямі і інш. гвалтоўнымі і прымусовымі дзеяннямі. Частку здабычы камандзіры К. адпраўлялі ісп. каралю, ад якога атрымлівалі вял. прывілеі аж да права самастойна кіраваць заваяванымі землямі. Найб. вядомымі кіраўнікамі К. былі П. дэ Вальдывія, Э.Картэс, Ф.Пісара і інш.
Літ.:
Олива де Коль Х. Сопротивление индейцев испанским конкистадорам: Пер. с исп. М., 1988.
Апырскаць, накрыць кроплямі чаго‑н. Акрапіць вадою. Акрапіць расою. □ Відаць, я пад сонцам цыганскім радзіўся, Ці, мо, акрапілі бягучыя воды, Што ўсе адпачынкі... Ў жыцці размяняў на вандроўкі, паходы.Танк.//Разм. Выпіўшы віна, адзначыць што‑н. Для завяршэння ладнай справы Хадыка выняў штось з-пад лавы, І ставіць ён на стол.. бутэльку. Каб акрапіць сваю зямельку.Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АЛЯКСА́НДР МАКЕДО́НСКІ, Аляксандр III Вялікі (Alexandros ho Megas; 21.7.356 да н.э., г. Пела — 10.6.323 да н.э.),
цар Македоніі [336—323], славуты палкаводзец і дзярж. дзеяч стараж. свету. Сын Філіпа II. Выхавальнікам яго быў Арыстоцель. Упершыню вызначыўся ў бітве пры Херанеі (338). У 336—335 расправіўся з прэтэндэнтамі на трон і аднавіў макед. панаванне ў Грэцыі. У 334 — пач. 327, каб пераадолець эканам. і сац. крызіс грэч. гарадоў-дзяржаў (полісаў), здзейсніў паходы супраць перс. дзяржавы. Пасля перамог на р. Гранік (334), пры Ісе (333), Гаўгамелах (331) і інш. падпарадкаваў сабе царства Ахеменідаў, захапіўшы велізарныя багацці. У 329—328 заваяваў Сярэднюю Азію. З вясны 327 да 325 ажыццявіў інд. паход, заняў Пенджаб (бітва каля р. Гідасп у 326), імкнуўся дасягнуць даліны р. Ганг, але, змушаны войскам, вярнуўся ў заваяваны раней Вавілон, зрабіў яго сталіцай сваёй дзяржавы. Раптоўна памёр. Паходы Аляксандра Македонскага спрыялі ажыўленню гандл. абмену паміж Усходам і Захадам, станаўленню эліністычнай матэрыяльнай і духоўнай культуры (заснаваны больш за 70 гарадоў, у т. л.Александрыя, Герат, Кандагар). Створаная ім самая вялікая стараж. дзяржава (ад Балкан у Еўропе да Індыі і паўд. граніц Егіпта), пазбаўленая цесных унутр. сувязяў, развалілася пасля яго смерці. На яе тэр. ўзнік шэраг эліністычных дзяржаў.
Літ.:
Шифман И.Ш. Александр Македонский. Л., 1988;
Бойназаров Ф.А. Проблемы традиции и современности: Образ и личность Александра Македонского. М., 1990;
Маринович Л.П. Греки и Александр Македонский: К проблеме кризиса полиса. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЬДЫ́ВІЯ ((Valdivia) Педра дэ) (каля 1500, г. Вільянуэва-дэ-ла-Серэна, Іспанія — 25.12.1553 або 1.1.1554),
іспанскі канкістадор. Прымаў удзел у заваяванні Перу і Чылі іспанцамі. У 1535—37 дайшоў да сярэдняй часткі Чылі. Вёў жорсткую барацьбу супраць араўканаў. У 1540 паводле загаду Ф.Пісара распачаў пакарэнне ўсяго Чылі. У 1541 заснаваў г. Сант’яга. Пасля 1548 намеснік Чылі. У 1550 на Пд заснаваў г. Кансепсьён, у 1552 — г. Вальдывія. Забіты араўканамі. Свае паходы і адкрыцці апісаў у пісьмах да імператара Карла V і ў «Сведчаннях Педра дэ Вальдывія, якія трактуюць адкрыццё і заваяванне Чылі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІ́ГАНД З МА́РБУРГА (Wigand von Marburg),
нямецкі храніст 14 ст. Герольд пры двары магістра Тэўтонскага ордэна. Аўтар хронікі, прысвечанай войнам і перамогам крыжакоў, з ідэалагічным абгрунтаваннем іх захопніцкай палітыкі. Вершаваны арыгінал на ням. мове не збярогся, захаваўся лац. пераклад, зроблены для польск. гісторыка Длугаша. Хроніка ахоплівае падзеі 1293—1394, да 1350 абапіраецца на звесткі т.зв. Аліўскай хронікі, хронікі Т.Вартберга і інш. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі Беларусі 13—14 ст. У ім шмат звестак пра адносіны паміж ордэнам і ВКЛ, пра рыцарскія паходы на землі Беларусі і Літвы, асабліва на Гродзеншчыну і Брэстчыну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІНЕЗІ́НГЕРЫ (ням. Minnesinger ад Minne каханне + Singer спявак),
нямецкія рыцарскія паэты-спевакі. Мастацтва М. узнікла ў 2-й пал. 12 ст. пад уплывам лірыкі правансальскіх трубадураў. Апявалі рыцарскае каханне, служэнне прыгожай даме, Богу і сюзерэну, ваен. жыццё рыцараў і крыжовыя паходы. Найб. вядомыя паэты-М. — Вольфрам фон Эшэнбах, Гартман фон Аўэ, Вальтэр фон дэр Фогельвайдэ. З крызісам рыцарскай культуры і ўзнікненнем т.зв. сельскага мінезангу паэзія М. заняпала і ў 14 ст. на змену ёй прыйшоў бюргерскі майстэрзанг (гл.Майстэрзінгеры). Вобраз М. ўвасоблены ў оперы Р.Вагнера «Тангейзер і спаборніцтва спевакоў у Вартбургу» (1845).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ГІСТО́РЫЯ ПРА АТЫ́ЛУ»,
помнік перакладной бел. л-ры 16 ст. Пераклад гіст. аповесці венг. пісьменніка-гуманіста Міклаша Олаха зроблены ў асяроддзі шляхты на Навагрудчыне з польск. друкаванага выдання 1574. Збераглася ў Пазнанскім зборніку 16 ст. У творы ўзнаўляюцца падзеі 5 ст., эпохі «вялікага перасялення народаў», апісваюцца ваен.паходы і бітвы, раскрываецца гераізм еўрап. народаў у барацьбе супраць нашэсця варвараў. Вобраз гал. героя ідэалізаваны. «Біч божы» Атыла паказаны выдатным палкаводцам, які выступае перад сваімі воінамі з мудрымі натхняльнымі прамовамі, напр. правадыром гунаў. Гістарычнае ў творы пераплецена з легендарным. Бел. пераклад дакладна перадае польскі тэкст, выкладзены свецкім стылем старабел. мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛЕ́Г (?—912, паводле інш. крыніц 922),
старажытнарускі князь. Паводле «Аповесці мінулых гадоў», як сваяк Рурыка (паводле інш. крыніц, Алег — ваявода Рурыка) стаў пасля яго смерці (879) рэгентам пры малалетнім кн.Ігару, княжыў у Ноўгарадзе. Рэгенцтва Алега — гіст. міф, бо да пач.самаст. княжання Ігару было не менш як 33 гады. У 882 Алег рушыў з дружынай на Пд. Заняў Смаленск. Забіўшы кіеўскіх князёў Аскольда і Дзіра, авалодаў Кіевам і зрабіў яго сталіцай. Пашырыў уладанні Русі на У, падпарадкаваўшы севяран і радзімічаў, здзейсніў 2 паспяховыя паходы на Канстанцінопаль (907 і 911). Адзін з найб. яркіх маст. вобразаў Алега створаны А.С.Пушкіным у паэме «Песня пра вешчага Алега» (1822).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́РДЗЕНЬ (? — 1267),
полацкі і нальшчанскі князь. З дапамогай Войшалка ў 1264 стаў полацкім князем. 23.12.1264 ад імя Полацкага і Віцебскага княстваў заключыў мірны дагавор з Рыгай і Готландам, які вызначаў правілы гандлю з імі і паводле якога Гердзень адмаўляўся ад Латгаліі і зямель, аддадзеных яго папярэднікам кн. Канстанцінам Лівонскаму ордэну, за што ордэн абавязаўся не нападаць на Полацкую зямлю. Каб не дапусціць саюзу Полацка з Псковам, Войшалк аддаў Гердзеню заваяваную ім Нальшчанскую зямлю, адкуль прагнаў кн. Даўмонта, які потым з Пскова ў 1266—67 тройчы рабіў паходы на Полацкую зямлю. У апошнім баі Гердзень загінуў.
Літ.:
Ермаловіч М. Старажытная Беларусь: Полацкі і новагародскі перыяды. Мн., 1990.