СЕ́РНА-САЛАЎЕ́ВІЧ (Мікалай Аляксандравіч) (25.12.1834, С.-Пецярбург — 26.2.1866),

расійскі рэвалюцыйны дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў Аляксандраўскім ліцэі (1847—53). З 1853 працаваў у Дзярж. канцылярыі, з 1858 у адстаўцы. З 1860 супрацоўнічаў у выданнях А.​І.​Герцэна і М.​П.​Агарова, у час. «Современник». Паплечнік М.​Г.​Чарнышэўскага. Адзін з заснавальнікаў тайнай рэв. арг-цыі «Зямля і воля» 1860-х г. Адмоўна ставіўся і да прыгонніцтва, і да капіталіст. ладу, падзяляў ідэі рус. абшчыннага сацыялізму. У 1862 арыштаваны і зняволены ў Петрапаўлаўскую крэпасць, у 1865 сасланы навечна ў Сібір. Па дарозе ў ссылку наладзіў кантакты з удзельнікамі паўстання 1863—64. Загінуў у час падрыхтоўкі паўстання ссыльных у Сібіры. Аўтар прац па філасофіі, эканоміцы, сацыялогіі, праве, шэрагу літ.-мастацкіх твораў.

М.А.Серна-Салаўевіч.

т. 14, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЖЫЦІЕ́ АЎРА́МІЯ СМАЛЕ́НСКАГА»,

помнік стараж.-рус. агіяграфічнай л-ры. Напісаны каля 1240 манахам Селішчанскага манастыра (каля Смаленска) Яфрэмам у жанры аповесці старажытнарускай. Найб. раннія спісы пач. 16 ст.

Аўтар — паплечнік Аўрамія — апісвае яго жыццё ад нараджэння ў багатай сям’і ў Смаленску і да скону. Пасля смерці бацькоў Аўрамій раздаў сваю маёмасць бедным і стаў манахам Селішчанскага манастыра, дзе сабраў вакол сябе кніжнікаў, перапісваў і пашыраў кнігі. Яго высокая адукаванасць, талент прапаведніка выклікалі зайздрасць мясц. духавенства, манахаў, гарадскіх улад. Аўрамій цярпеў здзекі. І ўсё ж стаў агульнапрызнаным.

У «Жыціі...» створаны новы тып хрысц. героя, які канфліктуе не з язычнікамі, а з адзінаверцамі, якія адмоўна ставяцца да інтэлектуальна вышэйшай за іх асобы. Паказана і грамадскае жыццё Смаленска — культ. цэнтра, звязанага з гісторыяй Беларусі.

Публ.:

Кніга жыцій і хаджэнняў. Мн., 1994.

А.​Ф.​Коршунаў.

т. 6, с. 475

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАХДЗІ́СТАЎ ПАЎСТА́ННЕ ў Судане,

паўстанне 1881—99 супраць англа-егіпецкіх улад і мясц. знаці. На 1-м этапе М.п. ўзначаліў мусульм. прапаведнік Мухамед Ахмед (гл. Махдзі Суданскі). У студз. 1883 паўстанцы занялі г. Эль-Абейд, у ліп. 1883 разбілі атрад англ. ген. У.​Хікса. 26.1.1885 яны авалодалі адм. цэнтрам Судана г. Хартум, пры гэтым быў забіты англ. губернатар Ч.​Дж.​Гордан. Ў ходзе паўстання створана вял. мусульм. дзяржава са сталіцай у г. Амдурман. Пасля смерці Махдзі Суданскага (чэрв. 1885) дзяржаву ўзначаліў яго бліжэйшы паплечнік халіф Абдалах ібн аль-Саід Мухамед, пры якім яна ўключала б.ч. сучаснага Судана. У 1896 англ. войскі на чале з Г.Г.Кітчэнерам пачалі наступленне на дзяржаву махдзістаў, 2.9.1898 разбілі іх у бітве пры Амдурмане. Канчаткова паўстанне задушана пасля гібелі ў ліст. 1899 Абдалаха ібн аль-Саіда Мухамеда.

т. 10, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сатэлі́т

(лац. satelles, -llitis = спадарожнік, паплечнік)

1) спадарожнік планеты (напр. Месяц — с. Зямлі);

2) дзяржава, фармальна незалежная, а фактычна падпарадкаваная іншай, больш моцнай дзяржаве;

3) перан. паслугач, выканаўца чужой волі.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

ЕРАНІ́М ПРА́ЖСКІ (Jeroným Pražsky; каля 1378—30.5.1416),

чэшскі рэліг. рэфарматар, вучоны, прамоўца; паплечнік Я.Гуса. Скончыў Пражскі ун-т (1398). У 1399 быў у Оксфардзе, дзе стаў прыхільнікам ідэй англ. рэфарматара Дж.Уікліфа. У 1405—06 выкладаў ва ун-тах Парыжа, Гайдэльберга, Кёльна.

У 1406 зблізіўся з Гусам. Шмат падарожнічаў, выступаў з пропаведзямі, у якіх выкрываў злоўжыванні каталіцкага духавенства, ням. засілле ў Чэхіі. У 1413 запрошаны ў Кракаў, пазней пры двары вял. кн. літ. Вітаўта ў Вільні, разам з ім наведаў Віцебск і Пскоў з мэтай арганізаваць барацьбу супраць рым. курыі. Паводле пісьма кракаўскага епіскапа Е.П. быў у ВКЛ нядоўга, але выклікаў такое хваляванне ў духавенстве і народзе, якога не ведалі ў гэтых краях. Спадзеючыся выратаваць Гуса, у крас. 1415 прыехаў у Канстанцу на царк. сабор. Асуджаны саборам як ерэтык і спалены.

Еранім Пражскі. Гравюра па сталі.

т. 6, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕН-ЖУСТ ((Saint-Just) Луі Антуан Леон дэ) (25.8.1767, г. Дэсіз, Францыя — 28.7.1794),

дзеяч французскай рэвалюцыі 1789—99, паплечнік М.​Рабесп’ера. Вывучаў права ў Рэймсе. У 1792 выбраны ў Канвент, дзе далучыўся да якабінцаў. Удзельнічаў у распрацоўцы праекта якабінскай канстытуцыі 1793. Быў членам К-та грамадскага выратавання, гал. абвінаваўцам жырандзістаў, эбертыстаў і дантаністаў. Паводле прапановы С.-Ж. Канвент прыняў 10.10.1793 рашэнне пра стварэнне рэв. ўрада. У якасці камісара Канвента знаходзіўся ў Рэйнскай (канец 1793) і Паўночнай (лета 1794) арміях, садзейнічаў рэарганізацыі рэв. узбр. сіл. Па яго ініцыятыве Канвент прыняў Вантозскія дэкрэты (1794), якія прадугледжвалі канфіскацыю маёмасці ў асоб, прызнаных ворагамі рэвалюцыі, і размеркаванне яе паміж немаёмнымі патрыётамі. У працы «Фрагменты аб рэспубліканскіх установах» (выд. ў 1800) прапанаваў праект арганізацыі грамадства, пабудаванага на прынцыпах бурж. дэмакратыі. Пасля Тэрмідарыянскага перавароту пакараны смерцю на гільяціне.

т. 14, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЛАВА́Т ЮЛА́ЕЎ (16.6.1752, в. Цякеева, цяпер Салавацкага р-на, Башкортастан —8.10.1800),

башкірскі нац. герой, паплечнік Е.​І.​Пугачова ў час сялянскай вайны 1773—75, паэт-імправізатар. У кастр. 1773 мабілізаваны на барацьбу з Пугачовым, але каля г. Арэнбург перайшоў на яго бок на чале атрада башкіраў (2 тыс. чал.). Сабраў атрад у 10 тыс. чал., змагаўся пад Арэнбургам, Кунгурам, у 1774 заняў Краснаўфімск. Пугачоў надаў яму чын брыгадзіра. 5.12.1774 С.Ю. узяты ў палон, пасля пакарання бізунамі і клеймавання ў кастр. 1775 адпраўлены на вечную катаргу ў крэпасць Рогервік на Балтыйскім м. (цяпер г. Пальдыскі, Эстонія), дзе памёр. Вершы С.Ю. (ствараліся і перадаваліся ў вуснай форме) заклікалі народ да барацьбы з прыгнятальнікамі, апявалі прыгажосць роднага краю, каханне. У гонар С.Ю. названы г. Салават у Башкортастане, яго вобраз адлюстраваны ў творах л-ры і мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Стихи // Дружба народов. 1972. № II.

Літ.:

Наш Салават. Уфа, 1973.

т. 14, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

По́плеч ’у непасрэднай блізкасці, поруч, побач’ (ТСБМ, Гарэц., Байк. і Некр., Др.-Падб., Мядзв.: Нік. Очерки; Шат., Касп., Сл. ПЗБ. Бяльк.). Утворана па мадэлі по + назва часткі цела, аналагічна по‑бач ад бок, по‑руч ад рука, по‑плеч ад плячо, літаральна ’каля пляча’. Першапачаткова, магчыма, адвербіялізаваны назоўнік, параўн. польск. pobocz ’абочына’, ’месца на водшыбе’, даўнейшае ’цуглі, лейцы’ (Брукнер, 423). Сюды ж таксама паплечнік ’найбольш блізкі ў справе калега’, параўн. ст.-польск. poplecznik ’памочнік воіна-рубакі, які стаіць у яго за спіной і бароніць ззаду’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Супо́льны ’агульны, сумесны’ (ТСБМ, Байк. і Некр., Шат., Гарэц., Др.-Падб., Касп., Варл., Бяльк.), сюды ж супо́льна ’разам, сумесна’ (ТСБМ, Ласт., Касп., Бяльк., Варл., Гарэц., ЛА, 5), супо́льнік ’паплечнік, аднадумец; саўдзельнік, хаўруснік’, су́польнікі ’суседзі’ (Сл. ПЗБ), ст.-бел. супольныи ’агульны, сумесны’ (Сташайтэне, Абстр. лекс., 135). Укр. спі́льний, польск. spólny ’супольны’, чэш. společný, славац. spoločny ’тс’. Прасл. *sǫpolьnъjь (Трубачоў, Проспект, 80), што да прасл. *sъ polu, дзе *polъ ’палавіна, палова’; старая аснова на ‑u; гл. таксама Шустар-Шэўц, 1343; Махэк₂, 570; Борысь, 569; ЕСУМ, 5, 374.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

НЕ ВІН, У Не Він,

Шу Маўн (24.5.1911, Паўнгда, М’янма),

ваенны і дзярж. дзеяч М’янмы. Вучыўся ў Янгонскім ун-це. Чл. патрыят. арг-цыі Дабама асіаён. Паплечнік Аун Сана, у 1940—41 разам з ім прайшоў ваен. падрыхтоўку ў яп. арміі і служыў у створаных японцамі Арміі незалежнасці М’янмы і Арміі абароны М’янмы. З 1944 у кіраўніцтве Антыфашысцкай лігі народнай свабоды, у 1945 адзін з кіраўнікоў антыяп. паўстання. У 1950—72 нач. Ген. штаба і галоўнакамандуючы ўзбр. сіламі М’янмы, у 1958—72 міністр абароны. У 1958—60 прэм’ер-міністр М’янмы. 2.3.1962 здзейсніў дзярж. пераварот, у 1962—74 кіраўнік Рэв. савета, у 1974—81 прэзідэнт краіны. У 1971—88 старшыня Выканкома Партыі Бірманскай сацыяліст. праграмы. Курс Н.В. на сацыяліст. пераўтварэнні і эканам. аўтаркію аказаўся беспаспяховым. Пад націскам масавых нар. выступленняў у ліп. 1988 падаў у адстаўку з усіх пасад.

Літ.:

Листопадов Н.А. У Не Вин // Вопр. истории. 1997. №11.

т. 11, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)