палеабіяцэно́з

(ад палеа- + біяцэноз)

прыродная сукупнасць арганізмаў, якія жылі разам і захаваліся ў выкапнёвым стане.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеалі́т

(ад палеа- + -літ)

першая эпоха каменнага веку ў геалагічнай гісторыі Зямлі; старажытны каменны век.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеарэнтгенало́гія

(ад палеа- + рэнтгеналогія)

вывучэнне хвароб даўніх людзей пры дапамозе рэнтгеналагічнага даследавання рэшткаў даўніх арганізмаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеаа́нтрапы

(ад палеа- + -антрап)

прадстаўнікі другой ступені ў эвалюцыі чалавека, якія змянілі архантрапаў і папярэднічалі неаантрапам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеа́рктыка

(ад палеа- + гр. arktikos = паўночны)

зоагеаграфічная адзінка раянавання сушы ў рангу падцарства (вобласці); палеарктычная вобласць.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеакліматало́гія

(ад палеа- + кліматалогія)

раздзел кліматалогіі, які вывучае кліматычныя ўмовы Зямлі ў мінулыя геалагічныя і гістарычныя перыяды.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеатэ́рый

(ад палеа- + -тэрый)

вымерлая няпарнакапытная жывёла, падобная да тапіра, якая жыла ў палеагене (параўн. анхітэрый, гіпарыён).

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

палеафлары́стыка

(ад палеа- + фларыстыка)

раздзел палеабатанікі, які вывучае відавы склад і групоўкі расліннага свету мінулых геалагічных эпох.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ПАЛЕАПАТАЛО́ГІЯ (ад палеа... + паталогія),

навука пра хваробы выкапнёвых раслінных і жывёльных арганізмаў. Тэрмін увёў англ. вучоны М.​Рафер у 1913. Вывучае паталогію беспазваночных, пазваночных жывёл і чалавека (ад пітэкантрапа), высвятляе частату і даўнасць хвароб, асаблівасці іх выяўлення і пашырэння ў розныя гіст. эпохі. Цесна звязана з палеанталогіяй, археалогіяй, прыродазнаўствам, медыцынай. Падзяляецца на П. раслін, жывёл і чалавека. Выкарыстоўвае метады патолагаанатоміі, рэнтгенаграфіі, гісталогіі, гістахіміі, біяхіміі.

Аб’ект даследавання — выкапнёвыя рэшткі (косці, зубы, валасяное покрыва і інш.), знойдзеныя ў час археал. і інш. раскопак. Па іх апісаны дэфармавальны артроз і спандылёз, хвароба Боткіна, касцявы туберкулёз, сіфіліс, рахіт, карыес зубоў і інш. П. мае вял. значэнне для распрацоўкі этыялогіі і патагенезу шэрагу захворванняў сучаснага чалавека, праблемы працягласці жыцця, прагназавання кірункаў яго эвалюцыі з улікам біял. і сац.-эканам. фактараў.

На Беларусі пытанні П. распрацоўваюцца з 1970 у Бел. пед. ун-це, Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі і інш.

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЛЕАТЫ́ПЫ (ад палеа... + грэч. typos адбітак, форма, узор),

друкаваныя еўрап. выданні 1-й пал. 16 ст. Сярод П. выданні А.Мануцыя, Эцьенаў, Э.​Дале, братоў Трэксель і інш. Па змесце і афармленні разнастайныя. Вядома каля 70 слав. П., надрукаваных кірыліцай, у т. л. кнігі Ф.Скарыны. Служаць прадметам спец. збірання і каталагізацыі. Улік П. вядзецца ў выглядзе каталогаў асобных калекцый: «Каталог палеатыпаў б. Румянцаўскай публічнай, цяпер Ленінскай Маскоўскай бібліятэкі» М.​Кісялёва (1927—29), «Каталог палеатыпаў: Са збору навук. бібліятэкі імя М.​Горкага Ленінградскага ун-та» (1977).

На Беларусі ў 16—19 ст. П. зберагаліся ў царк. і манастырскіх б-ках, б-ках навуч. устаноў Віцебска, Гродна, Мінска, Магілёва, у буйных прыватных зборах. Значная колькасць П. захоўваецца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр. навук. б-цы імя Я.​Коласа Нац. АН Беларусі.

Літ.:

Немировский Е.Л. Славянские инкунабулы и палеотипы кирилловского шрифта в книгохранилищах Советского Союза // Сов. славяноведение. 1968. № 1.

Л.​І.​Збралевіч.

т. 11, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)