БУЛЬБАЎБО́РАЧНЫ КАМБА́ЙН,

машына для ўборкі бульбы. Выкопвае бульбу, аддзяляе клубні ад глебы, бацвіння, раслінных рэшткаў, збірае клубні ў бункер-накапляльнік і выгружае іх у трансп. сродкі. На Беларусі выкарыстоўваюцца пераважна розныя мадыфікацыі паўнавясных двухрадковых элеватарных бульбаўборачных камбайнаў, выпускаюцца («Лідсельмаш») аднарадковыя бульбаўборачныя камбайны Л-601 і двухрадковыя Л-605.

Камбайн Л-605 — паўнавясны, агрэгатуецца з трактарамі МТЗ-82, -102, прывод рабочых органаў ад вала адбору магутнасці трактара. З дапамогай лемяша, асн. і дапаможнага элеватараў, камякадавільніка, падоўжнай і папярочнай пальчыкавых горак, сістэмы транспарцёраў камбайн падразае пласт глебы з двух сумежных радкоў, рыхліць і сепарыруе глебу, аддзяляе і скідвае на поле бацвінне і раслінныя рэшткі, раздзяляе клубні і дамешкі. На пераборачных транспарцёрах уручную адбіраюць з патоку клубняў камяні і дамешкі, з патоку дамешкаў — клубні. Дамешкі скідваюцца на поле, клубні — у бункер (ёмістасць 2 т). Рабочая скорасць камбайна да 3,5 км/гадз, прадукцыйнасць 0,18—0,24 га/гадз.

Л.​Я.​Сцяпук, А.​Л.​Рапінчук.

Тэхналагічная схема бульбаўборачнага камбайна Л-605: 1—4, 6—7, 11 — транспарцёры загрузачны, для загрузкі бункера, пераборачны, для выдалення камянёў, пад’ёмны, падоўжны, рэдкапрутковы; 5 — шчоткі; 8 — пальчыкавая горка; 9 — бацвінневыносная пальчыкавая горка; 10 — бацвінневыдаляльны валік; 12 — другі элеватар; 13 — балоны расціральніка камякоў; 14 — першы (асноўны) элеватар; 15 — асноўны лямеш; 16 — бакавы лямеш; 17 — апорна-капіравальны каток.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

разрэ́з, ‑у, м.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. разразаць — разрэзаць.

2. Разрэзанае месца, прарэзаная адтуліна ў чым‑н. Пасля прасушкі ніткі здымаюцца і ў верхняй частцы вудзільна вострым нажом робіцца невялікі падоўжны разрэз, у якім будзе замацоўвацца лёска. Матрунёнак. З разрэзу фалдаў форменнага сурдута [настаўніка] тырчаў насавічок. Караткевіч. Асцярожна і хутка сцягвала [Марыя Хведараўна] ніткай разрэз скуры. Марціновіч.

3. Плоскасць сапраўднага або ўяўнага сячэння якога‑н. прадмета. Папярочны разрэз. □ У мурах і вежах зроблены байніцы. У разрэзе яны складаюцца з некалькіх аддзяленняў, якія паступова змяншаюцца. Ліс.

4. Спец. Месца, дзе праводзіцца здабыча карысных выкапняў адкрытым спосабам; адкрытая горная вырабатка. Вугальны разрэз.

•••

У разрэзе чаго — з пункту гледжання чаго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суво́й ’цэлы кусок палатна, скручаны ў трубку’ (ТСБМ, Шат., Сцяшк., Сл. ПЗБ, Ян., Жыв. сл., Скарбы, ЛА, 4), ’мера самаробнай тканіны, звычайна 5–7 губак’ (Нар. ск.), ’навой’ (Нас.), ’навой з намотаным на яго палатном’, ’адна скручаная пасма вяроўкі’ (Бяльк.), су́вай ’пяньковы шнур, які выкарыстоўваецца для віцця вяровак’ (Юрч. Вытв.), сувы́й ’цюк (палатна, паперы)’ (Клім.), суво́й, сувы́й, суву́йка, съво́й ’сувой’ (Уладз.), суво́йка ’тс’ (Мат. Гом., Ян.), суво́іна ’сувой’ (чэрв., Сл. ПЗБ), суво́йцыпадоўжны край бёрда’ (Жд. 1, Мат. Гом.), ст.-бел. сувой ’скрутак палатна; мера палатна’ (Ст.-бел. лексікон). Укр. суві́й ’сувой’, рус. дыял. суво́й ’скрутак’, ’клунак’, ’звітыя і зблытаныя слаі дрэва, абалона, нарасць’, славен. sovój ’сук, нарасць на дрэве’. Ад *viti ’віць’ прэфіксальны назоўнік *sǫ‑vojь (Фасмер, 3, 793) або прасл. дэвербатыў *sǫvojь, суадносны з *sъ‑viti. Спецыяльна гл. Куркіна, Диал. структура, 192.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

разрэ́з, -зу м., в разн. знач. разре́з;

р. на руцэ́ — разре́з на руке́;

р. суке́нкі — разре́з пла́тья;

р. вачэ́й — разре́з глаз;

папяро́чны р. — попере́чный разре́з;

падо́ўжны р. — продо́льный разре́з;

р. пласта́ — разре́з пласта́;

у гэ́тым ~зе — в э́том разре́зе;

ісці́ ў р. — (з чым) идти́ в разре́з (с чем)

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ДРЭВАРЫ́Т, ксілаграфія,

гравюра па дрэве; адзін з найб. стараж. відаў пукатай гравюры, у якой адлюстраванне друкуецца з плоскай паверхні драўлянай дошкі, пакрытай фарбай. Бывае абразны (падоўжны) і тарцовы. У абразным Д. друкарская форма (клішэ) ствараецца на дошцы, распілаванай уздоўж валокнаў драўніны мяккіх парод. Лініі і плямы, што ўтвараюць малюнак, абразаюць нажом, свабодныя ад выявы месцы паглыбляюць долатам. Гэтаму віду Д. ўласцівы абагульненасць малюнка, кантрастныя суадносіны белага і чорнага колераў. Клішэ тарцовага Д. выконваюцца на брусках цвёрдых парод драўніны, распілаваных упоперак валакна. Тонкія штрыхі малюнка праразаюцца штыхелем. Спалучэнні штрыхоў даюць магчымасць ствараць тоны рознай насычанасці, што часта выкарыстоўваецца для рэпрадуцыравання жывапісных твораў і танальнага малюнка.

Д. вядомы з 6—7 ст. (Кітай), у Еўропе з’явіўся ў 14—15 ст. У 19 ст. шырока выкарыстоўваўся для друкавання ілюстрацый і рэпрадуцыравання жывапісу і малюнкаў. У 20 ст. пашыраны гал. чынам у станковай і кніжнай гравюры.

На Беларусі першыя Д. (абразныя) з’явіліся ў пач. 16 ст. ў выданнях Ф.​Скарыны («Псалтыр», «Кніга Іова», «Кніга Ісуса Сірахава», усе 1517, кн. «Выхад», 1519). Кніжны Д. дамінаваў да пач. 17 ст. Склаліся рэгіянальныя школы бел. Д. (Віленская школа гравюры, Куцеінская школа гравюры, Магілёўская школа гравюры і інш.). У кніжнай графіцы працавалі П.​Мсціславец, М. і В.​Вашчанкі, Ф.​Ангілейка і інш. У 18 ст. пашырыўся станковы Д., у т. л. народны лубок. Д. бел. старадрукаў адметны высокім узроўнем тэхнікі гравіравання і маст. якасцей. У 19 ст. Д. заняпаў. У 1-й пал. 20 ст. ў тэхніцы Д. працавалі М.​Сеўрук, І.​Гембіцкі, Я.​Мінін, С.​Юдовін, А.​Тычына, А.​Зайцаў і інш. У апошні час Д. саступіў месца інш. відам гравюры (афорт, літаграфія, лінарыт і інш.).

Т.​М.​Карэліна, В.​Ф.​Шматаў.

Да арт. Дрэварыт. Дачка фараона і Майсей. Гравюра з тытульнага ліста кнігі «Выхад» Ф.​Скарыны. 1519.
Да арт. Дрэварыт. М.​Сеўрук. Вяртанне з працы. 1938.
Да арт. Дрэварыт. А.​Зайцаў. Партрэт Л.​Стрыгалёва. 1983.

т. 6, с. 232

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

przekrój, ~oju

przekr|ój

м.

1. разрэз; сячэнне;

~ój podłużny — падоўжны разрэз;

~ój poprzeczny — папярочны разрэз;

~ój stożka мат. канічнае сячэнне;

2. перан. агляд;

~ój wydarzeń — агляд падзей;

3. чыг. профіль;

w ~oju tygodnia — на працягу тыдня; цягам тыдня

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

На́маразеньпадоўжны брусок, які набіваецца на капылы ў санях’ (Сл. ПЗБ; карэл., Нар. лекс.), на́маразні мн. (шчуч., Сцяшк. Сл.; Сл. ПЗБ; Сержп. Грам.), на́марзень (ТСБМ), на́марзня, на́мерзня (Сл. ПЗБ; Мат. Гом.), на́марзні (Бяльк., Сл. ПЗБ), на́мярзні (Сл. ПЗБ), на́морожэнь, на́морозень (Маслен.), на́маражня, на́морожня (Мат. Гом., Маслен.; лунін., Шатал.; ельск., КЭС; Сл. ПЗБ, ТС), на́маражні (Пятк., Сл. ПЗБ), на́маржні (Сл. ПЗБ), намарзня ’вяровачная пятля на капыл саней, якой прымацоўваецца аглобля’ (дзярж., Нар. сл.), укр. на́морозень, на́моржень, рус. сіб. на́морзни, на́морожни. Цікавы выпадак народнай этымалогіі, якая грунтуецца на іншай назве дэталі саней, параўн. усту́жьіна ’вязок у санях на першых капылах’ (гарадоц.., Нар. лекс.), палес. сту́зэнь, сту́жені, сту́дні ’тс’ (Маслен.), рус. сту́жень ’вязок, пры дапамозе якога гнутыя высокія галоўкі палазоў прымацаваны да першых капылоў у санях са стуженем або ўсходнееўрапейскіх санях’ (гл. Вийрес, Из истории саней в Прибалтике//Проблемы этнич. истории балтов. Тезисы межресп. конф. Рига, 1985, 129). Элемент стуж‑ (студ‑), што паходзіць ад сту́га ’палоска, сувязь, мацаванне’ (< *sъtǫga да тугі́, ця́га, цягну́ць, гл. Фасмер, 3, 786), быў атаясамлены з адпаведным элементам у стуж‑а ’сцюжа’, стуж‑ны ’халодны’, у выніку чаго стала магчымай яго субстытуцыя (замена) блізкім па сэнсу элементам мароз і стварэнне паўкалькі на́маразень, дзе прэфіксацыя на- адлюстроўвае надзяванне дэталі зверху на капыл, а суфіксацыя, як у стужень, параўн. той жа словаўтваральны тып у іншай назве дэталі — на́даўбень (гл.), у якім адлюстравана «тэхналогія» вырабу дэталі. Можна меркаваць, што магчымасць для дээтымалагізацыі назваў са стуж‑ узнікла ў выніку замены скручаных з гібкіх прутоў вязоў «даўбанымі» вязамі, якія ўжо не сцягвалі капылы з галоўкамі, параўн. палес. сцягі, усцяглі — іншыя назвы разглядаемай дэталі. Знешнім стымулам для стварэння паўкалькі стаў вобраз з намярзаючага на дэталь снегу ці льду, параўн. на́морожня ’намаразь’ (ТС). У плане адноснай храналогіі назва намаразень больш новая ў параўнанні з назвамі на стуж‑ і сцяг‑, аднак больш старая за назвы тыпу на́даўбень, на́дубень і пад.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ого́нь в разн. знач. аго́нь, род. агню́ м.;

развести́ ого́нь раскла́сці аго́нь;

огни́ го́рода агні́ го́рада;

перекрёстный ого́нь воен. перакрыжава́ны аго́нь;

артиллери́йский ого́нь воен. артылеры́йскі аго́нь;

за́лповый ого́нь воен. за́лпавы аго́нь;

бе́глый ого́нь бе́глы аго́нь;

продо́льный ого́нь воен. падо́ўжны аго́нь;

бенга́льский ого́нь бенга́льскі аго́нь;

анто́нов ого́нь мед., уст. анто́наў аго́нь, гангрэ́на;

говори́ть с огнём гаварыць го́рача (з агнём, з запа́лам);

огнём и мечо́м агнём і мячо́м;

из огня́ да в по́лымя погов. з агню́ ды ў по́лымя;

днём с огнём не найдёшь днём з агнём не зно́йдзеш;

боя́ться как огня́ бая́цца як агню́;

ме́жду двух огне́й памі́ж двух агнёў;

нет ды́ма без огня́ погов. няма́ ды́му без агню́;

пройти́ ого́нь, во́ду и ме́дные тру́бы погов. прайсці́ аго́нь, ваду́ і ме́дныя тру́бы, пабы́ць на кані́ і пад канём;

бежа́ть, как от огня́ уцяка́ць, як ад агню́;

лить ма́сло в ого́нь ліць ма́сла ў аго́нь.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)